epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Гарэцкі

У панскім лесе

– Ах ты, рагатун пракляты! Адлезь, табе кажу, а то, брат, поўху зловіш, ці ведаеш!

– А стой, не спужаліся. Дый не карожся дарма, пакуль з табой як з добраю. Не хочаш з ласкі, будзе без ласкі!

– Уцякай, падла стары. Мяшок бяры, хустку бяры, абдзірай, сабака панскі, а гэткія жарты пакінь, поскудзь ты!

– А мы во як...

– Ы-ы, не чапай... Хрась! Хрась!

Забаўтаўся стары ляснік, пахіліўся, раскірэчыў ногі і саўсім непрыгожа асеў к зямлі.

Дрыгнуў шабадранымі ботамі, пацягнуўся.

Чорная, гідкая, страшная кроў паплыла ў яго з галавы, пэцкала новы жупан, стрэльбу.

Маладуха астаўпянела, з жахам вытрашчыла вочы, тупы шчапель, што карэнне капала, шмякнуў з рук на зямлю.

Ой! Тошна, дрэнна... Няма як аджывіць. Тое ўжо навекі.

Бежч... бежч... О-ё-ё-ёй... Што гэта?

Дрэвы нядобра заківалі макаўкамі, прытулілася трава, ледзьве трэснуў сучок, лёгкая болачка ўцякла з аднаго боку неба на другі.

Бегла, як шалёная, маладуха.

Ляжаў, як калода, стары ляснік.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: з нейкага сайту, магчыма http://rv-blr.com/