epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Боты на патэльні

Макасін з тупым наском,

Пальцы тры — падэшва,

Гальштук з дзікім жарабцом

На грудзях падвешан.

 

Як свісцёлачкі штаны,

Плашчык пры пагонах...

Ён прыбраны ў лахманы

З трох камісіёнак.

 

Выбрывае ў нітку вус,

Чэрніць бровы сажай.

З год не стрыг ён галаву,

Але больш не важыць.

 

Што ж пабачыў на вяку?

Дзьмулі мама з татам,—

І пададзена сынку,

І за ім — прынята.

 

Чхне выпадкам — нездароў!

І гарачку мераць

Паўдзесятка дактароў

Прэцца на кватэру.

 

...Скончыў курс, даўгі аддаць

Мог бы ўжо з працэнтам,

Ды дзіцяці пагражаць

Сталі аліменты.

 

Бацька кажа:

— Так і так,

Ці не лепш жаніцца?

— Не,—

Адказвае лайдак,—

Я хачу вучыцца.

 

Шлюб у пушчу не збяжыць,

Будзе час на жонку.

Ты капейкай памажы

Роднаму дзіцёнку.

 

Падаткнуць каму пад нос,

Каб пусцілі ў дзверы,

Бо не буду ж я ўсур’ёз

Пэцкацца з паперай.

 

Вось як цэліць! Менш рабіць,

Браць пабольш зарплаты...

Кажа бацьку:

— Пасабі

Выйсці ў кандыдаты.

 

Бацька ў крык:

— Няхай мазгі

Ёлуп сам натрудзіць.

Сын яму:

— Ну, вось — бацькі!

Эгаісты-людзі,

 

Ты не злуй і не крычы,

Не грымі нагамі.

Што б дзіцяці памагчы,

Вам жа памагалі.

 

Мама хворая: вага,

Сэрца, усё такое...

Я так думаю, што льга

Даць ёй супакою.

 

Дзед не здолен працаваць,

Ён зусім здзяцінеў...

Значыць, бацьку трэба дбаць

Аб няшчасным сыне.

 

Падкаціўся сціхатой

Будучы «вучоны»...

 

...Не даможацца ніхто

Лепшай абароны.

 

Б’е ў званы падхалімаж,

Сын той — першы ў спіску:

Кажуць:

— Гэтакі багаж,—

Кандыдат з калыскі.

 

І пайшлі віляць, гадзіць —

Як не брыдка людзям!

Кандыдат ён можа быць,

Працаўнік ці будзе?

 

Пэўна, прыйдзе з часам стаж,

А багаж — не вельмі,

Бо не ўкусіш, як ні смаж,

Боты на патэльні.

 

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан