epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Драўляная разьба

Хлебасей ступаў па гонях

За сахою, не за плугам,

Напінаў пастронкі конік

І аж слаўся ад натугі.

 

Дзядзька сее — чэрці важаць!

Дык на ліха гэта праца —

Задарма жывёлу пляжыць

І самому падрывацца.

 

Як жа выйсці з каляіны? —

Ён знайшоў для мары спосаб:

Коней выпіліў з кляніны,

А прыгожых,

а выносных.

 

І вясёлых, круташыіх

Узагнаў на стрэшку з долу.

...Паляцелі коні тыя

Са шчыткоў у свет па долю.

 

Выйграў майстар бітву з часам,

І чуваць аж па сягоння:

Прыпусціўшыся за шчасцем,

Капытамі звоняць коні.

 

1970


1970