epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Дарожны куфар Джорджа Вашынгтона

У Монт-Верноне, на фамільнай ферме,

Між букавых лясоў, пры хвалях Патамака,

Зялёны дом.

Пабраўшыся з удоўкай,

Тут жыў наводшыбе той чалавек,

Кім і з каго была пачата

Амерыка.

 

За колькі тыдняў да няцяжкай смерці

Сказаў, дзе збудаваць сямейную грабніцу,

Куды сышоў, а ўслед і жонка Марта.

Вось і пліта з чуллівымі радкамі

Евангеліста.

А паблізу — службы:

Трашчаць кладоўкі ад смачных прыпасаў,

Двор брэша, ржэ і гаўкае заўзята,

Дом для прыезджых кліча на спачынак,

І пахне дым з курыльнае каморы.

 

Здаецца, сам ён недзе пахаджае,

Заможны гаспадар.

Вось абышоў сядзібу,

Вось паглядзеў на сонечны гадзіннік,

Зірнуў, як на ражнах пякуцца шынкі,

З патэльняў тлушчам пырскаюць каўбасы,

Бушуе варыва ў катлах мядзяных.

...Гатовы сёдлы, жарабцы — ў загоне,

І стрэльбы самі просяцца на плечы!

 

Забаве — час. Цяпер жа — продаж земляў,

Сабе не ў крыўду і другому сходна!

Дзяліць пірог па роўнай палавіне,

Ды так, каб кожны, атрымаўшы, думаў,

Што мой кавалак большы і смачнейшы.

 

Падняўшыся наверх, натрапілі мы ў спальні

На ложак хутаранскага размаху:

Не двух-, не трох-, а, пэўна, пяціспальны.

А ў саменькіх нагах, каля парога,

Напаўраскрыты куфар — скураны,

Парэпаны. Ён паміж дном і векам

Складаецца ў гармонік — мо ў дарогу

Захоча гаспадар узяць паболей рэчаў,

Тады мяхі разыдуцца, нібыта

Раптоўна хтось зайграў на іх кадрылю.

 

Дарожны куфар Джорджа Вашынгтона!

Горш пашарпаны, чым берлінскі чамадан,

Які я там купіў на танным рынку.

Хіба што больш пакоўны.

Не таму,

Што ў ім складаліся сурдуты і пластроны.

Хай гаспадар быў моцным хутаранцам,

Ды першым прэзідэнтам, і з сабою

Вазіў не толькі зброю і адзежу,

Ён браў заўсёды, хай няшмат, а жменю

Людской турботы.

Аж да гэтых часаў

Напагатове куфар, ён чакае

Руплівай і адважнае рукі.

 

Калі сказаць па праўдзе, спраты рэчаў

Нам ні да чога — я спрактыкаваўся:

Даўно ўвесь боль і клопат чалавечы

Пакую ў сэрца.

 

29.Х.1968