epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Ацэнкі, што ў іх добрае

Як пачынаецца работа
Слова — выхавальнік


Развіццё літаратуры, далейшы рост яе патрабуюць не толькі правільнай ацэнкі літаратурных з’яў, а і асмыслення літаратурнага працэсу цалкам. Важна высветліць уплыў твора зараз і што яго чакае ў будучым.

Прадбачанні Чарнышэўскага і Бялінскага ў гэтым кірунку грунтаваліся на дасканалым веданні жыцця. Аб літаратуры яны гаварылі з любоўю і страсцю, а ў патрэбных выпадках — з гневам і абурэннем.

Некалі размяжоўвалі тры ступені сп’янеласці (чытана ў Ляскова ці ў Даля): з устрыманнем — чалавек ідзе сам, трымаючыся за платы; з расстаноўкай — выпіваку вядуць двое, а трэці перастаўляе яму ногі, і з распалажэннем — небарака ляжыць без руху, параскідаўшы ў бакі рукі і ногі.

Вастрасловы пашырылі гэты сумны жарт на крытыку.

Гавораць, нібыта асабліва распаўсюджаны від крытыкі «з устрыманнем». Каля пісьменніка ходзяць так асцярожненька, што сам наймудрэйшы Саламон не дабярэ ладу: хваляць ці ганяць. Ледзь зачэпяць недахоп, і хутчэй — адбой, а закранутая пахіба падмалёўваецца, глянцуецца пад вартасць.

Крытыкавалі і крытыкуюць «з расстаноўкай». Тут не хаваецца жаданне абавязкова даставіць сябра на старажытную сядзібу муз, на Парнас, хоць бы для таго спатрэбілася перастаўляць аўтару ногі — ходзіць жа слаба.

Крытыка «з распалажэннем» сустракаецца, на шчасце, усё радзей і радзей. У гэтым выпадку крытыкавалі з такім разлікам, каб як паложаць доле, дык і не паварушыўся.

Ведаю, каштаваў сам. Але ўсё ж варушыўся, за што атрымліваў дадатковую порцыю. Павучалі і крытыкавалі тыя, што рабілі акурат так, як і ты, тыя, што рабілі яшчэ горай, і тыя, што наогул нічога не рабілі.

Аднак не гэта турбуе і засмучае. Хацелася б, каб недахопы не засланялі ад крытыка старонкі, паўстаронкі, нарэшце, сказа, няхай не жывінкі, але нечага самастойнага. Магчыма, гэта не вынік пошукаў аўтара, а проста бог у рукі кінуў, як кажуць у народзе. Але запомніць, па-людску запісаць «кінутае богам», падараванае фальклорам ці выпадковай сустрэчай, усё ж заслуга.

Які б ні быў твор — добры, благі, узорны ў сэнсе мастацкім ці па пошласці, ён абавязвае выказаць самастойныя меркаванні, хай смелыя, але свае, не абцяжаныя паўторамі вядомага маралізатарства.

Часамі ўсё ж засвойваецца запавет аднаго з герояў А. М. Астроўскага: «На ногі станем, самі вучыць пачнём, вучыць жа лёгка».

А трэба б — не вучыць, а думаць разам з пісьменнікам, дашуквацца ісціны, дзе, што замінае засвяціць ёй у творы.

І не забывацца, што паэзія — радасная і дзейсная краіна, і, падарожнічаючы па ёй, трэба радавацца перш за ўсё — у натхнёных эсэ пра шэдэўры і ў даследаваннях памераў ці рытмаў. Нездарма ж казаў Віктор Гюго: «Думка, выказаная вершам, гэта жалеза, ператворанае ў сталь».

Ну, вось — крытыка. Дапамагае яна нам ці не?

Цэлая паласа газеты занята вельмі саматужнымі разважаннямі крытыкаў аб архітэктуры. Рэдакцыйная прыпіска проста валіць з ног: «Нельга цалкам закрэсліваць ансамбль як твор мастацтва». Нібыта можна закрэсліць кінастужку ці кнігу на палавіну або на чвэрць? І якія адносіны да мастацтва маюць на дзве трэці ці на тры пятых закрэсленыя творы?

Другая газета пахваліла літаратурны твор. Потым змясціла адмоўную ацэнку і прызнала папярэднюю памылковай. Цасля зноў перацаніла... А твор як быў добры, так і застаўся. І чытачоў у яго прыбыло: прачыталі тыя, хто б не ўзяўся, каб не было супярэчлівых водгукаў.

Пасля гэтага ў рэдакцыю нехта прыслаў цвічок і дзве змацаваныя накрыж лучынкі: выстаўце на вецер, маўляў, будзе млынок. Гаварылі, там страшэнна пакрыўдзіліся, хадзілі скардзіцца...

А аўтар маўчаў...

Часопіс выдрукаваў рэцэнзію на першую кнігу аўтара, не асабліва выбіраючы выразаў. Шкада!

На конскіх заводах, дзе гадуюць і выхоўваюць рысакоў, барані вас божа аблаяцца. За лаянку звальняюць, бо коні трацяць выгляд і апетыт. Нельга сказаць, каб нервовая арганізацыя ўдзельнікаў літаратурных нарад і з’ездаў была менш чулая, чым у заводскіх аргамакоў. Аднак лаянка чуецца, і не абы-якая! І ніхто не спадае з твару, аблаяны заядае параю бутэрбродаў буфетныя сто грамаў, дазволеныя ў перапынку. А што, калі і тут надарыцца істота з чуллівасцю, блізкай да конскай?

Кола і магчымасці ахвотнікаў да беспадстаўных разносаў і такіх жа беспадстаўных усхваленняў прыкметна звужаецца. Што горш з гэтых дзвюх крайнасцей? Пахвала твора звыш вартасцей — не маю на ўвазе неабходнае для росту ўхвальнае падбадзёрванне — разбэшчвае аўтара, нават і не маладога, парушае самадысцыпліну і расхіствае патрабавальнасць.

З другога боку, што можа быць за толк з так званай нейтральнай, безасабовай крытыкі?

А тут жа на кожным кроку артыкулы і даклады, дзе аргументацыя — адно ўпамінанне прозвішчаў («Той, той і той працавалі над калгаснай тэмай»). А што зрабіла, як напісала тое ці іншае прозвішча, хай сабе і радзей упамінанае? У гэтым бы разабрацца, тады, пэўна, больш гнуткі быў бы паказчык імёнаў. Пакуль жа ён непарушны, як у праваслаўным календары.

Не шкодзіла б час ад часу прыгадваць Пушкіна: «Самаю поўнаю сатырай на некаторыя таварыствы быў бы спіс членаў з абазначэннем таго, што кім напісана».

Як толькі размова заходзіць пра няўдалае, напісанае нядбалай ці няздольнай рукою, прозвішчы глытаюцца, знікаюць, быццам іх і не існавала.

А заклікі змагацца за якасць твораў — гучаць.

І часам даволі трывожна, бо пад выглядам паэзіі і прозы друкуецца многа чаго да друку не прыдатнага.

Дык чаму ж такая разгубленасць крытычнай думкі? Здавалася б, сама раз выпрабаваць моц свае зброі.

Тым часам увесь цяжар барацьбы за якасць нібыта перакладаецца на чытача: маўляў, ён ацэніць кепскія кнігі — не будзе купляць. А чытач — чалавек не раздураны: прывык браць у запас цукеркі і селядцы. І ён купляе кнігі запар: усё роўна нехта іншы возьме.

Выкрыццё адмоўных з’явішчаў у рэчаіснасці ўплывае на поўную сілу толькі будучы асветлена перспектывай руху грамадства наперад. Іначай можа атрымацца звяганне мешчаніна, усерджанага якой-небудзь часовай нястачай. Заглядаць наперад і такім чынам сцвярджаць новае, большае, адмаўляючы што-небудзь старое, пачварнае, па-мойму, у аднолькавай меры абавязкова і для пісьменніка і для крытыка.

Мяркуй строга, але справядліва. Не чапляючыся да дробязей, аднак і не мінаючы іх. Адна, няўлоўная, але неабходная, рыса дапамагае мастаку падняць створанае ў катэгорыю мастацтва. З няменшым эфектам дзейнічае і адна невялікая, здавалася б, няпраўда, недакладнасць, толькі ў адваротным кірунку: адкідае работу ў процілеглы бок, адбірае давер’е чытача або гледача.

Вось як гэта здараецца.

У нядрэннай наогул кінастужцы ёсць эпізод, дзе чуецца птушыны спеў. «Перапёлка»,— кажа нехта з герояў. І ўсе задзіраюць галаву, глядзяць на неба. Гледачу тым часам непамысна, ён ведае, што ў небе спявае жаўранак, а перапяліны бой чуецца з травы.

Або недакладнасці іншага парадку.

Неразборлівы почырк Станіслаўскага ў свой час нарабіў клопату; ён запісаў: «Дело Светенсваи». Вось і пачалі шукаць п’есу пад гэткай назвай. І, вядома, не знайшлі, бо прачыталі па-руску французскае прозвішча Клемансо (Clemenceau), палічыўшы пры гэтым лацінскія «Эль» і «е» за «в», а «цэ», за «с».

У адным нашым часопісе артысты пахваліліся, што глядзелі п’есы Выспяльскага і А. Мусека.

Што за драматургі з’явіліся ў Польшчы? Трэба было добра пагадаць, пакуль расшыфравалася: Выспяльскі — гэта славуты аўтар славутага «Вяселля» Станіслаў Выспяньскі. А. Мусек аказаўся не кім іншым, як Альфрэдам Мюсэ. Палякі дакладна пераносяць з замежных моў напісанне імён і прозвішчаў, калі ж даводзіцца скланяць, стаўляюць пасля нязменнай часціны апостраф, а за ім — склонавы канчатак: Мusset — Musset’a. Але адкуль атрымалася Мусека? Няйначай, прачыталі лацінскае «і» як «к».

Цяжка дараваць гэта акцёрам, а яшчэ цяжэй рэдакцыі, там не маглі таксама не ведаць, што назва п’есы Мюсэ «Ларэнзачыё», а не «Ларэнзацыё», як надрукавана ў часопісе. Ды вакол твора разыгралася скандальная гісторыя шырокай вядомасці. Цэнзар Дукта-Дукшынскі ў 1835 годзе вынес забарону, бо «дух гэтай п’есы супярэчыць цэнзурным правілам і можа зрабіць нявыгаднае ўражанне».

Непажаданае ўражанне ў сэнсе верагоднасці робіць і вось такое апавяданне.

Калі вагону ўласцівы чалавечыя якасці, дык ён можа быць і жорсткі і добры. Відаць, аўтар хацеў напісаць цвёрды або мулкі вагон, куды ён прывёў пару «з бульдогам куцахвостым», які ў далейшым называецца — кудлаты пасажыр. На ілюстрацыі — нешта сярэдняе паміж балонкай і пудзелем. А што было рабіць мастаку, калі бульдогаў даўгахвостых і кудлатых не сустрэнеш.

Вось колькі выпадкаў адразу, а яны ж не ўмацоўваюць дружбы з чытачом.

І яшчэ адзін выпадак. Спагадлівы рэцэнзент у кніжцы вершаў 70-х гадоў знайшоў радок: «Кавалі зброю кавалі». Пахваліў: добра! Следам за ім пахваліў і я. А неўзабаве высветлілася: хваліць-то хвалілі, ды не таго. «Жанцы на постацях маўчалі, кавалі зброю кавалі» напісаў я сам у 1942 годзе, не ўспомніўшы пра свой жа радок «Былі кавалі, кавалі», апублікаваны яшчэ ў 1929-м.

Вось якія выходзяць канфузы, калі забываешся на пісанае і не раз чытанае.

Пра аднаго з дэкадэнцкіх вершапісцаў пачатку стагоддзя было сказана забойча трапна: «Ёсць у вёсках такія крамнікі, якія ўмеюць толькі пісаць, але не чытаць».

Не апошняя справа — чытаць і ўчытвацца. І не толькі мець перад вачыма тое, пра што маеш павесці размову, а і зробленае іншымі аўтарамі, паплечнікамі ці папярэднікамі абранага табой. Гэтым абавязкам не шкодзіць абцяжваць сябе і крытыкам і пісьменнікам, калі яны ўбіраюцца ў крытычныя рызы.

А то сустракаеш меркаванні аб творах, відавочна, не прачытаных і, шкада, у органах, якія заслугоўваюць пашаны. Называецца поруч чатыры-пяць рэчаў, аб’ядноўвае ж іх усяго толькі прыналежнасць да жанру — апавяданне, балада,— аднак крытык наганяе на іх усе абручы адной характарыстыкі кшталтам «высокай адказнасці», «маральнай чысціні». І такім чынам нібыта залічае названыя творы, не робячы выключэнняў, у рубрыку станоўчых здабыткаў.

Пагодзімся, няхай так! Але ж у тым самым абзацы, услед за нібыта пахвалаю, ідзе нявінная, на першы погляд, агаворачка: маўляў, некаторыя з пералічаных твораў грэшаць схематычнасцю, жывыя пачуцці ў іх падменены папяровымі, а размах падзей не вышэй за буру ў шклянцы вады.

Вось табе і маеш! Пакрапілі ўсіх пораўні ружовай вадзіцай і адразу ж куды больш шчодра аблілі, зноў жа ўсіх, жыжкай зусім адваротнага колеру і паху. І ўсё праз адно: з «некаторых» не вылучаны «пэўныя», не надпісаны дакладныя адрасы, таму пахвала і асуджэнне не ўспрымаюцца размежавана.

Як гэта атрымалася? Пісалі не чытаўшы? Гэта — адзін з лягчэйшых варыянтаў для аўтара меркаванняў, больш цяжкі — няўпэўненасць у слушнасці свае думкі, самы цяжкі — пераблытванне картаў: ведае чалавек, што з пяці названых ім рэчаў да літаратуры мае дачыненне толькі адна, а не гаворыць проста. Не хоча псаваць адносін з аўтарамі чатырох астатніх, дый, можа, хто ўплывовы выкажа адваротную думку, тады, прыхаваўшыся за «некаторыя», можна сцвярджаць: і я ж так гаварыў.

Звычкі — зусім непрыдатныя ў нашым грамадстве, але ж пракідаюцца і такія сяды-тады. Нельга горш пакрыўдзіць аўтара, чытача, літаратуру.

Аляксандр Блок многа ведаў і нездарма пісаў: «Не варта даваць імя мастацтва таму, што называецца не так». Маладое пакаленне літаратуры з пашанай вывучае ўзбраенне класікаў, не грэбуе і арсеналам вопыту старэйшых калег па пяру. Значыць, яны, старэйшыя, і павінны расказаць, з чым яе ядуць, гэту самую патрабавальнасць, а галоўнае — заўсёды паказваць яе ў дзеянні, каб узяў у рукі твор і залюбаваўся, калі хочаце, пазайздросціў крыху, але не той зайздрасцю, што некаму ўдалося схапіць за хвост пеўня ўдачы, а высакародным жаданнем знайсці дужыя крылы і гучны голас новай рабоце сваёй.

Гэта, відаць, найлепшы род, як кажуць, міжцэхавай крытыкі — уласны прыклад, што не здымае ніякіх абавязкаў з крытыкі наогул і не вызваляе больш сталых і дасведчаных ад неабходнасці дзяліцца з маладзейшымі ўбачаным і ўведаным, раіць, як і на што глядзець, як і што рабіць.

Уласна ацэначны момант — чаго варты твор, хоць бы і па пяцібальнай сістэме — прыходзіць не адразу, не з гэтага трэба пачынаць. Перш за ўсё клічце на дапамогу літаратурнае сумленне, усё сваё ўмельства і веданне, усе магчымасці зазірнуць у далеч і ў глыбіню, каб за непатрэбшчынай, а то і проста друзам, не мінуць сапраўднае залацінкі. Тады ўжо збярыцеся з адвагай ды проста кажыце: твор ці не твор трапіў да вас. Хоць крыху прычыняецца ён да літаратуры ці зусім застаецца па-за яе межамі. На жаль, ад такіх «не-твораў» страхоўкі няма ні для кога, нават для бясспрэчных і прызнаных здольнасцей.

Управімся мы з такім, хай сабе рэзкаватым, спосабам ацэнкі, а дакладней — адсякання непатрэбнага,— значыць, адкрыем вочы і сабе і другім на літаратурны працэс без падхарошвання, адразу стане відно, дзе яшчэ няцвёрда ступае проза ці драматургія. Гэта першае.

Другое — з’явіцца магчымасць пазбавіцца ад фальшывай і заўчаснай кананізацыі аўтараў і іх вырабаў, само сабою гэта зелле не знікне, трэба апрацоўка крытычнымі гербіцыдамі.

Праўда, у каго не апускаліся ад здзіўлення рукі пры чытанні хвалебных пасланняў («два пункты гледжання») на цэлы разварот газеты або на аркуш дробнага шрыфту ў часопісе? А ўсяго прыклёпу, зачэпкі для гэтага шуму, што «знясенне курыцы рабое адбылося» (Ул. Корбан). Кніжыца ўсякімі больш няпраўдамі, чым праўдамі, праціснулася на прылавак, і ёй найвышэйшая ацэнка была б — трапіць у два-тры радкі рубрыкі «Выйшлі з друку»...

Арыентавацца самім і накіроўваць таксама аднадумцаў, людзей з кім робіш у адным шэрагу адну справу,— выключна на самыя высокія ўзоры літаратурнай творчасці. Толькі на такім грунце пойдзе ў добры рост наш поспех — паэтаў і крытыкаў, празаікаў і драматургаў.

Браць іншыя арыенціры, калі намі ўладаюць сур’ёзныя намеры ствараць літаратуру сацыялістычнага грамадства, проста немагчыма. Любячы, ведаючы, маючы перад вачыма Купалу, нельга пахваліць дрэнны верш, які б добры юнак яго ні напісаў.

 

Пазайздросціць трэба, як цвёрда і пэўна дзейнічалі нашы папярэднікі.

Адзін класік угаворваў: «Рваць ланцуг цемнаты».

Другі голасна кінуў кліч: «Людзьмі звацца!»

А трэці знецярплівеў і гукнуў: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

Вось якія зацятыя творцы былі, усе ў адно білі, толькі раз за разам усё шырэй і мацней.

Таму — народныя!

*

Падчас падарожжаў па розных краінах, калі не на караблях і самалётах, дык хоць з дапамогай цудоўнага дывана — кінаэкрана, заўсёды з тугой і зайздрасцю прыстываеш вачыма, прыкіпаеш сэрцам да старажытнага хараства. Хай сабе паўстае яно перад табой у выглядзе пірамід, чыё аўтарства загубілася ў далечах часу, ці мікеланджэлаўскай капліцы — усё роўна.

Такія пабудовы называюць помнікамі. Так, гэта помнікі, але не хараству, як бястварыя прастакутнікі роўненькіх дахаў і гладкіх сцен у цяперашніх гарадах, а помнікі хараства, само гэта хараство.

Рым, Фларэнцыя, Венецыя... Бег часу ператварыў у помнікі цэлыя краіны і гарады. А ў іх жа яшчэ — помнікі над помнікамі! Тварэнні геніяў архітэктуры, скульптуры, жывапісу. Разам усе яны спалучаюцца ў адзіны, самы велічны, несмяротны помнік жыццю і мазалю даўніх будаўнікоў, на чыёй крыві паднялася да сонца дзівосная краса.

Але ж і вечнае для ўяўлення хараство не можа ўстояць у няроўнай барацьбе з жорсткімі вятрамі стагоддзяў. Трацяць яркасць фарбы, расколваецца мармур, асядаюць падмуркі, спаўзаюць у ваду вуліцы. А ў сучасных іхніх жыхароў і гаспадароў не знаходзіцца рады і магчымасці ўратаваць пакінутыя ім у спадчыну скарбы: няма за што!

Дзікавата чуць і паўтараць гэта — няма за што. А сярэднявечныя замкі Неапаля ці сабор святога Марка ў Венецыі, пачаты будоўляй ледзь не дзесяць стагоддзяў назад, хіба ў час іхняга будавання людзі жылі багацей і тэхнікай уладалі больш магутнай?

Прагрэс тэхнікі нават не дазваляе параўнанняў з мінулым. Што ж датычыць размеркавання прыбыткаў, за мяжой мала што змянілася: галодная і халодная галота і, якім словам іх ні абзаві, дакладней не скажаш, багатыя.

Ды, як бы там ні вялося, дабрабыт палепшаў, і там ужо ніяк не параўнаеш жытло і вячэру сярэднявечнага часака мармуру або муляра з тым, што мае яго цяперашні таварыш па прафесіі. Змяніліся і адносіны паміж тым, хто наймае, і тымі, каго наймаюць. Умее пастаяць за сябе рабочы клас, даюць яму накірунак камуністычныя партыі.

Тым не менш разбываецца бізнес, тужэюць кішэні прамыслоўцаў, а гарадскія ўправы ніяк не могуць знайсці сродкі на падтрымку жыцця спрадвечных помнікаў. Хоць усе даўно і добра ведаюць: не паспееш агледзецца, многае знікне з аблічча зямлі.

Чалавецтва на парозе назаўсёднай страты, навечнага развітання з непаўторным. Можа ці не можа пагадзіцца з гэтым цывілізаваны свет? Можа, значыць — асуджае сябе на духоўнае жабрацтва, на зварот да першабытных наскальных малюнкаў, на асалоду ад задзірання галавы на голыя вежы небаскробаў, прастакутна і просталінейна выкладзеных са шкла і бетону.

Не хочучы цешыць сябе і нікога, скажу: адна краіна не можа заставацца і не застанецца безудзельнай да лёсу хараства, што жыве здавён на людскіх дарогах у мастацтва. Падбае наша радзіма, хоць многа ў яе іншага найпярвейшага клопату, каб жылі людзі ў міры і дружбе, не адчувалі нястачы.

А зробім мы крок, і пойдуць насустрач многія, паварушацца, пэўна, і тыя, што атлусцелі не толькі ў раёне жывата.

І яшчэ адной думкай жыву, гадую яе ў вечары ціхага роздуму. Калі культура сацыялізму адлічыць хоць два стагоддзі хады, людзі апынуцца ў цудоўным часе тварэння дасканалага ва ўсіх галінах мастацтва. У нечым падобнага на тое, што спрадвечна, што прыйшло да нас з далечаў часу, і зусім адменнага, што ўзнікне ў паветры новай пары, у зірку другіх, лепшых за ўсе іншыя вачэй, ва ўмельстве другіх незраўнана больш здольных, рук.

Гэтым хачу сказаць: геніі не скончыліся назаўсёды, недзе там, за даляглядам мінулага. Яны будуць, абавязкова вырастуць, яны ўжо ў дарозе і хутка ўзыдуць на ганак. І створаць красу, роўнай якой яшчэ не было чута і не было бачана.

Хай тады нашы вершы, калі што не ператлее адначасна з роўнай па якасці іх друкарскай паперай, здаюцца наступнікам прымітыўнай, на адной ноце, песенькай першага жыхара зямлі, а нашы раскапаныя археолагамі мікрараёны — хай выглядаюць хацінамі для істот такога ж веку.

Някрыўдна!

Затое вырасце на змену колішняму вечнаму новае вечнае.

 

Па дасканалае можна і трэба наведвацца і да сучаснікаў.

Як адарвацца ад шматфарбнага, а галоўнае — шматпачуццёвага двубою чалавека з асятром, жорсткай бойкі, якую В. Астаф’еў, да яго гонару, закончыў цудоўнай перамогай рыбіны.

Напісана гэта нялёгкае змаганне так, нібы аўтар быў у адзін і той жа час і чалавекам і рыбінай, плаваў у крынічнай халадэчы ракі, захлынаўся мулам і крывёю, але змагаўся, цягнуў у свой бок да апошняга.

Чытаеш, і здаецца — спыніўся час, і ты не прыспешваеш яго, наадварот, шчадзіш, каб надаўжэй стала, старонкі.

Дзея асветлена мовай і трымаецца на ёй, такой свежай, нібыта ніводнае слоўца не ўжывалася, такой выразнай і празрыстай, што ўсё відно ў ёй, усё да астатку: малая травіна каля берага, косы прамень на хвалі, можна злічыць і разабраць па колерах каменьчыкі на дне. І, вядома ж, у незвычайным святле, даступна навобмацак вымалёўваецца гэтае лютае, на зламанне шыі, адступанне і наступанне аднаго вялізнага слізкага цела на другое. Найменшыя нават хітрыкі чалавека ў празе аўладаць здабычай і рыбіны ў празе выбавіцца ад смерці адчуваюцца так тонка і дакладна, што міжволі думаецца, а ці не надзелены здольнасцю мысліць і жыхары водаў?

Тут жа ўспамінаецца Кузьма Чорны з надзвычайным яго ўмельствам выпісваць дэталь, перадаваць назіранне, паглыбляцца ў перажыванні. І зноў жа — гаварыць сваёю, нідзе не карыстанаю мовай. Вось глядзіце: «Чатыры хаты, і пры кожнай выгараджаны дварок як упхнуць задам каня з драбінамі». Як мала слоў і як многа паказана: дворык такі вузкі, што не развернешся ўехаўшы, а выехаць можна, калі паставіш там воз толькі так, як напісаў пісьменнік.

Або хата, якая пастаўлена «менш на хараство, а больш на мацунак і на выгоду». Гэта не толькі вобраз дома, а і характар яго гаспадара.

Што ж датычыць чалавечых партрэтаў, дык тут часта задыхаешся ад радасці, адчуўшы іх навізну і рэльефнасць.

«Варывон Вілач быў чалавек шырозны ў плячах і здаравенны. З буйным тварам і вялікімі круглымі вачыма. Ён не быў рыжы, але нейк быццам бы быў і рыжы. Прынамсі, мне заўсёды здавалася, што ў яго пад шапкай павінны быць нізка стрыжаныя рыжыя валасы. А калі ён здымаў шапку, мяне аж за сэрца смактала, што яго нельга сапраўды назваць рыжым. З твару ж гэта быў чалавек рыжы і ўпарты. У нашай местачковай капэле ён быў бубначом. Бубніў ён вельмі добра, чуваць было далёка, і ўсё бедаваў, што калі-небудзь не вытрымае бубен. Яго ж дачыненне да музыкі не дазваляла яму бубніць цішэй. Пасля ён надумаўся перайсці на які-небудзь іншы струмент. Купіў сабе вялікую трубу і стаў падвучвацца. Нарэшце прыйшла пара зайграць яму першы раз. Я-то сам не чуў, але расказвалі, што калі, стаўшы наперадзе ўсёй капэлы, дзьмухнуў у сваю трубу, дык ні тых скрыпак, ні тых флейт не чуваць стала».

Так што па навуку хадзіць далёка не трэба, абы ахвота была.

 

Як пачынаецца работа

Спакойна, нават крыху легкаважна ідзеш па лясной сцяжынцы. І так хораша, так лёгка ідзецца, што нават мармычаш пад нос нешта падобнае да песні.

І вось, ці то пасвяціла неяк асабліва сонца між галін, ці то ціўкнуў шчыгол, ды не гэтак, як звычайна, а танчэй і пяшчотней, у душы падымаецца сумятня. Спакой кудысьці знікае, пад сэрцам смокча турбота, і бязладна, няйначай патрывожаныя пчолы ў вуллі, пачынаюць гусці думкі.

Калі ты не маладзён і не пачатковец, дык хутка ўзрадуешся: стан гэты добры, апаноўваў цябе не раз. Пушкін, прыкмеціўшы яго, як заўсёды, дакладна запісаў:

«Душа збунтована лірычным хваляваннем».

Уцяміўшы, што адбываецца з табою, падкрадайся і хапай галоўную думку, матку, у матачнік. Злавіў, значыць, увесь рой — твой. Ён яшчэ неспакойна гудзе, але іначай, у гудзенні пракідаецца рытм, а на рытм пакрысе пачынаюць адройвацца словы.

Гэта вельмі грубая і недакладная схема ўваходу ў творчы настрой, але са мною адбываецца нешта падобнае. Не абавязкова ў лесе, можа здарыцца так і ў вясёлай бяседзе, і пры выпадковай сустрэчы з чалавечым вокам на вуліцы, пад час цыркавой выставы, у магазіне, на праходцы ў скверы.

А калі галоўная думка ў руках, успамяні раду Талстога і адсей усё лішняе, каб застацца сам-насам з прадметам, аб якім гаворыш.

Вось як меркаваў Леў Мікалаевіч Талстой пра раман:

«Я даўно ўжо думаў, што гэта форма аджыла, не наогул аджыла, а аджыла як штосьці важнае. Калі мне ёсць што сказаць, дык я не буду апісваць гасціную, захад сонца і да таго падобнае.

Як забава, не шкодная сабе і іншым,— так. Я люблю гэту забаву. Але раней на гэта глядзеў як на нешта важнае. Гэта скончылася».

Слухайце ўважліва, гаворыць першы раманіст свету. Знайшоўшы спосаб выражаць сябе праз дзённік, занатоўванне думак і выпадкаў, Талстой пачаў бунтавацца супроць ім жа створанага, супроць таго самага, на што мы пазіраем знізу, без шапак, моўчкі, як на верх дасканаласці.

Генія пачыналі сціскаць вынайдзеныя ім самім рамкі, ложа рамана зрабілася для яго Пракруставым.

Новае вынаходства, вядома, не забавілася б, але не стала часу — ліст, адкуль узяты радкі, напісаны ў верасні 1906 года.

*

Работа, калі яна сапраўдная, ніколі не пачынаецца з абнажанай прагі вынайсці, вынаходка прыходзіць як бы сама сабою, колькі працы на яе ні ўкладзецца.

Апанаваны злоўленай думкай, крыху ахмелены ўяўленнем, сядаеш за стол. Глядзіш са свайго сёмага паверха на белы свет: далёка відаць, думаецца шырока. Пра зямлю, пра сяброў, пра тое, што робіш разам з людзьмі, сваімі аднадумцамі. І ў той жа час, як гэта ні смешна, адчуваеш сябе асобай неабмежаванай улады. Мае кнігі, мае задумы, вобразы, намеры, жанры, нарэшце — сродкі вытворчасці: папера, сшыткі, чарніла, алоўкі.

Усё ў тваёй і больш ні ў чыёй волі і сіле, што хочаш, тое і робіш: пішаш прозу — загадваеш лёсамі людзей, пішаш вершы — свае і чужыя пачуцці варушыш як заманецца, артыкулы — хваліш ці караеш сябе і таварышаў.

І, задавайся не задавайся, ты — галернік з вечным ядром на назе, штодзень ад золку да вечара — за сталом, як асуджаны.

«Кепскаватае ж у цябе кіраванне, браце, і работа непамысная»,— пасміхнецца нехта.

«А гэта як павядзецца, як пакіруецца час, яму відней»,— пасміхаешся і ты замест адказу.

«Чаадаеў» — кніга аб няшчасным і найшчасліўшым, хто быў пры жыцці, дый доўгі час пасля смерці, зняслаўлены, адсунуты ў цень у параўнанні з сучаснікамі сваімі, а ён даводзіўся сябрам і духоўным настаўнікам недалёка шукаць каму — Пушкіну!

І тое, чаго не мог трываць у ім век яму сучасны,— не дужа ў ласцы было і праз гады, тое, чаго не разгледзелі ў ім калісьці,— не ўразумелі і пазней. І не толькі не выдалі, нават не прачыталі.

Словам, для забыцця Чаадаева было зроблена ўсё. А ён не забыўся.

*

Тэхніка абапіраецца на супраціўленне матэрыялаў. Гэта дысцыпліна служыць для таго, каб умець вызначаць трываласць матэрыялаў, выбіраць належныя метады і спосабы апрацоўкі.

Я не прытрымліваюся забабонаў, нібы толькі пэўныя з’явы і факты могуць паслужыць падмуркам, на якім збудуецца мастацкі твор. Пра касу, напаўзабытую зараз прыладу земляроба, складзены дзесяткі ўдалых вершаў, а пра трактар — выбачайце, таварышы паэты? Іншая справа, што мы не заўсёды ўлічваем асаблівасці з’яў і якасці жыццёвых фактаў, значыць, не ведаючы супраціўлення матэрыялаў, не можам як належыць выбраць патрэбныя спосабы апрацоўкі. А яна можа быць: сцвярджальная, выкрывальная, іранічная, сатырычная — гэта у сэнсе выяўлення адносін і схільнасці мастака да прадмета. У сэнсе ж падачы падзей: эпічная, апавядальная (раман, аповесць), дакументальная (нарыс, рэпартаж), выкладзеная з дапамогай вершаванай мовы.

Але як ні старайся, каталог спосабаў мастацкай апрацоўкі матэрыялаў ніяк не складзеш: яны ніколі не паўтараюцца. Лаўлю сябе за руку, бо радком вышэй збіваўся на нешта кшталтам «тэорыі славеснасці» для старой школы.

Для выбару матэрыялу і спосабу яго апрацоўкі мала аднаго крытэрыя: гэта, бачыце, было, а мы павінны пісаць праўду — тое, што было. Робячы так, не заўсёды нам удасца дасягнуць тыпізацыі, бо яна грунтуецца на памнажэнні вопыту, і не проста жыццёвага вопыту, а паўтаральнасці сітуацый, яркасці падзей і ўчынкаў, каб у іх быў момант узору і прыкладу, назбірванне аднолькавых рыс характару чалавека, аднолькавых прыкмет часу, што ў цэлым найбольш ясна перадаюць дух пэўнага перыяду гісторыі.

Прылічэнне да катэгорыі рэалістычных такіх твораў, што, як прынята выслаўляцца, «народжаны жыццём», мерка «так бывае» і «так не бывае» ў жыцці, патыхаюць, даруйце, літаратуразнаўствам каменнага веку. Твор з жыццёвым фактам у аснове, калі хочаце, паўтару, «народжаны жыццём», можа выйсці з-пад пяра сюррэаліста, экспрэсіяніста, экзістэнцыяліста, плюраліста — словам, якога хочаце «іста». Але ад рэалізму ён будзе на такой жа адлегласці, як Лысая гара ад Эльбруса. Па простай прычыне, што для ўсіх падобных мастакоў, ці пераважнай большасці іх, рэчаіснасць — штосьці выпадковае, суб’ектыўнае. Таму, як ні парадаксальна гэта, іхняя абмежаванасць перарастае ў неакрэсленасць: дробязнае выдаецца за велічнае, а велічнае абмінаецца, не можа знайсці выражэння.

Рэалізм грунтуецца на матэрыялістычным пазнанні свету, у майстроў яго ёсць усе падставы для авалодвання і асэнсавання працэсаў рэчаіснасці. Вось чаму рэалізм мае свае, толькі яму ўласцівыя спосабы адбору матэрыялу і тыпізацыі. Як толькі паэзія забываецца на вытокі і асаблівасці рэалізму, якія жывяць яе і падымаюць на рамантычныя вышыні, яна перастае быць самой сабою. І робіцца крыўдна, і ўспамінаюцца недасяжныя ўзлёты паэтычнай класікі.

І яшчэ адна неабходная ўмова рэалістычнага паказу. Змены, якія адбываюцца ў нашым грамадскім жыцці, агульнавядомыя і вельмі ўражальныя. Мы плануем іх праз дырэктывы партыі на пяцігоддзе, а то і больш. І не заўсёды можам прадугледзець, у што выльецца канчаткова тое ці іншае наша пачынанне, іначай кажучы, нашы планы не толькі карэктуюцца, а і перавершваюцца зробленым, створаным, здзейсненым.

Да чаго абавязвае гэта пісьменніка? Часцей за ўсё адказваюць так: хай пашанцуе ўгнацца, патрапіць упоравень. Гэта праўда, але малая. Навошта гнацца? Трэба паспяваць. Дазволю сабе прывесці не свой жарт: «Калі страус гаворыць аб каханні страусісе, яна бяжыць з хуткасцю 100 кіламетраў у гадзіну». Не трэба бегчы, ступай крок у крок з часам, тады тваё слоўца абавязкова западзе ў вуха сучасніку.

Мы павінны імкнуцца да самай простай і да самай цяжкой рэчы — да прадбачання. Не да прыпіскі, якой слаўны многія нашы раманы і аповесці, дзе калгаснае, скажам, жыццё малявалася мудрэй за рай, а калгаснікі, скажам, выглядалі ні больш ні менш як чыстыя анёлы.

Пісьменніцкае прадбачанне ўяўляецца наступным чынам. Ведаючы накірунак нашага руху наперад, улічваючы папраўкі на час і ўдасканаленні, што робяцца непасрэдна ў хадзе, мы павінны прадбачыць змены ў чалавечай псіхалогіі, выхаванне ў чалавеку новых якасцей, вызваленне яго ад бруду перажыткаў, набліжэнне нашага наступніка да вобраза таго чалавека, які будзе жыць у камунізме.

У гэтым сэнсе будучыня, чытацкая цікавасць сёння і заўтра належаць творам, што маюць у грунце сваім мастацкае прадбачанне, а не кульгаюць услед за падзеямі, хай сабе нават добрасумленна.

Значыць — вочы на сучаснасць. Толькі не для прыпісак і адпісак, не для моды, а з поўнай аддачай усіх душэўных сіл, з усёй шчырасцю, на якую здольны. Каб не стаць падобным на цырульніка, які заклапочана спытаў, над чым працуе паэт, і дазнаўшыся, што той стараецца сучаснага матэрыялу, дзелавіта памацаў ягоны пінжак:

— Букле? О, у вас заўсёды самы сучасны матэрыял. Самы вялікі попыт.

Перавагі пісьменніка-сучасніка, які піша пра чалавека, свайго сучасніка, цяжка злічыць. А галоўная вось у чым: калі я сядаю за стол, дык адчуваю: з’ява, якая мае стаць прадметам адлюстравання, дапамагае нарадзіць сама сябе на белы аркуш, адчуваю — мяне падпіраюць і падымаюць над даляглядам высілкі ўсіх людзей, аднадумцаў, стваральнікаў рэчаіснасці.

І мне радасна працаваць, і расце мая пэўнасць, бо столькі ж добрых памочнікаў выстаўляе жыццё.

*

Са з’яўленнем задумы пісьменнік пачынае пакрысе абрастаць газетнымі выразкамі, запісамі сітуацый, сустрэч, гаворак, замалёўкамі людзей і прыроды, прозвішчамі, трапнымі слоўцамі.

Частка матэрыялу можа легчы на паперу проста так, як узята з жыцця (гэта не заўсёды карысна), другая патрабуе дадатковай апрацоўкі праз вымаганні сюжэта, кампазіцыі, мастацкага густу і такту. Таму даводзіцца пераапрацоўваць увесь чыста матэрыял паводле прынятай тэхналогіі. Факт, непасрэдна выхаплены з жыцця, можа адчуцца ў творы чужародным, калі вымышленыя падзеі, у сілу свае ўнутраной логікі, будуць развівацца ў другім плане.

Немагчыма пісаць, не трымаючы перад вачыма таго, што хочаш выклікаць ва ўяўленні чытача. Гэта, перш-наперш, тычыцца герояў, але не ў меншай меры і месца, дзе адбываецца дзея: пакой, клуб, поле, вуліца, лес. Без гэтага эпізоды будуць здавацца незавершанымі, а людзі — кульгавымі: пад адною нагою цвёрдая зямля, а пад другою — ніякай падпоры.

Абставіны дзеі часта вызначаюць учынкі герояў, іх надворны выгляд: у жыхара горнага аула паходка зусім інакшая, чым у палескага калгасніка.

Часамі, залюбаваўшыся чалавекам, пачынаеш бачыць у ім літаратурнага героя.

Вось якая гісторыя была ў мяне. Перш чым будавацца, Мінск вызваляўся ад руін і друзу, расчышчаў пляцоўкі. Добра было стаяць, глядзець на людзей, якія камандавалі машынамі, сачыць, як з кожным паднятым каўшом бітай цэглы ці абломкам сцяны знікае з вуліцы хаас і разбурэнне. І ўжо лёгка думалася і марылася пра наш будучы (цяпер — сённяшні) горад.

Нечым кінуўся ў вочы экскаватаршчык. Зусім маладзенькі. Праз дзень-два мы разгаварыліся. Вайна адабрала ў яго бацькоў. Быў у рамесніцкім. Потым на курсах пры нейкай будаўнічай арганізацыі.

Не паспелі мы добра пазнаёміцца, як хлопец раптоўна знік. Ад зменшчыка я дазнаўся: махнуў на Волга-Дон. Біяграфія атрымала цікавы працяг.

Я звяртаўся да гэтага героя двойчы, у дзвюх рэчах. Пісаў уважліва, ні на хвіліну не спускаючы з вачэй, бачыў жывога. Але ў праўдзівасць сапраўднага вобраза не паверыў Колас. А тое, што было прыдумана,— прынялі, нават хвалілі трохі.

Такім чынам, рэальная асоба выбілася з раду скампанаваных уяўленнем, не набыла рыс характару, засталася проста асобай, якая яна ёсць, цікавай толькі для аўтара.

 

Хотя не чаешь быть столь взором остр, как рысь,

Однако слабых глаз лечить ты не ленись.

 

 

Правільна кажаце, таварыш Гарацый!

*

У нашай рабоце дробязей няма, усё галоўнае. Што маеш за плячыма, свае вочы, уваход у настрой, веданне матэрыялу і як абыходзіцца з ім. І ўсё ж пра адно як быццам гаварыў, але неяк мімаходзь, не вылучаючы, не падкрэсліваючы асобна.

Гэта — праніканне ў з’яву.

Спачатку — усебаковы агляд яе звонку пад самымі магутнымі пражэктарамі ўвагі і назірання, каб выявіць памер, колер, месца ў жыцці, адносна, вядома, у параўнанні з тым, што знаходзіцца на пэўнай часавай і прасторавай адлегласці.

Потым — праніканне ў глыбіню, тут высвятляецца ўтварэнне і паходжанне з’явы, сацыяльны склад ці прыналежнасць яе, магчымасці — стваральныя ці разбуральныя, і, галоўнае, сутнасць. Што гэта такое? Чым было ўчора, чым стала сёння, як ператворыцца заўтра, праз сто гадоў?

Частка гэтай задачы, напэўна, высветліцца пры знадворным аглядзе: розніца ў выглядзе з’явы, скажам, у розныя поры года і дня, раніцай і ўвечары, вясною і ўвосень, таксама дазваляе меркаваць пра яе ўнутраны стан або змены, што адбыліся ці маюць адбыцца ў яе ўсярэдзіне.

Што казаць, даследаванне — маруднае і цярплівае! Але толькі яно дае прасвятленне вачэй і зроку духоўнага да той ступені, калі можна пачаць пісаць, калі ўсё стане відно, як гаварыў Гогаль, ва ўсіх канцах свету.

Гэта не значыць, што вашы героі, набыўшы жывую абалонку, колер твару і валасоў, улюбёнае адзенне, пачаўшы есці, піць і курыць, а галоўнае — дзейнічаць, радавацца і сварыцца, злаваць і ўсміхацца, што гэтыя героі не паправяць вас. Паправяць, і абавязкова, калі ўдадуцца жывымі, і могуць змяніць пэўным чынам бачанне і раскрыццё вынашанай, здавалася б, да апошняга, з’явы. І будуць патрабаваць для сябе самых дакладных, верагодных учынкаў і рухаў.

І вы ўжо не выйдзеце з-пад іхняй волі, будзеце, як Талстой, хадзіць і мучыцца, шукаць, а які рух павінна зрабіць Анна, прыйшоўшы першы раз да Вронскага? Адказ можа і не знайсціся ці прыйдзе геніяльна проста, як да гэтага вялікага знаўцы ўсяго, што рабілі, робяць і павінны рабіць людзі. Ён ішоў на абед, дакрануўся грабеньчыкам да барады і ледзь не закрычаў: «А-а, яна павінна паправіць валасы!» Бо думаў усё пра адно, шукаў рады і ўдзень і ўночы, і — знайшоў.

Вядома, не для сябе вы будзеце столькі пабівацца, дамагаючыся канчатковага прасвятлення зроку, набываць відушчасць. За вамі ўслед яна прыдасца на карыстанне тым, хто не ўладае здольнасцю тварыць вобразы, а можа толькі ўзбагачацца за кошт створанага.

Не ведаю сярод сучаснікаў больш відушчага, больш шчодрага на прасвятленне зроку ў людзей і большага майстра ўкопвацца ў глыбіні іх, чым Сяргей Эйзенштэйн. Смешна было б гаварыць аб нейкім яго месцы ў мастацтве, ён не шукаў гэтага месца, а сам сабою стаў упоравень з тымі, у каго вучыўся — Станіслаўскі, Меерхольд, Міхаіл Чэхаў,— і пайшоў своёю дарогаю — адкрываць далягляды.

На работы Эйзенштэйна нельга казаць — істужкі, на яго даследаванні — творы, гэта — адкрыцці, здабыткі відушчасці мастака ў імя таго, каб відушчымі сталі ўсе.

Мне часта, удзячна і пашанотна, думалася, ідучы за гэтым талентам па дарогах, якія ён праторыў «Браняносцам» і «Грозным». Больш за ўсё даводзілася здзіўляцца, бо цалкам асэнсаваць такі велізарны шлях не шчасціла нікому. Не сказаць, каб бракавала думак ці слоў, а не станавіліся яны ў належны гэтаму выключнаму выпадку строй. Аж пакуль не прыйшла кніга светлай памяці М. Ю. Блеймана «Пра кіно — паказанні сведкі», а крыху раней не трапіўся часопісны артыкул, на які буду спасылацца ніжэй.

Многае з майго ўспрымання работы Эйзенштэйна было блізка да выказанага ў сустрэтых матэрыялах. Адчулася патрэба занатаваць рысы творчага вобліку і відушчасці Эйзенштэйна, і я рабіў гэта, пераказваючы сваё і не сваё без двукоссяў, хай даруюць шаноўныя аўтары, толькі бачачы адну мэту, каб стала больш даступнай відушчасць вялікага мастака.

Эйзенштэйн збіраўся паставіць фільм паводле «Капітала». І можна мець пэўнасць, паставіў бы, ён бачыў, зрокава адчуваў, колькі дзеяння і канфліктаў можа даць гэта Марксава тварэнне.

Без меры шкада было страціць такі талент не ў час: ён не падараваў людзям і малое долі свайго творчага патэнцыялу. Але таго, што падаравана, хопіць на многія знаходкі кіно і літаратуры.

Эйзенштэйн пісаў: «Мы імкнуліся гістарычныя падзеі браць такімі, якавы яны ёсць, і па магчымасці не перакампаноўваць у драму тое, як яны адбываліся».

Гэта значыць, перад усім унутраны драматызм падзей, а не іх настаццё ці адыход. На першы погляд, дзіўна, бо такім чынам мы як быццам пазбаўляем падзею яе вытокаў, здавалася б, найбольш драматычнага. Але гэта вонкава, і растлумачваецца, скажам, на такім прыкладзе. Кастрычніцкая рэвалюцыя адбывалася са шматлікімі ахвярамі з двух бакоў. І гэта драматычна: крывавыя сутычкі чырвонага стану з юнкерамі, вернымі трону часцямі, змоўшчыкамі. Але сапраўдны драматызм не тут, а ў замене аднаго ладу другім, адной грамадскай формы другою.

Вось куды глядзеў Эйзенштэйн. І куды трэба глядзець драматургіі, каб яе прадметам не з’яўляўся насмарк ці парэзаны палец.

У мастацтве кіно Эйзенштэйн устанавіў два этапы: адкрыцця савецкай рэчаіснасці і ўскрыцця і раскрыцця яе.

Закон — адкрыты з запасам, свабодна пашыраецца на ўсе віды мастацтва, у тым ліку і на літаратуру.

Літаратары, бадай, справіліся з першым этапам у 20-я і 30-я гады, тады не засталося ніводнага з іх, каму б сучасны для яго дзень падаваўся за заслонай, хто б не зразумеў, не прыняў Кастрычніка. У вайну новая рэчаіснасць была не толькі ўскрыта, але і дастойна раскрыта.

Зараз — іншае. Рэчаіснасць засталася, як і была, рэчаіснасцю новага свету, але за пасляваенную чвэртку стагоддзя якасна змянілася да непазнавальнасці.

І некаторыя маладыя людзі ніяк не могуць зрабіць ласкі адкрыць яе для сябе, расплюшчыць вочы і глянуць на свет. І саромеюцца назваць жыццё, што іх абкружае, савецкім, а ідэалы, да якіх імкнецца народ, камуністычнымі.

Гэта не ўшчунак. Ніхто не здолее аспрэчыць, што ў сэнсе раскрыцця савецкай рэчаіснасці мы зараз выйшлі на глыбінныя пласты. Ужываю «мы» не да сябе і разумею пад словам не ўсіх чыста літаратараў, што сёння мачаюць пяро ў чарніла, а літаратуру паслякастрычніцкага пяцідзесяцігоддзя як творчы, а таму няспынны працэс.

Тады чаму не выказваюць цікавасці далей таго ж самага насмарку ці выварочвання душы тунеядца, а ў горшым выпадку пачынаюць жаліцца на «клімат» або хныкаць, нібыта на «перавал» нам не ўзысці?

Пытанне — не выпадковае.

Думаецца, усё гэта ад недахопу ўнутраной шырыні, шчодрасці, духоўнага зірку. Без іх няма пісьменніка. Дык што выходзіць? Не тыя людзі трымаюцца за пяро? І няўжо горкай праўдай стаў жарт, нібыта шмат каму са ўзброеных пяром трэба пакласці гэтую зброю і нават не глядзець у той бок.

Ах, Сяргей Міхайлавіч Эйзенштэйн! Як горка рана вы пайшлі, як нестае вашага разумнага таленту ў кіно і літаратуры! Колькі геніяльных адкрыццяў адышло разам з вамі, і людзям давядзецца папачакаць, пакуль расшчодрыцца стары бог і ўдзьме такую вялікую душу ў новы кавалак чалавецкай гліны.

Будзем удзячны Эйзенштэйну за ўсё тое, што ён убачыў і паказаў нам. Карціны, колер, рэжысёрскае майстэрства, кінематаграфічнасць Пушкіна. За адны здагадкі аб вялікім паэце трэба нізка пакланіцца Эйзенштэйну. Магчыма, крыўдна гаварыць — здагадкі, калі мы маем справу з вызначэннем сюжэта — галоўнага! — пушкінскіх твораў і тэмы Гогаля.

Сапраўды, геніяльна проста! Пры вядомых спрашчэннях сюжэтнай схемы вось яна: стары, які перагароджвае шлях да шчасця. Маладыя кахаюць адно аднаго, а стары — перашкода. Дзіўна? Здагадка падмацоўваецца цяжкою артылерыяй: «Яўгеній Анегін», «Цыганы», «Барыс Гадуноў», «Капітанская дачка». І далей. Старая графіня трымаецца за таямніцу, не выпускае яе з рук. Стары скнара затаіў багацці, якія маглі б даць радасць людзям...

«Чаму пра гэта ніхто не напісаў? — пытаўся Эйзенштэйн у суразмоўніка, які занатаваў гэтыя думкі.— Самае цікавае, што ўяўная аднастайнасць сюжэтаў не шкодзіла Пушкіну пераносіцца ў любыя краіны, працаваць у самых разнастайных жанрах. Геніяльнае багацце думак, лёсаў, характараў, і праз усю творчасць Пушкіна праходзіць адзіная сюжэтная сітуацыя: стары замінае каханню, няздзейсненае каханне маладога чалавека, мара пра каханне не рэалізаваная»1.

І Эйзенштэйн растлумачыў, адкуль гэта, паводле Тынянава.

Пушкін, зусім яшчэ юнак, пакахаў Карамзіну, напісаў ліст, прызначыў спатканне. І яна, абранніца, прыйшла, але з мужам, прывяла яго разам з сабою. Пушкін быў паранены навылёт, на ўсё жыццё.

Усё гэта вядома, хоць, можа, і не вельмі шырока. А Эйзенштэйн прыгледзеўся ўважліва і да жаніцьбы паэта з Наталі і да праезду цара паўз вокны Пушкіных пасля іх першай ночы (Мікалай І памахаў маладой хустачкай!), прыгледзеўся і спытаў у нас усіх: чаму цярпеў Пушкін пакуты, бо ці ж было роўнае пачуццё ў Наталі, чаму трываў, чаму пайшоў на смерць?

Спытаў і адказаў: Наталі нагадвала першае каханне — Карамзіну, прычым папрасіў заўважыць: і ў першым і ў другім выпадку на дарозе кахання стаяў стары.

Адказаў, але начыста адмёў Фрэйда, назваў яго чужой і глухой правінцыяй і цвёрда абвясціў: каханне Пушкіна не эротыка, а трагедыя жыцця, якая кінула адбітак на ўсю творчасць. Матыў быў адзін, іншая справа, што ён мог апранацца Пушкіным у міфалагічную форму, раман, гістарычную драму. Але не знікаў.

І найболей цікавае: Эйзенштэйн працягнуў развагі і павёў нітачку падабенства ў наш час, да з’явы выключнай — Чапліна. Ён, было вядома Эйзенштэйну, усё жыццё кахаў жонку Херста. Сярод шматлікіх і мімалётных шукаў адну, як Пушкін, што знайшоў Наталі, падобную да Карамзіной. Ёсць і творчы адбітак — фільм пра мсье Верду, які знішчае ўсіх стрэчных жанчын у імя адной-адзінай.

Аднак Чаплін не выйшаў да пачуццяў шырокага гледача, карціна не была скіравана вонку, да гэтага гледача, а ў сябе, усярэдзіну, углыб. Чаплін не здолеў перамагчы вузкасць уласнай біяграфіі, таму пры ўсім піятэце да вялікага майстра Эйзенштэйн не падпускае яго да Пушкіна.

Другімі словамі, Пушкін для Эйзенштэйна, для мяне, для ўсіх на свеце — з’ява над часам, Чаплін — з’ява часу, геній, цяжка адмовіць яму ў гэтым, але толькі ХХ стагоддзя.

І апошняе, чым ашаламаніў, узрушыў Эйзенштэйн. Пушкін, вядома ўсім, аддаў Гогалю два сюжэты: «Мёртвых душ» і «Рэвізора». Не толькі праз шчодрасць генія, дакладней сказаць — насуперак гэтай шчодрасці. Гэтыя сюжэты былі яму проста не патрэбны, заставаліся ў баку ад асноўнай пушкінскай тэмы, не прывязваліся да яе ніводным ражком.

Тэма Гогаля — немагчымасць жаніцца: «Жаніцьба». Першае публічнае выступленне насіла назву «Жанчына». Да неажыццёўленай жаніцьбы ён звяртаецца неаднойчы.

Пушкін ствараў трагедыю, Гогаль хацеў стварыць яе, нават абвясціў у друку аб выхадзе ў свет гістарычнай трагедыі. Можа, падсвядома, але празаік мучыўся рэўнасцю да паэта і, не здолеўшы стварыць трагедыю, напісаў пародыю... на «Барыса Гадунова». Гэта «Рэвізор». Успамінайце і параўноўвайце: самазванец і Хлестакоў, шапка манамаха і футарал на галаве гараднічага, Марына і Марыя Антонаўна, нямая сцэна і «народ безмолствует»...

Я дазволіў сабе доўгія выпіскі і пераказы, бо выказванні Эйзенштэйна амаль невядомыя, а кожнае чалавечае прасвятленне зроку трэба пашыраць на іншыя вочы.

 

1 Вайсфельд Н. Последний разговор с Эйзенштейном. «Вопросы литературы», 1969, № 5, стар. 252.

Слова — выхавальнік

Не надаючы яму ролі месіянскай, усё ж мяркую, што слова літаратуры павінна станавіцца на дапамогу грамадству, школе, сям’і, пачынаючы ад самага кволага малку выхаванцаў. Ісці, несці, падтрымліваць нязгасны агонь захаплення працоўнымі заняткамі ва ўсіх найдрабнейшых, даступных узросту відах, мацаваць упэўненасць, што кожная праца — фастрыгаванне рукава і стварэнне міжпланетнага карабля — добрая, выконваць яе — пачэсна.

Формы такой місіі пісьменніцкага слова пералічаць доўга і, відаць, без патрэбы: важна не спускаць усяго гэтага з вока, тады знойдуцца і адпаведныя спосабы найбольш дзейснага ўплыву. Няхай нашы кнігі, выходзячы на радыё, тэлебачанне, у кіно, шырэй даследуюць працу, працэс і прагрэс яе, глыбей заглядаюць у душы яе натхняльнікаў і выканаўцаў, вышэй падымаюць плён чалавечага розуму і рук.

З абуджэннем любові да яе, праца робіцца творчай, свае, самастойныя думкі засяляюць свядомасць чалавека, патрэба ў самастойнай дзейнасці перарастае ў саму такую дзейнасць.

А хіба не ў гэтым сэнс чалавечага жыцця? Таго, што маем, і таго, што дамагаемся.

Кукуйо — жук, які вылучае святло (Багамскі востраў), свеціць і свеціцца ён і пасля высушвання. Падчас іспана-амерыканскай вайны кукуйо набівалі ў бутэлькі: святла хапала для хірургічных аперацый.

Раздураныя паслугамі розных крыніц святла, электрычнасці, а ў апошнія часы лазераў, мы забываем часамі, што першы абавязак чалавека — хоць крыху свяціцца самому.

1959-1976


1959-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан