epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Грак і кот. Казачка без маралі

1
2
3
4
5


1

Жыў разумны чалавек,

Падабаў жыццё без грыму,

Не любіў ён прастарэк,

А найболей падхалімаў.

 

І замест — падхалімаж —

У яго злятала з вуснаў

Вельмі часта — халуяж

І яшчэ часцей — халуйства.

 

Не жаніўся той дзівак,

Неслі з ім самоты ношку

Заўдавелы грак Прымак

І Яўдошка, кот ці кошка.

 

2

Што даваў, з’ядалі ўсмак,

Падбяруць усё да крошкі:

— Дзякуй! — вымавіць Прымак.

— Дзякуй! — вуркне кот Яўдошка.

 

Не бярыце гэты факт

Пад крытычную бамбёжку:

Гаварыў вучоны грак,

Мяўкаў цёмны кот Яўдошка.

 

Звычкі добрыя аднак

Пераймалі,

і патрошкі

Крыў халуйства грак Прымак

І пляваўся кот Яўдошка.

 

3

Неяк выпаў скрутны момант:

Недзе ў лета на парозе

Гаспадар паехаў з дому

І забавіўся ў дарозе.

 

Дома спела заварушка,

Грак і кот агаладалі,

І яны душа на душку

Ласым вокам паглядалі.

 

Ні ўкусіць дзён колькі запар,

Ні глынуць вады з-пад крана.

Грак аслаб, заснуў

і ў лапах

Апынуўся нечакана.

 

4

Кот душыў, вачыма бліскаў,

А пасля дурыцца з ім стаў.

Мудры грак прамовіў:

— Кіска!

Еш хутчэй, без падхалімства.—

 

Не прасіўся, не маліўся,

Горда смерць прыняць гатовы,

Нават цёмны кот здзівіўся:

Вось што значыць прынцыповасць!

 

Але як ён ні трымаўся,

Быў бы з’едзен без прыварку...

Гаспадар якраз нарваўся

І Яўдошку даў па карку.

 

5

Зноў жывуць у добрай згодзе,

Дзе ён ёсць,— ваююць з грымам:

Дзень пры дні і год пры годзе

Дружна крыюць падхалімаў.

 

Крый ні крый, а трэба часам

Халуяж па карку жарнуць,

Калі кіем, калі пасам,

Як Яўдошку гаспадар даў.

 

Але ж я пакпіў наогул

І прашу сяброў шаноўных:

Не шукайце больш нічога

У радках маіх жартоўных.

 

1966


1966