epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Чырвоная камяніца

 

 

Ногі нездарма прывялі сюды Дземеша. Дом насупраць быў знаёмы здаўна і ненавісны яму, хоць і тады, і цяпер ён разумеў: не сам жа будынак агнюсіў сябе, прылажылі руку людзі. Але, што ні кажы, гэты дом быў вораг, каго ён асочваў некалі сем доўгіх дзён і сем яшчэ даўжэйшых начэй.

І вось цяпер, калі сыходзіў тэрмін гасцявання ў горадзе, Дземеш вырваў хвіліну пабыць па месцы свае першай адказнай турботы, першага падпольнага задання.

Якраз у гэты дзень дом меўся спыніць існаванне. Дземеш з крыху зласлівай, непрыемнай самому сабе радасцю чакаў, як гэта будзе адбывацца. Варухнулася надзея: а можа?.. Можа возьме дый раскрыецца недагледжанае ў імгле і ўпоцемку тых ветраных дзён і начэй?

А пакуль што, верны сваёй заўсёднай звычцы, разгарнуў падарожны альбомчык і пачаў накідваць усё, на чым спыняліся вочы.

 

Разгайдаўшы на тросе чыгунную ігрушу ніштаватай вагі, кран раз-поразу шпурляў яе ў сцяну дома. Чырвоная старасвецкая цэгла і не думала паддавацца. Дом стаяў, як стаяў увесь свой немалы век, хоць быў ужо без даху, зеўраў пустымі вокнамі і проймамі дзвярэй, павыдзіраных разам з вушакамі.

Хлопец у сіняй майцы выключыў матор і сышоў па сходцах на зямлю.

— Казаў жа ім,— дакараў ён некага адсутнага, закурваючы,— было слухаць. А то рвалі, ды недарвалі. Што ж я яго — зубамі ўгрызу?

Сказаў і ўсміхнуўся, відаць, з абвыкласці сказанага. Час ідзе, зыначваюцца і меркі мацунку: дзе ўжо тым чалавечым зубам брацца за мур! Гэта даўней іхняя сіла здавалася сур’ёзнаю, ды толькі прыказка засталася на ўспамін.

— А ты лепш пастукай, любачка! — Пад рукі кранаўшчыку аднекуль, як быццам з-пад крана, вынырнуў дробнай косці, але ўхарчаваны чалавек, з выгляду брыгадзір.— Разкоў з дзесяць хаця б гупні!

— Нагупаўся, другую змену па ўсіх баках яму гупаю,— панура абазваўся кранаўшчык і палез на месца.

Вакол Дземеша сабраўся невялікі натоўп ахвотнікаў да здарэння, аднолькава радых гадзінамі вісець на мосце ў паводку ці бегчы глядзець пажару, а не трапляецца нічога цікавейшага — згодны паўзірацца, як расчышчаюць пляцы для новых забудоў. Дземешу і сапраўды было цікава: разглядаць твары добраахвотных назіральнікаў, слухаць, як бурчыць кранаўшчык і як яго ласкава ўгаворвае чалавек, што выглядае сама меней на брыгадзіра.

— Зараз гупнеш, любачка? Гупні, гупні.

Папабіваць мур давялося даўгавата, і ўсё ж кранаўшчык дамогся свайго. Глухая сцяна нібыта закрактала з натугі, зверху ўніз пазначылася крывая расколіна, і па ёй пасыпалася ручайка рудога друзу. Яшчэ ўдар, яшчэ — і ўвесь будынак, скрышыўшыся дзесьці пасярэдзіне, варухнуў сценамі, нібы ўзмахнуў рукамі на адвітанне, і пачаў аб’язджаць доле, развальваючыся ў розныя бакі.

— Быў дом — і няма дома,— пашкадаваў нехта, і людзі сталі разыходзіцца.

Дземеш азірнуўся на голас:

— Шкадуеце, як сваяка ўсё роўна.

Стары чалавек у даўгой кашулі, падпяразанай ваеннаю папругай, ахвотна адказаў:

— Чаму ж бы і не сваяк? Я каля яго верхам на кійку ездзіў,— во, здавалася, аграмадзіна! Бруку на вуліцы не было, зялёная трава расла. А гразота! Хто пакладзе каля ганка дошку, усім прахожым дабро зробіць. Каторыя гаспадары ўдоўж дошкі клалі, каторыя — упоперак, як хто...

— Нягуста,— пасміхнуўся Дземеш.

— І шкадаваць, па праўдзе сказаўшы, няма чаго,— чалавек, падобны да брыгадзіра, прылучыўся да іх.— Камянічка на два паверхі, чатыры кватэркі, а выгоды — адзін кран і прыбіральня адна на ўсіх, дый то ўнізе. Смех...

Не паспеў Дземеш здзівіцца з такой дасведчанасці, відаць, чалавеку во як замінала гэта будыніна, і ён горача адстойваў неабходнасць зносу, як думку перабіў гаваркі стары:

— Камянічка! — зняважліва перадражніў ён.— Два паверхі! А вы ведаеце, што гэта за яна? Бачылі, як моцна трымала свае два паверхі? Да апошняга ўздыху, можна сказаць. Не на дзень стараліся будаваць. Дый муляры тутэйшыя ў славе былі. Вы як мастак,— ён паглядзеў на Дземешаў малюнак,— прыкмецілі гэта. Добра, схапілі хоць выраз дома перад сконам...

Стары быў, відавочна, патрыёт горада, і яму балела сэрца за лёс старасвецкіх забудоў. Чалавеку, падобнаму да брыгадзіра, давялося абазвацца больш лагодна:

— Каб на маю волю, дык і я б такіх дамоў не зачапіў...

— Дзіўна! Вы так падганялі кранаўшчыка...— Дземеш адчуў, як у ім абуджаецца цікавасць.— Вы не прараб часамі?

— Угадалі амаль: інжынер-будаўнік. Але не тутэйшы. Жыву...— Ён назваў горад за Смаленскам.— Завістовіч, Карней Сямёнавіч.

Дземеш паціснуў працягнутую руку і таксама назваўся.

— Не магу,— тлумачыў Завістовіч,— не магу глядзець, калі работа не клеіцца. Я ў адпачынку зараз, спецыяльна сюды прыехаў. Такое месца — пашукаць! Лес блізка, вады многа. І сёння выбіраўся за горад, пацешыцца на цёплым сонейку... А стаў каля гэтага хлапчука і прыстыў душою. Якая ў яго практыка? З рамесніцкага толькі-толькі. Падкажу, думаю...

— Знаёмствам не абцяжваю,— рухам, поўным уласнае годнасці, перапыніў стары,— проста заўважу: лёс дзеліць няроўна. Дом — у ім і жыць, і ўстановы трымаць можна было, чамусьці ўзяў адбыў, скончыўся... А вунь таго старца бачыце? Сам просіцца на дровы, ды не пускае нехта.

Дземеш павёў вачыма за яго рукою. Зусім поруч з разгалістым клёнам урастаў у зямлю касабокі дамок пад гонтамі. Не прыкмеціць яго ў розруху будаўнічай пляцоўкі, дзе падвышаліся беласценныя шматпавярховікі, было няцяжка. Каму хочаш, але не Дземешу! Ён здалёк убачыў дах у зялёным моху, кветкі на падаконнях і ледзь не гукнуў: «Жывеш, браток?»

Гэта быў дом-друг, дом-абаронца, шмат каму даваў схоў і прытулак, ваяваў, адно не адстрэльваўся.

Усе ўтрох, як змовіўшыся, перайшлі пад клён да драўлянага дома.

— Майго сябра работа,— стары паказаў на лавачку каля ганка.— Каласоўскі тут жыў да вайны, у адной школе працавалі. Нас яшчэ братамі лічылі: і ў мяне такое ж прозвішча.

Селі і маўчалі. Сама сабою прыйшла хвіліна прыгадаць: кожнаму пра сваё.

— А думаеце,— Завістовіч адрасаваўся да старога настаўніка,— доўга ўстоіць гэты дамок? Што, яго людзям жыць пакінулі? Зрабіла брыгада бытоўку сабе — прысесці перакусіць, ды трэба ж недзе пераапрануцца пасля работы.

— Дакладненька ўсё ведаеце,— паціснуў плячыма Каласоўскі.

— Чаму ж не ведаць? Сам так прыстасоўваю, новага ж не пабудуешся...

— А я думаў, вопыт у калег пераймаеце. Не першы дзень тут вас бачу.

Дземеш зірнуў на Завістовіча, той хмыкнуў і зарагатаў.

— Многа тут розных людзей ходзіць. У кожнага свой інтэрас: хто па вопыт, а хто на які матэрыялец разжыцца ў будаўнікоў...

Каласоўскі, пратэстуючы, падняў руку.

— Ды хіба я пра вас? Хадзіце на здароўе,— Завістовіч нібыта прасіў прабачэння і ўслед падколваў: — Я, праўда, не быў тут дагэтуль. Здалося вам, недабачваеце, мусіць...

— І дабачваю, і дачуваю, дарагі. Ды яшчэ маю дрэнную звычку не маўчаць, калі дзе не па маім воку. Так што ў пэўны час быў нахапаўся непрыемнасцей. Зрэшты,— Каласоўскі раптам загаварыў лагодней,— можа і лепш гэтаму дому не стаяць цяпер. Не падымаць гаркоты ў сэрцы.,.

— Гуманна,— Дземеш пачуў у голасе настаўніка хваляванне і памкнуўся супакоіць яго.— Гуманна не трывожыць людзей цяжкімі ўспамінамі. Але, даруйце мне, як асцерагчы свет ад новай бяды? Мусіць, памяць павінна быць у пэўнай меры жорсткай, няўмольнай, калі хочаце...

— Бясконца нагадваць, клікаць да помсты? — неяк калюча перапытаў Завістовіч.

— Я не так думаў... Адпомшчанне адбылося, можа не ўсіх дагнала, няхай. Над прахам герояў і ахвяр усталі помнікі і абеліскі. Іх падняла хваля вялікага смутку і падзякі жывых. Нас з вамі, усіх, што бачылі адсутных у твар, чулі іх галасы.

Каласоўскі ўхвальна паківаў галавою: гавары, гавары...

— А як тыя, хто прыйдзе за намі? Момант асабістага яднання — сумесныя хваляванні, любоў да загінуўшых, дружба з імі — усё гэта будзе страчана для наступнікаў. Хацелася б зрабіць такое, што ўваскрашала б воблікі, гаворкі, не давала ім гаснуць. Каб у будучым не проста ведалі імёны і подзвігі, каб адчувалі прысутнасць адсутных блізка, як мы зараз.

— І што вы рыхтуеце чалавеку? Усе павінны насіць жалобу, чорныя павязкі на рукавах? — Завістовіч прыжмурыўся, як відаць, пераконаны ў неабвержнасці сваіх слоў.

— Не, я падумаў: вось такія дамы — гатовыя помнікі. У іх можна захаваць тое, аб чым я гаварыў.

— А я пагаджаюся з шаноўным педагогам: лепш, каб ад іх ні следу, ні знаку. Сыпаць зноў соль на раны? І так хопіць, людзі занадта ўсяго перажылі.

Як быццам не чуючы, што гаворыцца, Каласоўскі падкрэслена звярнуўся да аднаго Дземеша:

— Людзі звычайна не супроць, каб было знаць, як яны хадзілі па зямлі. Не для славы, вядома, для палёгкі другім. Бо след на след — і культура, можна лічыць, прыступка ў заўтрашні дзень. Каму рупіць ступаць без знаку, чуць што — кідаюцца заціраць падлогу. А таго не ведаюць: у іх, як у Невідзімкі — бачылі фільм? — самога не відно, а сляды на снезе — чорныя, ланцужком...

Дземеш слухаў, пытаючы ў сябе, дзе яму даводзілася чуць гэты голас. Завістовіч нецярпліва варушыўся, здавалася, больш цікавіўся, як кранаўшчык разбівае абломкі сцен на меншыя кавалкі, рыхтуючы друз да вывазкі.

— Што, карціць туды? — пасміхнуўся Каласоўскі і зараз жа загаварыў да Дземеша: — Мне да сэрца ваша думка, як звязаць учора і заўтра эмацыянальна. Шкада, няма яшчэ ў чалавецтва спосабу аднаўляць гукі. Тыя сцены нарасказвалі б шмат, каб выпадкам загаварылі. Цяпер ужо не вернеш... Гісторыю гэтага дома чулі?

Не чакаючы пацвярджэння, а Дземеша нешта ўтрымала, не прызнаўся, што ведае, ён гаварыў зноў:

— Гестапа — установа, здаецца, не патрабуе рэкамендацый,— наладзіла ў ім катавальню. Жыхароў сагналі ў гета, а сюды вазілі дапытваць свае ахвяры. Ну, і зазывалі тых, хто іх выдаў, быццам сведак розных. Гэта ўжо, калі нічога не выб’юць з чалавека, прыпіралі да сцяны вочнымі стаўкамі. Хітра прыдумана! Выйшаў нехта, пабыўшы ў гэтай пастцы, вось і разбяры, хто ён і што ён? Свой, ці выпадкова злоўлены, або самы што ні на ёсць гад печаны: прыйшоў на здраду сваімі ножкамі і гэтаксама пайшоў, зрабіўшы чорную справу. Сляды здраднікаў запарушваліся...

Каласоўскі памаўчаў, глянуў на сваіх слухачоў, нечаму зноў пасміхнуўся, хоць словы і не хінулі да ўсмешкі.

— Але,— ён зрабіў яшчэ паўзу,— дамы знікаюць, а сляды застаюцца. Вось і гэты дзядуля,— стары стаў тварам да касабокага дамочка,— хто ён? Сведка, так, сведка. Да часу, вядома, а ўсё ж застаўся. Пэўна, і з людзей нехта знойдзецца...

Гэта прагучала для Дземеша як пытанне. Каласоўскі не гаварыў проста нічога пэўнага, хадзіў увесь час поблізу ад таго, што не давала спакою Дземешавым думкам. Спытацца, сказаць пра сваю турботу?

Але не паспеў, Каласоўскі папрасіў прабачэння: сустрэча з юнымі натуралістамі, вельмі шкадуе — хораша размаўляецца.

— Будзе час і ахвота — зайдзіце,— ён назваў суседнюю вуліцу і дом.

Дземеш помніў гэты адрас, там у час вайны была падпольная кватэра, дзе яму давялося пражыць некалькі дзён.

— Пасядзім у мяне ў садку-халадку. Далажу ўсё з самага пачатку. Хто будаваў гэту камяніцу? Быў такі Грынблат. Не той, што папяровую краму трымаў, а з купцоўскага роду, жывёлай гандляваў. Каторы сп’яну ў цыганоў бугая замест каровы купіў. На памяці майго дзеда было, расказваў, увесь слуцкі рынак з рогату клаўся.

Паціскаючы руку, Каласоўскі пацікавіўся:

— Дзе што парабляеце? У нас не жылі часам?

З тым і адышоў, відавочна, здаволены, што Дземеш родам з недалёкага прыгараду, быў тут і ў вайну, вучыўся на мастака і некалькі гадоў працуе на поўдні. А прыязджаў у госці, як і кожны год, на дзень вызвалення горада.

 

Сядзелі, гаварылі, абы гаварыць. Раптам закраналі нячэпанае, недзе з глыбіні. Бывае ж так: трымае-трымае нешта ў сабе чалавек, не даверыць кароткаму сябру, нават у хвіліны шчырасці, а возьме ды выкладзецца перад выпадковым сустрэчным, каго, можна мець пэўнасць, бачыць першы і апошні раз.

Разгаварыўшыся каля камяніцы, Дземеш і Завістовіч вярнуліся ў гасцініцу, а разысціся не маглі. Заказалі ў нумар абед, недзе ў сярэдзіне дня, даседзелі да вячэры, потым колькі разоў турбавалі афіцыянта на дробныя выклікі.

Адзін з іх здагадваўся: ягоны суразмоўнік — не зусім тое, чым хоча здацца, дык ці няма ў ім нітачкі да звязаных з домам падзей; магчыма, выгарнуцца і ўсе яны, страшныя і крывавыя, цалкам; другі ведаў, хутчэй — скураю адчуваў: перад ім сядзіць само адпомшчанне, не размаўляе, а правіць нябачны і нячутны суд, і пайсці адсюль проста — не пойдзеш. Праўда, у гэтага адпомшчання, як і ў багіні правасуддзя, павязка на вачах. Значыць, шанс ёсць, трэба дазнацца: ці тут што ведаюць напэўна, ці толькі ходзяць вобмацкам.

Зараз гаворку выбіла на плыткае, і адзін пачаў спадзявацца — пэўна, усё абыдзецца, а другі амаль шкадаваў, чаму не завітаў у садок-халадок, на запросіны Каласоўскага: той ведае многа, трэба ўсё ж зайсці, пашукаць следу разам.

Завістовіч абіраў апельсін, старанна расхінаючы пакроеную на пялёсткі аранжавую лупіну; было дзіўнавата — плод зноў ператвараўся ў кветку. Рыхлае аблічча малочна-цьмянага нездаровага колеру не выказвала больш нічога, менавіта адну гэту стараннасць, тое ж падкрэслівала і адвешаная губа. Кароткія пальцы, здавалася б, нязграбныя, завіхаліся ў зайздросным спрыце, хоць пазногці на іх былі не як ва ўсіх людзей, а парасплескваныя, нібыта іх пераехалі колам ці патрымалі ў цісках на варштаце. Гэта зусім не замінала пальцам падчэпліваць і абдзіраць з мякаці плада белыя валаконцы, усе да аднаго.

Дземеш адзначыў у памяці: губу адвешваюць добрыя, бязвольныя людзі. А вось расплесканых пазногцяў, прыкмета вучыць, сцеражыся — чалавек благі. І малыя безудзельныя вочкі, на якія чамусьці кажуць — свіныя, былі мітуслівыя, не знаходзілі ўпынку, глядзелі міма, за акно.

Уласнік іх адлажыў на талерку ачышчаны апельсін і зноў, каторы ўжо раз за вечар, правёў рукою па шчацэ.

— Паслухаў вас, не пайшоў у цырульню...

— Зноў упікаеце? — Гэта частае агладжванне твару раздражняла Дземеша.— Кажыце лепш проста: надакучыла, хочацца ўцячы. Або прыдумайце іншую зачэпку...

— Нікуды я не збіраюся, кепска адчуваю сябе: калі на твары лішняе, быццам не мыўся. Гэта такая дакука, каб вы ведалі: пагалю адну шчаку, не паспею ўправіцца з другою, мац — тая ўжо гатова, абрасла.

— Вам бы ў цырульню перабрацца на жыццё.

— Ну! Каб не свае рукі, не хапіла б часу на работу. Галюся небяспечнай, рана і ўвечары. А як госці надарацца, дык і ўсе тры разы скрабуся.

— Шанцуе, значыць. Я недзе чытаў, нібыта так гоніць волас ва ўдачлівых.

— Якая ў мяне ўдача! Не галодны, жонка на сябе зарабляе. Праўда, агораў у дачным пасёлку будачку. Гэта яшчэ тое-сёе ў дом: рамачка мёду, кошык яблыкаў. За колькі год раз толькі ў адпачынак выбраўся! Вось і ўсяе ўдачы: цікавы горад наведаў, спачыў...

Гаворка канчаткова села на меліну. Маўчаць Завістовічу, мусібыць, было яшчэ горш, і ён вярнуўся на плынь ранішняй сустрэчы ўтраіх, не прадчуваючы, чаго гэта можа каштаваць.

— Вы казалі там на старыя дамы — гатовыя помнікі. Напакідаем такіх катушкоў, у вуліцы твару не будзе... Як будавацца?

— А так: высотны прыгажун і поруч даўнейшы гаротнік. Учора і сёння, радасць і гора.

— Вы фантазёр, дарагі мастак!

— Чаму? Паспрабуйце ў камяніцы, якую мы з вамі сёння хавалі, узнавіць, як жылі людзі і што вытваралі ў іхнім жытле нелюдзі. І адзін пакой, апошні, засяліць дакументамі, толькі фота і вытрымкамі з дакументаў: сапраўдных загадаў, пратаколаў. Хай іграе ціхая музыка, наведвальнікі паволі ідуць і чытаюць. На адной сцяне — імёны патрыётаў, што рабілі да вайны, чаму навучыліся ў вайну, каб не быць пад ворагам... І на каторым гадку ў іх адабралі жыццё...

— Яшчэ адна анкета.

— Няхай сабе. Але з яе відаць будзе мужнасць. Жыла, скажам, дзяўчынка, рыхтавала далікатныя тканкі пад мікраскоп, таямніцу бялка разгадвала. А давялося — не разважала, не задумвалася! — пацягнула тол на чыгуначную наспу. І не войкнула, калі яе разарвалі, прывязаўшы да дзвюх зялёных бярэзін...

— Задума — шырокая...

Не даслухаўшы, Дземеш падхваціўся з месца, амаль прабег па пакоі і стаў насупраць Завістовіча:

— А на другой сцяне... Другая сцяна ў гэтым пакоі павінна быць чорная: спіс злачынстваў і злачынцаў, катаў і здраднікаў. Таксама падрабязны. Каб усе ведалі, каго праклінаць, з якога боку можа прыляцець іскра і куля.

— Баюся за вас,— Завістовіч не хаваў усмешкі.— Паветраныя замкі. Дын ці не пахне гэта ўвекавечаннем здрады.

— Ніяк. Толькі ганьбаваннем яе. А значыць, і вынішчэннем. Раз і назаўсёды. Вось чаму я не спяшаўся б выгладжваць зямлю ад руін.

— Бывае, бывае... Часамі і з-пад руін нешта выблісне...

Насупраць на сцяне муляла вочы звычайная аздоба нумароў і фае, дрэнная копія з добрай карціны.

Дземеш глядзеў перад сабою і чакаў: гавары!

— Ну, скажам, трапіцца гарнушак з фамільнымі каштоўнасцямі або скрутак папер...

— А знайдзіся паперы з таго дома,— падкрэсліў Дземеш,— вам было б цікава?

Завістовіч падняў вочы, нібыта здзівіўся, але збянтэжанне яго не здоўжылася.

— Было б! А раптам — тайнік, весткі пра невядомы подзвіг — і новы герой. Ты быў пры гэтым, вось і сам быццам прычыніўся да нечага вялікага.

Ён адпіў віна, пасмактаў дольку апельсіна. Дземешу кінулася ў вочы, як трымае свой бакал яго суразмоўнік: схапіў за тонкае горлейка і нібыта пачаў душыць моцнымі пляскатымі пальцамі. Завістовіч перахапіў позірк, мусіць, адгадаў, што падумалася, бо паставіў бакал на сурвэтку.

— І гарнушак знайсці не пашкодзіла б,— пафаснае адценне ў яго голасе змянілася на больш простае і цёплае.— Мне паспелі расказаць тут: халупы ламалі на беразе ракі. Сцены ўжо ляжалі, экскаватаршчык печы разбіваў. Ляснуў па адной, а адтуль — залатыя манеты... Цэлы ручай!

Захапленне Завістовіча было амаль дзіцячае і выклікала дзіўны давер да гэтых яго слоў.

— Не наша з вамі ўдача,— у тон апавядальніку нібы пашкадаваў Дземеш.

— І не яго. Не таго, што знайшоў.

— Не адзначылі за находку? — Дземеш зрабіў выгляд, што не зразумеў.

— Не адзін ён там быў.

— А-а! — нарэшце здагадаўся Дземеш: — Не ўдалося нічога адхаваць.

Сказаў і пашкадаваў: няхай бы выгаворваўся!

Зрэшты, шкадаваў не адзін ён: «Лішняе гаворыш, лішняе!» — прытрымаў сябе за руку Завістовіч. І рэзка павярнуў:

— Якое там адхаваць! Узнагароду давялося дзяліць паміж некалькімі. Нашто так адразу — прысвоіць! Скарб не меў навуковай каштоўнасці, нават у газетах не напісалі. А можа дзе і прыліп да рук. Але,— ён ужо здаваўся абыякавым да магчымасці раптоўна забагацець,— у лёгкіх грошай быстрыя ногі.

— Гавораць і па-другому: лёгкія грошы — чорныя плямы...

Вочкі суразмоўніка на момант зрабіліся вострымі, пракалолі Дземеша і зараз жа сталі па-старому вадзяністымі і дабрадушлівымі, а голас набыў некаторую ваяўнічасць.

— Наогул, ведаеце: уся гэта старызна, колішнія пабудовы, шум вакол іх — марная валавода, па-мойму. Зачапі якія-небудзь чарапкі — бяды не абярэшся. Не да гэтага мяне хіліць. Шкло, бетон. Лёгкія канструкцыі, шырокія вокны, святло, паветра, будынкі — сучасныя ў поўным сэнсе слова.

— Без архітэктурных надмернасцей?

Завістовіч пачуў іронію: гэтым кідком у другі бок ён не паправіў становішча.

— Пасміхайцеся на здароўе! Што мне рабіць, прыгожыя словы не па маёй часці.

Але Дземеш як быццам нічога не заўважыў і нават падтрымаў яго:

— Мне таксама больш да душы дамы, якія мы пакінем пасля сябе. Праўда, часам здараецца дзіўнае: думку ніяк не адарвеш ад руін. Магчыма, тут вінавата адна гісторыя. Справа адбывалася ў гэтым горадзе і пакуль пахавана пад руінамі. На тым месцы хутка пабудуюцца, пачнуць жыць людзі...

— І вось вам — пачатак новай гісторыі.

— Але не канец старой. Нехта адчуе добры неспакой пошуку, і праменьчык прыгаслых дзей выб’ецца напаверх, пасвеціць. І стануць відны тыя, каго няма, тыя, праз каго іх няма. Невідзімка стане відочным, настаўнік праўду гаварыў раніцаю: след ёсць, абы толькі ўспасці на яго...

Мне расказвалі...

...Хлопец Мікола ляжаў па гарышчы трэція суткі. Клопат у яго быў адзін: назіраць за чырвонай камяніцай насупраць. Глядзець у шчылінку паміж гонцінамі і не спускаць вачэй. Асабліва з аднаго акна: калі там запальваюць электрычнасць і калі гасяць, хто паказваецца, хай сабе цень, трэба запомніць чый — цывільнага чалавека ці ў форме, а можа і жаночы.

За ўвесь час святло гасла ўсяго тры разы — хлопец засякаў калі, на гэта ён меў адмысловы гадзіннік — а палове пятай удзень, у тую ж гадзіну ноччу і роўна а палове пятай назаўтра вечарам. Калі лямпа запальвалася, было відаць, як пакалыхваецца фіранка: напэўна, у пакоі адчынялі і зачынялі дзверы, затым акно наглуха завешвалі маскіровачнымі шторамі.

Звычайна пасля гэтага з пад’езду выходзілі два гестапаўцы, сядалі на матацыклы і ад’язджалі. Следам прыходзілі другія два матацыклы, аднойчы здарылася — не з двума, а з трыма чалавекамі. Трэці, цывільны, не варушыўся, пакуль гестапаўцы не пасталі паабапал каляскі,— няйначай чакаў загаду. А калі вылез і пайшоў, па тым, як перастаўляе ногі, было відаць: не сам ідзе чалавек, яго вядуць. Усе трое схаваліся ў пад’ездзе, і зараз жа акно асвятлілася.

Дом, дзе пільнаваў хлопец, быў пакінуты і, як думалі немцы, пусты. Такіх дамоў можа з дзесятак раскідалася вакол узятай пад нагляд камяніцы. У адным з іх, ледзь не ў кіпцюрах ворага, падполле наладзіла яўку і назіральны пункт: так дыктавалі дзёрзкасць і цвярозы разлік — поблізу ад сябе не гэтак будуць трэсці.

Халупку выбралі самую незайздросную, затое яна выходзіла плячыма на суседнюю вуліцу і адтуль таксама мела ход, як часта рабілася ў яўрэйскіх дамах: гаспадары хадзілі да сябе праз адны дзверы, а пакупцы — праз другія, прарэзаныя ў процілеглай сцяне.

Такім чынам непрыкметна правялі на гарышча дазорцу, пракраўся да яго і сувязны; выслухаўшы здабытыя весткі, падзякаваў: шапянуў: «Мацуйся!» — і знік.

За што яму дзякуюць? Ён амаль нічога не падгледзеў, дый таго не было б, каб не рысіныя хлапечыя вочы: віднага часу ў студзені вобмаль, і месяц паказваўся рэдка, дапамагала толькі неасцярожнасць саміх немцаў — вольна абыходзіліся са святлом.

Нашто трэба ведаць усе дробязі пра дом, хлопцу не сказалі. Па юначай схільнасці да прыгод, ён меркаваў так: рыхтуецца напад, некага будуць выручаць, адбіваць са зброяй.

У сапраўднасці было многа прасцей і ў той самы час танчэй. Падполле прыглядалася да людзей, каму не зусім давала веры, спраўджвала, ці заўсёды бываюць там, дзе гавораць, а ці не мае іхняя адсутнасць дома і на рабоце сувязі з наведваннем чырвонай камяніцы або іншай акупанцкай установы. А яшчэ патрабавалі пацвярджэння весткі, што светлавы сігнал з акна падаецца камусьці з важных патайных агентаў, каго не хочуць страціць, баяцца паказаць, а таму папярэджваюць: прыходзь, патрэбен, шлях вольны.

Хлопец вывучыў на памяць увесь распарадак, па якім ішло жыццё камянічкі: калі там елі — прыязджала машына з тэрмасамі ежы; калі там пілі — адчыняліся форткі ў вокнах, праз іх валіў цыгарэтны дым; калі там білі — форткі зачыняліся наглуха, зацягваліся фіранкі і шторы, але крык, лаянка, жаласныя енкі ўсё роўна даляталі да гарышча.

Перад гэтым да камяніцы бязгучна падыходзіла машына з брызентовай будай, выкіроўвала зад усутыч да ўваходу, з двух бакоў выстройваўся канвой, і разгледзець, каго і колькі прывезлі, не ўдавалася. Аднаго разу толькі канвойнікі стаялі, шырока парасстаўляўшы боты, і хлопец палічыў: у калідор пратупала тры пары босых ног і адна абутая. Машына чакала па дзве, па тры гадзіны, як калі, потым у тым самым парадку, што і пры высадцы, забірала чалавечы груз і праз пэўны час вярталася.

Катавальня працавала на поўны ход. Немцы, сталыя жыхары камяніцы, зусім не паказваліся на паветра, і хлопец здагадаўся: для сувязі трымалі зменных матацыклістаў, а рабілі перадых у сваёй крывавай рабоце на сон і глыток шнапсу, час гэты таксама быў засечаны ў хлопца.

Мікола быў высокі, бялявы і пасля нядаўняга запалення лёгкіх вельмі худы. Папраўляцца не было на чым, і праз гэта ён страшэнна мёрз. Ніяк не мог умудрыцца захінуць калені ліхенькім паўкажушкам, праз гэта ўвесь час даводзілася падкурчваць ногі. Растоптаныя чаравікі, колькі ні навертаў газет, таксама не трымалі цяпла.

Пакуль абцерпеўся, моцна адубеў і ў першую ж паўднёўку свае варты знайшоў ратунак. Назгрэбаў пад сябе кудзелі і кастрыцы, якімі запаслівы гаспадар ацяпліў столь, прабраў лагво і лёг, а кажушок зняў і накрыўся ім увесь.

У нары холад даставаў слабей, затое няўпынна напамінаў пра сябе голад. Справа была па новым годзе, увесь снежань Мікола прахварэў. Цяпер дзень стаў даўжэйшы, але хапала і ночы, а калі пад ранне прыхватвала марозам, есці хацелася яшчэ горш.

Мікола не наракаў, чаму сюды паслалі яго, не зусім яшчэ акрыяўшага; у атрадзе хапала дужэйшых і больш спрытных, яны не раз ужо хадзілі паўз смерць зняважліва і бесклапотна. Хлопец вельмі ганарыўся сваім даручэннем: яго ж выбралі, не каго іншага. Перакінулі ў горад, трымалі некалькі дзён употайку — еш, спі, нікуды не выходзь! — потым павялі некуды на ўскраіну.

Там з ім гаварыў чалавек у благенькай ватоўцы, з ніцяным шалікам на шыі. Здаваўся ён вельмі добрым — такі ўжо вясковы настаўнік, змораны, зняможаны пасля шумнага школьнага дня. Аднак па адным тым, як слухалі яго камандзір іхняга атрада і яшчэ трое незнаёмых, слухалі і разумелі кожны яго позірк і рух, Мікола здагадаўся: вось дзе галава ўсяму падполлю!

«Табе — вера, на цябе і ўся надзея!» — Мікола ўспамінаў гэтае падбадзёрванне галоўнага падпольшчыка і сапраўды падбадзёрваўся, цяплей рабілася адседжваць варту на гарышчы.

Не разумеў толькі, навошта спатрэбілася таму чалавеку разглядаць і перабіраць партызанскія лісткі, што выпускаў у атрадзе Мікола. Як умеў, аздабляў заметкі малюнкамі лесу, лагернай стаянкі, замалёўкамі партызанаў і шаржамі на іх. Лясныя яго сябры дабрадушліва рагаталі з саміх сябе, перанесеных Міколам на паперу з перайначанымі рысамі твару, не па-звычайнаму апранутых, а то і зусім без нічога, з павялічанымі насамі і вушамі, што ніяк не шкодзіла, а нават больш узмацняла падабенства. Усміхаліся з Міколавага малявання і на падпольнай кватэры.

Вось што, уласна кажучы, вызначыла выбар дазорцы на гарышча: хлопец мог багата захапіць у вока і меў талент у руцэ — убачанае жыло на паперы.

Мікола дагрыз апошні сухар. Калі ўвечары не прыйдзе змена, можна адыходзіць самому: ключы — у яго, паведамлены гадзіны — калі, паміж двума праходамі патрулёў.

Але хіба ж тут кранешся — самае ж галоўнае не выканана. Яму наказана запомніць кожнага цывільнага, хто зойдзе ў камяніцу без канвою: усё да апошняй дробязі, каб не толькі ён сам, а і нехта іншы паслухаў, сеў ды ўзяў і намаляваў прыкмечаную ім асобу.

І можа не гэтак зважаць на тых, што ідуць туды, бо не ўсе яны вярталіся, як не прапусціць без увагі нікога, хто будзе вольна ісці назад.

Міколу далі прыкметы, нават паказалі фатаграфію: малады лупаты мужчына з каршаковым носам на дробным твары — ці не з’явіцца часам такі. Расказалі, як выглядае, у чым ходзіць і ўсё, што ведалі пра яго: якія меў звычкі, дзе рабіў, на чым рос і гадаваўся. Адным словам, глядзі, падпільнуй, усё дадзена ў рукі.

Імя лупатага — Хведзька, а заадно і прозвішча — Астаховіч — нацвёрда забыліся. За іх уласнікам равеснікі і старэйшыя замацавалі мянушку — Смурод, якая паказвала яго нібыта ў прысценным люстры, усяго, з галавы да пят, а сама больш — з вантроб, бо таго, што называюць сэрцам і душою, у Хведзькавым маленстве — шукай, не дашукаешся.

Мянушка пацягнулася за ім ад уласнае маці, а ўмацавалася ў школе. Хведзька атрымаў ад бацькі ў спадчыну скнарлівасць. Не было выпадку, каб ён падзяліўся з таварышам па школьнай лаве яблыкам або кавалкам блінца з хатняга снедання. Хіба што хто даваў спісаць задачку ці дапамагаў зрабіць зададзенае на дом заданне.

Звычайна ён усё нешта мяняў, і абавязкова з выгадай для сябе. Цягаў у ранцы цэлы склад прыдатнай для выменьвання непатрэбшчыны: іржавыя пёры, царскай чаканкі медзякі, гузікі, падкоўкі для ботаў і нават конскія.

Калі Хведзька не проста бег у настаўніцкую заяўляць, хто выціснуў шыбу, дурэючы на перамене, дык выгароджваў сябе вельмі празрыста, толькі што не паказваў пальцам на вінаватых. Хлапечымі забавамі — паскакаць у чахарду на лузе, пагуляць у мячыка — грэбаваў, стараўся абмінуць і ў вольны час сядзеў з вудаю на рэчцы. Рыбы ў двор не прыносіў, спродваў дачнікам і адразу на беразе менш удачлівым рыбаловам, каму не хацелася свяціць вачыма, вяртацца з пустымі рукамі.

Маці аднойчы сабралася ўсмажыць яго ўлоў на вячэру. Хведзька падумаў і запрасіў не паўрубля, а сорак капеек за нізачку — і сам жа будзе есці. Маці перапытала — пэўна, жартуе. Не, у сына быў зусім сур’ёзны твар: па сорак. І мусіла плаціць, не мела чым пачаставаць госцю — кума якраз прыехала. Хліпнула носам: «І я цябе, падлу, нарадзіла. Расце горшы смурод за бацьку». А з таго смяяліся, нібыта путае пчол, каб не ляцелі пераносіць пылок на чужую грэчку: і на сваім полі мёду хоць заліся, казаў.

Яшчэ смяшнейшае пераказвалі! Нехта з суседзяў хацеў павыганяць з град мурашак і накідаў на паточаным смярдзючага селядца кавалкамі. Дык Хведзькаў бацька ўсё чыста сабраў, падварыў селядца з кменам і кропам, еў сам і ўчаставаў за чаркаю суседа, таго самага, на чыім агародзе прыдабыў такую важнецкую закуску.

Пасля школы Хведзька хацеў вучыцца далей — не паступіў раз, не паступіў налета, а трэці раз і не спрабаваў. Не вяртацца ж дамоў — сорамна! Зачапіўся за работу ў абласным горадзе, і там з яго быццам нацешыцца не маглі. Які ён стаў сапраўды — пагоршаў ці палепшаў — да мястэчка не даходзіла.

Прыязджаў, праўда, на пабыўку, і тут яму паспагадалі: бацька адыграўся на сыне, не забыў прададзенай некалі рыбы. Лупіў за кватэру і харчаванне, як з дачніка, і нават лодкі пакатаць дзяўчыну на рэчцы дарма не даў: грошы зарабляеш, плаці па гадзінах, а хочаш дзешавей — купі. І прадаў! Старэнькую цякучую пасудзіну, даўно спісаную на лодачнай станцыі, чым і дапамог нашчадку пакарыць дзявочае сэрца.

У першы дзень вайны Хведзька нібы тут і быў, прыскочыў пад сваю страху — якая б яна там ні была, а ўсё ж бацькава. Пад’еў, адпачыў, а ўвечары пацягнуўся па хатах і ўсюды прасіў пазычыць пяць рублёў. «Хто гэта будзе пазычаць такою парою,— казалі яму,— усё роўна за табою прападзе».— «Хіба што мяне заб’юць, тады выбачай».— «А калі мяне заб’юць?» — цікавіўся сусед. «Ну, тады табе і грошы не спатрэбяцца».

І так і так выходзіла — Хведзька застаецца ў выйгрышы. Людзі слухалі яго, грошай не давалі, самі ж больш маўчалі, лічачы, што ніякія пазыкі яму не ў галаве, шукае зачэпкі вынюхаць, хто чым дыхае, вось і ўсё.

Калі да мястэчка дакаціліся немцы і пачалі набіраць мясцовых у паліцыю, ніхто не палічыў бы за дзіва, каб і Хведзька, каго і дарослага дражнілі той самай не дужа прыстойнай мянушкай Смурод, пачапіў на руку паліцэйскую павязку.

Гэтага, аднак, не здарылася. Хведзька корпаўся на бацькавай сядзібе, нікуды не вылазіў, жыў, як жылі тады, унурыўшы галаву ў плечы. Потым, зусім неспадзявана, пачаў закідаць па слоўцу перад бліжэйшымі знаёмымі — маўляў, пара нешта рабіць. Але яму не верылі і баяліся гаварыць, што думаюць. Хведзька гарачыўся, абзываў тых людзей баязліўцамі і казаў: каб яму не далі браку па вушах — на гэта меў выпраўленую ў ваенкамаце паперку,— дык ваяваў бы на фронце і, пэўна, ужо заслужыў бы цэлую грудзіну ардзяноў.

Не атрымаўшы падпоры свайму шуканню, з мястэчка сышоў і намацаў дарогу да партызанаў сам.

Неўзабаве пайшла пашапотка пра яго вялікую адважнасць. Хведзьку бачылі пры налёце на гарнізон у суседняй з мястэчкам вёсцы, а потым гарэла чыгуначная станцыя, і там, казалі, без яго не абышлося. У атрадзе быў не чужы і не лішні, небяспечных спраў не цураўся, ні за чые плечы не хаваўся і раз быў прывалок з разведчыкамі тылавога нямецкага чына, запыніўшы яго машыну на шашы.

Так да Хведзькі вярнулася ўласнае імя, яго сталі зваць па прозвішчы — Астаховіч, а пра мянушку і зусім не ўспаміналі.

Усё ішло гладка і хораша, калі б пры пераходзе на зімовую базу атрад не наскочыў на карнікаў і паліцаяў. У часе бою партызаны не паспелі падабраць параненых. Хведзьку і яшчэ дваіх паліцэйскія прыцягнулі ў вёску і замкнулі ў старастаў свіран. Пачаліся допыты; адзін, слабейшы, не вытрываў і сканаў, а Хведзька з таварышам падкапаліся пад падрубу. Пратуляўшыся з тыдзень па лесе ў пошуках сваіх, агаладалыя і ахаладалыя ўцекачы ледзь жывыя дапаўзлі да атрадных буданоў.

Гэтак расказваў Хведзька Астаховіч камандзіру атрада і ўсім, хто хацеў слухаць, тое самае паўтараў і другі ўцякач. Іх шкадавалі, аддавалі лепшае з харчоў, стараліся хутчэй падлячыць і паднялі-такі на ногі.

Далей — болей. Астаховіча як чалавека выпрабаванага, да таго ж былога гарадскога жыхара, паставілі на сувязь з падполлем у горадзе, а крыху пазней і наогул пакінулі там.

Як і адкуль пацягнулася на Астаховіча падазрэнне, Міколу не гаварылі; ён ведаў толькі — падполле цярпела правалы: нехта спадцішка папярэджваў немцаў, чаго і дзе ім сцерагчыся. Захады і аперацыі зрываліся, а іх выканаўцаў знянацку гестапа забірала дома напярэдадні ці хапала за руку, падпільнаваўшы на гарачым.

Мікола перабраў у думках усе падрабязнасці расказанага пра Астаховіча. Найбольш важнае для яго зараз — прыкметы: невысокі, шчуплы, палітон з сіняга драпу, шапка чорная зімовая, стаўбуном. Рэшту вестак можна было і адкінуць, але яны нейкім чынам дапаўнялі знешні выгляд якасцямі ўнутранымі, складаўся больш-менш цэльны маральны партрэт. Ды які там цэльны! — падлавіў сам сябе Мікола: агіднае маленства і геройскія паводзіны ў партызанах. Ну, не: гэта глупства! Хіба толькі ў казках брыдкія качаняты ператвараюцца ў белых прыгажуноў лебедзяў! А ці мала ён ведае выпадкаў, праўда, з кніг, як з добрапрыстойных, таварыскіх, адважных падлеткаў вырасталі падлюкі, забойцы, а то і здраднікі. Усяго і ўсіх адной меркай не памераеш. У Астаховіча адны ўцёкі з палону чаго варты. «Уцёкі»,— паўтарыў Мікола і задумаўся: а ці да канца высветлены гэтыя ўцёкі? Усё ж такі быў у руках у немцаў. Ну і што з таго, што быў? Ён жа вярнуўся які, з куляй у лытцы, ледзь духі пераводзіў. Так чапляючыся, чаго добрага, і роднага бацьку ў здраднікі ўпішаш. Але ж падполле сумняваецца, значыць, мае падставы. І ён, Мікола, павінен зважаць ды зважаць.

Хлопец выклікаў на вочы партрэт Хведзькі, складзены з самых горшых рыс, якія пачуў пра яго, і набраўся такое злосці, што быў гатоў хоць паўгода мерзнуць на гарышчы, абы дазнацца праўды.

На тыя хлопцавы развагі ў акне камяніцы запалілася лямпа, праменне прарэзала чорны могільнік руін, як быццам падміргнуўшы некаму.

Мікола глянуў на гадзіннік: цыферблат высветліў лічбы — стрэлкі паказвалі акурат палову на пятую.

У палосу святла з акна ўвайшоў са змроку шчупленькі чалавек у шапцы стаўбуном, твар яго быў ухінуты ў каўнер цёмнага паліто, колеру разгледзець не ўдалося. Постаць слізганулася па светлым і крыху памалей рушыла каля заценяванай сцяны. Агледзеўшыся наўкруга, чалавек шмыгануў у пад’езд камяніцы.

— Хопіць! Збірайся на адыход! — знаёмы сувязны дыхнуў парай за плячыма ў Міколы.

Той і галавы не павярнуў.

— Ён! — перарывіста шаптаў хлопец, не адрываючыся ад шчыліны.— Ён! Толькі што заскочыў. Як вы расказвалі: хірлявы, малы і шапка стаўбуном...

— Ідзі, вазьмі за сабою дзверы на завалу і ідзі. Я дагледжу сам.

— Дазвольце застацца,— Мікола не ведаў, як звярнуцца,— дзядзечка... Таварыш-дзядзечка... Вы сабе папільнуйце шчыліны, але хвілінку. Я засну, адну кропельку.

— А ты нічога яшчэ не праспаў? — сухавата спытаў сувязны.

Спаць! Кроў ударыла Міколу ў галаву. А дзе ж яго камсамольскае сумленне? Якімі вачыма ён гляне на тых, хто даверыў яму першае заданне? Не справіўся, значыць, усё! Нікуды не варты, не здолен да барацьбы. Спаць хацелася, нічога не скажаш. Вось вы самі паспрабуйце заснуць у такім холадзе, ды калі яшчэ і ў жываце бурчыць.

— Не ўсходжвайся, не дзяўчынка.

Чалавек слухаў прыхільна, але найбольш пераканалі яго апошнія доказы, хоць Міколу і не вельмі хацелася ўспамінаць пра пусты жывот.

— Добра,— усё ўзважыўшы, сказаў сувязны.— Няхай па-твойму будзе. От з’еш, можа бульба не астыла, ну, і прыдрамаць можна...

Мікола застаўся на суткі, потым яшчэ на адны, зараз канчаліся трэція. Той, каго чакалі, хто зайшоў у камяніцу, ці не выходзіў, ці выпарыўся праз комін, растаў у паветры. Затрымалі, вывезлі ў машыне пад канвоем? Схітравалі або не выпусцяць зусім? Мікола не мог дабраць ладу, здагадкі разломвалі галаву.

Бралася на раніцу, сёмую ўжо з таго часу, як ён засеў на гарышчы. З пад’езду, так жа лёгка, пасоўваючыся, як цень, выскачыў чалавек у шапцы стаўбунком. Насупраць яму на двор уз’ехалі матацыклісты, пярэдні рэзка затармазіў, ледзь не наехаўшы на постаць, і ўключыў фару. Святло асляпіла чалавека, ён стаў, навярнуўся перадам да Міколы, і той убачыў твар пажылога чалавека, густа заросшы чорна-сіняй барадою.

Магчымасць аглядаць цягнулася адно імгненне, фара пагасла, але Міколу было даволі, каб перажыць горкае расчараванне — не той! Ніякага падабенства з фатаграфіяй і з слоўнымі апісаннямі. Не той!

 

...Шклянка ўпала са стала і пабілася, звонкія асколкі распырснуліся ва ўсе бакі.

Даўнія малюнкі раптам пакінулі Дземеша, ён як быццам абудзіўся. На крэсле насупраць нікога не было. Падняўся, агледзеў пакой. За сталом на каленях стаяў Завістовіч, пальцы з пляскатымі пазногцямі, падрыгваючы, намацвалі дробныя аскепкі шкла і кідалі іх на далонь.

— Наколькі я разумею,— ён не падымаў вачэй ад падлогі,— на гарышчы былі вы?

Дземеш памаўчаў:

— Таго, што зайшоў і доўга не выходзіў з камяніцы, я шукаю дасюль. І мне пачало здавацца, што гэта — вы...

На ранішнім промні праз адчыненае акно ўляцела тапаліная пушына, электрычнае святло адразу стала слабое і непатрэбнае.

Дземеш узяўся за выключальнік.

— Пагасім?

Завістовіч паволі ўставаў на ногі. Што зрабіла з ім раніца! Сыценькі, старанна выгалены твар яго стаў цёмны, нават сіняваты ад кустамі паадскокваўшай барады.

«Каб гэтак абрасці за адну ноч! — пасміхнуўся сам сабе Дземеш.— Нездарма ўсё рваўся ў цырульню. А яшчэ гавораць, быццам нікому не ўдалося падсачыць, як расце трава. Тут мудрэй — барада... І за адну ноч...»

Гэта было апошняе, што ён падумаў з усмешкай. Тым жа шляхам, з-за адкінутай гардзіны, заляцела некалькі пушынак, цэлы камячок. Шумнуў вецер, прыгнаў новы камячок, за ім яшчэ адзін, потым пачаў гнаць усё часцей і часцей. Ужо, здаецца, стаў повен пакой, а яны ўсё ляцелі і ляцелі, без меры , без ліку. Кружыліся ў падсвежаным прахалодаю паветры і асядалі на сцены, на абрус, на ложак, на аблічча абросшага чорна-сінім шчаціннем чалавека.

Дземеш убачыў агнём і бамбёжкай складзены ў руіны горад і над ім у даўкім ад гарэлага паветры — шызыя ахлопкі недатлеўшага попелу папер, ануч, чалавечага гора. Убачыў і пазнаў таго, каго столькі чакаў і расшукваў, каго зараз суткі пазнаваў і, баючыся памылкі, гнаў прэч згадкі падабенства з даўняй фатаграфіяй, шукаў доказаў неабвержных, права пазнаць і не памыліцца.

— Астаховіч! — як не ў сабе крыкнуў Дземеш.

— Я! — абазваўся той ад нечаканасці і адразу згорбіўся, угнуў плечы, паменшаў.

— Хведзька? Смурод?

Астаховіч зноў абваліўся на падлогу.

— Дайце, дайце мне пайсці адсюль. Акуплю, адмалю ўсім жыццём. Даруйце! Вы ніколі нічога не пачуеце пра мяне.

Дземеш адступаўся да сцяны, узрушаны і абураны, каб не дакрануўся хаця, а Астаховіч гнуўся і даставаў рукамі яго чаравікі.

— Адпусціце мяне, даруйце... Ужо ж мяне не асудзіць ніякі суд... За даўнасцю... Але сын жа расце, сын... Дзеля яго, дзеля гэтай цудоўнай раніцы... Зірніце!

Дземеш павярнуўся да акна, і ў той самы момант, як падкінуты спружынай, перахапіў паднятае над яго галавою крэсла. Моцна тузануў за ножку на сябе, вырваў з рук у Астаховіча і цяжка пайшоў проста на яго.

Астаховіч падаўся ў дзверы, скеміў, што не прарвецца, тады ён ускочыў на стол, са стала на падаконне, перахіліўся, каб глянуць, ці высока, не утрымаў раўнавагі і, прарэзліва завішчэўшы, рынуўся ўніз.

Цішыня неабуджанага рання данесла з вуліцы гук глухога ўдару, акурат як у млыне: сарвецца з ланцуга мех мукі, пляснецца вобземлю і лопне.

Дземеш стаяў каля акна і збіраўся з сілаю, нарэшце вызірнуў. На асфальце чарнела пляма, да яе ўжо ішлі і беглі з усіх бакоў.

Наліў у бакал віна, паднёс да вуснаў, але стрымаўся: можа паблытаў пасудак, а піць з аднаго — не!

І так хапіла: вітаўся за руку, знаёмячыся, чокаўся.

Пачуццё незвычайнай гідлівасці апанавала Дземеша. Адчыніў ванны пакой, распрануўся і стаў пад душ. Потым пагаліўся, уставіўшы ў тронкі новае лязо.

Можна было ісці. Надзеў капялюш, перакінуў цераз руку плашч, і тут у дзверы пастукалі.

— Не замкнёна!

На парозе стаялі два чалавекі ў цывільнай вопратцы.

— Выбачайце, вы былі тут адзін?

— І так, і не,— пасміхнуўся Дземеш.— У вас ёсць усе падставы задаваць мне пытанні. Я ішоў адказваць на іх сам.

— Будзем адказваць разам,— за плячыма дваіх Дземеш адразу не заўважыў Каласоўскага.— І кранаўшчык з будоўлі. Ён бачыў. Калі тое, што там ляжыць, магло хадзіць, дык употай выстуквала сцены ў тым доме. Але не яму давялося знайсці схованае. Мікола! — гукнуў Каласоўскі.— Мікола! Бяры ножны, абстрыгай маю сівую бараду і пазнавай, Мікола! Хто гэта ў мяне прасіўся адну кропельку паспаць?

1973

 


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан