epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Часіна растання

Вось вакзал. Як хутка ты, растанне!

Што ж вы нам накажаце, пражане?

 

Каля нашага вагона людна,

Мовы дзве, але адна ў іх гудба1.

 

Гэтак добра мы пасябравалі,

Перагаварылі і пераспявалі.

 

Вы вялі за намі з ціхай ласкай

Гукі слаўнай песні партызанскай.

 

Мы вучылі, як цыган караў цыганку

Што была ў зялёным у жупанку.

 

І, відаць-такі, не без прычыны

На вачах у чэшкі дзве слязіны.

 

Што яна гаворыць беларусу,

Я таго адгадваць не бяруся.

 

Можа зажывуць адной сям’ёю,

Хай жа будзе ім жыццё даўгое!

 

Доўгіх летаў, край добразычлівы!

Гэтым тварам, светлым і шчаслівым,

 

Гэтым людзям з непарушным духам,

Што скалісты грунт зрабілі пухам,

 

Што сабе ў дастатку сукны ткалі,

Што каўшы паілі плыўкай сталлю,

 

Што, як сталь, крышылі ўсе нягоды

І дайшлі да міру і свабоды.

 

І гучыць на ростань на вакзале

Слова, што сябры да нас звярталі

 

Смутным часам і за поўнай чашай:

«Мы навекі вашы, а вы — нашы».

 

Адышоў цягнік, загрукатаўшы:

«Вы навекі нашы, а мы — вашы!»

 

1955

1 Гудба (чэшск.) — музыка.


1955