epub
 
Падключыць
слоўнікі

Максім Клімковіч

Люстраная фіранка

У Менску быў чацвер. Позні вераснёўскі вечар. Яня засталася адна. Толькі яе акно і свяцілася на ўсім цокальным паверсе, што займала рэдакцыя дэтэктыўнага часопіса. Яня заўсёды імкнулася, каб апавяданні траплялі да яе на машынку. Лепш, чым адбіваць штампаваныя адказы аўтарам: «Ваш твор нашаму часопісу, на жаль, не падыходзіць. З павагаю, рэдактар аддзела...» Іх і публіцыстыку яна падсоўвала другой машыністцы. Бо калі сама перадрукоўвала такія адказы, то адчувала сябе саўдзельніцай у злачынстве. «З павагаю» - якая тут павага!

Прагучаў тэлефонны званок. Яня падумала, што гэта Віта - другая машыністка. Віта любіла працаваць з раніцы, калі яшчэ нікога няма, а Яня звечара - калі ўжо нікога. Калі забывалася перадрукаваць што-небудзь тэрміновае, то тэлефанавала. Яня чакала пачуць заўсёдную фразу: «Зрабі, калі ласка. Не ведаю, ці прачнуся рана, а цяпер і прыходзіць няварта - памылак нараблю».

Але, надзіва, гэта была не Віта.

- Яня? - прагучаў у слухаўцы мужчынскі голас. - Ты?

Голас знаёмы. У такіх выпадках праз імгненне звычайна паўставаў ва ўяўленні твар чалавека, з якім гаварыла. Знаёмы, сто разоў чуты голас. А ў памяці як не было твару, так і не з'явілася.

- Я.

- Пазнаеш?

- Здаецца...

- Я думаў, ты ўзрадуешся. Званка чакала?

- Але. - Тут Яня не зманіла. Каб за вечар ніхто не патэлефанаваў - так не выпадала.

- Давай сустрэнемся. Ты вольная?

- Нашто?

- Забылася? А казала, будзеш памятаць усё жыццё. Я чакаю ў бары Дома літаратара. Праз паўгадзіны. Цалую.

Размова абарвалася. «Ні ў які бар не пайду», - сказала Яня сама сабе і адключыла тэлефон.

Старонка скончылася словамі: «Ён не хацеў піць, але ж прымусіў сябе глынуць халоднага шампанскага, апошняга ў сваім жыцці. Кубік лёду крануў ягоныя вусны...» Яня згадала, што даўно ўжо не піла шампанскага. Ды і апошнім разам піць давялося без лёду...

У бары нікога са знаёмых яна не заспела, прынамсі, такіх, каб падсесці да іх за столік. Шампанскага не было. Давялося піць адну каву.

«Мяне не цікавіць, хто тэлефанаваў, - пераконвала Яня сябе. - Мне гэта ўсё роўна. Пасяджу і пайду».

Мінулі абяцаныя паўгадзіны. Нічога не змянілася, і Яня палічыла званок таннай падначкаю. Такое магла зрабіць і Віта, але яе ў бары не было. Нашто рабіць, калі нельга нават пасмяяцца ў твар?

Але ж тут зрабілася не да смеху. У залу зайшлі трое: трыццаціпяцігадовы драматург Марцін Францкевіч, ягоная жонка Гелена, акторка Акадэмічнага тэатра, - вось каго Яня менш за ўсё жадала бачыць, асабліва ў пары з Марцінам: на шчасце, разам у бар яны прыходзілі нячаста; і трэці - незнаёмы ёй мужчына, прыкладна Марцінавага ўзросту і абрысаў. Такі ж высокі і хударлявы, толькі што валасы коратка падстрыжаныя. Вочы нават у паўзмроку бара ён хаваў за цёмнымі акулярамі.

Гелена зірнула на Яню, як забіла. Але Яня аддзячыла тым жа. На большае не наважылася, бо падставы так глядзець мела Гелена, а не Яня. Па шчырасці, Яня на яе маліцца мусіла. Усё ж два гады таму яна Марціна ад Гелены звяла. Якіх толькі «коней» яны з ім не выкідвалі. Жах згадаць. Калі іхняму з'яўленню на пару перасталі здзіўляцца ў сталіцы, яны падаліся да суседняга мора, у Кактэбель. Францкевіч, як сапраўдны драматург у трэцім пакаленні, меў грунтоўны дом, яшчэ дзедаў. Дый грошай ён не лічыў. Каханне паміж імі тады было надзвычайнае. А яшчэ ім тады ўпершыню трапілася цэлае апакаванне каліпсолу.

І вось на другі дзень, калі ў іх застаўся апошні флакон, яны вырашылі, што калі іхняе каханне да смерці, то лепшае выйсце - скончыць жыццё разам, пакуль сваякі да іх не дабраліся і ўсяго не сапсавалі. Укалоліся яны апошні раз за замкнёнымі дзвярыма Марцінавага кактэбельскага дома і парэзалі сабе вены.

Дзякуй Богу, Гелена пралічыла, дзе яны, прыехала і заспела каханкаў.

Каханкі ўжо ледзь не дарэшты сышлі крывёю. Яшчэ б паўгадзіны - і адляцелі б Яня з Марцінам у вырай са сваім вялікім каханнем. Гелена збольшага ў медыцыне разбіралася, жгуты здагадалася накласці і толькі потым «хуткую» выклікала. Па вялікім рахунку, жыццё Яні ўратавала, але і мужу свайму таксама.

Пасля Яня сустракалася з Марцінам зрэдку, звычайна выпадкова. Калі ён заходзіў у рэдакцыю па справах, калі ў бары бачыліся. Пра мінулае не згадвалі. Страшна. Затое забыць ім не давалі. Толькі Яня сядала за столік, як на яе глядзелі з-за суседняга і хто-небудзь шэптам пра мора, каханне і самагубства расказваў.

Яня падумала, што цяпер нельга сыходзіць.

«Я ж першая ў бар прыйшла. Калі ім што не падабаецца - то няхай яны і выпарваюцца».

Яніна кава стыла катастрафічна хутка. А ісці да стойкі на вачах ва ўсіх не хацелася. Нарэшце Марцін яе заўважыў, замовіў два шампанскага, для яго заўсёды знаходзілася, і падсеў. На Гелену Яня не глядзела, баялася, што потым сасніць яе вочы.

- Вып'ем, Яня, каханне існуе толькі ва ўспамінах. - Гэта ўсё, вядома, шэптам.

Яня абсунула манкеты, каб прыкрыць белыя паскі шнараў ад ляза на запясцях. У правінцыйнай лякарні скуру зашылі неахайна.

- Гелена адпусціла? - Яня адпіла шампанскага, і ледзяны кубік крануў яе вусны.

- Хацела, каб я ўдаваў, нібыта цябе не заўважаю?

- А ты?

- Чаму табе наогул абыходзіць мая Гелена? Дзе хачу, там і сяджу. Яна не адна, сумаваць не будзе. Бачыш, каханка сабе завяла. Насуперак мне. Добра, хоць наш. З радыё, дыктар. Вішнявецкі Алесь. Я ўжо і на развод думаю падаваць. Стаміўся, залішне зайздросная яна. Заўтра лячу ў Кактэбель. Трэба пабыць самому, скончыць п'есу. Сяброў жа там няма. Перашкаджаць ніхто не стане. Давай, як вярнуся, сустрэнемся.

- Мне больш падабаюцца выпадковыя сустрэчы.

- Добра, табе хоць нешта падабаецца. - Марцін схіліў галаву. Доўгія валасы прытрымаў рукамі. - А мне ўжо нічога. Лячу зранку.

- Да выпадковай сустрэчы. Цябе чакае жонка. Не хачу далей псаваць настрой ні ёй, ні сабе. - Яня дапіла шампанскае.

- Да сустрэчы, - абыякава паглядзеў на яе Марцін, - лепшыя часы для нас мінуліся.

Марцін шчоўкнуў запальнічкай і прыпаліў. Ён не згасіў жоўтага, падобнага да свячнога, агеньчыка, пакуль запальнічка не дайграла мінорнай «Естэдэй». Марцін быў вялікім аматарам розных пазбаўленых сэнсу электронных забавак. Два месяцы таму Яні адказаў па тэлефоне аўтаматычны сакратар. Ветліва параіў Марцінавым голасам перадаць, што трэба, гаспадару і адвёў на запіс тры хвіліны. Вядома, давялося павесіць слухаўку, бо першай уключыць запіс магла і гаспадыня. А размаўляць з ёй Яня, нават з дапамогай аўтаматыкі, не жадала.

І тут падышла Гелена.

- Паслухай, - звярнулася яна да Яні, - хопіць нам варагаваць. Што было - тое было. Мы ж з табою і да Марціна сябравалі.

- Мне сапраўды трэба ісці. - Яня ўстала.

Нават спінаю адчувала яна Геленін позірк. Ад яго рабілася зімна. «Ну што ж, яна мае на гэта права, - падумала Яня. - Успамін у нас адзін на траіх, а стаўленне ў кожнага сваё».

Назаўтра, у пятніцу, Віта зайшла на працу пасля абеду. Зайшла і выцягнула штэпсель з разеткі - Яніна машынка спынілася.

- Табе ліст. - Віта паклала на рукапіс разарваную капэрту, друкаваны ліст з рэгістрацыйным нумарам і да ўсяго гэтага недарэчна прышпілены скрэпкаю квіток на самалёт. - Выбачай, што распакавала. Не адразу зразумела каму, думала, твой Марцін у рэдакцыю матэрыял даслаў. Сам вінаваты, адрас на машынцы адбіў, а тваё прозвішча пасля назвы часопіса паставіў. Я не заўважыла. Скажы яму, што так каханкам не пішуць.

- Марцін такі ж мой, як і твой.

- Ты пачытай, мне ён такіх лістоў не дасылаў, нават тады, калі паміж намі нешта было.

Ліст чыста ў Марцінавым стылі: ні добрага дня, ні да пабачэння.

«Яня, калі ёсць жаданне пабыць разам, прылятай да мяне ў Кактэбель на два дні, зваротны квіток я табе ўжо ўзяў - зранку на панядзелак. З Сімферопаля наймай таксоўку, не будзь сціплай. Наконт грошай не хвалюйся, калі выдаткаў не заўважаю я, то Гелена і пагатоў.

Мяркую, нікога, апроч нас, не зацікавіць, якая адлегласць будзе паміж нашымі вуснамі ў святочныя дні: 2000 кіламетраў ці ніякай. Чакаю цябе не пазней за 20.00».

Замест подпісу прышпілена візітоўка - з аднаго боку на беларускай, з другога на французскай мовах. Адрасоў і тэлефонаў таксама было па два: менскія і кактэбельскія.

- Паляціш? - Віце сапраўды сталася цікава.

- Цяпер не сезон, пад канец верасня мора халоднае, - няпэўна адказала Яня.

- З'явішся ў панядзелак на працу, а ў тваёй сумцы яшчэ купальнік ад марской вады прасохнуць не паспее. Я, здаецца, і ўзімку паехала б. Там, відаць, ніколі холадна не бывае.

- Не люблю лятаць. Падумаю.

Праз пяць хвілін зайшоў галоўны рэдактар, Марцінаў сябра. Віта і яму паспела распавесці.

- Калі няма пільнай працы, можаш ісці, - сказаў ён, - трэба ж рэчы яшчэ сабраць.

Яня не стала спрачацца.

З Кактэбелем атрымалася тое ж, што і з барам. Першая прыгода не навучыла яе, хаця адразу ж і вырашыла для сябе, што нікуды не паедзе.

Затэлефанавала Марціну. Ёй вельмі не хацелася, каб трубку падняла Гелена. Але абышлося. Ад аўтаадказчыка даведалася, што Марціна не будзе ў Менску да канца месяца. Выкінуць білет у сметніцу Яня не змагла, не тое выхаванне. Свае грошы выкінуць і змарнаваць ёй здаралася, а чужыя - не. Яня ўжо ўявіла сабе Марцінаў твар - калі аддасць яму грошы.

Складанасці пачаліся ў касе.

- Дзе вы набылі квіток? - спыталася касірка.

- ?..

- Дзе набылі, там толькі і можна здаваць. Гэтае месца з броні, яно ў памяць камп'ютэра не ўведзена.

- Выбачайце, - дзякуй Богу, людзей у касе не было, і Яня не рызыкавала нарвацца на непрыемнасці, - брала не я. Можна як-небудзь высветліць ягонае паходжанне?

Касірка моўчкі зашчоўкала клавішамі, на дысплеі ўзніклі зялёныя лічбы.

- Каса кінастудыі.

- Думаеце, яны прымуць? Ці варта мітусіцца?

- Відаць, так. Усе рэйсы запоўнены на тыдзень наперад. Вось вам тэлефон, - касірка накрэсліла лічбы на бланку папярэдняга заказу.

- Дзякуй.

На кінастудыю Яня пазваніла адразу з метро:

- Я хацела б здаць квіток да Сімферопаля. На вячэрні рэйс. На заўтра.

- Чакайце, - пачуўся жаночы голас па той бок лініі. Потым, відаць, мікрафон прыкрылі рукою, наступная фраза прызначалася не ёй: - Адам, табе шанцуе - тое, што трэба. Заўтра на вечар, адно месца. Калі будзе? Хвілінку. - Зноў да Яні: - Калі можаце пад'ехаць?

- Зараз.

- На прахадной будуць чакаць.

За турнікетам побач з вахцёрам стаяў Адам, з якім чвэрць гадзіны да таго гаварыла касірка. Высокі і прыгожы шатэн - Янін ідэал мужчыны, які неаднойчы з'яўляўся ёй у снах. Добра падстрыжаны, злёгку няголены. Шырокі швэдар, шляхетна заношаныя джынсы, колеру натуральнай скуры невысокія боты. Сказаць, што Яня закахалася з першага позірку, азначала б зманіць. Яня кахала яго спрадвеку. Толькі не ведала, што ідэал існуе ў рэчаіснасці. Яна стаяла і глядзела на яго, забылася на квіток, на Марціна. Ён заўважыў позірк і ўсміхнуўся, вядома ж, не яна першая так глядзела на яго.

- Добры дзень. - Яе ідэал быў на адлегласці выцягнутай рукі. - Не вы часам тэлефанавалі ў касу?

- Я, - сказала Яня, а сама падумала: «Божа літасцівы, які ў яго голас, і я стаю побач з ім».

- Яна са мною, - сказаў Адам вахцёру.

На доўгім і шырокім, як праехаць машынаю, студыйным калідоры ён пачуваўся нязмушана - паспяваў паціскаць працягнутыя рукі, пасміхацца прывабным для яго і жахліва вульгарным, на Янін погляд, жанчынам. Але яна даравала яму ўсё гэта, бо ён гаварыў з ёю - астатняе было фонам.

- Вы ўратавалі мяне. Месца на вячэрні рэйс? Цудоўна. Мяне завуць Адамам, а вас? Разумееце, Яня, - ён сказаў «разумееце», і Яня ледзь не пакрыўдзілася, бо няўжо яна такая ж, як гэтыя бяздарна расфарбаваныя дзеўкі, нібыта яна можа не разумець таго, што кажа ён, - трэба ляцець на здымкі, а ў мяне не спыталіся і замовілі квіток на заўтра, з раніцы, а мне ўдзень, хоць задушыся, трэба быць у Менску.

- Жонка, дзеці? - наколькі магла абыякава запыталася Яня.

- Адкуль? Хіба можа быць у сапраўднага кінарэжысёра жонка? Раз'езды, здымкі... Вось і заўтра зноў Кактэбель. Вы там бывалі? Нават меліся быць там заўтра? Дзе звычайна спыняецеся? У доме Францкевіча? Сябруеце з ягонай жонкай? Шкада, што незнаёмы з ім асабіста, - класны драматург. А я ў менш цывілізаваным месцы. На здымачнай пляцоўцы - адразу за праменадам, на пясчаных пляжах. Дарога на Янышар. Здымаю фільм пра Патоцкую - «Фантан слёзаў», лухта, але прыгожа. Як будзеце на моры - заходзьце. Да канца года я праз тыдзень там.

Перад дзвярыма касы яны ўжо былі на «ты». А Яня паспела падкарэктаваць свае планы.

- Я не казала «здаць квіток», - перапыніла яна касірку. - Я хацела замяніць вячэрні рэйс на ранішні.

- Мне розніцы няма, - касірка ўзяла Адамаў і яе пашпарты, перапісала бланкі.

У суботу Яня прачнулася рана і, каб зноў не заснуць, уключыла радыё. Адгучаў беларускі гімн, навіны, і звыклы, толькі безаблічны, ледзь ужо не свойскі ў яе самотнай кватэры голас сказаў: «А зараз паслухайце навелу Марціна Францкевіча «Самагубства над морам». Чытае Алесь Вішнявецкі». Яня выключыла радыё, яе раздражняла Марцінава манера пісаць гісторыі з уласнага жыцця. Гэта была ўжо другая навела пра іхняе каханне, калі не браць пад увагу двухактовай п'есы.

Перад адлётам Яня патэлефанавала Гелене з аэрапорта. Трэба было спраўдзіць, ці засталася тая дома. Другі раз сутыкацца з ёю ў Кактэбелі не было жадання.

- Алё, - пачуўся ў трубцы Геленін голас.

Яня маўчала.

- Алё, я вас слухаю, гаварыце.

Яня павесіла трубку і высалапіла язык, бо праз тры гадзіны спадзявалася быць у Марціна.

 

* * *

 

Марцінаў дом, складзены з мясцовага збольшага абчасанага даламіту, стаяў на гары над морам, на самой мяжы: тут пясчаныя пляжы змяняліся на блакітную буйную гальку, тут плаўныя выгіны пагоркаў пераходзілі ў грувасткія скалы. Гэта была ўскраіна мястэчка, далей ішла дарога ў горы, што агінала закінутую каменедрабільню. Тут і ў сезон было пустэльна, а цяпер нават змрочна. Нізкія аблокі закрывалі вершаліны гор. Сюр'ю-Кая і Святую гару хавала бель, толькі ніжэйшая за іх Кок-Тэпэ бачылася цалкам. Суцэльны каменны паркан суседніх садоў, шчыльная зеляніна - і нідзе нікога. Яня азірнулася, за мястэчкам на кіназдымачнай пляцоўцы высіліся дыктавыя мінарэты.

Брамка была незамкнёная.

- Прыехала, - сказала яна сама сабе ўголас, - на чатыры гадзіны раней. А калі яго няма дома? Або яшчэ весялей - зайду ціхенька, а ён з палюбоўніцай? Тады цудоўна, лепшай нагоды пасварыцца і высветліць адносіны не прыдумаеш. Нахамлю, запатрабую зваротны квіток і пайду шукаць Адама.

Парадны ўваход быў замкнёны. Каб не адчыненае на другім паверсе сцяна-акно спачывальні, у якім вецер надзімаў заслону, дом выдаваў бы закінутым. Давялося зайсці з чорнага ўвахода. Ключ, як і два гады таму, ляжаў на бэльцы.

У спачывальні нічога, здавалася, і не змянілася з часоў яе вялікага кахання. Яня вырашыла, што падарожная торба не адпавядае інтэр'еру, і запхнула яе пад вялізны ложак. Можна было прыняць душ з дарогі - ванная тут жа, побач, нават дзверы ў яе прачыненыя. Але не лепшыя ўспаміны вязаліся ў Яні з ёю. Да таго ж заўсёды мог прыйсці Марцін і не так зразумець яе намеры. У здзіўленні Яня спынілася перад пісьмовым сталом. На ім стаяў упраўлены ў вельмі прыстойную рамку яе і Марцінаў партрэт - яны сядзелі на паркавай лаўцы і абдымаліся. Наколькі Яня памятала, ім ніколі не даводзілася разам фатаграфавацца. Яна згадала і той дзень, і той парк. Але ж фатографа з імі не было. Не пра тое думалі, не тым займаліся на той час. «Нічога, яшчэ адна нагода пасварыцца, - вырашыла Яня, - фотаздымкі вельмі эфектна нішчыць».

Аднак яшчэ больш яе здзівіў парожні флакон каліпсолу і ўжыты аднаразовы шпрыц побач.

Нават раней, калі здаралася прыняць дозу, Марцін на вуліцу не выходзіў. Замыкаў вокны, дзверы і ключ як мага далей хаваў.

«Так, не ад добрага жыцця, відаць, ён пажадаў вярнуцца да былой каханкі». - Яні нават стала трохі шкада Марціна, але яна згадала ягоныя словы, калі ён вучыў яе жыць два гады таму: «Яня, табе трэба навучыцца любіць самую сябе больш за іншых», - і яшчэ раз пераканалася ў іх слушнасці.

Пачуўся званок садовай брамкі, крокі. Яня падбегла да акна. Па сцежцы ішоў ён - Марцін. Яня адразу пазнала ягоны поступ, ягоны экстравагантны белы гарнітур, шырокі капялюш, чыста ў ягонай манеры - цёмныя акуляры ў змрочны восеньскі дзень. Але ён ішоў не адзін, пад руку з ім, з такім замілаваннем проста знаёмыя не ходзяць, сунулася нейкая дзявуля, да непрыстойнасці знаёмая, але хто яна, Яня не магла адразу згадаць. Капялюш, лёгкі пінжак, летнія нагавіцы, доўгія, як любіў Марцін, валасы і недарэчныя акуляры. Гэта было проста жахліва. Яня разумела, што бачыла гэтую дзявулю кожны дзень, бачыла і тут, у Кактэбелі, нават у гэтым пакоі. Але ж імя? Імя не згадвалася.

На развагі часу не заставалася, Марцін з дзявуляю ўжо зайшлі пад паветку.

«Добры кавалер, - падумалася Яні, - думае, што чатыры вольныя гадзіны ў іх ёсць, і пакуль я павінна прыляцець, прывёў да сябе сяброўку, а я, як дурніца, сустрэну іх у спачывальні».

Нанізе адамкнуліся дзверы. Наколькі Яня магла меркаваць па кроках, першай ішла дзеўка, за ёй Марцін.

«Не, - вырашыла Яня, - на ложку сустракаць не варта. Самае лепшае - схавацца ў ваннай. Яны зойдуць разам, каб прыняць душ, а я спакойна скажу: «Добры дзень». Не ведаю, як дзявуля, а Марцін аслупянее. Ён падумае, што я прывід, бо па ўсіх раскладах яшчэ лячу над Беларуссю».

У ваннай было светла, вузкае акно-стужка злучала сцяну і столь. Яня села на пральную машыну, паставіла невялікую торбачку на калені. Уласна ванну ад яе аддзяляла заслона з люстранога анадзіраванага поліэтылену. Яны зайшлі ў спачывальню, загудзеў тэлефонны дыск. Пачуўся прыцішаны дзвярыма да непазнавальнасці Марцінаў голас. Ён тэлефанаваў у аэрапорт, спытаўся, ці вылецеў з Менска самалёт, на які ён браў Яні білет.

- Выдатна, яна ў палёце, - звярнуўся ён ужо да сваёй дзеўкі, - раней чым праз тры гадзіны тут не з'явіцца. Відаць, ёсць сэнс яшчэ пасядзець у кавярні. Мяркую, ніхто нам не перашкодзіць. Да каханкаў знаёмыя не падыходзяць.

- Маеш рацыю, - голас ягонай сяброўкі здаўся крыху знаёмым.

«Так, зараз Марцін прапануе ёй прыняць душ, - падумала Яня, - відаць, будзе лепш, калі яны знойдуць мяне не адразу. Схаваюся за фіранку».

Яня асцярожна пасунула люстраную фіранку. І... ледзь стрымала крык. У ванне сядзеў нябожчык. Гэта быў Марцін. Бледны, без крыві, твар, заплюшчаныя вочы, доўгія вільготныя валасы даходзілі да плячэй. Ён сядзеў аголены, пасунуўшыся да сцяны, так, нібыта пакідаў побач з сабою месца яшчэ некаму. Рукі ляжалі на каленях далонямі ўгару. Запясці густа парэзаны, абазнана - уздоўж, а не ўпоперак, як ён зрабіў па недасведчанасці ў першы раз. Акрываўленае лязо ляжала на другім канцы ванны. У саміх парэзах крыві ўжо не было відаць - прамытыя вадою, яны раскрыліся: бялелі распараныя краі ранаў. Першы раз у жыцці Марцінава аголенае цела выклікала ў Яні адзін толькі жах. Яе вывеў са здранцвення голас за дзвярыма.

- Пайшлі на каву! - казаў Марцін, казаў сваёй дзеўцы і ў той жа самы час сядзеў нежывы ў ванне.

На нябожчыкавым твары не было ні пакуты, ні суму, ні ўсмешкі, здавалася, ён проста чакае. Яня заплюшчыла вочы і кранула яго плячо - халоднае, як мармур. Яня не выбегла ў спачывальню не таму, што баялася, каб яе ўбачылі, ногі не слухаліся, а голас - голас знік, яна толькі нягучна варушыла вуснамі.

Крокі аддаляліся, перакруціўся ключ у замку парадных дзвярэй, запала ціша. Яня выйшла ў спачывальню, ногі былі як гумовыя. Вецер прыўзняў заслону - сцежкаю ішлі да брамкі Марцін і дзеўка, ішлі пад руку, спакойна і няспешна. Яня перавяла позірк на фотаздымак, і яе працяла здагадка, яна ўспомніла Марцінаву сяброўку - гэта была яна сама: той жа, што і на фотаздымку, пінжак, тыя ж нагавіцы, яе ж доўгія несабраныя валасы.

Брамка зачынілася, і Яня засталася сам-насам з нябожчыкам. Зазвінеў тэлефон - міжгорад. Званок як адштурхнуў ад стала. Яня прабегла сходамі наніз, у сад, адчула млявасць, ледзь прымусіла сябе вярнуцца, замкнуць дзверы і схаваць на заўсёдным месцы ключ. Тэлефон усё званіў. І тут ёй прытрызнілася, як нябожчык падымаецца з ванны і, невідушчы, набліжаецца да тэлефона, бярэ слухаўку. Тэлефон змоўк. Яня ўсур'ёз пералякалася, што вецер падыме заслону і ў ванне ўстане нябожчык. Аголены, заплюшчаныя вочы, тэлефонная слухаўка ў руцэ.

Яня не вытрымала і кінулася наўцёкі. За брамкаю спынілася, агледзелася. Пустая, з канца ў канец, вуліца. З аднаго боку - каменны паркан, з другога - карказломны адхон, за якім пляж і мора, пацягнутае зборкамі хваляў. І толькі тады заўважыла, што маленькая торбачка з ёю. Раменьчык быў накручаны на руку.

Яня яшчэ нічога не прыдумала, што і як рабіць, але інстынктыўна імкнулася апынуцца як мага далей ад страшнага дома.

Спуск вывеў яе да ратавальнай станцыі. Яня спусцілася на пляж і села пад парапетам. Чысты, прамыты восеньскімі штормамі, пляж, плёскат хваляў збольшага супакойвалі. Заплюшчыла вочы і ўбіла рукі ў пясок.

Навязліва паўтаралася адна і тая ж праява: нежывы Марцін у ванным пакоі і запрашальна-вольнае месца побач. Як тады, два гады таму. Толькі месца было занятае. Занятае Яняю. І тады ўсё адбывалася як у сне з таго моманту, калі яны наважыліся развітацца з жыццём.

Напаўпустое мястэчка, халодны выстылы дом. Апошняя, як яны спадзяваліся, філіжанка кавы, апошні кілішак каньяку. І ўжо дакладна апошні флакон, шпрыц.

Самае дзіўнае - розум заставаўся празрыстым і светлым, але калені падгіналіся ад страху. Успомніла, як пачаўся нервовы смех. Смяяліся з усяго: з саміх сябе, з чайкі, што нечакана села на адчыненае акно, з самой Яні, калі яна спуджана прыкрылася коўдраю ад позірку чайкі, з разбітага келіха.

Ложак і тоўстая цёплая коўдра, з-пад якой так не хацелася падымацца. У гэтым нешта ёсць - маркітавацца і верыць, нібыта гэта апошні дзень жыцця, і не толькі твайго. Таму, відаць, і давялося расстацца, бо лепш, чым у той дзень, быць ужо не магло.

І класічны сум пасля акта, калі разумееш, што выходзіш у іншае вымярэнне. Калі разумееш, што шляху назад няма. Яны тады доўга цалаваліся пад цёплым душам. За адчыненымі дзвярыма ваннага пакоя апошняе вечаровае сонца коса раскрэсліла ложак ценем пераплёту. Вецер то ахалоджваў цела, то зноў падступалася вільготная цеплыня недарэчнай на марскім узбярэжжы прэснай вады.

Нарэшце Марцін узяў лязо і спакойна, як здавалася Яні, з блазенскай усмешкаю парэзаў сабе вены. Яны стаялі пад залевай празрыстай цёплай вады, а пад нагамі тая ж вада, але падфарбаваная ружовым, беззваротна знікала ў закратаванай адтуліне.

Марцін перадаў лязо Яні. Яна паспрабавала правесці ім па запясці, але не хапала духу мацней націснуць, не засталося нават драпіны. І тады яна папрасіла зрабіць «гэта» яго. Успомніла, як недарэчна прагучала «калі ласка». Заплюшчыла вочы і ўсё адно адчула боль. Як паколванне іголкаю.

Яны селі. Яня паклала свае рукі ў ягоныя. Моўчкі глядзелі, як сцякае кроў.

- Калі нас знойдуць толькі праз месяц? - спыталася тады Яня. - Мы ўжо будзем, - ніяк не магла падабраць стасоўнае слова, - несамавітыя.

- Вада ў баках скончыцца праз гадзіну, помпу я адключыў, тут будзе холадна. А Гелена спахопіцца праз дзень, я даслаў ёй ліст, - адказаў Марцін.

- І дзе ты прасіў нас пахаваць?

- Тут, у садзе, у адной шырокай труне.

- Давай спяшацца, пакуль рукі яшчэ слухаюцца. Усё адно яна не выканае запавету. А мы насуперак ёй застанёмся разам, назаўсёды. Давай спачатку ты ўколеш мяне, а сам потым.

Яны пацалаваліся.

Хваляю накацілася забыццё.

Далей Яня не памятала, але яскрава ўяўляла. Уяўляла, як у ванны пакой заходзіць Гелена і глядзіць на іх. Гэта было жахліва - разумець, што ты сядзела аголеная з чужым мужам, а на цябе глядзела ягоная жонка. Дзякуй Богу, такога з ёю ніколі больш не здаралася, а тады яна была няздатная разважаць.

Гелена наклала жгуты, вядома, спачатку Марціну, потым Яні, выклікала «хуткую».

Свядомасць вярнулася толькі ў мясцовай лякарні. Яня засталася адна: без каханка, без грошай, без дакументаў, нават без вопраткі, затое жывая. Ёй здавалася, што Гелена спецыяльна ўратавала яе толькі на тое, каб яна намучылася потым, адпакутавала. Бо і сапраўды, жыцця, прынамсі свядомага, ёй заставалася на той час хвілін пяць, не болей. І Гелена лёгка магла выправіць яе на той свет. Дакладней, не выправіць, а проста не затрымліваць. Як яна выбіралася тады з Кактэбеля! Дзякуй Богу, праз тыдзень з'явіўся яе цяперашні галоўны рэдактар, яго ўпрасіў прыехаць Марцін. Замест пашпарта ён прывёз Яні пасведчанне свайго часопіса, якое яму давялося выпісаць на яе імя. Так і зрабілася Яня машыністкай. Бо на старую працу вяртацца не было жадання. З таго часу Яня і насіла пасведчанне не ў торбачцы, а ў кішэні, з аварыйнай дваццацьпяткай. Старых дакументаў і вопраткі не знайшлі - відаць, Гелена знішчыла іх, каб хаця збольшага спагнаць злосць.

Яня ўсё сядзела на пляжы, успамінала. Імкнулася пераканаць сябе, што нежывы Марцін ёй толькі прымроіўся, вярнуўся з былога ў думках, вярнуўся галюцынацыяй, бо не праходзяць такія ўчынкі беспакарана. Але ж адначасна быў і ягоны голас за дзвярыма, і не толькі голас - ён сам ішоў па сцежцы, і з ім ішла яна сама ў адзенні двухгадовай даўніны, попел ад якога, відаць, даўно разнёс марскі вецер. Іх было дзве пары - і цяперашняя Яня не стасавалася да жывых, яе месца было побач з нябожчыкам - вольнае месца ў ванным пакоі.

Тут, у восеньскім Кактэбелі, вярталася былое, спыняўся час, мястэчка ні на каліва не змянілася за апошнія гады. Яніны пальцы яшчэ адчувалі мармуровы холад Марцінавага цела, і яна адно глыбей убівала іх у жвір.

Яня нават не заўважыла, калі самлела, - знясілены розум адключыў свядомасць. Яе далікатна крануў за плячо дробны, невысокі галічанін-ратаўнік, які і раней, два гады таму, нязменна сядзеў штодня на апарэлях з вудаю ў руцэ. Яна яго памятала, ён, відаць, не.

- Пані кепска? - спытаў ён.

Вечаровае сонца свяціла з-за парапета апошнімі пунсовымі промнямі.

- Не, я проста заснула. Хіба нельга?

- Чаму ж? - адказаў ён. - Але на ўсё ёсць адпаведныя месца і час. Давесці дадому?

- Не варта. - Яня ўстала і пайшла.

Ратаўнік доўга глядзеў ёй у спіну. І глядзеў, як ёй здалося, вельмі ўважліва. Можна сказаць - нават пільна. Так сочаць за патэнцыйнымі самагубцамі.

Яня ішла ўздоўж мора. Праваруч - парапет, леваруч - літая агароджа. Было адчуванне, што за ёю сочаць ізноў, хаця ратавальная станцыя заставалася за паваротам. Гэта ператваралася ў навязлівую ідэю. Яна азірнулася, і сэрца пахаладзела - спачатку спынілася, а потым зачасціла.

Пустэльны з выгляду праменад, дзе-нідзе прыхаваныя парачкі. Да яе набліжаўся Марцін. Белы гарнітур, капялюш, заўсёдныя акуляры, рукі ў кішэнях. Жывы нябожчык. Першым жаданнем было застацца на месцы і зблізу ўпэўніцца, што ён мроя. Але цвярозы розум перамог - Яня кінулася бегчы. Прывід за ёю. Агароджа скончылася. Вялікі пляц. Зачыненыя павільёны. Газоны са срэбна-аксамітнымі алівамі. Рэстаранная музыка, людзі. Хоць і часовы, але ратунак. Яня прыпыніла бег. Проста шпарка пайшла. Нябожчык пакуль што трымаў дыстанцыю.

Вялізны, як параход, зашклёны, у разлівах святла і музыкі, рэстаранны будынак высіўся пасярод пляца. «Элада» - жалобна-чорная ладдзя з неонавым надпісам-назваю на борце плыла фасадам. Прывід няспешна набліжаўся. «Нябожчык, нябожчык», - білася ў свядомасці.

Бегчы далей не мела сэнсу - дзвесце метраў абязлюднелай увосень цывілізацыі, а за ёю стэп і пустыя пляжы. Заставаўся адзін ратунак: зайсці ў рэстарацыю і прыбіцца да каго-небудзь. Калі дэбіл - тым лепш, абы твар звярыны, страшны і кулакі паболей. Хаця супраць прывідаў магло і не дапамагчы, але ж дзе ўзяць святара, да таго ж ксяндза, бо да папоў у Яні з дзяцінства не было даверу.

Шкляныя дзверы на зашчапцы. За шклом швейцар. Нябожчык спыніўся непадалёк, чакаў. Швейцар адмоўна пакруціў галавою на ўсе Яніны мігі. Яня прыклала да шкла банкноту. Швейцар зноў адмовіў. Марцін аддзяліўся ад сцяны і зрабіў колькі крокаў у яе бок.

Тады Яня скарыстала апошні шанец. Паказала праз шкло рэдакцыйнае пасведчанне. Пакуль швейцар няўцямна глядзеў на беларускамоўны залаты па чырвоным надпіс, яна ўжо чула за сабою крокі. Ад іх павявала смерцю. Яня гэта выразна адчула. Яны набліжаліся спакваля, але ўпэўнена. І сапраўды, куды яна магла падзецца, уцячы ад іх?

Раптам з-за рога «Элады» плаўна выруліў даўжэзны маціцовы «Форд» з бел-чырвона-белым сцяжком на капоце. Тэнт легкавіка, як у спякотны дзень, быў адкінуты. Яня заўважыла гэта бакавым зрокам. Крокі за спінай спыніліся.

- Яня! - пачулася з машыны.

Швейцар узяўся быў за зашчапку, але Яня ўжо бегла да «Форда». За рулём сядзеў Адам. Побач з ім, на пярэднім сядзенні - дзявуля, якая нязмушана піла проста з рыльца сухое віно, упёршы босыя ногі ў прыборную панель, і грэбліва разглядала Яню.

- Ты яе ведаеш? - скрывіла яна вусны.

- Не можаш трапіць у рэстарацыю? - Адам зняў дзявуліну руку са спінкі свайго сядзення, тая здзіўлена зірнула на яго.

- Адам! - Яня без выніку торгала дзверцу кабрыялета.

- Хочаш, зраблю табе столік? Паслуга за паслугу. Ты адна?

Тлумачыць сітуацыю не выпадала, бо Адам нават не глушыў рухавік. Толькі тут яна звярнула ўвагу, што на заднім сядзенні знаходзілася кампанія тыповых кіношнікаў. Двое мужчын і дзве дзеўкі. Кашулі-каўбойкі, да чарнаты апаленыя целы, пад нагамі камеры і штатывы. Яніна з'яўленне, відаць, не ўваходзіла ў іхнія планы, і яны ў непаразуменні глядзелі на Адама.

- Адам, нейкі маньяк ходзіць за мною.

- Дзе?

Яня азірнулася. На ганку рэстарацыі пуста. Швейцар прыплюснуў нос аб шкло і глядзеў на іх.

- Адам, звязі мяне адсюль, я не магу тут заставацца.

- Ты ж бачыш, у машыне і так адзін лішні чалавек.

Дзявуля паглядзела на задняе сядзенне, адтуль паглядзелі на яе.

- Я не магу тут быць, ён вернецца.

- Давай зробім так: я пасаджу цябе за столік і праз тры гадзіны вярнуся з машынай. Мы на здымках. Разумееш?

- Разумею. - Дзверца нарэшце падалася. Яня літаральна сапхнула Адамаву сяброўку на падлогу паміж сядзенняў. Уладкавалася сама і загадала: «Паехалі». Дзявуля ўпершыню з павагай паглядзела на яе.

- Як сабе хочаш, - злосна кінуў Адам і развярнуў машыну.

Аператарскі «Форд» спыніўся на здымачнай пляцоўцы. Ханскі палац больш нагадваў Альгамбру, чым Бахчысарай. Ілюзорнасць дыктавай архітэктуры амаль пераканала Яню, што ўвесь сённяшні дзень - мроя.

Адам адвёў яе ўбок, дзявуля незадаволена назірала за імі.

- Ты пасварылася з Францкевічам і табе няма дзе спыніцца?

- Не, яго няма, - у роспачы сказала Яня, - разумееш, яго больш няма, ён нябожчык. Ён ходзіць за мною. Пільнуе. Хоча забіць.

- Чакай. - Адам зайшоў у будку каля брамы і праз хвіліну вывеў адтуль таго самага галічаніна-ратаўніка, а сам падбег да Яні. - Зразумей, я не магу проста так кінуць усё і займацца тваімі справамі, да таго ж не ведаю, нашто мне гэта. Выпадак з акторкаю я табе дарую, за білет. Растлумачыш усё потым, калі вярнуся. Хочаш сысці - сыходзь, а хочаш - чакай.

Яня не паспела яго спыніць. Машына знікла за брамаю.

- З'ехалі, - сказаў ратаўнік, нібыта яна не заўважыла гэтага сама.

- Куды?

- За перавал, начная натура. Чаго ж ім яшчэ на аператарскай машыне ездзіць? Мне тут нават больш падабаецца рабіць, чымсьці на станцыі. Там даводзіцца часам і ратаваць, - падміргнуў ён, - а тут толькі вартаваць. Дзень там, ноч - тут. Раней за гадзіну ночы не вернуцца. Гэта яшчэ добра, што мора халоднае, а так і да ранку не дачакаешся. Давядзецца пані тут вартаваць, а то, крый божа, здарыцца што. Мо вячэру згатаваць?

- Не варта. - Яня раззлавалася, бо згадала, што пакінула ў машыне сваю торбачку, і п'яная акторка магла яе са спакойным сумленнем выкінуць на дарогу. А каб расцягнуць задавальненне, зрабіць гэта паступова: спачатку касметыку, дакументы, ключы, грошы і на заканчэнне Марцінаву візітоўку.

- Не варта, то не варта. Я ўжо вячэраў. Можна і дэкарацыі паглядзець.

Яні ягоны позірк не спадабаўся. Вочы мітусіліся. Інтанацыя не адпавядала сэнсу. Яня паспрабавала сябе супакоіць, што гэта з-за розніцы ў мовах. Але... Ёй зноў сталася не па сабе. Вярнулася пачуццё небяспекі. Зноў паўсталі ўваччу ванна, лязо і бяскроўны твар. Яня паднялася сходамі на галерэю.

У дэкарацыях выбудавалі толькі дваровы фасад. На другім баку перакрыжоўваліся драўляныя рыштаванні, святло пражэктараў да іх не дасягала. Мястэчка праглядалася, нібыта ляжала на сподку. Яня адшукала вачыма Марцінаў дом, які стаяў на другім баку затокі. У вузкім акне ваннага пакоя, што выходзіў на мора, гарэла святло. Сэрца зноў зрабіла два няроўныя ўдары і, здалося, спынілася. Святло міргнула і згасла. Там нехта быў.

У двары пачуліся прыдушаныя галасы. Яня пракралася назад, на галерэю. У браме стаялі двое: вартаўнік, ярка асветлены пражэктарамі, і нехта другі, каго збольшага хаваў цень. Вартаўнік паказваў рукою на сходы, якімі надоечы Яня ўзнялася. З цемры ўзнікла рука - белая пальчатка і белая ж манкета - перадала вартаўніку грошы. Пасля чаго вартаўнік знік у сваёй будцы, а з брамы выйшаў на святло той, ад каго Яня сёння ўцякала. Пад цяжкімі крокамі зарыпелі прыступкі.

Яня стаяла на вышыні другога паверха. На рыштаваннях нават не было парэнчаў. Крокі - вышэй, вышэй. Няспешныя і ўпэўненыя. Яе магла ўратаваць толькі цемра. Яня ўзяла чаравікі ў рукі і ціха пайшла па самым краі памоста па мяжы святла і ценю. І раптам ледзь не ўвалілася ў адкрыты люк - драбіны з яго сыходзілі ў цемру. Рэдкія, ледзь не праз метр, папярочкі.

Апошняе, што Яня ўбачыла, калі спускалася наніз, быў верх белага капелюша па той бок памоста. Шчыльная цемра падступілася з бакоў. Здавалася, што ў гэтых драбінаў няма канца. Але ўрэшце нага кранула зямлю.

Чарот, неглыбокі, па лытку, ручай, зноў чарот, жвір пляжа - і ўсё амаль навобмацак. Яня спынілася, вочы прызвычаіліся да цемры. Пакручастая сцежка вяла да грунтоўнай, але невысокай агароджы нейкай сядзібы. Па той бок чароту пачуўся шолах.

Ніколі яшчэ ў жыцці ёй не даводзілася бегчы так хутка. Яня перабралася за агароджу, прысела і знерухомела. Гэтым разам пагоня мінула. Яня наслухалася: усё - нікога. На ўсялякі выпадак адышла пад дрэвы і агледзелася. Прыватны падворак. Пергала, увітая вінаградам. Перспектыву замыкала прыбіральня, да якой веерам сыходзіліся вяроўкі для бялізны. На адной з іх самотна калыхалася кашуля-каўбойка. З рукамыйніка пад аголенаю лямпачкай навязліва капала вада.

Няроўна адколаты кавалак люстэрка сустрэў Яню няветліва. З яго глядзела зацкаваная дзявуля: размазаны макіяж, растрапаныя доўгія, ажно не змяшчала люстэрка, валасы, варты жалю позірк, прыпухлыя павекі.

«Нічога сабе я выглядала перад Адамам», - падумала Яня. У бялёсую ад мыльнага налёту палічку было ўторкнута лязо. Бліскучае і ладнае. Адбітак лямпачкі зіхцеў на ім. Тонкі метал нават не пакінуў часу на ваганні: імгненна сагрэўся ў Яніных пальцах. Рэзала яно адмыслова. Адзін, другі ўзмах. Першыя пасмы два гады гадаваных валасоў упалі на зямлю. Праз пару хвілін Яня сама сябе пазнавала з пэўнаю часткай фантазіі.

Высокая тонкая шыя, здрабнелая галоўка. Макіяж давялося змыць. Але вочы ўсё адно выдавалі большымі, чым да стрыжкі. Надышла чарга джынсаў. Тое ж лязо ператварыла іх у шорты.

На развітанне Яня азірнулася. Яе белая, шытая карункамі блузка глядзелася на вяроўцы больш эфектна, чымсьці завялікая для яе каўбойка. Давялося падкасаць манкеты. Прахалодны вецер надзімаў Яніну новую кашулю, як ветразь. Швэдар яна абкруціла вакол таліі.

Яніным жыццёвым правілам было заўсёды ўцякаць ад непрыемнасцей і складанасцей. Калі трэба, яны знойдуць самі. Ісці ў міліцыю і расказваць гісторыі пра прывідаў не мела сэнсу. Яня і ў менш складаных сітуацыях старалася выблытвацца сама. Але грошай на зваротную дарогу не хапала - толькі на таксоўку да Сімферопаля. Яня пралічыла адзіны магчымы варыянт. Пошта, дакладней, тэлефон. Званок да Віты - яна перашле тэлеграфам грошы, пасведчанне пры сабе - атрымае. Таксоўка, аэрапорт - і яна дома, а там ужо будзе відаць.

Чаргі да аўтаматаў не было. Яня размяняла грошы. Код на Менск абрывала на другой лічбе. Нарэшце нумар набраўся цалкам, але трубку ніхто не падымаў. На працы таксама нікога. Нумар тэлефона ў бары яна забылася. Фініш. Яня гнала прэч адну навязлівую бессэнсоўную думку. Але ў руках яшчэ былі манеты і тэлефонная слухаўка. І гэтую думку можна было прагнаць канчаткова, каб толькі набраць адзін нумар, які Яня памятала добра. Менскі нумар Францкевічаў. У трубцы азвалася Гелена:

- Алё.

Яня маўчала.

- Алё, я вас слухаю, кажыце.

Яня маўчала.

- Нічога не чуваць, патэлефануйце пазней.

Тут дзверы ў кабіну прачыніў мясцовы хлопчык.

- Цётка, цябе завуць Яняй?

Хуценька павесіла слухаўку. Не ставала, каб гэтую фразу пачула Гелена.

Па маўчанні хлопчык зразумеў - так. Сунуў ёй у рукі капэрту і літаральна выпарыўся - знік. Першым жаданнем было выкінуць ліст у сметніцу. Але, як любіў казаць Марцін, «ад цікаўнасці і котка здохла». На фарматным аркушы шчыльнай глянцавай паперы было надрукавана: «Яня, выбачай за няўдалы жарт. Але ты сама вінаватая - прыляцела раней, чым дамаўляліся. Усё растлумачу. Галоўнае, не бойся.

Мне прыкра, што так атрымалася.

Твой Марцін. Чакаю.

P.S. Валіза і зваротны квіток таксама чакаюць твайго прыходу. Калі не прыйдзеш, мроя стане яваю».

Дваістае пачуццё агарнула Яню. З аднаго боку, ліст з таго свету. З другога - усе падзеі сённяшняга дня выдавалі настолькі нерэальнымі, што яна згодная была прыняць першае лепшае тлумачэнне, а ліст даваў на гэта надзею. Да таго ж хавацца далей у начным мястэчку, дзе на вуліцах з кожнай хвілінай бязлюдзела, у яе проста не было сілаў. І апошняе - без зваротнага квітка дахаты не трапіць.

Яня прыняла кампраміснае рашэнне.

Выганамі яна дабралася да пагорка, на якім стаяў Марцінаў дом. Стромым адхонам ускараскалася да паркана. Наслухалася. Цішыня, толькі вецер і мерны плёскат хваляў унізе. Непрыбітыя дошкі таемнага лаза, якім яны раней выходзілі з Марцінам да мора, здолела рассунуць без шуму. Стаілася ў садзе.

Вялізны, складзены з рознавысокіх аб'ёмаў дом высіўся над ёю. Шурпатыя, цёмныя плоскасці сценаў, і толькі на першым паверсе праз няшчыльна прыкрытыя жалюзі выбівалася святло. Яно як магнезам цягнула да акна. Ухапіцца за падваконне, стаць на цокаль і незаўважна зірнуць.

Халодная бляха падваконня, шурпаты камень сцяны. За акном пакой, у пакоі нікога. І тут Яня адчула, што нехта стаіць за спінаю. Але азірнуцца не паспела. Халодная шорсткая марля легла на твар. Эфірныя пары апяклі вочы. Яня яшчэ супраціўлялася, намагалася вырвацца, спрабавала не дыхаць, аднак першага атрутнага, ад нечаканасці зробленага ўздыху хапіла, каб затуманіць свядомасць. Раптам наўкол паўстала пустэча. Цемра змянілася шэрым нішто. Перад апошнім, яшчэ не закрытым краем свядомасці прамільгнулі прывідны маціцовы «Форд» і Адам з акторкаю ў абдымку на пярэднім сядзенні. Выява перакруцілася дагары нагамі, бліснуў сцяжок і знік - Яня страціла прытомнасць.

Ачнулася Яня ад холаду. Яркае электрычнае святло сляпіла вочы. Было нясцерпна холадна. Яня сядзела на падлозе, аголеная, у Марцінавай спачывальні. Паспрабавала варухнуцца, ледзь не звалілася на бок. Ногі спавівала ад лытак і да каленяў махровая прасціна, рукі былі зведзеныя за спінаю, локаць да локця, іх таксама аблягала нешта шырокае і шорсткае, відаць, ручнік. Яня ўзняла позірк. Перад ёю на фоне фактурнай белай сцяны сядзелі двое, тыя, каго яна бачыла ўдзень з акна гэтага пакоя. Толькі цяпер, зблізку, іх ужо нельга было зблытаць з ёю і Марцінам. Каменныя, абыякавыя твары. Адно постаці і вопратка нагадвалі іх былых.

- Ну што, ачуняла? - Гелена зняла капялюш, акуляры і парык, які імітаваў цяпер ужо страчанае Яніна ўчасанне. Выняла шпількі і раскінула па плячах свае рэдкія доўгія валасы. Чужы гарнітур двухгадовай даўніны быў ёй трохі кароткі.

- Не бачыш сама? - той, каго Яня лічыла раней прывідам, таксама адкрыў твар. Кароткая стрыжка, дробныя мітуслівыя вочы. Без парыка белы гарнітур не пасаваў да яго. - Я ж казаў, што яна прыйдзе, - паправіў ён белыя ніцяныя пальчаткі, - ледзь не ўцякла, але на пошце яе вылічыў. Хацела сапсаваць усё гэтым маскарадам. - Ён паказаў на раскіданыя па ложку Яніны шорты, скрадзеную кашулю, швэдар і бялізну.

Яня нарэшце пазнала яго, спачатку твар таго, хто сядзеў з Геленаю ў бары Дома літаратара ў дзень, калі пачалося гэтае вар'яцтва, а потым і голас. Той самы голас, што запрасіў яе з рэдакцыі ў бар. Але дзе яна магла чуць яго дагэтуль - гэты добра пастаўлены, прэзентабельны голас, што так не пасаваў да знешнасці ўладальніка? Які існаваў нібыта асобна ад яго? І тут згадаўся такі, здавалася, далёкі і недасяжны сённяшні ранак, калі Яня, каб не заснуць, замест будзільніка ўключыла радыё. Яня ляжала ў ложку і думала пра Адама. Адгучалі гімн, навіны, і звыклы, сто разоў чуты голас пранікнёна звярнуўся да яе з рэпрадуктара: «А зараз паслухайце навелу Марціна Францкевіча «Самагубства над морам». Чытае Алесь Вішнявецкі».

- Алесь, - сказала Гелена, - давядзецца пачакаць, каб знік эфірны пах.

Яны размаўлялі так, нібыта нікога трэцяга побач не было.

- Дзе Марцін? - спытала Яня.

- Ён нікуды і не сыходзіў пасля вашай апошняй сустрэчы, - Гелена сказала гэта спакойна, але потым не стала сябе больш стрымліваць: - Прыляцела, ліст атрымала і прыляцела. Ты думала, усё, як раней? Я і тады за вамі сачыла ад першай сустрэчы. Нават фатаграфавала з тэлеаб'ектывам, каб потым было чым давесці. Ад мяне не схавацца. А ты не вытрымала, вячэрні рэйс на ранішні змяніла. Думаеш, гэта ён, Марцін, табе ліст пісаў? У яго іншым галава занятая. Гэта я сваімі рукамі. І квіток табе замовіла. Ведаеш, хто была ягонай каханкаю апошнія дні? Манекеншчыца, звычайная манекеншчыца. Хаця і ты не лепшая. Ён збіраўся ажаніцца з ёю. Хацеў мяне кінуць, змяніць мяне - акторку - на нейкую манекеншчыцу. Чуеш? Чаму я павінна была яму саступаць? Кінуць сяброў, знаёмствы і адысці ў цень? Што ты глядзіш на мяне так? Але, я яго забіла. Наркаман, і ты такая ж. Гэта я падклала ў шуфляду яму каліпсол і шпрыц. Ён доўга не думаў, калі знайшоў. Укалоцца і бачыць у мроях сваю дзеўку, што паспела ўжо выцягнуць палову ягоных грошай. Што ты глядзіш на мяне так? Вы самі хацелі такой смерці. Сысці крывёю ў абдымках пад душам. Але я тады вам перашкодзіла. Я не магла папусціцца, каб вы зрабілі гэта па сваёй волі. Я падаравала вам два гады жыцця. Каб не я, не было б і іх. Зразумела? Я маю права на вашу смерць, бо мела права на ваша жыццё.

Яня слухала, што казала Гелена, і адчувала, тая недзе мае рацыю. Бо Яня была першаю, з кім свядома здрадзіў жонцы Марцін, ён сам сказаў ёй пра гэта тут, у спачывальні. І раптам Яню зноў заклініла на адной думцы - адкуль тут магла ўзяцца Гелена? Яна ж паўгадзіны таму чула яе голас з Менска, з яе кватэры, па тэлефоне.

- Аўтаматычны сакратар, аўтаадказчык. «Кажыце, слухаю», - сама не заўважыла, што прамовіла ўголас сваю здагадку.

- Нарэшце здагадалася, - шчоўкнула Гелена пальцамі, - я думала, ты дурнейшая. Гэта ж заўсёды, калі мужа няма дома і звоніць тэлефон, падымаеш слухаўку, а ў ёй цішыня - ведаеш, нейкая дзеўка правярае, ці дома я, ці раптам не пайшла сачыць. Вядома, аўтаматычны сакратар. Для цябе я тут. І магу зрабіць з табою, што захачу, бо для іншых я дома.

Геленін каханак, дыктар радыё Алесь Вішнявецкі, моўчкі сядзеў нага за нагу. Здавалася, гэты маналог яму не падабаўся, ён спяшаўся.

Зазваніў тэлефон - міжгорад. Алесь занепакоіўся.

- Я падыму трубку, - Гелена падышла да апарата. - А ты, - звярнулася да Яні, - скажаш: «Марціна няма, яго больш няма». Дадаваць што-небудзь ад сябе не раю. Дапамагчы табе з Менска ўсё адно не паспеюць.

Трубка была халодная. Геленіны пальцы ляжалі на рычажках тэлефоннага апарата.

- Слухаю, я слухаю, алё! - сказала Яня. Прагучала надзіва спакойна.

- Яня, ты? - пачуўся далёкі Адамаў голас. - Ты забылася сваю торбачку. Я тэлефаную з-за перавалу. Са здымак. Казалі, ты сышла з пляцоўкі?

- Марціна няма, яго больш няма, яго не будзе, я адна! - прамовіла Яня пад пільным Геленіным позіркам - голас сарваўся на крык.

Гелена адключыла апарат, выняла раз'ём з разеткі. «Ратуй...» завісла ў паветры.

- Хто гэта быў? - Алесь пазбягаў глядзець Яні ў вочы.

- Не ведаю.

- Няма куды больш цягнуць. - Гелена расшпіліла сваю торбачку, паклала на стол шпрыц у празрыстым апакаванні і нераспачаты флакон каліпсолу.

Вішнявецкі адразу, ледзь толькі Яня пачала крычаць, накінуў ёй на твар ручнік і сцягнуў вузлом на патыліцы. Схапіў за плечы.

- Зараз ты супакоішся. - Гелена села пад сцяну на падлогу.

Яня добра ведала, як дзейнічае каліпсол. Адчуванні даволі прыемныя, ледзь не адразу пачыналіся каляровыя мроі. Але прыемныя з той умоваю, што ёсць гарантыя вярнуцца да жыцця. Цяпер такой гарантыі не было. Спакваля пачынала апаноўваць абыякавасць. Змагацца не мела сэнсу.

- Развяжы, - сказала Гелена.

- Будзеш крычаць, звяжу зноў. - Вішнявецкі аслабаніў Яні твар.

- Выйдзі, - сказала яму Гелена, - нам трэба на развітанне перагаварыць.

Яня засталася з ёю сам-насам.

- Я хацела б бачыць на тваім месцы тую манекеншчыцу. Нічога, з ёю таксама некалі разбяруся. - Гелена паправіла пальчаткі і пачала пераапранацца. Яніна адзенне кінула на ложак. - Ты - ідэальны варыянт. Вас знойдуць праз некалькі дзён, і ніхто не заўважыць тых паловы сутак, што аддзяляюць тваю смерць ад Марцінавай. Ні ў кога не будзе сумненняў у тым, што экзальтаваныя каханкі ўкалоліся і выправілі маю памылку двухгадовай даўніны - скончылі жыццё самагубствам, сентыментальна паўтарылі мінулы сцэнар. Ты сама паблытала Алеся з Марцінам і мяне з сабою, што тады казаць пра малазнаёмых людзей, якія бачылі нас у кавярні, на пляжы. Белае адзенне ўвосень уражвае, запамінаецца. Думаеш, хто-небудзь стане пралічваць, каму выгодная вашая смерць? І такім чынам выйдзе на мяне? Але ж для ўсіх я ў Менску. Толькі тэлефоны ў тых, хто звоніць, чамусьці сапсаваліся, яны мяне чуюць, а я іх - не. Ты не здагадалася, што гэта аўтаматычны сакратар, - калі спрацавала з табою, спрацуе і з іншымі. І твой стары пашпарт добра запомнілі на пошце, я ўсё дапытвалася, ці няма лістоў на тваё імя. Мне паведамяць пра вашу смерць ужо ў Менску. На Алесевай машыне заўтра будзем там. Правілаў парушаць не станем. Нашто нам паказваць дакументы? У цябе лёгкая смерць, нават болю ад ляза не пачуеш. Гэтым разам я не перашкоджу табе сысці крывёю.

Зайшоў Вішнявецкі.

- Гелена, трэба спяшацца.

Ён ужо таксама пераапрануўся і кінуў Марцінаву вопратку на ложак побач з Янінай.

- Машына на месцы?

- Хто стане хадзіць па закінутых каменедрабільнях? Канчаем.

Гелена спрытна набрала наркотык у шпрыц і ўвяла яго Яні ў вену на руцэ. Алесь заціскаў ёй рот скамечаным ручніком і не даваў выкруціцца. Амаль імгненна ад вялікай дозы затуманілася свядомасць. Каляровыя мроі апанавалі Яню, яна расслабілася і знерухомела, толькі пачашчанае дыханне лучыла яе з гэтым светам.

Вішнявецкі развязаў прасціну, ручнік. Узняў безуладную Яню на рукі і занёс у ванную. Гелена адвярнулася, калі ён рэзаў вены на зграбных, некранутых загарам Яніных руках. Палілася цёплая вада. Кармінавую кроў падхоплівалі струменьчыкі. Алесь зашморгнуў люстраную фіранку.

- Чакаць не варта, і так - напэўна. Сыходзім, - Гелена адчужана зірнула на каханка.

Згасла святло.

У ледзь асветленай ваннай пад цёплай залеваю сядзелі нябожчык Марцін і Яня. Ёй заставалася яшчэ якіх паўгадзіны жыцця, афарбаванага апошнімі мроямі.

Свядомасць усё ж такі вярнулася да Яні. Перад вачыма была падфарбаваная нежывым сінім святлом роўнядзь. Яня зразумела, што ляжыць у ложку і над ёю столь. Узняла рукі. Запясці ў бінтах. Адна ў шпітальным пакоі. За акном вецер і мора, ноч. Паспрабавала падняцца. Моцна хістала. Раптам падлога стала вертыкальна. Яня зразумела, што ўпала. Забегла медсястра, дапамагла падняцца. Запытацца хоць пра што-небудзь не было сілы. У ложку заснула.

Ледзь толькі зноў Яня расплюшчыла вочы, то ўбачыла ранак. У нагах сядзеў Адам.

- Гэта ты ўратаваў мяне?

- Добра, што ў торбачцы заставалася Францкевічава візітоўка, там быў тэлефонны нумар. І шчасце, што не так зразумеў цябе, ехаў, каб спакусіць прабавіць ноч са мною. Табе ж заставалася яшчэ хвілін дзесяць, і тое з рэанімацыяй. Я клікаў цябе, але потым пачуў, як вада пераліваецца праз край ванны, і залез у акно. Нашто вам было зноў гэтае самагубства?

- Ты нічога не зразумеў. Можаш не казаць мне, што Марціна больш няма. Я ўсё растлумачу потым. Я не хацела паміраць.

Ён маўчаў і няўцямна глядзеў на Яню.

- Дзе ягоная жонка Гелена і Вішнявецкі? - прыўстала Яня на ложку.

- Не ведаю...

Але па сполаху ў вачах Яня зразумела - Адам маніць.

- Скажы.

- Іх больш няма, яны разбіліся на перавале. Вішнявецкі сядзеў за рулём, абое насмерць.

- Адкуль ты ведаеш?

- Калі завёз цябе і ўладкаваў у шпіталь, то паехаў да следчага, ён мой знаёмы. Мне сказалі, што на перавале аварыя і ён там. Я сам бачыў іх, на ўласныя вочы, нежывых. Не хацеў казаць, хапіла б і адной смерці.

- Калі следчы будзе гаварыць са мною?

- Пасля абеду, раней доктарка забараніла цябе турбаваць. Яго проста не пусцілі.

- Цябе ж пусцілі?

- Калі я змог арганізаваць такі пакой на цябе адну, то пытацца не варта.

- Відаць, ты запрасіў доктарку на сённяшні вечар у рэстарацыю, ты ж не толькі пакоі ўмееш замаўляць. Яна маладая?

- Памыляешся, не на сённяшні, а на заўтра. Але ўсё гэта зроблена дзеля цябе. Адпачывай. Ты якія кветкі любіш больш за ўсё? Дарэчы, новая фрызура табе пасуе, мне так больш падабаецца, - сказаў Адам ужо ў дзвярах.

Адам нават паспрабаваў усміхнуцца, але яму гэта далося кепска. Усё ж такі ён быў рэжысёрам, а не акторам.

Яня засталася адна ў пакоі. Засталася чакаць прыходу следчага. Што скажа яму? Яня ніяк не магла вырашыць. Яна сапраўды засталася адна, і ніхто ўжо нікога не мог вярнуць. Калі яна сама няздольная нешта змяніць, то што зможа следчы, нават калі ўведае праўду? І нават калі ён Адамаў знаёмы?

Бо, сапраўды, сталася па ўсім.

 

1991




Беларуская Палічка: http://knihi.com