epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

А песня адна

Не раз і не двойчы з сябрамі я пеў,

А гэтакі горды ніколі не быў:

З аркестра мне родны матыў загрымеў,

І зал, перапоўнены зал, падхапіў.

 

Бярозы і сосны прыбеглі з гары

І слухалі, стоячы ў ціхім галлі,

Як іх партызанскія сёстры ў бары

Маю Беларусь адстаяць памаглі.

 

Славакі наўкол

Абступілі наш стол,

Майстры тут былі разнастайнейшых спраў:

І той партызан, што чыгунку ўзрываў,

І той будаўнік, што яе аднаўляў.

 

У кожнага права на жменю святла,

І кожны свой край захінаў ад віхроў.

Абы толькі голас і дружба расла,

А песня адна ў нас на многа гадоў.

 

15.VI.1957