* * *
Я свой радок на сэрцах важу —
Таго, хто будзіць сталь разцом,
Тае, што ажыўляе пражу
На сотнях звонкіх верацён.
Яны заўжды вядуць да ўзлёту,
Я з імі слухаю зямлю:
Чый голас сам прыму ў істоту,
Каму сваім я пасаблю.
Не страціць крыл мая надзея,
Як гіне рыба без лускі,
Што хтось чагось не ўразумее,
Памкнецца мне ўпраўляць мазгі.
Не шкода тут, а невыгода,
Калі вам суне цесны бот,
Нібы ад імені народа,
Той, хто ніякі не народ.
Не здоўжыцца неразуменне,
На ўсё свой час, не наракай,
Калі і думай аб замене,
Дык не душы і не радка.
Красавік 1977, кастрычнік 1979