epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Чутны свету

Каля цяпельца грэецца халаднаватая жнівеньская ноч, гупаюць капытамі спутаныя коні, а начлежнікі у гаматных саматканых бурках, пазіраючы, як то прыгасаюць, то зноў пацягваюцца ўгару зыркія чырвоныя язычкі полымя, пяюць песню.

Пакураць, памаўчаць і пачынаюць спачатку. Усё тую ж самую: «Раве ды стогне».

Калі і як прыйшла яна на лугі Случчыны, песня пра шырокі Дняпро, і чаму так палюбілася людзям, што павырасталі на бязрэчнай лапінцы беларускай зямлі? Пэўна, вабіла шырынёю прастораў, якія разлягаліся ў мелодыі, можа заварожвала ўсплёскам неспакойнай хвалі на сінім моры, а хутчэй за ўсё прыцягвала тым, што і ў далёкім адчувалася сваё, добра знаёмае. Гай з начным кугіканнем сычоў, рыпенне ясеня пад ветрам, трэція пеўні з радасным абяцаннем недалёкага світанку.

Тады думалася, што і гэта адна з безымянных песень, ці то складзеных пры жніве або якой іншай вясковай рабоце, ці то прынесеных з цяжкіх паходаў салдатамі, перайначаных дома на свой лад і перададзеных з роду ў род невядомымі выканаўцамі.

У песнях прыгадваўся і Дняпро, і нават Дунай. Назвы гэтых, здавалася б, далёкіх ад нас, рэк вымаўляліся любоўна, мякчэлі ў зручным для случчака вымаўленні, абрасталі прывычнымі для вуха словамі і такім чынам рабіліся зусім сваімі, успрымаючыся па-хатняму, быццам якая-небудзь Случ або Морач.

Веданне, што ў песні можа быць аўтар, прыйшло пазней, калі, застаўшыся вучыцца ў Мінскім педтэхнікуме, пачаў я глытаць кнігі не тамамі і поўнымі зборамі, а цэлымі шафамі, з прагавітасцю вясковага хлапчука, які нарэшце дарваўся да чытання і мае магчымасць спагнаць смагу за сябе, а можа, і не толькі за сябе.

Зашыўшыся на аблюбаванае ў чытальні месца, я кожны вечар бачыў за сталом насупраць невысокага хлапца з кучаравай галавою. Ён таксама ўпарта чытаў, але ўсё адну, акуратна загорнутую ў паперу, кнігу, якую прыносіў з сабою. Рабіў выпіскі ў тоўсты цыратовы сшытак, варушыў губамі, паўтараючы прачытанае, напаўголасу смяяўся, часам надоўга задумваўся, падпёршы рукамі галаву, і тады здавалася — яго выразныя вочы робяцца вільготнымі.

Мы не былі знаёмыя, але я ведаў — гэта студэнт другога курса, завуць яго Паўлюк; да прозвішча — Трус — з павагай дадавалася: «Паэт».

Неяк, пераседзеўшы ў бібліятэцы ўсіх, нават самых старанных да вучэння, мы спускаліся з Трусам па сходах.

— Забіваеш галаву ліха ведае чым! — раптам пасміхнуўся ён і зноў загаварыў, крыху картавячы, вельмі прыемным баском: — Вось, брат, што чытаць трэба.

І тут жа, разгарнуўшы на першай старонцы сваю кнігу, пачаў, на маё здзіўленне, нашу, слуцкую, ці раз спеваную і чутую песню: «Раве ды стогне».

— Вазьмі на вечар,— сказаў Трус, падаючы мне кнігу.— Заўтра прынясеш на лекцыі.

Не кароткая была тая ноч, але праляцела яна неўзаметку. Нельга было вырвацца з грознага паветра калііўшчыны, немагчыма было не ўкамянець перад суровым прароцтвам «Сну», не затужыць над нешчаслівым каханнем украінскіх юнакоў і дзяўчат, не ўсміхнуцца спеву нашай Лявоніхі, што амаль дакладна абазвалася ў «Гайдамаках»:

 

Ці ж я цябе не люблю, не люблю?

Ці ж я табе чаравічкаў не куплю?1

 

Ціхом мармыталіся і салёныя гайдамацкія прыпеўкі з шматкроп’ямі замест рызыкоўных радкоў, якія таксама на Случчыне спяваюцца, але, відаць, крыху мякчэй:

 

Заганяй квактуху ў бочку,

Кураняты ў вершу,

Не глядзі ты на дзяўчат,

А на ўдоўку першу.

 

Светлым смуткам і непераможным пачуццём ахінаў ласкавы зварот да любай дзяўчыны:

 

Спачні, мая зорка,

Ты ж з неба зляцела...

 

І тым больш уражала гэтая пяшчота, што ішла яна ад шмат перацярпеўшага кайданніка, гатовага на ўсё, каб толькі здабыць волю.

 

Каб мог кайданы перагрызці,

Патроху грыз бы. Але ж не,

Не тыя кавалі кавалі,

Не так жалеза гартавалі,

Каб перагрызці...

 

А ўся кніга з агромністай страсцю гаварыла, запэўняла, прысягала, што зняволенне фізічнае не можа закаваць у жалеза народны дух.

Раніцай я нёс пад пахай «Кабзара» з адчуваннем чалавека, які нечакана знайшоў скарб, што належаў яму даўно, але ўсё не даваўся ў рукі, а цяпер ужо не выслізне і не адбярэцца, застанецца вось так, прыціснуты да грудзей, на ўсё жыццё.

Заўсёды пры падножжы высокай гары чалавечага духу нас трывожыць невядомасць: ці хопіць сілы дасягнуць найвышэйшага пункта, ці здолее вока ўвабраць у сябе цудоўны свет, які адкрыецца з высачыні?

З такім адчуваннем спыняешся і каля «Кабзара». Але не паспееш перагарнуць старонку, як упэўнішся, што гара сама падняла цябе і паставіла на саменькай вяршыні. Гэта — светлая ўласцівасць добрых геніяў чалавецтва: не прыгнечваць звычайных смяротных сваёю веліччу, а ўзвышаць іх да сябе.

Аднак дзіўна было б пачуць, каб хто-небудзь, хоць калі, сказаў «Джордж» на Байрана ці «Вільям» на Шэкспіра. Гэта прагучала б непатрэбным дзівацтвам ці абразлівым амікашонствам.

А вось невядомая карэспандэнтка Паўла Тычыны так і выславілася, не ўспамінаючы прозвішча, не ўжываючы пашанотных эпітэтаў і азначэнняў:

 

Пра Вас нядаўна хтось пісаў:

«Паэзіі акраса».

А ўсё ж такі у Вас не так,

Не так, як у Тараса.

 

Мусіць, толькі да яго, аднаго паміж усіх вялікіх, роўных яму волатаў, і можна звярнуцца проста па імені — Тарас!

Гэта — выяўленне гранічнай блізасці народа да паэта і паэта да народа. Так прыгадваюць чалавека, які выгадаваў цябе, замяніўшы бацьку, настаўніка, што знаёміў цябе з літарамі ў простай і складанай навуцы жыцця, брата, які хадзіў з табою па цяжкіх дарогах, паказваючы, як узгараецца ўдалечыні агеньчык чаканай і жаданай мэты.

Усе гэтыя якасці цалкам абагульняюцца ў кароткае імя — паэт. Не асоба, каранаваная аднадзённымі лаўрамі вядомасці і поспеху, а той, помнік каму спачатку будуецца ў чалавечых сэрцах і потым ужо, хай сабе многа пазней, выносіцца на гарадскія плошчы і ўзгоркі над рэкамі. Туды ніколі не зарастае «народная тропа», там ніколі не вянуць наношаныя многімі пакаленнямі многіх народаў сціплыя, але вечназялёныя галінкі роднага барвінку.

Каб у паэта ўсё было так, «як у Тараса», словы павінны

 

Людское сэрца прабіваць,

Людскія слёзы праліваць.

 

Толькі і ўсяго. Велічна мала і неабдымна многа. Так многа, што мы не можам, нават у малой ступені, прыраўняць сілу паэтавага слова да выбуховай магутнасці атамнага ядра, хоць і ўзбуджаецца яна нечуванымі тэмпературамі і недаступнымі ўяўленню электрычнымі токамі, хоць і здольна яна за адзін момант спапяліць мільёны жывых сэрцаў і выклікаць акіяны гаручых слёз.

Як ні дзіўна, але заўсёды была і будзе мацнейшай не сіла, закаваная ў звыштрывалыя абалонкі ракет, а тая, што вылятае песняй з кранутых добрай усмешкаю і пазначаных гаркотаю вуснаў пад апушчанымі сівымі вусамі народнага песняра, Кабзара.

Ці можна даць веры, што ўжо цэлае стагоддзе адлучае нас ад радкоў, напісаных слабнучай рукою Шаўчэнкі, калі слова паэта ўсё шчыльней і шчыльней прырастае да душы! І нават усеўладным подыхам часу не выдзімаецца з гэтага слова горкая соль слязы зняслаўленай маладзіцы, і ўсё так жа чуваць у ім вольналюбівае сэрца чалавека.

Іначай і быць не можа!

Паэт не толькі каштаваў смак усіх слёз, а сам ператвараўся ў слязіну народнага гора, ён не толькі выслухваў усе людскія сэрцы, а сам балеў, трывожыўся, гневаўся, стаўшы праз дасведчанне пачуцця неўціханым, руплівым, разумным сэрцам свае краіны.

Ды хіба толькі свае!

Шаўчэнка — гэта вусны, праз якія выгаворвалася і беларуская нядоля.

 

Бо йшла доля беларуса

З доляй украінца

Адналькова — ў поце, ў слёзах

Церневым гасцінцам.

                                                                                  (Янка Купала)

 

Тады яшчэ беларуская зямля хадзіла ўцяжку, збіраючы сілу нарадзіць два народныя галасы, якія прынялі Кабзарову спадчыну і турботу пазней, у гады першай рускай рэвалюцыі. Шаўчэнку даводзілася гаварыць ад імя ўсіх і за ўсіх паярэмленых братоў, што гібелі ў паніжэнні, прагнучы вырвацца на свабоду, на святло.

А гэта была сама тая пара, калі свіст шпіцрутэна зліваўся са звонам кайданаў, а цень шыбеніцы, замаячыўшы на кронверку Петрапаўлаўскай цытадэлі, ахінаў усё цараванне «не першага рускага каранаванага ката», якраз таго, што «прыспаў заморак-волю».

Каб увесці нас у той час, дзе давялося жыць і спяваць, прарываючы ўсю нясцерпнасць прыгнёту і глухой магільнай цішыні імперыі, Шаўчэнку спатрэбілася ўсяго адна саркастычная ўсмешка:

 

Ад малдаваніна да фіна

На ўсіх гаворках ўсё маўчыць,

Бо благадзенствуе...

 

Абазвацца было нельга, і тым неадольней узрастала патрэба гаварыць пра ўяўнае «благоденствие», за якім чулася катаржная праца прыгоннага, узрастала патрэба будзіць народ і «прыспаную» волю, заклікаць: «Раскуйцеся, братайцеся!»

Бо рукі, прызвычаеныя некалі да зброі, не развучыліся трымаць яе і не павінны марудзіць. Бо горш за ўсё тыя, што стаяць збоку, прыцярпеўшыся да здзеку і несправядлівасці, абыякавыя да лёсу народа і свайго ўласнага.

 

А мы глядзелі і маўчалі,

Ды моўчкі чухалі чубы—

Нямыя, подлыя рабы,

Атопкі царскія, лакеі

Капрала п’янага...

 

Тая ж гнеўная туга і тая ж гаркота точацца і з разваг Волгіна, героя, надзеленага рысамі аўтара ў «Пралогу» Чарнышэўскага: «Нацыя рабоў — знізу даверху, усе чыста рабы».

Глыбіню гэтага сцверджання, яго горкі сэнс прыкмеціла і вылучыла вострае ленінскае вока. «А па-нашаму,— пісаў Ленін,— гэта былі словы сапраўднай любві да радзімы, любві, якая тужыць праз адсутнасць рэвалюцыйнасці ў масах велікарускага насельніцтва... Ніхто не вінаваты ў тым, калі ён нарадзіўся рабом, але раб, што не толькі цураецца імкненняў да свае свабоды, а апраўдвае і прыхарошвае сваё рабства (напрыклад, называе ўдушванне Польшчы і Украіны і г. д. «абаронай айчыны» велікаросаў), такі раб ёсць халуй і хам, які выклікае законнае пачуццё абурэння, пагарды і агіды».

Яшчэ не раз і не двойчы сустрэнуцца думкай і словам лютыя ворагі «людскіх шашаляў» рэвалюцыйныя дэмакраты: украінскі паэт і рускі крытык. Пад просьбай аб вызваленні сваякоў паэта ад прыгону поруч з подпісам «памешчык Арлоўскай губерні Іван Тургенеў», стане подпіс — «рэдактар «Современника» Мікалай Чарнышэўскі».

Падкрэсліваючы ўзаемнае разуменне надзённых задач, Чарнышэўскі напіша: «Маларускаму селяніну не было б ні на волас лягчэй, калі б усе паны ў Маларосіі былі маларосы,— як сведчыў нам Шаўчэнка».

І далёка прагрымяць заклікі вялікіх аднадумцаў пачынаць паўстанне: «К тапару клічце Русь!» і «Вастрыце так як след сякеру!»

Шырокі розгалас здабудуць гэтыя крылатыя словы, нібы выдыхнутыя адным сэрцам. Хутка абзавуцца яны ў «Мужыцкай праўдзе»: «Мужык, пакуль здужае трымаці косу і сакеру, бараніць свайго патрапіць»,— упэўнена агалосіць Кастусь Каліноўскі, а пасля і другі Кастусь — малады Колас — гукне: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

Калі слова, здабываючы разам з народам свабоду, было крыламі, паліла агнём, біла куляю, падымала знясіленых, вастрыла слых і зрок дужым, дык не знойдзецца сілы, мацнейшай за ягоную сілу. Таму, не страціўшы ні кроплі ў трываласці, не згубіўшы ніводнай іскрынкі ў агністасці, паэзія Шаўчэнкі пераступіла парог неўміручасці і прыйшла ў заваяваны і нанова адбудаваны намі свет.

 

Мы проста йшлі — у нас няма

Няпраўды зерня за душою.

 

Шаўчэнка гаварыў жорсткую праўду. Яна палохала ўбогія душы ахвотнікаў да «чыстай красы», прабітых дарог, прывычных уяўленняў. А Шаўчэнкава паэзія раскрывала перад вачыма карціны бязлітасныя.

Бацька забівае сваіх сыноў, баючыся, што яны могуць стаць здраднікамі. На плячах нясе ён маленькія цельцы ў стэп і капае для іх апошні схоў тым самым пасвянцоным нажом, якім прывёў у выкананне свой бацькоўскі прысуд. Нема крычыць душа, трагедыя перавышае межы чалавечага ўспрымання. Ці магло гэта змясціцца ў драматургічныя або хоць якія літаратурныя рамкі да Шаўчэнкі!

І галоўнае: надмерны груз перажывання, цяжар спрэчкі абавязку мсціўца з бацькавай любоўю прыняла на сябе не асоба з «вышэйшых колаў», якім, паводле прызвычаеных у літаратуры канонаў, былі даступны высокія пачуцці, а звычайны мужык, каго народная помста паставіла на чале паўстання.

Страшны касцёр залівае святлом страшны бацькаў занятак — над ім і над ямінай

 

...Умань палае,

Свеціць Гонту пры рабоце

І на дзетак свеціць.

 

Чалавек не хавае сыноў, перадаючы зямлі ў спрат сваё найдарожшае, а робіць работу. У гэтым самае трагічнае. Бо і ў хвіліны найбольшага гора чалавек не можа забыцца, што трэба даглядаць і ўрабляць зямлю, бо і ачышчэнне гэтай зямлі ад ворагаў для яго таксама работа, якая патрабуе, акрамя ваяцкага поту, яшчэ і крывавага мазаля і самое крыві.

Асэнсаванне барацьбы народа як работы вызваляе расказаную Шаўчэнкам гісторыю ад покрываў антычнай трагедыі і ператварае яе ў трагедыю новага часу і веку, ніяк не меншую па ўзвышанасці і драматызму.

Проста з памяці людское пераліў гэты твор у радкі паэт, прыгонны, сын і ўнук прыгоннага, на чыіх вачах і адбываліся падзеі. Ён паказаў нам не адну такую трагедыю.

Бадзяга-варнак пускаў «пад нож усё, што панам звалі», распінаў голую паненку на кані і выганяў яго ў стэп, а панскага дзіцёнка «пражыў, нібыта жабу, на ражне».

Пан з маладою жонкай пасля шлюбу вярнуўся з касцёла. За гэтую пару

 

Нічога лепшага сам бог

Не бачыў на зямлі вялікай...

А мы сустрэлі іх, і ўсіх —

Кпяжат, панят і маладых —

Усіх парэзалі. Рудою

Вяселле ўмылася.

 

Не могучы стрываць цяжару жахлівых злачынстваў, хацеў і сам сябе зарэзаць стары катаржнік, ды вырашыў ісці ў свет, на суд, толькі не дзяржаўны, панскі, а «суда людскога ў людзей прасіць». Такі суд ён прызнае і спакойна чакае яго, бо можа расказаць, што ён выцерпеў, пазіраючы з сашчэпленымі зубамі на панічоў, якія «селавых дзяўчат, як бугаі, перабіралі».

Адзін з гэтых панічоў разбіў ягонае вяселле, разліў нарыхтаванае піва, зганьбіў абранніцу. Тады і варнак дапільнаваў часу, калі пан ішоў з-пад вянца, і разлічыўся. Хай цяпер карае яго суд людзей, суд сумленных, калі прызнае вінаватым.

Шаўчэнка не выносіць сам прысуду, аддаючы яго на волю народа, і яшчэ ў адной, не чутай да яго трагедыі.

Сымон Босы, Іван Голы і Іван Ярашэнка, трое слаўных запарожцаў, прыехалі ў сваты да красуні Кацярыны. За адну гадзіну, прабытую з ёю разам, адзін абяцае дзяўчыне ўсё золата, колькі б яго ні ўдалося прыдбаць, другі — усю сваю сілу, а трэці кажа, што няма такой справы, якой не зрабіў бы ён для прыгажуні.

«Хто вызваліць майго брата з татарскага палону, за таго і пайду»,— адказала Кацярына.

Паехалі казакі. Утапіўся ў Дняпры Сымон Босы, пасадзілі на кол Івана Голага, а Іван Ярашэнка дастаўся да Бахчысарая і, рызыкуючы жыццём, прывёў да Кацярыны чаканага палонніка.

Заплакала, загаласіла дзяўчына. Прызналася, што ашукала яна казакоў, што не брат гэта, а яе любы.

Вызвалены казак, каму яго вызваліцелі — і жывы, і тыя, што загінулі,— сталі сапраўды братамі, адсякае каханай галаву і едзе «вецер даганяць».

Пачуццё павяло Кацярыну на падман, але не прызнала кранутага няпраўдай кахання суровая казацкая дружба, змацаваная пагібеллю двух пабрацімаў.

Часам даводзіцца чуць, як з усмешкай спяваецца Шаўчэнкаў верш пра дзяўчыну, якая, рвучы арэхі, цалавала для пацехі млынара, збіраючы апенькі, абдымалася з рымарам, ходзячы па дровы, кахалася з бондарам. Потым давялося адказаць маці, што не аднаго будзе мець зяця старая, а «ўсіх, усіх».

Так, усіх. Бо ўжо ніхто не адважыцца весці пад вянец зняслаўленую ў вачах даўнейшай вёскі. Але ж не салодкае жыццё кінула дзяўчыну на выпадковую ласку аднаго, другога, трэцяга. Можа і яна бачыла столькі ж прасветласці, як тая сіротка, што перад сяброўкамі, якія выхваляліся сваімі абновамі, істужкамі і вышыванымі кашулькамі, магла адно сказаць: «А я ў папа абедала».

Занадта цяжкі лёс у беднай збіральніцы грыбоў і арэхаў, каб мы маглі цяпер спяваць аб ім усміхаючыся.

У тым і змяшчаецца веліч Шаўчэнкі, што ён адкрыў свету, як б’ецца высакароднае сэрца пад зрэбнай кашуляй, як у звычайнай мужычай душы выспявае высокая трагедыя. Гэта ён адкрыў, але пачуў падзяку не адразу і далёка не ад усіх. Царызм аддзякаваў яму здачай у салдаты, забаронай пісаць і маляваць. А колькі было выкпівання, фарысейскага паляпвання па плячы: маўляў, мужыка на мужычае цягне! Іменна пра іх, фарысеяў з ліслівым вокам і куслівай душою, сказаў паэт:

 

Не так тыя ворагі,

Як добрыя людзі,

Абакрадуць, шкадуючы,

Плачучы, засудзяць.

 

Нечувана новая, зусім адменная ад усяго вядомага з’ява, як Шаўчэнка, палохала тагачаснае літаратурнае асяроддзе, у адных выклікаючы варожасць, а ў другіх — разгубленасць ці неўразуменне.

Нават вялікі пісьменнік, забыўшыся на рэзкія фарбы і вострыя пахі свайго «Сарочынскага кірмашу», кінуў іранічнае слоўца, што ад твораў Шаўчэнкі занадта «дзёгцем патыхала».

Што ж рабіць!

Напэўна, нехта з продкаў паэта, па-майстэрску валодаючы шылам і дратваю, шыў запарожскім казакам зухаўскія чобаты з вырабленага на дзёгці тавару. Яшчэ паэтаў дзед Іван насіў прозвішча Швец, якое проста пальцам паказвала на колішняе ўмельства прадзеда. Сын Рыгор ужо стаў Шаўчэнкам, гэта значыць атожылкам працавітага роду шаўцоў, а ўнук Тарас употай занатоўвае вершы ў маленькую кніжачку, захаляўную, бо даводзілася перахоўваць яе ад «пільнага вока» за халявай грубага салдацкага бота.

Каб і хацеў, як жа тут усцеражэшся ад дзёгцю!

З вяршыні новага стагоддзя можна з паблажлівай усмешкай ацаніць упічкі Гогаля і дакоры яго вялікага крытыка, які не прыняў «Гайдамакаў» і ў прыватным лісце асудзіў шаўчэнкаўскі «Сон», нават не чытаўшы. Аднак не забываецца, як той жа Бялінскі пісаў, што яму прыемна бачыць імя Шаўчэнкі «на кніжцы, якая ў поўнай меры заслугоўвае ўхвалу крытыкі».

Нам дадзена зразумець гэта. «Мая натура вечна ў крайнасцях»,— пасведчыў сам Бялінскі. Мы адчуваем заўсёдны палемічны запал яго агністай душы, на якой не маглі не адбіцца і розныя няпэўныя чуткі, што шырыліся дробнымі чалавечкамі вакол імені Шаўчэнкі. Нарэшце, мы помнім другі ліст, які называюць палітычным запаветам Бялінскага, дзе гаворка ідзе аб ролі пісьменнікаў, «адзіных правадыроў, абаронцаў, уратавальнікаў ад рускага самаўладства», аб прадмеце, вышэйшым за тую ці іншую асобу,— «аб ісціне, аб рускім грамадстве, аб Расіі».

А чыё ж, як не Шаўчэнкава, слова выкрывала ў «Сне» самаўладства, а хто, як не ён, паставіў гэтым творам сябе ў строй ратавальнікаў усяе прыгнечанай краіны ад цемрашальства і абсалютызму, што

 

...нясытым вокам

За край свету зазірае,

Ці няма краіны,

Каб загрэбці і з сабою

Ўзяць у дамавіну.

 

Так няўхільна адганяецца часам туманок выпадковага непаразумення ад мужных абліччаў народных асілкаў і ва ўсёй непаўторнасці паўстае іх духоўная еднасць, сяброў па зброі, братоў па духу.

«Дзённік» Шаўчэнкі, а вёў яго паэт, дарэчы сказаць, па-руску, як нельга лепш перадае благагавейную пашану пісьменніка да Гогаля і Шчадрына, да культуры і мовы вялікага братняга народа.

Шкадуючы, што дрэнна валодае рускім вершам, Шаўчэнка зазначаў: «Юродзівага» трэба абавязкова напісаць па-руску».

Асабістыя і духоўныя сувязі паэта з рускімі рэвалюцыйнымі дэмакратамі абумовілі і яго блізасць да рэвалюцыйных колаў іншых нацыянальнасцей.

Мы не ведаем зместу сяброўскіх гутарак высланага Шаўчэнкі з непасрэдным практыкам польскага паўстання Зыгмунтам Серакоўскім. Зусім верагодна, што ён пазнаёміў паэта і са сваім паплечнікам, Кастусём Каліноўскім. Цікава было б дазнацца пра гэта дый пра тое, ці не трапілі да паэта вершы Чачота, якому, праўда, крыху раней, давялося пабыць ў тых жа «не вельмі аддаленых месцах», дзе апынуліся Шаўчэнка з Серакоўскім. Вядома, што «Наследаванне Эдуарду Саве» пераклікаецца з народнай песняй чачотаўскага зборніка. Нельга сказаць, каб гэты крыху ідылічны малюнак сямейнага шчасця выбіваўся з паэтычнага строю Шаўчэнкі, ён хутчэй перадае жаданне паэта бачыць людзей шчаслівымі.

 

Ці жаць, ці не жаць,

А пасеяць трэба,—

 

гаварыў Шаўчэнка вуснамі сляпога, якому,

 

Як лату на лату,

На сэрца журботу нашылі гады.

 

На розную глебу, не мінаючы ніводнага выпадку, сеяў паэт веру ў неабходнасць народнай помсты, не ведаў ён зморы, ні на хвіліну не сумняваўся ў лёсе свайго засеву, а меў пэўнасць, што пасеянае вырасце нажамі, «вострымі з бакоў абодвух». Хоць хто, а збярэ ўсё ж такі гэты ўраджай!

Чалавечае цярпенне вычарпалася да астатку, і не было ўжо змогі глядзець на пакуты і руйнаванне:

 

Вось так, бацька! Я шчаслівы,

Што вачэй не маю,

Што нічога больш на свеце

Не бачу, не знаю.

 

Жудасная мера для чалавечага шчасця! Яе мог знайсці толькі той, каго «хоць і білі, але добра, шмат чаму наўчылі».

Услухаймася ў гэтыя словы. «Гэй вы, відушчыя,— чуецца набраклы стрыманым гневам голас,— дакуль вы будзеце трываць! Няўжо і вы хочаце раздзяліць «шчасце» страціўшых зрок і долю «добра» бітых?»

Доля — рэч няпэўная, яна можа паказацца і ўцячы, падражніваючыся, толькі злая доля моцна ўмайстроўваецца на мужыцкім карку.

 

Той блукае за марамі,

Свет пераплывае,

Ходзіць следам за доляю,

А долі не мае.

Як памерла! Іншы рвецца

На ўсю сваю сілу

За доляю... Вось-вось дагнаў,

І — гоп у магілу!

А ў трэцяга, як у старца,

Ні хаты, ні поля,

Адна торба, а з той торбы

Выглядае доля,

Як дзіцятка, а ён яе

Лае, праклінае,

У карчомцы закладае —

Не, не пакідае!

 

«Чалавеку трэба свая доля,— зноў з-за радка падказвае нам паэт.— Нашто шукаць яе за светам, калі можна здабыць дома, перайначыць злую на добрую». Так чытаецца ўвесь Шаўчэнка.

Што б, здавалася, прасцей: хлопец развітваецца з дзяўчынай. Звычайная тэма не аднаго мільёна вершаў, напісаных на бяросце і на пергаменце, гусінымі пёрамі і аўтаматычнымі ручкамі. А ў Шаўчэнкі за постаццю дзяўчыны ўзвышаецца вобраз бясконца дарагой, скрыўджанай краіны. Паэтаў смутак па другу ўспрымаецца як прага ўбачыць народнага мсціўца, ці «апостала праўды і навукі».

Было б памылкаю меркаваць, што такое прыхаванае выказванне думак было спосабам абмінуць цэнзурныя забароны, хоць і пра гэта мусіў дбаць паэт.

Багатыя таленты заўсёды перапоўнены ўнутраным зместам, дасведчаннем свае асобы, перапрацаваўшай дзесьці ў патайнай глыбіні практыку навакольнага свету, і, падобна вулканам, кожную хвіліну гатовы выбухнуць гарачаю лаваю карцін і вобразаў. Але такой шчодрасці спадарожнічае ўмельства абмежаваць сябе. Таму ў творах выключных, якія пішуцца раз на стагоддзе, за радком можна прачытаць куды больш, чым у самім радку. Гэта датычыцца і тых твораў, дзе Шаўчэнка, не азіраючыся на цэнзуру, гаварыў на ўвесь голас пра зямных уладароў.

З забойчай іроніяй звяртаецца паэт на «вы» да старэнькай сястры Апалона, музы, запрашаючы яе на дапамогу «прыдыбаць» і, узвысіўшы свой «бажэсцвенны» голас «да оды пышна-урачыстай», пачаць з ім ўдваіх «цароў, не жарты, услаўляць»:

 

Па праўдзе кажучы, самому

Дакучылі мне мужыкі,

Дзяўчаты бедныя, панкі,

Хацелася б сагнаць аскому

На каранованых главах,

На ўсіх памазаніках божых.

Не хопіць сіл? Пасобіш, можа,

З тых птахаў пер’е аскубаць

І кішкі выпускаць паможаш?

 

І блізка не магла падступіцца да такой справы старая муза, згрыбелая ахоўніца не прызнаваўшай Шаўчэнкі рэптыльнай паэзіі, на прадстаўнікоў якой і была скіравана пагарда паэта.

На гэта была здольна другая муза, акрываўленая, абшарпаная і галодная ўкраінская прыгонніца, родная сястра някрасаўскай спісягаванай бізуном маладой сялянкі.

Шаўчэнкава муза сарвала пышныя баграніцы з распуснага і плюгавага цара Давіда, «бога ў сваёй зямлі», і такога ж «нясытага блуду» князя Уладзіміра, які паланіў гордую полацкую князёўну, «растлі ю і прожене».

Выкрываўчая ўласцівасць паэтавай музы прымусіла яго прыняць іменна гэтую летапісную версію (Нестараву), не зважаючы на сведчанні гісторыі, што Рагнеда стала законнай князевай жонкай, хоць і адмаўлялася спачатку «разуці рабыніча».

Неўзабаве паэт скалануў іншы, яшчэ больш высокі трон, пасад уладара нябеснага, чыё ўсепраніклівае вока глядзела, як «братамі аруць разлогі», мучаць, распінаюць, гоняць у кайданах «святых нявольнікаў» дзекабрыстаў, глядзела і не аслепла.

Не дзіўна, што прыслужнікі абодвух тронаў, апрача ярма салдатчыны, прыдумалі паэту яшчэ цяжэйшую кару, забараніўшы яму пісаць і маляваць. Аднак не здолеў «жахлівы вопыт,— як пісаў Шаўчэнка ў «Дзённіку»,— закрануць сваімі жалезнымі кіпцюрамі мае перакананні. Паніжэнне і ганьбаванне... найдрабнейшага следу не пакінулі пасля сябе».

 

Заспяваю — мора грае,

Вецер павявае,

Стэп чарнее, і магіла

З ветрам размаўляе.

 

Усё гэта было пад сілу яму, вялікаму чараўніку слова; нават даўно анямелыя курганы пачыналі гаворку з жывымі, бо, абуджаючы мінулае, думаў ён аб сучасным і яшчэ болей аб тым, што прыйдзе. І хоць паэт называў некаторыя свае творы «паследаваннямі», не было выпадку, каб голас яго не перакрываў біблейскіх прарокаў, не вырастаў да самастойнага, шаўчэнкаўскага гучання.

Можа толькі прыдзірлівы слых зловіць у радках

 

Пра ўдавіцу-маладзіцу,

Як яна тужыла,

 

далёкую інтанацыю пушкінскага «Спой мне песню, как девица...»

Хараство мовы Шаўчэнкі неадольна-прывабнае, музычная плынь яго верша з плюскатання малой ручаіны лёгка ператвараецца ў сімфонію то ўрачыстага размаху, то журботнага рыдання.

Шмат выдатных майстроў слова нямала палажылі сілы на выкананне абавязку свайго сэрца — на пераклад Шаўчэнкі, каб зрабіць яго творы здабыткам сваіх народаў.

Аб дакладнасці і паэтычнасці перакладаў Шаўчэнкі турбуецца Максім Горкі, які яшчэ на маладых сваіх дарогах у рэвалюцыю так часта паўтараў: «І ноч ідзе і дзень ідзе».

Англійская дзяўчына Ліліян Буль, у будучым аўтар «Авадня» — Войніч, вывучае ўкраінскую мову, каб перакласці пачуты ад Сцепняка-Краўчынскага «Запавет».

Гадамі працуюць над «Кабзаром» Якуб Колас і Янка Купала, які задоўга да напісання «Тарасовай долі» задумваўся: «Чаму плача наша песня?» І адказаў: «Невясёлая цяпершчына не магла настроіць у вясёлы тон песню паэта», тым самым прымаючы і палітычную і эстэтычную праграму Шаўчэнкі:

 

Калі б вы зналі, панічы,

Дзе людзі плачуць жывучы,

Дык вы б элегій не стваралі,

Дарэмна бога б не ўслаўлялі.

За што, не знаю, называюць

Хаціну ў гаі ціхім раем?

Не мае й бог напасці злой,

Каб не вялася ў хаце той,

А хату раем называюць!

 

Глядзець на свет як на земны рай можна толькі надзеўшы лакейскую ліўрэю, а гэта «цёплы кажух, ды не на мяне шыты». Не тыя плечы і не той размах былі ў паэта, напоўненага неспакойным унутраным агнём. «Я, як майстар,— сведчыў ён у адным з лістоў,— вывучаны не горам, а нечым страшнейшым, расказваю людзям сябе...» І расказаў сябе, ператвараючыся ў казака, сляпога, катаржніка і ў многіх простых людзей, даў нам цудоўную магчымасць «адчуваць на дотык хараство чалавечай душы» (Станіслаўскі).

На шматлікіх мовах чытаецца «Кабзар» — летапіс паэтычных вандраванняў у сэрца чалавека, кніга найглыбейшай, найадданейшай любві і спапяляючай нянавісці, новы маніфест паэзіі, навука паўстання і мужнасці, скрыжалі прароцтва.

Мы жывём ужо ў тым дні, які бачыўся паэту з яго «незамкнёнай турмы»:

 

І праўда на зямлю зляціць...

Святло сляпым праніжа вочы,

Нібы алень, кульгавы ўскочыць,

Нямыя вусны загавораць,

Прарвецца слова на прасторы,

І ў непалітыя пустыні

Струмень вады гаючай хлыне,

Яны прачнуцца, паплывуць

Імкліва рэкі, а азёры

Наўкол гаямі парастуць,

Вясёлым птаствам ажывуць.

 

І здаецца, сам ён, ганаровы грамадзянін выснена­га ім свету, просты чалавек з высокім чалом мудраца, пазірае з насыпанага нашай любоўю надрэчнага кур­гана і на любы Дняпро, і на зялёныя лугі, і на сыноў сваіх, што завіхаюцца на рабоце «ў сям’і вольнай, но­вай», глядзіць і не можа наглядзецца, і гукае на ўвесь стэп: «Добра, хлопцы, добра!»

1967

1   Цытаты падаюцца ў перакладзе аўтара.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан