epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Далікатныя аб’явы

Многа ў горадзе выгод.

Дзякуй чэхам, дзякуй лёсу!

Сустракае пешаход

Што ні крок — адны дзівосы.

 

Не знадворны гэта лоск,

А хутчэй душы праявы.

Вось расчульваюць да слёз

Далікатныя аб’явы.

 

Каб ліхач не надта пёр,

Просіць надпіс са штыкецін:

«Асцярожны будзь, шафёр,

Бо чакаюць дома дзеці».

 

І ў галярні на сцяне

Вельмі ветла прышпілілі:

«Дзякуй вам, што вы ў мяне

Не смяцілі, не курылі».

 

А садоўнікі мудрэй

Свой злажылі напамінак:

«Што карысна для людзей,

Непрыдатна для раслінак».

 

Безумоўна, ёсць рэзон!

Як не ўважыць просьбы гэткай,

Як паткнуцца на газон

З недакуркам, з недаедкам.

 

Меру скверы ў даўжыню

І ўсхвалёвана чытаю...

Паважаю чысціню,

Далікацтва паважаю!

 

20.VІ.1958