epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Гарэцкі

Сасна

I ёсць на нашым полі вялізная кучматая сасна, старая-прастарая. Стаіць яна ў баку ад новае дарогі, там, дзе калісь праходзіў стары шлях. Гаспадар шнура, на якім яна прыйшлася, даўно звёў бы яе са свету, каб не баяўся, што ад гэтага яму трапіцца нейкая бяда. Дый усе людзі так прызвычаіліся бачыць гэтую сасну, што без яе, здаецца, і поле нашае было б не тое.

Вось аб гэтай-то сасне многа чаго кажуць старыя людзі, спамінаючы стары, даўна мінулы час.

 

Яшчэ да вольніцы жыў у нашай вёсцы заможны гаспадар. Шмат грошы назбіраў ён за сваё жыццё, бо скнарыца быў – што няхай такіх не будзе. Прадасць, бывала, збожжа, лён ці канаплі, дык бубліка дзецям не купіць на гасцінец. А калі з’явіліся пазнейшым часам крупадзёркі і млыны, то нізашта не хацеў завезці, каб яму абдзёрлі ці змалолі; бабы мусілі, як і даўней, таўчы-душыцца ў ступе крупы і малоць мелева на сваіх хатніх жорнах.

Меў ён чатырох сыноў. Тры засталіся гаспадарыць, а самы маладзейшы, на імя Васіль, з панскага загаду прыстаў да немца-млынара ў навуку. Малоць ён добра не наўчыўся, але затое наўчыўся маляваць, ад немца, абразы.

Не спадабалася яго старому бацьку, што сын займаецца такою-то лухтою: малюе дрэвы, хаты і людзей.

– Гэта, – кажа, – панская або нямецкая забаўка, а мужыка яна толькі псуе!

А ў немца ды была харошая дачка, звалася Эльза, – хлапец вазьмі дый закахайся. Яна, бывала, ходзіць, бавіцца пад тою сасною, а ён малюе кучматую сасну і сваю дзяўчыну пад сасною. Урэшце так добра стаў ён маляваць, што перайшоў нават і немца, і шмат намаляваў вялізных абразоў па просьбе бацюшкі ў царкву. Толькі іх пасля з царквы павыкідалі.

Аднойчы дужа заняўздолеў стары той гаспадар, думаў, што памрэ, гукнуў сваіх трох болыных і сказаў:

– Дзеткі! Дужа я хворы, можа, памру, дык хачу вас падзяліць, каб вы па маёй смерці не калаціліся за бацькава дабро.

– Што ж ты дзеліш толькі траіх? – спыталася старая. – Чаму ж ты Васіля не дзеліш?

I сыны ўмяшаліся. Сталі прасіць бацьку, каб не крыўдзіў ён і меншага, Васіля.

– Дык я, гэта, яго крыўджу?! – з гневам сказаў хворы. – Не, не я, а ён мяне пакрыўдзіў! Бо вы, дзеткі, пайшлі добрым торам, а ён не.

– Можа, ён яшчэ абдумаецца, – прасіла за сына маці.

– Абдумаецца? Не, ніколі ён не абдумаецца, калі дагэтуль не абдумаўся, – гневаўся, не мякчэючы, стары. – Я, – кажа, – скрозь цэлае сваё жыццё збіраў дабро: прадаўшы, бывала, збожжа, лён ці канаплі – соткі гарэлкі ні разу не выпіў. Скрозь увесь век свой хадзіў я ў лапцях, не хацеўшы траціцца на боты, хоць і меў за што. Адну шапку-віславуху цягаў я зіму і лета гадоў дваццаць, а можа, і болей... Каб толькі сабраць вам... Мне ж нічога ўжо не трэба. У ямку з сабою не вазьму. А Васіль лаяў мяне, бацьку свайго роднага, за гэтае маё старанне. Ён боты носіць, ён паскудствам займаецца, дзевак малюе. Каму гэта патрэбна? Рукі мые па самыя локці... Дык няма ж яму ад мяне нічога. Хай цалуецца са сваімі немцамі.

I так падзяліў гаспадарку між трыма старэйшымі сынамі, а маляру за тое, што не ішоў, на яго зданне, добраю дарогаю, не даў нічога.

Але гэтым разам не памёр стары, – аправіўся.

I стаў жыць цяпер адзін са старою, дастаючы часціну збожжа ад аддзеленых сыноў і маючы, ведама, вялікі запас грошы.

 

Тым часам ссадзіў за нейкую прамашку з млынарскае пасады немца пан. I пачаў наш бедны немец надта гараваць, бо зусім не меў ён чаго есці і ўсю сям’ю жывіў толькі адною каваю, ды не праўдзіваю, а меленаю з жалудоў. Сям’я ж, праўда, невялічкая была: сам ды жонка з тою дачкою Эльзаю.

Дужа блізка ўзяў Васіль да сэрца бядацкае жыццё свае каханкі і пасабляў чым мог, цягаючы патрошкі з бацькавае гаспадаркі. Дадзела яму гэткае жыццё, і прыйшоў ён раз да бацькі прасіць, каб дазволіў бы яму жаніцца з немкаю і сесці, з панскай ласкі, на гаспадарку. Пэўна, з тых замераў нічога б і не выйшла, бо з хлапца ніякі быў гаспадар, яму абы часіна – зараз маляваць, а маляваннем хлеба не прыдбаеш. Але старому не спадабалася, што з немкаю. Сварыўся ён на сына-неўдалюгу, а колькі раз нават і з хаты выганяў.

Васіль, бывала, кажа:

– Тата! Сын я вам ці не? За што вы гневаецеся? Я ж яе кахаю. Не вінават я, што кахаю, а яна не вінавата, што яна немка. Дазвольце мне жаніцца і сесці на гаспадарку.

– Колам ты сядзь, сынок, – кажа яму бацька. – Каб я з месца не сышоў, калі я дам табе хаця што-небудзь.

– Вы не давайце. Вы толькі дазвольце мне жаніцца.

– Як? Дык ты нічога і не просіш у мяне, сынку? А хацеў жа сесці на гаспадарку?

– Калі будзе на чым, сяду. А не – я з свайго промыслу пражыву. Я абразы ў царкву буду маляваць. Да млынара дзе-небудзь у памагатыя прыстану.

– Згінеш ты. Не пражывеш! А кінь немку і маляванне, будзь чалавекам, дык нічога я табе не пашкадую, худога слова табе ніколі не скажу.

– Я кахаю Эльзу.

– Што ты ў ёй добрага знайшоў. Немцы, сынку, не нашы людзі, яны – гордыя. У бядзе сядзіць, жалудовай каваю толькі жывіцца, а прыйсці з пакораю не хоча. Ён чакае, што я пайду яму карыцца: «Дзякуй табе, пане млынару, што твая дачушка майму сыну галоўку завязала». Не, недачаканне...

– Тата! Эльза будзе вам як родная дачка.

– А-а, будзе! Цяпер ужо ў руку цалуе мне, спаткаўшыся: ветласцю хоча падысці. Не, мяне падбегамі не купіць.

– Яна гэта робіць па шчырасці, паважае вас як майго бацьку. Гэта звычай такі нямецкі. Няхай жа тата не думае нічога дрэннага.

– Блазень ты! Анямечылі яны цябе. Малюеш дрэвы, хаты і людзей, а гэта панская або нямецкая забаўка, і мужыка яна толькі псуе. Кінь ты свае забаўкі, будзь ты чалавекам!

Тым размовы і канчаліся.

 

Не мог кінуць Васіль гэтых сваіх забавак, і не да забавак тут ужо ішло...

Бяда ўжо тут надыходзіла, бо трэба было дзеўку да шлюбу весці барзджэй, за тое, што дапусцілася да ліха. У немцаў, мусіць, глядзяць на тую справу троху лягчэй, як тое ў нас паводзіцца. Спракудзілася дзеўка, а немец анічагусенькі: не сварыцца, не лае, адно п’е каву з жалудоў, чакаючы панура, калі дазволіць бацька пабрацца з ёю маляру.

П’е і спамінае мінулы час.

...Млын гудзіць. Млынар ходзіць белы ад мукі. Вось бяжыць яго Эльзачка.

– Татачка, а дзе Васіль?

– Ой, дзяўчынка! Нешта вельмі часта пытаешся ты Васіля.

– Татачка! Адпусці ты яго сёння з млына. Мы пойдзем пагуляем пад сасною.

– Чаму ўсё пад сасною?

– Васіль там будзе маляваць мяне.

– Ну, ідзіце сабе: завозу мала.

– Дзякую, татачка! – скажа дзяўчынка і пабяжыць вясёлая.

Беленькая была такая немачка, з вялікаю касою, хоць і маладзенькая.

«Маладая дзяўчынка, – думае ўслед ёй бацька, – рана ты закахалася. Хлопец нічога сабе, але мужык. Бацька яго такі, – каб яго чорт схапіў. Ат, клопат сабе!.. Гудзі, гудзі, маё кола! Мялі, мялі хлябок людзям! Будзем мы піць каву не жалудовую, а сапраўдную...»

Ды не давялося яму піць сапраўдную каву. П’е ён жалудовую. I кажа, адарваўшыся ад сумных успамінкаў і разваг:

– Эльза, Эльза! Дзіцятка маё! Што ты сядзіш? Што ты думаеш? Ты думаеш, што бацька твой ужо скінуты з млынарскае пасады? Што бацька твой – ужо бедны безработны чалавек? Што ён п’е жалудовую каву? Эльза, Эльза! Дзіцятка маё!

– Татачка, мы нешчаслівыя людзі, – казала Эльза, хаваючы ад засмучоных бацькавых вачэй сваё кругленькае паднятае брушка. – Але мы яшчэ будзем шчаслівыя, татачка!

А Васілёваму, аднак жа, бацьку страшэнна не падабалася, што немцы ў гэтай-то бядзе не думаюць яму карыцца, не просяць, не наракаюць, пры спатканні з ім дужа ветлівы, а дзяўчына нават і ў руку яму цалуе.

Знялюбела яму дзеўка за гэтую нямецкую пачцівасць і яшчэ за тое, што любіла бавіцца пад тою сасною. Мала таго, што бавіцца сама, Васіля туды з сабою цягне або цэлы табун дзяўчат вясковых прывядзе. Збяруцца там карагодам і пяюць ёй без пары вясельныя песні.

А то жартуюць:

– Як жа ты, Эльзачка, белая красачка, з намі, мужыкамі, будзеш жыць, панскі прыгон адбываць, не ўмеючы ані кросенцаў ткаць, ані жытца жаць?

А немачка смяецца, як блазнотка.

– Я, – кажа, – усё здолею, толькі не дужа прызвычаена. Для Васількі свайго любага да ўсяго я прызвычаюся. Буду кросны ткаць, і жыта жаць, і хлеб мясіць...

– А малаціць жа ты не ўмееш?

– Дык ці доўга мне наўчыцца, Васіля кахаючы!

Кажа так, і не сорам ёй...

Пагуляўшы, ідзе немачка з Васілём дамоў, пастаяць, пажалеюцца, пацалуюцца і разойдуцца: Эльзачка – дамоў, а Васіль – да бацькі або ў панскі двор варту адбываць. А часам – і немаведама, дзе ён начуе.

Ізноў сядзіць Эльзачка, сядзіць ды слухае бацькаву жальбу.

– Мы нешчаслівыя людзі... так! – кажа стары немец, а нямкіня-маці плача, абціраючы ціхенька слёзы белым хвартушком, і п’юць жалудовую каву. – Я нешчаслівы бацька, Эльза! Табе даўно пара да шлюбу ісці, Эльза! Паглядзі на сваё брушка, дзяўчынка мая! Яно расце так, як нашае няшчасце. Што нам рабіць, Эльза, дзіцятка маё?

– Васіль, татачка, пагамоніць са сваім бацькам, татачка... Што рабіць? Ці я, бедная, ведаю? I я нешчаслівая, бо за мяне і вы ў няшчасці, мой любы татухна, мая любая мамухна. Але мы яшчэ будзем шчаслівыя, мой татачка!

А старая нямкіня нап’ецца кавы і шые дзіцячыя каптуркі. Шые і абцірае слёзы.

 

Так ішоў час, і зусім крута прыйшлося немцам, а з імі разам і хлапцу. Што заробіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Васіль за ёю сох.

I вось аднойчы сцягнуў ён з гора ў бацькі некалькі рублёў і панёс старой нямкіні, каб купіла чаго есці.

Сядзелі тады немцы, гаманілі. Стары ўбачыў, што нехта ідзе, і кажа:

– Хто там ідзе, Эльза? Ці не Васіль?

– А хто да нас болей пойдзе? Васілёк ідзе, – адказала Эльза і пабегла на спатканне.

Ён прыйшоў. Маўкліва сеў. Усе на яго глядзелі. Ён быў белы як крэйда. Валасы змяклі ад поту.

– Ну? Васілёк? – падышла да яго Эльза і паклала сваю руку яму на галаву.

– Нічога... – насілу адказаў Васіль і адвёў яе руку, быццам яму сорамна ці дужа цяжка.

– Выпі з намі кавы, Васіль! Жалудовай кавы... – сказаў немец.

– Вось грошы... – паклаў Васіль скамечаную паперку на стол.

– Якія грошы? – спыталіся ўсе ў адзін голас.

– Бацька даў? А, Васілёк? – дапытвалася Эльза.

– Усё роўна, хто даў... Будзем строіцца да шлюбу... Сёння ж... зараз... Ну, жыва! – казаў, як непрытомны, Васіль. Быў зусім няладны.

Нямкіня ўзяла грошы і перадала старому. Той схаваў іх у кішэню ў штаны, напрануў сваю капоту і пайшоў к Васілёваму бацьку. Прынёс яму грошы і просіць, каб не гневаўся на сына.

Стары, замест паслухаць і, нарэшце, змілавацца, аблаяў немца і ўсю яго сям’ю, назваў Эльзу нехарошым словам і стаў клясці няўдалага сына, кажучы, што цяпер і на парог яго да сябе не пусціць, што праклінае сына, і дзяцей яго, і ўвесь яго род да сёмага калена.

– Зладзеяў, – кажа, – у нашым родзе не было. Ён мне цяпер не сын, а я ўжо яму не бацька. Хай ідзе ад мяне, прокляты, куды сабе хоча!

 

Было гэта пад вечар. Калі немец вярнуўся, Васіль, забіты горам, кінуўся, сам не ведаў куды, у поле. Але прыбег у бацькаў двор, увайшоў у старую варывеньку, дзе начаваў, і парэзаў усе свае малюнкі і нагамі іх патаптаў. Потым пабег ізноў да немца. Позным вечарам бачылі яго людзі пад сасною ўдваіх з Эльзаю. Ён штось вельмі горача і з вялікім жалем і крыўдаю казаў ёй, прыпаўшы да сасновага камля, а яна хацела як-небудзь супакоіць яго, сядзела, схіліўшы галаву, і брала любага за рукі...

А ўночы сталася ліхая справа, якой спрадвеку не было чутно ў нашым глухім баку... Засек Васіль сякераю старога бацьку, а сам на той сасне засіліўся, бедны...

На раніцу прыехала начальства, зрабіла следства, старых немцаў і Эльзу павезлі ў турму, старога дазволіла сынам хаваць як хочуць, а забойцу за тое, што задавіўся, сам адабраў сабе жыццё, дало загад закапаць тут жа пад сасною, бо хаваць такіх на могільніку з усімі нябожчыкамі разам – па хрысціянскаму закону грэх, як і маліцца за іх грэх. Так, без усякага абраду, як не чалавека, а жывёлу, і закапалі там.

Але ж як сталі капаць яму магілу пад сасною, то і знайшлі гаршчок з грашмі. Там, значыцца, хаваў стары сваё багацце і не любіў, што Эльза з моладдзю хадзіла па тым месцы. А яны хадзілі – і ані гадкі ім, што па грашах ходзяць...

I грошы тыя начальства забрала да скарбу.

А сасна і цяпер стаіць, толькі магілкі не значна, бо яе і не рабілі, – пакінулі гладкае месца.


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: з нейкага сайту, магчыма http://rv-blr.com/