epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Гарэцкі

Знібее сэрца

Дзіўнае неба. Спакойна гарачае сонца. Жыватворчае паветра.

Знямелая гара-асілак кукобіцца і дрэмле і нагадвае егіпецкую піраміду. Як прыгожа вакол!

А парк повен прыбранага панства. Ныдвіць у галярэі неўрастэнічная музыка; карціць яе слухаць, але яна неяк непрыемна ласкоча...

Скрыпае пад ботамі і блішчыць на сонцы жоўценысі жвірок з дробненькімі чарапашкамі, белымі, як белыя парасоны над лавамі для сядзення хворым.

Зялёныя груды лісця на дрэвах і кустах застыглі ў цяпле, а п’яны водар кветак бунтуецца з парфумаю курортнай публікі, што тут гуляе.

– Усё – як заўсёды!

Старая простая жанчына, з белым вузлом бялізны на старых плячах, цяжка прыкандыбала лесавою сцежачкаю з пасёлку да цалебнае крыніцы.

Яна бачком абышла паноў і з прыроджанаю простаю ласкаю папрасіла ў дзяўчынкі-вадалеі чаўхірачку гарачае вадзіцы, што шляхоча а шляхоча там з-пад каменнае гары ў трубу пад высокаю, дзівоснаю паветкаю на чатырох мармуровых калонках.

Рухавая дзяўчынка, з чырвонымі, як бачок цукровага яблычка, шчочкамі, падала панам, адылі ізноў зачэрпала, узышла вышэй па мураваных прыступачках і паставіла ёй, бабулі, на край крыніцы.

Бабуля асцярожна паклала вузел і качарэжку на кончык чыгуннага ўслончыка пад лаўрам і сама села піць. Яна такая спакойная.

Я змарыўся, я амяг сярод панскага натаўпу. I я прыкмеціў пакарнейшую, худую. I я гляджу. I я адпачываю.

Яна падобна да мае маці.

У сэрцы маім – нешта прыемнае і хворае. Як шчырае каханне. Як каханне таго, хто шмат думаў. Спрадвечнае і тлен.

Яна падобна да мае маці.

Маршчынаваты, хворы твар. Добрыя вочы труджэльніцы. Вочы, што зазналі гора і даруюць за ўсё. Непрыгожыя старыя рукі. Старэчая пахіласць і няроўная хада чалавека, уціснутага працаю.

Яна падобна да мае маці.

Ёй некалі бавіцца. Рыхтуецца пайсці. Бярэ качарэжку, крэкча, і белы важкі вузел ужо гняце ёй плечы. Пайшла напрасцень у бок нашае здраўніцы. Я гляджу следам, пакуль белае мільгае сярод лісця, і я думаю, што там гэта пайшла мая маці...

 

* * *

 

Пайду і я.

Я амяг, высіліўся. Цёплае сонейка размарыла мяне.

Пайду кружна, вакол гары. Тут цянёк. Тут няма натаўпу. Пустэльныя сцежачкі. Не чуваць неўрастэнічнае музыкі. Чырванеюць у гушчарніку кізілавыя ягады і цыўкаюць малюсенькія птушачкі. Блішчыць праз зялёнае галлё, як быццам шкло, навіслая сярод карэлага дубовага сучча сцяна-скала.

Як тут ціхамірна, як тут упакойна!

«Ад зямлі ты ўзят, ад зямлі ты ўзят!» – шэпча мне на вуха самотнасць мая. Адкуль гэта? Што мне ўроілася ў галаву, які тут звязак?

А! Бабуля, бабуля, што бачыў ля крыніцы...

Пайду ў здраўніцу.

Адпачну крыху ў сваім пакоі, ахаладжуся, вып’ю прыкрых лекаў.

Адылі выйду я ў альтану, сяду ў мяккае панскае крэсла і адцам сябе пад уладу гарачаму, а не пякучаму сонцу. Салодкае паветра само льецца там у змучаныя грудзі.

Буду дзівіцца на прыгожую відаль, на лес на горах. Ён здалёку здаецца травою, нагадвае сенажаць на Беларусі.

I буду думаць пра свой родны край. Там цяпер сеюць жыта, дажынаюць авёс. Сівая, бліскучая павучына сцелецца па полю...

Ля ўваходу ў здраўніцу сядзіць тлусты, намагляваны і ляны швейцар, і мне гэта прыкра, бо я думаю пра людзей на сенажаці.

Гэты дом, кажуць, быў даўней уласнасцю вялікіх буржуяў. Цяпер тут значна агалела, абшкумачана, але тым часам – прыгожа і каштоўна.

Пад ногі пасцелены дарагі дыван. Ля столікаў у вестыбюлі нібыта абы-як кінуты пад ногі харошыя каберцы. У поручнях на сходах дзівосныя балясінкі з разьбою. У кутах і ў сценках-праціўнях аграмадныя люстры. У нішах антычныя статуі. На кожнай паваротцы, на пляцыку – далікатныя кушэтачкі. Старая пазалота ганарова маўчыць, не кідаецца ў вочы.

Паціху ўзыходжу і думаю свае думы.

 

* * *

 

I раптам бачу...

Яна, старая простая жанчына, з белым у руцэ, хапаецца выйсці ўніз, троху не кумільгом скаціцца, а ў адчыненыя дзверы пакою № 21 выпхнулася грубая вусатая постаць знаёмага мне вайсковага.

– Сорамна! сорамна! Табе, вужацы, абы грошы садраць. А йшчэ – старая. Сорам! Я табе дам за гэтыя насатачкі!..

Учора да вайсковага прыехала яго жонка, малюсеньая, але сценькая, пухленькая, з магляваным ружовым тварам маладзічка-пані. Яны сёння таргавалі і купілі ў заходжага перса буйны аквамарын. Я праходзіў тады міма і пакланіўся вайсковаму, а яна, нібыта незнарок, але ласкава і спагадна паглядзела на мяне. Яна шуршэла дарагімі спадніцамі і перабірала ў паветры негінькімі пальчыкамі. Пальчыкі ўнізаны пярсцёнкамі.

Ужо дзверы пакою № 21 замкнуліся, водгулле сціхае ў канцы калідору, і паважная ціша панскае здраўніцы нічым не парушаецца. А я стаю ашаламёны.

Бабуля, блізкая, родная мне бабуля, палахліва шарпае па прыступачках чувякамі, хапаецца. Яна збялела, як ліпіна, нешта мармоча і зрэдку плюскае вачмі. А вочы выцвілі, спалоханы і горка пакрыўджаны.

Знібее сэрца маё: яна так падобна да мае маці. Гэткі ж знаёмы маршчынаваты, хворы твар.

Упакойна жаркае сонца. Жыватворчае паветра. Ныдвіць музыка. Барвісты натаўп курортнага панства захлынуў пляцык і сцежачкі ў парку.

Бабуля з плаццем цяжка кандыбае з качарэжкаю да крыніцы. Ёй па дарозе ў здраўніцу.

Я прыкмеціў.

Заможныя людзі, буржуа... I я сярод іх. А гэта – мая маці. Яна падобна да мае маці, надта падобна.


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: з нейкага сайту, магчыма http://rv-blr.com/