epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Баба-яга

 

 

Дзеці начавалі на дачы адны.

Мама раніцай папярэдзіла, што едзе з татам у горад і сёння яны не вернуцца — пойдуць у тэатр. Карміць малых, выводзіць на лужок каля рэчкі і наогул мець на воку павінен быў іх стрыечны брат Стас. Абавязкі не дужа пачэсныя, аднак і не цяжкія. Гэта было асабліва важна. Нядаўні дзесяцікласнік Стас збіраўся прыняць ганаровае імя студэнта і, каб не выйшла асечкі, мусіў шчыраваць над падручнікамі. Для гэтага яго і выправілі ў лясную цішыню, далей ад усялякіх спакус у выглядзе валейбольных і розных іншых мячоў, дый трэба набрацца сілы перад экзаменамі.

Спачатку ўсё адбывалася дакладна паводле мамінага раскладу. Да саменькага абеду Стас сядзеў на закрытай верандзе і рашаў задачы па фізіцы, а Ганька і Цярэшка каля варотцаў будавалі ў пясочнай скрынцы непрыступную цытадэль з вежамі і гарматамі ў проймах сцен.

Абедалі дружна. Ніхто не ныдзіў, што, маўляў, не хочацца булёну: надзеі спагнаць сваё на салодкім, як пры маме, не было.

Раскладаючы ў талеркі катлеты, Стас пакінуў чацвёртую на патэльні, хоць яму, як большаму, і належала падвойная порцыя.

— А тая каму? — далікатна пацікавіўся Цярэшка.

— Тая? Усім...

Стас велікадушна падзяліў катлету на траіх, узнагародзіўшы сябе дадатковым чарпаком масленай локшыны.

— І мне дадай,— папрасіў Цярэшка.— І ёй,— ён паказаў на сястрычку,— не скажа сама, толькі мяне каленам штурхае...

— Ты маладзец, Церах! Сапраўдны мужчына. Не будзь строгі да сястры: яна — слабое стварэнне...

Гэтыя словы выклікалі ўсмешку: крыху самаздаволеную ў хлопчыка і некалькі іранічную ў ягонай сястры. Сапраўднаму мужчыну Цераху было пяць гадоў, а слабое стварэнне, сямігадовая Ганька, перарасла яго на цэлую галаву і смела магла сысці за вучаніцу другога класа.

— Я памыю талеркі,— сцвярджаючы сваю прыналежнасць да гаспадыньскага роду, сказала яна.

— Можна,— згадзіўся Стас,— з пэўнай асцярогай. Паколькі нам не вызначаны ліміт на бой пасуды...

Пахадзіўшы з гадзінку па лузе, яны вярталіся абцяжаныя здабыткамі. Ганька знайшла каля купіны птушынае гняздо, хоць і леташняе, аднак зусім добрае — усе бадылінкі цэлыя і нават пух захаваўся ўсярэдзіне.

— Прымашчу ў кусце снежнай ягады,— Ганька знайшла месца сваёй знаходцы.— Там мухаловачкі лётаюць, можа ўпадабаюць і будуць жыць.

— Птушкі ў пачэпаных гнёздах не вядуцца,— ахаладзіў захапленне практычны Цярэшка.

Ён цягнуў на плячы некалькі тоўстых каліў маркоўніку. Вельмі ж удалыя помпачкі выходзілі з гэтых, пустых усярэдзіне, цырубалак. Прабі з аднаго боку дзірачку, а з другога ўпусці квач, абмотаны ватаю. Тады стой сабе каля паддашнай бочкі і набірай ваду: струменчык дастае аж да градак з радыскаю.

— Я мог бы і гуркі паліваць, і званочкі,— Цярэшка відавочна запабягаў перад Стасам: без яго такую складаную гідратэхнічную прыладу не збудуеш.— Праўда, выйдуць магутныя помпы, га, Стас? Як у пажарнікаў...

Салідны Стас аблузваў чарэмшынавы кіёк, падгадваў, каб на кары атрымаўся белы ланцужок з літар «Т». І ўсё ж з нечаканай ахвотай адгукнуўся: прымайстраваў гняздзечка ў кусце сярод гусцейшых галінак і зрабіў Цярэшку адмысловую помпу. Струмень біў за плот, пры выпадку можна было ўцэліць у суседскага сабачку Тобіка, нахабніка і задаваку, які насіў хвост абаранкам і не саступаў дарогі нікому з дзяцей.

Надышоў час падпалуднаваць. Печыва з халодным малаком — страх як смачна! Потым Стас абвясціў, што ён зноў адбывае ў нетры законаў аб газах і вадкасцях.

— Зробім цішыню. Можаце цешыць сябе надзеяй, што і вам давядзецца пазнаёміцца з цёткай фізікай.

У дзяцей заняткаў было аж занадта. Гняздом пацікавілася, уткнула дзюбу чырванагрудая птушачка — значыць, сачы ды сачы.

А шчаслівы Цярэшка бясконца выпрабоўваў далёкасць вынасу свае помпы, смакуючы прыемнасць помсты фанабэрыстаму Тобіку. Не клеілася толькі ў Стаса, ён глядзеў некуды паўзверх кнігі і ўсё часцей ускідаў вочы на гадзіннік, дзе пражывала даволі галасістая зязюля. Калі яна пракукавала пяць разоў, хлопец устаў. Як быццам на нешта адважыўшыся, прыбраў са стала падручнікі і ўзяўся прасаваць барвістую, у восеньскія лісты, кашулю. Заадно прыціснуў кант на портках і падпарыў, каб прудчэй выглядалі, штрыфлі ў рудзенькім пінжачку.

— Мусіць, у кіно,— падміргнуў Цярэшка сястры.

— А куды ж яшчэ!

— Папросімся, а?

— Прасіся сам, калі хочаш. Не возьме.

А перад вачыма ўзнікаў і вабіў таямнічы сіняваты паўзмрок пасялковага клуба. Пранізанае крылом святла, палатно экрана ператваралася ў непраходныя лясы, табуны коней, у імклівую пагоню машын за злачынцамі.

Ганьчыны ваганні перасіліліся, і яна зрабіла крок да Стаса:

— А можа б і мы пайшлі з табою?

— На білеты ў нас ёсць,— Цярэшка адразаў Стасу шляхі да выкручвання.— Аўтакрамнік учора не прыязджаў, і ў нас засталіся марожаныя грошы.

Стас прысвіснуў.

— Марожаныя грошы! Не, я не магу пайсці на зніжэнне каларыйнасці вашага рацыёну. Грошы, адпушчаныя з сямейнай касы на марожанае, трэба выдаткоўваць па прызначэнні.

— Ну Стас, Стасік! — галасы дзяцей сталі ўмольнымі.

— І адкуль вы ўзялі тое кіно? А потым — асоб вашага ўзросту туды не пускаюць.

— А там не напісана! І фільм — пра пагранічнікаў...

Ганька пярэчыла смела, яна была ўжо граматная і чытала прылепленую на іхнім плоціку афішу.

Цярэшка горача падтрымаў сястру, а Стас і вухам не вёў — правяраў падгонку свайго гардэробу. Дзверцы люстранай шафы паказалі яму бялявага падлетка з вастраносым абліччам і даволі-такі вялікаю радзімкаю над брывом. Аднак хлопец упадабаўся сабе і звярнуўся да малых іранічна і паблажліва:

— Дарагія суайчыннікі! Справы найпярвейшай важнасці прымушаюць мяне расстацца з вамі...

Дзеці маўчалі, зніякавелыя.

— На некаторы час,— паправіўся хлопец.— «Ці я ўпаду, стралой прабіты...» — завёў ён і спахапіўся: — Нельга ж дазваляць, каб розныя Анегіны забіралі нашых Тацян.

— А сёння будуць паказваць «Анегіна»?

Цярэшка чуў імёны Анегіна і Тацяны ад мамы, яна казала, што любіць гэту оперу, і часам наспеўвала адтуль тое-сёе.

— Паўтараю: ні ў якае кіно я не іду. Куды? Тлумачыць залішне. У маім узросце, у раёне атрымання пашпарта, зразумееце самі...

Ад засмучэння Цярэшка адвярнуўся тварам да акна і пачаў дзьмуць на шыбу, размазваючы вільгаць пальцам.

— Церах! Не рыпай на маіх, перагружаных навукаю, нервах. Пабудзеце вечарок адны, нічога не станецца. Час прывыкаць да самастойнай дзейнасці. Так што адгонім непатрэбныя слёзы і не будзем больш задаваць нясціплыя пытанні...

Пакрыўджаны Цярэшка глянуў на Стаса крыху зняважліва, як быццам хацеў сказаць: «Штосьці ты замнога віляеш, ці не трэба табе чаго ад нас».

— Наша расстанне,— гаварыў далей Стас,— будзе кароткае. Каля дванаццатай я вярнуся, і гора вам, няшчасныя, калі заўважу ў каго-небудзь расплюшчанае вока!

— Стас, мы самі збегаем у кіно,— не вытрымала Ганька.— Ты толькі білеты купі... Бо касірша...

— А хто будзе замыкаць і, галоўнае, адмыкаць дзверы? Дарэчы,— Стас паклаў у кішэню ключы ад дома і забраў запалкі са стала.— Гэта, зразумейце мяне правільна, захады элементарнай бяспекі. Каб у вас не ўзнікла жадання запаліць газ і гатаваць манку для лялек. Або не заманулася зрабіць вылазку на прыроду з навуковымі мэтамі — лавіць жабак і конікаў...

«Хай бы ён ужо ішоў сабе, гэты Стас,— думалі дзеці.— Якой з яго карысці: спіць так моцна, што перавярні дом дагары нагамі — не абудзіцца... А тут можна ўсё самім... Піць чай, прыдумваць гульні...»

І ўсё ж было страшнавата крыху. Праўда, поруч жылі суседзі, але незнаёмыя. Проста цераз вуліцу стаяў высозны, як бы двухпавярховы дом, выглядаў ён непрытульна, быццам неабжыты. Брамка там увесь час была на замку, і дзеці не заўважалі, каб хто з’яўляўся за агароджаю.

— Вось што, шаноўная моладзь! — у Стасавым голасе зазвінеў метал.— Паўторым нормы паводзін. А сёмай гадзіне — вячэра. Чай у тэрмасе, масла і сыр у халадзільніку, батон — самі ведаеце дзе. Потым — гадзіна культмасавых мерапрыемстваў: гульні ў хованкі, маляванне звяроў і птушак. Вось вам мае фламастэры. Роўна а дзевятай — бай-бай. Пытанні ёсць? Няма. Распарадак прымаецца.

Ганька хацела нешта спытаць, але не паспела. Стас трымаў рэй, як спрактыкаваны старшыня на сходзе: папярэджваў пярэчанні, сам пытаў і сам адказваў у патрэбным кірунку. Аднак, заўважыўшы некаторую нязгоду на тварах малых, раптам раздобрыўся:

— Зрэшты, фламастэры я магу перадаць вам у вечнае ўладанне. Малюйце, а можа станеце красою роднага мастацтва.

Гэта значна паправіла настрой Стасавых слухачоў, вочы іх пасвятлелі. Цярэшка хацеў быў вытаргаваць лішняе паўгадзінкі на гульні, ды падумаў і змоўчаў: хто гэта будзе ведаць, лягуць яны а дзевятай ці прыхопяць яшчэ крыху часу.

— Цяпер,— Стас гаварыў многа мякчэй і лагодней,— напамяну дэвіз старажытнага рыцарства: «Маўчок, што пабіў бацька гаршчок». Мама, вы разумееце, не павінна ведаць, як мы правялі вечар. Дадзім клятву маўчання.

Ён выйшаў на сярэдзіну пакоя, падняў вочы ўгару і абхапіў адною рукою запясце другой. У Цярэшкі ад здзіўлення адвісла ніжняя губка.

— Падыходзьце сюды. Перш ты, Церах, гордасць і надзея дзіцячага сада нумар 41.

Стас знарок аддаваў перавагу Цярэшку, не без падстаў мяркуючы, што якраз ён можа не датрымаць сакрэту перад мамаю.

— Зрабі так, як я. Цяпер бярыся за мае рукі.

Скрыжаваўшы такім чынам рукі, хлопцы ўрачыстым шэптам прамовілі:

— Клянуся маўчаць пра ўсё, што было, ёсць і будзе.

Тое ж самае прарабілі Стас і Ганька, а потым і малыя паміж сабою.

— А хто парушыць клятву? — на ўсякі выпадак пацікавіўся Цярэшка.

Стас хвіліну падумаў.

— Таго забярэ баба-яга. Якая? Тая самая. Няўжо не помніце? Баба-яга, касцяная нага, у ступе раз’язджае, таўкачом паганяе, памялом след замятае. Яна і да нашага лесу дапінае. Але, відаць, не лётае, а больш ходзіць. І касцяная нага так і рыпае, так і рыпае: рып-рып, рып! Я сам чуў...

Стас відавочна перабраў меру: тварыкі ў малых выцягнуліся, вочы трывожна замгліліся. Справа магла павярнуцца плачам на ўвесь пасёлак. Тады кажы «бывай» усім яго планам. І хлопец даў адбой.

— Ну, гэта сказана для хараства стылю. У век электронікі і касманаўтыкі на ступе далёка не заедзеш. Таму міфічныя істоты накшталт бабы-ягі вядуцца больш на тэлебачанні. А ў лясы камандзіруюцца толькі ў выпадках вострага непаслушэнства і клятвапарушэння.

Ён дастаў з кішэні дзве вялікія пляскатыя цукеркі з падобным да сонца сланечнікам на абгортцы.

— Датрымаеце клятву — будзеце мець яшчэ па адной такой штучцы. Ага! Калі хто пастукае ў дзверы, сядзіце без панікі, і ніякіх перамоў. Ты, Церах,— мужчына. На цябе спадзяюцца ўсе тры нашы дачныя пасёлкі. А цяпер — паклон! Застаюся любімы ваш брат. Чакайце і пішыце.

Дзверы зачыніліся, два разы шчоўкнуў ключ.

Ганька і Цярэшка прыплюснулі насы да шыбіны: Стас сашчыкнуў з куста чырвоную ружу і выйшаў на вуліцу.

Дзеці ўзяліся за маляванне. Дванаццаць сініх, зялёных, ружовых і ўсякіх іншых фламастэраў — можна як след разгарнуцца! Дамы з дымам над комінам, разгалістыя сосны, гваздзікі і астры неверагодных колераў — усё само выходзіла з-пад рукі.

— Ой, а наша жывёла не кормленая!

Выпусцілі з клеткі марскую свінку, далі ёй морквы, паставілі свежай вады. Жывёлінка пад’ела і не пажадала вяртацца ў сваю загародку — бегала па верандзе, пацешна падкідаючы азадак, акурат як гэта робяць, узгуляўшыся, свойскія парсюкі.

Да дзевяці, як пасведчыў гадзіннік з зязюляю, заставалася гадзіна, а да дванаццаці...

— Можа Стас і раней сышчацца,— з надзеяй прамовіла Ганька.

Цярэшка, падтрымліваючы мужчынскі гонар, зазначыў, што дачакацца Стаса зусім глупства — яшчэ і не ўцямнее добра, як вернецца.

Гэта была праўда. Стаяла сярэдзіна чэрвеня, пара самых даўжэйшых дзён: сонца, не паспеўшы схавацца пад зямлю, ужо выкачвалася з-за небакраю.

Трэ было ж, каб у гэты дзень густы прыцемак абсунуўся раптоўна, куды раней, як звычайна.

Дзве сажыстыя хмары выхапіліся на неба зусім нечакана і заспяшаліся насустрач адна адной, сілячыся хутчэй захінуць апошнюю лапінку блакіту. Віхор падняў у паветра пясок і пыл, шэры слуп пабег, раскручваючыся, па вуліцы, як вялізнае верацяно з пражаю. Кусты чарэмшыны і спірэі пакорна прыгнуліся ўпоравень з травою, пападбіраўшы пад сябе кволае лісце. І тут зашумелі-загулі вершаліны хвой, яны разгойдваліся больш і больш, нібыта мерыліся дапамагчы ветру размесці навалу хмар.

Цераз набрынялае ліловай вільгаццю неба праскочыў сляпуча-белы пісаг маланкі. Гром бахнуў пачакаўшы, нібыта раздумваючыся, і з нездаволеным бурчаннем пачаў бухаць цішэй, як быццам нехта калоў плашкі на далёкіх узлесках.

Захопленыя знянацку дзеці як сядзелі над парассыпанымі па падлозе кніжкамі і малюнкамі, так і не рушыліся. Навальніца знясіліла іх. Не маглося нават зрабіць некалькі крокаў у свой дзіцячы пакой, хоць там было б многа зацішней: бліскала б усяго ў адно акно, дый тое засланялі галіны.

А дажджу ўсё не было. Нарэшце ён пасыпаўся, шумны і асабліва лапатлівы ў мяккім, маладым яшчэ лісці. Але вецер на гэтым не здаволіўся: шматаў на касмылі адны хмары, наганяў другія, шпурляў у шыбы жменямі буйных кропель.

— Мусіць, зараз аціхне,— уздыхнула Ганька, падняўшы вочы на зашклёную сцяну веранды.

Пасля чарговага ўдару грому мяккая цішыня абступіла дом. Цярэшка зачапіў рукою пенал, алоўкі рассыпаліся па падлозе з аглушлівым грукатам. Ганька замахала на хлопчыка рукамі, але вільготная цішыня стаяла не варухнуўшыся, і дзеці супакоіліся.

Раптам, аднекуль поблізу, прыляцела прарэзлівае «Р-ррып-рып! Рып-р-рып!» Вецер шугнуў зноў, трывожны гук паўтарыўся.

— Яна! Баба-яга! — пабялелымі губамі шапнуў мужчына Цярэшка.

— Палем святло! — Ганька пацягнулася да выключальніка.

— Што ты! Адразу пабачыць, што мы ўдваіх...

На пальчыках, прысядаючы пры кожным пошугу бліскавіцы, яны пракраліся ў свой пакойчык. Паўскоквалі на ложкі і з галавою ўкруціліся ў коўдры, каб нічога не чуць і не бачыць.

Гэта не ўратавала. Страшнае рыпанне чулася раз-поразу і ўжо ледзь не на самым іхнім ганку!

— Давай хавацца ў склеп! — Ганька высадзіла галаву з-пад коўдры.

Цярэшка прыўзняўся. На падлогу ўпала яркая палоса — у доме насупраць запалілася святло. На тонкай фіранцы калыхнуўся жаночы цень.

— Яна — там...

Мужчына Цярэшка за адзін скок перабраўся пад ахову сястры. Яны сядзелі на ложку, тулячыся да слаба асветленай сцяны.

— Маўчэм... Можа яна і не ўчуе нас. А ты думаеш, баба-яга можа запальваць святло? — дадаў Цярэшка зусім ціхенька.

— Стас жа гаварыў...

— Ён гаварыў пра касцяную нагу...

— І што баба-яга жыве на тэлебачанні... Забыўся?

— Значыць, яна, як тэлевізар? Працуе на электрычнасці?

Тым часам вецер паменшаў, мякчэй і памалей білі кроплі па даху, дый рыпанне амаль сціхла, гучала глуха і не гэтак палохала.

Дзеці пашапталіся: а чаго бабе-язе патыкацца да іх? У тым жа вялізным доме больш прастору. Напэўна, і Стас дзесьці на падыходзе. Так пакрысе супакоіліся і паснулі на адной пасцелі.

...Пакой быў поўным-поўны сонца, свежага, асабліва яркага пасля дажджу святла, што люструецца ў кожнай вымытай да зелена травіне і лісцінцы.

Дзеці прахваціліся і паселі на ложку. Цярэшка сціраў у кулачок дрымоту, нібыта адганяў недагледжаныя сны пра навальніцу з грымотамі і тым вусцішным рыпаннем, ад якога смактала пад сэрцам.

Прыслухаліся. У доме і ў сінім рухомым прасторы наўкол было ціха, вельмі ціха, і ад гэтага зноў стала вусцішна.

— А Стас? — вырвалася ў абаіх разам.

Кінуліся глядзець. Беглі, толькі ружовыя пяткі паблісквалі. У пакоі хлопца не было, ложак відавочна не разбіраўся, уваходныя дзверы, як і звечара, стаялі замкнутыя.

— Пэўна, на рыбу пайшоў,— супакоіла сама сябе Ганька.

Цярэшка рашуча запярэчыў:

— Так рана? Мы ж яго заўсёды будзім...

— Дык ты думаеш?..— У Ганькі перахапіла мову.— Яна... яго схапіла? Дзверы ж на замку...

— Магла і праз комін,— Цярэшка гаварыў змрочна.— Хутчэй вылазьма цераз акно.

Хлопчык быў цвёрда ўпэўнены, што на пяску павінны застацца сляды ад ступы. Выклікаць расшуковага сабаку — і за краты гэтую праклятую бабу-ягу.

Адсырэлая рама паддалася, Цярэшка перакінуў нагу на падваконне, каб выскачыць у сад, але адразу ж захінуўся фіранкай:

— Ц-с-с!

З ганка процілеглага дома, дзе ўночы палілася святло, збегла дзяўчына. Лёгкая зелянцовая сукенка пашумлівала і блішчала, як падлакіраваная дажджом і сонцам лістота бэзу. Зеленаватыя водбліскі мянёнага святла падалі на твар і на распушчаныя валасы, таксама як быццам зялёныя. І ўся яна, высокая і тонкая, стаяла сярод пагоднага дня нечаканая для вока, як бярэзіна ў вясновым убранні сваім дзе-небудзь на паляне між змрочнага ельніку.

Дзяўчына жартліва пагразіла дзіцячым мордачкам у суседнім акне і адчыніла фортку на вуліцу. Закінуты за шыю ручнік узвіўся над плячыма, і малым здалося, нібы гэта вялікая птушка бусел раптоўна распасцерла крылле, узлятаючы з сенажаці.

Шумнуў у хвоях вецер, і недзе ўверсе пачулася злавеснае «р-рып-рып».

— Яна!

Цярэшка кумільгом саскочыў з падваконня і адцягнуў за руку сястру. А дзяўчына на вуліцы голасна гаварыла і смяялася:

— Дзе ж ты быў? І які ты смешны.

Дзеці вызірнулі. Стас стаяў каля дзяўчыны і спадылба паглядаў на яе. Ад наведзенага ўчора глянцу не засталося і знаку, у пакамечаным і вільготным пінжаку ён выглядаў, як нашатыраны ў нягоду верабей.

— Адкуль ты ўзялася, Таня? — панура запытаў хлопец нарэшце.

— Прыехала аўтобусам, бо ўчора вызвалілася раней. А ты чакаў электрычкі?

— Як змовіліся,— усё так жа панура адказаў Стас.— Цэлую ноч...

Таня выхапіла ў яго чарэмшынавы кіёк, зірнула на выразаны ланцужок літар «Т» і пасміхнулася:

— Вельмі міла! Бачу, ты не забыўся, як мяне зваць. І не дзьмуйся! Пайшлі купацца.

— І мы з вамі,— узмаліліся праз акно Ганька і Цярэшка.

— Цярплівасць, шаноўныя суайчыннікі! — Да Стаса пачаў вяртацца звычайны гумор.— Пакуль што я вас адамкну. Займіцеся туалетам пад рукамыйнікам. Спадзяюся, вы спачывалі добра?

— Грымела,— коратка буркнуў Цярэшка, каб не выдаваць усіх іхніх трывог.

А Ганька не ўтрывала:

— І рыпела...

— Ой, Стас! — выгукнула Таня.— Так страшна рыпала. Я ўсю ноч перадрыжала...

— Усё нармальна. Бачыце тыя дзве хваіны? Яны растуць усутыч і ў вецер шаруюць сук аб сук. Ясна?

Таня і Стас узяліся за рукі і пабеглі да рэчкі.

Разгледзеўшыся і расслухаўшыся, мужчына Церах разважаў, намыльваючы далоні:

— А ты казала — баба-яга! Гэта — Тацяна, Стас адваяваў яе ад Анегіна.

— І ўсё ж такі яна яго забрала,— задуменна прамовіла Ганька. І, па звычайнай жаночай звычцы пярэчыць і не згаджацца, дадала: — Бабы-ягі могуць і маладыя быць.

1974

 


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан