epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Гарэцкі

Зіма

I
II
III
IV
V
VI


Навуму Сапранкову прысвячаю

 

I

 

Замятуха пад вечар закруціла ўва ўсе бакі.

У пунях на розныя галасы скігіталі надворныя свінні. То тая, то тая карова жаласна мычэла, трасучыся калматаю хрыбцінкаю ад сцюжы над жытняю саломаю.

Была пара даваць жывёле нанач і паіць коні. На дварэ змрочыла.

У Петраковай хаце, скрозь запушаныя снегам шыбы, троху святлела.

Дзед Пятрок, седзячы ў жупане, даплятаў лапаць і сварыўся, а баба Петрачыха касцястымі і худымі, цьмянымі, нібы ад загару, рукамі мяшала ў цэбры мякіну. Маладуха-нявехна – белая-белая, як папера, – прала на ўслоне кудзелю і маўчала, як нямая ці якая пакутніца.

Белавалосая дзяўчынка стаяла ля полу і хлабасцінаю адганяла курэй ад кормнага вапрука, што чмякаў з жолабу, раскідаючы па зямлі каля сябе цеста.

На падлозе, у запечку, хлопчык у штоніках на матузках цераз плечы і пузатая дзяўчынка на крывых, выгнутых дугою ножках, гулялі ў лялькі і то лашчыліся, то сварыліся, заціхаючы, калі дзед Пятрок пачынаў гаманіць дужэй

– Картэўнікі! Паабедаць некалі прыйсці з гульні, а коні паіць і не думаюць. Ну, хлопчыкі! – злосна бурчэў стары.

– Усе гуляюць, ну і наш там. Пайшоў бы ды гукнуў яго, – казала старая.

– А кы-ыш! Мам, зірні-тка ты, усе куры з падпечча вылезлі.

– Мая лялька! Мая лялька!

– Ай, каб ты здох!

– Не бі-іся!

– Хру, хру, хру... Чух-чух, чух!..

– Куд-куд-ку-дак!

– Ціху! Мурзатыя, вапра ўпудзіце. Трасцатаму настаўніку, як ён вас у школу не ўзяў: хоць бы троху спакой быў. «Позна прывялі...» Да настаўніц бегаць табе не позна, хоць бы скрозь ноч. А ты, Варка, хлабасцінаю не махай: певень шыбу высадзіць. Узляцеў куды, прокляты...

– А кыш, кыш!

– Стой, стой, дзетка, не гані! – схапілася маладзіца.

– Брак!

– А Божачка ты мой, міласлівы, – захныкала старая, – ізноў пабілі міску, новую міску. Няхай бы вы сабе галовачкі пабілі. I ты ж тут, матуля, сядзіш, нічога не бачыш. Ці напрадзеш ты сабе кашулечку на той свет ці не. Ай, даўно я тры капейкі аддала за міску, каб вы сваё здаровейка аддалі.

– Чух, чух! Хру-хру!..

– А, мамачка, не буду! А, родная, не буду. А баліць, баліць! – безнадзейна загаласіла дзяўчынка.

– Ганіце вы хоць вапра, ці што. А-а, Божухна, за што караеш? – бедаваў стары,

У расчыненыя дзверы ляцелі белыя сцюдзёныя камы марозу. Маўклівая маладуха, сцяўшы зубы, клала і клала рубяжы матузкамі на хударлявенькай дзіцячай спінцы. Вапрук чухаў і йшоў і не йшоў з хаты ў цёмныя сенцы. Старая падбірала чаропкі і кляла. Стрыкаценькая курачка скокнула з лаўкі на край паліцы, а адтуль пасыпаліся на суднік Панасавы соннікі і аракулы. Певень дзюбаў, што раскідаў вапёр, і ўжо без клопату сакатаў і кокаў, не зважаючы на дзяўчыну, што пішчэла, забіўшыся пад лаўку. Меншыя дзеці залезлі за комін і прытуліліся, пакуль улашчыцца матка, да якой належыла ўлада караць іх па загаду заканадаўцаў: дзеда, а найгорш – бабы, і пакуль зачыняць дзверы ды ўсё сціхамірыцца.

– А як прыйдзе татка з шахтаў, дык я яму скажу, што ты майго коніка пабіла, – во, а што? – шаптаў хлопчык.

– А я скажу яму, што ты на бабу пляваў, во, а што? – не здавалася сястрычка, з небяспекаю пазіраючы на хату, дзе была маці.

 

II

 

– Звонкі козыры, – здаў Паўлюк і абцёр з лобу пот.

– Пад тваю цёмную, – сухім голасам сказаў Валента Івану, зірнуўшы на яго шпаркім цішком, і забарабаніў кіпцямі па стальніцы, каб не так заўважылі, што рукі ў яго тыхаюць.

На гэты раз да яго прыйшла добрая карта, пасля доўгай незадачы, і яго пачынала трусіць усяго.

Іван крыва ўсміхаўся, распасцёр у руцэ карты, быццам захінуўшыся ад тых, што стаялі адзаду за ўслонам і пільнавалі гульню з-за яго плеч, і дужа важна глядзеў у карты, цмокаючы ад думы языком.

Усе нецярпліва чакалі, што за ход ён размяркуе і ці хутка пойдзе, хаця ўсякі сабе ведаў, што Іван маўчыць толькі так, ад узрушэння. Уваччу яму мітусіліся чырвенкі і званенкі, і ён адно думаў, што, мусіць, прайграе. I што ж такое. Чаму быць, таму не мінаваць, толькі дрэнна неяк робіцца.

– Ну, думай ты, – не трывалася Панасу Петрачонку, – коні паіць пара, – казаў ён, скрабаючы за каўняром. Яму было ўсё роўна: ён сёння ні выйграў, ні прайграў.

Усе былі ў жупанах, апрача самога Паўлюка, як гаспадара хаты, а гульня ішла скрозь увесь дзень, з рання. Курцы смалілі махорку і цыкалі слінай на сяродак хаты. На кону ляжала капеек пяць медзі.

– Хадзі перш гэтаю карцінаю, – налягаў тым часам на Івана той, хто не меў сваіх грошай і дзівіўся з-за пляча.

Іван прайшоў.

– Языкі ў вас свярбяць, – пабіў Валента і наваліў, – не гуляеш, дык не лезь, – дадаў ён і разгледзеўся, што выйшла.

– Так, так, так! – закрычалі разам усе падказнікі, – прыцісні, Іванюха, – падпырхнулі яны; адзін нават схапіў яго за руку і паклаў на карты, каб была справа скончана.

Іван як бы і сам меўся так зрабіць, адылі туга цяміў і здаўся на іхнюю волю; ён усё ўсміхаўся і цмокаў языком па-дзіцячаму. А памагачы яго не драмаў: ізноў схапіў у Івана карціну, высока замахнуўся і з усяе сілы хлэснуў ёю па Валентавай карце.

– Што? Як гэта? – упёрся вачмі, як бык, Валента.

– А так гэта! Чым ты пабіў? Табе трэба было краляю прайсці і тузам адказаць, а так ты без козыра, а Іван каралём забраў.

Валента ўзвярыўся. Як мог ён так памыліцца? Храсценны ніжнік з далікатнаю пагардаю пазіраў міма Валенты з грудка картаў.

– Чым жа ён пабіў? Разумны вы дужа, – пачаў перакідаць карты Валента.

– Як чым? Ніжнікам казырным...

– Нізьнікам казыльным, – запаліўся крывёю Валента і высалупіў язык, зло дражнячы іх: вялікія вы разумцы, не гуляеце, а лезеце не ў сваё.

Спрэчка зацягнулася. Паважнейшыя гульцы маўчалі, не кажучы ні ў той бок, ні ў той. Усе не любілі Валенту за яго розум, радаваліся яго абмылцы і з ахвотаю злаялі б яго, ды ведалі, што ён гарачы і брахлівы.

На тую часіну ў хату ўскочыла Куліна Іваніха і шпарка падбегла да стала.

– Каб ты свету божага не бачыў, як, апрача картаў, нічога не бачыш. Каб ты з услона не злез, як ты з-за іх не вылазіш, удвору не йдзеш. Гультай ты, каб табе, каб ты, га-го-го, – як з торбы гарох, пасыпала яна.

Мужык як торчма не зляцеў з зэдліка. Грошы з кону апынуліся ў Валентавай кішэні, а падраны Кулінаю храсценны хлап разляцеўся па сталу і пад загнет. Выйшла нешта надзвычайнае для ўсіх.

Паказаўшы такую расправу, баба на момант сама здзівілася сваёй рызыцы, ды не марудзіла, пакуль не прыйшоў паварот фартуны.

– Удвору ідзі, машэльнік! – крыкнула яна ў парозе і так ляпнула дзвярмі, што аж шыбы задрыжэлі.

Гульцы позна шчупянуліся.

– Ну, каб, барані Бог, мне такая жонка: я ж бы яе вывухрыў, па век жыцця закаялася б такія фокусы рабіць, – сказаў спакайнейшы нехта.

А гульня збунтавалася.

Гульцы жартліва лаялі баб, што яны ўсе такія чамярыцы, напраўду лаялі і без таго пакрыўджанага Івана:

– Родная жонка знушчаецца – дажыў чалавек!

Падабралі карты, злажылі няшчаснага ніжніка і пачалі злепліваць яго папяроснаю папераю.

– Як то знушчаецца, – пакінуў цмокаць языком Іван, – я ёй цяперацька пакажу сваю натуру: уранні да віднага буду ляжаць, не паеду ў шуркі, няхай сама едзе. Што ёй, калі гуляю... На свае, не на чужыя, хваліць Бога, – казаў ён, каб заглушыць тое, што грызла яго: «Во табе, во табе. Людзі смяюцца...»

Пачалі расплачвацца.

Антон дрыжачымі рукамі аддаваў дваццаць капеек. Цімох наўмысля смяяўся, хоць было не да смеху.

– Валента! – сказаў Панас. – Аддай мне грошы, што ты з кону схапіў. Іван мне якраз столькі вінават.

Валента раптам і неспадзявана наліўся крывёю і ўзяўся спаганяць злосць на Панасу.

– Трасцу я табе дам! Нашто хлопцы Івану падказвалі?

– Сумлення ў цябе няма, Валента, – сказаў Панас. Ён не любіў сварыцца, а быў дужа крыўдлівы, і перажыць спрэчку было яму цяжка. – Няхай табе Бог аддасць...

Сказаў і ціха выйшаў з хаты. З гнётам у душы пайшоў удвору. Апрыкліла і свая хата. Бацька заразаў яго паўсёдным злым нараканнем. Не хацелася бачыць маўклівую братовую, слухаць бясконцую сумяціцу дзяцей. «I гэта жыццё? Варта жыць сярод такіх людзей, як Валента? Эх, кінуць бы яму грошы ў вочы і нічога не казаць. Мне, ведай, не грошы дорагі, а справядлівасць», – тнулася ў галаву Панасу. «Не варта было і чапацца і садзіцца», – муціла яго. «Хварэй яно, такое жыццё, такія людзі. Лепей на край свету з’еду...»

Вуліца маўчала, шэрая і пустая. Замятуха мяла... Раўла ў Максімавым двары карова. Скрыпнулі ў далёкім гумне вароты. Нечыя калматыя коні, павесіўшы галовы, стаялі сярод вуліцы – ці піць хацелі, ці аб чым тужылі сярод стужы і ўспаміналі краснае лецечка.

Завеяныя сумётамі хаты, сярод аснежаных палёў і пералескаў, глухія, ад усяго свету далёкія, халодныя, поўныя зрання чаду і нудныя, нудныя зімавалі зіму.

I няможна было даць веры, што ёсць нешта, апроч зімы, што зіма скончыцца.

Абсаджаная яловымі лапкамі зімовая дарога быццам замарудзіла ўцячы далёка. Турботна цягнулася ад хат туды, туды...

I яе замарозіў мароз...

 

III

 

А хаты былі вёрст за сем ад сяла і, значыцца, ад бліжэйшае манаполькі.

Карыстаў з дальнасці хіба толькі адзін Іван: быў бедны чалавек і гандляваў гарэлкаю.

На Каляды, на Вялікдзень, на Святыя Дзяды мужыкі пераходзілі край. Край быў у іх паміж таго, што самі куплялі к свяцечку ў мапапольцы, і паміж таго, што мелася на сховах у Івана. А бывалі ў каго зняцейныя госцікі, і клапатлівы гаспадар ішоў да Іванькі. Іван быў сумленны чалавек і зарабляў толькі пяць капеек на бутэльку.

З давён-даўна аднаму яму належала тут права на тое рамяство. I вось прыйшла бяда. У нядобры час даведаўся герой наш, што брат яго родны, адпушчаны з войска, падпусціў яму канкурэнцыю.

I ногі, і рукі ў Івана звялі. Ён, быццам хворы, патроху ўзлез на пол, сцягнуў з палацяў падраны жупан, разаслаў яго ля коміну і, мімаволі застагнаўшы, лёг і заціх.

Справа была даўно па абедзе ў троху святы дзень, калі ўсе людзі вясёлы і збіраюцца натульні.

Як слова, хто арэшыну тоўстую расшчапіў, усадзіў туды Іванава сэрца і зашчаміў яго.

«Адны крыўды, толькі крыўды», – думаў Іван.

У хаце было ціха, Іваніха моўчкі закалыхала дзіця, злосна сцебанула дзягаю мышастую старую котку, што хацела папіцца вады з карца на лаўцы. Котка пырскнула пад печ, а Іваніха села ля вакна і пачала глядзець на вуліцу. Замёрзла вакно так, што снег хлопам ляжаў на шыбах. У малюпаценькую незамёрзлую дзірачку блізка рамы яна нічога не магла разгледзець і сярдзіта клала падбародак то на тую, то на тую руку і дыхала на вакно белаю параю.

– А мы, калі так, – з няпэўнасцю ў голасе звярнуўся да яе мужык, – на два грошы спусцім.

Сказаў і прыслухаўся.

Іваніха, відаць, мелася адказаць, але не знайшоўшы, мусіць, слоў да чыну, непрыемна маўчала.

Жальба апанавала Іванаву душу. Скрыўджаны быў да канца-краю і кім жа? – братам сваім родным.

Мулка ляжаць на печы. Закрактаў ён і лёг на другі бок. Падцягнуў пад галаву валенец, каб мякчэй. Калматая галава, чорнавалосая, спрадвеку нечасаная, пакутна ляжала на сівым стоптаным валенцы, як кудлаты Жук на старой анучцы. Чырвоны нос ціха сіпаў у злямчаную бараду. Па новай, як бубен, сарочцы, яшчэ не абмятай, без клопату людскога, поўзаў жоўценькі, вусаты і шпаркі прус, як па мёртвым целе.

Іван тужыў. Учора ўвечары пайшла добрая карта, думаў адгуляцца – на табе, халера прынесла жонку.

Сёння рыхтаваўся навучыць Куліну слухмянству, але агульная бяда не давала ўжо на тое права.

Ні слова не сказаў гаротнік. I прыходзілі яму, часам, зухаватыя, вялікія думкі: выпіць самому ўсю гарэлку, што была на продаж, і ўважыць карысны гандаль брату, злосніку-канкурэнту. Незвычайна скончыць справу. I паказаць жонцы, што ўва ўсім чыста вінавата яна...

Палохаўся тых дум сваіх Іван.

Ні слова не сказаў: няхай...

А шыбы зверху адтайвалі на ноч. На дварэ было ціха. Мароз лягчэў. Укачалася дарога. Нехта паехаў у госці ці ў сваты. Снег марудна круціўся ў сумным зімовым паветры.

 

IV

 

Пятніцу Ляксей Ляксеевіч, настаўнік тутэйшай земскай школы, лічыў за свой шчаслівы дзень. Дзеля таго ён не пайшоў у сяло да настаўніц, а засеў за стварэнне нацыянальнай літаратуры.

Тым часам сённяшняя пятніца ўздумала, мусіць, падурэць ад нуды і пасмяяцца з свайго ўлюбёнчыка: усё пайшло наадварот. Дармо кіраваўся Ляксей Ляксеевіч прыкінуцца вясёлым і ўдачлівым – яшчэ з рання, калі пятніца павінна была найбольш спрыяць яму, нейкая млосць паціхеньку, неадчэпна і з подлаю навальнасцю наліпала на яго.

Ён з прыкрасцю перабраў у думках усіх знаёмых інтэлігентаў і аж плюнуў: надоечы ў бацюшкі, калі ішла гульня ў флірт дапасованымі на тое карталюшкамі, N-я настаўніца лезла да яго з сваімі заляцаннямі і нараканнем на адзіноту душы. Хай ты прапала! Перад ім паўстаў нявыструганы і курносы твар яе. «Не твар, а гаршчок, будзь ты няладна», – пакруціў ён галавою і мімаволі ўстрахнуўся, нібы скідаючы тое, што наліпала.

Перад творчасцю пайшоў у парог памыць рукі і толькі злосна пабарабаніў шпунтам, лаючы Яхіма: ізноў, д’ябал, збег на вечарушкі, не наліўшы вады.

Вечар толькі пачынаўся, і настрой не дакляраваў яго кароткім. Настаўнік сеў за стол, закурыў папяросу і думаў узяцца за працу.

А з рагавой хаты, з вуліцы, глуха даляталі крыкі гульцоў і выццё гармоніка. Нейкая п’яная гурба пратупала, як гурт валоў, пад вокнамі, з вясёлым смехам, лаянкаю і саромнымі жартамі.

Разгарнуў адказ рэдактара і соты раз удумваўся ў хітра захаваны сэнс кароткіх радкоў. «У нас дробных вершаў і так даволі; прысылайце што лепшае». Узяўся за аскандалены верш. «Якой яшчэ трасцы трэба таму рэдактару? Няўжо тое, што друкуецца, лепшае за маё?» – думаў ён, чытаючы.

 

Ціха, маркотна ў мяне на душы!

А ў сэрцы – пустыня жвірова.

Няма ані веры, ні добрае кладкі,

Каб як перабрацца на іншы бок рова,

На той, а дзе воля, змаганне і доля.

Дзе толькі не бачу братоў я сваіх,

Братоў-беларусаў бяздольных –

Ці ў полі, ці ў хаце, ці ў карчме п’яных,

Я думкамі плачу... Мне больна, ой, больна!

Леў Парнаснік

 

Праца не йшла. Прыкруціўшы эканомна кнот у лямпе, лёг ён на скрыпучы ложак, залажыў рукі пад галаву.

Завіруха за сцяною круціла і шугала, налятаючы на хату. Заліхвацка іграў гармонік. Луналі зыкі вясёлай гульні.

«Чорт ведае, як нудна, вось табе і пятніца», – падумаў Ляксей Ляксеевіч.

I чуў, як нехта ўсё шамаў пад вокнамі: дзеўкі хацелі падзівіцца на паніча ці зайздросныя хлопцы пільнавалі іх?

I Ляксей Ляксеевіч размеркаваў сабе канчаткова: годзе пісаць вершы! А то во пусціць другі брат-беларус па п’янай справе шубінаю ў вакно, тады паплачаш. I як там тантаруюцца–проста з галавы сходзяць. А ён тут сядзіць адзін, як у вастрозе.

I раптам вялікае насунула ў чарзе дум. Ён успомніў другую, Праўдзівую Пятніцу, калі задумаў пісаць доўгі раман, у якім спадзяваўся ахапіць жыццё Беларусі з усіх бакоў, ува ўсе часы і да самых драбніц.

Была тая пятніца на пачатку зімы, добрая, вясёлая. Белы, мяккі снег ішоў з рання. Укрыў усё надвор’е белаю, пуховаю дзяругаю. Пад нагамі, калі ідзеш: хруп-хруп, хруп-хруп. Прыемна і лёгка. На вецці дрэў снег павіс, расцягнуўся белымі, пушыстымі жгутамі; звесіўся на малых пруцінках прыгожымі жгуцікамі. Згары патроху яшчэ ляцяць дробным хлопам сняжынкі. Наверсе – пялёнка снегавая, і немаведама адкуль паўзуць з мутнага бяздоння пчолы снегу, – як рой. Ляцяць уніз і непрыкметна, мякка сцелюцца...

– Дзеці! Дзеці! Зірніце ўгору на неба! – радасна гукаў тады Ляксей Ляксеевіч сваю школьную драбязу, задраўшы галаву і стоячы ўсю перамену на ганках у паліце нараспашку.

Аж задрамаў. Разам прахапіўся і рынуўся да стала.

«Пачакай жа! Дакажу і я сваю славу!» – сцяў ён абсадку, абмакнуў пяро, разгарнуў рукапіс рамана на трэцім, яшчэ не скончаным раздзеле і хацеў пісаць ужо далей, але, каб падагнаць сябе пад адзін стыль, пачаў тое-сёе перачытваць і такім чынам настройвацца.

Раман свой ён яшчэ ніяк не назваў, а першай частцы даў назву «Утопія». У гэтай частцы, у першых двух з паловаю раздзелах, пісаў ён аб тым, што недзе некалі аднаму беларускаму пісьменніку прысніўся сон. I снілася яму тое, што будзе на Беларусі праз дзесяць год.

Снілася яму, што школа ў вёсцы мураваная, пад жалезным, пафарбаваным у зялёнае, дахам, і ў ёй асобная і добрая кватэра для настаўніка. Усе сяляне пасылаюць сваіх дзяцей у школу і просяць, каб вучылі там роднаю моваю, значыцца, па-беларуску. Усе дзеці прыходзяць у школу ў ботах і маюць у здавальняючай колькасці падручнікі, паперу і алоўкі. Усе дзеці маюць у кішэнях насатачкі і кажуць настаўніку, што бацькі іхныя паслухалі яго рады і накуплялі паліваных талерак, каб есці не з аднэй міскі, а падстаўляць кожнаму члену сям’і асобную талерачку.

Цяпер хацеў Ляксей Ляксеевіч прыпісаць, што ўсе паны, спалохаўшыся здані рзвалюцыі, добраю воляю аддалі сваю зямлю сялянам...

«Вось калі будзе здаволены рэдактар!» – мімаволі ўсміхнуўся ён і ўжо хацеў пісаць, але потым задумаўся, як бы гэта хітрэй выразіць, каб не прычапілася цэнзура...

Думаў ён, думаў – і рука яго пачала выкручваць спярша збоку, а потым і па ўсёй чыстай старонцы розныя фінціфлюшкі.

– Вось тут і пішы, – горка прашаптаў Ляксей Ляксеевіч і аблёгся галавою на левую руку, а праваю ўсё круціў на паперы розныя хвосцікі.

«Трэба перачытаць яшчэ раз, – падумаў ён, – можа, тады з разгону напішацца і далей... А, нарэшце, хіба так важна, каб праз увесь раздзел быў аднастайны стыль. Няроўнасць будзе сведчыць аб глыбокай узрушанасці ў аўтара...»

Прымушаючы сябе, пачаў ён перачытваць яшчэ раз.

Раней раман здаваўся яму задуманым вельмі добра. Форма таксама зусім здавальняла, часам нават ён дзівіўся, што так добра выходзіць. Раней ён шчыра цешыўся, што яго раман пераверне дагары нагамі ўвесь побыт сялян і, галоўнае, будзе сацыяльна і нацыянальна ўсведамляць беларусаў. Цяпер жа, чым далей ён чытаў, тым болей бачыў, што раман зусім слабы, думкі мізэрныя, форма цяжкая...

Яго агарнуў страх, што ніколі нічога добрага з-пад яго пяра не выйдзе.

Яму зрабілася сорамна, брыдка.

Прапала ўсякая ахвота пісаць, не было цярплівасці нават дачытаць напісанае.

I Ляксей Ляксеевіч швіргануў абсадку на рукапіс са злосцю і нянавісцю, аж пяро дзеўбанулася ў паперу і скруцілася, атрамэнт пырскнуў на ўвесь стол, і абсадка стала дыба і захісталася туды й сюды...

Вось табе і пятніца!

 

V

 

– Не, не рассохнецца, – вясёла казалі дзяўчаты, налічыўшы ў качарэжніку цот з вілак, кійцоў, чапялення і качэргаў.

– Столькі на запоінах выпілі, ды каб рассохлася, во! – разважалі маладухі.

I смутныя вясельныя песні пяялі яны маладой да самага вяселля.

У суботу былі заручыны, і на дварэ пачалася адліга.

Зусім адталі вокны. На момант брызнуў з-за хмар снапок сонца. Мяккі снег качаўся ў камы, і хлопчыкі наляпілі дзядоў. Гнядыя коні не пайшлі з вадапою ў пуню, а пабеглі за хаты, па снягу, пабрыківацца.

На другі дзень, калі маладыя прыехалі з-пад вянца і пачаўся змрокам найбольшы баль, з стрэх капала і пяялі пеўні.

Уся вуліца памякчэла, пасвятлела, была поўна гукаў ад адлігі і звону ад гульні.

Вясельныя паязджане занялі повен двор. Хрупалі сена коні, бразгаючы званочкамі і балабонцамі. Туды і адтуль хадзілі людзі са смехам і жартамі, шнырхалі пад нагамі дзеці, кідаючы снежкамі, і лунаў вясельны гоман. А ў хаце ігралі скрыпкі і бубнелі бубны, пяялі і гручэлі гулёбнікі, клумілі-гаварылі хмельныя госцікі.

– Даруйце, даруйце княгіню маладую! – на ўсю сілу грымеў вясёлы дзед Пятрок.

Ён быў узят за свата і троху ўпіўся. А ганарыста высока махаў кружэлачкай, абверчанай у белую хусцінку, на якую клалі падарункі.

Музыкі йгралі адну з лепшых беларускіх полек, і ўсё ў хаце хадыром хадзіла. Валента, важны, быццам і не п’яны, з адлігаю ў сэрцы, памагаў музыкам: шырока раскірэчыўшы ногі перад скамарохам, што басаваў, ён двумя пруцікамі з лучыны барабаніў у такт па струнах.

I Панасава душа іграла польку. Чуццём пачуў узаемнасць ад роднае сястры маладога, свецкай, у гарадскім плацці і з гарадскою гаворкаю, і горда паглядаў на свае лакірованыя боты і бліскучыя калошы. На ім – сацінетавая сарочка з кішэняю на грудзях; з кішэні звісае шнурочак; у кішэні цікае. А паненка яго, з высока ўзбітымі валасамі, у грабянцах, далікатна льнула да інтарэснага хлапца.

Падходзілі да Петраковае талеркі людзі і за падарункі гарэлачкай частаваліся; закусвалі салодка-густа-вязкім пернікам. Маладую надаралі...

– Дай жа, Божа, каб наша княгінька маладая за мужам у шчасці, у радасці жыла, дзетак-галубятак прыждала, на іхным вяселлейку ў ахвоту пагуляла. Няхай жа Божачка дасць усё лепшае.

– Пі, пі ўжо, кума, ды другіх дапушчай.

– Налі, сваток, за падарунак!

– Даруйце! Даруйце!

I Куліна, і Іван следам за ёю да талерачкі гуськом падходзяць. У Івана на шыі новы шалік, шэранькі, а ў Куліны – вялікая кашаміравая хустка з махрамі. Прапусцілі колькі чарачак і – забалбаталі, як гусакі. Ударылі музыкі «скакуху»... Панёсся Іван за Кулінаю ў тан. Расступаўся круг. Рогат падняўся. Заплёскалі бабы ў ладкі, а Куліна гарохам так і адбівала ў крузе. Пусціўся Іван упрысядкі, толькі шалік віхляўся; гоп-гоп! нагамі выбрыківаў і скакаў да жонкі, а тая, як курачка, бачком: бачком, уцякала, адылі ўсё тут мітусілася і дражніла яго. Ён раптам – скок на ногі, крутнуў рукою над галавамі ў дзівакоў і, як арол на галубку, кінуўся на Куліну, лёгка падхапіў і кумільгам закруціўся з ёю.

– Мяцеліцу, мяцеліцу!

Урэзалі музыкі мяцеліцу, і ўсё закруцілася па хаце, у каго душа была. I запяялі:

 

                      Дуе, вее мяцеліца,

                      Чаму стары не жэніцца?..

 

Як з кірмашу вырваўся Іван з жонкаю.

– А дзякуй табе, жоначка, што і радзіўся і ўзрасціўся, – так не скакаў, як сёння.

– А каб табе, мужычочак, цвёрда на язык, як ты хвалішся, а ўсе ножачкі мне адтаптаў; ці не ў ваўкоў ты скокам навучыўся, галубок? – як ніколі жартавала з ім яго Кулініца.

Тым часам пабеглі па настаўніка – запрашаць яго на чэсць.

– Чаго ён там сядзіць, як барсук, – казаў сват Пятрок, – чалавек ён малады, няхай пагуляе, да дзетак будзе ласкавейшы.

Пайшоў да яго Панас з маладым, а следам пацюхала Петрачыха. Доўга адмаўляўся і так і сяк настаўнік, што надакучыла, як бясконцая казка, маладому і надта спадабалася Петрачысе. Але-ткі падхапілі малайца падпашкі і, як ні ўпіраўся, павялі, а Петрачыха злёгенька піхала яго ў спіну.

Пасадзілі Ляксея Ляксеевіча на кут, побач з хроснаю маткаю маладой, падсунулі яму каўбасу, міску сцюдню, паклалі пірага, а сват Пятрок апанаваў яго з гарэлкаю, як чорт грэшную душу. Дзяўчатам карціла, і яны, быццам няўмысля, дзівіліся на кут ды зараз адварачваліся да хлапцоў. Дзед Пятрок завёў доўгую і няскладную гутарку аб сваёй маладосці, навучаў настаўніка, як трэба жыць на свеце, і не забываўся наліваць чарачку па чарачцы і частаваць яго. А той спярша саромеўся піць, не ведаў, чым браць тую кілбасу, але, хапіўшы чаркі тры, пусціў у ход рукі і ўжо час ад часу паглядаў на свата, чакаючы яшчэ кілішка. I язык яго пачаў казаць дзеду Петраку пра жыццё настаўніка. I во – абодва гаварылі і абодва не слухалі, што казаў адзін аднаму. Так, добра паказаўшы старым выпіўкай сваю блізкасць да народу, настаўнік загадаў сабе паказаць тую ж блізкасць і маладым. I так разышоўся, што вылез з застолля і, трошку пахіснуўшы, думаючы, што нікому тое непрыкметна, выйшаў на круг, тантурыста ўзяўся ў бокі, кіўнуў да сябе сваёй былой вучаніцы, якая залетась скончыла школу, і пусціўся з ёю ў скокі. З прыемнасцю дзівіліся на такую з’яву людзі і здаволена казалі: «Наш чалавек». А Панас, расчырванеўшыся, хадзіў паміж народу і хваліў Ляксея Ляксеевіча. «А што, ці не мая праўда, што ўсе людзі роўны?.. Я не раз казаў, што і я хоць і скончыў царкоўна-прыходскую школу, аднак жа не запанеў і са звычаяў наскіх не смяюся, а люблю іх. Я, як і ўсе людзі, з усімі і гарэлку п’ю, і ў карты гуляю, і на вяселлі хаджу. Вось я і Ляксея Ляксеевіча прывёў. Каб не я, можа б, ён і не пайшоў. А я і з вучоным вучоны, і з няўчоным няўчоны». Настаўнік, стаміўшыся, запыхаўшыся, з мокраю лабацінаю, з хадыром у галаве, адышоў з сваёю дзяўчынаю ў гурток маладых і, махаючы ёй і сабе пад нос хусціначкаю, заікаста казаў да яе: «Ты толькі будзь, Ганнуся, такая, як твой настаўнік; жыві так, як ён заўсёды вучыў цябе, – і заўсёды і ўсюдых будзе табе добра». Ганна саромліва спушчала вочы, няўзнаку адхіналася ад гарэлачнага паху і з нецярплівасцю чакала, калі настаўнік адыдзе ад яе, а сама ўцячы не смелілася.

Пакуль ішла ў іх размова, да кругу штурхалася сярод людзей Петрачыха, цягнучы за рукаў сваю маўклівую нявестку.

– Пойдзем, пойдзем, мая рыбухна! Разам працуем, разам паскачам. Няхай палюбуюцца добрыя людзі, як мы гуляем.

I пусцілася старая задам, скачучы як сарока: пляскала ў ладкі і вясёлымі вочкамі пільна ўглядалася ў маладуху, а тая, падхапіўшы крайчык свайго хвартуха, а другою рукою плаўна махаючы ля галавы, плыла за свякроваю з ледзь прыкметнаю ўсмешкаю, у жой паўсёдная ціхая пакута ішла цяпер на спатканне весялосці і паддавалася ёй.

Старая запяяла старым, дрыжачым і ласкавым голасам:

 

                      Ты, нявестачка,

                      Ты – лябёдачка!..

 

А маладуха зараз падхапіла:

 

                      Матка ж мая старэнькая,

                      Як галубка сівенькая!

 

I ўсе былі здзіўлены, што ў гэтае ціхае і маўклівае Петраковае нявесткі такі чысты і звонкі голас.

Ляксей Ляксеевіч ледзь не заплакаў, што яна так добра вядзе, як ён ніколі не чуў нават ад настаўніц.

– Жыве наша Беларусь, – сказаў ён Ганнусі і сціснуў яе за рукі на ўсю сілу, – жыве, Ганулька, не траць веры!

Пятрок распіхаў усіх, падышоў бліжэй і прыемна казаў:

– Люблю! Дый люблю ж! Ай ды бабы мае! Ведай Петраковых!

 

VI

 

Ціха і маркотна было зрання. Сумётамі белымі, белымі, сіняватымі, касымі і з высокімі, аж да стрэх, грэбнямі замяла, засыпала завіруха маўкліва-акалелыя хаты за доўгую, завірушную ноч.

Бясконцыя, цемнаватыя досвіткі развеяліся ў шэрую раніцу. Скрыпае ля студні снег. Засыпела, захрыпела, як папсаваная дудка, замёрзлая вага. Ляпнулі вёдры. Панурыя гнядыя коні выйшлі за вароты і стаялі доўга ля замёту. Забляяла ў няшчыльнай пуні авечка і крутнула хвосцікам, нюхнула і потым лізнула дрыжачае, не абсохлае ягня з замёрзлымі белаватымі вушкамі, што акацілася пад свет. Гаспадыня ў лапленай кохце, са збітаю на бок хусткаю, закручанаю, як турэцкая чалма, упоцемку, стала спіною да шчыліны ў сцяне, адкуль вее снегавым пылам, і чырвонымі ад сцюжы, карэлымі ад працы рукамі трасе над паскуднаю авечкаю і дробненькім ягнём дзіравае рэшата і з роту пырскае, скрозь яго, свянцонаю вадою.

А ў тым канцы хат, уверсе, над стрэхамі, пацягнуўся белаваты дым з коміну і разбягаецца ў марозным развіднелым паветры, навакол застыглага вецця на бярозе, і робіць тое бярозавае ўбранне з бліскучых сняжынак яшчэ прыгажэйшым.

Ныраючы ў замётах, выйшаў з-за рогу грудок дзетаквучанічкоў з торбачкамі цераз плячо, у якіх кніжкі.

Так, паціху, паволі, спакваля пачынаецца зімовы будні дзень.

Ну, нічога: блізка Масленка!


1915-1917

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: з нейкага сайту, магчыма http://rv-blr.com/