epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Гітара

 

Васілёк не зморваўся. Яны ўвесь дзень хадзілі з бацькам па горадзе, а хлопцу ўсё не было ўпынку. Сказаць хадзілі было б не зусім дакладна, бо яны добра такі пракаціліся на тралейбусе, не мінулі пад’ехаць на трамваі, а да Мінскага мора дабіраліся на маршрутным таксі.

Пасля Кармы, дзе настаўнічаў Васількоў бацька, сталіца тлуміла шумам і гарачынёю. Аднак для хлопчыка ліпеньскай спякоты як і не было, ён цягнуў бацьку далей, стараючыся не прапусціць ніводных дзвярэй у магазін. Хто ж гэта паверыць, каб за бліскучымі вітрынамі, дзе стаяць святочна паўбіраныя «дзядзі» і «цёці», не знайшлося нічога цікавага. Спачатку ён палічыў манекены за жывых і пацікавіўся:

— А што, у іх работа такая?

— Як, як? — перапытаў, не зразумеўшы, бацька.

— Ну, стаяць цэлы дзень у акне і пазіраць на вуліцу.

— А-а,— пасміхнуўся бацька,— чым сабе і не работа?

Васілёк успомніў, як нядаўна ён быў на калгасным лузе і куляўся ў пасцягваных коннымі граблямі валках.

— Я ж і кажу,— разважліва зазначыў ён,— работа не цяжкая. Але нудна, ехалі б лепей да нас, на сенакос.

Найбольш было клопату з роспытамі. Бо як тут растлумачыш малому, што прыгожы дом з маладымі яблынькамі пад вокнамі — гэта міністэрства, а на рагу, насупраць стадыёна — гасцініца. Хлопчык не здавольваўся назвамі, яму трэба было дазнацца, што могуць рабіць у такіх вялікіх дамах. Ён ведаў, што ў калгаснай шавецкай майстэрні шыюць і ладзяць абутак, на фермах — гадуюць свіней і авечак, і патрабаваў адказаў ясных і вычарпальных.

Выслухаўшы, што ў міністэрстве працуюць, Васілёк адразу ж захацеў удакладнення.

— І многа там людзей працуе?

— Пэўна, з паўтысячы.

— А куды яго здаюць тое, што зробяць?

Бацька збянтэжыўся.

— Бачыш, сынок,— старанна выбіраючы зразумелыя словы, пачаў ён,— тут пішуцца паперы, складаюцца планы. Як лепей даглядаць зямлю, колькі і чаго трэба зрабіць.

Як проста ні гаварыў бацька, да хлопчыка не дайшло. Ён запярэчыў, што бацька, мусіць, сам усяго не ведае. Як гэта можа быць?

Тым часам яны выйшлі на цэнтральны праспект, і ўвага хлопчыка адцягнулася на іншае. Ледзь не паўквартала займалі вялікія вокны кнігарні. Васілёк падумаў, што злажы ў адно месца ўсе кнігі ўсіх вучняў іхняй школы, дык і то гэтулькі не назбіраецца. Але каб падаравалі яму столькі, дык частку можна было б паставіць у школьным калідоры, бо, мама кажа, у кватэры і так цесна. Потым ён пацікавіўся, як бы зрабіў у такім выпадку бацька.

— Ну, чытаў бы іх,— адказаў той, ачнуўшыся ад сваіх думак.

— Адзін?

Васілёк зараз жа выказаў слушнае меркаванне, што ён перш параскладаў бы кнігі па літарах і тады браўся б за чытанне. Можа б за паўгода і прачыталі як удваіх.

Яны выйшлі з кніжнага магазіна. У вочы кінуўся высокі, крыху змрочны дом на другім баку вуліцы. З-за маладых ліп паглядалі закратаваныя вокны першага паверха.

Васілёк прыгледзеўся.

— Ведаю,— рашуча заявіў ён.— Тут п’яніц цверазяць, трымаюць, пакуль не выспяцца.

— Як, як? — не паспеў здзівіцца бацька.— Гаворыш абы-што.

Васілёк пакрыўдзіўся. Ён ведае, што гаворыць. Хіба не пры ім расказвалі, як нарыхтоўшчыка з раёна забралі дружыннікі і ён потым дзесяць дзён падмятаў вуліцы, а начаваў дзесьці за кратамі. Вось яны, тыя краты, і ёсць.

— Не, Васіль, гэта банк. Тут, брат, грошы лічаць.

— І ўсяго работы? Зноў скажаш — працуе паўтысячы чалавек?

— Сама меней.

Тут Васілёк выказаўся за рашучае спрашчэнне банкаўскіх аперацый. Навошта дарма траціць час? Каму колькі належыць, хай прыходзіць і адлічвае сам.

— Ну, браток,— усміхаўся бацька.— Гэта ўжо быў бы поўны камунізм.

— Ой, тата, гаворыш сам абы-што,— адпомсціў Васілёк.— А хто мне казаў, пры камунізме грошай не будзе?

Бацька палічыў за лепшае накіраваць размову на другое, балазе іх падхапіла патока людзей, што заходзілі ў вялікі магазін.

— Гэта універмаг? — на хаду спытаў Васілёк.— Язык паломіш аб гэта слова. Наша бабка на яго лепей гаворыць.

У «ермаку», як гаварыла бабка, Васілёк нястомна абхадзіў усе паверхі, спыняўся каля ўсіх прылаўкаў. Тут яны купілі фарбы, альбом для малявання і добрых алоўкаў.

— Ты, мусіць, брат, таго... падбіўся? — спытаў бацька, калі яны нарэшце выбавіліся на зялёны скверчык.

— Не, татачка. Калі хочаш, пасядзі ў халадку. А я на плошчу збегаю.

І так Васілёк ні разу і не папрасіў ні спачынку, ні падмацавання. Праўда, калі па паўдні стала ўжо зусім горача, хлопец пачаў уважліва паглядаць на сінія скрынкі, каля якіх стаялі вясёлыя жанчыны ў белых халаціках. Дый то не папрасіў піць. Бацька прыйшоў на дапамогу сам, і яны са смакам елі брусочкі замарожанага малака, едучы ў машыне на мора.

Вось тут і быў парушан Васількоў спакой і яго дзіцячае прызвычаенне — нічога не прасіць.

На моры яны хораша паплавалі, пасядзелі на пяску, пад’елі пад вялікім брызентавым парасонам яечні, запілі ліманадам. А па дарозе да аўтобуснага прыпынку трэба ж было трапіцца ларку з культтаварамі. Чарнавокая жанчына ўсміхалася ім з-за прылаўка. А там былі раскладзены трусікі, ласты, даміно і вісела гітара. Крыху меншая за тыя, на якіх іграюць дарослыя, але акурат такая самая.

Васілёк схапіўся за бацькаву руку. От бы яму гэта сяміструннае дзіва! А прадаўшчыца, нібы адгадаўшы, што ўразіла хлопцава сэрца, зняла гітару з цвічка, прабеглася пальцамі па струнах:

— Чысты гук! Сама грае! Сёння дзесяць штук прадала. Апошняя.

Да Васілька вярнулася мова. Аднак ён проста не выказаў свайго жадання, а даволі безудзельна прамовіў:

— У нас у самадзейнасці большыя. Але і з такою запісалі б у гурток.

Бацька пераглянуўся з прадаўшчыцай. Адным словам, на кватэру да бацькавых сваякоў Васілёк прыехаў з гітарай. Не выпускаў яе з рук і пад час вячэры трынкаў у безладзь, уяўляючы сябе ўжо ўдзельнікам калгаснай самадзейнасці. З гітарай заснуў. Бацька асцярожна распрануў хлопчыка, паклаў на канапку, а гітару павесіў поблізу на цвік.

За размоваю дарослыя заседзеліся да поўначы. Насценны гадзіннік пачаў вызваньваць чвэрткі. Васілёк прачнуўся і сеў на канапку. Праціраючы кулакамі вочы, прыслухаўся:

— О, мая гітара сама грае! Праўду казалі ў магазіне.

Паклаў галаву на падушку і адразу зноў заснуў, не чуючы, як ціхенька смяяўся, накрываючы яму плечкі, бацька.

1964

 


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан