epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Берагі залатыя Нямігі

Вам даводзілася бачыць Нямігу? Не, не тую, што як вымавілася, дык і ўспомнілася,— вы падумалі пра вуліцу. Была такая, была. Вузенькая, крывая, не сказаць каб бліскучай чысціні, бо адкуль жа, як адзначыла прыказка, сіраце бацьку ўзяць?

Прысадзістыя, не дужа павабныя для вока мураванкі з двух бакоў, а ў іх за плячыма, а то і выпаўзшы на саменькі тратуар, дажывалі веку драўляныя хаціны з пульхнымі камякамі зялёнага моху на гонтах. Гэта колішняе прыпірышча беднага гарадскога люду, напакаванае малымі і дарослымі жыхарамі ад падлогі аж пад столь.

Перад кірмашамі ў заезныя дамы вуліцы цягнуліся ваколічныя фурманкі з парасячымі лычамі і гусінымі галовамі, павысаджванымі з клетак. Патыхала свежападпечанай скарынкай з невялічкіх пякарань, загусаў гоман у расчыненых дзвярах майстэрань саматужнікаў — шаўцоў, краўцоў, шапачнікаў ды шмат якіх іншых вырабнікоў тандэтнага — на адзін раз надзець ці абуць — тавару. Што ж, якія грошы, такі і мацунак!

Сама больш тут было крам і крамак, называных дробнымі, бо гандлявалі яны рознай, на ўсякую патрэбу, дробяззю і продалі не агулам, а ў раздроб, не пудамі — а чвэрткамі фунта, калі ж трэба, зважаць яшчэ менш: два ці тры лоты. Словам, бяры на колькі ёсць у кішэні грошай, але бяры. Хоць сабе адну іголку, але дай утаргаваць, не абміні. Ні ў чым тут не будзе адмовы, усяго ёсць патроху, і ўсё ляжыць поруч, на адной паліцы: вакса для ботаў, сыр, соль і перац, доўгія, як алоўкі, цукеркі, свечкі з лою, вясло тараноў і абавязковая бочка селядцоў у парозе.

У дварах і ў брамах стаяць, чакаючы работы, барадатыя пільшчыкі з калунамі за поясам, тынкоўшчыкі ў зашмальцаваных хвартухах, абойшчыкі з вядзерцамі на клей і тоўстымі квачамі. Перакупкі і перакупшчыкі густым роем снуюць каля вазоў, дзьмуць пад пер'е курам і певунам, пазнаюць, ці не старыя і не хворыя, сунуцца па драўляным насціле і проста па бруку. Адны падтрэсаюць на руках танныя кашулі і чаравікі, другія цягнуць перад сабой кашы абаранкаў і кухенаў, выхваляючы на ўсе галасы сваё дабро. Не падхваліўшы, не зазваўшы пакупца, нічога не прадасі, бо таўкуцца ўсе гэтыя людзі сярод такой, як яны самі, гарадской галоты, ахопленай прагай зарабіць хоць на адзін дзень, хоць на лусту хлеба.

Не апошні ў гэтым натоўпе гатунак прадаўцоў, што не маюць ніякіх адносін да сродкаў хоць якой вытворчасці, бо і ніякай вартасці не мае практычна іхні тавар. Таму яны павінны быць самымі спрытнымі, вёрткімі і галаснымі. Гэта — хлапчукі. Неабмежаваная крыніца іхняга прадукту — бліжэйшы калодзеж, сцягнуты з плота гарлач і конаўка — усё абсталяванне. «Каму-у ва-ады хаа-лод-ненькай!» — крычаць хлопцы, шмыгаюць пад рукі і абавязкова апынаюцца ў патрэбны момант каля таго, каму заманецца піць. Заработкі тут зусім марныя, ніхто не разлічваецца грашыма: вось табе, небажатка, яблык або паўабаранка. І хопіць, бяжы далей здароў...

Усё ж не вуліцу Нямігу мерылася выклікаць рука на вашы вочы. Намалявалася яна такою, як была ў пачатку стагоддзя і нават пазней, ужо на маёй студэнцкай памяці, у 20-я гады.

На тым месцы, дзе пралягала старая вуліца, цяпер — шырокі праспект, там раскошна хадзіць машынам, ёсць просты выхад на суседнія магістралі, а паабапал з дапамогаю толу і разнастайнай руйнавальнай тэхнікі вызвалена і гуляе колькі хочаш месца. Трэба думаць, тут, узброіўшыся ўпартай вынаходлівасцю і нястрымнай рашучасцю прыбіраць усё, на іх думку, лішняе, сучасныя забудоўшчыкі бліснуць такімі збудаваннямі, каб усцешыліся сэрцам мы цяпер і прымацоўвалі на іх ахоўчыя дошкі нашы ўдзячныя патомкі.

Бо што ён мог, той продак, прыгонны мужычок, з сякеркай, рыдлёвачкай, з каменем на вяровачцы замест адвеса? Усяго толькі і пабудаваў што крамлі ў многіх рускіх гарадах, Кіжы, касцёлы Ганны і Пятра ў Вільнюсе, Мірскі замак і Каложу ў нас! Аднак для абароны ад неасцярожных і недасведчаных рук узнесенага з даўніх часаў хараства, памяці аб людзях і падзеях прыняты высокагуманны, высокасправядлівы савецкі закон пра ахову помнікаў.

Таму і ўспамянуў я пра Нямігу-раку, хоць і гаварыў спачатку пра Нямігу-вуліцу: яна выведзе нас на прадмет размовы. Прайдзіце ад моста цераз Свіслач на вуліцы Горкага ў кірунку Рэспубліканскай. З левага боку ўгары стаіць яшчэ некалькі дамоў. Сам рэльеф скапанага пагорка падказвае, што тут, як мяркуюць некаторыя археолагі, трымаючыся крэпасных умацаванняў, хінучыся да Замчышча, пачала складацца вуліца Няміга, уздоўж ракі, ад якой яна прыняла сваё імя. Было гэта ні многа ні мала блізка XII стагоддзя, за восемсот, прыкладна, гадоў да нашай сённяшняй размовы.

Хочаш не хочаш, а схілі галаву перад часам!

Дык вось прайдзіцеся адвячоркам, паглядзіце, пакуль не зараўлі яшчэ раз бульдозеры, раўняючы пласты шматвяковага ўзросту з крошкай, нагрэбенай на бліжэйшым тарфяніску.

На гэтым памяць пра Нямігу-вуліцу можа і скончыцца: шустрыя ахвотнікі адбіраць ад старажытных паселішчаў і мясцінак здабытыя імі ў баях і ў працы назвы, звычайна не марудзяць з перайменаваннямі, як ні пярэчыць гэтаму гісторыя, уклад тагачаснага жыцця, час, калі ўзнікала тое ці іншае імя або назва.

Вось, Лагойскі тракт, які пазней забудаваўся ў гарадскую вуліцу, атрымаў сваё імя не так сабе, а таму, што выводзіў на шлях у Маскву цераз Лагойск (Лагожск), значны гандлёвы прыпынак, адзін з найлепей умацаваных гарадкоў Полацкага княства.

Відаць, і назвы нашых сёл, гарадоў і вуліц — іх таксама трэба браць пад ахову — разам з чалавечымі прозвішчамі складаюць самае яркае ў моўным запасе кожнай мовы і нясуць водгукі гісторыі кожнага народа.

Нездарма К. Д Ушынскі зазначаў, што ў мове народа адлюстроўваецца не толькі «...прырода роднай краіны, а і ўся гісторыя духоўнага жыцця народа». (Гл. артыкул «Мова ў газеце».)

Аднак мы з вамі выйшлі на праходку каля рэштак Нямігі. Прыслухоўвайцеся ідучы, ці не булькоча ў вас што пад нагамі. Там, глыбока ўнізе, глыбока і надзейна замкнута ў бетонную трубу Няміга-рака.

Тая самая, не аддаць пашаны якой не можа ніводзін гісторык, расказваючы пра вельмі раннюю пару ўзнікнення, фармавання і станаўлення рускага, украінскага і беларускага народаў. Не можа і не абмінае, бо гэта рака агульнай нашай вялікай крыві і нязгаснай памяці, і таму найвялікшы скарб трох магутных нацый.

«На Нямізе снапы сцелюць галовамі, іх малоцяць цапамі сталёвымі» — так пераклаў Янка Купала паданне невядомага летапісца пра бой 1067 года. Нездарма ж напісаў той: «Немізе кроваві брэзе...» Берагі ракі крывавіліся не раз і не двойчы, сярод прамінуўшых стагоддзяў, глядзі, ці знойдзеш такое, калі б не звінела ў горадзе зброя яго абаронцаў і заваёўнікаў. Ад князёў кіеўскіх, полацкіх, літоўскіх і татарскіх цемнікаў да каралёў Польшчы, польных гетманаў і маршалаў Напалеона.

Тут збіраліся атрады паўстанцаў, каб выканаць даручэнні Кастуся Каліноўскага, не сціхалі бунты рабочых і рамеснікаў за волю і долю, нездарма ж у Мінску прабіла гадзіна абвясціць жыццё сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Расіі.

Берагі Нямігі прынялі кроў незабыўнага паўстання 1905 года, тут пралілася святая кроў змагароў за Кастрычніцкую перамогу і незлічонай арміі байцоў невідочнага фронту, які безупынна, цвёрда і бязлітасна выводзіў са строю тылы ворага ў апошнюю вайну.

Калі мы ўдумваемся ў нялёгкі змест мужнай годнасці Герой, якую здабыў наш горад, дык поруч з несмяротным іменем гэтым неадменна становіцца і яшчэ адно: Падпольшчык! Колькі падполляў сабраў, перахаваў, узброіў, рушыў у дзеянне горад толькі на пачатку стагоддзя! І самае бясстрашнае, няўміручае, трывалае — бяспрыкладны ўзор барацьбы за свабоду і незалежнасць народа — гэта падполле, якое змагалася, цярпела горкія няўдачы, зноў і зноў падымалася, гартавала і множыла шэрагі, каб працягваць вызваленчую работу на новым месцы, у новым выглядзе і не даваць спакою фашысцкім акупантам аж да скону іх, да выгнання іх з савецкай зямлі.

Многа чаго прыгадваецца, калі вымавіш імя Няміга. Узнікнуць і залунаюць галасы бязвінных ахвяр, сагнаных фашыстамі ў гета, абрабаваных і вынішчаных да астатку.

Апошні раз я ўбачыў раку, праязджаючы па вуліцы Горкага, былой Аляксандраўскай. За мостам, перад Кацярынінскай царквой, была ўзарвана частка вуліцы. Відаць, праз няўзгодненасць работы асенізатараў, цеплатэхнікаў, газавікоў і тэлефоншчыкаў — толькі адны паспеюць пакласці свае трубы і драты і заліць усё асфальтам, як з’яўляюцца другія і пачынаюць ламаць у тым самым месцы. Дык вось у разрытай яміне, на глыбіні двух-трох метраў, стаяла амаль без руху чорная пляма бруднай жыжкі, не вады, хутчэй смалы.

Гэта і была Няміга. Я спыніўся і стаяў, зняўшы шапку,— нічога не зробіш, апошняя сустрэча! З самай старажытнай, не толькі беларускай, але агульнаславянскай ракою. Гэта ўжо ўсё, праводзіны.

Раптам падумалася, што і сягоння гэта рэчка можа быць жывая, як гадоў пяцьдзесят таму назад, калі хавалася яна пад драўляным памостам, дзе кіпеў і сварыўся, маніў і ашукваў, карміў людзей і карміўся сам маленькі рыначак, пра які мы гаварылі вышэй.

Я бачыў раку жывою на свае вочы, ходзячы на Старажоўку — я вяртаўся дамоў з лекцый акурат цераз Нямігу. Вясною, як урачыста выслаўляўся адзін з нашых студэнцкіх падручнікаў, рака нібыта ўспамінала сваё слаўнае мінулае, падымалася вышэй берагоў: залівала памост і змятала ўсю наліп фанерных крамак і майстэрань, асуджаючы на галадаванне іхніх уласнікаў.

Крый мяне божа, каб я захацеў зноў вярнуць усю гэту мурашыную мітусню бедных людзей вакол кавалка хлеба. Захацеў зноў пабачыць убогую вуліцу з копкаю і драўляны насціл над слаўнай ракою. Гэта было б так жа звышнатуральна і агідна, як пачаць харчавацца стравамі, прыгатаванымі без дотыку агню.

А вось хадзіць штодня па беразе Нямігі, поўнай чыстае, хай не крынічнай вады,— хачу. І магу, і калі не здолею сам, дык успамянуць некалі малодшыя, багацейшыя і ўвішнейшыя за нас нашчадкі і зробяць гэту мару яваю.

Мне выпадала ўдача сустракацца з Нямігай і пазней, і не толькі ў часе паводак. Запар некалькі гадоў я хадзіў па вуліцы Мяснікова. Там, дзе ад яе адгаліноўваліся вуліцы Карла Лібкнехта і Розы Люксембург, рэчка цякла кшталтам арыка, проста пад вокнамі ў дамоў, узятая пад пераходныя масткі да крам і ганкаў, а то і проста бегла адкрытая — па канаўцы ўздоўж тратуара. І адсвечвала даволі чыстай вадзіцай, калі той удавалася самой адфільтравацца ад памыяў і ўсялякіх лупін, бо гаспадыні, далёка не хадзіўшы, спаражнялі вёдры са смеццем з парога проста ў рышток.

Прастарней і чысцей плылося Нямізе вышэй, на вуліцы Нагіна. Тут, між зялёных садкоў, выглядала яна зусім прыстойным ручаём, цурчала нават пад мостам цераз неіснуючы цяпер Газетны завулак. Сляды ракі губляліся для мяне недалёка за горадам, поблізу вёскі Пятроўшчына — дзе і цяпер відна балацяная западзіна і асабліва вясною прыкметна нешырокае ручво са жвавейшага выгляду ўзрэчнай травою. Ці не з тамтых колішніх балотцаў і пачыналася наша рака?

Словам, не так даўно, у 20-я, 30-я гады дый нават пасля вайны, Няміга была хоць і невялікай, але даволі вясёлай воднай артэрыяй, якая пры жаданні і ўмелым доглядзе магла б стаць каналам і дадаць аздобы і карысці не надта багатай на ваду нашай сталіцы. Магчыма, таму-сяму здалося: замінае ручаіна просталінейнай, пад лінейку і аловак на ватмане, пракладцы магістраляў і пешаходных шляхоў. Вось тут і патрэбна было, каб добрае жаданне і немалое ўмельства прытрымала занадта рашучую руку, каб збераглася жывою старонка гісторыі ў вялікім, сучасным індустрыяльным цэнтры.

Перапланіроўка вуліц, назвы якіх толькі што ўспаміналіся, не паказала, на жаль, такіх якасцей у тых, хто яе выконваў. Быў зроблен выгляд, нібыта рака даўно не існуе і няма ніякай рацыі пакідаць на паверхні яе перасохшыя шлункі, лепш за ўсё дастойна засыпаць пакойніцу пяском і заліць для надзейнасці асфальтам, каб не вылузалася выпадкам з-пад дачаснай надтрунніцы.

Падстаў навуковых і фактычных для такіх акцый відавочна бракавала. Сцвярджэнне, нібыта рака «у 19 ст. у межах горада заключана ў калектар» (БелСЭ, т. 7, стар. 553), не можа ўстояць ні перад памяццю гараджан, ні перад дакументамі.

У 1850 годзе Мінскае губернскае праўленне вырашыла будаўніцтва канала для папярэджання паводак на Нямізе адкласці «аж да ўмацавання гарадскіх прыбыткаў», для гэтага, бачыце, патрабавалася аж 1015 рублёў! («Гісторыя Мінска». Мн., 1957, стар. 94).

Давялося абмежавацца дашчаным насцілам і жолабам на сутоках са Свіслаччу. У жалезабетонную трубу частку Нямігі завялі толькі ў 1926 годзе, тады было «выканана каля 70 працэнтаў гэтай работы» (зб. «Белорусская Советская Социалистическая Республика». Мінск, 1927, стар. 389).

Ну, добра, тое, што было, мінула. Няміга цяпер сапраўды ў надзейным калектары, сляды яе можна адшукаць хіба што на старых планах горада.

А якое рады даць рацэ і ці можна зрабіць гэта? — думалася мне над раскапанай вуліцай, над чорнай, як дзёгаць, вадою.

— Не гаруйце! — раптам абазваўся поруч многа маладзейшы за мяне чалавек.— На добры лад рэчка можа яшчэ жыць.

Мы прайшлі на скверчык каля опернага тэатра і закурылі. Мой суразмоўнік наморшчыў лоб:

— Пластмасы па мацунку не горш за самыя трывалыя металы і бетонныя сумесі. Апрача ўсяго іншага, яны — празрыстыя.

— Дык вы думаеце?

— Не думаю, а цвёрда пераконан, што на пэўным адрэзку Нямігі бетонныя трубы можна замяніць пластмасавымі.

— А як хадзіць і ездзіць?

— Калупаць усю вуліцу не трэба. Даволі раскапаць дзе-небудзь метраў 20 каля вусця... Скажам, на плошчы 8 Сакавіка. Або на зусім незабудаванай мясціне.— Мой суразмоўнік разрагатаўся: — Ды не глядзіце вы на мяне, як на вар’ята! Я інжынер-каналізацыйнік...

Ёп гаварыў так захоплена і маляўніча, што неўзабаве мне ўжо ўявілася, як гэта ўсё можа выглядаць. Ахайны канал — бетанаваныя сцены і дно — зверху надзейна накрыты светлымі празрыстымі плітамі. А пад імі — у такім жа пластмасавым калектары — плюскоча, завіхаецца жвавая ручаіна, каб хутчэй сустрэцца з большай суседкай-ракой.

— Ёсць весткі,— працягваў мой новы знаёмы,— быццам такія рэчы ўжо зрабілі японцы і яшчэ недзе...

— Відаць, кусаецца?

— Не больш, чым самы звычайны калектар. Грошы, вядома, трэба лічыць, але ў такіх выпадках, калі вяртаецца да жыцця горад, рака, а яна цячэ праз гісторыю трох народаў...

Ён раптам шырока, па-дзіцячы, усміхнуўся.

— Хочаце выслухаць праграму-максімум? Каля самага вытоку ракі, адшукаць яго не так і цяжка, не дазволіць пераворваць і засыпаць друзам балаціны. І не зводзіць там гаі з хмызнякамі, а пасадзіць іх як паболей. Гэта непазбежна будзе рабіцца ў парадку стварэння зялёных зон. Толькі трэба ўзяцца так, каб ніводзін волас не ўпаў з галавы зялёнага друга. Там вось, недалёка ад вытоку, раку трэба падперці, зрабіць вадасховішча, хаця б дробненькае, як на колішніх вадзяных млынах. Перш, вядома, ад бруду ачысціць ручво і дно, берагі аблямаваць у камень. І «караць на горла», як гаварылі продкі, кожнага, хто капне хоць адну капачку бруду, забудзецца падабраць за сабою цэлафанавую абгортку — яны ж гадамі не разбураюцца,— газеціну, бляшанку з-пад кансерваў.

І паплыве ў горад чыстая вада, паўстане перад вачыма славутая летапісная рака, гляне з-пад зямлі проста там, дзе мы з вамі ўмовіліся накрыць плошчу ці вуліцу празрыстымі плітамі.

Малюнак прымусіў памаўчаць і прамоўцу і слухача.

— От бы слава была мінчанам! От бы людзей наехала кінуць вокам — якая ж яна, Няміга, пакланіцца яе свяшчэнным берагам! Не кажу пра археолагаў: берагавыя знаходкі зычаць іхняй навуцы і ўсім нам багата цікавага. Пэўна, не адна наша з вамі справа — аднаўленне старажытнай ракі. Ад нас патрабуецца драбочак дражджэй, брадзіла, каб зварушыліся ў ход думка і намер. З цяперашняй землякопнай тэхнікай выдаткаў тут на капейкі, а славы народнае — на доўгія вякі!

Мы пачалі меркаваць, дзе ж узяць гэтыя капейкі? Яны ўсе на ўліку, і мы, як вядома, ахвотней выдаткуем іх на бальніцы, жытло, дзіцячыя сады. Хай нашы людзі хораша жывуць, спачываюць, гадуюць дужых дзяцей. Але ж не бязбацькавічаў, а грамадзян, якія маюць кроўныя повязі з мінулым і наступным.

— А калі пусціць на гэтую справу толькі дзесятую ці сотую капейку, якую можна ашчадзіць, ашчадзіць, а не адарваць ад развіцця нашай культуры? Сродкаў будзе лічыць не пералічыць!

Ён прыпаліў ад запальнічкі і запытальна паглядзеў на мяне:

— Чакаю пярэчання! Вельмі проста. Кожны дзень у горадзе Мінску, згарае, выкідваецца на сметнік, разрываецца і нішчыцца прыкладна мільён, калі не больш, аркушаў — падліковых, выдавецкіх — паперы. Гавару толькі пра газеты, іх дасюль толкам не збіраюць для паўторнай перапрацоўкі. Другімі словамі, кожны дзень мы не здрыгануўшыся нішчым цэлую дуброву, пускаем на вецер лясы. А лямпачкі ў пад’ездах шматпавярховых дамоў? Гараць цэлыя суткі, а іх можна ўключаць толькі на патрэбны час, каб увайсці ў кватэру. Спосабаў і сродкаў не пералічыш.

Не даўшы мне выказаць згоды, ён працягваў:

— Дый не варта грэбаваць рублём ці саракоўкою, што людзі дадуць, кожны дасць, каму страта старасвецкага помніка баліць не менш, чым ваенныя, скажам, раны.

Мой суразмоўнік падняўся:

— Ці не хопіць лічыць? Ёсць у нас дзяржава, не бедная, шчодрая на кожную высокую турботу. Толькі мы можам, больш таго, павінны зрабіць усё самі, у імя грамадзянскага абавязку, кроўнай любові народа да ўсяго, што належыць яму і павялічвае яго скарбы ў мінулым і заўтрашнім.

Мы паціснулі рукі на развітанне.

— Успамяніце маё слова: не сягоння, дык заўтра берагі Нямігі стануць літаральна залатымі.

*

Гэтыя нататкі былі пачаты даволі даўно. Аднак ані не пастарэла высакародная задума вярнуць тром братнім народам іх слаўную раку. Пры сучасных магчымасцях тэхнікі такі праект не выглядае фантастычным. Матэрыяльныя патраты — дробязныя, не паспееш вокам міргнуць, як акупяцца. А маральныя, духоўныя здабыткі нельга ні ацаніць, ні перадаць словамі.

Мінску дарагая кожная кропля вады. Ён больш чым мільянер ужо на жыхароў, збіраецца будаваць метро, не штогод і не штоквартал, а штомесяц дае жыццё новым дамам, раджае новыя ўстановы і, скажам самі сабе ў вочы, часамі густавата ставіць завод пры заводзе.

Усіх іх, людзей, заводы, установы, машыны, трэба абмыць і напаіць.

Апрача Свіслачы і Нямігі ў горада ёсць яшчэ рэкі. Некаторыя страцілі свае імёны. Часам успамінаецца Цна або Антонаўка. Яны бедна і плытка цурчаць, бруяцца. Адна праз пасёлак Усход-І, другая ідзе пад вуліцай Казлова (яна некалі ўтварала тут Доўгі Брод), выбягае каля аўтазавода, не даючы высыхаць невялікаму балотцу.

Як метадычна, планамерна і бязлітасна ні завальваюцца шлакам і смеццем, як ні забруджваюцца гэтыя рэкі гарадскімі адыходамі, як ні заліваюцца жыжкай з каналізацыйных труб і вулічных рышткоў, а ўсё ж жывуць! Як тая трава, скубеная-пераскубеная, полатая-пераполатая, што бессмяротна заўважыў на гарадскім бруку Леў Талстой. А каб іх не забіваць, а ачысціць, даліць вадою паводак, перакрыць шлюзамі і павесці ў новыя кварталы горада, а? Разам са Свіслаччу, а яна ўжо на значнай сваёй частцы апранулася ў бетон, папрыгажэла і пашырэла і чакае ачысткі ад мулу, чым могуць азалаціцца прыгарадныя калгасы, вывезшы яго на сваё поле,— разам са Свіслаччу, паўторым, быў бы неблагі ансамбль. І Мінск, уладаючы Заслаўскім, Воўчкавіцкім, Лагойскім і Вілейскім вадасховішчамі, стаў бы дужэйшы, прыгажэйшы — людзі зайздросцілі б!

У гэтым сэнсе паказальны клопат пра Дзясну. Шырока разгарнуў гэтую работу на Браншчыне абласны Камітэт партыі з дапамогай усіх асоб і ўстаноў, каму дарагая прырода Радзімы. Тут і абсадка дрэвамі берагоў малых рэк, што жывяць вялікую, і ачыстка іх, і стварэнне дробных вадасховішчаў на месцах былых вадзяных млыноў дый многа чаго іншага.

У гэтай добрай справе выяўляецца турбота не пра адну прыроду, а і пра гісторыю. Вышэй мы бачылі, як К. Д. Ушынскі найлепшым чынам давёў, што хавае ў сабе гісторыю і мова.

Так разважыўшы, атрымліваецца вельмі шырокі фронт ахоўнікаў каштоўнасцей і скарбаў, створаных народам ва ўсе часы. Як бачым, тут: гісторыкі, археолагі, меліяратары, мовазнаўцы, мастакі, архітэктары, пісьменнікі, людзі розных спецыяльнасцей, нястомныя збіральнікі, шукальнікі, аматары старасветчыны.

Такім кроўна зацікаўленым, самаадданым гуртам можна, як кажуць, мост да зор пабудаваць.

І вось дзіўная рэч!

Мы — людзі адной ідэі, адной мэты, што лучаць нас у адно грамадства, без ніякіх набатаў павінны прыкладаць усе сілы да зберажэння водных і лясных рэсурсаў, старасветчыны і хараства краіны. Мы — яе грамадзяне, патрыёты, значыць, павінны клапаціцца душа ў душу з роўнай захопленасцю і адказнасцю аб справах, якія ў роўнай меры абыходзяць нам усім.

Тым часам няма і дасюль нічога лягчэйшага, як зачапіць цягачом за рог старажытнай сцяны ці атруціць мазутам унікальны вадаём.

Мы не заўсёды помнім, што, напрыклад, у Полацка, які жыў, ваяваў з’ядноўваў людзей і землі аж 1100 год, ёсць равеснік — Тураў, следам ідзе зусім забыты Давыд-Гарадок, далей Петрыкаў і Навагрудак. З 986 года ўспамінаецца ў летапісах Заслаўе — не паспееш агледзецца, як яму 1000 настукае. А там на чарзе Орша і Копысь (1119 год). Вось бы і нагадваць пакрысе кнігамі, альбомамі, як нялёгка і слаўна жылі яны, нашы воіны і кажамякі, гутнікі і руднікі, мукамолы і грэчкасеі.

Што датычыць самога Мінска, дык у ім не так і шмат засталося з мінулых часаў. Аднак вуліцы Бакуніна, Герцэна, Музыкальны завулак, плошча Свабоды, Інтэрнацыянальная і Рэвалюцыйная вуліцы яшчэ ўтрымалі на сабе збудаванні — бясспрэчныя помнікі ў сілу гістарычнай і мастацкай вартасці. Пра гэта сабралі даволі матэрыялу і, на маю думку, злажылі сур’ёзна абгрунтаваныя дакладныя запіскі Рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства культуры БССР. Ёсць спісы дамоў, якія падлягаюць ахове, вызначана, чым яны каштоўныя, прыкінута нават, як можна выкарыстаць іх у сучасным горадзе, не без жалю адзначаны таксама і пралікі ў новых забудовах і перапланіроўках. Хацелася б, каб шырэй і паўней ведала гэты матэрыял наша грамадскасць і магла памеркаваць і выказацца.

Ніводзін са старых муроў не можа быць зачэплены рэканструкцыяй ці іншым спосабам без падрабязнага даследавання, устанаўлення часу яго пабудовы (сцены, падмурак, грунт) і без складання адпаведнай дакументацыі.

Гарачымі былі водгукі на выстаўку Сенежскай эксперыментальнай студыі (1975), дзе рабілася спроба прыстасаваць старыя будынкі «Высокага места» ў Мінску да патрэб і профілю сучаснага вялікага горада. Не з усім можна пагадзіцца ў прапановах сенежцаў, але за ініцыятыву — на жаль, яна ішла не ад мясцовых архітэктараў — і за цэлы шэраг рашэнняў належыць толькі падзякаваць. Стала відавочна, што стары горад можна не толькі захаваць, а і зрабіць неад’емнай часткай новага.

Адшукаць карэнне ўсіх няўвязак у захаванні помнікаў і прыроды не вельмі складана, хоць гэта справа сацыёлагаў і эканамістаў. Ясна адно: тады-сяды даводзіцца ісці на выйгрыш у часе, каб як мага хутчэй пабудаваць дамоў, выпусціць пабольш прадукцыі, якая трэба краіне і чалавеку.

Ясна і другое, што наша краіна, дужэйшая за іншыя ў свеце іменна сваім планавым пачаткам, які выключае анархію выпуску, перавытворчасць і недавытворчасць, гэта краіна толькі адна ў свеце мае сілу знайсці і знаходзіць разумныя рашэнні, каб падымаючы і развіваючы новае, не пакідаць у ценю і ў крыўдзе скарбы мінулых пакаленняў.

Не менш ясна і грозна трэцяе: кожная ўтрата ў свеце прыроды і старажытнасці — незваротная. Мы творым новую гісторыю чалавецтва, шануючы і ашчаджаючы ўсё, што зрабіла яно для таго, каб стаць нам тымі, кім мы ёсць, пазнаць ісціну розумам, узброеным мудрасцю вякоў, і ствараць заўтрашні дзень уласнымі рукамі, самымі магутнымі з вядомых ад пачатку летазлічэння, бо ў нашай сіле абзываюцца ўсе сілы дабра, што калі-небудзь нараджаліся на белым свеце.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан