epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Чалавечкі

Ёсць чалавечкі-невідзімкі —

Нашто ім нейкі самапал?

Яны з бясшумнай ананімкі

Цаляюць так, каб напавал.

 

Сапхаўшы ў мех класічнай формы

Грахі, што сам з сябе саскроб,

Распіша чыста, бездакорна,

Хутчэй санет, а не паклёп.

 

Радочак вышукае ў творах

І ўчэпіцца: не так гучыць!

А за мяжой аблезлы вораг

Ад здавальнення загурчыць.

 

Той, што ні дай, нясе на продаж,

Гатоў крычаць на сто ганей —

Маўляў, у іх расце нязгода,—

Раўне, а потым і рване.

 

І хмыліць губы невідзімка:

Ён — што, ён папярэдзіў свет!

І зноў бярэцца без затрымкі

За свой бясшумны пісталет.

 

Пакуль адвеюць з тых санетаў

Няпраўду, зайздрасць, фальш заган,

Ён ходзіць ясны, ходзіць светлы —

Здабыў маральны чыстаган.

 

Калі ж дзе ступіць неахайна,

Сам падстаўляе касмылі:

Даруем, знае...

Пільнасць, дбайнасць

З парадку дзён не адбылі.

 

Як ён прабіўся, неданосак?

Такія, кажуць, мастакі

Падзараблялі на даносах

З-пад бенкендорфавай рукі.

 

...Заблытан след, схавана імя,

Ужо мінуўся той папас,

Як пад імёнамі сваімі

Хапалі нас не за абцас.

 

Вайна... Сягнулі не пад кулі,

А дзе цішэй, за частакол.

Рабілі так, каб іх прымкнулі,

Ды не трымаць жа пад замком.

 

Цяпер шануюцца... На пару

Пякуць без прозвішчаў лісты,

На вуха пішуць мемуары —

Чаго не выслухаеш ты!

 

Ці гэта каецца ураднік,

Жандар, што жылы рваў з людзей,

Ці тхор вяшчае з курасадні,

Як плакаў, душачы курэй?

 

Гавораць, пішуць...

Божа мілы!

Каму пісаць, вучыць каго?

Вазьмі ты іх, калі пад сілу,

У рай усіх да аднаго.

 

Мая цярплівая эпоха,

Усім адкрыты, цёплы край!

Не вымагаю, каб усохла

Чыя рука — так не карай!

Ну, паківай, ушчунь патроху,

А вось паперу — прыхавай!

 

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан