epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Дахаты

Пакідаю:

нясходжаным горад Нью-Йорк,

Неабжытай — краіну Амерыку.

Ні яны мне, ні я ім як след не агорк,

А нагледзеўся ўсмак флібусцьерыкаў.

 

Да пароды буйнейшае лёс не данёс.

Каб хацеў, дык няцяжка прарвацца,—

А нашто, калі скрозь адчуваецца мост,

Пераход у піраты з піратцаў.

 

Не спытае ніхто, як здабыты ваш цэнт,

Хай сабе хоць крывёю апырскан,

А калі гэты цэнт не наплодзіць працэнт,

Вас палічаць і дурнем і пыскам.

 

Вось і лайнер пад крылы трымаюць вятры.

Зважым рэчы, і ўсё — дзякуй богу! —

Пацалуемся, хлопцы! Бывайце, сябры,

Каб і вам у такую ж дарогу.

 

У машыну ступіў як сабе на зямлю —

Сцюардэса з маскоўскага порта!

Не турбуйся, падлогі ніяк не ўламлю,

Хвор яшчэ і змарыўся да чорта.

 

Пералёт наш працягнецца дзевяць гадзін.

Калі мераць на тысячы метраў,

Пада мною налічвае дзюралюмін

Дзевяць — мора і дзевяць — паветра.

 

На такой вышыні, над такой глыбінёй

Я лячу і ў дабры і ў спакоі:

Родны бор наш намацваю змерзшай нагой,

Мне завея махае рукою.

 

Мне адсюль хоць на крышку дадому бліжэй,

Чуць далей ад хвалёнага раю.

А што выюць турбіны і сэрцу блажэй —

Перацерпім.

Яно акрыяе.

 

17.ХІІ.1968