epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Апошняя ноч перад паэмай

Калі вочы палаюць зялёнай паходняй,

Калі промін душы на прастор загучаў —

Абзавецца яно з-пад абломкаў стагодніх

І закружыць...

Прымусіць работу пачаць.

 

Гэта ўсё так банальна завецца — натхненне...

А па мне — хай бушуе!

З ім жыць — не тужыць:

Уяўляеш сусветы ў маленькім засценні,

Бачыш сонца праз дождж і праз сонца — дажджы.

 

За цыгаркай цыгарку...

І слова — да слова.

У напружанні вольтаў выкрэсаеш трут.

Ставіць невад папера і сны мае ловіць

За страфою страфу...

Развіваецца скрут:

 

«Сонны пошум лістоў...» — так пачнецца паэма.

«Цокаў іскрамі конь...» — гэта едзе казак.

Пераседзеў я поўнач з нязводнаю тэмай —

Дзе ўжо людзям паказваць! Самому няўсмак.

 

І праз морак,

знудзіўшыся ў нетрах кватэры,

Што ад берагу чоўна не зрушыць паэт,

Зарычаў кажушок, стаўшы раптам пантэрай,

Быццам По свае здані выводзіць у свет.

 

Там, дзе скончыцца твар і пачнецца жанчына,

Там, дзе скончыцца твор і пачнецца душа,—

Падпільнуй...

А пабачыш сваімі вачыма,

Прымуць слова

палеткі

і бездані шахт.

 

Я так доўга насіў непатрэбныя латы,

Як нячытаны ліст, што вярнуў адрасат,

І,

радамі старонак заставіўшы хату,

Заміналі мне класікі вершы пісаць.

 

Ноч у ноч тупацелі настроі, любові,

Дзе сваё, дзе чужое — хавае імгла...

Ноч у ноч Беранжэ і Максім Багдановіч

У мяне за сталом не гасілі святла.

 

Я хачу —

як нявольнік, забіты ў калодкі,

Рвецца ў сонца і ў вецер далёкіх прыгод —

Вадаспадамі біць, ліцца слоўнай паводкай,

Быццам вершаў не ведаў ні захад, ні ўсход.

 

Там, дзе скончыцца твар і пачнецца жанчына,

Там, дзе скончыцца твор і пачнецца душа,

Прабяжыць, калі ўздымеш сваімі плячыма,

Са стагоддзяў шаша.

І ў стагоддзі шаша.

 

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан