epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Бронька

1
2


 

1

Бронька быў шчыгол, ён перабыў адну зіму ў начальніка станцыі і ўдосыць нагледзеўся чалавечай нязгоды.

Бронька злавіўся ў сіло па-дурному. Калі найшло многа снегу і стала галаднавата, ён паляцеў пацерабіць галоўкі сухога дзядоўніку за чыгункай. Не паспеў выдзеўбаць пары зернят, як пачуў: нешта тонкае і бязлітаснае сціснула яго за шыю. Бронька рвануўся і павіс. Боль на горле стаў нясцерпны, вочы самі сабою заплюшчыліся. Добра, што хутка нахапіўся і выратаваў з валасяной гапелькі Стась, старэйшы сын начальніка станцыі.

Гаварыць — начальнік станцыі, мусіць, будзе загучна. Ігнат жыў у чыгуначным дамку на платформе, дзе была студня і прыбудовачка на два аддзяленні, абавязковая на ўсіх станцыях. Ён змазваў стрэлкі, падмятаў чыгуначнае палатно і перон, прадаваў білеты, але ж, праўда, сустракаў і праводзіў цягнікі.

Гэта здаралася раз на суткі. Недзе каля абеду на станцыю па вузенькіх рэйках прыкочваў паўдзесятка нізенькіх цесных вагонаў пузаты пісклявы паравоз. Высадзіўшы некалькі бабулек з кошыкамі і дачніц, якія вярталіся з рынку ў недалёкім пасёлку, састаў цярпліва паўгадзіны чакаў ахвотнікаў наведаць раённы магазін або закусачную. Дачакаўшыся пасажыраў, паравозік прарэзліва пішчаў і рушыў назад.

Хуткасцю гэтая вынаходка чалавечага розуму не вызначалася. Мясцовыя жартаўнікі казалі, што пад час язды хлопцы і дзяўчаты выскоквалі з вагонаў і збіралі паабапал чыгункі грыбы. Нашто трымалі гэту старасвецкую вузкакалейку, адказаць цяжка: на возера, дзе стаяла канечная станцыя, ішла першакласная асфальтаваная шаша, а па ёй аж да самай сталіцы кацілі грузавікі, аўтобусы і легкавушкі. Аднак жа, калі старая чыгуначка ліпела дасюль, значыць, гэта было на невашта трэба. Да таго ж кіраваў усёй цырымоніяй адпраўкі і прыёму цягнікоў Ігнат. Яму падабаліся свой гучны тытул, чырвоная шапка — сімвал прыналежнасці да вялікай чыгуначнай дзяржавы, улады над рухам і асабістай недатыкальнасці, міл быў таксама білетны кампосцер, як увасабленне фінансавых аперацый.

У дом да такое важнае персоны і трапіў напаўзадушаны воласам Бронька. Ён даволі хутка акрыяў, пачаў лётаць па кватэры і дзёўб усё, што было на відавоку: бульба дык бульбу, крошкі дык крошкі, проса дык проса. Адсюль, з гэтага жытла, і ўзыходзяць яго назіранні над чалавечай нязгодай.

Больш за ўсё непаразуменняў узнікала паміж Ігнатам і ягонай жонкай, начальніцай станцыі, як для пашаны і ў той жа час напаўжартліва звярталіся суседзі.

Не зважаючы на сумяшчэнне многіх пасад, Ігнат не меў персанальнага акладу або хоць надбаўкі. А дзяцей было васьмёра — усё хлопцы, адзін у адзін, толькі кожны наступны на галаву ніжэйшы. Паспрабуй пашыць восем пар штаноў, няхай і не за раз, а па адной пары ў тыдзень, бо акурат за гэты тэрмін хто-небудзь з начальнікавых наследнікаў пачынаў свяціць каленьмі.

Вось чаму, управіўшыся з работай на станцыі, Ігнат лавіў рыбу. Смаку ў гэтай ежы Бронька не дабіраў, але разумеў, што рыба разнастаіць меню начальнікавай сям’і, памагае набываць шапкі, кашулі і школьныя сшыткі і, апрача ўсяго іншага, дае пэўную асалоду самому начальніку. Часамі Ігнат вяртаўся з возера без улову, але вясёлы. Гэта значыла, што рыба была аддадзена за вадкасць, зусім не падобную да той, у якой яна плавала.

Ух, як засмучалі такія рэчы начальніцу! Жанчына павышала голас, не шкадавала крыўдных слоў для Ігната і нават плакала.

Броньку стала надакучаць гэткае жыццё. Ніхто ў доме на цябе не зважае і не слухае тваіх песень, хоць расперажыся шчабечучы. Толькі сварацца ўвесь дзень...

Бронька думаў уцячы, але маразы трымаліся моцныя, а ён ведаў, як цяжка пажывіцца ў сцюжу. Таму цярпеў і чакаў.

І вось за акном зазелянелі бярозы, Бронькава сэрца затужыла па прасторы, па сяброўцы, па ўтульным лясным гняздзе.

Тае раніцы ў доме была найбольшая калатня. Начальніца страшыла, што паскардзіцца на Ігната ў міліцыю, бо як жа ён, п’яны, можа прымаць і адпраўляць «машыну». Яшчэ няшчасце здарыцца. А тады — чакай вялікае кары, чаго добрага, астрогу. Дык няхай лепей цяпер зволяць з работы.

Ігнат няўважліва слухаў і паглядаў у акно. Зараз павінен быў прыйсці цягнік. Мусіць, позніцца... І раптам на пераездзе з’явілася постаць у міліцэйскай форме.

— Наклікала бяды на сваю галаву! — крыкнуў Ігнат жонцы і кінуўся з хаты.

Выбегшы ў канец платформы, ён па прывычцы адчыніў семафор, а потым за два крокі пераскочыў лінію і схаваўся ў гушчары лесу.

Хатнія дзверы засталіся адчыненыя. Бронька свіснуў ад радасці і вылецеў услед за сваім часовым гаспадаром. Ён не здзівіўся, што Ігнат раптоўна знік. Дакуль жа цярпець? Ён, шчыгол, і то не ўтрываў бы, каб так назалялі і лаяліся. А то мужчына, начальнік станцыі...

Бронька сядзеў на бярэзіне і падхарошваўся. Пахла зялёнай смолкаю, лісце было яшчэ ліпкае, жаўтлявае і на сонцы прасвечвалася наскрозь. Бронька зляцеў з галіны, напіўся вады ў лужынцы пры калодзежы і зноў заняў пазіцыю на дрэве.

А падзеі тым часам разгортваліся далей.

Міліцыянер зайшоў у дом, але пабыў там нядоўга. Відаць, нешта спытаў, вярнуўся на перон і закурыў, сеўшы на лавачцы.

Падкаціў задыханы цягнічок, высыпалі пасажыры. У акенца касы застукалі нейчыя нецярплівыя пальцы — час было прадаваць білеты на зваротны рэйс.

Ігнат не паказваўся, бо меў на гэта падставы. Ён не заўсёды выязджаў на возера з дазволенай снасцю. З’яўленне міліцыі, па-першае, магло пацягнуць за сабой штраф. А пасля... Пачніся зараз якое следства — сапраўды могуць адхіліць ад работы: стан яго не сказаць каб падыходзіў да выканання адказных службовых абавязкаў...

Тэрмін стаянкі сышоў. Пасажыры, марна папачакаўшы, калі адчыніцца каса, паселі ў вагоны без білетаў. Машыніст даў сігнал на адпраўленне, а рушыць з месца не мог: не было начальніка станцыі.

Давялося пасылаць памочніка дазнавацца. Высветліўшы, што Ігната няма і невядома калі будзе, машыніст пачаў даваць гудкі бесперастанку. Праз некаторы час прапаўшага начальніка станцыі ўжо гукала ўсё наваколле: перапалоханая начальніца — крый божа, што здарылася! — з падаткнутым падалом, некалькі суседзей і суседак, уся васьмёрка Ігнатавых сыноў, міліцыянер і найбольш жвавыя з пасажыраў. Ні чыху, ні дыху: Ігнат не абзываўся.

Усе, хто быў у той час на станцыі, пачалі прачэсваць лес. На чале добраахвотнікаў выступала Ігнаціха, трымаючы на руках дзесяцімесячнага Юзіка, самы апошні доказ начальнікавай вернасці. Два большанькія хлапчукі беглі паабапал яе, на колькі крокаў наперадзе.

Такім строем, у выглядзе пастаўленага на вяршыню трыкутніка, яны звычайна збіралі грыбы. Пасля гэтай тройцы ў лесе заставалася зона пустэльні. Хлопцы бачылі наскрозь самыя хітрыя грыбныя схованкі. Калі нельга было дастаць рукою, абмацвалі нагамі кожную прыўзнятую лісціну ці падазрона набухшы машок. Што казаць пра баравікі або чырвонагаловікі! Тут не магла выкруціцца нават самая благенькая, непрыкметна апранутая зялёнка.

Востры на вока Стась неўзабаве згледзеў між лап ядлоўцу калошы форменных портак.

— Тата! — не ўтрымаўся ўзрадаваны хлопец.

Куст зашыпеў: «Маўчы!»—і адтуль паказаўся здаравенны, са слядамі мазуту кулак. Што гэта значыць, Стасю не трэба было тлумачыць. Ён хацеў падавацца наўцёкі, але на голас падышла маці і пачалі набягаць пасажыры.

Ігнат зразумеў, што выйсця няма, і вылез са спрату. Каб хоць крыху падтрымаць гонар службовага чалавека, што без дай прычыны зашыўся пад куст, ён пачаў гаварыць нешта, абы сказаць, абіваючы сухую ігліцу з адзежы: .

— Я, гэтага, хацеў кляніны пашукаць... Усе тапарышчы паламаліся, бяда на іх...

Ці трэба тлумачыць, што Ігнат выкручваўся не самым лепшым чынам. Ні пілкі, ні сякеры пры ім не было. Дый чаму яго панесла па тую кляніну акурат у час, калі ён, начальнік, адзін раз на дзень быў сапраўды патрэбен на станцыі!

Аднак ніхто не звярнуў увагі на тыя марныя спробы апраўдацца. Усе былі радым-радзенькі. Пасажыры, хоць і падсмейваліся спадцішка, прадчувалі хуткі ад’езд. Дзеці ўляпіліся за бацьку, быццам ён вярнуўся з вялікае дарогі, і дружна зашчабяталі. Ігнаціха была памкнулася выпусціць злое слоўца, але сумелася. Яна толькі сунула мужу на рукі дзіця, мусіць, каб напамянуць, што ўцякай не ўцякай, а ад гэтага, галубок, нідзе не дзенешся. Малы Юзік ад нечаканасці стаў мокры і да таго ж кінуўся ў слёзы.

Гэта здарэнне чамусьці ўсцешыла тоўстага румянага дзядка, і ён праціснуўся да Ігната праз невялікі гурток пасажыраў. Дзед зухавата задзёр бліскучы козыр лётнай фуражкі і паправіў на жываце папругу і нямецкі клямар з надпісам «Gott mit uns!»1, захаваны, мусіць, яшчэ з тае вайны.

— Дарма, дарма, каток! — загаварыў ён да збянтэжанага Ігната.— Гэта як народзіцца каторае дзіця ў дождж, дык гадкоў да пяці мала калі высыхае. А ты вазьмі, пасля навальніцы, накладзі з мокрага галля агню. Калі ўгарыцца, стань з сваёю жанчынаю абапал цяпельца. І перадавайце над агнём малое з рук у рукі на ўсход і на захад сонца. Трыццаць тры разы — у адзін бок і трыццаць чатыры — у другі, каб добра дымам праняло. Паможацца як бачыш, патужэюць уторы...

Дзед падштурхнуў локцем Ігната і пастукаў пальцам у свой жывот:

— Gott mit uns! — выпаліў па-нямецку і тут жа пераклаў:— З намі бог! А хочаце ведаць, чаму трыццаць чатыры?..

— Можа, вы, дзеду, гэта ў вагоне дакончыце? — абазваўся yехта з пасажыраў, каму, відаць, найбольш рупіла ехаць.

Ігнат успомніў пра занядбаныя абавязкі... Цягнік так даўно ўжо чмыхае на станцыі і крычыць, глумячы пару і вугаль.

— А дзе ён? А давайце мне яго сюды! — нечакана пачуўся голас.

Адхінаючы рукамі маладыя асінкі, проста да іх набліжаўся міліцыянер.

Ігнат панурыўся. «Ліхой долі не ўсцеражэшся!» — укалола і знікла імгненна думка. Раптам ён стрымгалоў сарваўся з месца і схапіў міліцыянера ў абдымкі.

— А братка! А Клемусь!

Мужчыны абдымаліся доўга і сур’ёзна, як толькі не паўломваліся рабрыны.

— Гэй, салапякі! — нарэшце кінуў Ігнат здзіўленым сынам.— Кажыце хутчэй «дабрыдзень» дзядзьку! Стэфа, глянь: Клемусь! Вось калі пабачыліся...

Гэта быў стрыечны начальнікаў брат. Жыў ён недзе за Віцебскам, а ў гэты раён прыехаў па справах і завітаў на станцыю дзянёк пагасціць.

Паравічок нарэшце атрымаў фармальны дазвол на адыход. Бадзёра піснуўшы, ён павалок вагоны. Трэба было спяшацца — першы раз за ўсё існаванне чыгункі ён спазніўся больш як на гадзіну, не сыходзячы з месца.

Ігнат пазіраў услед і то чухаў патыліцу, то ўсміхаўся. Міліцыянер ляпнуў яго па плячы. Яны падміргнулі адзін аднаму і пайшлі ладзіць снасць на рыбу.

 

1 З намі бог (ням.).

2

Шчыгол Бронька сядзеў на бярэзіне і радаваўся нечакана здабытай волі. Тут і заўважылі яго адсутнасць дзеці. Бронька не здаўся ні на ўгаворы, ні на жменьку канапель. Каб быць далей ад бяды, бо ці мала чаго могуць надумацца накольнікі, ён пераляцеў цераз дарогу і сеў на штыкет, за якім стаяў высокі дом, разнасцежыўшы вокны на возера.

Загарэлы, голы па пояс чалавек напампоўваў кола матацыкла на панадворку. Потым прысеў на бервяно,разгладзіў чорную бараду і закурыў. Яго позірк спыніўся на штыкеціне, дзе сядзеў Бронька.

— Заставайся тут жыць,— чалавек павабіў Броньку пальцам.— Я люблю вашага брата, шчыглоў.

Чорнабароды паказаў на дошчачку, птушыную кармушку, са слядамі нядаўняга гасцявання птушак.

— А не хочаш есці з сініцамі, дам табе асобную пасудзіну.

Не спыняючы ціхай размовы, ці то з самім сабою, ці то з птушкаю, чалавек вынес з прыбудоўкі дзве бляшанкі: у адну наліў вады, а ў другую насыпаў проса.

Бронька сачыў за яго павольнымі рухамі, за добрай усмешкай на твары і асмеліўся: зляцеў з плота, перш напіўся вады з бляшанкі, а потым пакаштаваў і зерня. Такія нескладаныя маніпуляцыі з ежай і пітвом штодня прарабляліся ў Ігнатавай хаце. Бронька прывык, што яго кормяць і не робяць благога, і на гэтай падставе верыў людзям і не баяўся іх.

Чорнабароды здаволена прамармытаў:

— Ты, брат, аднекуль нашы законы ведаеш: спачатку п’еш, а потым закусь цярэбіш. Мусіць, зімаваў у кагосьці.

У Бронькавым жыцці пачалася новая дружба. Ён застаўся без сяброўкі і ўжо не адлятаўся з двара таго чалавека, прывык да яго і да ягонай жонкі, маладой, як быццам нечым засмучанай жанчыны.

Неўзаметку падаўжэлі ночы, не такія цёплыя і шумныя праходзілі дажджы. Бронька ведаў — набліжаецца восень. Чорнабароды чалавек нацямку выбіраўся з кошыкам у лес. А жанчына ішла на бераг і нерухома сядзела там па некалькі гадзін, не адрываючы вачэй ад замглёнай далечы.

Аднойчы раніцаю яна выбегла з дому заплаканая. Следам выскачыў расхрыстаны чорнабароды і гукнуў, стаўшы ў браме: «Вярніся!» Жанчына на момант прыцішыла крок, махнула яму, не адварочваючыся, ражком хусткі і шпарка пайшла далей.

Бронька паляцеў услед. На завароце дарогі пад старымі таполямі стаяла зялёная машына з брызентавым верхам. Белазубы лейтэнант прачыніў дзверцы, пасадзіў каля сябе жанчыну і ўключыў скорасць. Яна ўсміхнулася тонкімі дрыгаткімі вуснамі і сінімі заплаканымі вачыма, і наўкол як быццам пасвятлела.

Шчыгол вярнуўся на свой панадворак. Пакінуты чалавек стаяў, апусціўшы рукі, сярод дужаватых яблынек і безуважна глядзеў на галіны, абцяжаныя першымі пладамі. Бронька сеў каля яго на сцежачку, і нібы хочучы суцешыць, ціўкнуў нешта падобнае да вераб'інага «абы жыў!».

Чалавек схамянуўся.

— Жыў, кажаш? — цераз сілу пасміхнуўся ён.— Засталіся мы з табой бабылямі. Ды, мусіць, трэба неяк жыць. А ты нікуды не паляціш ад мяне?

Чалавек зайшоў у сенцы і сыпануў адтуль жменьку проса проста на зямлю. Бронька здзівіўся: гэта быў непарадак. Ён любіў гэты двор, тут пільнаваліся чысціні. Скрынка для смецця шчыльна прыкрывалася векам. І добра! Хай не лётаюць нахабнікі вераб’і. Не вельмі тут пажывішся і награбешся. Ячмень і бульбу для хатняй птушкі насыпалі ў чыстую місачку і карытца. Сыпалі шчодра, можна было заўсёды падзапасіцца. Але Бронька прызвычаіўся знаходзіць сваю порцыю ў кармушцы. А тут маеш: проса кінулі долу, проста ў пясок!

Чорнабароды ўздыхнуў і пачаў падымацца па драўляных сходцах. Пад дахам у яго быў прасторны пакой, адкуль аглядалася ўся вадзяная прастора аж да процілеглага берага.

Возера было вельмі чулае на колеры. Некалькі разоў на суткі яно прымала адценні неба: звечара было цёмна-сіняе, на ўсходзе сонца рабілася шэрае і зараз жа залівалася залацістай чырванню, а ўвесь дзень гайдала столькі блакіту, колькі магла прыняць і ўтрымаць шкляная роўніца паміж берагамі.

Тая трывожная раніца не абяцала ні мяккіх фарбаў, ні лагоднага плюскатання хваль. На сонца насунуліся хмары, зрабілася цёмна і халодна, быццам на плечы ўпала асенняе бяззорнае змярканне. З лесу выскачыў віхор, закруціў слуп пылу на дарозе і ўскінуў пад возерам чорныя сажнёвыя вагары. Абсыпаныя зверху пенай і белымі пырскамі, яны злосна ганяліся адзін за адным і з грукатам спіраліся на ўзбярэжнае каменне. Было падобна, што распачалі бойку старыя гняўлівыя дзяды і, дужыя, хапаюцца за сівыя ўскудлачаныя чубы, трасуць бародамі, упіраюцца грудзямі ў грудзі і, кульнуўшыся, валяцца на дол.

Чалавек бачыў са свайго паддашніка, як узляцела на хібах хваль яго лодка з вясёлым жаночым іменем на карме. Здавалася, яна вось-вось сарвецца з прыколу і, бездапаможная, затопіцца ў чорнай бязодніцы. Але ланцуг быў моцны і не пускаў лодку адну ў небяспечныя прасторы, яна крыху адплывала і вярталася назад.

Навальніца лютавала і назаўтра, яна захапіла яшчэ палавіну наступнага дня. Увесь гэты час чалавек не спускаўся наніз. Ноччу з яго акна на возера свяціла моцная шматсвечная лямпа. На світанні акно адчынілася, і адтуль, сіні і густы, як туман, падаў на зямлю тытунёвы дым.

Калі нарэшце суняўся дождж, чалавек сышоў з гарышча, адамкнуў лодку і моўчкі пагнаў яе ад берага. Ад’ехаўшыся метраў на трыста, паклаў вёслы, распрануўся і скочыў за борт.

Бронька сачыў за ўсім гэтым з берагавой алешыны. Што за ахвота купацца на такой глыбіні! Сам ён пялёхаўся ў цёплых лужынках каля ганка, калі пачынала свярбець пад крыльцамі, што нязменна паказвала на дождж.

А чалавек плаваў, даваў нырца, аддзімаўся, чмыхаў і прыгаворваў:

— Да чаго ж добра!

І яшчэ ён сказаў:

— А ты — дурная!

Бронька так і не зразумеў, да чаго гэта гаварылася. Але з наступнай раніцы ў яго бляшанцы пачало з’яўляцца проса.

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан