epub
 
Падключыць
слоўнікі

Максім Клімковіч

Сцэнар смерці

Нарэшце я магу расказаць праўду. Раскласці звяно за звяном той ланцуг жахлівых здарэнняў. Пра іх памятаюць, расказваюць і сёння. Яны ўжо склаліся ў паданні. І мая праўда будзе толькі адной з версій. Бо людзі не жадаюць ведаць, як было на самай справе, яны прымаюць той варыянт, які ім пасуе.

Цяжка паверыць у тое, што адбылося. Але для гэтага трэба бачыць прывідны туман над начным возерам, сполахі агню, чуць нязрушную цішыню і разумець безвыходнасць абставін. У смерць заўсёды цяжка паверыць, асабліва калі яна побач, у адным з табой пакоі. Разуменне смерці прыходзіць не тады, як сутыкаешся з ёю, а сам-насам, у адзіноце, калі пачынаеш успамінаць.

Цяпер я магу расказаць праўду, бо поруч няма нікога з тых, што былі разам на выспе. Ёсць толькі магілы і абарваныя сувязі. Колькі ўжо версій і здагадак чуў я аб той трагедыі. А я не расказаў праўды, бо ўсе лічылі, што змогуць разабрацца лепш за мяне - таго, хто быў там ад першага імгнення да апошняга, таго, хто бачыў забойцу на ўласныя вочы, сядзеў з ім за адным сталом. Яны лічылі, што ведаюць больш за мяне, лічылі, што маюць права судзіць, і толькі чакалі ад мяне пацверджання гэтаму.

Да праўды так і не дайшлі, бо не хацелі яе ведаць. Я мог і тады расказаць яе, але хто б даў мне веры, ды і каму было расказваць.

Мне самому, калі тая жахлівая ноч перакулілася світанкам, смерць падалася мрояй. Я проста ведаў, што так было на самай справе, і не больш за тое. Нашто было пераконваць астатніх? Лягчэй з-за гэтага не сталася б нікому. Ні мне, ні ім.

Мы заўсёды хочам зрабіць адно, атрымліваецца другое, а памятаем мы ўжо трэцяе. Так што і мая праўда - толькі мая, у кожнага была, відаць, уласная. Але ж я магу ўспамінаць, а другія толькі здагадвацца.

 

- Дзякуй, - сказаў я, - спадзяюся, хопіць, - паклаў на прыборную панель храбусткую чырвоную банкноту.

Таксіст не пярэчыў, моўчкі ўзяў грошы, перакруціў лічыльнік і згасіў у салоне святло.

- Шчасліва даехаць. - Я выйшаў з машыны ў вільготную восеньскую цемрадзь. У адказ - фарсіраваны гул рухавіка і слізкае шапаценне пратэктараў па апалай лістоце.

Урачыста-змрочнае карэ будынкаў Дома творчасці адбівалася ў люстраным загарадным асфальце. Шчыльнае ад туману, жоўтае святло ліхтароў стварала ўражанне, што ў свеце глыбокая ноч, хаця гадзіннік паказваў яшчэ толькі палову на адзінаццатую. Самы час, каб сядзець у холе за вялікім сталом і гуляць у карты пад неабавязковую размову. Відаць, гэтым самым зараз і займаліся за каляровым шклом акна-стужкі другога паверха.

Чуліся прыцішаныя галасы і смех.

Усю дарогу ад Менска я не паліў і таму адчуў ледзь улоўны водар дыму, які то знікаў, то з'яўляўся ў парывах ветру. У Доме творчасці палілі камін. Ён нагадаў мне аб цыгарэтах. Нераспачаты пачак прыемна адчуўся ў руцэ дакладнымі гранямі.

Палову неадкладных праблем я пакінуў у горадзе, і гэта супакойвала, а распачынаць другую палову ў мяне не было пакуль што жадання. Я сеў на лаўку і запаліў. Пошукі адміністратара ці павярховай кансьержкі былі не такой тэрміновай справай, каб не пачакаць дзесяць хвілін. Галоўнае, запрашэнне на літаратурны семінар пры мне.

Дробны, але густы дождж ледзь чутна патрэскваў над галавой, сцякаў тонкімі струменьчыкамі з вялікіх лісцяў экзатычнай ліпы. Лес навокал патанаў у цемры. Бляклае, каляровае святло паблісквала адно ў вузкіх вокнах і плыткіх калюгах на асфальтавым пляцы.

Бязгучна на ганак выйшаў Сак. Запаліў напалову скураную, але згаслую цыгарэту. Прымружыў і без таго невялікія, як два цвікі, вочы. Але мяне не згледзеў. Твар саракагадовага празаіка выдаваў у паўзмроку ўзнёслым. Каб не постаць спартсмена-барца, я б нават пазайздросціў ягонаму ўменню трымацца. Бо гэта самае цяжкае - трымацца нязмушана, калі ты сам або калі на цябе глядзіць шмат незнаёмых людзей. Следам за ім выйшла дзяўчына ў тонкай ядвабнай сукні з торбачкай на доўгім раменьчыку. Тэатральна ляжала на плячах вузкае белае баа. Ад аднаго выгляду яе аголеных рук і плячэй зрабілася холадна. Але здавалася, што яна холаду не адчувала.

- Выбачайце? - спыталася ў Сака.

Той няспешна павярнуўся ўсім целам. Моўчкі агледзеў ногі, слізгануў позіркам па тонкай таліі, затрымаўся на невялікіх грудзях, што выразна акрэсліваліся пад тонкім ядвабам, спыніўся на аголеных плячах. Да прывабнага твару і доўгіх, наплоеных валасоў ён не дайшоў, відаць, вырашыў, што і так - хопіць.

Дзяўчына чакала адказу, нарэшце зразумела - марна.

- Вы, - «вы» ёй далося цераз сілу, - прыйшлі з хола, вы там з панам, - «пан» даўся лягчэй, - вы там з панам Вадзімірам Даўгалевічам?

Зноў маўчанне і нязрушны позірк.

- Можна пазнаёміць Даўгалевіча са мной?

- А нашто?

- Забіць.

- Чым? - Сак пасур'ёзнеў.

- Сваім выглядам.

- Адкуль ты такая ўзялася? - прамовіў на выдыху Мікола Сак і кінуў недапалак у калюжыну.

Гэтым разам прамаўчала дзяўчына. Я не стаў чакаць чарговай фразы і выйшаў з цемры, бо ведаў дакладна - гэта будзе якаясьці брыда. А потым ён усё адно пачне заляцацца.

- Добры вечар, - падаў руку Саку.

- Прыехаў? - Ён паціснуў далонь даволі моцна, але спешна.

- Як заўжды, спазняюся. Не ведаеш, Даўгалевіч тут?

- У каміннай зале.

Я пытальна паглядзеў дзяўчыне ў вочы.

- Добры вечар, - сказала яна. - Відаць, мне варта пайсці.

- Чарговая вар'ятка, - Сак сеў на парэнчыну, - хоча, каб я пазнаёміў яе з Даўгалевічам. Калі з усімі знаёміць, то калі ж яму пісаць застанецца? Нацыя страціць літаратара. Сама, відаць, вершы піша? Ведаў я такіх паэтак, і не адну.

- Вершы. Нават неблагія, - сказаў я, хаця і не ведаў аб ёй нічога. - Толькі на імя забыўся. Памятаеш партрэт і публікацыю? Інтэлігентныя вершы, - падшукаў універсальнае слова. - Мы ж з ёй і на папярэднім семінары сустракаліся, побач за сталом сядзелі, - зрабіў дзяўчыне знак рукой.

- Гражына Логвін, - яна нечакана зрабіла кніксен. - Я ўспомніла. Цябе завуць...

- Марцін. Марцін Каменскі, а яго Мікола Сак.

- Логвін? Гэта мужыковае ці дзявочае прозвішча? - лабаво запытаўся Мікола.

- Псеўданім, - змазала сэнс Гражына.

- У маім нумары ёсць вольная канапа, - сказаў у прастору паміж мной і Гражынай Сак, - рыхтавалі для Даўгалевіча, а тут Эдмундас Кяльміцкас прыехаў адпачываць, то Вадзімір да яго падаўся жыць. Захацелася ім успомніць інтэрнацкае мінулае з Літінстытута. То я кажу, канапа вольная ёсць і стол пісьмовы.

- Гражына, пачакай нас каля більярднай, я занясу рэчы і пераапрануся. У камінную залу пойдзем разам.

- Чакай, у мяне віно ёсць, - клікнула наўздагон Гражына, - белае, трохгадовае. Прыхапіць як падзяку?

- Возьмеш пазней, як да нас з Міколам завітаеш, а наверсе не тая публіка, каб ты іх за свае грошы паіла.

- Нашто ўлез? - казаў мне па дарозе Сак. - Я хацеў да сябе завесці. Някепская дзеўка. Заўважыў?

- Па-першае, ты для яе стары, па-другое, - я намысліўся, каб схлусіць, - у мяне з ёй раман, яшчэ з мінулага семінара. Той раман трагічна абарваўся, мы не пакінулі адно аднаму адрасы і нават імёнаў не назвалі. Хацеў, каб яна прыйшла да цябе ў пакой? Калі ласка, яе прывяду я. А табе давядзецца начаваць у мезаніне.

У залу зайшлі ўтраіх. Гражына наперадзе, мы ззаду. У канцы вялікага, як тэнісны, стала сядзеў Даўгалевіч. З мінулага разу, як мы бачыліся, ён яшчэ больш пагрузнеў. Твар апух, звузіліся вочы, вусны набылі колер нежывога адцення. Ён падняўся насустрач. Я са здзіўленнем адзначыў ягоную цвярозасць, такое здаралася апошнім часам усё радзей. Уражанне, што гэта гвалтоўна працверазелы местачковы шляхціц, прапала, ледзь ён наблізіўся да Гражыны і нязмушана ўзняў яе руку да вуснаў. Уся грувасткасць ягонай постаці знікла, і я паверыў ізноў у тое, што свае гістарычныя раманы-дэтэктывы, якімі зачытваліся і ў метро, і ў праектных інстытутах і якія было не сумна пачытаць самому, пісаў менавіта ён.

- Гражына, - прадставіў я, - літаральна ўмольвала Міколу пазнаёміць яе з Даўгалевічам. А ён...

- Той самы Вадзімір Даўгалевіч, - нарэшце адпусціў руку. - Садзіцеся за стол, мы тут гуляем, далучайцеся. Як ты, Марцін?

- Збольшага.

Я сеў побач з Гражынай і шэптам назваў прысутных:

- Насупраць нас Эдмундас Кяльміцкас, летувіс, піша гістарычныя раманы, яму, як і Даўгалевічу, пад пяцьдзесят. Прынцыпова не перакладае беларусаў на летувіскую, хаця і лічыць Вадзіміра лепшым празаікам з нашых. Тэрэза Маршанская, яны ўтраіх вучыліся ў Літінстытуце, крытык. Яе муж, Сямён Маршанскі, не наш, але з нашых, піша па-расейску, таксама крытык, толькі не з лепшых. Каб не быў жанаты з Тэрэзай, доўга б тут не выседзеў. А Міколу Сака ты ўжо ведаеш.

- Мне няёмка, - ледзь чутна прамовіла Гражына, - адны мы з табой, ды, можа, яшчэ і Сак, маладыя, а яны ўсе залішне салідныя.

- Дзядзька Вадзімір, - паклікаў я, - Гражына баіцца, што тут сабраліся залішне салідныя людзі. І мы з ёй не ўпішамся сюды.

- Лухта, пасядзі, агледзься - звыкнешся. Салідныя людзі з каго бяруцца? З такіх, як вы.

 

Размова на нейкі час прыпынілася. Сак моўчкі круціў пустую шклянку ў пальцах. Даўгалевіч паставіў на стол спічастую, як гатычная вежа, нераспачатую бутэльку сухога віна.

- Марцін, вы з Гражынай, відаць, сёння яшчэ не пілі, - звярнуўся ён да нас дваіх, - таму пачынайце, - і лёгка пусціў па паліраванай паверхні бутэльку, а за ёю і штопар.

Корак падаўся лёгка. Ад халоднага віна Гражыніна шклянка ўкрылася дробным кандэнсатам.

- А сабе? - здзівіўся дзядзька Вадзімір.

- У кожнага свой метад, - я перадаў бутэльку Саку, - калі вып'ю, то заўтрашні дзень лясне, але за прапанову дзякую.

- Што ж, кожны жыве, а значыцца, і п'е згодна са сваімі перакананнямі, я не люблю ўпрошваць, бо не люблю, калі ўпрошваюць мяне.

- Нешта не згадаю, каб цябе даводзілася ўпрошваць, - уставіла Тэрэза.

- І дадай: толькі ў пажонднай кампаніі, - Даўгалевіч паставіў на стол другую бутэльку. - А ты, Марцін, калі не п'еш, то, зрабі ласку, схадзі ў бар па каву.

- З каньяком?

Я спыніўся адразу за дзвярыма і зірнуў у трэльяж. Тры адбіткі, і ў кожнага свой выраз твару: цэнтральны сур'ёзны, левы хітры, правы паблажлівы. Два хавалі вочы, трэці пільнаваў. І самае дзікае, што ніводзін непадобны да мяне. Торс, валасы - нібыта мае, але не твар. Адно, што пазнавалася адназначна, - пусты столік для лістоў пад люстэркам, бо ён не дубляваўся - проста пачынаўся за шклом і выходзіў за яго.

Доўгія калідоры, з'яднаныя сходамі, сцяліся ў дзяжурным асвятленні.

Па той бок стойкі засяродзілася з Даўгалевічавай кніжкай у руках такая ж прывабная і дагледжаная, як нікеляванае абсталяванне вакол, дзяўчына-барменка. Я пастукаў манетай па чорным шкле стойкі. Дзяўчына дачытала абзац і ўзняла позірк.

- Сем філіжанак кавы.

- Вы часам не ў камінную залу замаўляеце? - Дзяўчына не дачакалася майго адказу. - І ён з вамі? - паказала на кнігу.

- А то што?

Рухі ў яе былі бліскавічныя і адпрацаваныя, але ніяк не паспешлівыя. Распалены жвір на паніве, пах кавы і глыбокае дэкальтэ барменкавай сукенкі міжволі прымушалі ўспомніць паўднёвы марскі пляж. Я нават расчуліўся.

- Вось гэтая філіжанка спецыяльна для яго, грошай за яе не трэба, - дзяўчына дэманстратыўна адлічыла з мікраскапічнай партманеткі дробязь і ўкінула ў касу.

Я разлічыўся за астатніх.

- Ён мне кнігу падпісаў, - не ўстрымалася і кінула мне наўздагон барменка.

- Віншую. - Я спыніўся ў прачыненых дзвярах.

- Божа літасцівы, як яны ўчора тут сварыліся. Даўгалевіч і той, што з ім, кучаравы.

- Маршанскі? - машынальна перапытаў я.

- Пэўна. Божа, як сварыліся, з-за нейкіх грошай ці жанчыны. Той пайшоў, а Даўгалевіч застаўся, казаў, што заб'е і яго, і яе. У мяне нават нож прасіў пазычыць, казаў, нагоніць, зарэжа і назад прынясе. Я не дала. Тады ён мне і кнігу падпісаў. Вы часам не ведаеце, чым гэта ўсё скончылася?

- Выбачай, кава стыне. А нажа нікому не давай і са стойкі прыбяры, каб не было спакусы.

Зваротная дарога падалася карацейшай. Ужо на падыходзе я пачуў, як шчоўкнула дзвярная клямка каміннай залы. Асцярожныя крокі. Цішыня, зноў крокі і Сакаў голас: «Не відаць яшчэ, пэўна, да новай барменкі падбіраецца».

Клямка зноў шчоўкнула і адрэзала галасы ад мяне. Зірнуць у люстэрка не выпадала, даводзілася адначасна сачыць за сямю філіжанкамі. У зале ўсе па-змоўніцку маўчалі.

- Гэта вам ад дзяўчыны з бара, ад нашага століка вашаму - прэзент, - я падаў Даўгалевічу філіжанку.

- Супраць цябе змова, - нахілілася да мяне і прашаптала Гражына, - рыхтуйся.

- Гэй, сакрэты прадаваць нельга, - Маршанскі прыўстаў. - Зараз усё яму растлумачым, і няхай вырашае сам.

- Я прапанаваў, я і буду тлумачыць, - Сак запытальна зірнуў на Даўгалевіча, той згодна кіўнуў галавой і адначасова падміргнуў мне. - Ведаеш такую гульню, калі адзін выходзіць з пакоя, а астатнія прыдумляюць слова? Потым ён вяртаецца і па коле пытаецца ў кожнага што заўгодна. А ўсе павінны шчыра адказваць: «так» ці «не». Трэба адгадаць слова, якое было задумана.

- Палова гульні падрыхтаваная, - сказаў Даўгалевіч, - ты, Марцін, выйшаў з пакоя, а мы загадалі слова, нават дадзім маленькую падказку, бо гэта не зусім слова, а абрэвіятура, трэба раскрыць яе - «МПС». Згаджайся.

- Хочаце з мяне дурня зрабіць? І колькі часу вам на гэта адведзена?

- Не нам, а табе, - Даўгалевіч расшпіліў бранзалет і паклаў на стол гадзіннік, - чвэрць гадзіны.

- Згоду я дам, але з адною ўмоваю. Каб трохі падпсаваць вам настрой, калі выйграю. Тады вы абяцайце мне гучна крыкнуць, каб пачулі ва ўсім доме.

- І ў бары, - уставіў Сак.

- Так, і ў бары. Вы тройчы праскандзіруеце: «Мы прайгралі Марціну!» Магу пачынаць?

- А калі не ўправішся, будзеш крычаць сам, што прайграў. Мы яго ўкруцім. - Сак паклаў руку на спінку Гражынінага крэсла. - Час пайшоў.

Я пачаў з Гражыны, бо сядзеў праваруч ад яе.

- Вашае «МПС» - яно жывое?

- Так, - Гражына глядзела на мяне.

- Гэтае «МПС» ёсць у каміннай зале?

- Так, - Сак, які сядзеў наступным, падміргнуў Гражыне.

- Гэта чалавек?

- Так, - Кяльміцкас нахіліўся наперад, каб я мог бачыць ягоныя залішне шчырыя вочы.

- Гэта мужчына?

- Не, - Маршанскі зрабіў занадта сур'ёзны выгляд.

- Жанчына? - машынальна ўдакладніў я.

- Не, - Тэрэза Маршанская ў захапленні ад таго, што іхні план разгортваўся як мае быць, падавілася цыгарэтным дымам і закашлялася.

- Стоп, - сказаў я, - гэта чалавек, які сядзіць тут, у зале, але ён не мужчына і не жанчына?

- Пяць хвілін прайшло, - задаволена канстатаваў Сак. - Крычаць праз дзевяць хвілін давядзецца так, каб пачулі ва ўсім доме і ў бары таксама.

- Гэты чалавек гермафрадыт?

- Не ведаю, не спрабаваў, але спадзяюся, што не, - не ўстрымаўся ад разгорнутага адказу Даўгалевіч. - Гражына, а ты як лічыш?

Яна ўтупіла вочы ў стол. А Сак і за ім астатнія пачалі прыхавана смяяцца. Я ўважліва зірнуў кожнаму ў вочы. Усіх, апроч Гражыны, гэта яшчэ больш падвесяліла, а яна ўпарта чакала майго пытання, бо, відаць, пралічыла яго наперад.

«Так, - падумалася мне, - калі ўсіх падвесяліла магчымасць аднаму з прысутных быць гермафрадытам, а сур'ёзнымі засталіся толькі мы з Гражынай, відаць, гэтая падначка нас дваіх і тычыцца. Гэта нехта адзін з нас, толькі абрэвіятура хітра састаўлена, і яе клініць на пытанні: «Жанчына ці мужчына?», калі яго ставіш рубам. Паспрабую абысці».

- Вы самі вымагаеце падобных пытанняў з пачуццёвай сферы. Гражына, ты тэарэтычна можаш маркітавацца з тваім «МПС»?

- З маім? - перапыталася Гражына, і ўсе насцярожыліся. - Тэарэтычна... Не адназначная пастаноўка праблемы, - спахапілася яна пад пільным Даўгалевічавым позіркам, - удакладні.

- Добра, ты б магла, згодна законам ці правілам фізіялогіі, пераспаць з «МПС»?

- Так, гэтае сумеснае дзеянне мяне і «МПС» не пярэчыць правілам фізіялогіі, маім перакананням і тэарэтычна можа адбыцца, - пасля роздуму сказала Гражына.

- А ты, Мікола?

- Мне і думаць няма чаго, вядома, так, калі «МПС» не супраць, - Сак задаволена пацёр рукі. - Думай, Марцін, думай, пяць хвілін засталося.

- Атрымліваецца, што або Мікола блакітны, або Гражына мяне падманула.

- Дойдзеш да мяне па наступным коле, адкажу, а зараз рухайся далей, - Сак паглядзеў на гадзіннік і паківаў мне пальцам.

- Яны ўсе кажуць праўду?

- Так, - нейтральным голасам падаў Кяльміцкас.

- Але гэта нонсенс, - здзівіўся я.

- Не, для «МПС» не нонсенс. Глядзі, не прадай, - Маршанскі звярнуўся ўжо да Гражыны.

- «МПС» - гэта Сак? - спытаўся я ў Тэрэзы.

- Няўжо ты лічыш мяне ананістам, - пакрыўдзіўся той, - адказваю за сябе і за Тэрэзу - не.

Тая пацвердзіла.

- Гэта Гражына?

- Не, - Даўгалевіч паказаў мне два пальцы, што, відаць, азначала дзве хвіліны да канца гульні.

- Гэта я?

- Так, - адказала Гражына, - дарма радуешся, гульня не скончылася, ты не раскрыў абрэвіятуры «МПС».

- Ён радуецца, - убіўся Сак, - што тэарэтычная магчымасць можа стаць практычнай.

- А для цябе «МПС» гэта Гражына? - нарэшце зразумеў я, што «МПС» можа быць для кожнага сваё.

- Так, я гэтага і не адмаўляў, а ты кажаш: то гермафрадыт, то ананіст, то блакітны, - удаў крыўду Сак.

- Для вас «МПС» - Сак?

«Так», - Кяльміцкас позіркам падтрымаў мяне.

- «М» азначае «мой»?

- Так, - Маршанскі відавочна стаміўся і ўжо хацеў спаць.

- «П» - гэта азначэнне?

- Так, - кіўнула Тэрэза.

Давялося намысліцца, каб не трапіць з плыні «так» у плынь «не». «Якое азначэнне на «П» стасуе да мяне Гражына, - думаў я, - да Гражыны Сак, да Сака Кяльміцкас?» У гэты час Даўгалевіч урачыста ўзняў гадзіннік над сталом - заставалася чвэрць хвіліны. І тут раптам прасвятлілася літара «С» - гэта «сусед». Мы ўсе за сталом суседзі адно аднаму, не сябры, гэта пачуццёвая катэгорыя і таму недакладная, а суседзі - геаметрычная катэгорыя, і не больш таго. Затое яна дакладна акрэслівае нашы адносіны.

Даўгалевіч ужо ўзняў руку, каб адбіць час, а я нават не паспеў прааналізаваць, але паспеў сказаць:

- «М» - гэта «мой», «П» - «правы», «С» - «сусед». «МПС» - «мой правы сусед», для кожнага свой.

Даўгалевіч адбіў час гадзіннікавай бранзалеткай па філіжанцы і сказаў:

- Ну што ж, фокус не прайшоў, давядзецца крычаць, як дамаўляліся.

- Хвілінку, - перапыніў я, - мне будзе прыемней выйсці на калідор, зачыніць дзверы і паслухаць адтуль - ці датрымаеце вы сваё слова - крычаць так гучна, каб было чуваць паўсюль?

- Я яшчэ прапанаваў бы віна, - развёў рукамі Даўгалевіч, - але, на жаль, з сабой больш няма, мо ты, Марцін, сходзіш да мяне ў нумар, прынясеш? Заадно паслухаеш адтуль, калі не пачуеш, паўторым. Там яшчэ ёсць, - ён палез у кішэню па ключы.

- Я магу адкупіцца, - Гражына паставіла на стол сваю, прыхаваную насуперак маім перасцярогам, бутэльку, - я наогул ціхі чалавек, адна загана, што палю.

- Згодны, хаця сёння і не п'ю, - сказаў я.

Мы з Гражынай сышлі на пусты калідор, прычынілі за сабой дзверы.

 

Я ніяк не мог зразумець Гражыну. Спачатку мне здавалася, што яна тыповы выпадак - паэтка-студэнтка, упершыню вырвалася ад бацькоў у вольнае жыццё на творчы семінар, адсюль гарантаваная няпэўнасць і непаслядоўнасць у паводзінах. Але разам з тым занадта сур'ёзны выраз твару пастаянна збіваў з панталыку. Яна часам прымала правілы флірту, часам раптоўна іх адмаўляла. Праўда, і яе сяброўскія жэсты былі на мяжы з правакацыяй. Да таго ж дзейнічала насуперак традыцыям і розуму: на людзях даволі пераканаўча ўдавала сваю прыхільнасць да мяне, нават, можа, перабольшвала, прынамсі, мне так здавалася, у бок закаханасці. Але што ўдавала - гэта дакладна, такія рэчы адчуваюцца на лік «раз».

Затое калі мы засталіся сам-насам - адчужана, нават непрысутна зірнула праз мяне ў трэльяж і сцялася ў чаканні, хаця я быў перакананы - яна мелася сказаць мне нешта важнае. І гэта было для яе больш важнае, чым дзяжурнае заляцанне. Але што магло быць паміж намі акрамя флірту? Мы ж яшчэ і гадзіны не ведалі адно аднаго.

Да таго ж я цалкам не адчуваў з яе боку эратычных памкненняў, ніякага лібіда, якім беспамылкова кіруецца большасць мужчынаў у сваім выбары: да якой жанчыны можна наблізіцца і абняць, а якую варта абысці з незалежным выглядам на адлегласці выцягнутай рукі. Нават да самай прыгожай жанчыны, калі ў яе сапраўды няма ў думках спакусіць кагосьці, ніводзін разумны мужчына не падыдзе, ён адчуе гэта і, каб не выглядаць смешна, удасць абыякавасць - бачылі мы і не такіх! Прыгажосць і прывабнасць - гэта рэчы з асобных плоскасцей. Адна з абсалютных катэгорый, другая з адносных.

Гражына ж тады мяне ўвяла ў зман сваёй непаслядоўнасцю, і я абышоўся з ёю лагічна, але не разважна - наблізіўся і абняў. Я страшэнна не люблю ўчынкаў, якія не маюць зваротнай сілы, якія немагчыма адрабіць назад, і пагаджаюся з імі толькі тады, калі назамен мне прапануюць такі ж самы незваротны ўчынак.

- Выбачай, - Гражына сціснула мне далонь, - ты мяне не так зразумеў, я сама не растлумачыла табе ад пачатку.

- Калі трэба нешта тлумачыць, лепш прыбяру руку.

- Не крыўдуй, я проста хацела, каб ты мне дапамог, але не паспела спытаць дазволу. Ты сам справакаваў мяне, калі зманіў, што мы знаёмыя. Можаш на людзях удаваць, нібыта мы закаханыя? Табе гэта не зашкодзіць?

- А сам-насам можна? - Я ўрэшце зняў руку.

- Не ведаю, прынамсі, не цяпер і не ў гэтым доме. - Гражына вярнула маю руку на ранейшае месца, зноў сціснула далонь.

- Ты ж сама толькі што адмовіла мне, - я зірнуў на яе, як на вар'ятку.

- Хіба гэта адмова? Але раптам нехта выйдзе. Так што лепш пакінь руку. Ці табе непрыемна?

Я прамаўчаў і паглядзеў на нас у трэльяж - натуральная пара вар'ятаў, і асаблівым вар'яцтвам вылучаюся ў гэтай пары я. Адно перад адным бяздзейсна ўдаваць каханкаў з нагоды таго, што нехта можа нас пабачыць.

За дзвярыма пачалі скандзіраваць. І тут я нарэшце заўважыў, што на століку для лістоў ляжыць вялікая капэрта, у якіх звычайна дасылаюць часопісы. На ёй быў наклеены адрасат.

- Глядзі, - сказаў я, - мы з табой не тое каб вар'яты, але як мінімум клоўны, вось нам нехта і даслаў клоўнскую капэрту, такіх памераў, каб з задніх крэслаў амфітэатра было відаць.

- Не, не нам, - запэўніла Гражына, - там наклеена адно прозвішча.

- Тады, відаць, даслалі табе, але можна ўдаць, што мы ажаніліся і ў нас адно прозвішча. Цікава толькі якое? Зараз паглядзім.

Гражына хацела стрымаць маю руку, але я выслабаніўся і ўзяў капэрту.

- Даўгалевіч, - прачытаў уголас выразаны з акадэмічнага часопіса і наклеены на капэрту радок.

За дзвярыма апошні раз грымнула:

- Мы прайгралі Марціну!

Калі з адчыненых дзвярэй вызірнуў Даўгалевіч, мы ўзорна абдымаліся. Гражына ўбачыла яго і непадробна адхіснулася ад мяне. Я зноў мала што зразумеў, але, галоўнае, адчуў пэўную шчырасць у яе паводзінах.

- Ат, мы, відаць, дарма стараліся, яны нас і не слухалі, разумею, занятак не з горшых, - сказаў дзядзька Вадзімір, з-за ягонай спіны зацікаўлена глядзеў Сак.

- Вам ліст, - я падаў, - у клоўнскай капэрце.

- Нават незаклеены. - Даўгалевіч уладкаваўся за сталом.

- Дзіўна. - Гражына адпіла трохі віна, было відаць, як яна хвалявалася (можна падумаць, што мы сапраўды каханкі, а дзядзька Вадзімір яе муж і заспеў нас знянацку на калідоры), - гэтая капэрта тут, у вялікай зале, глядзіцца нармальна, нібыта для яе і падрыхтаваная, а там на калідоры яна не стасавалася маштабам з атачэннем.

- Гэта таму, што вялікаму пісьменніку - вялікі ліст, у натуральную велічыню, - сказаў Сак. - Вы з Марцінам сапраўды драбнавата глядзеліся побач з ёй, а гэты чалавек натуралёва.

Даўгалевіч павольна выняў з капэрты акуратную, са зрэзанымі пад кола ражкамі кардонку, стэрыльна-белую. Са здзіўленнем перакруціў яе другім бокам. Яго здзіўленне перадалося ўсім, бо на адвароце здалёк чыталіся тры словы, наклееныя друкарскімі літарамі з часопісных загалоўкаў: «Цябе чакае смерць». Усталявалася ціша. Я чуў, як дробна пазвоньваюць пярлінкі на Гражынінай бранзалетцы. Яна сама не вытрымала гэтага гуку і абкруціла бранзалетку хвастом баа.

- Смерць, - нечакана гучна сказала Тэрэза і спалохана кранула вусны.

Маршанскі безуважна глядзеў у столь і нават дэманстратыўна пазяхнуў. Кяльміцкас моўчкі пазіраў на кардонку, якую трымаў у здранцвелых руках Даўгалевіч, трымаў, як транспарант, тэкстам вонкі.

Сак схіліўся да нас і пераканана запэўніў:

- Ды ён сам сабе яго напісаў - страшэнна любіць такія гульні.

- Аўтар ліста мае рацыю, - нарэшце сказаў Даўгалевіч, - смерць чакае кожнага з нас. На жаль, аўтар толькі забыўся напісаць тэрмін, калі канкрэтна я з ёю сустрэнуся. А без гэтага ліст губляе сэнс. Я думаю, час разысціся па нумарах, ужо позна, разліце хто віно, і пойдзем.

- Можна зірнуць? - Сак абышоў стол, узяў ліст і капэрту, скамечыў іх, паклаў на прысак у каміне. - Забудземся на чыйсьці няўдалы жарт і вып'ем за першы дзень семінара, за нашу сустрэчу. Нічога ж не здарылася, чаму вы раптам засумавалі? Вып'ем за Марцінаву перамогу.

Нарэшце капэрта занялася, водбліскі агню засвяціліся на шклянках, як свечы.

Я прапусціў усіх наперад і выйшаў апошнім, прыхапіў спод з пустым посудам. Асабліва салідна глядзеліся Маршанскі са сваім дыпламатам і Сак, які нёс міністэрскую папку. Не хапала толькі масянжовай пласцінкі для папкі і бранзалета-кайданкоў для дыпламата, але выратоўвалі два замкі з лічбавым наборам.

На сходах Гражына наблізілася да мяне і прашаптала:

- Ты можаш зараз прыйсці да мяне?

- Нашто? Каб распрануцца і легчы ў ложак, на выпадак калі хто зойдзе? - шэптам на шэпт адказаў я.

- Мой нумар пяцьдзесят, я пакуль што адна, нумар не паблытаеш?

- Не, лёгка запамінаецца, гэтая лічба ў мяне завязана на юбілей Даўгалевіча, які ён будзе святкаваць праз месяц.

- Дык прыйдзеш? - Гражына спынілася перад дзвярыма свайго пакоя.

- Падумаю.

- Ну, і хадзі галодны, - кінула яна на развітанне.

 

Бар быў ужо зачынены, я азірнуўся, знаёмая мне дзяўчына з бара сядзела на месцы вахцёркі. Я ціха свіснуў.

- Стаўляй посуд на пульт, - майго свісту аказалася дастаткова, каб яна перайшла на «ты», - заўтра памыю.

- А што ты не на сваім месцы, за стойкай? Кавы не варыш і дахаты не ідзеш, позна ж?

- Бачыш, давялося маці на вахце падмяніць. Калі хочаш кавы, я тут згатую, у мяне ў пакойчыку за загарадкай паніва са жвірам, джэзвы, усё як мае быць. Бар ужо пад сігналізацыю здала.

- Даўно тут сядзіш?

- Вось мы тады пагутарылі, я нож са стойкі прыняла, бар замкнула і сюды села, маці дахаты выправіла. Лепш тут пасядзець, з табой пагаварыць, чымсьці гаспадарку ў мястэчку весці.

- Ты ж не выспішся. Ці ў тым пакойчыку і канапа ёсць?

- Анягож не. Дык я пайду, кавы пастаўлю? На дваіх?

- Добра, толькі пачакай хвілінку, - спыніў я яе, - за той час, што мы не бачыліся, сюды ніхто не заходзіў?

- Не тое надвор'е, не на шпацыр, залева і зімна на дварэ.

- А што, іншых уваходаў няма?

- Ёсць, толькі іх ужо праз гадзіну пасля вячэры замыкаюць, але на зашчапкі, на выпадак пажару, каб можна было выскачыць. Звонку не ўлезеш, а з сярэдзіны і дзіця адамкне.

- Дык, кажаш, нікога і не было за гэты час? - Я ўсё вагаўся, ці ісці да Гражыны, ці застацца з нікеляванай барменкай.

- Чакай, а што табе да таго? Ну, толькі адна жанчына прыехала, ва ўзросце, апошнім аўтобусам. А так ніхто не заходзіў і не выходзіў.

- У які нумар яе пасялілі?

- Нумар? Нумар? - Яна разгарнула рэгістрацыйную кнігу. - Нумар пяцьдзесят, разам з нейкай Гражынай Логвін. Цябе яна абыходзіць?

- Не, - адказаў я, - гатуй кавусю, а я пайду ў душ.

- Да сустрэчы, - яна зрабіла мне ручкай, - не забаўся, «кавуся».

Я ўжо каторы раз ішоў бясконцым у сваёй пакручастасці калідорам, дзверы розніліся адно нумарамі. Я машынальна чытаў лічбы. Яны то ішлі адна за адной, то раптам узнікалі правалы на тры, на пяць нумароў, але дастаткова было зірнуць убок, і ўсё станавілася на свае месцы - адгалінаванне ў рэдкіх кропках дзяжурных лямпачак і ў ім тыя трое ці пяцёра дзвярэй.

Каб не нумарацыя, то для мяне існавала б свая колькасць дзвярэй, меншая за сапраўдную. Бо ў мяне свой шлях па доме, я ж не заходзіў у адгалінаванні. Для іншага, чый шлях ішоў насупраць майму, нумарацыя была б свая, а таго, хто існаваў у адгалінаваннях, я наогул мог не заўважыць, нават ніколі не ўбачыць, як і ён мяне. Але ж мы ўсе жылі ў адным доме, і кожны з нас быў суседам другому.

«Безнадзейна, - думаў я, - вылічыць таго, хто падкінуў ліст Даўгалевічу. Зразумела адно - гэты нехта жыве разам з намі ў адным доме, ён (а можа, зрэшты, яна?) дакладна ведае, дзе знайсці Даўгалевіча. Але нашто ўвесь гэты цырк, разлічаны на гледачоў? Куды прасцей і бяспечней даслаць ліст па пошце. Ці я памыляюся? Можа, гэты чалавек - мой сусед, але жыве ў адным з адгалінаванняў? Таму мы і глядзім на свет іншымі вачыма?»

Сак сустрэў мяне фразай:

- Ну, Марцін, як твае поспехі?

- А табе так цікава? - Я скіраваўся ў душ.

- Маўчу, маўчу.

Я не люблю прымаць ванну, бо заўсёды ведаю, што ў ёй да мяне нехта мыўся. А душ - гэта заўсёды маё, і толькі. Ён ілюзорны: паўстае і знікае, калі трэба, існуе толькі ў руху. Душ у нумары быў выдатны: гарачая (да разумнага) вада, прыстойны ціск і нават падлога з падагрэвам.

Сак ужо паспеў рассунуць дубальтовы сямейны ложак і ўклініць пасярэдзіне часопісны столік.

- Не, ты паглядзі, - казаў ён, - ставяць такі ложак - гэта ж правакацыя распусты, а ты, гіцаль, карыстаешся з таго, што дзяўчына сама не ў стане яго рассунуць. Да Гражыны пайшоў?

- Не замыкай дзверы, вярнуся пад раніцу.

- Шкада, - расчуліўся Сак, - я і бутэльку прыхаваў, думаў, пасядзім, пагаворым аб нацыянальных праблемах, а ты вунь які герой - па дзеўках хадзіць. Справу рабіць трэба!

 

Я лёгка пастукаў у дзверы пад нумарам 50, з-пад іх на дыван прабівалася тонкая паска святла. Гражына праслізнула на калідор.

- Ты прыйшоў? Калі шчыра, я ўжо не чакала. Ты што, мыўся? - Яна кранула мае валасы.

- Камуфляж - дык вышэйшага гатунку, я ведаю, ты не адна, пагаворым лепш заўтра. Мяне чакаюць у другім месцы.

- Зразумей, прыехала адна кабета, яе падсялілі да мяне, пурытанка. Але я хачу папрасіць цябе аб адным, дапамажы мне...

- Што ў тваім нумары кабета ва ўзросце, я таксама ведаю, але пагаворым заўтра. За ноч свет перакуліцца не можа. Дабранач.

- Дабранач. Сустрэнемся пры сняданку.

Барменка не вылучалася ні розумам, ні тэмпераментам, да таго ж скураная канапа часоў трэцяй імперыі была вельмі вузкай і нязручнай. Затое кавусю згатавала выдатную, відаць, не горшую, чымсьці Даўгалевічу падчас нашай першай сустрэчы. Яна сама піла каньяк з маленькай чаркі і ела дробна пакрышаную шакаладку. Смяялася, расказвала нешта неабавязковае.

На развітанне я спытаў: «Чаму бярэш грошы за каву сярэдняга ўзроўню і раздаеш дарма экстракласы?» Яна чамусьці пакрыўдзілася і дэманстратыўна ўзялася дачытваць раман, падпісаны ёй дзядзькам Вадзімірам. Я трохі пастаяў, але яна моўчкі чытала, дапівала каньяк з маленькай чаркі і даядала дробна пакрышаную шакаладку.

 

- До спаць, сняданак блізка. - Сак стаяў пасярэдзіне пакоя і расціраў аголены торс шорсткім ручніком.

Я ўжо даўно не спаў і чуў, як ён да гэтага швэндаўся па нумары, з нумара ў душ, на калідор і вяртаўся.

На падыходзе да сталовай мы пачулі на сходах сварку. Крычалі Даўгалевіч і Кяльміцкас. Зразумець што-небудзь было немагчыма, бо сварыліся яны па-летувіску.

- Хутчэй! - Сак пабег наперад.

Але было ўжо па ўсім. Між імі стаяў Сямён Маршанскі і ўгаворваў супакоіцца.

- Табе, Вадзімір, я сказаў праўду, думай што хочаш, - кінуў па-беларуску Кяльміцкас і няспешна пайшоў наніз. Мы з Сакам старанна рабілі выгляд, што нічога не чулі і не бачылі.

Нашыя сталы былі побач. За адным паселі Даўгалевіч, Сак, Сямён і Тэрэза Маршанскія. Я, Гражына і Кяльміцкас - за другім. Гражыніна зялёная торбачка легла на вольнае крэсла.

- Нашто сварыцца, - пачаў Сак, - няўжо ёсць што дзяліць?

- Якраз з-за гэтага ўсё і ўсчалося, - Эдмундас разгарнуў картку меню. - Ну, давайце паглядзім, з чаго нам сёння выбіраць?

Даўгалевіч таксама разгарнуў картку, і тут я ўбачыў, як раптоўна ён змяніўся з твару. Усе гэта заўважылі і змоўклі, адзін толькі Кяльміцкас, які сядзеў спінаю да Даўгалевіча, бязгучна прагаворваў назвы страў.

- Што там? - нарэшце спытаўся Сак.

Дзядзька Вадзімір перавярнуў картку, каб усе маглі прачытаць. На падобным да ўчарашняга кардоне, з такімі ж акуратнымі ражкамі былі наклеены Даўгалевічаў фотаздымак з апошняй публікацыі і друкаваныя словы ў два радкі: «Да юбілею не дажывеш». Тэрэза ўскрыкнула, Эдмундас азірнуўся і адклаў меню набок. Колькі часу маўчалі.

- Ат, Вадзімір, хопіць нас дурыць, - Сак забраў у яго картку, - ты, відаць, сам сабе рэкламу робіш ці падвучыў каго. А калі гэта сапраўды нейкая поскудзь робіць, то глядзі: раз, два, - Сак падраў кардонку, - і няма нічога.

Елі моўчкі. Раптам Даўгалевіч адклаў прыборы, адсунуў талерку і ўрачыста абвясціў:

- А вы ведаеце, што мой юбілей на самай справе сёння?

- Чакай, - спыніў яго Эдмундас, - мне ж ужо і афіцыйнае запрашэнне прыйшло ад Саюза на твой юбілей. Калі не памыляюся, то гэта роўна праз месяц?

- «Афіцыйнае», - перакрывіў Даўгалевіч. - Нешта ты раней афіцыйным паведамленням веры не даваў. Паперам верыць нельга. Ну пераблыталі мне месяцы, калі пашпарт выпісвалі. А на самай справе пяцьдзесят мне сёння споўніцца, уначы. Так што запрашаю вас у госці. Да сябе ў фальварак. Ты ж, Марцін, яшчэ там не быў.

- Дзякую, але мне заўтра на семінары выступаць.

- Мы заўтра і вернемся, замоўлю таксоўкі, сто кіламетраў усяго ў два бакі. А там у мяне дом на выспе, уяўляеш, возера і маленькая выспа, навокал нікога, бліжэйшая вёска і тая не на беразе, а за грэбляй, вакол адна вада. Паехалі, калі што тэрміновае ўзнікне, у мяне там рацыя ёсць, патэлефануеш. А лазня ў мяне якая?! Парыльня, нават басейн ёсць.

- А ў басейне што? - спытаў я.

- Як што? Вада. А ты думаў, шампанскае? - здзівіўся Даўгалевіч.

 

Ад'езд прызначылі на вечар.

- Марцін, зрабі, каб і я паехала з вамі, - папрасіла Гражына, - мне гэта важна. Разумееш?

Мы разам пайшлі да Даўгалевіча, у яго сядзеў Кяльміцкас. Я пачаў плесці, быццам мы спецыяльна з Гражынай выбраліся сюды, каб пабыць разам, што ў Менску нам сустракацца не выпадае. Даўгалевіч слухаў, слухаў і нарэшце зразумеў, чаго я дамагаюся, сказаў:

- Мне здалося, што я запрасіў вас дваіх.

Гражына падзякавала і пайшла.

Я ж папрасіў яшчэ ад сябе:

- Дзядзька Вадзімір, а нельга будзе так зрабіць, каб мы жылі з ёй у розных пакоях?

Нечакана для мяне з мезаніна спусціўся Сак і моўчкі стаў прыслухоўвацца да нашай размовы.

- Нешта я да канца не разумею, - сказаў Даўгалевіч, - просіш спачатку адно, але ўрэшце твая справа, вядома, можна.

Гражына чакала на калідоры.

- Дзякуй табе, Марцін.

- Жыць мы, дзякуй Богу, будзем у розных пакоях. Толькі што дамовіўся.

- Ты сказаў яму, што мы толькі ўдаем каханне? - раптам спалохалася Гражына.

- Пакуль яшчэ не. А мне і там давядзецца ўдаваць?

- Ведаеш, я лепш табе ўсё растлумачу, каб ты болей не здзіўляўся. Толькі нікому не кажы, добра? Мне здаецца, ты павінен зразумець мяне.

- Не ўпэўнены.

- Разумееш, - Гражына ўзяла мяне за руку, - разумееш, я кахаю Даўгалевіча і хачу быць каля яго, толькі каб ні ён, ні хто другі пра гэта не здагадваліся. Я кахаю яго. Глупства, праўда? Але што зробіш? Мне неабходнае прыкрыццё - ты.

- Клінічны выпадак, - я паціснуў плячыма, - але сапраўды, што ўжо зробіш? Спадзяюся, спакушаць яго ты не збіраешся, каб Даўгалевічу не давялося потым прасіць прабачэння за тое, што адбіў у мяне дзяўчыну.

 

Каб не ствараць ажыятажу наконт ад'езду, мы нікога не папярэдзілі. Ужо пад вечар дзядзька Вадзімір прыгнаў з Менска дзве таксоўкі, наладаваныя бутэлькамі і харчам. Ён пакінуў іх на шашы і патэлефанаваў кожнаму з нас з бара.

Сустрэліся на дарозе. Выбіраліся з лесу па адным.

Эдмундас Кяльміцкас у плашчы, са стэкам і доўгім муштуком выглядаў вельмі эфектна.

Сямён Маршанскі нёс з сабою дыпламат, які адмовіўся класці ў багажнік, а калі сеў у машыну, то прыціснуў яго да сябе аберуч. Ягоная жонка, Тэрэза Маршанская, наадварот, здавалася, зусім не брала пад увагу вартасць сваёй валізкі, хаця, відаць, там былі вечаровая сукня, касметыка, чаравічкі і ўсё астатняе для таго, каб жанчына магла адчуваць сябе ўпэўненай нават на бязлюднай выспе. Мікола прыхапіў з сабою адно пляскатую поліэтыленавую торбу, з якой вытыркаліся матузы ручніка. Гражына ж адразу апранулася як на баль: жоўтая ядвабная сукенка, функцыя якой была, здавалася, больш агаляць, чым прыкрываць, белае баа, святочныя басаножкі на босую нагу, заўсёдная зялёная торбачка і доўгая парасолька на рэмені цераз плячо - не раўнуючы, стрэльба.

Даўгалевіч сеў за Маршанскім у першую машыну, да іх далучыліся Кяльміцкас і Сак. Нам дасталася другая машына, на пярэднім сядзенні села Тэрэза. Першыя кіламетры мы яшчэ трохі перакідваліся рэплікамі. Але потым далося ў знакі, што напярэдадні я спаў самае большае гадзіны са тры. Прылёг галавой Гражыне на калені, дзякуй Богу, пярэчыць ёй пры Тэрэзе не выпадала, і заснуў.

 

Мне прыснілася пахаванне. Натоўп. Мы з Гражынай узбіліся на парапет Дома літаратара, на ёй тая ж сукенка і толькі баа чорнае. Чамусьці першымі з дзвярэй выходзяць аркестранты, трубы фальшывяць і блішчаць на асеннім сонцы фальшывым жа золатам, за імі выносяць вянкі, замыкае працэсію пахавальная каманда: Кяльміцкас, Сак, Маршанскі і Даўгалевіч нясуць труну, побач ідзе Тэрэза ў жалобным уборы. Натоўп падаецца ў бакі. Жанчыны галосяць. Чамусьці ўсе нашыя, і Мікола, і Эдмундас, і Гражына, у чорных акулярах. Аркестр змаўкае, труну падносяць да аўтобуса, чакальна адчынены люк. Чацвёра мужчын асцярожна стаўляюць на асфальт пустую труну. Даўгалевіч здымае акуляры і глядзіць на людзей, усе глядзяць на яго і чакаюць. Ён няспешна кладзецца ў труну, скрыжоўвае рукі і нерухомее. Натоўп зноў запаўняе праход, і я больш нічога не магу разглядзець. Аўтобус паволі ад'язджае.

Калі я прачнуўся, ужо звечарэла, вузкая брукаванка ў старых прысадах агінала возера, што раз-пораз узнікала ў лясных прагалах. Пярэдняя машына падміргнула паваротам, скінула хуткасць: звярнула ўлева.

Таксоўкі адна за адной з'ехалі спадзістым адхонам да возера. Адначасна, як на парадзе, развярнуліся і спыніліся перад вузкай палоскай пясчанага пляжа. Калі ўсе павыходзілі з машын на невялікую лапінку зямлі, заціснутую з бакоў лесам, сталася нават цесна. Затое за пляжам разляглася абмежаваная адным толькі туманам сумна-шэрая паверхня азёрнай вады. Запаволена-марудныя хвалі бязгучна краналі бераг, змушана пагойдваліся навязаныя да масткоў чаўны і катэр пад чахлом.

Даўгалевіч на некаторы час аджыў, стаўся рухавым. Ён пацягнуў следам за таксістамі, наладаванымі кардонкамі, важкую скрыню з харчам, з гарэлкай. Я перахапіў адзін край скрыні, глуха, як камень аб камень, адгукнулася шкло поўных бутэлек.

- Дзядзька Вадзімір, дайце дапамагу.

- Піць? Ці есці? - Даўгалевіч асцярожна выпусціў з рукі край скрынкі. - Ты, Марцін, сабе толькі ўяві, што ўсё гэта мы мусім выпіць, - ён кіўнуў на закладзеную ў два слаі размаітымі бутэлькамі і пляшкамі скрыню. - Паглядзі на іх усіх і ўяві сабе - кожнаму запхнуць у страўнік па дзве, а каму і па тры бутэлькі, ды яшчэ закуску зверху. І дзе яно ўсё там падзенецца?

Я азірнуўся - густы туман шматкамі наплываў на масткі, і людзі каля машын з запаленымі фарамі то знікалі, то прамалёўваліся скрозь шчыльны вэлюм, што адліваў штучным золатам электрычнага святла. Калі мы з Даўгалевічам вярталіся па хісткіх мастках да берага, знянацку туман пагусцеў і дошкі насцілу зніклі ў вільготнай белі. Я спыніўся і выцягнуў руку - яна па локаць правалілася ў туман. Адно жоўтымі шарамі ледзь заўважна прабіваліся фары.

- Марцін, - Даўгалевічавы крокі сціхлі, - відаць, тое ж самае бачаць людзі пасля смерці. Пра чарнату, што валіцца на іх знянацку, - гэта лухта, чарната - нешта, яна існуе, яе хоць пабачыць можна. А вось такая цвілая дрэнь - сапраўднае нішто, нават нельга згледзець уласных ног. - Даўгалевіч зрабіў колькі крокаў, масткі захісталіся.

- Лепш пастойце, - я спрабаваў разгледзець у сувоях туману ягоную постаць, - бо ўпадзеце, а тады і не ведаю, як вас буду выцягваць.

- Ты яшчэ панепакойся аб тым, як мяне хаваць будзеш.

- Калі такім туманам уваліцеся ў ваду, то хаваць, баюся, не давядзецца, растварыцеся і нат слядоў не пакінеце.

- Ведаеш, - спачатку з туману ўзнікла адна толькі рука, а потым і сам Даўгалевіч, але толькі па пояс, - у такіх дурных абставінах з'яўляюцца дурныя думкі, нібыта які чорт пад руку штурхае. Вось падумалася раптам, а што, калі зараз ціхенька да цябе падысці ды папіхнуць у ваду? Ледзь не на вачах ва ўсіх. І забіць, беспакарана. Маўляў, сам уваліўся. І не давядзе ж ніхто, можна нават яшчэ і папіхнуць нагой, каб напэўна. А потым сказаць, што выцягнуць хацеў, ды не атрымалася. Шкада толькі, гэта ты, Марцін, са мной тут стаіш, а каб хто другі з тых, мо і наважыўся б. Ёсць тут такія - і забіць не грэх.

- А калі не вам першаму такая думка ў галаву прыйдзе?

- Не думаю, я ж ім усім ведаеш як неабходны.

Туман разрэдзіўся знянацку, як і сканцэнтраваўся.

Маршанскі, які глядзеўся на пляжы ў сваім доўгім плашчы ды наваксаваных чаравіках даволі дзіка і недарэчна, паклікаў да сябе таксістаў.

- Трымайце, - ён працягнуў дзве дваццацьпяткі, - гэта, што ад нас належыць па спідометры, - і дзве дзесяткі, - а гэта зверху, за туман і паслугі.

- Ат, нічога ты ў людзях не разумееш, - Даўгалевіч падышоў да іх, - не ўмееш ты аддзячыць, што ім тут твае грошы. Грошы не падарунак. - Ён расчыніў сумку і выняў дзве пляшкі віна. - Трымайце, хлопцы, вып'еце за маё здароўе і за здароўе гэтага, - ён кіўнуў на Маршанскага, - хаця і мой сваяк, але ж дурань. Так што не звяртайце ўвагі.

Машыны адначасна крануліся з месца і паступова распусціліся ў тумане.

- Чакайце тут, я скора, прывяду тутэйшага Харона. - Даўгалевіч паставіў валізку на траву і палез на насып.

Маршанскі моўчкі, стараючыся, каб яго ніхто не заўважыў, падаўся ў лес.

- Куды ты? - крыкнуў яму наўздагон Сак і зарагатаў, калі той адчуў на сабе позіркі жанчын.

- Быдла, - спакойна сказаў Маршанскі, але не вярнуўся.

- Зараз пачне ўдаваць, нібыта яго проста зацікавілі дрэвы. - Сак штурхануў мяне ў плячо.

- Не чапай ты яго, ён і так нас баіцца, - мне стала прыкра з нагоды, што мы знаёмыя.

Я адышоўся на пляж, сеў каля самай вады проста на жвір.

«Добра, што джынсы не варта шкадаваць - садзіся куды заўгодна, - вырашыў я сам сабе, - а вось Маршанскаму ў ягоным плашчы, відаць, не так ужо і зручна церабіцца скрозь гушчар у лесе, бо пасля Сакавай рэплікі адысці давядзецца далёка».

Гражына села побач са мною. Мне сталася зімна глядзець на яе лёгкую ядвабную сукню, аголеныя плечы і ногі ва ўмоўных - два вузкія скураныя раменьчыкі і тонкія гнуткія падэшвы - басаножках.

Яна нібыта зразумела мае думкі - абсунула доўгі прыпол сукні, так, што з-пад яго выбіваліся толькі пунсовыя нафарбаваныя пазногці, расправіла на плячах баа і абхапіла рукамі калені. Сукня аблягла яе сцёгны, і на іх фактурна праявілася тонкая паска бялізны.

- Я табе ўдзячная. - Гражына ўбіла твар у калені. Доўгія валасы ламанымі хвалямі прыкрылі рукі. - Ты сабе не ўяўляеш, як я табе ўдзячная. Толькі не думай, я не звычайная дурніца, якая бегае за пісьменнікам-кумірам, каб займець аўтограф ці ўкрасці шалік і павесіць над сваім ложкам. Гэта ўсё ўсур'ёз. Абдымі мяне, калі ласка, я не хачу, каб яны здагадаліся, нашто я тут. Няхай думаюць - я з-за цябе. Ты не крыўдуеш? Гэта, напэўна, сумнае відовішча - калі жанчына прызнаецца ў каханні да другога мужчыны. Ты толькі не крыўдуй. Добра?

Я абняў Гражыніны плечы.

- Ты не захварэла часам? Такая гарачая на гэтым сіверы.

- Паспытай. - Гражына адкінула з ілба валасы.

Я крануў яго вуснамі.

- Ты сімулянтка, сімулюеш плячыма жар, а лоб халодны. Словамі сімулюеш каханне да дзядзькі Вадзіміра, а сама, відаць, прыдумала зручны ход, каб набіцца да мяне ў сяброўкі: спачатку абдымі - каб яны падумалі, потым пацалунак у лоб, на будучае ў вусны, на заканчэнне...

- Змоўкні. - Гражына сціснула мне руку.

- Я проста не магу браць усур'ёз ягоную пісаніну і тваё каханне.

- Ён вялікі пісьменнік, калі можаш, назаві лепшага.

- Не магу. Ён сапраўды лепшы пісьменнік з усіх нашых, але лепшы не азначае вялікі і нават не азначае сапраўдны. Ён цудоўны, сумленны, разумны чалавек, якога я паважаю, але на гэтым усё.

- Няўжо ты не бачыш? Ён перажывае свае творы. Вы ўсе чакаеце новых - геніяльных, і ўжо не заўважаеце, што яны, новыя, горшыя за старыя. А старыя творы паміраюць, выходзяць з ужытку. Раней ён быў для вас геніяльным паэтам. А дзе зараз тыя геніяльныя вершы? Ідуць у дадатку да цяперашніх геніяльных гістарычных раманаў, напісаных пяць гадоў таму.

- Выбачай мне, але ты вар'ятка, хаця і прывабная, і ўсе вы вар'яты, хто лічыць яго геніем. Вам ніколі не заўважыць гэтага толькі таму, што ўсіх вас як асоб стварыў ён, стварыў сваёй літаратурай, сваім жыццём, зробленым пад літаратуру. Ён стварыў гісторыю нашага народа такой, якой хацеў, і на тое, каб вы яе такой бачылі. Вось і цяпер знайшоўся - лісты сам сабе піша.

- Спыніся на хвілінку, нашто мне даводзіць, калі я вар'ятка? Я ж нездарма падышла менавіта да цябе. Каб удаваць у вачах другіх каханне, куды больш пасуе Сак. Яго, відаць, не трэба ўгаворваць, каб абняў ці пацалаваў мяне. Ты адзіны, для каго мой учынак не святатацтва.

- Якраз я, відаць, адзіны з прысутных, для каго ўдаваць каханне з другім на вачах таго, каго кахаеш, святатацтва.

- Я не пра гэты ўчынак кажу, гэта драбяза ў параўнанні з тым, што я надумалася здзейсніць. Яны ўсе змяшаюць мяне з граззю, калі даведаюцца. Але ж ты ім не скажаш?

- Пакуль што і ты мне гэтага не сказала.

- То не раскажаш?

- Гледзячы што. Гэта звязана з Даўгалевічам?

- Так.

- Тады можаш расказаць. Мне вашае вар'яцтва не абыходзіць.

- Я напісала верш. - Гражына зноў убіла твар у калені, каб толькі не глядзець мне ў вочы.

- Геніяльны, - я ўздыхнуў, - расказвай.

- Не кпі.

- Добра, не буду.

- Я напісала верш, найлепшы з усяго, што маю і буду мець. Санет. І я хачу папрасіць Даўгалевіча перапісаць мне яго на асобны аркуш сваёю рукою, як жарт, як падарунак. Не ведаю. Толькі каб ніхто не дазнаўся, каб ён сам забыўся на гэтае. А потым, праз дваццаць, праз трыццаць гадоў, калі яго не стане, сказаць, што гэты санет ён напісаў сам і падарыў аўтограф мне. І мой верш навечна стане ў зборы твораў поруч з ягонымі вершамі. Адзін слабы верш не сапсуе кнігі. Гэта будзе маё прызнанне ў каханні яму. А ты, відаць, думаў, я набіваюся з табою ў дарогу, каб спакусіць Даўгалевіча. Ты ж зусім не ведаеш мяне, да чаго я здатная. Але ж табе ўсё адно, якім будзе збор твораў. Ты не грэбуеш мною?

- Апошняя думка - адзінае разумнае са сказанага табой за час нашага знаёмства. Мне шкада цябе, вось і ўсё. Давай лепш пацалуемся.

- Гм... - прагучала за нашымі спінамі. - Слушная думка.

Кяльміцкас стаяў недалёка ад нас і пасміхаўся. Мыскі ягоных чаравікаў былі глыбока ўбітыя ў жвір. Усмешка атрымлівалася драпежнаю, бо ў зубах ён сціскаў доўгі муштук з незапаленай цыгарэтаю.

- Пан што мае на ўвазе? - нашаторылася Гражына.

- Пацалунак. Ці ў вас ёсць яшчэ якія праблемы? - Эдмундас павярнуўся на мысках, нібыта збіраўся пайсці.

- Наадварот, пан нам паспрыяў з пацалункам. Ты згодная, Гражына?

Мы тэатральна пацалаваліся - сціснутымі нерухомымі вуснамі.

З-за насыпу ўзнік Даўгалевіч. Ён, відаць, ужо паспеў у вёсцы перакуліць чарку-другую, бо вочы ў яго блішчэлі і ён пасміхаўся. Следам за ім сунуўся змрочны, у кароткім зімовым паліто, падперазаным афіцэрскім рэменем, мужык з вяслом на плячы. Задубелы ад моцных трункаў і сіверу, ягоны твар захоўваў спакой і кандовую годнасць.

- Кампанія нявелькая, але бардзо пожондная, - Даўгалевіч прадставіў усіх разам.

- Вечар добры, - сказаў мужык. - У човен больш за чатыры чалавекі зараз не сядуць, - і пайшоў на канец масткоў.

- Жанчыны плывуць першымі, а з імі ты, Марцін, і Эдмундас, скрыню з гарэлкаю не забудзьцеся прыхапіць, калі губляць, то ўсё каштоўнае разам: і жанчын, і пітво. Як будзеце тануць, ты, Марцін, ратуй жанчын, а ты, Эдмундас, гарэлку - бо лепей плаваеш. Дамовіліся? - Даўгалевіч кіўнуў мне: - Ну, чаго стаіш? Шчаслівай дарогі.

 

Я дапамог Гражыне з Тэрэзай Маршанскай сысці ў човен. Кяльміцкас нязграбна падабраў плашч і скочыў з масткоў на хісткае дно. Цяжкая скрыня з бутэлькамі грунтоўна стала пад лавай і, здавалася, прыцішыла частае пагойдванне чоўна.

Туман, загусцелы ў вечаровым змроку, падступіўся з бакоў. Ён наплываў палосамі, і часам у ягоных разрывах успыхвала цяжкім каменным бляскам азёрная вада. Мужык стаяў каленам на лаве, моўчкі веславаў адным вяслом.

- Як вы толькі арыентуецеся, куды трэба плысці ў такім тумане? - нарэшце зрушыла навязлівую маўклівасць Гражына.

- Галоўнае, не азірацца назад. - Мужык цыркнуў слінай за борт.

Тэрэза выцягнула руку з вады і выцерла яе аб лаву.

- А вы, Марцін, таксама пішаце на гістарычныя тэмы? - Кяльміцкас нарэшце запаліў цыгарэту, і дым пацягнуўся над вадою.

- Не, - я ўпёр ногі ў шпангоўт, - пішу толькі аб тым, што ведаю.

- А хіба нельга ведаць гісторыю? Мне спадабалася, як вы раскавана сябе паводзілі, гэта тычыцца і паненкі.

Гражына змушана ўсміхнулася.

- Мне таксама, - азвалася Тэрэза Маршанская, - вы нагадваеце нас з Вадзімірам, калі мы вучыліся разам у Літаратурным інстытуце. Памятаеш, Эдмундас? Вы тады якраз дамовіліся напісаць з Вадзімірам па гістарычнай аповесці. І ўсё злаваліся, што я схавала тоўсты том летапісаў, з-за якога вы ледзь не біліся, бо пісалі пра адзін і той жа час, пра адных і тых жа людзей, толькі ён пісаў беларускую, а ты летувіскую версію падзей. Божа, як вы дзялілі герояў і гарады. Як Вадзімір кідаўся да цябе і крычаў, што ты крадзеш нашую гісторыю, што нельга карыстацца цяжкім становішчам, у якое трапіла беларуская культура, і прыўлашчваць яе нацыянальных герояў. «Вашую летувіскую нацыю ў тыя часы наогул ніхто не ведаў, нават вы самі, - крычаў ён, - а ў цябе вялікія князі не толькі гавораць па-летувіску, але і пішуць, пішуць у тыя часы, калі не было летувіскага пісьма». - Тэрэза прымружыла вочы. - Памятаеш, Эдмундас?

- Нельга забыць. - Кяльміцкас збіў попел на дно чоўна. - Але ж час паставіў усё на свае месцы, і мае князі больш не варагуюць з ягонымі князямі.

- Спадзяюся, вы цяпер не сварыцеся з Вадзімірам, як у часы нашае вучобы? Бо мне падалося на семінары, што ў вас адбылася размова не з лепшых. Вадзімір нечага патрабаваў, а ты ўсё не згаджаўся?

- Нічога страшнага. Проста ён быў цвярозы.

Я адчуў сябе лішнім у гэтай размове і таму ціха паклікаў:

- Гражына, мо запалім?

- Палі сам, мне падабаецца, калі паляць іншыя, а сама не люблю, мо толькі калі вып'ю.

- Тады чакаць давядзецца нядоўга, да прыезду дзядзькі Вадзіміра.

- Чакайце, Марцін, ну а як жа наконт гісторыі? - Кяльміцкас прэзентаваў мне цыгарэту. - Калі яе ведаць, то можна і пісаць.

- Каб потым судзіцца з вамі за герояў? І каб самі героі ад нашай літаратуры пераварочваліся ў грабоўцах з-за думак і ўчынкаў, што мы ім прыпісалі? Лепш пакіну ўсё гэта на ваша і дзядзькі Вадзіміра сумленне. У вас лепш атрымліваецца. А сам сяду і напішу апавяданне пра тое, як цалаваўся з Гражынаю. Будзе не горш за які гістарычны дэтэктыў. Праўда ж, Гражына? Інтрыгі ў нашых адносінах на раман хопіць. А першае выданне разам падпішам дзядзьку Вадзіміру, як жарт, як падарунак, не ведаю яшчэ.

- Глядзіце, - Гражына ўстала, і човен захістаўся на спакойнай, як паліраваны камень, вадзе, - глядзіце - выспа.

У разрывах туману прамалёўваліся бясколерныя абрысы дрэў.

Масткі прычала ўзвышаліся на аксамітных ад імху палях, апошняе перад змярканнем святло надавала ім шляхетнасці. Дом пад высокім паўвальмавым дахам стаяў, звернуты да возера прыбудовамі, недалёка ад вады высілася гафтаваная крыж-накрыж з неакораных бярозавых бярвенняў вежа з цыстэрнаю наверсе. Брукаваная сцежка вяла ад масткоў у абход невялікага гаю. Нават у паўцемры і тумане я ўбачыў другі бераг выспы, такая яна была невялікая.

Мы з Эдмундасам выцягнулі скрыні, дапамаглі выйсці жанчынам. І мужык на чоўне знік у тумане.

Тэрэза адамкнула дом сваімі ключамі, запаліла газнічку, і чэзлае святло акрэсліла гасцёўню: стол пад абрусам, буфет, поўны посуду, фісгармонія, зброя на сцяне - паміж паляўнічых нажоў і дзідаў віселі звычайныя нажніцы, каля канапы стаяў радыётэлефон. З-пад часопіснага століка да яго цягнуўся дрот ад танкавага акумулятара.

З гасцёўні дзверы вялі на асобны калідор. Там адно паблісквалі клямкі замкоў і шары парэнчаў - сходы на мансарду.

Тэрэза пачувалася тут як у сваёй хаце. Зняла нажніцы са сцяны і выйшла на двор. Неўзабаве яна вярнулася з вялікім букетам кветак. Мы з Гражынай тым часам пераслалі абрус другім бокам. Буйныя кветкі ў вялікай керамічнай вазе глядзеліся вельмі прыстойна.

- Як хто, а я заўсёды зразаю кветкі нажніцамі, - Тэрэза павесіла іх на старое месца, - бо нож мяне палохае, і тады здаецца, што я забіваю кветкі, а так нібыта кравецкая прылада. Калі ёсць жаданне куды патэлефанаваць, калі ласка, - Тэрэза эфектна шчоўкнула тумблерам, запалымнела чырвоная кропка індыкатара. Накруціла дыск. У цішыні было чуваць, як штучны голас у трубцы абвясціў, што зараз дзевятнаццаць гадзін пяць хвілін. - Я пайду наверх, да сябе. - Тэрэза ўціснула трубку ў корпус рацыі.

Калі зноў прыплыў човен, было ўжо зусім цёмна. Адно месяц і ліхтар на фарштэўні чоўна падфарбоўвалі туман.

Мы з Гражынай стаялі на мастках прычала. Дзядзька Вадзімір трохі пашаптаўся з перавозчыкам. Мужык згодна кіўнуў і адштурхнуўся вяслом.

- Не, не сюды, - Даўгалевіч вярнуў Маршанскага са сцежкі, - праз гаёк бліжэй.

Мы пайшлі за ім следам. Дзядзька Вадзімір вырваўся наперад, потым раптоўна спыніўся:

- Асцярожна, тут нацягнуты дрот, - і, ледзь бачны ў д'ябальскім асвятленні, пералез, высока падымаючы ногі, цераз незаўважную для нас перашкоду.

Я асцярожна наблізіўся і павадзіў рукамі перад сабою, поруч шукалі дрот Маршанскі і Сак. Гражына чакала вынікаў.

- Ну што? - Даўгалевіч нецярпліва прыспешваў нас. - Не можаце знайсці? Сямён, бліжэй, вось тут, няўжо не бачыш?

- Нашто табе тут дрот? - Сак шукаў і не знаходзіў, дарэчы, як і я з Маршанскім.

- Гэта ўжо іншае пытанне, - Даўгалевіч засмяяўся. - Калі б я не папярэдзіў, а вы сабе ішлі, то патрапілі б дакладна - тварам у глебу. Нашто дрот, пытаешся? Для такіх, як вы. Скажыце дзякуй Гражыне, што вас з-за яе пашкадаваў, папярэдзіў. Ну вось жа ён, Сямён, я яго ў руках трымаю. Адчуваеш? Знайшоў?

- Здаецца... Так... - няпэўна адказаў Маршанскі.

- Вось гэтага я і чакаў. - Даўгалевіч ужо не сцішваў смеху. - Ды няма тут ніякіх дратоў, нашто ён мне? А ты, Сямён, не вытрымаў першы. Знайшоў, чаго няма. Табе сказалі, ты і даў веры. А праўда ж, уражвае? І да галавы не прыйшло вам, што я магу цераз пустое месца пералазіць. І прызнацца цяжка кожнаму, што не знайшоў. Добра, выбачайце за жарт. Пайшлі. Нічога, зараз завяду электрастанцыю, будзе светла, лазню напалім, папарымся і за стол.

 

Дробна заспяшаўся пускавы рухавік, узвыў дызель, і ўвесь дом запалымнеў святлом. На першым паверсе ўспыхнулі фарбы ўжо трохі знаёмай мне вялізнай гасцёўні. Шырокія, на дзве паловы, дзверы выходзілі на калідор. Насупраць іх, побач са сходамі на мансарду, дзверы ў лазню, на кухню і на двор, пад сходамі кладоўка.

Сак ужо паспеў нанасіць дроваў і распальваў парагенератар. Жанчыны пазвоньвалі посудам на кухні. Мы з Эдмундасам распалілі грубку і каміны. Цяпло паволі запаланіла дом. Знікала вільгаць. З'яўляліся на буфеце ў гасцёўні салаты, вазы з садавінай, стосы чыстых талерак.

Спачывальні на мансардзе. Сходы, доўгі калідор, шэсць аднолькавых, як у гатэлі, дзвярэй на два бакі. Вялізнае, на ўсю сцяну, шасцікутнае акно-разетка замыкала перспектыву.

Даўгалевіч стрымаў слова і пасяліў нас з Гражынай асобна, але дзверы ў дзверы.

Спачывальні былі маленькія, даволі шырокі ложак, на ім акуратны стос бялізны і ручнік у поліэтыленавым пакеце, часопісны столік з попельніцай. На прышрубаваных да нахіленай столі кольцах па тры вешалкі для адзення.

Пад вузкім гарызантальным акном-стужкай пашчоўкваў яшчэ ледзь цёплы каларыфер. Я зірнуў у акно - пражэктар асвятляў дах прыбудаванай да дома лазні. З яе коміна ўзнімаўся белы дым і мяшаўся з туманам.

Побач з маім пакоем быў Даўгалевічаў кабінет. Адзінае вялікае памяшканне на мансардзе. Дзядзька Вадзімір сядзеў за ампірным бюро-сакрэтнікам і перакладаў рукапісы, прабіваў аркушы паперы доўгім самаробным шылам. За ягонай спінай гудзеў полымем камін.

- Ідзі наніз у гасцёўню, я зараз падыду, як збяромся ўсе, то абмяркуем праграму нанач. - Ён паклаў на бюро зялёны сшытак. - Толькі зраблю запіс у дзённіку і падыду.

Даўгалевіч прыйшоў апошнім.

- Ну што, панове, я мяркую так: спачатку лазня, а потым святочная вячэра. Хто не згодны?

- Ад'езд заўтра а якой гадзіне? Трэба замовіць таксоўкі ўжо сёння, - сказаў Кяльміцкас.

- З ад'ездам давядзецца пачакаць. - Даўгалевіч грунтоўна ўладкаваўся ў фатэлі. - Я прашу прабачэння, што напачатку падмануў вас усіх. Але мяркуйце самі, якая падзея важнейшая: нейкі літаратурны семінар, на якім абыдуцца і без нас, або юбілей? Карацей, я наказаў перавозчыку, каб прыплыў па нас праз тры дні, паспеем якраз на закрыццё семінара. Таксоўкі таксама ўжо замоўлены. Каб не было спакусы ўцячы адсюль раней - мой катэр загадзя перагналі да вясковага прычала. Так што выбрацца адсюль немагчыма. Гэтыя дні няхай будуць падарункам мне з вашага боку. Яшчэ раз прашу прабачэння. Калі ў каго пільныя справы, вырашайце іх па тэлефоне. Калі ласка.

- У мяне была прызначана сустрэча, - Кяльміцкас устаў, - я затэлефаную.

Эдмундас у непаразуменні глядзеў на радыётэлефонную трубку, якую сціскаў у руцэ. Ніз яе быў патрушчаны. На каляровым дроціку пагойдваўся спляшчаны мікрафон.

Я падышоў і агледзеў безнадзейна сапсаваны апарат. Машынальна пашчоўкаў тумблерам, індыкатар не запальваўся.

- Глядзіце, - я паклікаў Даўгалевіча, - глядзіце, нехта для надзейнасці нажніцамі перамкнуў клемы акумулятара.

Кяльміцкас падхапіў нажніцы, але адразу ж кінуў іх на падлогу, так яны накаліліся ад электрычнасці.

- Так, рацыя не працуе, - безуважна азваўся Даўгалевіч, - і яшчэ, паглядзіце на сцяну, бачыце, знік адзін паляўнічы нож.

Пустыя гачыкі на дыване спынілі позіркі прысутных.

Адзін толькі Маршанскі паблажліва пасміхаўся, маўляў, ведаем гэтыя рэчы: і лісты сам сабе напісаў, і пра дрот гісторыю прыдумаў, а вось зараз і рацыю сапсаваў, каб ніхто не ўцёк, - самарэклама, падарункі самому сабе.

- Вадзімір, - пытанне гучала ў Тэрэзы як просьба, - гэта ж ты сам зрабіў, каб напалохаць?

- Не, - Даўгалевіч быў цалкам сур'ёзны.

- Нашто гэта ўсё да галавы браць? - Сак устаў і разліў каньяк па келіхах. - У цябе, Вадзімір, свае жарты, у другіх свае, галоўнае, што таксоўкі замоўленыя, човен прыплыве, а рацыю потым адрамантуем. Каб большай бяды не было. Хто ідзе ў парыльню - піць не раю.

Я ўсё ж выпіў. Каньяк зняў напружанасць. Даўгалевіч павесялеў.

- Ну што? Ніхто супраць лазні нічога не мае?

- Яшчэ трошкі пачакаем, - сказаў Сак, - вада не прагрэлася.

- Тады ведаеш што, Мікола, - Даўгалевіч наліў сабе яшчэ і выпіў нагбом, ён відавочна хваляваўся, - памятаеш, пра што мы з табой гаварылі перад ад'ездам? Давай прададзім ідэю ўсім, яна, мне здаецца, вартая ўвагі.

- Вадзімір, не пі, хаця б перад лазняй, - раздражнёна сказала Тэрэза.

Даўгалевіч удаў, што не чуе.

- Лепш не зараз, можа, пазней, калі вернемся на семінар? - Сак прыгубіў келіх і адставіў.

- Потым можам і забыцца, лепш дамовімся цяпер, - дзядзька Вадзімір устаў. - Пастарайцеся быць сур'ёзнымі, лічыце, што гэта працяг семінара і я выступаю афіцыйна. Ваш занятак - літаратура. Я думаю, не аднаму мне даводзілася часам аналізаваць гэтую сітуацыю, і калі хто з вас таксама зрабіў падобныя высновы, гэта пацвердзіць толькі, што я і Мікола мелі рацыю. Пытанне сур'ёзнае. Чаму мы, беларусы, апошнім часам ніяк не можам згуртаваць сваю нацыю? Здаецца, усе падставы для гэтага ёсць: ёсць свая рэспубліка, культура, мова, літаратура. Становішча нашае сёння куды лепшае, чымсьці ў тыя ж дваццатыя гады. Але тады мы здолелі згуртавацца, а цяпер не. Не трэба шукаць вінаватых збоку, адказ павінен быць усярэдзіне, а не звонку. У нас саміх.

Згуртавацца можна толькі вакол чаго-небудзь, патрэбны штандары, і не з мінулага, а сучасныя. Кожны пералом, новы рух пачынаўся з пакутнікаў, якія потым рабіліся нацыянальнымі героямі. Кожны талент, кожны палітык не мае вагі для сучаснікаў, пакуль ён жывы, пакуль няма трагедыі, трагічнага лёсу. Нават геній - калі ён спакойна памёр у сваім ложку - застанецца ў гісторыі на другім плане, вакол ягонага імя немагчыма згуртаваць нацыю. Ён павінен зрабіцца легендай.

Уяўляеце сабе трагічны лёс: маладога папулярнага мастака забіваюць ворагі. Такія выпадкі могуць нараджаць рэвалюцыі. Ягонае імя робіцца легендай, смерць набывае абагульненне. А нам сёння практычна не пагражае трагічны лёс, улады цудоўна пралічылі сітуацыю, раней за нас. Лепш і бяспечней не забіць свайго ворага, нават калі яго ненавідзіш, а даць яму ордэн, званне і знішчыць яго тым самым як праціўніка, ён ужо ніколі не стане сапраўдным героем, вакол ягонай смерці ніколі ўжо не згуртуецца нацыя. Беларусы спазніліся, мы ўпусцілі свой шанц згуртавацца ў часы трагічных падзей, войнаў, рэвалюцый і паўстанняў. А зараз час рэанімацый і шпітальных ложкаў, а не час стварэння герояў і штандараў. Але нам яшчэ дадзены шанц, бо галоўнае не падзея, а легенда, паданне, тое, што застанецца, тое, што людзі будуць пераказваць адно аднаму. Не мае значэння першааснова такога падання, яе можна і прыдумаць, стварыць. Мы ўсе тут пісьменнікі, і мне здаецца, варта паспрабаваць хаця б у літаратуры зрабіць такі вобраз, вобраз святога пакутніка-беларуса з класічным наборам трагедыйнай героікі. Давайце, калі вернемся на семінар, паспрабуем разгарнуць гэтую ідэю. Ты ж, Эдмундас, можаш пацвердзіць, у твайго народа багаты вопыт, вы, летувісы, самі прыдумалі сваю гісторыю, дакладней, пазычылі ў нас і ўзняліся на гэтым.

- Выбачай, - Сак нетактоўна перабіў Даўгалевіча, - лазня выстыне, не апошні дзень жывём, паспеем дамовіцца.

Даўгалевіч перавёў дыханне, і адразу кінулася ў вочы, што ён ужо трохі п'яны, зрабілася зразумелай ягоная ўзнёслая не да часу прамова.

- Добра, - сказаў ён, - бярыце ручнікі, прасціны. Пойдзем у лазню.

Гражына забегла да мяне.

- Марцін, памятаеш, я цябе прасіла, - яна казала ўсхвалявана, і было відаць, што ёй гэта важна, - зараз самы стасоўны момант. Даўгалевіч сам на падпітку. Зойдзем да яго, і ты папросіш перапісаць мой верш. Потым я ад цябе ўжо нічога патрабаваць не буду.

- Давай, - я перакінуў ручнік цераз плячо. - Будзем лічыць, што так я аддзячу дзядзьку Вадзіміру за той дрот у цемры. Розыгрыш за розыгрыш.

Даўгалевіч уважліва выслухаў мяне, адсунуў свой дзённік на край стала, паклаў паверх яго шыла.

- Кажаш, хочаш мець мой аўтограф? - спытаў ён у Гражыны. - Толькі нашто перапісваць твой верш? Можа, лепш пачакаем, я табе свой напішу, прыдумаю і напішу?

- Баюся, падысці другі раз у мяне не хопіць нахабства, - Гражына падала Даўгалевічу аркуш стэрыльна-белай шчыльнай паперы, фламастэр, картку з перадрукаваным сваім санетам.

- Як хочаш, - Даўгалевіч прабег вачыма радкі. - Ты ведаеш, не сорамна і сваёю рукою перапісаць. Не забудзься толькі на тое, што я сёння казаў, паспрабуй напісаць пра святых пакутнікаў. - Ён упэўнена вывеў у правым верхнім рагу: «Гражына», перапытаў і дапісаў: «Логвін». Радкі санета выцягваліся адзін пад адным. Нанізе ён пад нахілам накрэсліў: «Аўтэнтычнасць пацвярджаю, Вадзімір Даўгалевіч» і дату. - Не спазняйцеся ў лазню, і так ужо позна.

Мы зайшлі да Гражыны, яна таропка адрэзала манікюрнымі нажніцамі сваё імя і прозвішча. Я ўрачыста спаліў папяровую стужку ў попельніцы.

- Ну што, зрабіла сваю чорную справу? Да смерці будзеш мне абавязаная.

Гражына моўчкі схавала аўтограф да сябе ў торбачку, узяла ручнік і пацалавала мяне ў шчаку. На калідоры нас перастрэў Даўгалевіч у прыгожым усходнім халаце. У руках ён трымаў чатыры бутэлькі: тры віна і адну гарэлкі.

Лазня была шыкоўная: асобная парыльня, невялікі басейн, выкладзены кафляй, і душ. Першымі распрануліся ў прылазніку мужчыны. Даўгалевіч урачыста павесіў свой халат, Сак акуратна паклаў на лаўку пад сцяну, каб нікому не замінаць, скручаны ў трубу ручнік.

- Ты ведаеш, Вадзімір, - Кяльміцкас азірнуўся, яны з Маршанскім распраналіся на другім баку прылазніка, - усё ж такі добра ты зрабіў, што затрымаў нас з ад'ездам. Я ўпершыню пасля дзяцінства не спяшаюся. У гэтым ёсць свой прывабны бок. Мяне нават не цікавіць, якая зараз гадзіна.

- Гэта добрая падстава, каб потым распачаць бутэльку, не забудзься нагадаць, пайшлі. - Даўгалевіч першы ўвайшоў у лазню, пакінуў бутэлькі на стале, недалёка ад басейна.

Пара зрокава пашырала прастору цеснай парыльні і нагадвала туман.

- Можаце заходзіць, - крыкнуў Даўгалевіч жанчынам, што чакалі ў прылазніку, пакуль мы аслабанім душ, - можаце заходзіць, - і зачыніў за сабою дзверы.

Я колькі часу пасядзеў на ніжняй прыступцы. Гарачыня запавольвала думкі, я адчуў, што ўжо ап'янеў. Сак з Даўгалевічам сядзелі на самым версе.

- Нашто Мікола падліваў яму да лазні? - напаўголаса сказаў Маршанскі. - Даўгалевіч жа п'яны.

- Не вучы нас жыць, гэта не ён мяне спойвае, а я яго. - Даўгалевіч плескануў вады на парагенератар.

Я адчуў задушлівую гарачыню і зразумеў: яшчэ хвілін пяць тут вытрымаю, але не болей. Пагрукаў у дзверы. Прыслухаўся. Як залева, шумеў душ. Ніякай рэакцыі.

- Гражына, - паклікаў я.

- Што? - Душ сціх.

- Вы яшчэ доўга?

- А табе калі трэба? Як будзем сыходзіць, пагрукаюся да вас у дзверы, - зноў палілася вада.

- Нешта і мне не вельмі, - дзядзька Вадзімір спусціўся на прыступку ніжэй.

Нарэшце пачулася - грук, грук.

- Мы пайшлі, сустрэнемся пры стале.

Цёплы душ змыў шампунь, а халодны паступова вяртаў упэўненасць і цвярозасць. Я ўсё мяняў ваду то з гарачай на халодную, то наадварот, чакаў, калі аслабаніцца басейн.

Першы з яго выйшаў Даўгалевіч, за ім Сак. Яны захуталіся ў прасціны і падселі да стала. Віно напоўніла шклянкі. Я адмовіўся. Вада ў басейне была не халоднай і не гарачай. Тэмпература проста не адчувалася. Цела страціла вагу, я паклаў руку на парэнчы і заплюшчыў вочы.

Да размовы за сталом не прыслухоўваўся. Яна гучала для мяне агульнай, пазбаўленай сэнсу гукавай плынню. Галасы зліваліся з пругкім, які можа быць толькі ў лазні, рэхам, шумам вады.

- Гэй, Марцін, - крыкнуў Маршанскі, - цябе Гражына нешта да дзвярэй кліча.

Я накінуў прасціну і падышоў да дзвярэй.

- Марцін? - пачуўся Тэрэзін голас.

- Так.

- Паспрабуйце пераканаць Вадзіміра, каб болей не піў. Халодная вада і то наўрад ці яго працвярэзіць. Я баюся, што святочная вячэра не зладзіцца.

- Дарма вы хвалюецеся, здаецца, усё нармальна, - я азірнуўся і зразумеў, што Тэрэза мела рацыю, відаць, такое надаралася не ўпершыню і яна ведала ўсё наперад - усе расклады.

- Карацей, я папрасіла - трэба зрабіць.

Гражына з Тэрэзай пачалі гаварыць пра нешта сваё, раз-пораз чуліся словы «шпацыр» і «ўчасанне».

Угаворваць не піць нікога не давялося, бо ў апошняй бутэльцы засталося мо толькі са шклянку сухога віна. Гэтая колькасць прынесці якія-небудзь якасныя змены, вядома, не магла.

Сак з Даўгалевічам былі ўжо на добрым падпітку. Па Маршанскім меркаваць штосьці было цяжка, ён нерухома сядзеў з заплюшчанымі вачыма.

- Не хвалюйся, - запэўніў мяне Даўгалевіч, - халодная вада алкаголь выб'е, і будзем цверазейшыя за цябе. У гэтым самы смак: выпіў - працвярэзіўся, выпіў - працвярэзіўся. Усё нармалёва.

Кяльміцкас сышоў першы. Я яшчэ трохі пасядзеў, каб пераканацца, што бутэлька віна сапраўды апошняя. Калі сумненняў не засталося, падаўся і я.

У гасцёўні сядзелі жанчыны разам з Эдмундасам і раскладалі пасьянс. Я прынёс паперу, аловак, і мы распісалі партыю ў вясковы віст.

Гражыне, якую мы толькі за гэтым сталом навучылі правілаў, пайшла карта. Яна складала крыжыкамі біткі і кожны новы кон кранала рукою нефарбаванае дрэва, каб не сурочыць. Неўзабаве да гульні далучыўся Маршанскі.

- Як там Вадзімір, адышоў? - спытала Тэрэза.

- Заснуў, - Маршанскі здаваў карты і нават не глядзеў на іх, - але нічога, з ім там Мікола, гэты працверазеў, абяцаў, што калі Вадзімір праспіцца хвілін дзесяць, то загоніць яго ў халодную ваду. Не хвалюйся, Тэрэза, галоўнае, што там няма больш чаго піць.

- Бяру тры з сямі. А ты, Сямён? - падала Тэрэза.

- Пас, вістуй, Марцін.

Я зірнуў на іх твары, каб зразумець, колькі бітак абяцаць мне, і раптам заўважыў, як з прачыненых дзвярэй лазні пільна прыглядаўся да нас Сак.

- Таксама пас, лепш я перабяру, але вам гульню падпсую.

Дзверы ў лазню зачыніліся.

У самай сярэдзіне другога кона ў дзвярным праёме прылазніка з'явілася постаць Даўгалевіча - на галаве нядбайна накручаны ручнік, доўгі, з настаўленым каўняром усходні халат. Зразумець ягоны твар - цвярозы ці п'яны - было немагчыма. Святла ў калідоры не было, лямпачка свяціла з-за спіны, з прылазніка. Усе, хто быў за сталом, моўчкі глядзелі, як ён даволі цвёрдаю хадою ўздымаўся на мансарду.

- Нічога, збольшага Вадзімір, відаць, ачомаўся, вячэра не адмяняецца. - Маршанскі зайшоў з віновага туза.

Не паспела Гражына выйграць і гэты кон, як па сходах зноў прамільгнуў усходні халат і той жа ручнік, прычыніліся дзверы прылазніка. Выразна бліснула заціснутая ў руцэ бутэлька віна. З-за дзвярэй адразу пачуўся Сакаў голас:

- Не, Вадзімір, зараз больш піць не будзем, ну, вось добра, што бутэльку аддаў, я яе на стол лепш занясу, а ты яшчэ трохі пасядзі, потым душ прымеш, акрыяеш.

У адказ пачулася:

- Угу.

Сак адразу ж і выйшаў, у руцэ ён сціскаў бутэльку віна. Ускудлачаныя валасы надавалі твару жахлівы выраз. Як і абяцаў, бутэльку ён паставіў нам на стол. Адкасаў нагавіцы. Ледзь дачакаўшыся канца гульні, ён прапанаваў:

- Ведаеце што, пакуль Вадзімір прывядзе сябе да ладу, разыдземся па пакоях. Каму што: жанчынам зрабіць учасанне, каму проста адпачыць. Праз паўгадзіны збяромся тут, за сталом, і распачнём свята.

Мікола перапыніў мяне ў дзвярах:

- Пачакай, застанься, давай мы з табой падарунак Даўгалевічу падрыхтуем - песню. Я ж добра спяваю, а ты ўмееш на фартэпіяна добра граць. - Ён зачыніў дзверы на калідор, мы засталіся з ім удвух.

Я даволі хутка разабраўся, што да чаго ў фісгармоніі, гучала яна ўрачыста, не раўнуючы, як арган у касцёле. Ды і Сак меў добры голас. Я граў, а ён спяваў амаль без супынку. Мяне толькі здзіўляла, як ён мог абыходзіцца столькі часу без цыгарэт. Я ж калі паліў, то граў адной рукой. І час ад часу здзьмухваў попел з жаўтаватай касцяной клавіятуры.

Нехта праходзіў за дзвярыма, чуліся галасы, крокі. Але музыка заглушала іх сэнс і прыналежнасць. Мне заўсёды было раней цяжка размаўляць з Сакам. Мы заўсёды пачыналі падколваць адзін аднаго, нарэшце сварыліся. А тут, у музыцы, мы выдатна разумеліся, адчувалі агульную канструкцыю песні. Паступова, адзін за адным, пачалі падыходзіць: спачатку Кяльміцкас, потым Гражына з Тэрэзай, за імі прыйшоў Маршанскі. Яны сядзелі і слухалі. Мяне толькі ўвесь час раздражняла, што Маршанскі адбівае такт.

Нарэшце Сак спыніў песню і азірнуўся:

- Чакайце, а Вадзімір што, яшчэ не пераапрануўся?

- У кабінеце яго няма, там дзверы адчыненыя, - сказала Гражына і паправіла рэмень ад торбачкі.

- Відаць, заснуў у лазні, - Кяльміцкас паглядзеў на гадзіннік, - паўгадзіны ўжо спіць.

Маршанскі зацята маўчаў.

- Пайду пабуджу, час за стол сядаць, - Эдмундас накіраваўся ў лазню.

З хвіліну яго не было, і раптам пачуўся крык:

- Сюды, сюды! Ён нежывы! Забілі!

Я нават не зразумеў, як паспеў выскачыць на калідор і як апынуўся ў лазні. За сталом быў нябожчык - дзядзька Вадзімір. Ён прыхінуўся да сцяны, нежывыя вочы нерухома глядзелі ў столь, на грудзях з нажавой раны скрозь белую прасціну праступіла і ўжо спяклася кроў.

Я адчуваў за спінай прысутнасць другіх гасцей.

- Глядзіце! - раптам крыкнуў Кяльміцкас. - Паляўнічы нож у басейне! Той, што знік.

- У басейне? - Сак выпусціў нябожчыкаву руку і азірнуўся.

Запала маўчанне. Я зачаравана глядзеў на востры, нават з выгляду, паляўнічы нож, які ляжаў на дне басейна, і фізічна адчуваў, як лёгка ён можа ўвайсці ў цела.

Першы ачомаўся Сак. Ён рэзка выпрастаўся і агледзеў прысутных. У ягоных вачах дрыжэлі слёзы.

- Каго няма? - закрычаў ён. - Каго няма? Зірні, Марцін.

Я азірнуўся - не было Гражыны. Сак адсунуў Маршанскага і ў два скачкі дасягнуў сходаў на мансарду. Я кінуўся за ім. На падлозе перад кабінетам змяілася баа.

Дзверы ў Даўгалевічаў кабінет былі адчыненыя. Перад секрэтэрам стаяла Гражына. Маленькую, перапэцканую тушшу для век насоўку яна прыціскала да вачэй. Упершыню я бачыў яе без баа і торбачкі. Усе шуфляды стаялі на падлозе, начынне акуратным стосам ляжала побач. Ампірныя абрысы секрэтэра ў строга геаметрычных правалах-пустках глядзеліся недарэчна.

- Што ты тут робіш? - Сак падскочыў, схапіў Гражыну за руку. Маленькая насоўка ўпала на падлогу.

- Пусці! - Гражына тарганулася, але трымаў Мікола моцна.

- Пусці, - няголасна сказаў я, - што ты да яе маеш?

Сак завагаўся, але расціснуў пальцы.

- Што ты тут рабіла? У паперах чаго шукала?

Гражына раптам прыціснулася да сцяны і расплакалася. Яна намагалася нешта сказаць, але плач нішчыў словы.

- Дзённік дзе?! - знянацку крыкнуў Сак. - Дзённік дзядзькі Вадзіміра?! Па яго прыйшла? - і зноў падскочыў да Гражыны.

- Яго... - але новы прыступ плачу прымусіў Гражыну затрымаць дыханне. Яна з усяе сілы адштурхнула Сака і забілася ў кут.

- Адчапіся, - я крануў яго за плячо, - хай дзяўчына супакоіцца.

- А, і гэты туды ж, абараніць надумаўся. А хто яна такая - ты ведаеш? Ты ж яе сюды прыцягнуў. Цяпер за яе і адказвай. Што ёй тут трэба? Мо гэта яна забіла, а зараз прыйшла дзённік знішчыць? Бо нешта ж перад згубай дзядзька Вадзімір туды запісаў. Не проста ж так яму нож усадзілі. Талент, ведаеш, колькі людзей ненавідзіць. Нічога, я з імі яшчэ разбяруся.

- Ты што, усур'ёз? Яна магла забіць?

- А хто? Ты? Ці, можа, я? Падумай.

- Ва ўсякім разе не яна.

- Мне лепш відаць, - Сак трохі адышоў, - не я яе сюды прыцягнуў з вуліцы, і не я з ёю спаў. Падумай, ты ж не кінуўся нішчыць дзённік і ніхто не кінуўся, а яна.

- Дзённіка тут ужо не было, - нечакана спакойна сказала Гражына. - Я адразу падумала пра дзённік, ледзь толькі пачула, што Даўгалевіч забіты, і кінулася, каб уратаваць запісы, але дзённіка ўжо не было.

- Ты ўсё прагледзела? - спытаў я.

- Усё, бачыш, адныя рукапісы, папера. Нехта яго ўзяў.

- Забойца, - Сак, не міргаючы, глядзеў Гражыне ў вочы, - яго ўзяў забойца.

- Не ведаю, - Гражына адвяла позірк, - нехта ўзяў.

Сак заступіў быў Гражыне дарогу, але тая і не памкнулася прайсці, толькі дэманстратыўна абсунула прыпол сваёй лёгкай празрыстай сукенкі, што хавала адно толькі колер цела, і скрыжавала пустыя рукі.

- Тварам да сцяны, рукі за галаву? - спытала яна.

- Не цяпер, і так бачу, што нічога не хаваеш, - Сак зрабіў крок ад дзвярэй. - Цяпер спускайся наніз і чакай у гасцёўні, збіраемся там, я яшчэ разбяруся з табой.

- Толькі спачатку я выйду з дома да возера - змыць макіяж. Ці гэта будзе разглядацца як спроба ўцёкаў з-пад канвою? - Гражына выйшла на калідор, падхапіла баа.

Я дагнаў яе:

- Цябе правесці? Ці, можа, лепш змыеш на кухні?

- Не варта. На кухні гатуюць ежу, а не мыюцца, - і яна зноў расплакалася.

- Ты ёй верыш? - падышоў да мяне Сак.

- Мяркую, што ты не верыш і мне.

- Ты адзіны, каму я магу верыць.

- Чаму? Не такія мы ўжо і сябры.

- Сяброўства ні да чаго. Мы ўсе тут сябры. Але ты быў са мною ў гасцёўні, калі нехта з іх забіў дзядзьку Вадзіміра.

- Я пра гэта не паспеў падумаць.

- А я паспеў. Ідзі наніз, даганю. - Сак падышоў да акна і стаў узірацца ў цемру. - Я з імі разбяруся, хто забіў, а ты мне дапаможаш. Склікай усіх у гасцёўню.

Я сышоў наніз, дзверы ў лазню былі прычыненыя. У прылазніку пуста і суха, на лаўцы ляжаў кінуты ўсходні халат і скамечаны ручнік. Я прачыніў другія дзверы - моцна запахла віном. Нябожчыка - дзядзьку Вадзіміра - ужо паклалі на лаву, ён быў закручаны, як рымскі грамадзянін, у тогу-прасціну. На грудзях бурай плямай спяклася кроў. На кафельным дне басейна ляжаў паляўнічы нож. Дыміла залітая вадой печ - парагенератар.

Я паспрабаваў адчыніць акно. Фрамуга адразу не падалася. Тады я стаў на ўслончык і зазірнуў на высокае падваконне. Акно, што выходзіла на возера, трымаў доўгі, але неглыбока ўбіты цвік. Ён лёгка выцягнуўся, і халодны восеньскі вецер уварваўся ў лазню. Супрацьлеглае акно падалося адразу, яно не было зачыненае на шпінгалет і нават няшчыльна прылягала да сцяны. Скразняк імгненна выстудзіў лазню, адкінуў нябожчыку з ілба валасы. Я падышоў да дзвярэй і азірнуўся. Нерэальнай выдавала выстуджаная лазня, лёгкая пара курэла над басейнам. Мне недарэчна падумалася, што дзядзьку Вадзіміру будзе тут холадна.

- Выбачайце, - сказаў я шэптам, - можа, калі б не было тут мяне ці я не ўзяў бы з сабою Гражыну, то спрацаваў бы нейкі ланцуг выпадковасці і забойства не адбылося б. Але я не хацеў, мне прыкра, што я часам думаў аб вашай смерці, думаў аб скорай яе непазбежнасці, ды і вы самі прыспешвалі яе віном, гарэлкай. Толькі я ніколі не думаў, што атрымаецца вось так. Вы пісалі пра тых, каго забіваюць, замуроўваюць у сутарэннях, а сабе рыхтавалі смерць ад гарэлкі, спакойную і зусім не гераічную, але ж атрымалася вось як. Выбачайце, што я часам уяўляў ваш скон на бальнічным ложку, выбачайце.

Я машынальна палічыў бутэлькі на стале - дзве з-пад гарэлкі, тры з-пад віна, выйшаў на калідор і замкнуў за сабою дзверы. Ключ тырчаў у адтуліне, я яго перакруціў і паклаў у кішэню.

Склікаць нікога не давялося - усе і так сабраліся ў гасцёўні. На стале ляжалі непрыбраныя карты. Вечка фісгармоніі нехта ўжо паспеў зачыніць. Цішыню парушаў толькі аднастайны перастук электрастанцыі. Тэрэза стаяла перад адчыненым барам і ніяк не магла патрапіць рыльцам бутэлькі ў чарку, каньяк разліваўся па лакіраванай паверхні. Эдмундас прытрымаў яе руку. Дробна зазвінела шкло.

- Я з табой, - сказаў ён і наліў палову чаркі сабе.

Яны выпілі моўчкі.

Маршанскі нерухома сядзеў у глыбокім фатэлі і глядзеў на столь. Я на ўсялякі выпадак таксама зірнуў угору, але на белай роўнядзі столі нічога вартага ўвагі, акрамя падобнага да павука ценю барочнай жырандолі, не згледзеў.

Я адышоў да акна і сеў на мяккую, як вясковая падушка, казетку. Вярнулася Гражына, рашуча перасекла залу і села побач. Яна дакранулася да маёй рукі халоднай, у вільгаці кандэнсату, торбачкай, але адразу ж шмарганула яе да сябе і павесіла на спінку казеткі.

- На дварэ дождж? - спытаў я.

- Не, туман. - Гражына пільна глянула мне ў твар. Вочы, пазбаўленыя макіяжу, выдалі бясколернымі. Яна адціснула насоўку проста на дыван. - Вада ў возеры жахліва зімная, як снег. Затое вяртае яснасць думкі, а тут, у цяпле, зноў пачынаю раскісаць. - Яна ўсхліпнула і прыклала насоўку спачатку да вачэй, потым да лба. - Так лепш. Як навязліва грукаціць рухавік і ўсё аддаецца ў скронях. Гэты твой Сак - хабёл. Ён хадзіў сачыць за мной. Уяўляеш - я была на беразе - цемрадзь і туман. Азірнулася, а за мной ледзь бачная нерухомая маўклівая постаць, я думала, гэта ты, і кажу: «Марцін! Нашто ты тут?» А ён моўчкі набліжаецца, і я ўжо бачу па абрысах, што гэта не ты, і раптам падалося, нібыта перада мною нябожчык - дзядзька Даўгалевіч. У цемры чаго не падасца? Асабліва калі чакаеш убачыць. Я ўскрыкнула і тут пачула: «Змоўкні, дурніца, няма чаго табе тут швэндацца, ідзі ў хату, пакуль я не перадумаў». Бачыш, дагэтуль рукі калоцяцца, а сам ён падаўся далей па беразе, спытай, нашто? Там жа ж няма больш каго палохаць. Я бегла да дома і ўсё азіралася, нейкая дурная думка - нібыта дагоніць зараз і пачне душыць. Ці проста мы ўсе тут павар'яцелі?

Рыпнулі ўваходныя дзверы.

Гражына змоўкла, сціснула маю руку.

На парозе з'явіўся Сак, павесіў электрычны ліхтарык на цвік, няспешна зняў плашч і падсеў да стала.

- Панове, - ён агледзеў залу, - так, усе сабраліся, толькі ніколі ўжо не будзе паміж нас дзядзькі Вадзіміра, сядайце да стала, нам ёсць над чым падумаць.

Усе моўчкі наблізіліся і паселі. Маршанскі нервова пачаў збіраць са стала карты.

Сак прыняў з суседняга са сваім крэсла плашч і сказаў:

- А ты, Марцін, сядай, калі ласка, тут, зараз растлумачу нашто.

Ягоная ўпэўненасць гіпнатызавала ўсіх, здавалася, што сярод усеагульнай разгубленасці адзін ён ведае, што рабіць. Я кіўнуў Гражыне і сеў побач з Сакам, а ён тым часам казаў:

- Дзядзьку Вадзіміра забілі, і зрабіў гэта нехта з прысутных, нехта з вас, - ён павёў перад сабой рукою, - акрамя мяне і Марціна.

Ніхто не варухнуўся. Сак вытрымаў паўзу і ўстаў.

- Я на ўсялякі выпадак абышоў зараз выспу - нідзе ніякіх слядоў, ніхто, акрамя нас, сюды сёння не прыплываў, паўсюль некранутая раса і прыбіты ўчарашнім дажджом жвір на пляжы. Я разумею, наколькі цяжкае абвінавачванне толькі што супраць вас высунуў. Але ж забойства - факт, ударыць сябе ў сэрца і потым выкінуць нож у басейн сам Даўгалевіч не мог - самагубства адкідаецца адразу. Значыцца, трэба шукаць забойцу, і, як я ўжо казаў, шукаць у межах гэтай залы.

- Ці не лепш пачакаць следчага? - Маршанскі ўсё перабіраў карты і ніяк не мог спыніцца.

- Чакаць? - Сак узвысіў голас. - Колькі? Тры дні? Пакуль па нас прыплывуць? Ці пан спадзяецца пераплыць возера сам? Можна было б і пачакаць, але за гэтыя дні могуць знікнуць доказы забойства, як знік і Даўгалевічаў дзённік. Забойца наўрад ці будзе проста чакаць. Мо ён ці яна змые ўсе сляды крыві, - Сак выразна паглядзеў на Гражыну, - або яшчэ горш - рыхтуе наступную ахвяру, сведку, аднаго з нас, хто ведаў ці бачыў нешта важнае? Таму я лічу, што ў нашых жа інтарэсах высветліць усё зараз. Ды я не магу сядзець проста так, калі ведаю, што забойца ў адным са мной доме.

- Чаму вы знялі абвінавачванне з сябе, мне зразумела, - сказала Гражына, - але адкуль такая велікадушнасць да Марціна?

- Факты і толькі факты, - Сак сашчапіў рукі на грудзях. - Давайце я ўзнаўлю цяг падзей падчас забойства, і стане зразумела, чаму ні я і ні Марцін не маглі забіць.

Пачну з таго, як усе былі ў лазні. Першымі сышлі жанчыны. Потым сышоў Кяльміцкас, за ім Марцін і Маршанскі. Я ж застаўся дапіваць бутэльку разам з Даўгалевічам. Мне давялося паціху выліць віно, бо ён быў ужо страшэнна п'яны. Але ж калі Даўгалевіч згледзеў пустую бутэльку, то прапанаваў прынесці і выпіць удвух яшчэ адну, перад вячэрай, я яго адгаворваў, казаў, што больш піць не варта, але ён апрануўся і падаўся па наступную бутэльку. Я вырашыў, што адзін ён піць не будзе, і пачаў збірацца, каб пайсці.

Сутыкнуліся мы з ім у дзвярах, я пераняў бутэльку і выйшаў на калідор. Вы ўсе сядзелі ў гасцёўні за сталом і гулялі ў віст. Значыцца, на наступны момант расклад быў такі: мы ўсе сядзім у гасцёўні і толькі Даўгалевіч сам у лазні. Вы дагулялі партыю, і нехта прапанаваў да вячэры разысціся - прывесці сябе да ладу пасля лазні. Вы ўсе падаліся па пакоях, і толькі мы з Марцінам засталіся ў зале. Ты, Марцін, прычыніў дзверы на калідор і сеў за фісгармонію. Я спяваў, а ты акампаніраваў, бо мы хацелі павіншаваць дзядзьку Вадзіміра песняй. Спадзяюся, усе чулі музыку і голас?

- Усе, - сказала Гражына.

Ніхто не запярэчыў. Адна толькі Маршанская зірнула на мужа нібыта за пацверджаннем.

- Дык вось, мы спявалі за зачыненымі дзвярыма. Першы сюды, хвілін праз дваццаць, спусціўся Эдмундас. Падыходзілі астатнія, садзіліся і слухалі. Неўзабаве сабраліся ўсе, акрамя Даўгалевіча. Я спытаўся, дзе ён. Ты, Гражына, сказала, што наверсе яго няма. Тады Эдмундас зазірнуў у лазню.

Адсюль вынікае - Даўгалевіча забілі пасля таго, як усе разышліся і ты, Марцін, прычыніў дзверы на калідор, і да таго, як усе сабраліся ў гасцёўні за сталом. Я і Марцін адзіныя, хто былі ў гэты час тут і нікуды не выходзілі, вы ж самі пацвярджаеце, што чулі музыку і спеў.

Вось чаму я сказаў - ні я, ні Марцін забіць не маглі, тут нават не бяру пад увагу этычны бок справы, ні я, ні ён не маглі гэтага здзейсніць чыста тэхнічна, бо не выходзілі з залы падчас забойства.

- Атрымліваецца, і я магла забіць Вадзіміра?! - Тэрэза Маршанская рэзка ўстала з-за стала, яе крэсла пахіснулася і глуха ўпала на дыван.

- Я ўжо сказаў, што этычны бок справы пакуль што не бяру пад увагу, толькі тэхнічны. Супакойся, калі мы пачнём зараз кідацца адзін на аднаго, лягчэй ад гэтага не стане. Мне баліць не менш, чым табе. Сядай.

- Хто ты такі, каб кідаць мне папрок? Ды які папрок - вінаваціць у забойстве Вадзіміра. Мяне? - Маршанская ўперлася рукамі ў стол і падалася наперад.

- Я такі ж самы сябра Даўгалевіча, як і ты, толькі ніколі не здраджваў яму. І яшчэ я той, хто не мог яго забіць. - Сак спакойна сеў у крэсла і закінуў нагу за нагу.

Гражына асцярожна кранула Тэрэзу за руку:

- Сядайце, сапраўды, ён мае рацыю, лепш ад гэтага не будзе.

- Вось чаму я і наважыўся ўзяць на сябе такую адказнасць - паспрабаваць правесці следства і знайсці забойцу, - Сак нечакана грымнуў кулаком па стале, - бо гэта злачынства супраць культуры, - яшчэ раз грымнуў кулаком, - супраць беларускай нацыі, і забойца, перш чым адказаць перад судом, адкажа перада мной! - Сак на хвіліну перавёў дыханне і далей працягваў ужо без крыку, адно што ягоны твар заставаўся страшным: - Я з гэтага моманту праводжу следства, раю са мною быць шчырымі і нічога не ўтойваць, бо мы людзі аднаго кола і можам паразумецца. Мяне цікавіць адно - знайсці забойцу, разлічыцца з ім.

Усе падрабязнасці з асабістага жыцця мяне цікавяць толькі з гэтага пункту гледжання і застануцца між намі. Горш, калі ўсе памылковыя версіі будуць фігураваць на судзе. Гэта як мінімум абраза памяці Даўгалевіча, якая належыць не нам, а ўсёй нацыі. Няхай маім памагатым у гэтай святой справе будзе Марцін. Прашу ўсіх заставацца ў гасцёўні. Мы з Марцінам пойдзем у Даўгалевічаў кабінет, і там з кожным я буду размаўляць паасобку. Я яшчэ раз прашу нікога не крыўдаваць і быць шчырымі. Забойца сярод нас, і наш абавязак выкрыць яго. Праз пяць хвілін ты, Гражына, падыміся да нас, як выйдзеш, паклічаш наступнага, я скажу каго.

Пайшлі, Марцін, нам яшчэ трэба дамовіцца.

 

Мы з Сакам узняліся стромымі сходамі на мансарду. Доўгі калідор, падзелены частымі вертыкалямі дзвярэй, упінаўся ў шасцікутнае акно.

У кабінеце мы моўчкі паскладвалі чыстыя паперы ў шуфляды. Сак сцягнуў з шафы пустую кардонную скрыню з-пад тэлевізара, і мы яе наладавалі акуратна падпісанымі папкамі з рукапісамі.

- Дзе ляжаў апошнім часам дзённік? - Сак адцягнуў скрыню пад сцяну, бліжэй да дзвярэй.

- На стале, ляжаў разгорнуты. Я сюды заходзіў перад лазняй з Гражынай. Дзядзька Вадзімір якраз сядзеў і рабіў запіс. Так што дзённік забойца сцягнуў да прыходу Гражыны, зайшоў, калі мы спявалі нанізе, спакойна ўзяў са стала і пайшоў. А Гражына спазнілася, бо нашто ёй тады было выкідаць начынне з шуфлядаў, калі дзённік ляжаў навідавоку.

- Памыляешся, - Сак сеў на канапу. - Даўгалевіч яшчэ раз заходзіў у кабінет, па віно, і мог дзённік перахаваць, у тыя ж шуфляды. І дарма ты яе так бароніш - тваю дзеўку. Мне куды лягчэй падазраваць яе, чымсьці тую ж Тэрэзу, якую ведаю яшчэ з інстытута.

- Таму і бараню, што табе лягчэй. І наогул, ці маем мы маральнае права судзіць астатніх толькі на той падставе, што былі разам падчас забойства? Для іх мы маглі дамовіцца - я пайшоў забіваць, а ты падсеў да фісгармоніі - граў і спяваў, каб усе чулі. Я забіў Даўгалевіча, схадзіў па дзённік, спаліў яго і вярнуўся. А потым мы з табой разам згулялі камедыю, калі злавілі Гражыну ў кабінеце.

- Не атрымліваецца, - Сак прыпаліў і кінуў запалку ў камін, - я не ўмею граць на фісгармоніі, а ты не можаш добра спяваць. І наогул, няўжо ў выпадковага следчага больш маральных правоў разбірацца ў смерці дзядзькі Вадзіміра, чым у ягоных сяброў?

- У сяброў? Не забывайся, адзін з іх забойца. - Я таксама запаліў. Цесны кабінет адразу зацягнула дымам, але пакрысе ён стаў знікаць у каміне.

- Акрамя нас, акрамя нас. Вось адкуль ідзе нашае права. - Сак раптам перайшоў на шэпт: - Ведаеш, Марцін, ты вазьмі ручку і паперу - будзеш занатоўваць за кожным асноўныя дэталі. Пытанні я ўжо прадумаў, калі хадзіў па выспе.

На калідоры пачуліся прыглушаныя ходнікам крокі. Увайшла Гражына.

- Я не зарана?

Сак моўчкі паказаў рукой на пустое крэсла перад камінам.

З хвіліну мы маўчалі. Гражына то расшпільвала торбачку, то зашпільвала, нарэшце павесіла яе на спінку крэсла і скрыжавала рукі.

- Імя і прозвішча? - Сак збіў попел на далонь.

Гражына ўзяла са стала цыгарэты, я ёй паднёс запалку. Глыбока зацягнулася і сказала:

- Маё? Гражына Логвін.

- Гэта ж літаратурны псеўданім.

- Не толькі: па пашпарце і па літаратуры супадаюць.

- Узрост?

- Дваццаць два.

- Занятак?

- Паэтка.

- Яшчэ што?

- Вучуся, трэці курс філалогіі, універсітэт. Жыву ў Менску, з бацькамі. Са шкодных звычак, як бачыце, - паленне і алкаголь. Антрапалагічныя дадзеныя вас таксама цікавяць? Магу падаць.

- Як ты трапіла на семінар?

- Нарэшце бліжэй да справы. Ад Саюза пісьменнікаў. Даведалася, што адбудзецца семінар, на якім адным з кіраўнікоў Даўгалевіч. Прыйшла і папрасіла, каб мне далі накіраванне.

- Каго з прысутных на выспе ведала да прыезду на семінар?

- Асабіста аднаго Марціна, мы сустракаліся раней. Астатніх, апроч Кяльміцкаса, якога ўбачыла ўпершыню, ведала завочна, па публікацыях.

- Як ты трапіла сюды, на выспу?

- Разам з усімі, на таксі, далей на чоўне.

- Я маю на ўвазе, хто запрасіў цябе.

- Калі ты, Марцін, дазваляеш, я раскажу.

Я не запярэчыў, і Гражына працягвала:

- Спадзяюся, пан Сак заўважыў, у нас з Марцінам адносіны больш чым сяброўскія. Ён прадставіў мяне Даўгалевічу як сваю каханку, і той запрасіў мяне на свой юбілей. Гэта, дарэчы, адбывалася пры сведках - Кяльміцкас быў побач.

- Наколькі я ведаю, у Марціна ёсць сяброўка ў Менску, з якой ён нават збіраецца ажаніцца.

- Не ведала, - Гражына зірнула на мяне.

- Паслухай, Сак, - я адклаў ручку ўбок, - я ведаю ў Менску як мінімум трох дзевак, з якімі ты збіраешся ажаніцца, прынамсі, яны так думаюць, але гэта табе не перашкаджала заляцацца да Гражыны, пакуль я не сказаў табе пра нашыя адносіны. Да забойства гэта мае такое дачыненне, як і колер яе вачэй.

- Дарэчы, - Сак прымерыўся і пстрыкнуў недапалкам у камін, патрапіў, - а сапраўды, які колер яе вачэй? Толькі не паварочвайся.

Я глянуў, але Гражына нерухома сядзела спінай да мяне. «Так, - падумалася мне, - каштанавыя валасы, жоўтая сукенка і зялёная ў залатыя жарынкі торбачка, на колер баа можна не зважаць, такія рэчы не купляюць у тон да нечага, прынамсі, студэнткі».

- Карыя, - нарэшце сказаў я.

- Ды не, - Сак уздыхнуў, - зялёныя, а вы мне пра каханне. Ды я хоць зараз тых трох дзевак, што ты згадаў, да драбніц успомню. Вось і атрымліваецца - не каханка, а палюбоўніца, у лепшым выпадку. Але так і так не стасуецца. Чаму ты, Марцін, папрасіў Даўгалевіча пасяліць вас у розных пакоях? Тое ўжо пры мне было.

- А вось тут, - гэтым разам уздыхнуў я, - ужо табе, Сак, будзе цяжка зразумець, нават немагчыма. Колькі ні тлумач. Лягчэй зайсці з другога боку: дзядзька Вадзімір здзівіўся маёй просьбе? Ты ж быў пры гэтым - не, не здзівіўся. Для яго такія расклады былі нормай. Вось і ты лепей не здзіўляйся, а бярыся бліжэй да справы.

- Добра, ты толькі занатуй гэты момант. - Сак выпрастаў ногі і адкінуўся на спінку, нібыта зараз больш не збіраўся пытацца, а толькі слухаць. - Узнаві, калі ласка, падзеі з таго моманту, як ты сышла з лазні, і да таго, як даведалася, што Даўгалевіч забіты.

- Нарэшце, - Гражына ўзяла са стала яшчэ адну цыгарэту і прыпаліла яе ад папярэдняй, - трэба скупіць думкі, бо гэта сапраўды важна.

Гражына пераклала цыгарэту з адной рукі ў другую, потым пачала загінаць пальцы, бязгучна прачыняць вусны. Святло ад настольнай лямпы пульсавала ў такт хваравітаму гуку рухавіка электрастанцыі, і цені на сцяне рабіліся то больш, то менш кантрастнымі. З прачыненых дзвярэй чуліся неакрэсленыя, прыцішаныя галасы.

За высокім фігурным акном мансарды клубіўся падсвечаны знізу туман. Яго пульхныя пратуберанцы часам уздымаліся да самага шкла. Туман выдаваў мне аблокамі, пад якімі недзе далёка ўнізе зямля, і таму недарэчнай здавалася голая, без лістоты, галінка, што вытыркалася з белі і лёгка пагойдвалася перад самымі шыбамі. Мяне раптам скаланула ад холаду.

- Што, мерзнеш? - спачувальна спытаў Сак.

- Не. Раптам як холадам працяла, і ўсё.

- У нашай вёсцы кажуць, што так бывае, калі нехта па тваёй уласнай магіле праходзіць. Скажы дзякуй, што прайшоў, а калі б сеў адпачываць, то ўвесь час і калаціўся б, небарака. Вось я нешта мерзну, а камін, здаецца, яшчэ цёплы.

- Чакайце, - Гражына адкінула з ілба валасы, - з думкі саб'яце. Усё ўспомніла, што за чым ішло. Я наогул не пераношу лазню, нават без парыльні, лепш за душ нічога няма - нязменна чыстая вада. А лазня, яна горш за ванную. Задушлівая пара і бракуе паветра. Я пачала задыхацца. Пасля басейна сталася лягчэй. Я пайшла апранацца. За мной выйшла Тэрэза Маршанская, яна здавалася раззлаванай і спытала мяне, чаго так рана сыходзім. Я адказала, што ў мяне проста забалела ад гарачыні галава. Яна ўзялася правесці.

Маршанская мне прапанавала фен, але я адмовілася. Валасы, калі сохнуць самі сабой, заўсёды набываюць натуральныя формы, а ўсе гэтыя штучныя ўчасанні я не пераношу. Яна прынесла фен да мяне і папрасіла ўкласці ёй валасы. За гэтым заняткам нас і заспеў Кяльміцкас, бо дзверы на калідор мы не зачынялі. Ён быў засмучоны і сказаў, што Даўгалевіч зноў зашмат п'е і, відаць, са святочнай вячэры нічога не атрымаецца, што яму агідна глядзець, як ягоны сябра можа даходзіць да такога стану і як другія яму падліваюць. Я спыталася: «Няўжо і Марцін?» - «Ды не, - адказаў Кяльміцкас, - гэтыя двое». Мне сталася прыкра чуць такія размовы перад святочнай вячэрай, і я прапанавала сысці ў гасцёўню, згуляць у карты. Тэрэза пагадзілася.

За сталом не хапала партнёраў. Мы з Тэрэзай расклалі пасьянс. Потым з'явіўся Марцін, і мы распісалі вясковы віст. Толькі згулялі першы кон, як з лазні выйшаў Маршанскі, ён быў трохі на падпітку, але трымаўся салідна. Давялося дапісваць яшчэ адну графу і пачынаць гульню зноў. Мне шанцавала, і таму, калі пачаліся коны рэваншу, я нават перастала сачыць за картамі на руках, адно глядзела, каб трапіць у масць, я і так пайшла ў адрыў, у астранамічныя плюсы. Астатнія ж нерваваліся з-за картаў, сварыліся.

Дзверы ў калідор былі адчынены на дзве паловы, я сядзела насупраць іх. У канцы добра праглядаліся дзверы лазні і пачатак сходаў на мансарду. Я пазірала туды раз-пораз - усё чакала, калі выйдзе Даўгалевіч. Нарэшце дзверы адчыніліся, і з іх неяк бокам выйшаў ён у сваім шыкоўным усходнім халаце, на галаве абы-як накручаны ручнік. Ён відавочна быў на падпітку і ўсё прыкладаў да твару мокры канец ручніка.

Я заглядзелася і затрымала ход. Усе азірнуліся. Даўгалевіч трохі пахістаўся і бокам стаў узнімацца сходамі на мансарду. Я падумала, што ён пайшоў пераапранацца да вячэры. Але праз нейкіх паўхвіліны ён з бутэлькай віна ў руцэ збег сходамі. Адразу ж пачуўся ваш голас - нешта наконт таго, што піць болей не варта.

Вы выйшлі на калідор з адабранай у Даўгалевіча бутэлькай і далучыліся да нас. Вы запэўнілі: усё ў парадку - Даўгалевіч абяцаў прыняць халодны душ, каб працвярэзіцца, і выйсці хвілін праз пяць. Мы дагулялі партыю і пайшлі з гасцёўні, засталіся толькі вы з Марцінам. Ён прычыніў дзверы. Загучалі фісгармонія і спеў.

Мы падняліся на мансарду. Тэрэза Маршанская зайшла да мяне і прапанавала пайсці на шпацыр удзвюх. Я адмовілася, бо ў мяне яшчэ былі вільготныя валасы і я баялася прастыць. Тады яна, відаць, пакрыўдзілася і пайшла, але праз хвіліну вярнулася ўжо апранутая і папрасіла мяне, калі Маршанскі будзе потым пытацца, сказаць, што я хадзіла разам з ёй, бо той не хоча яе адпускаць саму. - Гражына азірнулася на мяне. - Відаць, не варта было мне гэтага казаць, але не думаю, каб тут была якая сувязь з забойствам, не прасіла б яна так лабаво, але ж хто ведаў, што здарыцца такое. Можа, гэтая звестка чым дапаможа, выцягне за сабой нейкія другія, не ведаю.

Я замкнула пакой з сярэдзіны, каб удаць, нібыта пайшла разам з Маршанскай, згасіла святло і легла адпачываць. Аднастайна, як катрынка, грала фісгармонія і гучаў спеў. З-за дзвярэй я пачула ўпэўненыя крокі - нехта ішоў наніз, неўзабаве - тыя ж крокі наверх, шчоўкнуў ключ. Потым нехта прабег калідорам наніз, а потым мне падаўся нейкі шолах, я прыслухалася, на калідоры нехта крадком, ледзь чутна шорх, шорх і стаіўся перад маімі дзвярыма, я спыніла дыханне. Клямка бязгучна павярнулася і стала на месца. А потым ізноў - шорх, шорх - аддаліўся, недзе ледзь чутна зачыніліся дзверы.

Я думала спачатку, што гэта ты, Марцін, але ж пачула музыку і зразумела, што ты не адыходзіў ад клавішаў. Потым я падумала - гэта Маршанскі вырашыў паглядзець, ці пайшла я з ягонай жонкай, відаць, так яно і было, але ўсё адно мне сталася страшна, я падціснула пад сябе ногі і стаілася на канапе.

Гэтыя выспа, ноч, туман, грукат электрастанцыі выкручваюць мне свядомасць, я ад самага пачатку стала тут баяцца за сябе, за іншых.

Я ляжала, і тут зноў ледзь чутныя крокі, толькі ўжо другія, і лёгкі шчаўчок у філёнгу. «Гражына!» - прагучаў шэпт. Я пазнала голас, адамкнула, да мяне зайшла Маршанская, яна зноў была раззлаваная, але гэтым разам не на мяне. Яна відавочна змерзла. Я прапанавала ёй, каб не заўважыў муж, распрануцца ў мяне і пайсці ў гасцёўню выпіць кілішак каньяку.

Астатняе адбывалася ў вас на вачах. Калі пачула крык і ўсе кінуліся ў лазню, я нібыта не ўсвядоміла сэнсу, засталася сядзець, а потым успомніла пра дзённік і пабегла ў кабінет. На стале было пуста, я павыцягвала шуфляды і стала шукаць там. Пасля з'явіліся вы і Марцін. Вось на разе і ўсё.

Гражына змоўкла і пачала глядзець у акно, паверх Сакавай галавы.

- Добра, - Сак падаўся наперад. - Каго ты ўласна падазраеш?

- Асабіста нікога. Хоць, як мне здаецца, у кожнага маглі быць свае матывы, але я ведаю ўсіх вельмі мала, каб рабіць такія высновы.

- Добра, я трошкі змяню пытанне: ці заўважыла ты за кім адхіленні ў адносінах з Даўгалевічам?

Гражына хітнула галавой.

- Пачнём з таго, што я не ведаю, якія адносіны ў іх былі раней, але ж не, адхіленняў не заўважыла. Бачыла, як некаторыя сварыліся з ім на семінары - той жа Маршанскі і Тэрэза, як нешта з крыкам даводзіў яму Кяльміцкас, але ж сварыцца нармальна, як і смяяцца разам. З-за гэтага не забіваюць. Я мала ведаю вас усіх, каб рабіць высновы.

- Дзякуй, Гражына, можаш ісці, пакліч Маршанскую, няхай счакае пяць хвілін і падымецца.

Гражына ўзялася за клямку, калі Сак раптоўна спыніў яе:

- Адно пытанне - дзе была твая торбачка, калі мы заспелі цябе ў кабінеце?

- Заставалася вісець на крэсле ў зале. - Гражына нават не азірнулася і выйшла на калідор.

- Так, - Сак заплюшчыў вочы, - пазнач, што яна магла пайсці і забіць на адцінку часу паміж адыходам Тэрэзы на шпацыр і яе прыходам. Даволі падазрона - легчы ў пакоі, замкнуць дзверы і ўдаваць уласную адсутнасць, аднак гэта мог быць і ход з боку Тэрэзы - падставіць Гражыну пад падазрэнне. Адно, што можа трохі праясніць, калі хто з двух - або Маршанскі, або Кяльміцкас - прызнаецца, што ён кратаў клямку ў яе пакоі, і растлумачыць, чаму вяртаўся крадком.

- Аднак калі Гражына гаворыць праўду, а той, хто хацеў да яе зайсці, - забойца, ён наўрад ці прызнаецца. Ты, здаецца, шукаеш не ў тым кірунку. Варта разабрацца ў матывах. Нашто той жа Гражыне было забіваць дзядзьку Вадзіміра?

- Разумееш, - Сак сашчапіў пальцы і захрабусцеў суглобамі, - можна мець дзесяць матываў для забойства і не забіць. Шмат даў бы дзённік, каб яго знайсці, у плане тых жа матываў, але канчаткова прывесці да мэты нас могуць толькі факты, учынкі. Адна справа - жадаць, другая - зрабіць. Нешта мне не падабаецца вашая версія з каханнем, лепш раскажы праўду, і здымем яе.

- Баюся, сказанае мной толькі падмацуе тваю падазронасць, - я адчуваў сябе няўтульна за масіўным секрэтэрам, хаця мой занятак пасаваў да яго выдатна. - Наша каханне - лухта, не было нават лёгкага флірту. Гражына кахала Даўгалевіча і ўпрасіла мяне паехаць сюды разам, а каб ніхто не здагадаўся пра сапраўдны матыў, мне давялося ўдаваць закаханага. Ты ведаеш, я да яе не ў прэтэнзіі.

- Так, - Сак загнуў палец, - ад кахання да нянавісці якая адлегласць?

- Думай як хочаш, - я сцепануў плячыма, - мне асабіста гэта не важна: што Гражына, што Тэрэза - без розніцы.

Сак падняў угару палец:

- Чуеш? Ідзе.

Тэрэза зайшла няспешна, падсунула крэсла бліжэй да каміна і села. На Сака яна глядзела з лёгкай пагардай.

- Выбачай, Тэрэза, але колькі табе гадоў?

Яна павярнулася да мяне.

- Лепш буду расказваць вам, Марцін, і вы пытайцеся, так будзе лягчэй. Мне Вадзімір расказваў пра вас. Гэтая дзяўчынка, відаць, ужо абмовілася пра мой начны шпацыр, ды я сама не збіралася рабіць з яго таямніцы. Вы, пэўна, ведаеце, якія адносіны лучылі мяне з Вадзімірам?

- Збольшага, - я адклаў ручку і перасеў, каб лепей бачыць Тэрэзу. - Толькі творы Даўгалевіча, чуткі і плёткі не лепшыя крыніцы ў нашай сітуацыі. Мо раскажаце самі?

- Мы вучыліся разам. Я, Вадзімір і Кяльміцкас, на адным курсе. Дваццаць пяць гадоў таму. Сак паступіў пазней, мы ўжо канчалі вучобу. Мы сябравалі, дакладней сябраваў Вадзімір з Эдмундасам, а я закахалася ў Даўгалевіча і ўвесь час набівалася да іх у кампанію, гэта было не цяжка, бо я і Вадзімір былі адзіныя беларусы на ўвесь курс, у чужым горадзе зямляцтва да нечага абавязвае.

Праз месяц Вадзімір прызнаўся мне ў каханні, і з таго часу мы былі разам. З Эдмундасам яны пастаянна сварыліся на гістарычнай глебе. Вадзімір усё даводзіў, што Кяльміцкас фальсіфікатар - крадзе беларускіх нацыянальных герояў і перарабляе іх на летувісаў, а самае жахлівае, робіць гэта таленавіта. Эдмундас жа пярэчыў, нібыта гэта мы, беларусы, яшчэ раней прыўлашчылі летувіскую гісторыю і ён толькі аднаўляе справядлівасць.

Аднаго разу яны нават пабіліся, з-за аповесці. Узялі адзін і той жа сюжэт, каб паглядзець, хто з іх лепей напіша. Не ведаю, якая была зачэпка, але ж, калі я зайшла да іх у пакой, - Эдмундас зацята біў Вадзіміра. Эдмундас біў, а той чамусьці не бараніўся. На іх было жахліва глядзець. Цэлы месяц яны не размаўлялі паміж сабой, але я іх урэшце памірыла. Пасля яны паводзілі сябе больш талерантна. Толькі ўсё адно іх спрэчкі часам пераходзілі ў крык. Гэта здаралася і апошнім часам.

Пасля заканчэння вучобы мы ўсе раз'ехаліся. Эдмундас у Коўна, Вадзімір у Менск, а я ў Гародню. Мы пісалі адно аднаму лісты, але раптам Вадзімір некуды знік. Я званіла яму ў рэдакцыю, але там ніхто нічога не ведаў дакладна - не то захварэў, не то з'ехаў. Я падалася ў Менск. Нарэшце праз агульных сяброў даведалася - у Вадзіміра запой.

З трэцяга заходу, раней ён проста не адчыняў мне, ледзь дагрукалася ў кватэру. Я не ўшчувала яго, але ён сам абяцаў, што кіне піць. Толькі зранку зноў сядзеў на кухні і піў гарэлку, мы пасварыліся, і я з'ехала.

Праз месяц ён сам завітаў да мяне. Мы не згадвалі пра апошнюю сустрэчу. На развітанне, у аэрапорце, ён раптам сказаў, што жэніцца з маёй менскай сяброўкай - Марыяй Маршанскай. Пачаў тлумачыць, што пісьменнік не можа дазволіць сабе раскошу ажаніцца з каханай. Што кожная жаніцьба - смерць для пачуццяў, што не хоча зрабіць мяне няшчаснай, бо ніколі не зможа кінуць піць. На мяне як якое здранцвенне найшло, я згодна ківала галавой і прасіла яго не хвалявацца. Ён умеў прымусіць іншых зрабіць так, як хацеў сам.

За ноч мая апатыя змянілася нейкай бессэнсоўнай дзейнасцю. Я нейкім цудам здолела за два тыдні абмяняць сваю аднапакаёўку ў Гародні на пакой у Менску, знайшла працу. Мне ўвесь час здавалася, што, калі я не буду ўсцяж побач з Вадзімірам, нешта здарыцца. Я ўспомніла, як яшчэ да паступлення ў інстытут да мяне заляцаўся брат Марыі - Сямён Маршанскі, і аднавіла нашае знаёмства.

Неўзабаве ён зрабіў прапанову - ажаніцца. Я пагадзілася, з'явіўся шанц легальна бываць у Даўгалевіча на правах сваячкі. Пра сваё рашэнне мы і паведамілі Вадзіміру на ягоным з Марыяй вяселлі. Пачаўся скандал, і Даўгалевіч зноў запіў. Але ж скора ўсё ўсталявалася.

Мы з мужам нярэдка бывалі ў Вадзіміра, і я радавалася кожнай сустрэчы.

Нашы адносіны набылі сапраўды ідэальны характар, бо мы нічога не былі вінны адно аднаму. Але ж Вадзіміра пастаянна спойвалі сябры, тыя, што зайздросцілі ягонаму таленту. Самі яны пілі адзін вечар і назаўтра адно пакутавалі ад галаўнога болю, а Вадзімір зрываўся на тыдзень, на месяц і не мог спыніцца.

Тады ён часам яшчэ стрымліваў сябе і пісаў паміж запоямі, пісаў так, як нікому з нас не дадзена, але пасля Марыінай смерці, два гады таму, пайшоў уразнос. Зноў з'явіліся старыя сябры, і ён працягваў співацца, кінуў пісаць.

Ні я, ні мой муж ужо не мелі на яго ўплыву. З Сямёна ён увесь час здзекаваўся за тое, што піша па-расейску. Мы і на гэты семінар паехалі, і на гэтую выспу, каб яшчэ раз пагаварыць з Вадзімірам, пераканаць яго кінуць піць і вярнуцца да творчасці. Але пагаварыць не паспелі. - Тэрэза Маршанская раптоўна змоўкла і прыкрыла рукой вочы.

- Выбачайце, - мне ўсё здавалася, што я кажу недастаткова мякка ў гэтай сітуацыі, - вы выходзілі сёння на шпацыр, каб яшчэ раз сустрэцца з Даўгалевічам?

- Так, - Маршанская не адняла рукі ад вачэй, - я толькі не хацела, каб муж ведаў пра нашу сустрэчу, але цяпер усё адно. Таму і папрасіла Гражыну сказаць, нібыта яна пайшла са мной.

Я спачатку хацела зайсці ў лазню, бо ведала - Вадзімір застаўся там сам, але перадумала - нехта мог заспець нас і сапсаваць размову.

На дварэ быў шчыльны туман, за пару крокаў ад сябе я нічога не бачыла, даводзілася ўсцяж трымацца за сцены.

Я падышла да акна з боку возера і пагрукалася. Святло яшчэ гарэла ў ім, але ніхто не адказваў. Я паспрабавала папхнуць шыбу, але без вынікаў. Не хацелася падымаць шуму. Я зайшла да другога акна. Там шыба падалася адразу. Праглядваўся толькі басейн, лавы былі пад акном, і не было магчымасці зазірнуць туды. «Вадзімір», - паклікала я, ён не адказаў. Раптам пачуліся крокі ў прылазніку, і я хуценька пацягнула шыбу на сябе, але там не было ручкі, і акно шчыльна не зачынілася. Я адразу ж вярнулася ў дом і зайшла да Гражыны.

- Чакайце, - спыніў я, - нож ляжаў на дне басейна?

- Нож? - Тэрэза намыслілася, завагалася. - Здаецца, не, я б адразу заўважыла, такія нестасоўныя рэчы кідаюцца ў вочы. Не, нажа не было. Я яшчэ ўзіралася ў люстэрка вады, шукала адбітак нябачнай мне паловы лазні. Але не паспела згледзець, нехта ўвайшоў у лазню, і я зачыніла акно.

- Кажаце, што нехта ўвайшоў, вы не заўважылі хто? Можа, гэта быў Даўгалевіч? - Я паспрабаваў запытацца як мага больш абыякавым тонам.

- Не, - паспешліва адказала Тэрэза, - толькі чула, як нехта зайшоў у прылазнік, там жа яшчэ адны дзверы, я не дачакалася гэтага моманту.

- А вы адразу ж вярнуліся ў дом ці чакалі, пакуль гэты нехта сыдзе?

- Адразу, наколькі гэта магчыма зрабіць у суцэльным тумане, хвіліны дзве, тры, не болей.

- Можа, гэта дзядзька Вадзімір адчыніў дзверы ў прылазнік, таму і не чуў вас?

- Можа, так, можа, не.

- Гражына казала, што вы распрануліся ў яе і разам з ёй сышлі ў гасцёўню. Вы заходзілі да сябе ў пакой?

- Я дагэтуль там не была.

- Ты падазраеш каго-небудзь? - нарэшце ўключыўся ў размову Сак.

- Нікога, мне ўсё здаецца, гэта зрабіў нехта іншы - прыплыў на чоўне, забіў і ўцёк, а мы тут дарма губляем час. Няўжо адсюль ніяк нельга трапіць на бераг?

- На жаль, нельга, - сказаў я. - Застаецца чакаць і разбірацца самім.

- Шкада, - Тэрэза ўстала. - Я пайду, здаецца, па ўсім.

- Хвілінку, - Сак таксама ўстаў. - Успомні, калі мы з Марцінам кінуліся з лазні ў кабінет шукаць Гражыну і потым вярнуліся ў гасцёўню, ці вісела на крэсле Гражыніна торбачка?

- Не памятаю, мне было не да таго.

Я хацеў спытаць, ці заходзіла Гражына ў гасцёўню перад тым, як выйсці на вуліцу, але Сак апярэдзіў мяне:

- Дзякуй за размову, пакліч, будзь ласкава, Кяльміцкаса, адно хай трошкі счакае.

- Калі ласка, - Тэрэза з палёгкай уздыхнула і выйшла.

- Як мяркуеш, - спытаў Сак, - яна казала праўду?

- Праўду, але не ўсю, здаецца, яна ведае больш. Адно акно ў лазні і сапраўды няшчыльна зачынена, я глядзеў. Так зачыняць з сярэдзіны не сталі б. Дастаткова было лёгка прыціснуць рукой, шыба добра заходзіла, але калі цягнуць за раму да сябе з вуліцы, то там няма за што ўхапіцца. А другое акно было забіта цвіком, апісанне супадае з яе словамі.

- Пачакай тут, пайду спраўджу, відаць з таго акна дзверы ў прылазнік ці не. Я скора. - Сак выбег з пакоя.

Калі Тэрэза кажа праўду і ў басейне не было нажа, - пачаў разважаць я, - то застаецца адзін варыянт: той, хто заходзіў у прылазнік, і ёсць забойца. Даўгалевіч заснуў. Нож у сэрца, крок назад, нож паляцеў у басейн, потым крадком па сходах, пакратаў клямку - ці ў пакоі Гражына, і да сябе ў пакой. Але нашто кратаць? А нашто забіваць? Кяльміцкас ці Маршанскі?

А можа, і Тэрэза? Зайшла ў лазню - забіла, прачыніла акно, каб потым ускосна давесці, нібыта была на дварэ падчас забойства. У Гражыны пачала ўдаваць, што змерзла, каб не кідалася ў вочы, як калоцяцца ў яе рукі. Тады становіцца да месца клямка. Тэрэза падкрадаецца да дзвярэй, кратае клямку, чакае і потым шчоўкае ў філёнгу: «Гражына». Вось і гатовы міфічны забойца, які прайшоў калідорам і схаваўся ў сваім пакоі. Да таго ж увязана па часе з тым, хто нібыта заходзіў у прылазнік. Адно незразумела - за што Тэрэза магла забіць Даўгалевіча?

За жаніцьбу з Марыяй Маршанскай? Лухта - забіла б гадоў дваццаць таму, і не яго, а Марыю. Можа, яна прапанавала пажаніцца цяпер, а ён адмовіўся? Але, відаць, такая размова ў іх ужо адбылася значна раней - ледзь не адразу пасля Марыінай смерці, а не праз два гады. Вось тут бы і прыдаўся дзённік. Калі яго сапраўды ўзяла Тэрэза, то яна не будзе знішчаць - рэліквія вялікага кахання. Хутчэй грунтоўна схавае, але чаму адразу зайшла да Гражыны, а потым увесь час была паміж людзей. Ды і не можа літаратар нішчыць чужы рукапіс - прафесійнае. Але калі літаратар - жанчына?

А калі пракруціць варыянт з Гражынай? Ад яе сышла Тэрэза, Гражына ўзяла нож, забіла Даўгалевіча, а каб мець тлумачэнне на выпадак, калі б хто спрабаваў да яе ўвайсці за гэты час, прыдумвае гісторыю з клямкай і замкнёным пакоем. Тэрэза зачыняе акно, а з прылазніка заходзіць Гражына з нажом, забівае і паспявае вярнуцца да Тэрэзінага прыходу. Але зноў - з-за чаго забіваць? Каб Даўгалевіч нікому не расказаў, што аўтограф верша не ягоны твор? Калі яна выдумала такі фінт з вершам - то кахала дзядзьку Вадзіміра, напэўна, а значыцца, не магла забіць - і наадварот. Ды ўжо, ва ўсялякім разе, не расказвала б мне аб сваіх планах.

Аднак Сак злавіў яе на гарачым учынку ў кабінеце. Гэта довад «за», «супраць» - яна дзесяць разоў магла ўкрасці гэты дзённік паміж тым, як забіла і вярнулася да сябе. Да таго ж Даўгалевіч нічога пра яе, відаць, у дзённік і не запісваў. Яны знаёмыя не так даўно, а аўтограф ён зрабіў і адразу пайшоў у лазню. За стол болей, відаць, не садзіўся. Аўтограф верша - апошняе, напісанае ягонай рукой.

Не супадае. Гражыне на карысць, каб быў дзённік, там абавязкова знойдуцца падставы вінаваціць каго іншага. Адно толькі - калі Даўгалевіч, моцна п'яны, падаўся з лазні, зайшоў у кабінет, зрабіў запіс аб тым, як мы з Гражынай былі ў яго і прасілі аўтограф, узяў бутэльку віна і вярнуўся. А Гражына зайшла ў кабінет, прачытала запіс, спаліла дзённік у гэтым каміне, а потым забіла Даўгалевіча, каб нікому не паспеў расказаць. Толькі як яна здолела даведацца аб запісе, калі той не быў яшчэ зроблены, загадзя ўкрала нож і разрадзіла акумулятар рацыі?

Не ведаю, да чаго дайшлі б мае развагі, але ў кабінет вярнуўся Сак, ён цяжка дыхаў:

- Ведаеш, з таго акна цудоўна відаць дзверы ў прылазнік, праўда, зазірнуць і ўбачыць лаву, на якой сядзеў Даўгалевіч, практычна немагчыма - трэба залезці на цокаль і ўсунуць галаву ў акно. Але галоўнае - яна зманіла наконт дзвярэй і хутчэй за ўсё дачакалася, пакуль забойца зайшоў у лазню. Нават пры зачыненым акне можна разгледзець праз шкло, што адбываецца перад дзвярыма. Калі яна бачыла забойцу, то ёй ёсць сэнс хаваць гэта ад нас у адным толькі выпадку - калі забойца - Маршанскі!

- А можа, яна сапраўды не паспела заўважыць, хто зайшоў?

- Жанчыны вельмі цікаўныя, - Сак сеў на канапу, - хаця, можа, я і памыляюся ў Тэрэзе. Паслухаем Кяльміцкаса, яго таксама нельга выключаць з ліку падазроных.

- Не забывайся - шкло ў лазні было запатнелае. Як тут у нас. - Я накрэсліў пальцам на шыбе празрыстую літару «Н».

- «Эн» - што гэта? «Нічога»? «Ноч»? - Сак прымружыў вочы.

- Проста «Эн» - «нехта невядомы», - а ў паветры дакрэсліў лацінкаю «Hrazyna» і дадаў таксама бязгучна - яна адзіная, хто раскажа мне ўсё, як было на самай справе, - а ўголас сказаў: - Можа, лепш спачатку паслухаць Маршанскага?

- Не, - Сак хітнуў галавой, - хай ён будзе апошнім.

На калідоры пачуліся ўпэўненыя крокі. Нават дыван не мог іх прыцішыць. У кабінет зайшоў Кяльміцкас і адразу ж рашуча сеў у крэсла.

- Першы раз чую настолькі ўпэўненыя крокі ў хаце, звычайна так ходзяць ва ўстановах. - Я выцягнуў новы аркуш з шуфляды і накрыў ім папярэдні - спісаны дашчэнту.

- Гэта добра ці блага? - Кяльміцкас хутка павярнуўся да мяне.

- Гэта проста цікава, вось і ўсё.

- Пішы, - Сак надаў свайму твару звышсур'ёзны выгляд, - Эдмундас Кяльміцкас. 1934 год нараджэння, нацыянальнасць - летувіс. Занятак - пісьменнік, аўтар гістарычных раманаў. Пазнаёміўся з Даўгалевічам у 1958 годзе на першым курсе Літінстытута.

- Хвілінку, - Кяльміцкас прыўзняў руку, - я ведаў Вадзіміра раней на два гады. Відаць, будзе лепш, калі я раскажу сам. А вы толькі ўдакладніце дэталі.

Пазнаёміўся - не зусім дакладнае слова, хутчэй сутыкнуўся - у 1956 годзе. На фальклорнай практыцы. Я прыехаў з экспедыцыяй Вільнюскага, ці, як памылкова прынята казаць у вас, Віленскага, універсітэта ў летувіска-беларускае памежжа запісваць паданні, песні, не вам, літаратарам, мне гэта тлумачыць.

Дакладна назву вёскі я зараз не прыгадаю, нейкі балцкі тапонім, але на тэрыторыі вашай рэспублікі. Страшэнная глушэча. Там не было нават крамы, і, здаецца, ніхто з жыхароў не адчуваў у ёй патрэбы.

Туды ж прыехала і экспедыцыя вашага ўніверсітэта. Так упершыню ўбачыў Даўгалевіча. Разам там прабылі недзе каля тыдня. Спрэс ішлі дажджы, і выбрацца з вёскі не было магчымасці ды і вялікага жадання. Ад няма чаго рабіць Вадзімір пачаў заляцацца да адной з нашых студэнтак. Але ж вы ведалі яго: што б ён ні рабіў - заўсёды імкнуўся абставіць нейкаю таямніцай, рамантыкай. І таму замест звычайнага флірту распачаў удаваць вялікае каханне. Усё было б нічога, але дзяўчына ўзяла яго ўсур'ёз.

Я паспрабаваў пераканаць яе, давесці штучнасць ягоных пачуццяў - дарма. Тады я пераняў Вадзіміра на вуліцы і выказаў яму ўсё, што хацеў. Сустракацца з дзяўчынай ён не пакінуў. Была б яна звычайнай дурніцай, якіх хапае сярод студэнтак, мяне б гэта ўсё не абыходзіла. Але яна была сапраўднай паэткаю, яе ў тыя часы не друкавалі, не такія гэта вершы, каб друкаваць. Я чытаў іх у рукапісах, чуў, як чытала іх яна, і не мог спакойна глядзець на Даўгалевіча, які здзекаваўся з яе пачуццяў на вачах ва ўсіх нашых.

Для яго не было тады розніцы паміж ёй і першай лепшай вясковай дзеўкай. Хто трапіўся пад гарачую руку, той і трапіўся. Ён не мог нават ацаніць яе паэзіі, бо не ведаў на той час мовы.

Даўгалевіч з'ехаў тады разам з экспедыцыяй нечакана. Яны звечара выпрасілі ў старшыні гусенічны трактар з прычэпам і на досвітку, паціху, нават не развіталіся, падаліся на станцыю.

А я застаўся суцяшаць дзяўчыну, якой Вадзімір няпэўна паабяцаў як-небудзь адпісаць ліст. Потым ён яшчэ наязджаў у Вільню раз на два, на тры месяцы, яны сустракаліся, і Даўгалевіч зноў туманіў ёй галаву словамі аб вялікім ідэальным каханні. Гэта было не цяжка рабіць пры ягонай тагачаснай знешнасці ды схільнасці прыўкрашваць падзеі і ўласную біяграфію выдуманымі дэталямі, што-што, а пісьменнік ён сапраўды здольны.

Праз два гады я нечакана сустрэўся з ім на экзаменах у Літінстытуце, і мы зноў жа нечакана для сябе пасябравалі. Я ўзяў слова з Вадзіміра, што ён будзе пастаянна пісаць у Вільнюс, выбачайце, Вільню, бо помніў, як радавалася ягоная каханка, а мая сяброўка нават магчымасці пагаварыць са мной аб ім. Вадзімір і пісаў ледзь не з прымусу, але досыць рэгулярна.

Толькі тут у нашу кампанію прыбілася Тэрэза. Даўгалевіч не ўтрымаўся. Калі тры лісты засталіся без адказу, то чацвёрты прыйшоў да мяне. Там дапускалася што заўгодна - Даўгалевіч з'ехаў, захварэў, нават памёр, але ж толькі не кінуў яе. Я пайшоў з лістом да Вадзіміра, ён абяцаў у той жа дзень адказаць і нават пры мне сеў пісаць. Потым забег, памахаў перада мной тоўстай капэртай і знік.

Як пасля ён мне прызнаўся: там была напісана адна праўда і пра пачатак іхніх адносін, і пра тое, як я прымушаў яго апошнія паўгода пісаць лісты, пра тое, як ён сустрэў і пакахаў Тэрэзу, у канцы была просьба больш яму не пісаць.

Наступны ліст атрымаў я ад сваіх віленскіх сяброў. Яны паведамлялі, што адна наша агульная знаёмая паэтка тыдзень таму спаліла ўсе свае рукапісы, ліставанне і ўжыла смяротную дозу соннага. Што пахаванне ўжо адбылося, але паведаміць мяне тэлеграмай у час яны не паспелі, за што прасілі прабачэння.

Так і не засталося пасля яе аніводнага верша, аніводнай публікацыі. Дарэчы, большасць з вершаў, дадам лепшых, у Вадзіміра - гэта наследаванне ёй. Ён працягваў пісаць за яе. Гэта, дарэчы, і ўражвае ў іх: жаноцкі светапогляд, але пададзены мужчынам. Я, калі шчыра, такога больш ні ў кога не сустракаў.

Тэрэза вам, відаць, расказала, як я біў Даўгалевіча, - у той дзень да мяне прыйшоў ліст. Тэрэза не ведае, што стаіць за ўсім гэтым. Мы ёй зманілі, маўляў, не падзялілі гісторыі нашых народаў. Я баяўся, каб самагубства не паўтарылася ні з боку Тэрэзы, ні з боку Вадзіміра. Але ж абышлося. Толькі Вадзімір з таго часу пачаў піць.

Ён усё тлумачыў мне, што здзяйсняе гэтым самагубства, толькі расцягнутае ў часе, каб паспець адпакутаваць за свае грахі. Можа, мне падалося, але, відаць, ён сапраўды пакахаў тую дзяўчыну пасля яе смерці і толькі перанёс пачуцці на Тэрэзу. Таму хутчэй за ўсё і не ажаніўся з ёю. Бо не любіў сустракацца, затое любіў пісаць лісты, нават калі мы жылі з ёю ў адным інтэрнаце. Пісаў на самай справе не Тэрэзе, а нябожчыцы, якую кахаў.

Кяльміцкас змоўк, і ў кабінеце ўсталявалася маўчанне. Я не запісаў за ім ні слова, адно накрэсліў уніяцкі крыж на паўаркуша.

- Як было імя той дзяўчыны? - парушыў маўчанне Сак.

- Я знарок не згадаў яго, - Кяльміцкас скрыжаваў рукі, - для вас, беларусаў, яно нічога не азначае. Лепш давайце вернемся да справы, я толькі хацеў даць тлумачэнні напружанасці ў сваіх з Вадзімірам адносінах, і ўсё.

- Вы ўпэўнены, Маршанская не ведала пра гэта? - спытаў Сак.

- Хутчэй за ўсё. Інакш расказала б вам, ёй утойваць няма сэнсу.

- У адным выпадку ёсць - калі забіла яна сама. Але звернемся да нядаўніх падзей. Што вы рабілі самі і што заўважылі пасля таго, як мы скончылі гуляць у карты?

- Адразу ж пайшоў да сябе, хацеў пераапрануцца да вячэры. Дзверы я не зачыняў - сеў папаліць, пакой невялікі, а акно адчыняць - холадна. Спачатку прайшла Тэрэза ад Гражыны да сябе, потым выйшла ў марынарцы, яшчэ раз завітала да Гражыны і, відаць, пайшла на шпацыр. Я чуў, як спускалася сходамі і як зачыніліся ўваходныя дзверы.

Я дапаліў і пайшоў на кухню ўзяць перакусіць - не магу піць нашча. Калі вярнуўся, зазірнуў у прылазнік, хацеў спраўдзіць, ці выйшаў Даўгалевіч. Спачатку пагрукаў - ніхто не адказаў. Прачыніў дзверы - Вадзіміраў ручнік і халат ляжалі на лаўцы.

- У саму лазню вы не заходзілі? - Сак пільна глянуў Эдмундасу ў вочы.

- Не.

- І значыцца, не ведаеце, ці быў ён яшчэ жывы на той час?

- Не ведаю, бо адразу пайшоў да сябе і лёг адпачываць.

- Дзверы ў прылазнік вы прычынілі?

- Дзверы? - Эдмундас намысліўся. - Не, рукі ў мяне былі занятыя - келіх з мінералкай і канапка, дзверы я прачыніў плячом ды так і пакінуў.

- Гэта дакладна? - Сак, здавалася, знерухомеў.

- Дакладна. Яшчэ адно - я ляжаў, было ціха, толькі фонам да гэтай цішыні гучалі фісгармонія і спеў. Потым на мансардзе адчыніліся дзверы, нехта прабег наніз і літаральна праз хвіліну, відаць, той жа самы чалавек, больш не было каму, ледзь чутна пракраўся калідорам назад. Каб не рыпенне масніц, то крокаў бы я не пачуў.

- Вы калі вярталіся, то не краталі дзвярныя клямкі на мансардзе?

- Не, я ж казаў, рукі былі занятыя.

- І апошняе пытанне. Вы каго-небудзь падазраяце?

- Ува ўсіх можна знайсці матывы, але ж ні ў кога не было дастаткова важкіх падстаў да гэтага. Адна справа забіць у афекце, другая - планаваць забойства за некалькі дзён. Не, нікога канкрэтнага не падазраю. Гражыну не бяру ў рахубу, бо яе практычна не ведаю. Тут лепш спытацца ў Марціна. Самыя напружаныя адносіны былі, відаць, у Даўгалевіча з Маршанскім, і бытавыя, і ў мастацтве. Ён апошнім часам нечага дамагаўся ад Вадзіміра. Нейкія фінансавыя справы, як мне вядома. Але ж лепш пра гэта распытайце яго самога. Я паклічу, - Эдмундас устаў.

- Калі ласка, - Сак таксама ўстаў, - але ж няхай зойдзе не адразу. Добра?

- Добра. - Эдмундас выйшаў.

- Не вельмі я даю веры гэтай гісторыі, - Сак пачаў хадзіць па пакоі. - Не такі быў чалавек дзядзька Вадзімір, не такі. Хто яшчэ можа пацвердзіць ягоныя словы - міфічныя віленскія сябры? Паспрабуй спытай у іх. Адно ясна - быў выпадак, калі ён ужо раз ледзь не забіў Даўгалевіча, але перашкодзіла Тэрэза, таму ён адносна і падстаўляе яе пад падазрэнне. Нібыта яна толькі цяпер даведалася пра ўсё і вырашыла адпомсціць. Ці не сам ён прыдумаў гэтую гісторыю і не ўвёў у вушы Тэрэзе, каб пасварыць іх з Даўгалевічам, але перабраў і тая забіла?

Наогул сяброўства Эдмундаса і Вадзіміра - дзіўная рэч. Яны ж не цярпелі адзін аднаго. Ім было цесна побач у нашай гісторыі. Але і той, і той - пісьменнікі з лепшых. Гэта прымушала быць разам. Можа, зайздрасць? Бо ў Эдмундаса ніколі не было маральнай праваты ў спрэчках з Даўгалевічам, ён жа фальсіфікатар гісторыі, толькі Вадзімір мог абгрунтавана давесці гэта, бо яны займаліся аднымі і тымі ж праблемамі. Але чамусьці не рабіў гэтага публічна, а толькі ўшчуваў па-сяброўску. Можа, Эдмундас і шантажыраваў яго самагубствам той паэткі? Маўчанне за маўчанне. Бо адразу ж і распавёў нам з падрабязнасцямі - бачыце, якая свалата ваш Даўгалевіч, дзяўчыну загубіў. Хто яго за язык цягнуў? Ён так упэўнена па чужым доме ходзіць, што яму і пасля забойства ў галаву не прыйдзе красціся.

- Ты лічыш, Тэрэза чула, як Эдмундас прачыніў дзверы ў лазню? Але ж быў нехта другі, хто пракраўся калідорам і пакратаў клямку ў Гражыніным пакоі, пра яго згадваюць усе.

- Ім мог быць той жа Эдмундас, першы раз пайшоў у разведку, упэўніўся, што ўсё нармальна, а другі раз крадком і ў лазню, з нажом у руцэ. Калі хто ўбачыць яго па дарозе назад, то будзе цяжка давесці: ішоў ён першы раз ці другі.

- Разумееш, Мікола, - з цяжкасцю вымавіў я імя, бо за вочы звык заўсёды называць яго Сакам, - мне бліжэй версія з Маршанскім, ён адзіны, хто думаў, што Гражына пайшла на двор, і таму, натуральна, захацеў у гэтым упэўніцца.

- Шчыра кажучы, я і сам схіляюся да гэтай думкі, - Сак уздыхнуў, - бо Тэрэза не магла не бачыць забойцу, калі той заходзіў у лазню. Але цішэй, чуеш, да нас падымаецца Маршанскі, садзіся за стол.

Сямён Маршанскі імпэтна зайшоў у кабінет, мінуў крэсла і сеў побач з Сакам на канапу. Было бачна, як ён хваляваўся: пастаянна то сціскаў, то расціскаў кулакі. Ягоны твар пакрывалі дробныя пацеркі поту, і колца чорных валасоў прыклеілася да вільготнага лба.

- Мікола, - шпарка пачаў ён, - я ведаю, хто забіў. Гэта Кяльміцкас, ён, толькі ён мог. Падумай сам. Тэрэза з Гражынай былі разам на вуліцы, яны не маглі. Вы з Марцінам таксама сядзелі разам. І толькі я ды Кяльміцкас заставаліся на мансардзе. Кожны паасобку. Ледзь жанчыны сышлі, я зачыніўся ў пакоі і нікуды не выходзіў, ляжаў, хацеў заснуць. І тады пачуў, як выйшаў на калідор Кяльміцкас, спусціўся наніз і праз пару хвілін вярнуўся, а потым зноў - чую - выйшаў, але цяпер ціха, не так нахабна, як заўсёды, пракраўся туды і назад. Нашто было яму красціся? Ён, відаць, вам сказаў, што выходзіў адзін толькі раз, але ж я ведаю - двойчы выходзіў. Акрамя нас, нікога ж на мансардзе не было.

Сак выцягнуў цыгарэту з майго пачка і прыпаліў.

- Так ты, Сямён, дакладна ўвесь гэты час не выходзіў з пакоя?

- Вядома, не. Нашто мне па доме швэндацца?

- Шкада толькі, ніхто гэтага не зможа пацвердзіць. - Сак пусціў дым пад столь. - Я чуў, нібыта апошнім часам у цябе былі нейкія фінансавыя рахубы з Вадзімірам.

- Былі, пазычаў невялікія грошы, не першы ж раз, на дачу, ніяк не можам з Тэрэзай дабудаваць. Пазычаю - аддаю, аддаю - пазычаю.

- На дачу невялікіх грошай не пазычаюць, - упэўнена сказаў Сак.

Маршанскі як не пачуў яго:

- Мікола, падумай, ды хто з нашых, беларусаў, на яго руку мог узняць, што б там ні было: грошы, каханне, помста. Ён жа для ўсіх нас перш за ўсё вялікі пісьменнік, гонар нацыі, і ўсе нашыя звары лухта ў параўнанні з тым. Адзіны, для каго Вадзімір быў проста чалавекам, - Кяльміцкас, яму без розніцы - ты, я ці ён, што яму да нашай культуры, ён жа летувіс.

Сак гучна ляснуў далонню па калене, Маршанскі адразу сціх.

- Ды і ты, Сямён, не беларус, а яшчэ і пішаш па-расейску, цябе таксама культура нашая не абыходзіць. Хто б казаў, толькі не ты.

Маршанскі пачырванеў, рэзка ўстаў, сеў, сціснуў кулакі, зноў падхапіўся.

- Я сказаў, што ведаў, папярэдзіў - забойца Кяльміцкас, можаш думаць як хочаш. Усё адно не табе вырашаць, хто вінаваты, на гэта дзяржава ёсць, - ён сарваўся на крык і выбег з пакоя.

 

Унізе было ціха. Здавалася, мы, я і Сак, адны не толькі ў доме, але наогул у свеце. Бо свет замыкаўся туманам за шклом, непранікальным ні для зроку, ні для нашых галасоў. Рытмічнае стракатанне электрастанцыі стварала ўражанне - дом вісіць, узважаны ў гэтым тумане, і адно ледзь чутна вібрыруе. Можна было адчыніць дзверы, выйсці на вуліцу, але нашто і куды? Сэнс рухаў, учынкаў знікаў за парогам, разняты туманам і цемрай.

Жыццё было толькі ў доме, але частку яго - лазню - ужо апанаваў туман, ён уліўся скрозь адчыненыя вокны, змяшаўся з парай над яшчэ цеплаватай вадой басейна і нават сачыўся скрозь шчыліны дзвярэй, незаўважна, спакваля паланіў дом і гасцей.

- Баліць, - Сак абхапіў галаву рукамі, - баліць. Бачыш, Марцін, сябры, сябры, а як пачнеш разбірацца, то кожны забіць мог. Колькі часу?

Я зірнуў на ўмантаваны ў секрэтэр масіўны гадзіннік.

- Чвэрць на трэцюю.

- Трэба адпачыць. - Сак расціраў скроні. - Падумай, як прымусіць Тэрэзу сказаць праўду? І дзе падзеўся дзённік? Як яго не стае. Мы чулі толькі адзін бок, а ў самога ж Вадзіміра таксама былі нейкія меркаванні. Хаця б наконт лістоў з пагрозамі. Там павінны быць усе апошнія размовы з імі, хто і пра што. Але ж давядзецца абысціся без яго. Давай, Марцін, пойдзем наніз, нас чакаюць.

У гасцёўні ярка гарэла святло, толькі ўсё адно яно выдавала нейкім нежывым з-за кантрастных нерухомых ценяў.

Гражына з Тэрэзай моўчкі сядзелі ля каміна і палілі. Кяльміцкас стаў спінай да нас і глядзеў у чорнае шкло акна. Адзін толькі Маршанскі сядзеў за сталом.

Сак спыніўся ў дзвярах.

- Панове, мы з Марцінам уважліва выслухалі ўсіх вас. Дзякую за шчырасць, з якой вы гаварылі. Але ж ёсць падставы думаць, што двое з вас сказалі не ўсю праўду. Да таго ж мне трэба яшчэ раз супаставіць усе паказанні, бо ў некаторых месцах яны розняцца, каб потым мэтанакіравана ўдакладніць дэталі. Таму ў мяне ёсць прапанова: зараз разысціся па пакоях, каб кожны сам-насам яшчэ раз узнавіў у памяці падзеі сённяшняга дня і ночы. Прапаную сабрацца тут нанізе праз гадзіну, а палове на чацвёртую, і давесці справу да канца ўсім разам.

- Калі ты маеш на ўвазе мяне, - Тэрэза ўстала, - то я расказала ўсё, што ведала, мне ўспамінаць няма чаго.

Мы адзін за адным падняліся наверх.

Маршанскі адчыніў дзверы ў свой пакой і хацеў прапусціць наперад Тэрэзу.

- Выбачай, - сказала яна, - мне трэба пабыць адной. Ты, Мікола, не супраць, калі я займу на гэты час Вадзіміраў кабінет? - звярнулася яна да Сака.

- Як табе лепш, так і рабі, - Сак сцепануў плячыма і падаўся да сябе.

Кяльміцкас стрымана кіўнуў нам і зачыніў дзверы. Мы з Гражынай засталіся адны ў калідоры.

- Мне трэба перамовіць з табою, - сказаў я.

- Не зараз, - Гражына паклала руку на клямку, - перад гэтым мне неабходна падумаць, пабыць сам-насам. Дзякуй, што не згадаў пра той аўтограф. Прыходзь праз паўгадзіны, пагаворым, спадзяюся, табе хопіць гэтага часу?

- Я спадзяюся таксама.

- Тады да сустрэчы. - Гражына паправіла на плячы сваю заўсёдную торбачку.

Я ляжаў на спіне і глядзеў на матава-жоўты шар свяцільніка. Ад доўгага ўзірання часам пачынала здавацца, што перада мною не столь, а падлога, што свяцільнік ператварыўся ў яскравы паветраны шарык, які рваўся да мяне ўгару, а яго ўтрымліваў доўгі спіральны дрот. Відаць, сапраўды, я, як і ўсе людзі, не прызвычаены падоўгу глядзець угару. Свядомасці такое не пад сілу, і яна - адзін паварот - усё як было, толькі верх перасунуты з нізам. Вонкава не змянілася нічога. Тыя ж рэчы, на тых жа месцах, змянілася адчуванне, змянілася арыентацыя майго «я» ў прасторы, мае адносіны да ўсяго, і тое, што прыцягвала мяне, пачынала адштурхоўваць.

Але адзін рух, і ўсё стала на звыклыя месцы - я сеў, выцягнуў перад сабою рукі і зірнуў на гадзіннік. Да прызначанага Гражынай часу заставалася дзесяць хвілін. «Якраз выпаліць цыгарэту», - падумалася мне.

Я пацягнуўся па пачак і скінуў са стала запалкі. Тут знянацку згасла святло. Я прыслухаўся - не, электрастанцыя па-ранейшаму мерна гула, нават набірала мацнейшыя абароты, відаць, электрычнасць адключылася ўва ўсім доме. Генератар круціўся ўхаластую.

На калідоры асцярожна шчоўкнула клямка, і пачуўся сцішаны жаночы крык.

Я ўскочыў з ложка, кінуўся да дзвярэй, але не зарыентаваўся ў суцэльнай цемры і некалькі секунд абмацваў сцяну, нарэшце пад дзвярыма бліснула, я адшукаў клямку.

На калідоры мяне адразу асляпіла святло. З адчыненых у Гражынін пакой дзвярэй мне проста ў твар свяціў электрычны ліхтарык. Раптам сляпучы дыск зрабіў дугу і імкліва наблізіўся - ліхтар трапіў мне ў пераноссе, грымнуўся на падлогу і згас.

Закрычала Гражына. Пачуўся тупат. Заляскалі дзверы. Нехта сутыкнуўся са мной і адразу ж адскочыў назад.

- Хто тут? - я пазнаў Кяльміцкаса па голасе.

- Гражына! - крыкнуў я і прыклаў руку да твару, адчуў пальцамі ліпкасць крыві.

- Здаецца, жывая, - сцішана пачулася з глыбіні пакоя.

- Што такое, чаму згасла святло? - узнік зусім побач Сакаў голас, чыркнула запалка і высвеціла ягоны твар. Запалка наблізілася да мяне, я адняў руку і агледзеў акрываўленыя пальцы.

- Нармальна, - адзначыў Сак, - рухавік працуе, відаць, нехта адключыў аўтаматычны забеспячальнік, гэта нанізе, я ведаю дзе, пайшлі на кухню. - Сак глыбока ўздыхнуў. Запалка дагарэла, і ён чыркнуў новую.

На кухні, пакуль Сак шукаў электрашчыток, я адкруціў кран. Зімная вада прыемна асцюджала разбіты нос, кроў хутка спынілася. Нарэшце пераключальнік шчоўкнуў, і зноў запалілася святло.

- Ты не паспеў заўважыць, хто там быў? - спытаў Сак, калі мы вярталіся на мансарду.

- Нават не зразумеў, што здарылася.

Усе стаялі на калідоры. Гражына прытулілася да шула і расцірала шыю рукою.

- Што канкрэтна здарылася? - Сак адсунуў набок Кяльміцкаса і падступіўся да Гражыны.

- Мяне душылі. Згасла святло, і адразу ж нехта ўварваўся да мяне. Я толькі бачыла ліхтарык, ён свяціў у вочы, сляпіў. Потым святло знікла, і нехта схапіў мяне за шыю, пачаў душыць. Потым, відаць, Марцін выйшаў на калідор. Тады я не зразумела, што адбываецца, а гэты нехта кінуўся ўцякаць, я чула грукат, пасля мяне паклікаў Марцін, - тут яна толькі заўважыла, - чаму кроў на кашулі?

- Не страшна, яна ўласная: саданулі ліхтаром у нос - я падбіў яго нагой. Пасыпалася шкло.

- Ты кажаш, нехта пачаў душыць, - Сак сцішыў голас, - гэта дакладна быў мужчына?

- Мне падалося, на ўзроўні адчування, выбачайце, мне блага, раскажу ўсё падрабязна потым. - Гражына ледзь бачна падміргнула мне і зачыніла дзверы.

- Яна сказала, - Кяльміцкас задумаўся, - святло згасла, і адразу ж нехта ўварваўся. Выбачайце, каб выключыць рубільнік на кухні і падняцца наверх, патрэбны час, як быць з «адразу ж»?

- Вельмі проста, - я нахіліўся і падняў з дывана складзеную ў некалькі столак паперку, з якой вытыркаліся два разведзеныя на шырыню штэпсельнага раз'ёму канцы прутка ад вялікай канцылярскай скрэпкі, - бярэш і ўтыкаеш у разетку, тут жа, на калідоры. Замыканне - аўтамат нанізе выбівае.

- І мне яшчэ будуць даводзіць - злачынства зрабіла жанчына. - Тэрэза гучна зачыніла дзверы кабінета.

- Трымайся, - сказаў Сак і ўзяў у мяне паперку з сагнутым прутком. - Збярэмся нанізе, як прызначылі, а ты, хлопец, - зноў звярнуўся ён да мяне, - павартуй дзеўку, каб не паўтарылася.

Калі я застаўся на калідоры сам, то пагрукаўся да Гражыны.

- Заходзь, Марцін. - Яна сядзела, падкурчыўшы пад сябе ногі, на вузкай, што стаяла пад самым нізам скошанай столі, канапе. Я сеў на адзінае крэсла. У цесным пакоі мы апынуліся зусім побач.

- Пакажы шыю, - сказаў я.

Гражына адняла руку. Шыя як шыя, ні драпін, ні слядоў ад пальцаў.

- Нагледзеўся? - Гражына ўзяла і абкруцілася баа. - Ці павярнуцца? Са спіны тое ж самае.

- Кажаш, душылі?

- Не, - яна хітнула галавой, - нават не збіраліся. Ён ці, для дакладнасці, яно ўжо ўцёк ці ўцякло, калі ты выйшаў на калідор. А да мяне нават пальцам ніхто не дакрануўся. Усё адбылося вельмі інтэлігентна. Асляпілі святлом, выхапілі з рук, што трэба, і ўсё. Калі б не твой нос, можна было б сказаць, абышліся шляхетна.

- Так што знікла?

- Не здагадаўся? Я думала, свядома ўкрываеш мяне, а ты па недасведчанасці.

- Я здагадваюся, толькі лепш раскажы сама.

- Што знікла? Што знікла? Даўгалевічаў дзённік, вось што. Думаеш, чаго я з гэтай торбачкай насілася, як дурніца? - Гражына злосна адсунула яе на самы край канапы. - Баялася, каб касметыку не пакралі? Там ляжаў дзённік Даўгалевічаў, яшчэ дзесяць хвілін таму.

- Дзевяць, - я ўдакладніў па гадзінніку.

- Як хочаш. Калі ўсе кінуліся ад стала ў лазню, на мяне як азарэнне найшло, унутраны голас сказаў - ратуй дзённік. Я і пабегла наверх. Сшытак ляжаў на стале.

Раптам пачула - бягуць наверх. Нават не паспела зразумець, а рукі самі дзённік у торбачку, торбачку ў акно, дзякуй Богу, фортачка была адчыненая. Ледзь паспела адскочыць, тут убег ты з Сакам. Ён мяне тады каля возера і напалохаў, бо думала: забойца паціху выйшаў, каб торбачку з дзённікам забраць, а саму ў возеры ўтапіць. Зручная сітуацыя была! Ты б сам усіх потым пераканаў - так, сама ўтапілася, з гора.

- А што там напісана?

- Я толькі чытаць пачала. На першай старонцы. Не было ж калі, хавалася. Там запісы за два дні да забойства пачынаюцца. Відаць, стары дзённік у Менску застаўся, а новы ён у Доме творчасці распачаў. Чытала пра нас з табою. Дакладней, пра цябе, мяне ён толькі раз узгадаў. Нібыта ты пішаш, як жывеш. Усе пішуць аб тым, як жывуць, а ты - як жывеш. Адчуваеш розніцу - аб тым і як.

- Ён памыляўся, наадварот, я жыву, як пішу. А больш нічога карыснага ты не вычытала?

- Не паспела, толькі прагартала. Сустракаюцца прозвішчы ўсіх нас і цэлы раздзел з Маршанскімі, вельмі размашыстае прозвішча, адразу кідаецца ў вочы.

- З ліхтаром кідаецца ў вочы? - Я крануў пераноссе.

- Думаеш, ён?

- А ты?

- Не ведаю, я ж не следчы і допыты не вяду, проста знаходжуся пад следствам.

- Але адно злачынства за табой ёсць - крадзеж рэчавых доказаў. Усё нібыта сыходзіцца, але ж не Маршанскага стыль, зашмат рамантыкі. Ён не так піша сваю крытыку, нічога лішняга, нічога звыш неабходнага і дастатковага. Можа, гучыць несамавіта, але такое ўражанне, што забойства здзейснена па сцэнары самога дзядзькі Вадзіміра. Туман, ноч, выспа, нож, крадзеж дзённіка, таемныя лісты, нават каханне ёсць.

- Я не крала, а ратавала. А за табой таксама адно злачынства, - Гражына зрабіла спробу ўсміхнуцца, - утойванне ад следства акалічнасцей.

- Ад следства? Я сам яго праводжу. Утойваю ад сябе? Нават калі б хацеў...

- Так ты не хочаш?

- Можаш запісаць на мой рахунак яшчэ адно злачынства, пра дзённік я таксама не раскажу.

- Проста так? І самому сабе таксама?

- Ты ж не раскажаш пра мае два злачынствы, змоўчыш за адно тваё. - Я нахіліўся і пацалаваў Гражыну ў вусны.

Яна адсунулася да сцяны.

- Гэта амаральна зараз.

- Затое не самае жахлівае з таго, што дзеецца ў гэтым доме. - Я паклаў ёй рукі на плечы. - Ну?

- Не магу зараз, - Гражына ўзяла мае далоні ў свае, - хачу пацалаваць, а не магу. Вось бачыш, - яна ўперлася рукой у край канапы і дакранулася вуснамі да маіх, - не магу. Добра, што нас ніхто зараз не бачыць, у мяне, відаць, страшэнна пакутлівы выраз твару.

Раптоўна шчоўкнула клямка, Гражына рванулася да сцяны.

У парозе стаяў Сак.

- Хадзем наніз, - сказаў ён, - наўрад ці вы чакаеце пабачыць тое, што я вам пакажу. Хаця нехта ж гэта ўчыніў.

- Перапыніў на самым цікавым месцы. - Я выйшаў следам за Сакам.

 

Святло палілася па ўсім доме, і, відаць, гасіць яго ніхто не збіраўся.

Сак спыніўся ў дзвярах гасцёўні, счакаў, пакуль Гражына падыдзе, і тады рэзка расхінуў дзверы:

- На стол глядзіце, на стол.

На цёмным, у рэдкія белыя палосы абрусе ляжаў сшытак.

- Дзённік? - чамусьці ў мяне спыталася Гражына.

- Ён самы. - Сак жэстам запрасіў нас да стала.

- Адкуль ён тут? - Я адгарнуў першую старонку, дзённік пачынаўся наклеенай выняткай з газеты аб стане надвор'я, чырвоным алоўкам было падкрэслена - «на паўночным захадзе рэспублікі - туман».

- Сам хачу ведаць. Мо хто з вас растлумачыць?

Гражына незаўважна наступіла мне на нагу. Я паціснуў плячыма.

- Забойца падкінуў, - Гражына зняла нагу, - спачатку ўкраў дзённік, потым прачытаў, выявіў, што нічога аб ім там няма, затое шмат памылковых версій, і, каб падставіць іншых, - падкінуў. Я мяркую так.

- Даволі слушна, я і сам схіляюся да гэтай думкі, - Сак падсунуў дзённік да сябе, - але можна паразважаць і ў іншым кірунку. Дзённік мог украсці не толькі забойца, адно з умовай - гэты нехта павінен быў ведаць аб смерці Даўгалевіча раней за астатніх, спужаўся, што абвінавацяць яго, і нікому пра гэта не сказаў, а на ўсялякі выпадак, перш чым аб забойстве даведаліся ўсе, вырашыў праглядзець дзённік. Далейшая схема - што і раней. Нічога там не знайшоў і цяпер падкінуў.

- Выбачай, Мікола, - сказаў я, - ты выпускаеш адзін момант. Хто душыў Гражыну і пабіў мне твар?

- Нічога не ўпускаю, наадварот, стараюся састыкаваць факты. Глядзіце: дзённік забраў выпадковы чалавек. Яшчэ да забойства. Можа, нават і Тэрэза, з цікаўнасці, каб пачытаць, злачынства невялікае, у рэшце рэшт, яны б з Вадзімірам потым паразумеліся. Але потым, калі кожны ўчынак набыў пасля забойства іншы сэнс, засталося адно выйсце - прыхаваць дзённік. Сапраўдны забойца пачынае паляваць за ім, думае, што яго ўзяла ты, Гражына, і таму спрабуе цябе злёгку прыдушыць, каб ты аддала сшытак. Пасля гэтага здарэння Тэрэза вырашае падкінуць дзённік, каб не ствараць сітуацыі для наступнага забойства.

- Не стасуецца, - я паклаў руку на сшытак, - у такой сітуацыі забойца павінен ведаць - Гражына спазнілася забраць дзённік і трэба шукаць у іншых, а калі ён свядома пакінуў запісы на стале, то яму без розніцы, у каго яны зараз. Хутчэй за ўсё Гражына ведае нейкую акалічнасць, і забойца быў зацікаўлены знішчыць яе разам з ведамі, ці проста ён так мяркуе.

- На самай справе і я прытрымліваюся такой думкі, нават ведаю дакладна, хто забіў, здагадваюся чаму. Зараз усе збяруцца тут, і я паспрабую давесці слушнасць сваіх меркаванняў. Дай Бог, каб у дзённіку знайшлося пацверджанне. - Сак разгарнуў сшытак і стаў чытаць, на імгненне ўзняў позірк. - Ты, Гражына, не хвалюйся, цябе я выкрасліў з чорнага спіса.

- А я з гэтай нагоды і не хвалявалася. Мне проста прыйшла ў галаву яшчэ адна версія забойства. Нехта хацеў проста напужаць Даўгалевіча, паздзекавацца з яго, падстаў, як бачыце, хапала. Спачатку даслаў ліст з пагрозай, украў нож, разрадзіў акумулятар радыёстанцыі, але ўсё гэта было не ўсур'ёз, на ўзроўні жарту, а нехта другі скарыстаў магчымасць і забіў. Перакуліў няўдалы жарт злачынствам. Зрабіў першага сваім саўдзельнікам, давёў ягоную справу да лагічнага завяршэння. І калі мы будзем адкручваць падзеі з пазіцый логікі, то выйдзем на таго, хто дасылаў ліст, а забойца застанецца па-за ўвагай.

- Можа, і так, - прамармытаў заглыблены ў чытанне Сак, - можа, і не так. Ведаеце, тут адно ў адно цэлы раздзел пасуе да маіх разваг. Я зразумеў, хто забіў, і змагу гэта давесці.

За дзвярыма пачуліся крокі, і ў гасцёўню ўвайшлі Кяльміцкас з Маршанскім.

- Вы заходзілі да Тэрэзы? - Сак паклаў дзённік на сярэдзіну стала.

- Так, яна зараз будзе, - Кяльміцкас адказаў не адразу, а паглядзеў на Маршанскага, але той моўчкі абышоў стол.

Неўзабаве з'явілася Тэрэза. Здалёк макіяж яшчэ маскаваў пачырванелыя ад слёз вочы, але зблізку гэтага нельга было не заўважыць. Яна села побач з Кяльміцкасам.

Сак няспешна падняўся.

- Панове, калі я прыйшоў сюды, то на стале ўжо ляжаў гэты сшытак - дзённік Вадзіміра Даўгалевіча. Нехта з вас паклаў яго на гэтае месца перад маім прыходам. Зараз я не буду спыняцца на тым, хто і нашто яго сюды паклаў, дзе ён быў пасля таго, як знік з пісьмовага стала ў кабінеце. Гэта будзе ясна, калі я назаву імя забойцы, а вашыя сведчанні і змест дзённіка дазваляюць мне гэта зрабіць.

Сак на хвіліну замоўк. Тэрэза схіліла галаву. Маршанскі сціскаў у кулаках край абруса, нібыта збіраўся пацягнуць яго да сябе. Адзін толькі Кяльміцкас спакойна выцягнуў з кішэні цыгарэту, уставіў яе ў муштук, прыпаліў. Пах араматызаванага тытуню нагадаў мне водар свечак на пахаванні.

- Панове, - Сак высока над галавой узняў сшытак, - тут Вадзімір згадаў пра ўсіх прысутных, перадаў размовы, што адбыліся сам-насам. Запісы ахопліваюць толькі два дні: семінар і наш прыезд на выспу. Сам Даўгалевіч не падазраваў нікога, ён не браў усур'ёз ліст з пагрозамі.

Я прачытаю апошні запіс, апошняе з напісанага ім, на гэтым дзённік канчаецца. - Сак прагарнуў сшытак і зачытаў гучным голасам, ад якога звінелі келіхі ў бары: - «Некаму мала таго пекла, што існуе ў маёй душы вось ужо столькі гадоў, мала маіх пакут, ён хоча памножыць іх, прымусіць мяне баяцца смерці. Толькі дарма. Хто пагражае, той не асмеліцца здзейсніць пагрозу. Звяліся людзі - здольныя забіць ворага, звяліся не толькі паміж маіх праціўнікаў, але, на жаль, і паміж сяброў. Мы развучыліся любіць, кахаць і ненавідзець па-сапраўднаму, мы можам толькі цалавацца з каляжанкай у абедзенны перапынак, дасылаць віншавальныя паштоўкі з пажаданнямі, брахаць з-за рога і пісаць ананімкі. Дзякуй Богу, што нас хапае хаця б на гэта».

Але вернемся да пачатку запісаў. Пасля разваг аб літаратуры і розных занатовак узнаўляецца першая размова сам-насам, якая адбылася ў яго з Тэрэзай Маршанскай, вось што напісана аб гэтым: «Сёння шпацыравалі з Тэрэзай. Мы не бачыліся некалькі дзён, за якія нічога не адбылося ні з ёй, ні са мной. Яна расказвала неабавязковыя гісторыі аб нашых знаёмых. Я, дзе трэба, усміхаўся, дзе трэба, спачувальна ківаў галавою. Карацей, мы абое ўдавалі, нібыта нас нічога не лучыць, акрамя гэтых гісторый. Калі мы спусціліся да ракі, Тэрэза раптам абарвала размову і пасур'ёзнела.

- Што здарылася? - спытаў я, хаця добра разумеў прычыну.

- Вадзімір, - сказала яна (людзі заўсёды, калі хочуць чаго-небудзь для сябе асабіста, пачынаюць называць другіх па імю). - Вадзімір, - сказала яна, - хочаш, я развядуся з Маршанскім і мы ўвесь час будзем разам.

- Нашто?

- Ты ж не пішаш апошнім часам. Ты ўжо не кахаеш мяне.

- Кахаю, таму і не дазваляю табе развесціся.

- Кахаеш, - Тэрэза звузіла вочы. - Я ведаю праўду, ты ніколі не кахаў мяне. Гэта твая бездапаможная жаласлівасць, ты ўсіх баішся пакрыўдзіць. Я ж ведаю цябе даўно. Ты калі пацалуеш дзеўку, то ўжо лічыш сябе абавязаным з ёй ажаніцца, не менш. Мне Эдмундас расказаў сёння. Твая жаласлівасць тычыцца ўсіх, толькі не мяне, нават нябожчыкаў, якім усё роўна, з кім ты зараз.

Я пачаў суцяшаць яе, сказаў, нібыта тую гісторыю сам прыдумаў і расказаў Эдмундасу, каб апраўдаць свой кепскі настрой пасля перапою, але перастараўся, і ён паверыў. Я папрасіў у Тэрэзы час, каб падумаць. Яна дала мне веры на адзін дзень. А на развітанне сказала:

- Калі ты не дасі згоды, я заб'ю цябе.

Самае цікавае, што сказала яна гэта звычайным тонам, як кажуць: «Добра, мы сустрэнемся заўтра».

Сак скончыў чытаць і глянуў на Тэрэзу.

- Спадзяюся, ніхто не ўзяў маю фразу ўсур'ёз? - Яна так і не ўзняла галаву.

- Далей - болей, - працягваў Сак. - Вось паслухайце, сустрэча з Кяльміцкасам:

«Мы сустрэліся з ім на сходах. Мы былі як на сцэне, перад вялікай залай сталовай. Толькі яшчэ ніхто не глядзеў на нас, пачалі мы з шэпту, але скончылі крыкам.

- Чаго ты нагаварыў Тэрэзе? - спытаў я даволі стрымана.

- Ты пра што? Я шмат гаварыў з ёй. Які момант расказаць?

- Мы ж дамовіліся з табой: яе ні ў якія звады не ўцягваць, - ягонае нахабства пачынала злаваць мяне.

Так мы спіраліся хвілін пяць усё грамчэй і грамчэй, дайшло да таго, што я схапіў Эдмундаса за каўнер і пачаў трэсці. Тут, дзякуй Богу, падаспелі людзі і разнялі нас».

- Хвілінку, - Эдмундас узняў руку, - па-першае, я сапраўды расказаў Тэрэзе гісторыю пра Вадзіміра, але выдуманую, можаце спраўдзіць, хай яна раскажа яе. А па-другое, не Даўгалевіч ухапіў мяне за каўнер, а я яго. Каб людзі не падаспелі, не ведаю, чым і скончылася б. Я хацеў аднаго, каб ты, Тэрэза, перастала дамагацца Вадзіміра, яму і так не давалі спакойна жыць. Гэта твае дамаганні не давалі яму пісаць апошнім часам. Ён сам казаў мне: «Пасля сустрэч з Тэрэзай я нават і не спрабую садзіцца за рукапіс». А ты калі не прыходзіла, то абавязкова званіла, і ён, каб пазбегнуць сустрэчы, напіваўся. Хаця позна гаварыць пра гэта, яго няма.

- Я не дачытаў, - Сак перагарнуў старонку, - тут яшчэ адзін сказ: «Перш чым мяне адцягнулі ад Эдмундаса, я паспеў сказаць, што напішу яшчэ артыкул пра тое, як ён фальсіфікуе гісторыю, хоць раз у жыцці ды паступлюся прынцыпамі - аддам яго не ў наша, а ў саюзнае выданне, каб яго маглі прачытаць і ў Летуве, хай пакруціцца».

- Так, сказаў гэтую фразу. - Эдмундас згасіў недапалак і схаваў муштук. - Такі артыкул ён збіраўся пісаць, колькі я яго ведаю. Намер нерэальны. Задуманая публікацыя без спасылак на гістарычныя крыніцы немагчымая. А мае літаратурныя высновы настолькі ж розняцца ад сапраўднай гісторыі, як і ягоныя. Так што напісаць такое азначала б напісаць данос на самога сябе. Літаратура таму і не называецца гісторыяй ці навукай. Ён гэта цудоўна разумеў.

- Я яшчэ не раблю высноў, - Сак шукаў вачыма патрэбны кавалак тэксту, - проста цытую дзённік. А вось, знайшоў, цяпер Маршанскі: «Нарэшце споўніў просьбу Маршанскага, шкада, не магу адмовіць з-за Тэрэзы, зняў з ашчаднай кніжкі сто тысяч грошай і пазычыў яму на няпэўны тэрмін. Цікава: ён прасіў нічога не казаць пра гэта жонцы. І яшчэ цікавейшае: чым і калі ён зможа аддаць пазыку? Ці, можа, спадзяецца на маю раптоўную смерць? Хай сабе і так, грошы ў магілу з сабой не панясеш. Да таго ж аддаў не апошняе».

Тут яшчэ ёсць згадка аб Гражыне - але гэта толькі партрэтная занатоўка, не болей, развагі аб літаратуры, гэта ўсё да справы не мае дачынення. Нож і акумулятар наогул не згадваюцца.

Гэтак мы маем чатыры матывы забойства:

         - каханне і помста (Тэрэза);

         - забойства на глебе мастацтва (Кяльміцкас);

         - забойства з-за грошай (Маршанскі);

         - загадкавае забойства (Гражына).

Як пісьменніка мяне больш прывабліваюць каханне, мастацтва і загадкавасць, але як следчы я павінен аддаць перавагу фактам.

Сак загарнуў дзённік:

- Тэрэза, ты ўпэўненая, што табе няма чаго нам сказаць?

Яна маўчала.

- Тэрэза, пасля таго што ты пачула, табе ўсё адно няма чаго сказаць? - настойваў Сак.

- Наконт чаго? - Тэрэза нарэшце ўзняла позірк.

- Наконт грошай ты ведала?

- Сямён, гэта праўда ці Мікола правакуе мяне? - спытала яна ў мужа, але той не адказаў.

- Можаш прачытаць сама, - Сак падсунуў дзённік, - але ў мяне ёсць больш надзейны доказ. - Ён паставіў на стол перапэцканы глеем дыпламат Маршанскага. - Сямён закапаў яго на градах з паўгадзіны таму. Даўгалевіч перадаў грошы толькі ў Доме творчасці, і таму давялося вазіць іх з сабой, у дыпламаце. Пра гэта не ведаў ніхто. Былі толькі чатыры радкі ў дзённіку. І ты, Сямён, паляваў за запісамі, каб знішчыць. Пакуль, відаць, Гражына, у якой ты не паспеў яго забраць, не падкінула сшытак на стол, бо ледзь не паплацілася за дапытлівасць жыццём. Забіць, каб прыўлашчыць грошы.

Маршанскі памкнуўся ўстаць:

- Тэрэза, не вер яму, гэта правакацыя.

Яна моўчкі накруціла код на зашчапках дыпламата і падняла вечка. Шчыльна складзеныя пачкі грошай у банкаўскім апакаванні, вольная прастора запхана газетамі.

- Я не казаў пра іх, - Маршанскі спалохана азіраўся, - бо пасля забойства, здзейсненага кімсьці з вас, гэтая пазыка набывала іншы сэнс. Нехта з вас хоча падставіць мяне, выкарыстаць абставіны. Гэтыя грошы і так перайшлі б да нас з Тэрэзай у спадчыну, паводле тастамента, які склаў нябожчык. Мне забіваць не мела сэнсу.

- Бач ты яго, усё расклаў і нават чужыя грошы палічыў, - перайшлі б, але калі? Відаць, спатрэбіліся сёння? - Сак зачыніў дыпламат. - Табе і зараз няма чаго сказаць, Тэрэза?

- Я маўчала, бо не верыла. Ты, Мікола, меў рацыю, я казала не ўсю праўду. Тады знадворку праз акно лазні я ўбачыла Сямёна з паляўнічым нажом у руцэ, ён узмахнуў ім і шпурнуў у басейн. Тады я нічога не зразумела, але мяне ўразіў ягоны твар - акамянела-спалоханы. Усё, больш я не глядзела. - Тэрэза выбегла з пакоя.

- Я ўжо сказаў, - Маршанскі нікому не глядзеў у вочы, - гэта правакацыя. Нож мне падкінулі ў пакой. Я знайшоў яго і хацеў паказаць Вадзіміру. Я спусціўся ў лазню, але ён ужо быў нежывы. Я спалохаўся, так, я змоўчаў, бо абставіны былі супраць мяне, але я не забіваў. Вам цяжка зразумець, але вы не былі на маім месцы, я нават не паспеў падумаць, як шпурнуў нож у басейн. Я хацеў расказаць, як было, але баяўся. Вось і зараз сярод вас сядзіць сапраўдны забойца, які зрабіў так, каб усё сыходзілася на мне. Ты не маеш права судзіць, ты гэта разумееш, Сак?

- Сціхні. - Мікола ўстаў.

Маршанскага як паралізавала, ён ні пра што больш не пытаўся, нічога не даводзіў. Ён спакойна даў сябе замкнуць у кладоўцы пад сходамі. Важкі ключ ад такога ж важкага навяснога замка Сак паклаў сабе ў кішэню.

Разыходзіліся моўчкі. На развітанне Сак, калі ўжо стаяў у адчыненых дзвярах Даўгалевічавага кабінета, сказаў мне:

- Зайдзі да Тэрэзы, каб не здарылася чаго. - Ён падсунуў дыпламат з грашыма пад папкі з рукапісамі ў кардонную скрыню і замкнуў дзверы.

 

Тэрэза глядзела ў акно.

- Не турбуйся, Марцін, - сказала яна, - са мной нічога не здарыцца, хопіць на адзін дзень і адной смерці.

На калідоры было пуста і да пранізлівасці ціха. Здавалася, што ўсё зроблена правільна. Сыходзіліся дэталі, пасаваў час і матывы забойства. Не мог я толькі паверыць у адно, у тое, што Маршанскаму быў патрэбны ўвесь гэты маскарад з лістамі, клоўнскай капэртай. Але ж бачыла яго Тэрэза з нажом у лазні. Каму іншаму, а ёй маніць сэнсу няма. Ды і Маршанскі ад нажа не адмаўляўся.

І тады, калі ўжо крануў рукою клямку свайго пакоя, я раптам зразумеў, што да чаго. Гэта не было ланцужковае пракручванне здарэнняў. Я проста супаставіў усе факты адразу. І яны склаліся ў цалкам паслядоўную, ідэальную сістэму. Я прыдзірліва выпрабоўваў на логіку кожны пункт сваёй версіі і баяўся зварухнуцца, але яны кожны паасобку і ўсе разам былі нязрушныя.

Гражына прачыніла дзверы і няголасна запытала:

- Ты яшчэ доўга будзеш так стаяць?

- Чакай, здаецца, зразумеў, як было на самай справе. Ідзі адпачывай.

 

Я таргануў дзверы Даўгалевічавага кабінета. Яны былі замкнёныя.

- Хто? - спытаў Сак.

- Марцін.

- Заходзь.

Ён адамкнуў і сеў за секрэтэр. Я ўладкаваўся на краі канапы.

- Чым займаешся, Мікола?

- Не сплю.

Сак сядзеў спінай да мяне, паклаўшы галаву на сашчэпленыя рукі.

- Мы памыліліся, - сказаў я, - калі ўзялі Маршанскага пад замок, ён не забіваў. Я прыйшоў, каб ты пачуў праўду.

- Праўда ў тым, - стомлена сказаў Сак, - што Вадзіміра няма. Астатняе мяне больш не хвалюе. Я мушу разабрацца ў ягоных рукапісах. Ідзі адпачываць ці садзіся і дапамажы.

- А тое, што сапраўдны злачынца можа забіць кожнага з нас, - цябе не хвалюе?

- Калі забойца - Маршанскі, то ён пад замком. А калі хто іншы - яму няма сэнсу забіваць. Ён будзе паводзіць сябе ціха-ціха. Ведаеш, Марцін, у мяне няма больш сілы корпацца ва ўсім гэтым. Ідзі лепш адпачні, супакойся. Табе трэба выйсці з ролі следчага, - Сак змоўк.

Я глядзеў на ягоную ссутуленую постаць за сталом і ніяк не мог распачаць - маўчаў. Дом зрэдку аказваўся гукамі. Рыпенне крокваў. Ледзь чутны, ва ўнісон электрастанцыі, звон шкла, тахканне гадзінніка. Цішыня выдавала ад гэтага штучнай.

- Не табе аднаму цяжка, - нарэшце прамовіў Сак, - ты ж хаця маеш да каго ісці. Гражына, відаць, таксама не спіць. Мы зрабілі што маглі, і можаш адпачываць. Хаця гэта і не самае лёгкае на сённяшні дзень. Табе цяжка паверыць у Маршанскага-забойцу? А мне яшчэ цяжэй сказаць тое ж пра Тэрэзу, Эдмундаса. Мы расклалі факты, і з іх вынікла праўда: Маршанскі - забойца. Чаго табе не стае?

- Ты маеш рацыю ў адным, - на мяне ціснула штучнасць навакольнай цішыні, і я казаў ледзь не шэптам, - мы расклалі факты, і з іх вынікла - Маршанскі забіў дзядзьку Вадзіміра. Але ж мы расклалі не ўсе факты, толькі тыя, якія пасавалі да гэтай версіі. А забойства планавалася загадзя. Як мінімум - за суткі. І факты, якія мы схапілі на самым версе, таксама маглі быць падрыхтаваныя. Каб забіць Даўгалевіча, Маршанскаму нож быў без патрэбы, як і ліст з пагрозамі, як і сапсаваная радыёстанцыя.

Бярэм сітуацыю: моцна п'яны дзядзька Вадзімір сядзіць адзін у лазні, да яго заходзіць Маршанскі і па-сяброўску раіць, каб той працвярэзіўся, скупацца ў халодным басейне. Утапіць п'янага чалавека і не пакінуць слядоў на целе - справа не цяжкая. А потым выдаць усё за няшчасны выпадак. П'яны Даўгалевіч захлынуўся ў басейне. Давесці, што гэта забойства, было б потым цяжка, нават немагчыма.

І тая ж Тэрэза, і Гражына - кожны, каму залежала проста забіць дзядзьку Вадзіміра, выбраў бы шлях імітацыі няшчаснага выпадку - ці мала што нарабіў п'яны чалавек? Захлынуўся ў басейне, зваліўся з прычала ў возера, выпаў з акна, што заўгодна, але не зарэзаў сябе нажом і не кінуў той нож у басейн. Ніхто з гэтых чатырох не падыходзіць на ролю забойцы з пункту гледжання выканання.

- Нонсенс, - Сак выпрастаўся ў крэсле, - хочаш абараніць Маршанскага - абараняй. Хаця не магу зразумець, нашто табе гэта. Акрамя гэтых чатырох, не было каму забіваць на выспе.

- Не зусім так, нас тут шасцёра.

- Хочаш сказаць, забіць мог і ты сам? - Сак павярнуўся да мяне тварам. - Не атрымаецца, мы былі разам падчас забойства.

- Мы былі разам, калі я граў на фісгармоніі, а гэта не адно і тое ж.

- Ты ж сам бачыў Даўгалевіча на ўласныя вочы перад тым, як мы селі да інструмента, і тыя чацвёра таксама бачылі, і я бачыў, - Сак хаця і пачаў злавацца на мяне, але казаў усё адно ціха, ледзь не шэптам. Мы абодва баяліся скалануць цішу.

- Забойства планавалася загадзя, - я казаў усё больш і больш упэўнена, кожнае слова дадавала мне веры ў слушнасць маіх думак, - а ў такім выпадку забойца павінен быў падрыхтаваць сабе алібі. Але ўсе чацвёра, каго ты падазраеш, яго не маюць. І таму аўтаматычна я здымаю з іх абвінавачанне ў забойстве. Алібі ёсць толькі ў нас з табой, да таго ж стопрацэнтнае, па ўсіх правілах.

- Так, - Сак сціснуў кулакі, - дагаворвай.

- Я не забіваў, гэта вядома мне самому дакладна, застаешся ты. Ты, Сак, забіў дзядзьку Вадзіміра.

- Вар'яцтва, - Сак засмяяўся. - Я забіў Даўгалевіча? І чаму? Таму, што не мог забіць. А тыя чацвёра не забівалі, бо мелі магчымасці і матывы да гэтага. Маршанскага бачылі з нажом у руцэ. І ён не забіваў. А я ў гэты час сядзеў побач з табой, і я - забойца. Думай, калі гаворыш.

- Слушная парада, я думаю і таму магу раскласці твае дзеянні ўсе па парадку, што і за чым.

- Цікава, - Сак падсунуўся з крэслам бліжэй да мяне, - я заўсёды казаў, ты, Марцін, пішаш не пра тое, што трэба. Цікава, да чаго толькі твая выкшталцонасць дайшла на гэты раз. Пісаў пра вар'ятаў, нарэшце і сам звар'яцеў. Давай расказвай. Плёткі аб самім сабе заўсёды цікава паслухаць.

Я глядзеў на ягоны са злоснай усмешкай твар і адчуваў - Сак мяне ненавідзеў у той момант, толькі здаралася такое і раней. Затое здзіўленне было непадробным, і я сам пачынаў вагацца - ці правільна ўсё пралічыў? Мо і сапраўды - вар'яцтва. Сак - лепшы Даўгалевічаў сябра і забойца ў адной асобе?

- Калі пачаў, то і скончыць трэба, - Сак відавочна ўзяў сябе ў рукі. - Мы і так столькі ўсяго адзін аднаму нагаварылі за гэтую ноч - жах. Цэлае жыццё разбірацца будзем. Я ўжо ўсіх вас, усіх ненавіджу, а цябе, Марцін, ніколі і не любіў.

Вось і зараз. Думаеш, я веру, што Маршанскі забіў, разумею, а веры няма. Хай потым суд будзе, хай яго ў турму пасадзяць, хай урэшце сам прызнаецца, а канчатковай веры не будзе ніколі. - Сак нахіліўся і ледзь чутна дадаў: - Бо не паверу, што Вадзіміра не стала.

Разумееш, жывы ён для мяне, ды і ты не верыш, вось і шукаеш неверагоднага, каб пераканаць самога сябе, бо ягоная смерць таксама неверагодная. Яна, як легенда, як з іншага жыцця да нас прыйшла.

Я шукаю тлумачэнні згодна са сваім светапоглядам, ты са сваім. Я ненавіджу зараз цябе, а ты мяне, нават Вадзімірава смерць не прымірыла нас. А ён жа быў здольны любіць і цябе і мяне.

Добра, можаш казаць, гэта нічога не зменіць, горш не будзе, я слухаю. - Сак нечакана для мяне палагаднеў, выняў цыгарэту і запаліў. Запалка крутанулася ў паветры, не даляцела да каміна і ўпала на дыван. Сак абыякава махнуў рукой.

- Усё пачалося з ліста, - я таксама запаліў, тонкі струменьчык шызага дыму ўздымаўся пад столь, змешваўся там з дымам Сакавай цыгарэты, - менавіта з ліста, гэта быў першы рэчавы доказ у справе забойства. Тады ніхто з нас не надаў яму належнай увагі, нават сам Даўгалевіч.

А цяпер пытанне - хто імкнецца знішчыць рэчавыя доказы? Зазвычай забойца. Вось і першы ўчынак - ліст спаліў ты, Мікола, не падраў, не захаваў на памяць, а знішчыў так, каб не засталося слядоў, спаліў.

Цяпер другое - радыёстанцыя. Першымі на выспу прыплылі я, Гражына, Тэрэза і Кяльміцкас. Калі б забойцам быў хто з нас, то замкнуць акумулятар было лягчэй і надзейней да вашага прыезду. Але ж нажніцы віселі на сцяне - Тэрэза імі зразала кветкі, а потым на маіх жа вачах павесіла іх на месца. Таму нажніцы перамкнулі клемы акумулятара пасля вашага, твайго, Маршанскага і Даўгалевічавага, прыезду.

Тое ж і з нажом. Ён знік у той самы час, пасля вашага прыезду. Пасунемся далей. Хто падліваў Даўгалевічу цэлы вечар? Я ці, можа, Эдмундас? Падліваў ты, Мікола, той, хто ўсё жыццё змагаўся з ягоным п'янствам. П'янага чалавека лягчэй забіць, ці не так? Нават калі ўсе сышлі з лазні, ты застаўся з дзядзькам Вадзімірам піць, я палічыў бутэлькі на стале. Іх на адну больш, чым было, калі я сыходзіў з лазні. Ты прыхаваў яе, каб спаіць Даўгалевіча.

- Ну, ты даеш, - Сак рассмяяўся. - Калі ўсё гэта ўсур'ёз лічыць абвінавачваннем у забойстве, то і мяне, і цябе, ды ўсіх, хто ў гэтым доме, трэба не выпускаць з турмы ад самага нараджэння.

- Я не скончыў, падрыхтоўка да злачынства - яшчэ не забойства. Галоўнае - дзеянне. Дык вось - усе, акрамя цябе і Даўгалевіча, сышлі з лазні. Лазня не тое месца, куды вяртаюцца проста так, без дай прычыны. Вам гарантавана прабыць сам-насам з паўгадзіны. Да пачатку святочнай вячэры кожны з гасцей будзе заняты сваёй справай.

Ты выходзіш у прылазнік - спраўджваеш: ніхто нічога там не забыўся. На сцяне вісіць Даўгалевічаў халат і ручнік, на лаўцы ляжыць твой скрутак. Ты прачыняеш дзверы і глядзіш у гасцёўню. Дзверы там шырока адчыненыя, увесь калідор добра праглядаецца. Госці сядаюць за сталом, гуляюць у карты.

Ты апранаешся. Выцягваеш са скрутка нож і вяртаешся ў лазню.

Наступны момант я не магу ўявіць сабе, не той склад мыслення. Глядзіш ты Даўгалевічу ў вочы, калі набліжаешся да яго з нажом за спінай, ці той спіць? Але дакладна ведаю адно - ты б'еш яго нажом у сэрца. Вяртаешся ў прылазнік, надзяеш ягоны халат паверх адзення, а каб не было відаць нагавіц - падкасваеш іх вышэй калена, бярэш Даўгалевічаў ручнік, замотваеш ім галаву і палову твару, нож хаваеш у рукаве і выходзіш на калідор.

Усе, хто сядзіць за сталом, пазнаюць не Даўгалевіча, як сцвярджаюць потым, а ягоны халат, шыты золатам, і п'яны поступ. За адно імгненне, калі ты праходзіш бокам да сходаў на мансарду, большага і не заўважыць: халат пазнаецца, прываблівае ўвагу. Ніхто не кранаецца з месца - гарантыя. Здзейснілася тое, чаго ўсе чакалі, - Даўгалевіч кінуў піць і пайшоў наверх прыводзіць сябе да ладу.

Наверсе падкідаеш нож Маршанскаму ў пакой (да забойства замкамі тут ніхто не карыстаўся), пра грошы ты ведаў, відаць, ад Даўгалевіча. У кабінеце бярэш бутэльку і ідзеш наніз. Зноў для ўсіх імгненная праява, гарантыя твайго будучага алібі: Даўгалевіч з бутэлькай у руках заходзіць у прылазнік. Зноў спрацоўваюць халат і нядбайна закручаны ручнік.

Ты нават шчыльна не прычыняеш дзверы, бо ёсць небяспека - нехта пойдзе ўгаворваць яго не распачынаць бутэльку, а пачакаць да вячэры. Таму хутка скідаеш халат, ручнік і гаворыш у паветра: «Не, Вадзімір, я больш піць не буду, ды і табе не раю, давай віно сюды». І адразу ж выходзіш з бутэлькай у руках.

Мэта дасягнута: усім даведзена - Даўгалевіч на дадзены момант сядзіць у лазні і збіраецца неўзабаве выйсці, піць яму больш няма з кім і няма чаго.

Адзінае, што выдае цябе, - гэта падкасаныя нагавіцы. Іх можна вытлумачыць толькі тым, што на табе быў раней халат. Ты падыходзіш да стала, ставіш бутэльку і прыспешваеш усіх разысціся па пакоях, маўляў, скора вячэра і трэба рыхтавацца. Аднак сам рыхтавацца не збіраешся. Табе нельга больш сыходзіць з гасцёўні, да таго ж неабходны надзейны сведка - ты затрымліваеш мяне, зачыняеш дзверы (усё, што адбываецца ў калідоры на гэты час, павінна застацца таямніцай). Фісгармонія і спеў добра чутны ва ўсім доме. Я граю - алібі. З гэтага моманту кожны, хто хаця б на хвіліну застаўся сам, трапляе пад падазрэнне.

Праз паўгадзіны ўсе зноў збіраюцца ў гасцёўні, цяпер можна спакойна спытаць, а дзе Даўгалевіч? Вы ж былі з ім гэты час побач, а не я. Ідзіце паглядзіце, што з ім зрабілі. Забойства! Ратунку! Ты, ты, ты і ты - на лаву падсудных. Я адзіны, хто мае права судзіць вас, - бо сам без віны, ды яшчэ Марцін, ён сведка маёй бязвіннасці. Перахапіць следства ў свае рукі - лепшая гарантыя поспеху ў злачынстве.

- Цябе паслухаеш, сам пабяжыш вешацца, - Сак з палёгкай уздыхнуў, - што ты лухту выдумляць любіш, я і да гэтага ведаў. Але тут не хапае адной акалічнасці, і не апошняй - першай. З яе пачынаць трэба, а то можна сказаць, што я на памяле праз комін лётаў. І акалічнасць гэтая - матыў. Нашто мне было забіваць Даўгалевіча? Што я, спадчыну па ім атрымаў? Ці з Тэрэзай ажаніўся? Не сыходзяцца ў цябе, Марцін, канцы з канцамі. - Сак раптоўна пасур'ёзнеў, падсунуўся з крэслам бліжэй. - Ну, дык матыў, матыў?

- Матыў - і ёсць самае цікавае, - я пасунуўся трохі ўбок, бо Сак практычна навісаў нада мною. - Матыў - недакладнае слова, хутчэй сцэнар, ідэя. І кінуў гэтую ідэю, як ні дзіўна, сам дзядзька Вадзімір. Ён меў рацыю, калі казаў, нібыта ў нас, беларусаў, апошнім часам не стае святых пакутнікаў, што адгэтуль ідуць нашы беды, таму мы не можам кансалідавацца, у нас няма зараз імя сучасніка, годнага таго, каб узняць яго на штандары. Будзь ты тройчы геній, але калі памрэш сваёй смерцю ў шпітальным ложку - ты не пакутнік.

Затое прыгожы, таямнічы канец жыцця ператвараецца ў паданне, легенду. Робіць самога чалавека, няхай сабе нават сярэдніх здольнасцяў, сімвалам, і не для далёкіх нашчадкаў, а для сучаснікаў. Таямніцу загібелі можна потым лёгка перакручваць на каго заўгодна: на масонаў, на палітыкаў, чужынцаў, сяброў, суайчыннікаў, на кожнага, хто табе не даспадобы. Легенда ёсць легенда, яна не патрабуе доказаў.

Ты сам зразумеў тое, што Даўгалевіч зразумеў гады два таму - ён скончыўся як пісьменнік, памёр пры жыцці. І толькі напісанае ім раней па інерцыі прымушае людзей лічыць яго сімвалам нашай літаратуры, сімвалам нацыянальнага руху, бо не было на той час, ды і на гэты, лепшых, чым ён. Не хапала для ідэальнага героя, імя якога можна несці на штандарах, аднаго - пакутніцкай смерці, якую як дакор можна прад'явіць кожнаму, хто скажа слова супраць. Імідж, які стварыў вакол сябе Даўгалевіч, быў для цябе важнейшы за сяброўства, важнейшы за дзядзьку Вадзіміра як чалавека.

І вось, калі легенда пра лепшага, таленавіцейшага чалавека нацыі пайшла на спад, ты падтрымаў яе, вывеў на новы віток. Даўгалевіч прыдумаў на ўзроўні філасофіі, а ты здзейсніў прыгожую канцоўку легенды. Ты забіў сябра, каб даць нацыі святога пакутніка. Ты забойца, Сак.

Я не паспеў адскочыць, ні нават ухіліцца - Сак кінуўся на мяне і паваліў. Сам не разумею чаму, але змагаліся мы моўчкі. Сак - вялізны і моцны, як мастадонт, мёртва сціснуў мне рукі. Адно, што я змог, - зачапіў яму за шыю нагу і памкнуўся скінуць. Сак захрыпеў, і нага саслізнула, моцная шыя мала чым рознілася таўшчынёй ад галавы. Ён пачаў падцягваць маю руку сабе пад калена. Я схапіўся за край габелена над канапай. Са сцяны паляцелі цвікі, захрабусцела тканіна. Мне на запясце, да пранізлівага болю, націснула напятае Сакава калена. Імгненна вольнай рукою ён кінуў мне на твар вялікую мяккую падушку і наваліўся на яе ўсім целам.

Я нават не паспеў адвярнуць галавы. Падушка шчыльна лягла на твар. Праз спрасаванае пер'е я не мог уздыхнуць, пачаў задыхацца. Я рвануўся што было моцы, але дарэмна. Сак трымаў надзейна. Праз сціснутыя спружыны матраца адчуваліся спінай дошкі каркаса. Жахліва не хапала паветра, кожная спроба ўздыху раздзірала болем лёгкія.

У цемры перад вачыма паплылі чырвоныя і фіялетавыя жарынкі-плямы, боль прытупіўся і адасобіўся ад мяне, цела страціла вагу. Пульсаванне крыві ў скронях змянілася далёкімі бомамі. Цяжар Сакавага цела аслаб і спакваля ссунуўся ўбок.

На імгненне яскрава бліснула святло, у лёгкія ўварвалася паветра. Я паспеў заўважыць над сабой жаночую галаву, аголеныя плечы і ззянне вакол галавы, электрычна-жоўтае. Рысы твару зліваліся, блыталіся. Раптам усё крутанулася ў вачах і правалілася ў чорнае нішто.

Колькі прайшло часу, я тады не адчуў, але свядомасць урэшце вярнулася да мяне. Я ляжаў на падлозе, ззянне лямпачкі было ўжо збоч ад дзяўчыны, што схілілася нада мной. Я не мог, ды і не імкнуўся ўспомніць, хто гэтая дзяўчына. Я не памятаў нават свайго імя, хто я, і нашто тут, і дзе знаходзіцца гэтае тут? Адчуваў толькі, як далонь кранае мае шчокі. Нечакана прарэзаўся боль - далонь не кранала, - дзяўчына хвастала мяне па шчоках, з паўслова ўзнік голас і адчай у ім:

- ...цін, ачніся! Марцін!

- Гражына, - прамовіў я, і тут вярнулася страчанае, я ўспомніў следам за ўласным імем і размову з Сакам, і наша змаганне.

Я абапёрся рукой і сеў, галава дагэтуль жахліва круцілася, агледзеўся. Пад рукой была Сакава нага, я глянуў далей. Сам Сак нерухома ляжаў на падлозе тварам уніз. На спіне ў яго павольна шырылася пакуль яшчэ невялікая крывавая пляма, я прымружыў вочы і згледзеў пасярэдзіне плямы мікраскапічную дзірачку, як ад вязальнага прутка. Я машынальна намацаў пульс на Сакавай руцэ - сэрца маўчала.

- Ён нежывы, я забіла яго. - Гражына стомлена апусцілася перада мной на калені, правяла рукой па валасах. - Я пайшла за табой і падслухоўвала, што мне заставалася яшчэ? Не ты - Сак пераканаў мяне ў тваёй слушнасці, калі кінуўся душыць.

Тут толькі я згледзеў каля яе доўгае самаробнае канцылярскае шыла, якое раней ляжала на пісьмовым стале. І ўспомніў, як Даўгалевіч прашываў ім рукапісы, як перфаратарам. Зноў перад вачыма паплылі чырвоныя і фіялетавыя жарынкі, я затрымаў дыханне і азірнуўся на канапу: не было ні жадання, ні нават сілы варухнуцца, мне хацелася спыніць час. Я выцягнуў з кішэні насоўку, за ёй выпаў ключ ад лазні.

- Ад якіх ён дзвярэй? - Гражына пераняла ключ.

- За імі ляжыць Даўгалевіч, - я расціснуў пальцы, - але што з таго?

- Чакай, я зараз, чакай, я вярнуся, і маўчы, - сказала Гражына. Пачуліся асцярожныя крокі, прыцішана хруснуў ключ па той бок дзвярэй.

 

Я яшчэ не апрытомнеў канчаткова. Усё адно: куды, нашто пайшла Гражына, было дастаткова пачуць: «Я вярнуся» і супакоіцца. Новае забойства яшчэ не зматэрыялізавалася для мяне, існавала на мяжы ўсведамлення. Я паспрабаваў устаць, з другой спробы мне гэта ўдалося. Рука шчыльна аблягла дзяржальна шыла. Дзяржальна выдавала цёплым і зручным. «Каб не Гражына, то, замест Сака, мне ляжаць тут, - падумаў я і паклаў шыла на пісьмовы стол. - Цікава, а што збіраўся рабіць Сак пасля маёй гібелі? Паліць труп разам з домам ці цягнуць да возера?»

Падлога хіснулася ў мяне пад нагамі, я цяжка апусціўся на крэсла, у акне мне падаліся сполахі маланкі. «Паліць ці тапіць?»

Мяне пачало кідаць то ў гарачыню, то ў холад. Дзе Гражына? За акном ці ў маіх вушах пачало гусці - не то вецер, не то дождж. Я абхапіў галаву і ўспёр локці на стол. «Дзе Гражына? Што з ёй будзе? Чаму ўсе спяць і не выходзяць з пакояў, калі дзеецца забойства?» - неадчэпна кружлялі думкі.

Зноў па-змоўніцку шчоўкнуў замок. Гражына прычыніла за сабой дзверы.

- Збірайся, сыходзім, - яна паклала на стол побач з шылам скрыначку запалак. - Апрытомнеў? - Гражына імкнулася не глядзець у той бок, дзе ляжаў Сак.

- Што гэта зменіць? - няпэўна адказаў я. - Дзе ключ?

- Застаўся ў замку. Хутчэй, - Гражына пацягнула мяне за руку, - зараз хто-небудзь прачнецца, і будзе позна. - Ад яе выразна пахла бензінам.

Раптоўна згасла святло, але цёмна не стала. Пад акном з боку прыбудаванай да лазні кацельні-электрастанцыі шугала полымя.

Гражына кінула маю руку і схапілася за край вялізнай, напакаванай Даўгалевічавымі рукапісамі кардоннай скрыні з-пад тэлевізара.

- Дапамажы, - яна схапіла са стала зялёны сшытак-дзённік і кінула яго паверх рукапісаў, за ім паляцела яе торбачка. - Дапамажы. - Яна расхінула дзверы і пасунула скрыню на калідор. Я таксама ўхапіўся за край, і мы мінулі парог.

Гражына перакруціла ключ, падсунула яго пад дзверы, пакратала клямку, ці надзейна зачыніла. Водблескі полымя выхоплівалі з ночы акно-разетку ў канцы калідора.

- Цягні наніз, - шэптам загадала Гражына і кінулася да дзвярэй Тэрэзы, пачала біць у іх абцасамі. - Гарым! Ратуйцеся!

У канцы калідора нехта, відаць, Кяльміцкас, адчыніў дзверы. Але я ўжо гэтага не бачыў, цягнуў скрыню наніз, у гасцёўню, да выйсця. Наперадзе пачуўся грукат.

- Гэй, адамкніце, пажар, - крычаў з кладоўкі Маршанскі. Ён біў у зачыненыя дзверы. - Гэй, хто тут?!

Я кінуў рукапісы і пачаў ірваць голымі рукамі прабой з шула дзвярэй.

У гасцёўні трэснула і пасыпалася шкло. Скразняк заляпаў дзвярыма. Мацней загуло полымя, і перадпакой зацягнула дымам. Кашляючы, па сходах збеглі Тэрэза з Гражынай.

- Цягніце скрыню! - крыкнуў я ім, упёрся нагамі ў сцяну і з усяе сілы пацягнуў прабой за замок. Рыпела шула, трушчылася атынкоўка, але прабой не зрушыўся. Маршанскі біў не ў той бок дзвярэй, завесы былі яшчэ мацнейшыя за замок, я крычаў яму, але ён, відаць, не разумеў мяне.

З мансарды збег Эдмундас і пачаў ірваць дзверы ў лазню.

- Там Вадзімір!

Полымя, ледзь толькі ключ перакруціўся ў замку, расхінула дзверы і, падхопленае ветрам, ірванулася ў калідор. Эдмундас адбег да мяне. Жар апякаў і сцягваў скуру на твары.

- Дзе Сак?! - крыкнуў Эдмундас. - Ключ у яго!

- Позна шукаць! - Я рваў замок з усяе моцы, Кяльміцкас павіс на ім таксама. За сцяной кашляў ад дыму і лаяўся Маршанскі.

Эдмундас кінуў замок, прыкрыў галаву пінжаком і знік у дзвярах гасцёўні, што раз-пораз узнікалі ў разрывах дыму. Раптоўны парыў ветру падхапіў полымя, і я ледзь паспеў згасіць валасы. З дыму ўзнік Эдмундас, пінжак на ім курэў, а твар быў перапэцканы сажай, у руках ён сціскаў гарачую качаргу.

- Сямён, мы зараз! - Кяльміцкас прасунуў качаргу пад замок, і мы разам павіслі на ёй. Завішчэла па дрэве сталь. Металёвы прут сагнуўся, і прабой павольна падаўся следам за качаргой. Маршанскі яшчэ раз ударыў, гэтым разам куды трэба. Замок адляцеў у сцяну, а мы з Эдмундасам адскочылі ўбок. Маршанскі стомлена прываліўся да шула. Кяльміцкас схапіў яго за руку:

- Хутчэй.

Мы выбеглі. Было светла, як на праспекце. Жанчыны ўсё яшчэ як заведзеныя сунулі скрыню далей ад пажару.

- Хопіць, - крыкнуў я ім і азірнуўся на дом. Ён яшчэ не страціў у агні архітэктурных форм. Шыфер на даху трэскаўся і разлятаўся вогненнымі пырскамі. Ахопленыя полымем вінаградныя лозы адна за адной дагаралі і падалі са шпалераў.

- Дзе Сак?! - крычаў Маршанскі і кідаўся ад мяне да Эдмундаса, ад Эдмундаса да жанчын. - Дзе Сак?!

Гражына не паспела адказаць, як у доме ўзарваліся балоны з газам. Вялізнае палымянае воблака, падобнае да сціснутага кулака, ударыла ў нізкія хмары. Хіснуліся і заваліліся кроквы. Ад выбуху пераламаліся драўляныя апоры цыстэрны з палівам для рухавіка. Пачуўся цяжкі ўдар, і новы слуп полымя ўзвіўся над выспай. Вогненны паток шугануў на бераг і паплыў над возерам. Вецер гнаў яго, разбіваў на вогненныя выспы. Паверхня вады зіхацела жоўтым і чырвоным, успыхваў і падаў узбярэжны чарот.

Усіх спыніла гэтае відовішча. І самае страшнае - я адчуваў ягоную прыгажосць. Я ўпершыню адчуў, што прыгажосць можа быць страшнай.

- Ён застаўся там? - Эдмундас паказаў рукой на дом, што чарнеў у воблаку полымя.

- Хто ён? - спытаў я.

- Сак. - Эдмундас апусціў руку.

Гражына села на зямлю, закрыла твар рукамі:

- Я грукалася да яго, ён у сваім пакоі, сказаў, што зараз выйдзе, не адамкнуў. Прасіў, каб мы ратавалі Даўгалевічавы рукапісы, а ён паспрабуе ўратаваць ад агню цела, але, відаць, не паспеў, - Гражына расплакалася.

І тут я зразумеў, як уратаваць яе самую, успомніў жарт дзядзькі Вадзіміра з неіснуючым дротам у цемры.

- Глядзіце, - крыкнуў я і наўздагад паказаў на возера, - глядзіце. Там за агнём човен, нехта ўцякае адсюль. Уцякае забойца! Ён хаваўся на выспе, падпаліў дом і ўцякае! Глядзіце! - Я падбег да Тэрэзы і пачаў ледзь не ўпрошваць яе: - Бачыце, вунь там, за агнём, маленькі човен, бачыце, уцякае. Не, не тут, трошкі правей. Чорт, за дымам зараз не відаць. Вось, вось, зноў з'явіўся. Ну глядзіце ж, знікне ў цемры.

Эдмундас прыўзняў руку і пачаў пільна ўзірацца. Маршанскі стаяў побач з ім і разгублена глядзеў у полымя.

Тэрэза раптам схапіла мяне за плячо:

- Бачу, вунь, сапраўды, - падбегла да Кяльміцкаса з Маршанскім. - Глядзіце, човен, далёка, я ж адразу казала, забіў нехта другі, старонні. Ніхто з нашых не мог пайсці на такое.

- Бачу! - Маршанскі пачаў трэсці Кяльміцкасу руку. - Глядзі ж, уцякае, свалата, нічога, мы яго яшчэ знойдзем.

- Сапраўды, - спакойна сказаў Кяльміцкас, - трэба запомніць, у які бок ён кіруе, каб потым лягчэй было шукаць.

Яны ўтраіх падышлі пад самы бераг. Іх постаці выразна вымалёўваліся на фоне агню. Галасы нішчыў шум пажару.

Я сеў побач з Гражынай, абняў яе за плечы і паклаў яе галаву сабе на калені. Сам прытуліўся да кардоннай скрыні з Даўгалевічавымі рукапісамі. Гражына ўсё плакала, раз-пораз уздрыгвала.

Я прагнуўся, выцягнуў са скрыні першае лепшае, што трапіла ў руку, - дзённік. Разгарнуў. Паміж вокладкай і першай старонкай укладзены аркуш тоўстай, фактурнай паперы. Дакладны, разборлівы почырк дзядзькі Вадзіміра - аўтограф Гражынінага верша, лепшага ў яе жыцці санета.

Пад расцягнутымі па гарызанталі і сціснутымі па вертыкалі радкамі то ўспыхвала, то згасала ў водблісках полымя дата Даўгалевічавай смерці, упэўнена накрэсленая ягонай уласнай рукой.

Я заплюшчыў вочы і ўявіў пасмяротны збор твораў, які будзе пачынацца факсімільным перадрукам гэтага верша і датай з легенды. Датай, аб якой напішуць кнігі даследаванняў, артыкулы, якую будуць называць экскурсаводы ў адноўленым доме-музеі на гэтай выспе. І ўсе хрэстаматыі нашай літаратуры змесцяць гэтую дату як пачатак легенды жыцця і смерці святога пакутніка, нацыянальнага гонару.

Легенда будзе існаваць і стане мацнейшай за нейкія доказы і абгрунтаванні, мацнейшай за нас саміх, што стварылі яе. Бо толькі такія легенды і маюць права на існаванне.

Так я думаў у тую ноч, што паступова пераходзіла ў ранак, так я думаў, і так яно здзейснілася.

 

1990




Беларуская Палічка: http://knihi.com