epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Адкладзеная аперацыя

 

 

Цімох з’еў рыбалоўны кручок. Дакладней сказаць — праглынуў разам з лёскай і двума дзесяткамі нанізаных на яе яршоў, якіх нацягаў Лаўрык раніцаю. Ён пачапіў улоў на клямку ў сенечных дзвярах і забегся на хвіліну ў хату пахваліцца рыбацкай удачаю.

Калі маці выйшла паглядзець, на дзвярах ужо нічога не вісела. Недалёчка на мураве сядзеў, аблізваючыся, кот. Ён ужо не мог уцякаць — поўны жывот кранаўся зямлі.

— Стой, Цімох! — закрычаў Лаўрык.— А кручок?

Кручок быў мара і зайздрасць усіх наўкольных рыбаловаў. Яго прывезлі з Прагі — адмысловы, на самым канцы была ўзнізана быццам жывая зялёная капронавая мушка. Варта было только павесці лёскаю па вадзе, як нават непаваротныя ліні ў самы нелавушчы месяц ліпень не вытрымлівалі характару і кідаліся на павабную прынаду. Лаўрык аддаў за гэтае хараство дзве паштовыя маркі і голуба. І цяпер усё пайшло прахам!

Няшчасце пачалося з таго, што ў разгар клёву нейкі галодны яршышча мёртваю хваткаю ўляпіўся за кручок. Здымаць яго было марудна, і Лаўрык, каб не збаўляць тэмпу лоўлі, абрэзаў лёску і навязаў новы. А потым забыўся і так прынёс дамоў. А тут нахапіўся кот...

Гэта была не першая прыгода з катом. Некалькі год назад Лаўрык прыйшоў таксама з рыбы і паставіў каля студні вуду з незаматанай лёскай. Кручок лёгенька пагойдваўся на ветры. Кот, тады яшчэ не Цімох, а Цімошка, надумаўся пагуляць. Ён зачапіў лапаю лёску, кручок загойдаўся мацней. Гульня ўпадабалася. Цімошка сеў на заднія лапы, а пярэднімі пачаў церабіць і ганяць лёску з аднаго боку ў другі. Забава цягнулася нядоўга: кручок надзейна ўпіўся ў падушачку кацянячае лапы. Цімошка вякнуў, папрабаваў рвануцца, але ад гэтага толькі горш забалела.

Каток хадзіў на трох лапах вакол вудзільна, а злоўленую на кручок трымаў перад сабою, быццам яна была на перавязцы, і жаласна мяўкаў. Ратавацца ён не даваўся: абадраў Лаўрыка, а на яго маці шыпеў і пляваўся. Добра, што нахапіўся на здарэнне шафёр Ілья Мікалаевіч. Ён схапіў ката за каўнер і заціснуў яго паміж каленяў. Адзін рашучы рух — і кручок застаўся ў руцэ Ільі Мікалаевіча, а кот адбегся пад плоцік залізваць лапу. Пад вечар ён ужо на ўсіх чатырох ганяўся за матылямі.

Цяпер справа была куды сур’ёзней. Лаўрык кінуўся абшукваць мураву, дзе толькі што баляваў кот. Кручка не было і завідам.

— Няўжо ж і праўда? — усё паўтараў Лаўрык.— А, Цімох? З’еў?

Кот сядзеў на вераі, далей уцячы не было змогі. Прадчуваючы кару, ён жмурыўся і пакрысе падвываў.

Лаўрыкавы сябры голасна абмяркоўвалі неабходнасць хірургічнага ўмяшання. Іначай загіне і жывёліна і кручок. Хірургам прапанавалася быць самому Лаўрыку, як гаспадару ката. Толькі як быць с наркозам? Чаго б гэта даць Цімоху, каб ён не адчуваў болю?

Погляды разбіліся, узняліся спрэчкі. Нарэшце ўсіх пагадзіў Міцька, самы меншы з Лаўрыкавых прыяцеляў. Ён яшчэ мяняў малочныя зубы і таму шапялявіў.

— І чаго вы ўшхадзіліся? — сказаў Міцька, прытрымліваючы рукою портачкі.— Хай той кручок заштанецца ў Цімоху, ён будзе шам шабе лавіць рыбу.

Усе засмяяліся і пакінулі ката ў спакоі. Так ён і жыве да гэтага часу. З кручком.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан