epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Гарэцкі

Прысяга

I
II
III


I

 

Цесна жыць на свеце!..

 

Дзеялася тое даўно, яшчэ за паншчынай. Развялося шмат цімакоў. Цімачылі ад паноў абы-куды: хто бег на Украіну, хто ўцякаў у вялікія месты, а хто басцяўся па лясах.

Любіў залучаць цімацкі люд у гаухія выселкі, дзе можна было прыбіцца да мужыкоў і жыць, хаваючыся ад начальства.

Забягалі вось так цімакі і ў Пнеўшчыну, невялічкія, убогія выселкі, дзе надта для іх мясціна выгодная. Далёка навакол разлягаецца пушча спрадвечная. Далёка да панскага двара і да ўсякага начальства, а якія дарогі ёсць, то зусім малапраезныя. Такая глухамань, што ўвушшу заўсёды лес шуміць, дрэвы стогнуць і гамоняць. Уночы тут звярынае выццё і яшчэ нейкі невядомы рогат у лесе. А як сціхне, здаецца, быццам сапраўды ходзяць асілкі ў лясным гушчары, – вялікія, з тое дрэва, але ціха шамаюць.

Узімку прыбылі ў Пнеўшчыну тры цімакі і прысталі ў парабкі к Тарасу, бо ён самы заможны гаспадар. Адзін цімак быў дзед, другі – сярэдняга веку мужчына, хворы, апухлы, а трэці – малады хлапец. Не першына была, што ў выселках цімакі хаваліся, аднак жа гэтую тройцу Тарас надта неахвотна прымаў, быццам чуў бяду. Але дужа прасіліся гаротнікі, дык ён і згадзіўся ўзяць іх да сябе за здольнікаў.

Прыйшла вясна. Абжыліся троху цімакі, адпачнулі і з радасцю віталі цяплейшы час. На сэрцы ў цімака заўсёды сцюдзёная зіма, вось ён і рад усякаму цяплу і светласці.

Сплылі ўжо астатнія крыгі па рацэ. Пагрымеў гром і пашчапаў пасохшую, трошку ліпкаватую зямельку на густое павучынне, даўшы людцам знак, што і араць пара. Хоць у полі, у аборках яшчэ поўна вады, але травяныя каснікі пад ёй ля берагоў добра зазелянеліся. Пад балотным купнікам, у веснавым паветры, з самае раніцы ўжо купаюцца шпаркія кігікаўкі са сваім несціханым крыкліва-дакучлівым: кі-гі! кі-гі! У лядзе ж, сярод пнёў і леташняга карчэўя, забуяла той парою белая буквіца, бутоны свяжусенькія... Адылі і жоўтыя краскі зацвілі. У полі яравым абы-дзе і таўкачыкі раслі. Лес папукаўся. Прыняліся людзі араць.

Дзень згону ў нядзелю адбывалі панам. Але на дворныя заворыны, хоць быў чацвер, пагнаў войт усіх чыста з Пнеўшчыны. Наўмысля сам прыязджаў, крычаў, што высялковыя зусім ад рук адбіліся, робяць толькі сабе, – сагнаў усіх і патурыў у двор. Паехаў і Тарас. А цімакі яго, пачакаўшы, пакуль войт аддаліцца ад выселак, вылезлі з гумна, дзе зазвычай хаваліся ў саломе, паснедалі і пайшлі на поле рабіць гаспадару. За ўзгоркам, ля пушчы, каб на воку не быць, завінуліся яны аблогу драць: дзед на кані з сахою, а тыя два з матыкамі ля пнёў.

Ціха і пуста навакол. Яны працуюць, а там яшчэ, за якія гоні, стары Яхім статак пільнуе. Болей няма нікога ў полі, усе на згоне ў панскім двары.

Прыемна ісці за сахою па свежай баразёнцы, а злашча, калі побач лес зелянее першым ліпкім лісцейкам. На дрэвах птушачкі пяюць, у балоце жабы квокчуць, сонейка ж як прыгрэе, дык на лузе траўка прост пад вокам прабіваецца. Усё жывое парыцца і лезе ў гару да сонца. Падзьме ціхі цёплы ветрык, і з вербалозу жоўценькі, як вуцяняткі, пух сцелецца. Хораша! Хораша! Шуміць зямля, але ціхусенька на сэрцы.

Хлапец скінуў шапку, потым сеў, разуўся і ўзяўся за працу лягчэйшы, басанож. Дзед з’ехаў у нізінку, паклаў саху на бок, даў каню волю на траве, а сам дастаў піпку, выцягнуўшы босыя ногі на гладкай машастовай траўцы. Сярэдні тым часам прыкрыў вочы далоняю проці сонца і глядзіць на поле, дзе б напіцца. Аж раптам бачыць ён: бяжыць нехта з-пад хат угрунь і махае на ратаяў рукою...

– Гэй, Янка, падзівіся ты маладымі вачыма! – сказаў сярэдні цімак хлапцу голасна ад невядомае трывогі.

– Нам знакі падае! – адказаў той і крыкнуў трэцяму: – Дзядуль, глядзі, во!

Усхапіўся дзед, сышліся ўсе трое разам і глядзяць.

– Уцякаць трэба, вось яно што... – зразумеў стары з нудою на сэрцы.

А чалавек бяжыць, бяжыць па адхону з гары – то на іх махне, то на хаты аглядаецца.

– Тарас бяжыць, – пазнаў Янка.

– Адпрагайма! – крыкнуў таварышам дзядок.

Шпарка адкруцілі гужы, рассупонілі, а хлапец, перавярнуўшы, зняў хамут. Пацягнулі саху ў кусты. Прыскочыў Тарас:

– Ну, бра-ткі... ха-ваў... пакуль можна... Уцякайце: прыехала равізія... Ловяць цімакоў...

Хапіўся за грудзі сярэдні, збялеў Янка, а дзед скрыгнуў зубамі. Трэба ўцякаць. Самі не ведаюць, навошта адпрагалі, навошта саху ў лазу валаклі. I зноў хапіліся каня Тарасу запрагаць; з матыкамі не ведаюць, што рабіць.

– Бяжыце, бяжыце, браточкі, – гоніць іх гаспадар. – Сам рады дам.

Кінуліся і пабеглі, а ён пагнаў баразну.

Ледзьве паспелі схавацца ў лесе, як зазвінелі балабонцы з-пад хат. Едзе на дрожках пан афіцэр з казакамі. За ім цягнецца груд дзесяцкіх. Грымяць усе чыста к беднаму Тарасу. А ён на свайго карага нокае, як надта ля працы завінуўшыся, а сам сабе думае: «Памажы, Госпад Бог, казаць усё так, каб да праўды падобна хоць троху было...»

Раптам і абсох. Аж захаладзеў.

Пад’ехалі.

– Гэй, – крыкнуў Тарасу пан яшчэ здалёк, ды той і так ужо стаяў; скінуў шапку і бяжыць насустрач у руку цалаваць.

– Памажы Божа! – пасмеў нехта з дзесяцкіх сказаць ратаю на яго працу.

Сказаў і застыдаўся свайго голасу.

– Цімакоў хаваеш – га?! – грозна крыкнуў пан, яшчэ седзячы на дрожках.

– Не, вашмосць, я не хаваю... – заплюскаў вачыма Тарас і кінуўся прад ім на калені.

– Брэшаш, пся крэў твая! Вяжы яго!

– Пане! Яснавяльможны пане... – не ведаў, што тут казаці Тарас. Не чакаў, што гэтак знецяйку схопяць яго. – Змілуйся, паночак залаценькі... родненькі... Божа ж мой, Божухна!..

– Ціха!!

Толькі костачкі затрэскалі, як скруцілі яму рукі за спіною і звязалі яго вяроўкаю. Тады начальнік злез. Грубенькі і кароценькі, чырвоны, як яблычка, бліскаючы гузікамі, падышоў ён к Тарасу і тыцнуў пад нос кулаком у пярчатцы. Уеўся вачыма ў безабароннага чалавека, памаўчаў, набраў у грудзі паветра ды як рыкне:

– У Сібіры згніеш! Здохнеш, як пёс, ля тачкі! Хаваеш панскіх цімакоў! Дзе яны, га! Кажы... дух з цябе выпру!!!

Схапіў Тараса абедзвюма рукамі за грудзі і калоціць на ўсю сілу. Маўчыць Тарас.

– Нічога не ведаю... Нічога не скажу... – гэтак часам прашэпча, але ізноў маўчыць, толькі галава барадатая баўтаецца, як той зачне трасці.

– А, так! Добра ж! – кінуў урэшце пан. – Добра ж, – кажа, – пабачым, як-то ты не ведаеш. Марш назад!

Скамандаваў, сеў на дрожкі, і ўсе ізноў пасыпалі за ім, пасунулі да хат.

«Не, не скажу, нізашто не скажу, – разважаў на дарозе Тарас. – Хоць да смерці хай заб’юць, але не прызнаюся». Як так падумаў, то і на сэрцы весялей зрабілася.

Тым часам прыехалі на вуліцу і сталі наўпроці Тарасавае хаты. Там ужо сабралася троху людзей; сярод баб і дзяцей выла і кідалася Тарасіха са сваім малым на ўлонні, але ж яе хапалі за рукі і гэтак не пушчалі. Зараз прыцягнулі на вуліцу вялікі зэдаль і побач з ім паставілі начоўкі з мочаным бярозавым галлём. Відаць, ужо раней аб гэтым паклапаціліся, пакуль вялі арыштаванага з поля. Як убачыў бедны Тарас, што яму рыхтуецца, аж задрыжаў, і рукі, ногі памлелі, хацеў нешта сказаць, дык язык не варочаецца. Прыхінуўся, звязаны, да хаты. I свет быў не міл, хоць сонейка свяціла. Меліся ўжо пачынаць, але начальнік стаў штось марудзіць, задумаўся. Народ і казакі ўзіраліся на пана, не ведаючы, аб чым так замаркоціўся.

Тады ён дастаў з кішэні кавалак паперы і алавік, сеў на прызбу і на калене напісаў запіску. Паклікаў на ківы аднаго казака і сказаў, аддаючы цыдулку:

– За гадзіну вярніся мне з папом.

Скочыў казак на каня, перавёў яго з размаху нагаём і закурыўся пылам-дымам, як шалёны.

Усе толькі думаюць, што гэта дзеецца.

А Тарас, з замлелымі рукамі, спусціўшы галаву, стаяў засмучоны і паважны, як быццам незацікаўлены. Толькі часам мімаволі дрыжала ў яго нешта на шчацэ, калі з хаты вылятала жончына і дзяцінае выццё і галасы дзесяцкіх; яны там то наўмысля голасна крычалі на бабу, то ціха, з пачуццём гаварылі з ёю.

Пан афіцэр сядзеў на прызбе, паліў цыгару і часамі ўсміхаўся сам сабе ў вусы. Адылі пачаў пісаць на прынесенай з гумна калодцы пратакол. Дзесяцкія расклалі на бярвенні свае хатылькі і елі хлеб з соллю. Час цягнуўся надта доўга.

 

II

 

Цяжка вырвацца з ланцугоў цямноты!

 

Затарарахала ў канцы вуліцы брычка, і ўсе паглядзелі туды. Ехаў верхам казак-пасланец, а следам за ім на брычцы старэнькі поп. Зашавяліўся народ – троху з палягчэннем, што ўжо годзе чакаць, а найболей з трывогаю і няведаннем. Калі сівенькі войчанька ў чорнай старой расцы ўвайшоў у хату і зашуршаў па зямлі скурацянымі лапцікамі, а казак нёс за ім клунак з царкоўнымі паратамі, – тады сярод людзей павісла важкае чуццё нез’яснёнае нуды. Абраз гэты нагадваў ім хаўтуры.

Афіцэр аб нечым пашаптаўся са свяшчэннікам. Шмат хто з мужчын заўважыў, як войчанька непрыемна ўразіўся і намагаўся схаваць тую прыкрасць у сваіх глыбокіх, запалых вачах.

«Прысяга... прысяга...» – пайшло хадзіць страшнае слова па людзях.

– А кадзіла не забыліся ўзяць? – з цікаўнасцю звярнуўся пан да казака, калі той развінуў на лаўцы клунак.

– Так точна, вашскародзь, узялі, – адказаў казак.

– Кадзіла я прывёз, пане начальнік, бо гэтак напісалі, але яно тут не патрэбна, – мякка сказаў свяшчэннік афіцэру.

– Хай будзе, хай будзе! – запярэчыў яму пан, а нахіліўшыся, дадаў на вуха: – Гэта ім для ўражання.

Казакі высунулі стол на пасяродак хаты і накрылі яго чорным сукном. Соцкі падышоў з кадзілам к печы, выняў заслонку, выкаціў чапялою колькі вугалёў дый, абхухаўшы ад попелу, насыпаў іх у кадзіла і падаў яго свяшчэнніку. Той дастаў з кішэні ладану і сыпнуў на вугалі. Соцкі аддаліўся ізноў у парог і пачаў дзьмуць, бразгаючы ланцужкамі. Прыемны, але хаўтурны дымок расплываўся па хаце і кіраваў людзей на пакутныя думкі. Хто шавяліўся, хто заціх ад нейкага страху. Тарас збялеў, як крэйда, і глыбока дыхаў. Усялякія думкі роіліся ў галаве. Кавалкі ўспамінаў, абломкі абразоў збіваліся ў нейкі балючы груд, у нейкі прыкры, беспарадачны громазд. Давілі галаву. Не было яснасці. Нешта карціла. Як зрабіць: так ці гэтак? Што такое? У чым справа?

Станавіліся ўваччу цімакі...

Увечары, калі ўсе людцы, павячэраўшы, спаць клаліся, калі з цёмнага поля плыў з веснавым ветрыкам арамат свежае зямліцы, калі жабы квохалі і кумкалі, як п’яныя, ад салодкасці, тады стары цімак цішком выхадзіў у сад пад яблыньку крывую, кідаўся на калені, вачыма на ўсход, сашчэпліваў рукі і маліўся – краіў сваё беднае сэрца. Маўчала і цямнела прыгожае веснавое неба, і дзядок драпаў свае худыя валасатыя грудзі. Падгледзеў тое маленне Тарас і не раз бачыў яго, ды нікому нічога не казаў, бо хто гэтага не ведае ці не разумее?

Сярэдні ў такі час ніяк не мог заснуць і варочаўся на палацях, то кашляў, то сціха ўздыхаў. Не любіла Тарасіха, што ён крэьсча; а то яшчэ злезе з палацяў і пачне ўпоцемку шукаць карца на судніку, мацае, стукае, часам аберне што, – смага яго мучае.

А хлопец-цімак сядзіць, бывала, на вуліцы да позняе пары і ўсё на дудках адну песню грае і грае.

Усё тое станавілася Тарасу ўваччу.

А ўжо налажыў на сябе войчанька эпітрахіль, узяў крыж у рукі, крэкнуў, агледзеў людзей у хаце і пачаў казаць:

– Брація ў Хрысце! Клясціся страшна. А клясціся імем самога Бога, клясціся перад яго святым лікам, гэта... гэта... прысягацца, браткі, яшчэ страшней. Не дай Божа прысягацца без пільнае патрэбы ані вам, ані дзеткам вашым. Ды яшчэ найстрашней тое, што назваць і то язык мой не паварачваецца, гэта – прысяга непраўдзівая... Найцяжэйшы, смяротны грэх, загуба душы і цела на гэтым і на тым свеце! Крый нас, Божа, засцеражы, забарані! Знацца, чалавек, калі ён фальшыва прысягае, то быццам гаворыць сабе і людзям: «Вось я не баюся Бога і стаўлюся з ім уроўні, як той пракляты сатана». Госпад Бог за гэтакую д’ябальскую гарэзасць зніштажае, сцірае з твару зямлі, як нягодную пылінку. Бо гэта, браткі, ёсць ашуканне Стварыцеля, юдзінае цалаванне. I за непраўдзівую прысягу, – ці ж вы не ведаеце, – Бог карае чалавека яшчэ на гэтым свеце. Спамяніце, як загубіў сваю грэшную душу нябожчык Тодар Бычанок. За фалылывае прысяганне ён аслеп, а ўсе яго дзеткі няшчасныя паўміралі ў адзін год. А Клім Тамашонак? Здох у яго конь і карова, і сам уцалеў толькі за тое, што шчыра пакаяўся народу ў фальшывай кляцьбе. Брація! Страшна гэта, страшна, страшна!..

Скончыў войчанька, і тады пан афіцэр дадаў гэтак:

– Чуеце, хлопы! Тарас упэўнівае, што цімакоў у яго няма, што ён іх не хаваў і што са згону ўцёк так сабе, немаведама чаго. Дык вось, яшчэ ён мае час прызнацца. А не захоча, – хай прысягне і чакае кары боскай!

Усе зірнулі на Тараса.

На лобе ў яго заблішчаў драбнюсенькі пот. Вочы як утупіў, так і не падняў. Маўчаў, быццам занямеўшы. З закручанымі назад рукамі слабеў, слабеў, хіліў голаў і плечы. Хто б даў веры, што за пару гадзін так саслабне дужы мужчына?

– Развяжыце яго!

Страшное, напружанае і ад свядомасці, што не доўга так хістацца, адчайнае змаганне ахапіла земляроба. Не ведаў, што тут грэх і што не грэх.

– Не прысягай, браце! – шапнуў яму дзесяцкі, адкруціўшы з рук вяроўку.

I паляцела сэрца ў чалавека ўніз, уніз, як бы няма зямлі пад нагамі.

«Прызнаюся!» – падумаў і рашыўся.

У гэты міг нейкі другі дзесяцкі пільна паглядзеў яму ў вочы і нічагутка не сказаў.

I замоўчаў Тарас. З туманам уваччу, падняўшы для прысягі руку, падыходзіў к сталу, да чорнага сукна з металічным раскрыжованым Богам і святою кнігаю ў бліскучай цвёрдай вокладцы. I неўспадзеўкі скапыціўся і ледзь не заваліўся: аборына раскруцілася на назе, і ён другой нагою ступіў на яе канец.

– Скажу! – раптам прашавяліў ён вуснамі, але спазніўся: не пачуў яго ніхто, а войчанька сівы завёў ужо тое, што належыцца.

Прысяга пачалася.

Прыціхла і пакарылася Тарасава душа.

Маўкліва стаялі цёмныя людцы. Скрозь адчыненае акно дыхаў цёплы вясновы ветрык, і верабейка ціўкаў на страсе. Сонейка, як заўсёды, гуляла на балонках. На падворку круціліся і порскалі ў саломцы парасяткі, а ля іх без клопату хадзілі куры.

 

III

 

Лепей пакланіцца ды ўцячы...

 

Так прысягнуў Тарас.

Увечары, калі ўсё троху супакоілася, прыйшлі з лесу цімакі. Даведаўшыся аб усім, пакланіліся яны ў ногі чалавеку, ды не пасмелі паглядзець яму ў вочы.

– Што ж, браткі, заставайцеся надалей, – казаў непаслухмяным языком да іх Тарас, – жывеце, бо цяпер жа ўсё роўна...

Ніякага адказу не далі на тое цімакі – ні дзед, ні хлопец, ні сярэдні. Маўкліва пазбіралі сваё ўбогае рыззё, насунулі на плечы хатылі і пацімачылі скрозь цёмну ноч па глухой пушчы, у дальшы свет. Было ім часам жудка. Здавалася, што ззаду стаяць вочы... А ў тых вачах – боская кара за прысягу. I ўцякалі нешчаслівыя ад яшчэ болей нешчаслівага...

Уцякалі, спавітыя спрадвечнаю цямнотаю, спрадвечнымі забабонамі, вызваліцца ад якіх яшчэ не мелі сілы...


1916

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: з нейкага сайту, магчыма http://rv-blr.com/