epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Гэтак яно рабілася

Аўтабіяграфічныя нататкі

 

Перад тым як стаць пісьменнікам, я перш за ўсё мусіў нарадзіцца. Адразу ж, не адкладаючы надоўга абвяшчэння свае незалежнасці, зароў немым голасам. Далей усё пайшло прызвычаеным парадкам: смактаў суслу, вучыўся гаварыць і хадзіць, а пасля бегаў у адшпіленай ззаду прыналежнасці хлапечага туалету, якая ўтрымліваецца шлейкай цераз плячо. Далейшым крокам па шляху сталасці і ўзмужання былі раптоўныя адведзіны гуркоў і маку ў чужых агародах, бо там, як вядома, гародніна расце куды смачнейшая, чым на сваёй градзе.

Аднак усе гэтыя цікавыя і небескарысныя заняткі і забавы апісаны з большай і меншай ступенню падрабязнасці слаўнымі папярэднікамі і цяперашнімі таварышамі па пяру.

Пастараюся расказваць нерасказанае. І толькі тое, што, на маю думку, слязою ці ўсмешкаю паспрыяла стаць на сённяшнюю дарогу.

Расказвае маці:

«Табе было два гады. Падвечар я сядзела з табою на ганку. Май недзе ў палавіну ўбіраўся. Цёпла, бэз дацвітае, і ў кустах майскія жукі гудуць. Ударыцца каторы аб ганачны слупок і гупае пад ногі. Бацька вярнуўся з поля. Прысеў каля нас і падсунуў да цябе хрушча:

— Алесь, што гэта?

— Зюк.

Жук трохі адпоўзся, расправіў крыльцы і падняўся ў паветра:

— Бз-з-з-з!

Ты спалохаўся, адхапіў руку, як ад гарачага. Потым павёў вачыма за летуном і сказаў пошапкі, з бояззю і павагай:

— Птуська!»

Працытаваўшы такую немалаважную падрабязнасць пісьменніцкай біяграфіі, крытыкі звычайна дадаюць каментарый прыкладна гэтакага зместу:

«Ад таго часу і зарадзілася ў душы будучага пісьменніка імкненне, праўда, яшчэ не ўсвядомленае цалкам, паспрабаваць свае сілы на ўзлёце. Не літаральна, вядома, а ўзляцець з дапамогаю слова...»

І гэтак далей і да таго падобнае...

Прызнаюся шчыра, якім прыемным ні было б для мяне такое глыбокае пранікненне ў псіхалогію творчасці, нічога падобнага я не адчуваў і нікуды ляцець не збіраўся. Ці то ад нечаканасці, ці то ад здзіўлення, што нікчэмны папаўзун на вачах ператварыўся ў істоту крылатую і ўзняўся да недасяжнага на той мой рост і магчымасці бэзавага куста,— ад усяго гэтага я сцішыўся.

Слова «сцішыўся» ў нашай вёсцы азначала, што здарылася пэўная непрыемнасць, хоць і не самая большая, але даволі частая ў кволым узросце, калі малады чалавек, загуляўшыся, увесь у крыку і беганіне, забывае пра ўсё і раптам, адчуўшы віну і баючыся кары, робіцца рахманы і ціхенькі. Вось за гэта самае я зарабіў пляскача і быў скінуты з матчыных рук.

Далей няхай гаворыць сама маці: расказвае яна ямчэй і, галоўнае, значна карацей. Так, напрыклад, каб перадаць мой стан пасля ўзлёту жука, ёй спатрэбілася ўсяго адно слова, як таго і вымагаў здаровы сялянскі лаканізм.

«Трохі парумзаўшы, ты прыпёрся да бацькавага калена:

— Як ён ляціць, тата?

Пытаеш, быццам дарослы, мы аж вочы вылупілі. Бацька гутнуў цябе на назе і сказаў:

— Разгоніцца шпарка і ляціць.

Тут падбег палашчыцца наш сабачка Рыжман. Ты зірнуў на яго і кажаш:

— І цюцька паляціць?

— Не, сынок, у жука крылы ёсць. Растуць вось тут.

Бацька паставіў далонь рубам і правёў табе паміж лапатак.

Пасля гэтага вечара, бачу я, ты зноў пачаў бегаць рачкі. І так доўга поўзаў на чатырох: відаць, не надта на дзве падпоры спадзяваўся. Але пакрысе асмеліўся. А тут — як быццам што благое здзеілася: усё на чатырох і на чатырох! Бяжыш скоранька-скоранька, адале распрастаеш рукі, памахаеш імі і зноў ходу. Нарэшце бацька здагадаўся:

— Гэта ён, дурань, разганяецца, ляцець хоча.

Потым ты сам сябе выказаў. Раніцою ўстаў і, не апранаючыся, да мяне:

— Мама, памацай, якія ў мяне крылы.

Я кажу: адчапіся, няма ў мяне часу, а ты мудрэй заходжваешся: глядзі ды глядзі! Ляпнула я табе па спіне, пацерла рукою: .

— Ну, бачыш: гладка, нічога няма!

А ты балбочаш, што зараз лётаў і над нашай хатаю, і над усімі Прусамі. Нешта прысніў, мусіць.

І яшчэ смешнае. Ты ўжо велікаваты быў. Не помню, хто цябе напалохаў, нібы ў лабатых хлапчукоў рогі растуць. Дык ты, абы прачнуўся, адразу мацаеш лабаціну: ці не прарэзаўся часам ражок».

Працяг гэтай гісторыі я ўспамінаю сам. Старэйшы брат са школьным таварышам чыталі ў свіронку, дзе мы спалі ўсё лета, чорную гісторыю захадаў і подступаў да забойства Пушкіна. Нічога не зразумеўшы, я выхапіў з прачытанага толькі тое, што гаварылася пра «рогі», і моцна затужыў. Калі такое ліха не мінула Пушкіна, дык хіба ўдасца ўратавацца мне!

Брат зусім слушна заўважыў, што тым, у каго пад носам вісіць «адзінаццаць», так далікатна называліся дзве кроплі, якія сплывалі часам у малых на верхнюю губу, пра гэта ведаць зарана, і ад далейшых тлумачэнняў ухіліўся. Раздумаўшыся, я дабраў ладу: страшная для мяне бяда здарылася з Пушкіным перад самай смерцю. Узяўшы часопіс, які чыталі хлопцы, а там быў партрэт паэта, я доўга раіўся з люстэркам: хто лабацейшы? Прышоўшы да выніку, што — ён, я супакоіўся: калі што будзе, дык не так скора, можа, перад смерцю.

Маці гаворыць далей:

«Мы думалі, з цябе майстар будзе. Як толькі пачаў хадзіць, давай малаток, дый годзе. Ну, добра, дам. Тады крычма крычыш: давай і цвікоў. Сядзеш доле і пачынаеш заганяць цвікі ў ток. Раз — па цвіку, раз — па пальцах. І крыку — поўная хата. А назаўтра забудзешся і зноў малатка просіш».

Натрапіўшы на падобныя весткі, крытыкі звычайна робяць прыкладна такія глыбакадумныя вывады:

«Гэтыя словы маці паэта, прыведзеныя ім самім ва ўласнаручна напісанай біяграфіі, сведчаць пра многае. З малых год паэт адчуваў нахіл да майстэрства, што забяспечыла высокі ўзровень тэхнічнай апрацоўкі ягоных твораў. Рытмічныя ўдары малатком: «раз — па цвіку, два — па пальцах» — выхавалі ў хлапчуку бездакорнае пачуццё рытму, якое не ашуквала паэта ў далейшай рабоце. Так спасцігаў ён умельства пераходзіць ад паўз да высокіх нот...»

І гэтак далей і да таго падобнае.

Што датычыць паўз то наўрад ці яны былі, а высокія ноты, паабіваўшы балюча пальцы, браў я дасканала... Але не будзем больш замінаць маці:

«Потым у цябе іншая забаўка знайшлася. Прывязуць, бывала, газету са Слуцка ці са Старобіна — дык першаму табе давай. Узлазіш на стол і ўмошчваешся пасярэдзіне, каля саменькай лямпы. І, як укамянелы, гадзіну-дзве трымаеш газеціну ў руках, нібыта чытаеш. А чытаць неўзаметку навучыўся. Нехта са старэйшых дзяцей напісаў вугалем на печы ўсе літары. Ты хадзіў збоку на тапчане і ўсё паказваў пальцам:

— Мама, глядзі: «А».

Неяк зімою бацька вярнуўся з лесу, ездзіў у дровы за Старобін. А ты засеў з кнігаю на стале.

— Злазь,— кажа бацька,— вячэраць будзем. Табе заяц сала прыслаў.

«Зайцава сала» ты любіў. Зваў так скрылёчкі, што заставаліся ў торбе, няз’едзеныя. Усе дзеці за гэтым ганяліся: сальца нахаладае на марозе за цэлы дзень і храбусціць на зубах. Але і на гэта ты не спакусіўся.

— Я чытаю,— кажаш.

— Ну, што там напісана?

Ты пачаў, а бацька зірнуў у кнігу — праўда гэтак! Ён не паверыў: думаў, ты завучыў некалькі радкоў на памяць, сочачы, як чытаюць дарослыя. Дастаў з кішэні свежую газету, тыцнуў пальцам недзе ўніз:

— Вось тут давай!

А ты і па газеце разбіраеш. Бацька шапку вобземлю і крычыць:

— Чытае, сукін сын!»

Гэтае матчына апавяданне мне асабліва запомнілася, бо бацьку заўсёды прыгадваю як чалавека вельмі стрыманага, які ніколі не скароміўся брыдкім словам. А тут саграшыў! Відаць, вельмі здзівіўся: я ж быў зусім малы.

Як ні намагаюся, не ўспомню часу, калі не ўмеў чытаць. За кніжку ўзяўся, мусіць, гады ў чатыры. І быў гэта «Князь Сярэбраны» Аляксея Талстога — без пачатку і канца, з павырыванымі старонкамі, зацухмоленая, разбухшая ад доўгага карыстання кніга. Чытаў яе сама менш разоў дзесяць і шмат якія мясціны дасюль ведаю на памяць. Аднатомнік Пушкіна, невядома чый, які таксама вандраваў з хаты ў хату, быў яшчэ пухлейшы і яшчэ больш падраны. І самае галоўнае: менш зразумелы.

Іншая справа — Гогаль! Гэта была кніжка нашай настаўніцы, чыстая, цэлая, з добрымі малюнкамі. Чытаць яе дазвалялася памыўшы з мылам рукі дый яшчэ абгарнуўшы ў газету пераплёт. Я цвёрда верыў у існаванне хлебасольнага пчаляра Рудога Панька (ён нагадваў нашага селавога апавядальніка дзядзьку Апанасіка), ад каго і запісаў усе дзівосныя гісторыі Гогаль, гэты, калі глядзець на партрэт, зусім малады чалавек, так хораша зачэсаны, з ласкавымі вачыма і маленькімі, відаць, мякенькімі вусікамі.

Усё, што не ўваходзіла ў кола «Вечароў на хутары ля Дзіканькі», да часу пакідала маё сэрца халодным. Затое ўжо соладка насапешся і пацешышся, сочачы, як ляціць верхам на чорце каваль Вакула па чаравікі для свае чарнаброўкі... Ноч перад Калядамі... Такі ж самы сіберны мароз, а ты скруціўся пернічкам на выпаленай, як да свята, печы і, выцягнуўшы руку да газоўкі, чытаеш...

А колькі надрыжышся і накалоцішся, колькі настаішся, узяўшыся за клямку і не асмельваючыся адчыніць дзверы з хаты проста ў цёмную ноч... Бо там — хто яго ведае, што там! Гэта ж, пэўна, не аб’інелыя галінкі бярозы звісаюць над ганкам, а варушацца пасівелыя валасы Хамы Брута, што кленчыць каля труны паненкі-вядзьмаркі.

І яшчэ адзін сябар маленства. Увайшоў у душу пазней, але як намоцна атаўбаваўся там! Томік, а на ім наўкасы вялікімі, чорнымі з золатам, літарамі выціснута: Лермантаў. Ён пайшоў са мною з маленства ў юнацтва, не выпусціў з-пад улады і тады, калі зачаравала, перш за ўсё роднасцю сваёю, слова Купалы, калі прывязаў да сябе невідочнымі ланцугамі Шаўчэнка, загрымеў літаўрамі верша Маякоўскі, шчымліва заспяваў Ясенін, рэзкаю віднатою пачуцця ўдарыў у вочы Блок.

Лермантаў усё ж быў адзіны і не хутка, можа толькі недзе на маім пятым дзесятку, саступіў месца Пушкіну, які хоць і прызнаваўся безагаворачна, аднак адсоўваўся ў класічны цянёк, дзе ён і бытаваў са спакоем алімпійца, ведаючы: кожная душа павінна даспець да яго і тады — нідзе не дзенецца! — прыйдзе, узнімецца на самы вышэйшы пік чалавецкае дасканаласці.

Колькі ні давядзецца хадзіць пад сонцам, не пакіну хваліць, не стамлюся дзівіцца з незраўнанага ЦУДУ — кніга! Тым больш што паспеў дазнацца трохі, як робіцца яна — ад чарнавіка да вокладкі.

І колькі ні было ў мяне спадарожніц-кніг: вясёлых, бліскучых — на гадзіну, на вечар, на вясну, смутных і глыбокіх — на асенні роздум, на цяжкую пару, на доўгія гады,— гэтыя, што назваў зараз па імёнах,— на ўсё жыццё, назаўсёды.

Можна сказаць: мала, скупавата ў цябе сяброў. Колькі ўжо ёсць! Я ж не патыкаўся, не асмельваўся паткнуцца да іх з дружбаю, яны самі выбіраюць, каму падараваць яе. Як на аднаго — сяброў аж занадта. І ніводзін не ашукае нават у найменшым спадзяванні, і хоць вусцішна робіцца ад высачыні, куды яны клічуць сурова і неадхільна, але калі раздобрацца, павераць табе, дык ходзяць з табою доле, як сваякі, па-дружбацку размаўляюць і смяюцца, ніколі, аднак, не прыбіраючы невідочнага бар’ера і ўсё вышэй перакладаючы рэйку перад чарговым падскокам. Не аб рэкордах дбаюць, а проста нагадваюць і загадваюць: даскоч!

Маю смеласць гаварыць гэта перад шклянымі вокнамі паліц, адкуль пазірае яшчэ шарэнга несмяротных: Шэкспір, Талстой, Міцкевіч, Дастаеўскі. Бо ведаю: тое самае загадваюць пісьменніку і яны. І колькі гэткіх жа слаўных чацвёрак ні здолее выставіць чалавецтва ў спаборніцтве з тубыльцамі іншых светаў, столькі ж будзе загадаў імкнуцца да дасканаласці. Шкада адно, што чалавечага жыцця нестае не толькі на тое, каб прачытаць, а нават пагартаць творы ўсіх, хто даў несмяротнасць кнізе і праз гэта стаў несмяротны сам.

Вось чаму я шчаслівы прызнацца, што тужыў і сумаваў з Вікторыяй і Гланам. Не варухнуўшыся, сядзеў усю ноч, накрыўшы галаву пінжаком, каб нішто не шурхнула і не парушыла сонечнага і крывавага хараства апошняй дарогі чалавека, які кахаў Саламбо. Нарэшце, удосыць высмеяўшыся ціхенька, сам сабе, насіў кнігу з закладкамі, каб парадавацца з кожным добрым знаёмым з лістоў Антона Паўлавіча Чэхава.

За ўсе трывогі і радасці, якія прынеслі мне многія кнігі, я перад усім удзячны першай, што трапіла ў рукі. Яна адкрыла шлях да трох другіх — Гогаля, Лермантава, Пушкіна, а яны — да ўсіх астатніх, якія былі створаны калі-небудзь на белым свеце. І аж дасюль, калі вымаўляецца залатое, як кроплі сонца ў вінаградным віне, імя — Пушкін, я ўяўляю не «дзіўнае імгненне», не імглу «на ўзвышшах Грузіі», не асмуглае хлапчукова аблічча ў густых кудзерах і не мелавую маску пакутніка на крывавым снезе, не... Бачу ўсё той жа стары, пухнаты, пашматаны на кавалкі аднатомнік.

Адтуль жа, з маленства, бярэ пачатак успрыманне пушкінскіх вершаў як каштоўнасцей, якія існуюць асобна і незалежна ад іх стваральніка. А сам стваральнік уяўляецца асобай міфічнай і недасяжнай, накшталт барадатых біблейных прарокаў.

Каб дакончыць размову пра кнігі, павінен сказаць, што навуцы чытаць і разумець іх я абавязан бацьку. Быў ён вельмі ж з беднай сям’і. Восем сыноў з жонкамі і дзецьмі змушаны былі пракарміцца з чатырох дзесяцін дзедавага надзельчыка ў вёсцы Нянькава на Навагрудчыне. Бацьку давялося шукаць хлеба за светам. Прыбіўся на Случчыну, і тут, у Прусах, недалёка ад цяперашняга Салігорска, 2 лістапада 1909 года нарадзіўся я, апошні ў сям’і.

Усяе навукі ў бацькі было — пачатковая школа, маці насілу распісвалася, здабыўшы гэтае ўмельства ў хаце ад уласных сыноў. Бацька любіў кнігу, кожную вольную хвіліну хапаўся за чытанне, даволі добра пісаў, асабліва ж падабалася яму рашаць цяжкія задачы. Недзе, хочучы перадаць сваю схільнасць мне, ён перабраў меру: я люта зненавідзеў усе задачнікі на свеце, пачынаючы ад Малініна і Бурэніна, і застаўся ў гэтых адносінах поўным невукам.

І яшчэ некалькі слоў скажа маці:

«З бацькам вы дружылі. Яму грудзі балелі, біў кашаль, спаць не даваў. Дык ён зімою вельмі рана ўставаў. І ты разам з ім успорваўся: выспішся, лёгшы «з курамі». Нагрэеце гарачай вады, пап’яце з сахарынаю. Тады ён бярэцца віць вяроўкі, а ты чытаеш што-небудзь. Потым ідзяце ў хлеў, худобе трасянкі падкінуць. А калі я ўстаю паліць у печы, вы абодва кладзяцеся на гадзінку».

Маці мае на ўвазе тую пару, калі скінулі цара, як гаварылі на Случчыне, і, амаль непрыкметна для вёскі, надышоў Кастрычнік. Вось тады і спатрэбілася мая грамата. У прамежку ад лютага да лістапада 1917 года я працаваў заложна. Чамусьці, і да гэтага часу не ведаю адкуль, у вёсцы з’явілася незлічоная колькасць газет, шматпалосных, вялікага памеру, самых разнастайных кірункаў. Гэтае друкаванае мора навін я павінен быў прачытаць уголас шматлікім суседзям, наведвальнікам нашай хаты.

Выкрыццё шахрайства інтэнданцкіх генералаў перамежвалася са смакаваннем інтымных адносін жаночае палавіны царскага дома і Распуціна. Братанне на франтах, Устаноўчы сход, кадэты, акцябрысты, эсэры, меншавікі, напады на бальшавікоў, не зусім зразумелы, але павабны заклік «Уся ўлада Саветам» — усё гэта раптам звалілася на сялянскую галаву, змушала пачухацца і раздумацца. Ніколі яшчэ не мела яна такой колькасці духоўнага печыва і варыва, у тым ліку закрашанага няпраўдаю, а часам і атручанага.

Але вёска выбірала патрэбнае сабе хутка і беспамылкова. Выслухаўшы ўвечары ленінскі дэкрэт аб зямлі, прусцы назаўтра ж, не чакаючы загадаў і каморнікаў, пазбівалі з тычак крываногія сажні і ўзяліся надзяляць кожны двор прырэзкаю ад памешчыцкіх палеткаў.

Кіраваў гэтай справай Іван Разумны. Калі адкінуць пэўную дозу іроніі, з якой вяскоўцы прыляпілі яму гэтую мянушку за бясконцыя манілаўскія пражэкты («Што зрабіць, каб чалавеку лягчэй жылося? Пракапаць канаву і пусціць ваду з Млынкі ў Прусы...»), да дзядзькі гэтага ўсё ж ставіліся з павагай, як да чалавека разважлівага. Актывізаваўся Іван адразу ж пасля Лютаўскай рэвалюцыі і пачаў сваю дзейнасць са школы.

...Успёршыся барадою на посах (іначай не магу назваць здаравенны альховы кій, амаль кол), у рудой саматканай бурцы і ў салдацкай папасе са штучнага каракулю, ён стаяў пасярод класа, адначасова падобны — важнасцю і паставай — на думнага баярына, а натхнёным абліччам і дзёрзкімі вачыма — на Пугачова. На крок за ім двое спадарожнікаў, такіх жа барадатых, ускудлачаных, чорнавалосых, да таго ж апранутых і ўзброеных рыхт у рыхт, як іхні правадыр, моўчкі пазіралі на пазаміраўшых ад цікавасці вучняў.

З’яўленне дзядзькоў у школу, ды яшчэ пасярод урока — падзея немаленькая! Настаўніца, Надзея Мікалаеўна, ружовенькая, пышных формаў удава, штосьці збянтэжана шчабятала, спрабавала распытваць іх.

Трое маўчалі.

Іван, не парушаючы маўчання, выпрастаўся, падняў кій цяжкою, нібыта каменнаю, далонню і паказаў ім на сцяну. Там віселі партрэты толькі што скінутых цара і царыцы. Адзін з Іванавых спадарожнікаў падсунуў да сцяны столік, узлез на яго, з хрустам выразаў з рам наклееныя на палатно партрэты і скруціў іх у трубку. Іван прыняў скруткі, засадзіў спярша адзін, а потым другі ў шырозную халяву і, нарэшце, загаварыў да настаўніцы:

— Заляпіце гэта месца,— ён паказаў на пустыя рамы,— чым-небудзь з прыроды...

Акурат такая ж аперацыя, у такой жа паслядоўнасці, прараблялася ў заможнейшых вясковых хатах, нават па хутарах, калі ў каго-небудзь на покуце поруч з Мікалаем-цудатворцам прыпіраўся рыжавусенькі Мікалай другі.

Як старанна ні дзяліў зямлю Іван Разумны, не паспелі нацешыцца ёю — ні пасеяць, ні зжаць — мае аднавяскоўцы. Па краіне загрукаў бот кайзераўскага салдата, паваліліся хваіны на платформы вузкакалеек, пракладзеных «гаспадарлівымі» заваёўнікамі для зручнасці вывазу, ці бок рабунку, зарыпелі вароты хлявоў, выпускаючы загадзя паклеймаваных конікаў і кароў для тае ж ненаеднае «вялікае Германіі».

Потым — у Прусах, Чапялях, Касынічах, Чаплічах — усюды па мужыцкіх спінах, у першую чаргу па тых, хто дзяліў маёнткі, засвісталі шампалы і нагайкі легіянераў Пілсудскага. Запалалі стрэхі, і загараліся яны кожны раз пры адыходзе няпрошаных гасцей.

Я не збіраюся пераказваць гісторыю краіны — проста не магу абмінуць таго, над чым плакалі ўласныя вочы, што, увайшоўшы ў душу, пералілося і ў радкі...

Над маёю галавою прагаласіла некалькі войнаў. Першая з іх — імперыялістычная — уяўляецца жнівеньскай раніцай і заросшым травою гарбком каля акон нашай хаты.

На гарбку, шызым ад ранішняй расы, сярод моўчкі абступіўшай яго сям’і, стаіць мой старэйшы брат, спявак, весялун, увішны работнік. Кепска пашытая гімнасцёрка зелянцова-мышастага колеру — яна спрэс новенькая і карабаціцца лубам на грудзях і плячах — робіць яго нібы паменшаўшым і незайздросна злінялым. У руках ён трымае шапку з бліскучаю цэшкаю, цьмяна паблісквае на папрузе клямар. І самае галоўнае! Мой дарослы прыгожы брат стаў крыўдна падобны да зялёнага вушаценькага хлапчаняці, якім я бачу сябе ў люстэрку. Чорных пакручастых валасоў няма і знаку, сіняватая пасля нядаўняй стрыжкі галава — голая, як бубен. Ён часта міргае вачыма, а калі спрабуе ўсміхнуцца, атрымліваецца грымаса няўпэўненасці і болю. Учора яго здалі ў салдаты, але на адну ноч, няйначай за хабар, як я даведаюся пасля, пусцілі дамоў развітацца.

Непадалёку ў аглоблях уздыхае, панурыўшы галаву, наша непаваротная Ластаўка. Яна ўжо зусім кепска бегае і дажывае свой век у доглядзе за тое, што дапамагла падняць не менш за пятнаццаць ураджаяў і прывяла на падтрыманне гаспадаркі столькі сама жарабят. Чаму трухаць у Слуцк трэба ёй, а не яе апошняй дачцы, вядома толькі гаспадару, але ўсім нам непамысна і ад гэтага.

У мяне пачынае абуджацца цікавасць да цэшкі і клямара, але тут я заўважаю, што ў маці і сясцёр плывуць буйныя расяныя кроплі, такія самыя, як і на траве пад нагамі. Неўзабаве слёзы расстання ператварыліся ў слёзы назаўсёднай страты: больш мы брата не бачылі...

Цераз год вайна прасунулася па Случчыне страшнай патокай чалавечага гора і бясконцымі абозамі бежанцаў. Ішлі «збежанцы», як у нас чамусьці казалі, «з-пад Баранавіч на Рагачоў». Яшчэ крыху пазней вайна працягнула каля саменькай нашай хаты істужку гравійнай дарогі, даволі шырокай, з мастамі і кюветамі. Гэта ўжо быў шлях адступлення арміі: аж з Вызны на Пагост — большага кавалка прасторы, чым змешчаны паміж двума гэтымі пунктамі, маё тагачаснае ўяўленне не адольвала.

У Прусах з’явіліся пузаценькія тылавыя «дзеячы» і крыклівыя, з пустымі вачыма і папяроскамі ў зубах «дзяячкі» Земскага Саюза і Чырвонага Крыжа. Перавёўшы селавых курэй і папіўшы ўсё, што можна было піць — бровары стаялі зачыненыя, а вычарпаная з канаў гарэлка даўно павытыхалася,— адна плойма саступала месца другой, другая — трэцяй, нязменна пакідаючы пасля сябе некалькі загубленых дзявочых рэпутацый.

У час грамадзянскай наш пясчаны шлях ператварыўся ў своеасаблівы летапіс. Якія толькі падэшвы не адціскаліся на ім! Паклаўшыся спаць «пры немцах», мы прачыналіся «пры бальшавіках», а яшчэ праз некалькі дзён — «пры легіёнах».

Наша вёска ляжала на ростанях, ніхто яе не мінаў, і вельмі рэдка ўдавалася застацца нам у так званай нейтральнай зоне. Часамі заначаваўшая часць знікала так хутка і ціха, што ўстанеш раніцаю, а ўжо нідзе нікога, толькі на шляху — слядкі, слядкі. Вызначыць кірунак адыходу можна было па адбітках ног, а прыналежнасць часці да пэўнай арміі — па зброі, забытай і проста кінутай у кустах. Мы, хлапчукі, радаваліся такім знаходкам, хавалі вінтоўкі і карабіны пад стагі на прыгуменках, а патроны ўзрывалі цэлымі цынкамі, наклаўшы агню ў глінішчах, дзе былі глыбокія ямы і рос беразак. Калі сляды глядзелі «наскамі на Вызну» і адбіткі абцасаў былі роўныя і шырокія, мы ведалі, што «ўцякаюць палякі» і хутка «нашы пойдуць на Польшчу». Калі ж разбітыя чырвонаармейскія чаравікі адціскаліся «наскамі на Пагост», дык услед за дарослымі і мы гаварылі засмучана: «Нашы адступаюць, а зарвуцца палякі, дык не дай і не прывядзі!» Гэта значыла, што хлопцам трэба хавацца з коньмі ў лесе, дзяўчатам — не вытыкацца на вуліцу, а старым — трымаць напашэве ваду. Легіянеры не грэбавалі ні рабункам, ні гвалтам, а на прыхаванне злачынства пускалі агонь.

Ашукаць або хоць накпіць з акупанта быў немалы гонар. У гэтым сэнсе найбольшыя лаўры зарабіў селавы пастух Даніла: ён папярэдзіў чарговае наступленне белапанскіх часцей. І вось як гэта было. На золку Даніла выйшаў на двор і зачуў: як быццам грукаюць капыты на вуліцы. Глянуў ён цераз плот, аж сапраўды едуць тры ў канфедэратках — разведка.

— Нема большэвікуў?

— Ёсць, паночку! Поўная вёска, у кожнай хаце спяць,— чамусьці, не разважаючы, зманіў Даніла.

Жаўнеры не паверылі. Адзін злез з каня і зайшоў на падворак. Прачыніўшы дзверы ў хату, ён зараз жа, як абліты варам, зачыніў іх: доле на саломе, на лавах, на печы спала дзесяцера Данілавых дзяцей, будучых пастухоў і падпасавічаў. Разведка завярнула коней і тут жа падалася наўцекача.

Цэлы дзень Даніла хадзіў героем, расказваючы ўсім пра свой незвычайны спрыт. А назаўтра па Прусах пачалі біць гарматы, і некалькі польскіх рот абкружылі, а потым ланцугамі, подбегам, запялі пустую безабаронную вёску...

Пасля чарговага з’яўлення на дарозе слядоў «наскамі на Вызну» я знайшоў у кювеце польскі ілюстраваны часопіс. Малюнкі ў ім былі вельмі прыгожыя, хацелася ведаць: можа, і напісана там гэтаксама цікава. І я саматугам навучыўся чытаць па-польску. Гэта дапамагло прачытаць некалькі томікаў Вальтэра Скота, знойдзеных у пакінутым доме фальваркоўца Корбута, на зямлі якога вырас пасёлак, не з карэнных нашых жыхароў, а пераважна з бежанцаў, асеўшых у наваколлі. Перад гэтым падабраў я, таксама недзе ў разбітым памешчыцкім доме, дадатак да газеты «Свет» — амаль усяго Артура Конан-Дойля з яго славутым Шэрлокам Холмсам.

Абодва аўтары, пэўней — іх несутрымная фантазія штурхнула мяне на ўчынкі, якія ці мала засмуцілі бацьку, чалавека адкрытага і праўдзівага. Я пачаў страшэнна маніць. Паколькі ніякай шкоды ад мае маны не чынілася, можна сказаць далікатней: пачаў расказваць аб усім не так, як яно было, а як мне хацелася, каб было.

Увязаўшыся на дзень з конскімі ці кароўечымі пастухамі, я прыдумваў пасля неверагоднейшыя гісторыі. Здаралася, што каля статка спыняўся дзягцяр Ёська — пакурыць з пастухом Данілам, даць перадых сваёй нявыліняўшай шаўлюжцы. Пакуль старыя цешыліся самасадам, смак і пах якога характарызаваўся словам «забідух», мы цікавалі, як адаткнуць шпунт у дзегцяровай бочцы. Але пры найменшым памкненні зрабіць гэта худзенькая Ёськава дачка крычала так тонка і прарэзліва, што спробы не паўтараліся.

У маёй перадачы справа выглядала так. Падвечар нейкія коннікі напалі на нас і сталі брытаць падласую цёлачку, а мы, пастухі, надзелі латы і шаломы, пахапалі мячы і пісталеты і рынуліся ў бой. Ламаліся дзіды, храплі, ірзаючы, коні, і, нарэшце, нашы ворагі ўцяклі. Але не ўсе. Адзін з іх упаў з каня каля старога ветрака. Мы падбеглі і ўбачылі, што гэта красуня-дзяўчына, чарнавокая, падобная да Ёськавай дачкі Сорачкі. «Піць»,— слаба папрасіла дзяўчына і змружыла вочы. Даніла надаіў у шалом трохі малака ад папоўскай каровы і падаў ёй. «Даніла,— прашаптала цудоўная незнаёмка,— я не хачу малака, мне не трэба тая падласая цёлачка... Я хацела бачыць цябе... Хай даруе твая жонка, лэдзі Параска, але я кахаю цябе...»

Другім разам я выдумляў, як наш Рыжман загрыз чатырох ваўкоў. Пасля гэтага ён кінуўся і перадушыў усіх авечак., а зараз стаіць каля Касыніцкай дубровы над задаўленым канём, і вочы ў яго гараць, як ліхтары. Тым часам ні я, ні стары бяззубы цюлік і блізка не бачылі воўка — лес быў за добрых дваццаць кіламетраў. Затое я зусім нядаўна чытаў «Сабаку Баскервіляў» і перанёс некаторыя яго адзнакі на свайго рудзенькага сябра. Выслухаўшы мяне раз-другі і папярэдзіўшы: болей не маніць, бацька на трэці раз прыпусціўся за выдумшчыкам з пужкаю і задзяліў-такі па пятах. Не зважаючы на ўсю сваю пераканаўчасць, гэты выпрабаваны сродак ушчунку не дапамог: хвароба была загнана ўсярэдзіну. Адседзеўшыся ў сваякоў, я перапрасіў бацьку, абласкавіў яго сэрца, зрабіўшы выгляд, што раптам захацеў парашаць мілыя яму і агоркшыя мне задачкі. А свае гісторыі ад таго часу пачаў нашэптваць самому сабе, бо аднагодкі падымалі на смех, а расказаць маці і сёстрам можна было толькі папярэдне дапэўніўшыся, што бацькі поблізу няма.

Магчыма, гэта былі, як сказаў бы ўяўны крытык, з якім мы перакідваемся жартамі ад пачатку сённяшняй размовы, першыя, яшчэ вусныя спробы, калі не тварыць, дык складаць штосьці падобнае да створанага іншымі. Так гэта ці не — хто яго ведае! Цікава тут другое: прагу фантазіраваць абудзілі не цудоўныя ў сваёй дасканаласці кнігі, а, здавалася б, неабавязковыя, не чытаўшы якіх можна пражыць на свеце. І, відаць, праўда, што ніводная кніга не можа пашкодзіць пісьменніку: пры кожнай заўсёды чаму-небудзь навучышся і ад благой часамі больш падхопіш, чым ад добрай.

Наўрад ці можна лічыць маё выдумлянне за спробу пісаць. Хутчэй за ўсё — гэта нядужасць, праз якую праходзяць усе дзеці, як праз кохлік і адзёр, ці патрэба пажыць у казачным свеце, асабліва калі тых казак не хапае. А маё маленства перабылося не сказаць, каб у скупы на казку, а проста ў неказачны час стварэння новае явы. У кожным разе выдумляў я не ў тым жанры, з якім, раз дакрануўшыся да яго, сябрую дагэтуль.

Пашукаем жа часу, калі ў вочы пырснула раса паэзіі.

Хоць і багата было перадзелаў тэрыторыі паміж рознымі вобласцямі і раёнамі, хоць паступова і сышоў Слуцак — горад ва ўсе часы! — на ўзровень раённага цэнтра, амаль мястэчка,— тую частку Беларусі, дзе расплюшчваліся, убіраючы скупую матчыну красу, мае дзіцячыя вочы, аж дасюль называюць Случчынай. Хіба што цяпер гэтае імя саступіць месца гучнейшаму, сучаснейшаму і, нарэшце, магутнейшаму — Салігоршчына. Маёй радзіме, урадлівай у мінулым, суджана моцна памагчы ўраджаям не толькі нашай рэспублікі, праз багацці нетраў сваіх стаўшы буйным прамысловым асяродкам.

Мала лясоў на Случчыне, бедная яна і на ваду, але суглінкі, а дзе-нідзе і чарназём давалі магчымасць нашай вёсцы нажынаць і намалочваць у два, а то і тры разы больш, чым на Маладзечаншчыне. Мае Прусы прыткнуліся ў невялікай нізіне, каля ручва старое, даўно высахшае ракі, дзе вада з’яўлялася толькі вясною і позняй восенню.

Вечарам, стаўшы на невялічкі масток над гэтым рэчышчам, можна было ўбачыць далёка, кіламетраў за дваццаць, мігценне агнёў на даляглядзе. Мы, хлапчукі, ведалі, што гэта запальваецца электрычнасць, што там недзе той самы Слуцак, адкуль у кірмашовыя дні прывозяць абаранак або доўгую — на тыдзень смактаць, шкадуючы! — цукерку ў ружовай паперцы з махрамі на канцах.

Трапіць туды самому ніяк не ўдавалася, а хацелася — страх! Вось чаму я падоўгу праседжваў на масточку, уяўляючы, як хораша павінна быць у тым Слуцку, што там за людзі жывуць, якія ёсць крамы і кнігі.

Аднойчы — быў мне тады, здаецца, дзесяты год — я пайшоў з мастка, несучы дадому нейкае падабенства радкоў, якія можна было складна вымавіць:

 

Там агонь гарыць,

А тут мост стаіць.

 

Далей справа не пайшла, а панасіўся я з тым двухрадкоўем, пэўна тыдзень, пакуль забыў. Тады ж і думкі не ўзнікала, што мая «прыкладка» — убогая, смешная, недарэчная — даводзіцца ўсё ж нейкаю раднёю тым гордым і гучным вершам, якія я сустракаў у кнігах і хрэстаматыях. Крыніца, адкуль я зачэрпаў свае радкі, бегла блізка, каля самых ног, як вядзецца на свеце, нікім не прызнаная і занядбаная.

Здарылася так, што навальніца паваліла вялізную таполю, перагарадзіўшы грэблю паміж дзвюма сажалкамі. Праезду не было. Людзі выйшлі прыбіраць завал з пілкамі і сякерамі. А з імі Андрэй, малады яшчэ хлопец, крыху не ў сабе, прозвішча не помню, а па-вулічнаму — Бурка: ён заўсёды нешта бурчаў пад нос.

На такую ўрачыстасць, як пілаванне ўсім сялом старое таполі, пазбягаліся дзеці. Пры рабоце адпускалася многа жартаў, салёных і смешных, але, на маё здзіўленне, больш за ўсё смяяліся з таго, што гаварыў Андрэй, з яго малапрыстойных імправізацый.

— Во чорт! — браліся за бакі пілавальшчыкі.— Усё ўпрыкладку гаворыць.

Услухаўшыся ў Андрэевы жарты, я зразумеў, што значыць «упрыкладку»: канчаткі радкоў былі сугучныя, «прыкладаліся» адзін да аднаго.

Наогул жа, слова «прыкладаць» у нас ужываюць у сэнсе гаварыць складна, прыдумваць, а то і крыху прыманьваць.

Дык вось як прыкладаў наш імправізатар:

 

Гавораць: — Андрэй!

Ідзі на грэблю барджэй.

Я прыйшоў і зразу сеў,

Бо картоплі мала еў.

 

Даўшы ўсім паўсміхацца і падзівіцца з яго ўмельства, Андрэй працягваў:

 

Я сякераю цюк-цюк —

І ляціць на землю сук.

 

І не дай бог зачапіць ці перапыніць вершатворца! Як на ліха, адзін з дзядзькоў пагардліва абазваўся:

— Замкні ляпу! Рабіць замінаеш.

Андрэй адсек імгненна, перабіўшы і другім ахвоту да насміхання:

 

Ты замкай сваю Зіноўку,

Бо хлапцам міргае лоўка!

 

Выбух дружнага рогату пасведчыў, што чуткі аб «вернасці» дзядзькавай жонкі, якія хадзілі па сяле, не былі перабольшаныя.

Першыя мае радкі былі ў простым і непасрэдным сваяўстве з Андрэевымі і на той мове, якою мы гаварылі. Яна ўжо набывала шырокія правы грамадзянства, і, як свята, помню першы свой урок беларускай мовы.

Было гэта ў апошнія месяцы 1920 года. Перамёрзшы (была завея, а жыў я даволі далёка ад школы), мы з таварышам спазніліся і, забегшы ў клас, убачылі за сталом незнаёмага настаўніка. За спазненне я быў выкліканы чытаць і пераказваць хрэстаматыйнае апавяданніца з беларускай — першы раз за ўсё навучанне! — кнігі.

Пераказ гэты выклікаў ці мала смеху. Гаварыў я «сокаючы», з усімі асаблівасцямі нашага вясковага вымаўлення: чы, саўсім, палцы, аўёс, м’яса, замурзаласо. Ступеняў параўнання ў нас не прытрымліваліся. Каб выказаць найвышэйшую пахвалу ці ласкавасць, а ў такой жа меры захапленне або здзіўленне, прусцы падвойвалі, а то і патройвалі суфіксы і казалі: зялёненечачкі, вішанечачкі, дубчычак. Гэтак рабіў і я, выгукваючы пры асабліва моцным уражанні: «Іёй-йёй, як хораша!» і «Эльма ж, эльма ж многа салдатаў!» За прыхільнасць да апошняга выклічніка, перайначанага са звычайнага «вельмі», я зарабіў мянушку «Эльма» і адвык ад мілага слоўца аж у студэнцкія гады.

Усё гэта адбывалася ўжо ў трэцяй групе сямігадовай працоўнай школы. А паступаў я ў школу, якая называлася яшчэ гімназіяй, пры паляках. Падабраная пад час адступлення польскіх войскаў кніжка Янкі Купалы яшчэ раней адчыніла мне свет роднай мовы, паставіла яе ўпоравень з тымі, на якіх пішуцца і друкуюцца творы. У такім перакананні неўзабаве ўмацавала і кніга «У палескай глушы». Але аб тым, што далі, чым былі, чым ёсць і застануцца для мяне Янка Купала і Якуб Колас, я гаварыў ва ўспамінах пад назваю «Шляхам жыцця» і ў кнізе «Колас расказвае пра сябе».

Да ўсяго гэтага, таксама ўпершыню на беларускай мове, мне давялося прачытаць дакумент страшны і ганебны, расклеены на платах усё таго ж Слуцка. Вясною 1920 года я быў на кватэры сваіх, старэйшых за мяне пляменнікаў. Праз расчыненае акно пачулася нячастая ў той час, але ўжо добра вядомая нам мелодыя. Над вуліцай узляцеў «Інтэрнацыянал».

Рэч зусім немагчымая! Баёў не было, улады не змяняліся, і па вуліцах шпацыравалі польскія афіцэры з сваімі недарагімі дацвітаўшымі сяброўкамі.

Мы выбеглі на вуліцу. Абкружаная канвоем кучка людзей у падзёртай адзежы, без шапак, ішла праз горад і голасна спявала. Канвойнікі крычалі і лаяліся і ўсё стараліся ўлучыць прыкладам у грудзі спяваўшых. Але змаўкаў аглушаны ўдарам адзін і зараз жа вылятаў неўміручы спеў з вуснаў другога зняволенага. Што гэта былі асуджаныя, сумненняў не ўзнікала. Але хто і за што?

Аб’ява на тэлеграфным слупе расказала... Іх ведае гісторыя пад іменем 14 слуцкіх, расстраляных «за здраду і змову проціў войска польскага», як сцвярджаў сваім подпісам добра знаны кат Шэмет, «палкоўнік і камандзер Акруговага этапа».

У натоўпе, як стала вядома пазней, услед за асуджанымі ішлі іх сябры-падпольшчыкі. Яны моўчкі давалі клятву адпомсціць і здзейснілі яе ў ліпені. А я ўспомніў аб усім гэтым праз дзесяць год у невялічкай юнацкай паэме «Неаплачаны рахунак».

Аднак не будзем забягаць наперад, да таго, што знайшло месца ў кнігах, папярэджваючы расказ аб невыказнай глыбіні і сілы ўзрушэнні, з якога ці ў аднаго мяне выраслі першыя радкі.

Канчаць сямігодку мне давялося ў Чырвонай Слабадзе. Туды ад нас было бліжэй, як у Слуцак, танней каштавала кватэра, зручней было перадаць торбу з хлебам на тыдзень. Пачаў вучыцца я ў мясцовай школе адразу з пятай групы, бо чацвёртую «пераскочыў», здаў за яе экзамены, крыху парыхтаваўшыся са старэйшымі хлопцамі ўлетку.

Пасля бязлеснай і бязводнай нашай вёскі ў Чырвонай Слабадзе было куды пайсці, было чаго паглядзець. Поблізу пачынаўся шчыры бор, дзе мы бывалі на экскурсіях, а часцей за ўсё дапіналі па сваёй ахвоце. Рака з балацянымі берагамі, здаецца, прыток Лані, цёмнаю дугою абвівала мястэчка.

Проста па агародзе ў маіх гаспадароў бегла з-пад старое алешыны слаўная халодная крынічка. Калі я пачынаю ўяўляць тую мясцінку, дык на мосце вырастае постаць бялявага хлопца з вялікаю, як стаўбун, перавернуты ўніз, галавою. Мой сакватэрнік, ён сядзеў на рэчцы, як навязаны, нават не кідаўся біцца, здавалася б, на някрыўдную мянушку — Скібра. Але лёс даў яму рыбацкую цярплівасць, не надзяліўшы рыбацкай удачай. За ўвесь час нашага сумеснага навучання шчасце пасміхнулася яму толькі адною рыбінкай, дый тую выпадкам выцягнуў я, папрасіўшы на хвілінку патрымаць вудаўё.

Дык вось, не бачыўшы дасюль нічога прыгажэйшага за жытняе поле, я сустрэўся з лесам, з ракою, з балотам. Былі тут зацішныя куточкі, зашыўшыся куды можна было ціхенька пасядзець, складаючы неверагодныя гісторыі, смаку да якіх я так і не страціў.

Сярод усіх гэтых заняткаў — спектаклі, даклады на сходах, гульні ў мячыка і ў карагод пры ўдзеле дзяўчат, бойкі з местачковымі хлапчукамі, якія задзіралі нас, вясковых,— мушу вылучыць адзін клопат, які хоць і больш займаў дзявочыя галовы, тым не менш не цураліся яго і хлопцы. Гэта пісанне, дакладней — перапісванне вершаў у альбомы. Сярод саладкаватай сентыментальнай лухты, якою запаўняліся іх старонкі, страчалася сапраўды добрае зерне, што ўзвышала нас у адчуванні, паляпшала і ўмацоўвала густ, прывучала да паэзіі. Так мы распісалі па альбомах амаль увесь «Вянок» Максіма Багдановіча.

З Купалы бралі ўрыўкі, і то найчасцей хлопцы, бо лірыкі яго пад дзявочыя густы ў нас не было, а найбольш ішлі ў ход паўтораныя ў календарах і ў чытанках, завучаныя на памяць «Гэй, наперад», «Роднае слова» ды яшчэ, можа, «Над Нёманам» і «Мужык».

Пэўна, не адзін я ўспамінаю добрым словам тыя сціплыя, з розных гатункаў паперы, самаробныя вучнёўскія кніжыцы, аздобленыя выразнымі, пераводнымі і ўласнага вырабу птушкамі, букетамі кветак і «ўсходамі сонца». Усё гэта гадавала пачуццё таварыскасці, доўга прымушала звяртацца думкаю да тых, чые подпісы засталіся на старонках альбома.

Неўзабаве за перапісваннем вершаў пайшло і пісанне. У час зімовых вакацый 1924 года я па нейкай патрэбе паехаў на пошту. Нагрузіў цэлы перадок саней газетамі для перадачы ў школу, настаўнікам і яшчэ таму-сяму з падпісчыкаў. Прагны да чытання, я прывязаў лейцы за капыл і задубеўшымі ад сцюжы рукамі пачаў разгортваць сваю паклажу. Газет было шмат, і нейкіх асабліва тоўстых, па многа старонак у кожнай. Чорныя рамкі, жалобныя малюнкі і фатаграфіі, што ні паласа, то два-тры вершы. І над усім, перад усім, ва ўсім — адно імя, выдыхнутае, як камяк нясцерпнай бяды і болю...

Ленін...

Імя, паўторанае мільёнамі сівагаловых дзядоў і мурзатае малечы, поўных суровае сталасці дарослых і спыненых на паўдарозе да ўсмешкі падлеткаў, збялелых жанок і дасюлешніх немаўлят, каму гора старэйшых упершыню прарэзала гэтым іменем вусны.

Я пачуў усе тыя галасы і сам паўтарыў тое імя. Яно было перада мною, адбітае шматлікімі шрыфтамі: тлустым, чорным, што як быццам біў па сэрцы цяжкою мёрзлаю плашкаю,— у загалоўках; звычайным і незвычайным, чамусьці нібыта рухомым, гатовым узняцца па літары і пабегчы з месцаў,— усярэдзіне паласы; нарэшце, дробным, як рассыпаны на паперы мак, як тая чорная імгла, што, заснаваўшыся перад вачыма, зараз жа пачала распадацца на сажыстую вострую крупку і чарніць не крануты полазам снег паабапала.

Чалавечае гора ўвайшло ў мяне, зашчымела пад сэрцам і павісла на вейках адразу ж пазамярзаўшымі кропелькамі. Яно не было і не магло быць уласным перажываннем, што ўзнікае ад усведамлення і адчування незваротнае страты. Што мог ведаць аб справе Леніна шчуплы вясковы хлапчук, калі ён не шмат ведаў аб Леніне як аб асобе? Не праз тое, што не імкнулася гэтая сапраўды Асоба да ўзвелічэння і нікога не адпіхала з дарогі, а наадварот — стаўляла сяброў поруч і прапускала наперад, перад сабою. Не! У тыя далёкія часы, дый цяпер, хіба кожны дарослы адважыцца падумаць, што здолеў ахапіць духоўным зіркам усю простасць велічы ленінскай справы і ўсю веліч простасці ленінскай асобы!

А самотнага падлетка, аднаго сярод заснежанага поля, чалавечае гора падняло да сябе і напоўніла сабою. Яму давялося «прычасціцца таму пачуццю, што завецца клас». Але тады яшчэ не была напісана паэма «Ленін», адкуль узяты гэтыя радкі. Толькі дзесьці хадзіў па Маскве маўклівы Маякоўскі, адчуваючы пад сэрцам штуршкі твора, што меўся нарадзіцца.

Нешта падобнае адчуваў і хлапчук. Яму было сумна, трывожна, адзінока; ён не ведаў, што з гэтага пачынаюць пісаць.

Вечарам у хаце-чытальні мы выпускалі насценную газету памяці Ільіча. Наша новая настаўніца і я. Вылеплівалі павыразаныя з газет фатаграфіі і выказванні. Іншага матэрыялу не было, толькі перадавы артыкул напісаў хтосьці з вясковых камуністаў.

Міргаючы чырванаватымі павекамі, настаўніца сказала:

— А хто б гэта напісаў, што адчуваем мы з табою? Падумай і раскажы на паперы, як нам усім цяжка.

Гэты штуршок надаў выразнасць майму стану: я адчуў, што маю патрэбу выказацца. За ноч быў напісаны верш, аднак змясціць яго ў газеце я так і не адважыўся: бянтэжыла блізкасць хатніх і маіх вясковых аднагодкаў. Школьны часопіс потым падаў гэтыя радкі сярод вершаваных спроб іншых вучняў.

Такім чынам, пад восень, едучы паступаць у Мінскі педагагічны тэхнікум, я адчуваў сябе «паэтам»: вершаў у мяне ўжо быў цэлы сшытак!

Пачаліся заняткі, мы прыгледзеліся адзін да аднаго, і тут высветлілася, што вершы піша багата маіх аднакурснікаў і сярод іх 3. Бандарына, Н. Вішнеўская, П. Глебка, С. Дарожны, В. Казлоўскі. Усяго нас, пачаткоўцаў, было чалавек дзесяць. Гэтая група стала студыяй «Маладняка», якую чамусьці назвалі «ўзорнаю», і даручылі апекавацца ёю ўжо вядомаму празаіку Міхасю Зарэцкаму. Мы збіраліся, адольвалі разам літаратурную грамату, чыталі і разбіралі свае творы.

Вясною 1925 года студыя спыніла існаванне, у якасці справаздачы напісаўшы калектыўна апавяданне «Зоська», змешчанае ў часопісе «Малады араты». Большасць студыйцаў, у тым ліку і мяне, прынялі ў «Маладняк» — кандыдатамі.

Неўзабаве, пасля звароту з летніх вакацый, мае вершы ўпершыню знайшлі дарогу ў газеты («Першая песня» ў «Савецкай Беларусі») і ў часопісы. .

З таго часу я пачаў даволі шырока друкавацца і нават падрыхтаваў зборнік для выдання ў маладнякоўскай бібліятэцы. Аднак кніжцы маёй не было суджана ўбачыць свет, бо і сам я ў «Маладняку» доўга не набыўся.

Праз год на сходзе мінскай філіі «Маладняка» было зроблена паведамленне аб выхадзе з арганізацыі групы старэйшых маладнякоўцаў. Следам старшыні сходу, здаецца, А. Дудару, давялося агалашаць заяву такога ж зместу ад П. Труса, П. Глебкі, С. Дарожнага і мяне. Прысутныя сустрэлі гэта невясёлым маўчаннем, толькі М. Зарэцкі роблена рагатнуў і прамовіў: «Што ж, да ведама!» Не дужа весела было і выйшаўшым: хлопцы-аднагодкі, аднаго маладнякоўскага набору, і раптам пакінулі сяброў, апынуліся наводшыбе. Затрывожылася сэрца: раскол, невядомасць, ці можна будзе далучыцца да выйшаўшых раней, як пакіруюцца нашы літаратурныя справы...

Але не адступаць жа! Наблізіўся час выходзіць з «Маладняка» і літаральна: пакідаць рэзідэнцыю Цэнтральнага бюро. Наша «тройца» (П. Трус на сходзе не прысутнічаў і потым зняў свой подпіс з заявы) саламянымі нагамі падалася ў дзверы. Падняўся ўвесь сход. Некалькі кварталаў ішлі мы разам і маўчалі і толькі на плошчы Волі пачалі разбрыдацца ў розныя бакі.

Уласна кажучы, я выходзіў з «Маладняка» не таму, што зрабілася там цесна і душна. На мой тагачасны літаратурны рост у арганізацыі ставала і паветра і прасторы. Мяне, ды, відаць, не памылюся, калі скажу — і маіх сяброў, прыцягвалі да выйшаўшых раней таварышаў іх літаратурныя магчымасці. Невычэрпнасць, з якою разгортваў новыя рэчы, поўныя трапяткога чалавечага пачуцця, Кузьма Чорны. Выключнай выкрываўчай сілы, бліскучае і вострае слова Кандрата Крапівы. Нязвыклыя, але самі прыпадаўшыя да памяці радкі Уладзіміра Дубоўкі. Натхнёнасць разваг Адама Бабарэкі, чалавека таленавітага сэрца, хто даў не адну пуцёўку ў друк першым вершам маладых, у тым ліку і маім. Нарэшце, асабістая абаяльнасць Змітрака Бядулі — ён жа быў адзін з пачынальнікаў, да таго ж друг Максіма Багдановіча.

Каля гэтых людзей, думалася нам, малодшым, прастарней будзе ў хадзе, больш магчымасцей для навукі, калі не літаральнай, дык праз творы. Ім жа, старэйшым, хто паспеў сфармавацца як літаратар, было ўжо добра відаць, што літаратура перарастае адзежыну арганізацыйных форм. Неўзабаве гэта стала зразумела больш шырока. Пасля ўтварэння намі «Узвышша» з таго ж «Маладняка» выйшла яшчэ група, каб аб’яднацца ў «Полымя». Гэта — што датычыць больш трывалых літаратурных арганізацый; іншыя («Пробліск», «Літаратурная камуна», група рамантыкаў, аб якой меркавалі мы з М. Зарэцкім і В. Кавалём) не вызначыліся даўгавечнасцю. Наогул жа, літаратурныя групоўкі, складаны час, у які яны існавалі, супярэчнасці і барацьба паміж імі і ўсярэдзіне іх — занадта сур’ёзныя пытанні, каб кратаць іх мімаходзь, не ў адмысловай рабоце.

Што дало мне асабіста новае літаратурнае асяроддзе? Перш за ўсё гэта быў крок у паглыбленне, паляпшэнне літаратурнай работы. Хоць напісаў я ў тыя гады ці мала зялёнага, да чаго цяпер не дужа хочацца прызнавацца, затое навучыўся разумець: літаратура не любіць напалавіну прыкладзеных рук, не да астатку раскрытае душы. А калі так — не шкадуй на твор часу і работы. У гэтым пераконваў прыклад старэйшых майстроў: літаратурнае падзвіжніцтва, нястомная праца, восем-дзесяць старонак з варыянтам сказа ці радка. Непасрэдныя і частыя сустрэчы з Чорным, Дубоўкаю, Крапівою кожны раз давалі штуршок наперад, магчымасць зазірнуць у творчую лабараторыю іх абавязвала старацца, а практычныя парады, заўвагі па творах змушалі дбаць аб неабходнай патрабавальнасці.

Я зусім не хачу маляваць «Узвышша» райскім дрэвам, пад ценем якога ў шчасці і згодзе тварылі паэты і пісьменнікі. Не, у нас былі спрэчкі, і разыходжанні, і размежаванні. Так заўсёды знаходзіцца ісціна, і час пацвярджае яе.

У 1928 годзе выйшла першая мая кніжка вершаў «Крокі». «Хрысцілі» яе Я. Купала і Ц. Гартны, аб чым ужо расказвалася ва ўспамінах. Тады ж я паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт. Мне ішоў дзевятнаццаты год, але здавалася, што юнацтва засталося ў сценах мілага тэхнікумскага будынка. Нашы слаўныя вечарыны, дзявочыя ўсмешкі, «калектыў шаўцоў» — агульны псеўданім, пад якім Трус, Глебка і я пісалі смешныя рэчы ў вусную газету.

Галоўнае ж, не хапала таго цеснага гурту, без якога ўжо наогул не ўяўлялася далейшае існаванне, бо моцна папрырастала душа да душы за чатыры гады навучання. Здарылася так, што ва універсітэце мы зноў сабраліся разам на адным курсе: Трус, Глебка, Дарожны, я і наш былы студыйны настаўнік Зарэцкі. На старэйшых і на малодшых курсах было таксама ці мала літаратараў. Такім чынам, пачуццё чагосьці страчанага хутка мінулася, але літаратары былі колам у коле, і не ўсе здолелі па-сапраўднаму стаць членамі новага студэнцкага калектыву. Пачаліся непаразуменні, перасуды тайныя і яўныя, потым неразумныя выбрыкі супраць пісьменнікаў — усіх, агулам! — у студэнцкім друку. Нарэшце, з’явіўся славуты «ліст трох» аб выхадзе з універсітэта. Гісторыя гэта прагула на шматлікіх шумных сходах студэнтаў і літаратараў, знайшла ацэнку ў друку, і мне няма патрэбы варушыць падрабязнасці.

Тады наогул літаратура ўваходзіла ў пару бурных дыспутаў, зацяжных дыскусій, жорсткіх узаемных атак адной літаратурнай арганізацыі на другую. Таму большасць з нас вучылася кепскавата, а я праз недаравальную легкадумнасць навучання не закончыў і быў змушаны пасля доўга сляпіць вочы, давучвацца саматугам.

Вельмі многім я абавязаны тагачасным падарожжам. З маладнякоўскімі, а ў далейшым з белаппаўскімі брыгадамі я аб’ездзіў усе нашы гарады, пабыў на буйнейшых заводах і будоўлях. Творчая моладзь сябравала, не зважаючы на арганізацыйную прыналежнасць. Ахвотна сустракаліся, разам выступалі перад аўдыторыяй, чыталі і абмяркоўвалі ўсё, што з’яўлялася з-пад пяра. Былі, вядома, аматары пагрэць рукі на раздзіманні ўяўнай варожасці, скажам, паміж белаппаўцамі і ўзвышэнцамі, нічым іншым яны не маглі павысіць свае літаратурныя акцыі, але здольнасцей і праз гэта не прыбывала. Усё ж атмасфера была напружаная і нервовая. Узаемныя крыўды, недаверлівасць, абвінавачванні, часта праўдзівыя, але абавязкова перабольшаныя з зярняці да снежнай лавіны.

Бяда была ў тым, што я сам і мая літаратурная раўня не ўмелі пісаць дакладна і выразна. Гэта давала магчымасць адвольнага вытлумачэння твораў, дарэмных прычэпак, а то і проста махлярскага перакручвання. Так было з маімі радкамі «Мы не хочам радасці вітаць, што чужымі дадзена рукамі» («Чырвоны сейбіт», 1928 г.). Не ведаю, чыя злая рука ўпершыню выхапіла іх з верша, не чытаючы яго далей, каб прыпісаць мне жаданне адасобіцца ад сям’і савецкіх народаў. Іменна не чытаючы. Бо каб прачыталі наступную страфу, дык не было б за што лаяць мяне нашай крытыцы, не было б за што хваліць падбрэхічам за мяжой.

Вось яна, тая страфа:

 

Каб ізноў не йсці у кабалу,

Сталлю дышуць нашыя заводы

І нясе магутны Асінбуд

Электрычную сваю пагоду.

 

Якім бы малавыразным і няўмелым ні было гэта чатырохрадкоўе, яно начыста адкідае прыпісаныя мне чорныя абвінавачанні.

Верш з’яўляўся водгукам на дырэктыву партыі — вызваліцца ад капіталістычнай залежнасці і выпускаць машыны для вытворчасці машын. Напэўна ж, не пад маю сілу было па-сапраўднаму адгукнуцца на такі грандыёзны намер. Таму ў вершы з’явілася недакладнае слоўца «радасць», не канкрэтызавалася належным чынам уся запеўка.

Прыгадваю да выпадку, не таму толькі, каб сказаць: пішыце выразна, крытыкуйце сумленна! — гэта ў наш час абавязкова. На жаль, за два прыведзеныя радкі дасюль чапляюцца танныя пёры з эмігранцкіх газетак. Трэба ж, нарэшце, выбіць у іх з рук і гэтую слабенькую пажыву.

Усе мы лёгка ўздыхнулі, калі партыя распусціла літаратурныя аб’яднанні, убачыўшы, што за арганізацыйнай мітуснёй, дробнай калатнёю і прычэпкамі людзі забываюць пра сваю асноўную справу — пісаць! Міжарганізацыйныя перагародкі зніклі, як быццам і не існавалі, адпала крыўдная мянушка «папутнік», літаратары сабраліся пад адным дахам.

Да гэтага часу я самастойна прарабіў некалькі падарожжаў у новы дзень рэспублікі. Назапасілася матэрыялу, вочы сталі больш шырока і пэўна глядзець навокала. Найбольш узброіла мяне тады ў сэнсе ведання жыцця паездка па Палессі на пачатку 1930 года. Я ўдзельнічаў у арганізацыі калгасаў каля Мазыра, у Юравіцкім і ў Тураўскім раёнах.

...Бяссонныя ночы ў школах і хатах-чытальнях, калі на ўсе ўгаворы запісацца ў калгас адказам было глухое маўчанне. Ажылі бандыцкія стрэлы, узнікалі пажары, варожыя рукі раскідалі здабытыя за мяжой лістоўкі...

Некалькі тоўстых блакнотаў так і штурхаюць мяне пад руку, вымагаючы вывесці тагачасныя запісы на прыстойную паперу1.

А перад гэтым пабачыў свету і хараства. Пажыў на поўдні, абхадзіў і аб’ездзіў крымскія берагі Чорнага мора. З абодвух падарожжаў прывёз даволі вялікія цыклы вершаў, некаторыя з іх утрымаліся ў маіх кнігах да гэтага часу («Галасуе вясна за вясну», «Сны аб моры»). Не засталася без вынікаў паездка ў саўгасы рэспублікі і на толькі-толькі збудаваную фабрыку штучнага валакна (верш «Рух таварных цягнікоў» і інш.).

Увесь пачатак 30-х гадоў праходзіць для мяне пад знакам вучобы ў Маякоўскага. Першы раз мы з Глебкам слухалі яго з балкона тагачаснага кіно «Культура». На даражэйшыя месцы грошай не хапіла, і так адзін паўрубель на двух прымусіў паразважаць: абедаць ці купляць білеты.

Мы не каяліся. Безліч вострых слоўцаў, нечаканасць паэтычных знаходак, раптоўнасць рыфмаў скаланулі халадком навізны. Між лапатак прабегся марозік, і душа намоцна прыляпілася да гэтага буйнога, прыгожага, хоць ужо і не «дваццацідвухгадовага» чалавека з такім незабыўным, да пары яму самому, грымотным і мяккім голасам.

Другі раз, у клубе працаўнікоў асветы, Маякоўскі рабіў вельмі вострае ўступнае слова. Трус голасна рагатаў (залівісты і заразлівы смех яго быў заўсёды далёка чуцён) і ўсё памыкаўся падаць нейкае каверзнае пытанне — Маякоўскага ён душэўна не прымаў. Паэт перайшоў да чытання вершаў, а Паўлюк усё больш развясельваўся і смяшыў нас з Глебкам. Маякоўскі пачаў нервавацца і пусціў у залу «шпільку» наконт даўгіх валасоў і даўгіх вельветавых, ён сказаў — аксамітных, кашуль. Акурат у такой уніформе і былі мы трое. Паўлюк прыціх і пачаў сачыць за чытаннем.

Маякоўскі скончыў вечар на вялікім уздыме. Я ўжо многа бачыў кніг яго, але ўпершыню так захапілі — усяго, без астатку — творы толькі ва ўласным выкананні паэта. Усе мае ранейшыя прыхільнасці і ўплывы адышлі на далёкі план. Але да Маякоўскага падступіцца было не так лёгка, і вершы ў яго ключы з’явіліся ў мяне гады праз два. Мусіць, тады, як убачыў яго аблічча, раптам памякчэўшае, з заплюшчанымі вачамі, у зале на вуліцы Вароўскага, перад апошняй дарогаю па засмучанай Маскве. Гэта было так неверагодна, што хацелася крычаць і пярэчыць прамовам, жалобе, некралогам, як спрачаўся я напярэдадні каля Кітайскай сцяны з букіністам, не даючы веры пачутай з яго вуснаў страшнай вестцы.

Вярнуўшыся ў Мінск, я пераклаў «Левы марш», пачаў чытаць уголас перад сябрамі ўрыўкі з паэм «Ленін» і «Добра». Гэта папярэднічала адчуванню неабходнасці паспрабаваць так пісаць самому. Намер, вядома, ішоў ад залішняй самаўпэўненасці, але вынікі, добрыя ці благія, з’явіліся («Галасы гарадоў»).

Далейшыя планы былі парушаны. Золкай ноччу 23/ІІІ-33 года мне даволі настойліва пастукалі ў дзверы. Літаратурную работу давялося прыпыніць сама тады, калі я пачаў станавіцца на ногі. Узяўся стала за яе ўжо ў вайну, прыехаўшы ў 1942 годзе з фронту ў Маскву.

Адразу ж пасля мабілізацыі і кароткатэрміновага навучання ў пяхотным вучылішчы я ў пагонахлейтэнанта трапіў у раён Катлубані на Волзе. Там наступаў наш стралковы полк. Мяне засыпала зямлёю пры артылерыйскім абстрэле каля чыгуначнай веткі, дзе змяшчаўся камандны пункт. Выбраўшыся з-пад зямлі і паляжаўшы пад асеннімі зорамі, я дапоўз да штаба дывізіі, дзе атрымаў загад з’явіцца ў штаб арміі.

Прыкантужаны я з’явіўся ў Маскву, адкуль пайшоў у жніўні 1941 года, ласкава праведзены Янкам Купалам. Пакуль атрымліваў новае прызначэнне, сустрэўся з колам даўніх сяброў-пісьменнікаў. Пачаў друкавацца ў беларускіх выданнях, што выходзілі ў той час у Маскве («Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Савецкая Беларусь»). Неўзаметку сабралася вершаў на кніжку («Шырокае поле вайны»). Пасля дэмабілізацыі загадваў аддзелам у газеце «Звязда», працаваў у «Вожыку», а зараз перабраўся на кінастудыю. Вынікі паэтычнай работы — два томікі выбраных вершаў і паэм, кінематаграфічнай — фільмы «Народны паэт», «Паўлінка» і «Першыя выпрабаванні» (сумесна з А. Куляшовым). Спецыфіка кінематографа дапамагла навучыцца гаварыць лаканічней. Гэта асабліва выказалася, калі пісаў кнігу «Колас расказвае пра сябе». Многа перакладаў. Буйнейшыя работы — «Гора ад розуму» і «Вечары на хутары ля Дзіканькі». Зрэшты, гэта можна знайсці і ў бібліяграфіі.

 

Застаецца сказаць адно: як я пішу. А гэта, прызнацца папраўдзе, мне невядома самому. Калі наспявае патрэба выказацца, сядаю за стол з адчуваннем, што нічога дагэтуль не рабіў, не ведаю і не ўмею.

Пачынаю так, як той свой самы першы верш.

Недзе глыбока жыве ўзрушэнне, першаўражанне, часта не сабранае ў зрокавы вобраз. Яно, як сігнальны агеньчык, то ўспыхвае, то гасне, каб нарэшце перайсці ў трывалае і роўнае святло. Тады адкрываецца карціна. Для фіксацыі яе трэба слова. І яно не прыходзіць само, чакае рытмічнага штуршка, удалага сугучча, асновы, на якую наніжуцца радкі.

Добра сказана: форма знаходзіцца толькі на адзін раз. На другі твор яна не прыдатна. Вось чаму работа паэта — гэта заўсёды работа вынаходцы. Чым больш пошукаў і сумняванняў, тым больш шансаў на ўдачу.

Пішу я марудна і цяжка. І толькі крыху лягчэй ходзіць рука, калі думаю, колькі добрых хлопцаў, што нарадзіліся ў той час, калі я акопваўся пад Тулай, ужо глядзяць на свет сваімі вачыма і пішуць куды лепш, чым пачынала ў іх гады маё пакаленне.

1963

1 Пазней яны склалі адзін з раздзелаў кнігі «Дванаццаць вячорных вогнішчаў».


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан