epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Другу

Часта чую: наракаюць,

Мілы дружа, на мяне:

Сіла ў слове не такая,

Голас нешта змізарнеў.

Я ж і сам не знаю, мусіць,

Голас дуж ці аслабеў:

Як пачну, як распяюся,

Забываю сам сябе.

А спяваецца затое —

Ці хачу, ці не хачу —

Толькі тая, толькі тое,

Што з вачэй прыйшло ў душу.

Ты скажы ім, адным словам,—

Песень шмат, а я адзін,

Ды гатоў пачаць нанова,

Калі чым не дагадзіў.

Горан мой не астывае,

І напеў не адзвінеў,

І ў дарозе даганяе

Песня новая мяне.

 

1973


1973