epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Брахлівая птушка

1
2
3


1

Няма тут ніякае шкоды

І крыўды —

ні мне, ні сябрам:

Не ўсе адчыняюцца сходы

Маім неспакойным вачам.

 

Ды злосць, як пачне казырыцца

Маленечкі мешчанін,

Што ведае ўсе таямніцы,

Што імі ўладае адзін.

 

А гэта ў яго нецярпячка —

Дый косткі няма ў языку! —

Разнесці хутчэй па сваячках,

Што чуў за дзвярмі на замку.

 

У момант ад вушка да вушка

Паўзе распрануты сакрэт.

Глядзіце — брахлівая птушка,—

Не лішне запомніць партрэт.

 

2

Хрыпаты, як зношаны певень,

Ён лічыць за рай, небарак,—

Дарвацца, даскочыць і ў хлеве

Пакохкаць, пагрэбціся ўсмак.

 

Ды ён — не з гарластых пачвараў,

Тут іншы завод — шаптуны,

Сустрэне кагосьці да пары,

Ото ж папашэпчуць яны.

 

Ні ранак не мілы ім сіні,

Ні белыя ў цвеце сады,

Што ўбачаць, адразу абсліняць —

Куды тыя вярблюды!

 

3

Жыруе на таннай ідэйцы,

Што крытыцы стрыманы ход.

З такіх не выходзяць гвардзейцы —

Грудзямі на кулямёт.

 

Нічым сябе не ўвекавечыў,

Аднак і не сцёрся ў жыцці:

На свет, па абмылцы аптэчнай,

Такога ж патомка пусціў.

 

Жыве і мяне выкпівае,

Што таленты трачу свае...

Я песні за чаркай спяваю,

А ён толькі скварку псуе.

 

Жыве!

А куды яго дзенеш?

І тут ужо гнеў, а не жарт:

Ён прагне такога ў кішэню,

На што ён і глянуць не варт.

 

Таварышы!

Як ні ўшчувайце,

Я не адступлю ні на пядзь.

Мы з вамі заўсёды на варце,

І нам без яго ваяваць.

 

1967


1967