epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

"Я пасміхаўся дружбакам..."

* * *

Я пасміхаўся дружбакам,

Вясёлы ад віна і свята.

Пад ранне больш нічый бакал

Майго, налітага, не кратаў.

 

І раптам абазваўся ён,

Гук абудзіўся светлы, тонкі,

Нібы над скутым ручаём

Вясна прабіла шкло палонкі.

 

Здалося: булькнула вада,

Паплыў срабрысты звон ільдзінак.

Якую вестку ён падаў,—

Перасцярогу, напамінак?

 

Нашто мяне асцерагаць,

Я ўмею ў твар глядзець пагрозе,

Аб чым жа мне напамінаць,

Калі мы ўсе яшчэ ў дарозе?

 

Спалохацца б, напэўна, мог

Такі, хто верыць забабонам,

Але ніхто між нас пяцёх

Не быў збянтэжаны тым звонам.

 

Адзін не счуўся пяючы,

Другі — гаворачы пра штосьці,

Як ты віталася ўначы,

Мая запозненая госця.

 

Дый не было вядома ім

Аб нашай змове:

сёння з дому

Падумаць добра аб другім

І пажадаць дабра другому.

 

А ты, як Новы год прабіў,

Ці чула звон майго бакала,

Які я да краёў наліў,

Каб радасць нас не ашукала?

 

21.VI.1957