epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Ахоўнікі прыроды

Райтамнейкі аддзел

Па ахове прыроды.

Сумнаваты надзел:

Дрэвы, птушкі і воды.

 

Адшукаць бы ручво,

Каб крыніца даіла ім

Хоць такое пітво,

Што завецца чарніламі.

 

Паляўнічых пяць пар.

Узялі па акрайчыку.

На чале сакратар

Палікар

Папівайчанка.

 

Ловяць кожны дымок,

Пакуль нос не зачыхае...

Дзе ж той скок-пераскок

Варыць піва з зайчыхаю?

 

Самагоншчык, басяк!

Злупім штраф мы натураю.

Прачасалі хмызняк

І сядаюць, закурваюць.

Не паспелі дастаць

Аганьку паляўнічыя,

А тут лапа з куста

Чырканула сярнічкаю.

 

Заяц!

З мызай у бражцы

І з кульбай альховаю:

— Эх, і дзюбнем жа, братцы,

Пад вашай аховаю!

 

Паляўнічых пяць пар

На маленькага зайчыка...

Першы б’е сакратар

Палікар

Папівайчанка.

 

Позна крочаць дамоў

З панапханымі сеткамі.

Непаганы улоў —

Зайцы з жонкамі, з дзеткамі.

 

Райтамнейкі аддзел

Па ахове прыроды.

Вельмі шчодры надзел:

Дрэвы,

Птушкі

І воды.

 

1973


1973