epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Дом І з’езда РСДРП

1
2


1

Тут дрэўцы малыя, як свечкі, гарэлі,

Тут бляхі на дахах, як бубны, трымцелі,

Тут рамы сляпыя, як раны, шчымелі,

Калі мы, ад поту і пылу гарбатыя,

Пасля гадоў —

цяжка вымавіць! —

трох,

Шапкі знялі перад ліпкай разгатаю,

Што пільнавала сатлелы парог.

 

Той, за якім...

Хай гаворыць гісторыя,

Тут пачыналіся бальшавікі,

Тут і Купала, з халоднай каморыны,

Песню да сонца вадзіў напрасткі.

 

2

Выраслі людзі, і ліпы пабольшалі,

Пахкія лапы паклалі на дах,

Ціха гавораць былыя падпольшчыкі,—

Сэрца іх з намі, а вочы —

ў гадах.

 

Бачаць у далях сівыя таварышы,

Сочыць за імі малечы гурток,—

Як ён стаяў і палаў не згараючы,

Як ён свяціў —

невялічкі дамок.

 

Быццам падполле на момант вярнулася,

Сэрцы ўбіраюць партыйны агонь.

З дахаў на дахі і з вуліц на вуліцы

Полымя рвецца на свету аблонь.

 

І перад дзецьмі

дазвання амаль што

Крыюцца чырванню мацерыкі.

...Востра зіхцяць піянерскія гальштукі,

Вечнага полымя язычкі.

 

1970


1970