epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Як нараджаўся новы свет

1. Запавет
2. Хто ж ты
3. След у новы свет
4. Пачатак варты
5. На ўзлёт
6. Горкая споведзь
7. Матчын лёс
8. Умельцы зброі
9. Мы за час, і час за нас
10. На хвалі Дзвіны
11. Першапаэт, першадрукар
12. Хлопец з Нафтабуда
13. На прыстані ў Пінску
14. У новыя прасторы
15. Па слядах маленства
16. Казачны варыянт утварэння рэк
17. Хвалі ідуць да чалавека
18. Гідролаг пад Сталінградам
19. Заручыны Волгі
20. Пад родны дах
21. Бальшакі да сонца
22. Тры абразкі на ваш прысуд
  Выпадак першы
  Выпадак другі
  Выпадак трэці
23. Ткалля шкла
24. Хвіліна развагі перад футболам
25. Качаня і лебедзь
26. Размова з Нью-Йоркам
27. За акіянам
28. Пошукі дарады
29. Месца пад сонцам
30. У дарогу нашчадкам


Паэма

 

Сотри случайные черты —

И ты увидишь: мир прекрасен.

Аляксандр Блок

 

 

1. Запавет

Наш век ужо ў астатняй квадры,

І новы век не за гарой.

Мне год двухтысячны

даў адрас,

Як перадаць набытак свой.

 

Сказаць усё, чаму быў сведкам,

Куды вяла нас часаў ніць,

Чаму стаў не такім, а гэткім,

Памылак горкіх не рабіць

Павінен я...

Адна турбота,

Каб нават парастак малы,

Што ўжо дыхнуў, глынуў ясноты,

Не захлынуўся ад імглы,

Якая падпаўзае люта

Да нашых кроўных рубяжоў

І асуджае на пакуты

Маё жыццё, маю любоў.

 

Ці неадхільнай будзе схватка,

Ці той злавесны ураган

За крылле схопіць напачатку

Рука рабочых і сялян?

І чорны прывід, смерч сіберны,

Не нарадзіўшыся, памрэ...

Каб мякка спала ў глебе зерне,

Мой час на камені арэ.

 

Я так хачу, пра гэта мару,

У гэта веру і раблю

Усё,

каб не пусціць пажару

На акрыяўшую зямлю.

 

Тут, можа, не зусім багата

Жыву я, сціплы чалавек,

Але гартаю не дваццаты,

А дваццаць першы — новы век.

 

І не шашой, а Шляхам Млечным,

З маторам на мільёны сіл,

Нібы ў грыбы пад Маладзечна —

У госці езджу да свяціл.

 

Яшчэ чытаюцца з усмешкай

Радкі такія, тым не менш

Адчуў, прыкуты да памежкаў,

Што можна ў свеце жыць без меж.

 

Свой час заўжды твару і слаўлю,

А зазірнуць імкнуся ў час,

Якому я падмуркі стаўлю,

Дзе не абыдуцца без нас.

 

Мы — тленны, ўжо сячэцца волас,

Душа ж не згодна спачываць.

Я зноў і зноў падвышу голас

Да вас, наступнікі, да вас.

 

Паслухайце, прайдзіце следам

За мною.

Вы павінны ведаць,

Што я пабачыў на вяку,

Каму я паціскаў руку,

Каго я ворагам лічыў,

Якія кнігі я вучыў,

Як гінуў каля перапраў

Як ажываў я і ўзлятаў,

Дзень гадаваў, узносіў гмах —

І прастарнеў Радзімы шлях.

 

Калі пераступлю мяжу

З свайго хачу

ў сваё магу

I простым словам раскажу,

Што перачуў,

Што дасягнуў,—

Я абвяшчу вам запавет,

Мой светлы друг!

З гарачых рук

Прымі навуку ўсіх навук:

Як нараджаўся новы свет,

Твой свет...

 

2. Хто ж ты

Твой дзень, твой ураджай,

Што зашумеў на плодных нівах,

Я ў муках матчыных раджаў

І пачуваў сябе шчаслівым.

 

Мяне ламалі — я зламаў,

Міжволі робячыся жорсткім,

Штык чатырнаццаці дзяржаў,

Нашылены смяротным ворсам.

 

Кусашчы, валачашчы рой —

Франк,

Долар,

Фунт

І нават злоты! —

Па хлеб і нафту ў свіран мой

Адкрыта пёр і лез употай.

 

Хто паабломваў кіпцюры,

А хто на зуб нагнаў аскому...

Я з карабінчыкам старым

Дапільнаваў парогі дому.

 

Тады, прыспешваючы рост

Душ чалавечых, руд жалезных,

Краіны лёс і свету лёс

Рашалі на партыйных з’ездах.

 

І я ў падраным шынялі

Пачуў грымотнае прароцтва:

— Не будзем больш,—

Казаў Ільіч,—

У міжнародным адзіноцтве:

Наш край савецкі — не адзін,

Ад гэтых часаў ёсць саратнік...—

 

Прыгнечаныя ўсіх краін

Са мною сталі ў шэраг братні.

— Хто ж ты? — спытаюць.—

Адкажы,

Хто даў табе такое права

Праломваць часу рубяжы

І гаварыць за ўсю дзяржаву?

Калісьці гэтак — я ды я! —

Падхвальваўся адзін Людовік...—

 

Мне мала спраў да караля,

Я стаў дужэйшы анадове.

 

І маю болей не ўтрая,

У дзвесце крат шырэй арбіта:

Дзяржава — я, яна — мая,

Я — ёю, мной — яна здабыта,

А на чарзе — уся зямля!

 

І права гэтае вяло

На з’езды, мар і думак святы,

На Першы з’езд і на Дваццаты,

Хоць не прысутнічаў —

было,

Было там сэрца дэлегатам.

 

3. След у новы свет

Буланы конь ішоў ступою,

І чулася: забег тапор

У шчыры бор пад Слабадою,

Што і на карце зваўся Бор.

 

Я з пошты ехаў... Там у сані

Сухі падкінуўся дзядок.

Трымаў газету, ды чытанне

Было не на ягоны зрок.

 

Вычытваў я паведамленне

З-пад чорнай рамкі аркушоў.

— Ды не, сынок! Таварыш Ленін?

Не можа быць! Мо дзе пайшоў...

 

— Куды пайсці яму?

— А ўведаць,

Што ў свеце, што ў яго дзяжы? —

Зашаранелі густа ў дзеда

Брывей разгатыя лаўжы.

 

— Пакуль ён тут, бліжэй, разгледзіць,

Што парабляем, як жывём...

Відаць, пачне заходзіць недзе,

Нібы папіць, у кожны дом.—

 

Мароз калоў зямлю, і нерадзь

Прамёрзшы прадчуваў загон...

Як не хацела сэрца верыць

У гэты перадчасны скон!

 

Мой неспакойны спадарожнік

Махнуў палойкай барады,

Прыўзняўся на санях парожніх:

— А ты зірні адно — сляды! —

 

У снежнай выціснуты солі,

Нібы пачаўшыся ад хат,

Па цаліку, па белым полі

Цягнуўся след за далягляд.

 

Ці на заставу пагранічнік

Пакет з сакрэтамі пранёс,

Ці нехта з нашых паляўнічых

Пужаў зайцоў, зрабіў прачос.

 

Лыжніцу іней прыпарушваў,

Пабліскваў мёртва, як глазет...

А можа, праўда — Ленін рушыў

І каля нас пакінуў след?

 

У вёсках рыпалі асверы,

Дым слупам стаў — на халады.

Як нам хацелася паверыць,

Што гэта Леніна сляды!

 

...Дзядок дзеля царкоўнай службы,

Як блямкне на абедню звон,

Плуг пакідаў, і хоць нядуж быў,

Але ў царкву прыскочыць ён.

 

А тут — пачаў валіць на бога:

— Што робіць, воўк яго дзяры!

Каго бярэ? Мяне б, старога,

А то...—

І спахмурнеў стары.

 

Прыціснуў пальцамі вачніцы

І кінуў богу крымінал:

— Не мог не даць мне нарадзіцца,

А працаваць пазамінаў.

 

Без божай волі — ні паўкрочку:

Пасці, святкуй паўсотні свят.

Палю па свечцы ўсім святочкам,

Пайду касіць — то дождж, то град.

 

Ты бачыш, бог які дыспетчар?

Расла салома з мужыка!

Сам хату дзецьмі забяспечваў,

Ужо ж не божая рука.—

 

...Аддаўшы веру Чалавеку,

Зракаўся бога чалавек...

— Па дню б,— казаў,— ад нас, няўмекаў,

Злажыліся б, і жыў бы век...—

 

Казаў і разумеў блюзнерца,

Што з новай верай стаў вышэй.

Святла чырвоныя азерцы

Плылі паўзверх старых траншэй.

 

— Пайду ў Савет: пашліце зараз

Кашулю гэту пры пісьме —

Не дар я м у, але аддара,

Сабе хаваў яе на смерць.

 

Няхай сябры я м у надзенуць

Ад нашых земляў белы строй.

Быць можа, нехта стане ў змену

І з нашай вёсачкі малой.—

 

Стары ўздыхнуў:

— Лунаў высока,

Каму цяпер зраўняцца з і м!

Меў сонца ўсход у левым воку,

А сонца захад — у другім.

 

Снег на лыжні палыскаваўся.

Мы думалі: куды той след?

І Ленін быццам абазваўся:

— Куды той след?

У Новы свет.

 

*

І я тады прыпаў да слова...

Што верш мой, бедны мой заход!

За ўздых адзін — мільёнвятровы —

Натоўпы хмар нагнаў народ.

 

Дык хто пачуў бы ў гэтым плачы,

На золкай студзеньскай смузе,

У болю тым мой боль дзіцячы,

Маю слязіну ў той слязе?

 

Праз гурбаў снежныя надзімы

Я смутку не данёс свайго

У сэрца нашае Радзімы,

Да сэрца змоўкшага Яго,

Але той след, ад той гадзіны

Цераз мяне, праз усяго

Сусвету далечы

адбіўся

На многіх тысячах дарог

І ўсім наступнікам адкрыўся,

Як быццам перад вокам лёг.

 

4. Пачатак варты

Запал юнацкае рукі

Мне абвяваў штандар надзеі.

Дзяржавы юныя палкі

Вадзіў я — чырвонагвардзеец.

 

Дзе пад канём, дзе на кані,

З крывою сошкай і жалейкай,

Адзіны ў вёсцы камуніст,

Сам — сакратар

і сам — ячэйка.

Падважваў лёсу камяні,

Каб скінуць торбу падарэйкі.

Дружбак загіне — уздыхні,

Прыгоршчы жвіру ўссып на вейкі

І стой на варце, не зміргні!

 

Так, пад варожы сквіл і брэх,

Дзяліў зямлю, каваў жалеза

І чырваніў крывёю снег—

Селькор,

падстрэлены з абрэза.

 

Але над тым не ўладны скон,

Хто працай рады, векам шчасны,

Вялікіх дзён і дробных дзён

Вялікі і малы сучаснік.

 

Цяпер туды згары гляджу,

А меней дзіўны мне рэактар,

Чым той, што першую мяжу

У полі зрэзаў,—

першы трактар.

 

Я з ім развейваў даўні змрок

І, падтачыўшы дзень кароткі,

Вёў індустрыі першы крок,

Клаў першы камень пяцігодкі.

 

На мне зламала меч вайна,

Яе адужаў з пабрацімам,

Хоць у Майданаках канаў,

Гарэў у печах Асвянцімаў.

 

Як жыў?

Не знаю — я ішоў.

З глытком вады на перавале

Давершваў справы за сяброў,

Калі прысталі і не ўсталі.

 

І той шчаслівы халадок

Здзяйснення, скончанай работы

Пранізваў скрозь, ад рук да ног,

Надаючы ў хадзе ахвоты.

 

Хай на калошынах брыжы,

У страве затаўка слабая —

Я зноў ішоў, а значыць — жыў,

Душа ані не наракае.

 

Не дзеля следу ў барацьбе

Рабілі ўсё, не дзеля славы:

Перш нас, пасля саміх сябе

Перарасталі нашы справы.

 

Так век судзіў, так ён падбаў:

Клявец ператвараўся ў молат,

У трактар — плуг,

Серп — у камбайн,

Вышэй арла ўзвіваўся голуб,

А чалавек —

і не пытай!

 

Яго ўжо нёс далей парыў.

Работу скончыць, кіне вокам —

Не пазнае —

а сам тварыў! —

І лепш яно, і больш высока.

 

У свет, які не за гарой,

Ісці —

мне гэтага хапала! —

І быць упоравень з парой,

Што ўсіх і ўсё перарастала,

Каб і сябе перарасці,

Эпохай стаць насупраць метрык.

 

Інакш не мог ён узысці,

Той свет мой светлы, запаветны.

 

5. На ўзлёт

Мне давялося шмат пабачыць,

Быў не скупы на дзівы лёс:

Трусок з калмаценькім сабачкам

Лятаў за трыдзевяць нябёс.

 

А што казаць пра чалавека?

Ён корміць зоры проста з рук...

Цяпер калгасная аптэка —

Што Акадэмія навук.

 

Яна,

шаноўнейшая цётка

Асветы нашае,

наўрад

Ці знала ўчора столькі сродкаў,

Хоць мела большы апарат.

 

Я ўжо лаўлю дакору словы,

Нібы іроніяй грашу,

Што без патрэбы установы

З вялікай літары пішу.

 

Іначай нельга...

Не пагана

Укладзен правапіс стары;

Калі напішаш без пашаны,

Дык выправяць карэктары.

 

Нясу пашану, больш — спагаду,

Бо як зірнеш на фронт навук,

Праз тое, што азадак гладак,

Там не адзін сядзеў Дундук.

 

Асобы скромнасці нябеснай,

Калегіяльны — прыклад нам:

Паўсотні прац, і ўсе — сумесна,

З сааўтарам, ніводнай — сам.

 

Тут як ні пстрыкай — пахне ліпай.

Гісторык не паспее чхнуць,

І ні з малое, ні з вялікай

Тых дзеячаў не ўспамянуць.

 

Зірнуць паўзверх, пакпіць — не штука,

Каштуй, зачэрпаўшы са дна.

Хіба ж звялася ў нас навука?

Не!

Ёсць яна, ды як відна!..

 

Ручво капае між наносаў

І ўжо глядзіць за далягляд,

За сотні год, як Ламаносаў,—

Навуцы гэтакай я рад.

 

Адкінуўшы блукальны посах,

Ступіў я на такі парог,

Што ў даўніх днях адзін філосаф

І з ліхтаром знайсці не мог.

 

Не нашчадкі яго, не ўнукі,

Змаглі мы, ўстаўшы да жыцця,

Праверыць ісціну навукі

Святою ісцінай быцця.

 

Вякі з трывогаю глядзелі:

Ледзь акрыяў, па дзірване,

А ўсе падзеі і надзеі

Закручаны вакол мяне.

 

І столькі сіл я разняволіў,

Каб толькі з імі саўладаць!

Ды зноў шукаў,

знаходзіў болей,

Чым дазваляла мне хада.

 

Бывала страшна, часам скрутна

З прыродай жыць у барацьбе,

І вось я стаў такі магутны,

Што сцерагуся сам сябе.

 

Няма таемнай сілы божай,

Ёсць чалавечая, адна.

Ці нам дужэць яна паможа,

Ці свет пакіне без відна

І ўсё замкнецца ў вечным цыкле?

 

Перамажы ці стань праўцом!

Так пачынаўся дзёрзкі выклік

Таму, хто лічыцца тварцом,

Каму той-сёй гатоў паверыць,

А то паклоны б’е цішком,

Як думцы не ўдаецца дзверы

Прасеч за свету акаём.

 

Ды нездарма ўсеўладны атам,

Часціначку, драбней за пыл,

На сонца вывеўшы са спратаў,

Са мной сучаснік расшчапіў.

 

Пайшло святло ад рэк таёжных,

З вадой пустэльні ажылі,

Я выкіраваў спадарожнік

Са спадарожніцы — Зямлі!

 

Куды ні глянеш ты сягоння,

Сваю пазнаеш баразну.

Паклаў мне час усё ў далоні

І папярэдзіў: не змарнуй!

 

Май пэўнасць, часе, не змарную

І танным словам не зглумлю,

Калі слязіны не зміргну я —

Вачыма сэрца уяўлю.

 

Бо на сягонняшніх арбітах

Каму-каму, калі не нам,

Жывой душы зрабіць адбітак,

Якую меў і майстар сам.

 

6. Горкая споведзь

Мой добры сябар вельмі зграбна

У вершы казку пераклаў

Пра тое, як музыка д’яблу

За піва скрыпку старгаваў.

 

І, можа, абышлося б гладка,

Але, пасля магарычу,

Яны, завёўшыся выпадкам,

Са скрыпкі вытраслі душу.

 

А скрыпка без душы — нямая!

І зараз не чакай дабра:

Табе, калі душы не маеш,

Ні заспяваць, ні заіграць.

 

Бытуй з людзьмі, хадзі па часе,

З яго аблічча цень сатры

І ўчуеш раптам, што злілася

Душа з душой твае пары.

 

Ніхто не зганіць наш набытак

Ні за сталом, ні на сяўбе,

Каб рос ён,

гавары адкрыта

Аб цяжкім — перш за ўсё — сабе.

 

Упічак будзе, хоць заліся,

А не прыкрашу, не салгу,

Скажу з душой,

як летапісец,

Жыць, не сказаўшы, не змагу.

 

*

Бывае, вынесуць з пакоя

Афорт які...

Вісеў даўно,

Павыцвітаў і ўсё такое,

Але шкада — усё адно!

 

Прывычкі нашы, ах, прывычкі!

Вол прывыкае да ярма —

Як распрагуць, яму нязвычна,

Здаецца, выпраглі дарма.

 

Нейк у мяне так сэрца ўпала,

Нібыта ад благіх прыкмет:

Вось плошча — і без п’едэстала,

Вісеў партрэт — і знік партрэт.

 

Хай пахавалі чалавека,

Яго не вернеш з небыцця...

Каб жа труну!

Тут постаць века,

Здалося, вынеслі з жыцця.

 

Так, гэта постаць...

І не з дробных,

Таму не выбралі другой...

Быў час нялёгкі і падобны

У нейкіх рысах да яго.

 

Адной рукой кусцілі засеў,

Другой — сцішалі перуны.

Рабілі мы, а рысы ў часе

Былі ягоныя значны.

 

Тае пышлівасці надмернай,

Што вызначае ўладароў,

І падазронасці да верных,

Што пакідае без сяброў.

 

І нечаканых паваротаў

Рукі, узнятай на штурвал,

Як прывучаў пас да работы,

Нібы наўкола бой трываў.

 

Няхай ён шмат сабе прыпісваў

Да гістарычнай баразны,

А рысы ў часе засталіся,

Не выкасуеш, ёсць яны.

 

Мы шмат чаго рабілі з болем,

Хоць часам з радасцю маглі.

Чаго ўздыхаць? Не кожны здолен

Патрэбны рух надаць зямлі.

 

Ды ці ўтрымаў бы хтосьці хліпкі

Аж дваццаць год ад схваткі той,

Ад той смяротнай, страшнай сшыбкі,

Што называецца вайной?

 

Калі ўзраслі на даляглядзе

Яе агністыя клубы,

Ніхто, і бог бы не дарадзіў,

Яе ўжо пе магло не быць!

 

Яна дайшла, яна даспела,

Яна дабегла да прысад

І з хмары вырвацца паспела,

Як на калоссе цяжкі град.

 

Спрабуй — стрымай!

Не кожны здолен

Не ўціснуць голаў, не ўцячы...

Мы шмат чаго рабілі з болем,

Іначай — не перамагчы...

 

Прыйшла бяда — гаворак меней:

Сказаў — адсек, і ўсё па ўсім.

А хто там, геній ці не геній

Адбіў удар —

мацней стаім!

 

Як ні адмахвайся заўзята —

Быў, і няма, і след астыў! —

А сэрцу млосна, пуставата,

Перахварэць павінен ты.

Няхутка ўбачыў я за стратай

Свет не пусты і лес густы.

 

Сумеўся я...

Што будзе заўтра?

Ці ўстоім, калі гром угрунь

Рванецца з авія і з аўта

На падгадованую рунь?

 

Аднак без выбухаў раптоўных

Заднеўся дзень.

За ім — другі

Закалыхаўся поўным-поўны

Аж да вясёлчынай дугі.

 

Калгаснік ладзіў трактар, збрую,

Свет не саскочыў з перадка,

Хоць не падкручвала старую

Зямлю

астыўшая рука.

 

І прастарней на сэрцы стала,

Як і на вуліцы любой,

Дзе ўжо на месцы п’едэстала

Кармілі дзеці галубоў.

 

Зямлі зялёная грудзіна

Расціла ціха свой прыплод.

Мяне ўздымала, маладзіла:

Зварот імён, сяброў зварот!

Мне прадчуваліся радзіны

Яшчэ нябачаных турбот.

 

І адбылося!

Светлым дзівам

Душа рванулася наўзлёт,

І словы

Маці і Радзіма

Яшчэ цяплей сказаў народ.

 

Я ўголас вымавіў.

І ў кожным

З тых добрых слоў

ажыў мой дом,

Мой чорны хлеб, мой луг мурожны,

Паднебны свет з усім дабром.

 

І нешчаслівых продкаў слава,

І шлях прычаснікаў маіх

Насталі простай, земнай справай...

Ды як я дыхаць мог без іх!

 

Я піў святло, здавольваў смагу

І лёс прасіў: не адарві

Ад цёплай матчынай увагі,

Ад смутнай матчынай любві.

 

І сёння ёсць, і заўтра будзе,

І не прыскочыць бура ўгрунь.

Да каласоў, мой добры людзе,

Падняў ты будучыні рунь.

 

7. Матчын лёс

*

Гады закрэсляць ці адновяць —

Не разважай, не бі адбой:

Пішы сабе,

працягвай споведзь

Ні перад кім, перад сабой.

 

Цяпер багата стала ясна,

Пішу па часе — рад не рад —

Раней крыху паспеў сучаснік,

Паэт, дык ён старэйшы брат.

 

*

Чаго таіць!

Балелі страты,

Як нараджаўся новы свет.

Не вінаваць невінаватых,

Спачатку глянь на веліч мэт.

 

Прасцей за ўсё абвінаваціць

Абставіны.

Спрэс абяліць

Саміх сябе, злажыць на маці,

Нібыта мы ў другой раслі.

 

Усім пялёнкі паласкала

І хлеб пякла на ўсіх адзін,

Ды, як на тое, і ў ласкавай

Удасца раптам жорсткі сын.

 

Як ні глядзі, а з ім халодна:

І смех і плач — яму пад лад,

Ды ўсё ж ткі родны, не наводны,

Не чужаземны супарат.

 

Як ні пякло, ні калаціла

Яе пад позіркам цяжкім,

А даравала, бо любіла

Той добры свет, што быў за ім.

 

Вастрыла серп вайны зубіла,

За справу, пры якой стаім,

Устала, крыўды ўсе забыла

І ў цяжкі бой пайшла за ім.

 

А смерць прыйшла, сарвала біла,

І звон навекі стаў нямым —

Збялела маці, ўсё забыла,

Пагаласіла і па ім.

 

Такая ты!..

Жалоба ў хаце,

Павіслі сцягі наўкасы...

Хай жорсткі ён, але для маці

Які б ні быў, а ўсё ж ткі сын.

 

*

Ва ўчора зазірнеш часамі.

Айцоў айчыны шмат было —

Цары з бародамі, з вусамі,

З галовамі і без галоў.

 

А маці — ўсё адна!

Сівая,

Ды маладзей за маладых —

Слязой праводзіць, сустракае

Сыноў жывых і нежывых.

 

Слязой...

Чаму ж я ўспомніў працу

Вясёлую?

Згадайце вы,

Як пачынаюць нахіляцца,

Дыміцца ў росах паплавы.

 

Вяскоўцы — Колас і Твардоўскі

І не мужык, а граф — Талстой

Занятак славілі дзядоўскі:

Прайсці на досвітку з касой.

 

Яно так хораша, аж млосна!

Спіць травастой, туман паўзе...

Ідзеш:

а росна там ці слёзна,

Ці па расе, ці па слязе?

 

І ўбачыцца: на сенажаці,

З глыбінь яе, ў світальны час

Мільёны воч мільёнаў маці

Глядзяць на свет.

Глядзяць на нас.

 

І плачуць, як здаўна тужылі,

Бо як мы добра ні жылі,

Здаецца ім: не даступілі,

Напэўна, лепей бы маглі.

 

Заўжды ім рупіла, балела:

Трава — няхай, пара сцінаць,

Але нашто, прыгожы, белы,

Выкошваць свет, як сенажаць!

 

Пад раніцу і ўвечар позна

Луг на туманы не скупы,

Але ці росна там, ці слёзна —

Не знаю...

Боязна ступіць.

 

Як з пераспелага калосся,

На дол плывуць зярняты слёз,

Усіх жанок з’яднаўшы лёсы

У матчын — вечны бабскі лёс.

 

Чаго ты, маці, ні цярпела:

То прыбяры, то падавай!

На сонцы млела, ў ветры зглела,

А працы мела — цераз край.

 

Дзяўчына, не пабыўшы жонкай,

Ужо рабілася ўдавой,

І не вылазіла з пастронкаў,

Ледзь не хадзіла пад дугой.

 

Не ўстояць перад гэткай сілай

Ні конскай, ні чыёй з багоў...

Не нам судзіць, калі каго

Ад гора ў змроку прытуліла,

А думала то пра свайго!

 

Мы — юнакі і ў веку сталым —

Хінёмся болей да бацькоў,

Хоць з беднаю зямлёй звязала

Яна нятлустым малаком.

 

Адкуль узяць? Жыла нягуста,

Ды як ні ўкрыўджана была,

А хлеба лусту, слова лусту,

Не пасаліўшы, не дала.

 

Перш чым сабе — падкіне сыну:

Сілкуйся, дзеткі, на — пірог!

І, моўчкі праглынуўшы сліну,

Вядзе, галодная, нарог.

 

А надвечар, у хустцы новай,

Нясе кужэльны ручнічок

Таму, хто ў полі раскрыжован

І на дажджы асеннім змок.

 

Стаіць, укленчыўшы, гадзіны

Прад ім,

і хрысціцца рука,

Каб толькі сын яе адзіны

Такое долі не спаткаў.

 

Але вяла і выпраўляла

На горшы лёс, на чорны скон.

І падала, і ў крык крычала

Над пахавальным пісямком.

 

З франтоў яно або з Сібіры,

Ад маці роўная хвала

Усім, хто ў незваротны вырай

Людзей цяплушкі пасылаў.

 

Палаплены, падраны ў шматы,

Будзённы матчын фартушок

Свяцей за той, з якім распяты

На растанцах вісеў і мок.

 

Заўсёды ў ім адным хадзіла,

Калі хлапцам, лясным байцам,

Чыгунчык з бульбаю цадзіла

І ў іх была за пасланца.

 

Ды падсачыла з леснічоўкі,

Што вораг іх падпільнаваў,

І так злажылася з вінтоўкі

Упершыню...

І напавал!

 

Не разумела, не чакала,

Абцерла рукі аб хвартух...

На чалавека болей стала,

На ката менш...

Бяры, чвартуй!

 

Ступала босымі нагамі

Па шкле, з цвікоў — на вугалі,

І — хоць бы хустачка! —

нагая,

Пакуль на шыбельню ўзвялі.

 

Яна зрабілася б каменнай,

Каб камянеў народны дух,

Каб не жывіла ў пакаленнях

Да волі рух, да сонца рух.

 

У далячынь ідзе.

Сівая,

А маладзей за маладых.

Сыноў праводзіць, сустракае.

Жывых.

Няма ёй нежывых.

 

8. Умельцы зброі

*

Цяпер усе шануюць Мінскі

Тонкасуконны камбінат,

Але скажыце без замінкі,

Хто быў яго старэйшы брат?

 

Ён быў і ёсць.

Завецца Кобрын,

Яго павет у ткацтва ўлёг,

Праславіўся суконцам добрым,

А прадзед мой насіць не мог.

 

Купіць не мог!

Снавала кросны

Прабабка, ткала ніт у ніт,

І апранаў мой край дзівосны

Строй саматканых белых світ.

 

Ушанаваў убор бацькоўскі,

Калі свабоду зваў у дом,

Змагар народны:

Каліноўскі

Назваўся Світкай Васілём.

 

Мы не таму рабілі бочкі,

Што не маглі чаго мудрэй,

Бо вось жа трапіў налібоцкі

Крышталь

у Лонданскі музей.

 

І не якія фінціфлюшкі —

Нясвіж гарматы ліў,

з Ашмян

Вазілі зброю для Касцюшкі,

А з Оршы штось для пскавічан.

 

Да Пецярбурга дапіналі.

Варылі цукар на Маскву

І атрымоўвалі медалі,

За што — ўсяго не назаву.

 

Я не хвалюся, многа месцаў

Лілі метал і дзьмулі шкло.

Былі выдатныя умельцы,

Умельства з часам прыбыло.

 

Ты хочаш ведаць, як з ваўчынай

Навалай

біўся партызан?

 

Хутчэй ідзі ў Музей Айчыннай

Вайны.

Ў адной з прасторных зал

Усё, што трэба для салдата,

Каб ён правёў дастойна бой:

Вісяць клінкі і аўтаматы

З малое кузенькі лясной.

 

Наш продак быў даўнейшай веры

І для сваіх ваяцкіх спраў

Хапаў касу або сякеру —

Чым працаваў, тым ваяваў.

 

Мы — не маглі ўжо так адбіцца —

Не тыя ворагі былі:

У навальніцу з навальніцы

Мы навальніцаю ішлі.

 

Каб выкурыць чужынца з дому,

Дзе набярэшся зброі той:

Дай франтавому, і лясному,

І ўсім салдатам пад страхой.

 

Салдату хлеба і да хлеба —

Радзіма-маці ўсё дае;

Калі ж няўпраўка, ёсць патрэба,

Салдат і скочку падкуе.

 

Пакуль там чых збярэцца ў носе,

Салдат гаворыць: будзь здароў!

...На ціхай Случчыне знайшлося

Дзесяткі ўдалых збраяроў.

 

Ніхто не ведаў і не зваў іх,

Прыйшлі майстры ў зялёны край:

Ужо ж не Круп, ужо ж не Заўэр,

Сам Слагада і сам Няграй1.

 

З-пад Чапялёў, з-за Прус і з Бранчыц

Кавалі хлопцы, адусюль,

І, як гаворыцца, затанчыў

Крыжак ад рою іхніх куль.

 

«Рабіў Няграй, а ён жа грае

Лепш за гармонік, аўтамат», —

Хадзіла прымаўка такая.

Рад майстар быў, і воін рад.

 

*

Пры горнах кузні лесавое

Як не рабіць было майстрам!

Там зброю нараджала зброя,

Навечна дадзеная нам.

 

Калі Расія паўставала,

Каб выплаўляць людскі метал,

Змагацца супраць капіталу

Дапамагаў нам «Капітал».

 

Не ўзросшы з буйных спекуляцый,

Нажыты з крахаў біржавых,

А той, што Маркс здабыў у працы

І завяшчаў мне ўсе правы.

 

Прасвідраваў у глыб эпохі

Магутны розум, быццам зніч.

Зірнуў, як майстар, і апокі

Для зброі вынайшаў Ільіч.

 

Не проста ўзяў ад продкаў нешта,

Ён зрушыць свет знайшоў рычаг

І, каб зваліць муры дарэшты,

Гартоўку зброі распачаў.

 

Ужо той час далекавата,

Мы ўпершыню яе ўжылі

Перад Семнаццатым,

у Пятым,

І ўсёй зямлі перадалі.

 

*

...Скрыпеў ручны станочак марны

Накручвай, добра прыціскай!

Ільіч у лейпцыгскай друкарні

Піў з друкаром нішчымны чай.

 

А вочы праз мяжу глядзелі

У светлы горад на Няве.

У думках гаварыў Надзеі:

Няшчыры чалавек Гэ Вэ.

 

Гэ Вэ — Георгій Валянціныч

Пляханаў...

Да пашаны звык,

Прывык трымацца палавіны...

Выдатны...

А не бальшавік!

 

А ў «Іскры» — мае голас лішні...

Што ж, паспрачаемся! Дарма!

А гэта вось удала выйшла,

Канспіратыўна, слоў няма!

 

Удала выбран шрыфт для «Іскры»

Той — з рускай бібліі!

Ну як?

...Яшчэ глыточак, цукар выскраб,

І ўсмешка точыцца няўзнак.

 

*

Не помню, дзе пітво такое

Зачэрпаў з філасофскіх рэк:

Нібыта вырастае зброя,

Калі драбнее чалавек.

 

Як на чыёй, мне невядома,

На гэтай зброі ён расце,

А што равеснік мой не зломак —

Адчуў наш вораг на хрыбце.

 

Вайну адбудзе, думаў, смехам,

Параскашуецца тады.

Сеў на каня, а не паехаў,

Бо мы схапілі павады.

 

1 Васіль Слагада і Васіль Няграй — інструментальшчыкі збраярні атрада імя Катоўскага.

9. Мы за час, і час за нас

Умелец ты або няўмека,

Не знойдзеш ісціны прасцей:

Ідэі твораць чалавека,

А чалавек — тварэц ідэй.

 

І не спрабуйце разлучыць іх

Ці падмяніць адно другім:

Уміг падкруціцца нячысцік,

Піратэхнічны пусціць дым.

 

Каб перакроіць свету карту,

Ён неабходнасць давядзе

Злажыць упокат паўмільярда,

Ды не ідэй — жывых людзей.

 

Калі ў крыві ідэі мыюць,

Каб і ў крыві апаласкаць,—

Глухія робяцца, нямыя —

Без ветру — крылы ветрака.

Не свецяць пам ідэі тыя,

Бо ў кожнай — чэрапа аскал.

 

Яны памерлі, ці, праўдзівей,

І не жылі, жыць не маглі,

Хоць каштавалі шмат

цярплівай,

Руплівай матухне-зямлі.

 

Хадзіць па прыклад — недалёка:

Трубіў адзін з нядаўніх крыкс,

Прасторы прагнуў...

Выйшла бокам,

І як узнік ён, так і знік.

 

І шчасце ёсць, і ёсць надзея

Дайсці да явы аднае,

Калі яна, твая ідэя,

Нясе цябе, а ты — яе;

Сама ні кроплі не сівее,

Табе састараць не дае.

 

...Плыву я.

Судна не хістае,

Але там-сям зямля гарыць...

Вось патыхае ад Кітая

Гаркавы чад, дымяць кастры.

 

Народ, славуты ў пакаленнях

І па ідэі добры друг,

Навекі скінуў паніжэнне,

Зноў акрыяў, прыйшоў у рух.

І раптам — злое ачмурэнне,

А нам бы жыць, рабіць удвух!

 

Людзей багата, рысу мала...

Чым замяніць? Пачаць спярша

Канцэрт кашэчы — мау-мау! —

А пад яго сячы з пляча

Галовы згодных і нязгодных

З тым, што б ні выславіў мудрэц,

Айцец няродны, ды нязводны,

Філосаф, ён жа і плывец.

 

Іду ў той край. І з асцярогай,

Каб не ажыў, кранаю лом,

З якога там зямнога бога

Ляпілі, ўзяўшыся гуртом.

 

А гэты бог, хоць сам быў цёмны,

Ды неяк пасляпіў усіх

Сваім вяліччам каркаломным,

Пераніцоўкай дзей і кніг.

 

Памешваў чарпаком стагоддзі,

Хаду краін і душ развой

Да гладкай роўніцы прыводзіў,

А рух — да лініі прамой.

 

І людзі пастулат прымалі,

Не сумняваліся дарма,

Што найкаротшы шлях прамая

Дае між пунктамі двума.

 

Лічылі шчыра: меней глуму,

Кружні ў шуканні пуцявін,

Калі адзін за ўсіх падумаў,

Усё за ўсіх сказаў адзін.

 

Тым болей што майстры авацый

Гатовы цалаваць сляды,

Прамовіць слова — енчаць:

— Праца!

Прагноз навекі, назаўжды.—

 

Мёртванароджаныя вершы,

Якімі ён грашыў і сам,

Паэты сіляцца падперчыць,

Гусцей развезці фіміям.

 

І скрозь, на лекцыях і ў прэсе,

За ўзор стаўлялі для вякоў

Цытатнічак, які накрэслен

Яго ці не яго рукой.

 

Без бацькі — ні красы, ні ўздыму!

І сталі ў цень, нібы па звод,

Каго хацеў любіць — радзіма,

Каму хацеў служыць — народ.

 

Там адшукалі раду зрэшты:

Каб лішне дзетак не пладзіць,

Адважна выразаюць нешта

І хваляцца, што не баліць.

 

Але шаноўныя дарадцы —

Хто скроб пяром, так і скрабе,

А рызыкоўных аперацый

Не дапускаюць для сябе.

 

Яны гарлаюць з-за атрогаў,

Што павялічаць зноў прыплод,

Не будуць рэзаць больш нічога —

Прырэжце ім...

Далёкі Ўсход.

 

Кіпіць у горшчыках жалеза,

У кожнай фанзе металург.

Давай зямлі! Сляпіцай лезуць

І грозяць рынуцца на штурм.

 

Бо як-ніяк, а чорны выбух

Там прагучаў, і бомба ёсць.

Калі ў мазгах не ўправіць вывіх,

Не ўцішыцца настырны госць.

 

Ну што ж: жылі мы ў горшым сціску,

А хто б ні пёр пад дом, пад лес,

Мы так адважвалі па пыску,

Каб і давеку не падлез.

 

Ваўку аўсянкі не наварыш,

Мясоў давайце на папас.

Яшчэ гасіць вайны пажары

Нам давядзецца. І не раз.

Надзейны курс трымай, таварыш,

Бо мы за час і час за нас.

 

Калі пазначыцца нязгода,

Звяртайся проста да сяброў,

Як Ленін колісь да народаў —

Цераз галовы ўладароў.

 

Ідзі на помач без адмовы,

Сам не напрошвайся ў сваты.

Дзе не пасобіць наша слова,

Дарадзіць прыклад наш святы.

 

Высокі прыклад!

Кожным рухам

Мацуй яго, шануй, дружбак,

Не дай няздарам аблавухім

З ім абысціся абы-як.

 

Не дай адкульсьці сесці скулцы,

Каб дзе не выскачыў, зважай,

Не мульцікульт, не мульцікульцік,

А проста мульціпустабай.

 

Ідэя наша — наша сіла,

Яна адна ва ўсёй хадзе,

Яна ў баі мяне вадзіла,

Яна і ў заўтра прывядзе.

 

Каб толькі зберагчы насенне,

Што Ленін рыхтаваў здаўна,

Каб не расла неразумення

Наўсцяж кітайская сцяна.

 

Там сціхнуць маўканне і крыкі.

Шумлівай клікі знікне след,

І той народ, як наш, вялікі,

Таксама прыйдзе ў новы свет.

 

10. На хвалі Дзвіны

 

Прыдзіра чмыхне:

— Перадоўка,

Скрозь публіцыстыка...

Дармо!..

Хай так... А варухні галоўкай.

Як хлеб расце?

А мы — ямо!

 

Не забывайце, маладыя,

Што ў год вось гэтага дабра

За неблагою гаспадыняй

З’ясі вазок ці паўтара.

 

А што датычыцца сталовак,

Тут падлічыць патрэбен спрыт.

Няхай жа сам бярэ аловак

І сам падлічвае нарпіт.

 

У творы бачу сам заганы,

І не жадаю я зусім,

Каб мой чытач шматпаважаны

Карміўся ліха знае чым.

 

Вось гэты строй радкоў і думак

Вяду гісторыі пад цэп:

Ці хлеб спячэ, ці кіне ў гумус

І выспеліць ямчэйшы хлеб.

 

Я адхіляюся ад тэмы,

Ды прабачэнняў не прашу:

Я ж не раман і не паэму,

А толькі летапіс пішу.

 

Тут можа быць і назіранне,

Не вырастае да высот,

Неверагоднае паданне

І не банальны анекдот.

 

Як ні рашай, крытычны кворум,

Прыкметы часу часцяком

Не ў тым відны, што ў поце творым,

А ў тым, што смехам сказанём.

 

Не ўсё прытном валі на фуру,

Чым падрабязней, тым нудней,

Дык пашануй літаратуру

І думай крышачку вальней.

 

Пакуль не грозіць дамавіна,

Што б ні казалі дружбакі,

Павінен я ў ланцуг адзіны

Сабраць і звесці звенчакі.

 

Адкуль нам ведаць, колькі ехаць,

Пакуль, мой дарагі паэт,

Як быццам крэйду, мокры вехаць

З табліцы дзён змахне твой след.

 

*

Абы вось прыгадаўся Полацк,

І мы — ў абдымках даўніны:

На тым шляху, што зваўся волак,

На замчышчах каля Дзвіны,

 

Дзе птушкі крыллем апраналі

Дружыны мёртвыя ўначы,

Дзе шумным вечам справавалі,

Як наўгародцы, крывічы...

 

«Мяцеж вялік... у палачанах»

Не раз гарэў...

Трымайся, князь!

Калі ён злыдзень быў паганы,

Гукала веча:

«Княжа, злазь!»

 

Яшчэ чаго! Якое веча,

Калі грыміць дваццаты век?

Ды там жа воблік чалавечы

Мець навучаўся чалавек.

 

Хоць рос упоравень з травою,

Ледзь-ледзь адскочыў ад зямлі,

А ці прыдбаў бы сёння волю,

Каб не дыхнуў яе калісь!

 

Я не хачу, не маю права

Распісваць рай ля Палаты:

Ён быў ярэмны і крывавы,

Той век,— зусім не залаты.

 

Як зажадаецца магнатам,

Вызвоньваў звон, высуджваў суд.

Халоп на латах ставіў латы

Ды дзень пры дні званіў у склюд.

 

Званіў у кельню, ў мур высокі,

Біў білам сэрца ў грудзі ён,

А веча бачыў на паўвока

І напаўвуха чуў той звон.

 

Але Сафію ці Сахвею

Падняў, як кажуць случакі,

І да Ўсяслава Чарадзея

Збіраўся ў пешыя палкі.

 

Бег шэрым воўкам да Нямігі,

За конскім скокам — бегма ў бой!

Ішлі вадой чырвонай крыгі,

Саха — чырвонай цаліной...

 

Пасля баёў — каму палацы,

Каму вянок на галаву,

Адно халопу ўсё па частцы,

Якой дасюль не загаю.

 

Не лішка тут, не перагрузка:

Як ні капай паданняў фуз —

Для чорнай косткі беларускай

Бяды не знойдзеш недагруз.

 

Калі ярмо — да трунных зрубаў,

Калі вайна — усё датла.

Прыпрэцца госць, пад’есць і — ў зубы,

І вон цябе з твайго жытла.

 

Плаціўся продак мой, нябога,

За тое, што рахманым стаў,—

Жыў у падсуседзях у тога,

Каго ў падсуседзі пускаў.

 

А род не звёўся, не захежаў

І нажынаў не менш з палёў,

Хоць не займеў сабе драпежных

Сцягоў з каронай і арлоў.

 

Ну — так то так... Нашто ж на шалях

Зноў пераважваць даўніну?

А я — каб зналі, шанавалі

Наш добры час —

напамяну.

 

Не я кажу:

паэт народны

Свой запавет сынам нясе,

Каб за свабоду ў час нягоды

Мы грознай хваляй сталі ўсе.

 

*

Дзвіною цешыў вочы Грозны,

Стаяў, адпаясаўшы меч,

А гэты цар быў цар сур’ёзны

У сэнсе, каб галовы сеч.

 

Прыкмеціў: берагі са срэбра

І залатое ў рэчцы дно,

Але не здолеў сілай зрэбнай

Адстояць горад ад паноў.

 

А зло спагнаў...

І за вадою

Пайшлі навек даваць нырца

Тапельцы, бедныя жыдове,—

Не залюбіў іх строгі цар.

 

Адсюль са шведамі разлікі

З-за хвалі сіняе марской

Намерваўся Пятро Вялікі

Нарэшце звесці пад Лясной.

 

І ён раку адзначыў зразу,

Як зручны шлях перад усім,

Яе па царскаму указу

Апісваў цёзка мой, Максім1.

 

Яшчэ не раз у жвірных сховах

Яна крывёю падплыла,

Пакуль падужаў двухгаловы

Аднагаловага арла.

 

Тады царыца Кацярына,

Пабыўшы ў Полацку ў гасцях,

Крыху жаманна гаварыла:

«Пакуль я тут — наўкол куртаг».

 

Відаць, пашэнціла на тое,

Чаму была заўжды жадна,

Што ёй да рэчкі залатое,

Да тога залатога дна!

 

Медалік з надпісам адбіла

«Отторженныя возвратих»

І тыя ж землі пратрубіла

Паміж угоднікаў сваіх.

 

Ад аднаго скрычаўся Крычаў,

У Шклове шкліў палацы той,

Дый трэці ўсмак займеў здабычу —

Калі Прапойск, дык на прапой.

 

1 Пісар Пятра І Максім Ялбышаў.

11. Першапаэт, першадрукар

Я не чапляўся да выпадку

Пылок абдзьмухваць з камяніц

І пералічваць па парадку

Усіх цароў, усіх царыц.

 

Няхай парадкуе гісторык,

Калі ёсць нешта на плячах,—

Хто быў слабейшы з іх на ўторы,

Хто нёс дабро, хто сеяў жах.

 

Праз тлум Альгердаў, Сігізмундаў,

Строй каралёў і каралеў

Шукаў я зерне даўніх бунтаў,

З якога бунт астатні спеў.

 

Заўсёды блізка будзе віцца

І над патомкам грозны дух

Таго, хто сіняй бліскавіцай

Хапаў касу, забыўшы плуг.

 

Лепш развітацца з галавою,

Пайсці на плаху ці на кол,

Чым так гібець, пакуль даўбнёю,

Не зачасаўшы, ўб’юць у дол.

 

Вось і ўбівалі, заганялі

Глыбока гэтак, як маглі,

А мы карэнне прасціралі,

Хоць пад зямлёй, але раслі.

 

Нам неслі гвалт у конскай дозе,

Каб сын раба раджаў раба,

Ды з голай тычкі пры дарозе

Пускае парастак вярба.

 

У век ваўчыны і лучынны

Край абыходзіўся трыма,

Тры дактары людзей лячылі:

Часнок,

Гарэлка

І

Труна.

 

Чарга настаўнікаў таксама — Астрог,

Гарапнік

І

Царква —

У тры рукі душу красала,

А бог, як бульбу, таркаваў.

 

І з долу, поўнага па коптур

Пітвом пакут і цяжкіх кар,

На свет прабіўся першадоктар,

Першапаэт, першадрукар.

 

Зачэрпаў не адзін кілішак

З бяды людской і з горкіх рэк...

Выходзіў раніцай Францішак —

Гарлае певень-кукарэк,

На плошчы дзеўку-самадайку

Таргуе прышлы машнарэз,

А там Дзвіна гайдае чайку,

А за ракой — дрымучы лес.

 

І ў свеце, ў лесе, ў доме — цёмна

З тых часаў думка павяла

Яго на подзвіг векапомны,

Першаздабытчыка святла.

 

Як ацяплела б, асвятлела

Вось гэта бедная зямля,

Каб у душы не сірацела

Любоў да роднага камля,—

Разважыў ён.

І рушыў смела,

І ў кнізе запісаў пасля:

«Пчала ў свой вулей прылятае,

Шануе звер нару павек.

А ўжо ж да месца ласку мае,

Дзе нарадзіўся,

чалавек».

 

Каб гэта слова выжыць з хаты,

Папы збіраліся палком:

І праваслаўны з рэфарматам,

І пратэстант з каталіком.

 

Палілі скарб, вязалі рукі,

Ледзь не самога — на касцёр.

«Пачатак добрае навукі»

Усё ж ён вывеў на прастор.

 

У белы свет рассунуў сцены

З тае спрадвечнае глушы,

Быць меўся лекарам для цела,

А стаўся доктарам душы.

 

Цяпер яно не так і дзіўна,

Усё гусцей растуць сябры,

Каму навука прысудзіла

Вучоны стопень,— дактары.

 

Карысці шмат — злажыўшы оптам,

А вось, каб з неба зор дастаць,

Я б не сказаў, што кожны доктар

Скарыне можа быць падстаць.

 

Сёй-той, я думаю, бяскарна

Мог разгружаць яму свінец,

Падмесці вечарам друкарню,

Вады падаць, і ўсё — канец...

 

Калі ў дакторстве едзеш зайцам,

Дык з перапуду — марны клёк,

Як бы ў навуку ні ўгрызаўся

Зайчыны востранькі зубок.

 

Глядзіш, і на балаціроўку

Сабе пад масць вядуць зубра:

Давай банкет, цягні зуброўку,

Чаму ж не вылучыць?

Пара!

 

Што трэба больш ад кандыдата?

Хоць не зусім, але аглух,

Адменны дзед, узорны тата —

Ажно па завязку заслуг!

 

Убачаць, як бы ні круцілі,

Чаго хто варт,

з наступных дат.

Я кпіў даволі традыцыйна —

У гэтым Пушкін вінават.

 

Не мог трываць ён, бессмяротны,

Калі наўкол неўправарот,

Невынішчальны і нязводны,

Навуку ссе дундучы род.

 

Хоць працу вёў на ўзроўні прэзес,

А той, хто зваў сябе Янук,

Быў Акадэміяй Паэзій

І Акадэміяй навук.

 

Турботу гэту ж Дзядзька Колас

Багата год трымаў адзін,

І ўсе — біёлаг і філолаг —

Куды відней былі за ім.

 

Маўчу, маўчу! Зарваўся, вашаць!

Не ўмееш ехаць — злазь з каня...

Я ж не хацеў каго зняважыць,

Я думку меў — крыху падняць.

 

12. Хлопец з Нафтабуда

Сустрэўся мне сабрат малодшы,

Усё каля тае ж Дзвіны,

З расточку незайздросны хлопчык,

На гэткіх кажуць — качаны.

 

Але —

падпален чубам жоўтым,

Увесь — з няўброджаных дражджэй,

Хоць не Георгій, проста Жорка,

Скарыне ён куды бліжэй.

 

Ён, ад рукі ў насценгазету

Аддрукаваўшы вершык свой,

Рабіў застаўкі, сілуэты

Для той жа прэсы цэхавой.

 

Па маладосці вельмі здатны

Граміць уся і ўсіх ушчэнт,

Сам і друкар, сам і рэдактар,

І выязны карэспандэнт.

 

Куды як важна за сталом стаў,

Каб не падумалі, што шкет,

І дзеля першага знаёмства

Загаварыў пра антысвет.

 

У той размоўцы зрушваць сонцы

Было нязвычна дзіваку,

Як сойцы ў кінаперасоўцы

Ці ў асамблеі шчупаку.

 

Ды як бы пер’е ні напыжваў,

Як ні прыхоўваў маладосць,

Быў задзірасты мілы рыжык

Відзён да костачак, наскрозь.

 

Я запытаў:

— А як арэхі?

Маглі б пад’ехаць...—

З юнака

За нейкі момант, з добрым смехам,

Уся злузалася луска.

 

Сталоўку злаяў з-за прыварку,

За мяч футбольны пахварэў,

Вадзіў, вадзіў мяне па парку

І знік раптоўна паміж дрэў.

 

— Сакрэт,— шапнуў,—

на паўхвілінкі.

Я ўбачыў той сакрэт здалёк:

На дзёрзкіх плечыках касынку,

На шпільках неабвыкшы крок.

 

Ну, гэта лепш, а то са сшыткам,

Я думаў,

вернецца назад...

Тады цярпі! Пачнецца чытка,

А ты не знаеш, як сказаць,

 

Адраіць як — у след мушыны

Не плесці вышывачкі гладзь,

Дзе скрозь пры волатах-машынах

Мужчыны-волаты стаяць.

 

Вазьмі любога вершасейку —

Манерыцца, прыйшоўшы ў цэх,

Як перад змеем дзеўка Еўка,

Яшчэ не ўведзеная ў грэх.

 

На ўзросце сам, як ночвы — пуза,

Дабёр пад’есці, выпіць рад,

Ён спрытна вешае пад музу

Вершадаільны апарат.

 

Неўправарот цячэ рыцыны,

А майстар часам так загне,

Што ў рызы прасвятой Прузыны

Ткачыху Фрузу апране.

 

Я памыліўся, нават жорстка,

Дарма гадзіну прачакаў —

З'явіўся толькі заўтра Жорка

Без сшытка...

Многа спраў, маўляў.

 

*

На забудованым абшары,

Куды мы падаліся зноў,

Быў Жорка шмат каму таварыш —

Ідзём — і скрозь:

— Здароў!

— Здароў!

 

З брыгады тэхнікі найноўшай

Да патаемнай АВТ1

Ён вольна гаварыў, ішоўшы,

І руляваў патоку тэм:

 

Ці ты хоць бачыш, прыкмячаеш,

Што проста пад нагамі ў нас

Рака падземная, другая,

З не меншай славай, чым Дзвіна,

 

Што на прастор, дзе вецер швэндаў,

Бунтуючы дрымотны плёс,

Ступіў завод і стаў легендай,

Ледзь не паданнямі аброс.

 

Пачаўся ён з баракаў цесных —

Хлеб настываў мудрэй за косць,

Але заўжды за рукі песню

Вяла на працу маладосць.

 

Тады з марознага туману

Блішчалі ўдзень і ўноч кастры,

Да беларускага Івана

Па іх ішлі сябры, майстры,

Каб адагрэць пад катлаваны

Пласты, мацункам як муры.

 

...Тут мы ступілі ў век наперад,

Зірнуўшы добра ў век назад...

Мой Жорка, вывеўшы на бераг,

Спытаў:

— Як вершы на пагляд?

 

Напэўна, скажаце: напіўся

І абы-што сячэ з пляча?

Не! Гэты верш ужо напісан,

А гэты думаю пачаць...—

 

І стаў паказваць: мост на пойме,

Аблокаў рэдкае радно

І мікракран у сценнай пройме,

Што нёс у хобаце акно.

 

Гукнуў дружка, а той у плаўках

На ўсю разлегласць горла дзёр...

— Пайшлі купацца! Што там, Слаўка?

— Ды чорт! Ізноў заглух матор.

 

— Рэкамендую Усяслава!

Хоць, праўда, не на вараным,

А неблагі яздок, яй-права,

І на снарадзе земляным.—

 

Пасля ў закусачнай на памяць

Хлапец асмеліўся на верш;

Чытаў, і з першымі ж радкамі

Жывінка выйшла напаверх.

 

Яшчэ валіў праз пень-калоду,

Але рабіў мяне раўнёй

Свае раўні, свайго завода,

Тае касыначкі рабой.

 

Яму ўсё люба, усё па мерцы,

І несці зможа больш, чым нёс.

Я мог аддаць багаж умельства,

І стаж, а заадно і ўзрост,

За тое, як ён кожнай жылкай

Быў у жыцці, рос у жыцці,

За стылістычныя памылкі,

Якіх мне ўжо не дапусціць.

 

Няўклюдна хлопец лепіць выраз,

А слова к слову прырасло —

Не адарвеш!

Відно, дзе вырас,

І ўсё, што сэрца прыняло.

 

Калі ўзняліся нафты рэкі,

Дык не інакш, як праз яго,

Калі праходзяць душы крэкінг —

Зноў праз яго, праз аднаго.

 

Спяваў, не зазірнуўшы ў пляшку,

На камертон не зырыў ён,

Рэдактар мог бы без прамашкі

Па ім праверыць камертон.

 

Адной турбоце падзагадны —

Што перажыў, аб тым і спеў,

Каб творчы дух, дух усеўладны

Да думкі словам прыкіпеў.

 

Было ў ім нешта ад Музыкі

Сымона, ды ў другой пары,

І свет увесь, як ёсць, вялікі

Са мной сам-насам гаварыў.

 

З зямлі завеснявелых лапін

Яму пад сілу збіць гарбы,

Здабыць усё, што я не трапіў,

І скрозь пабыць, дзе не пабыў.

 

Пакуль жа за сваёй канторкай

Скарыны сённяшні сваяк:

Заместа мантыі дакторскай

Рудая майка і пінжак.

 

*

...А новы горад крочыў спорна,

Дужэў на радасць нам усім,

Падмаладзіў даўнейшы горад

І зліўся з ім, з’яднаўся з ім.

 

Запрагла сэрца неспакою!

Я б не зважаў на мазалі,

Каб лёс мяне яшчэ адною,

Яшчэ Дзвіною надзяліў.

 

Я лішне назаляць не буду,

А шапяну яму:

— Давай,

Падкінь сям-там па Нафтабуду,

А сама лепш — яшчэ па два.

 

Што мне да лёсу і да бога?

Няма іх, значыцца, няма.

Надзея на сябе самога,

Я больш на свеце падымаў.

 

І да апошняга світання,

Пакуль ад грому не ўпаду,

Хоць не плячом, хаця б жаданнем

Прыспешваю падзей хаду.

 

1 Атмасферна-вакуумная трубчатка.

13. На прыстані ў Пінску

*

Таполі атрасалі пух

На светлых вуліцах і скверах,

Калі, з таварышам удвух,

Мы выйшлі на адхонны бераг.

 

Перад вачыма, як з Байдар,

Дзе міражамі зводзіць мора,

Усплыў на вадзяны абшар

Паўднёвы белым-белы горад.

 

Нібыта ў промня на плячы,

Шугнулі галубы з-пад верфі —

Карычневыя хахлачы

І срэбныя з падкрылкаў верфлі.

 

Усё так дыхала вясной,

Салёным ветрам, яркім сонцам,

Вось-вось, здавалася, прыбой

У борт ударыць пласкадонцы.

 

У гічцы — дужыя грабцы,

Курсанты ў майках паласатых:

Трэніраваліся хлапцы,

Напэўна, перад майскім святам.

 

А між рухавых кацяроў,

Больш асцярожна, як марудна,

Буксір, пагукваючы, вёў

Нагружанае гонтам судна.

 

Гула высокая вада,

Дамы заплёсквала па ганак,

І сэрца не магло ўгадаць

Усіх навін і нечаканак.

 

I толькі веры мы далі,

Што горад — Пінск,

А рэчка — Піна,

Калі ўжо густа паплылі

Чаўны калгаснікаў на рынак.

 

*

Рос, прыбываючы здалёк,

Шумеў, гайдаўся торг плывучы,

І быў непрызвычаен зрок,

І слых не да ўсяго прывучан.

 

А кожны човен, быццам дом

Ці нават цэлая сядзіба:

З цялём, з гарлатым певуном,

З двума падсвінкамі — на выбар!

 

І не шманаюць, што плывуць,

Вада, а страху — ані знаку.

Канёк, угнуўшы галаву,

Зубамі дастае сабаку.

 

А лыску трэба абсыхаць,

Бо столькі бег і плыў за лодкай,

Каб на чужога пабрахаць,

Як пойдзе ў краму дзядзька з цёткай.

 

Ускіне вёслы гаспадар,

Рулём паможа гаспадыня.

Калгасны выраб і тавар

Плынь падняла.

Ідуць па плыні

На плашкі біты беразак,

Дзве-тры мурожныя капешкі.

Збанкі, між іх пузаты гляк,

Начоўкі, цэбрыкі і дзежкі.

 

Тут глыбіня і шырыня!

Плысці, сабраўшы ўсё начынне,

Куды зручней, чым гнаць каня

Ці плюхаць грэбляй на машыне.

 

Дый у людзей марацкі спрыт:

Блазнюк, як след парток не ўздзене,

А ўжо — на чайцы, вяжа плыт,

Напраўду, мора па калені!

 

Усе,

Малыя і жанкі,

Так завіхаліся на хвалі,

Нібыта морскія ваўкі

Судзіны на прычал стаўлялі.

 

І той, хто мурагу прывёз

Або якое дроў палена,

Ён гаварыў ужо не воз,

А човен дроў

і човен сена.

 

Паміж натоўпу гараджан

Яго бадай адрозніць цяжка,

Ён самавіта пахаджаў,

Павыпускаўшы закаўрашкі.

 

Пасля сабраўся ў выканком

Па справе, што карцела дома,

Хоць не курыў, з сакратаром

Папыхкаў папяросай «Нёман»

 

І, скінуўшы вагу турбот,

Наведаў магазін гасцінны:

Памераць паляўнічы бот,

Купіць дражджэй, набраць тканіны.

 

Пахаладнела.

Наўкасы

На жоўтых дахах леглі промні.

Па гэтым руху ён успомніў,

Што недалёка да расы.

 

Дамоў!

Успёршыся на шост,

Суседа ён адчальваць клікнуў.

Плывучы міліцэйскі пост

Свістаў найболей для прыліку.

 

Дарогу кожны ведаў сам

І чуў, які прастор бязмежны

Адчынены, дзе век дзядам

Было няўлежна і няўежна.

 

Цяпер калішні паляшук

Стаў маякі стаўляць у свеце.

Вось зараз,

Тут,

Маю душу

Пяці марэй абвеяў вецер.

 

*

Аранжавыя ліхтары

Дугой успыхнулі над рэчкай,

За бакенамі ўзнік абрыс,

Пачуўся гук сірэны стрэчнай.

 

Там кіраваўся караван

Вялізных барак.

Роўным цугам

Ён расцягнуўся.

Падплываў

Да горада ўкраінскі вугаль.

 

Ні бег чаўноў, ні ход барлін

Ужо для Піншчыны не дзіва.

Адгэтуль штурмаваць Берлін

Адна флацілія хадзіла.

 

У мірным часе пагатоў

Вось гэты шлях, сяброўскі, блізкі,

Вядзе цябе да берагоў

І чарнаморскіх і балтыйскіх.

 

Да іх даўно знайшоў ключы

Той волат, што сваё маленства

Праводзіць, шпарка плывучы,

На слаўных землях за Смаленскам.

 

Пасля, дужэючы ўвесь час,

Ён робіцца смялей і шырай:

Ідзе ў рэспубліку да нас

І тут працуе вельмі шчыра.

 

Убраўшыся ў матроскі клёш,

Дняпро вітаецца з Бярозай,

Яны ўдваіх бягуць па Сож,

А з ім да Прыпяці...

Завозна!

 

Якую хочаш працу дай:

Ён можа зеляніць галіны,

Паіць калгасны ураджай,

Жывіць магутныя турбіны.

Работай поўны цераз край,

Плыве

Дняпро

на Украіну.

 

Пабыць захочацца ў Літве —

Ізноў табе Дняпро таварыш:

На Нёман трапіш —

даплывеш

Ужо ў літоўскія абшары.

 

А выпраўляючы плыты

З Беразіны, за першай крыгай,

У латышоў пагосціш ты —

Дзвіна дамчыць да самай Рыгі.

 

Душа з душой,

Плячо з плячом

Жывём,

і рэкі ў нас сябруюць:

Канал, злучыўшы Буг з Дняпром,

Вітае Польшчу маладую.

 

І да балгар і да румын

Па Чорным моры шлях някружны,

Да новых радасных краін,

Што між сабой і з намі дружаць.

 

Дняпро!

Ты стрэчы прычакаў

З сваёй вялікаю сястрою,—

Усенародная рака

З усенароднаю ракою.

 

14. У новыя прасторы

*

Пры хвалях Піны мы стаім,

Цяпер чакаць ужо нядоўга,

Калі з таварышам сваім

Адсюль праедзем проста ў Волгу.

 

І гэта нам, як дождж вясне,

Як сэрцу шчасце, дню работа...

Хутчэй туды!

На чым зручней

Дастацца самым быстрым ходам?

Каб на лятучым дыване!

А то — марудна цеплаходам.

 

А сэрца? У яго крыло!

Яму даверыць можна смела:

Задумала — і падняло

І паглядзела, што хацела.

 

*

...Пілот, адчуўшы наш настрой,

Спяшаў на берагі канала,

Які вясноваю парой

Радзіма ў клопаце канчала.

 

На воды, на пласты парод

Мы рушылі ў паход нязвычны

Усё, што тэхнікай народ

Назваў на мове будаўнічай.

 

Падняўшы над вачыма шчыт,

Сігналіў мой знаёмы добры,

Такога росту самаскід,

Што й да машыны не падобны.

 

Наш сціплы газік перад ім

Убок адскочыў, быццам кропля,

Абітая з галіны цёплай

Раптоўным віхрам дажджавым.

 

У тым, як набіраў ён рух,

Слаў грунт жалезнай пяцярнёю,

Мы чулі сілу тысяч рук,

Занятых працаю другою.

 

Мне там запомніўся юнак

З абліччам надзвычайна шчасным.

Ён выглядаў паважна так,

Нібы ўвесь век пракладваў трасы.

 

Быў гэты новы кранаўшчык

Чарнявы, шчуплы па-хлапечы,

Але, на вахту ўстаючы,

Ён вырас,

Пашырэлі плечы.

 

Уладна засвяціўся зірк,

Як у сапраўдных капітанаў,

І ўжо не рух яго, а мірг

Перадаваў загады крану.

 

Глядзеў, як сталы гаспадар,

Адказваў нам крыху з усмешкай,

А йшоў — была яго хада

І хуткаю, і непаспешнай.

 

*

Сягоння ты не пазнаваў

Мясціны, дзе стаяў учора:

 

Пагорак быў — далінай стаў,

Была даліна — стаў пагорак.

 

І ў гэтым жыў такі разлік,

Што называецца натхненнем,

Гарэў ім кожны будаўнік,

Ад першых да астатніх звенняў.

 

Я зразумеў:

Я перамог

Свавольнае стыхіі нораў!

 

Стаю на беразе —

да ног

Пакорна падступае мора.

 

Яму прызначана заліць

Майго маленства злую долю:

Вадой абдзелены калісь,

Цяпер-то смагу я здаволю!

 

15. Па слядах маленства

Чаму дагэтуль у жыцці,

Як гляну — не магу, дый годзе,

Ад морскай хвалі адысці

Ці адарвацца ад разводдзя?

 

Не той, хто, стаўшы на карме,

Даваў нырца на плыні людскай,

Не, гэта можа зразумець,

Хто родам, як і я, з-пад Слуцка.

 

Вось там, пачаўшыся якраз

За вёсачкай Малая Млынка,

Уздоўж дарог ішоў да нас

Гарбок бязрэчнага суглінку.

 

Хоць бы ручай сярод палёў,

Бо — дзе ёй жыць — не знойдзеш

плоткі!

Я змалку знаў адных яршоў,

Дый то панізаных на мёткі.

 

Калодзеж — страшна зазірнуць:

Паўдня — пакуль вады дастанеш!

Напой кароўчыну адну,

А для другой няма нізвання.

 

Няма цяньку, няма нідзе

Ні журавіны, ні апенькі.

Курыць прастор...

І дзень у дзень

Благаюць хмар касец і жнейка,

Кінь на зямлю — звініць капейка,

А іскра ўпала — быць бядзе!

 

І жабравалі пагарэльцы,

Дзяды з Някрытага сяла.

Мянушка гэта прырасла

Да жыхароў і навасельцаў.

Іначай вёскі і не звалі,

Бо як агню ні пільнавалі,

Бо як яе ні будавалі,—

Усё адно без стрэх жыла:

Сяк-так агораюць па бэльцы,

Глядзіш, згарэлі зноў датла.

 

З такой жа ўдачаю былі

Бязверхавічы па суседству,

Ды Старчыцы, ды Мазалі —

Пажары, ўтраты і калецтва.

 

З тых назваў пот і кроў плылі.

А людзі лепшых не ўзялі:

Ці не змаглі, ці не знайшлі,

Ці, можа, ім далі на кепства.

 

А дзе тых рэк!

На ўвесь прасцяг

Адна — і зваць яе Ўдавою.

Цераз яе ў сухіх лапцях

Дыбае певень пехатою.

 

І хлопцы ў нашай старане

Не чулі, што такое хвалі.

Мы па зялёнай збажыне

Зыбанне водаў уяўлялі.

 

Маглі касіць, маглі араць,

Вядома, на грудах узросшы,

А зойдзе справа — нырцаваць:

Мы — як сякерка за тры грошы.

 

І жартам з даўняе пары

Наш спрыт плывецкі вызначалі:

На першым месцы — тапары,

А на другім —

мае сяльчане.

 

Смяюцца — ты маўчы, не дыш.

Нас выбракоўвалі для флоту,

Дазнаюцца адкуль — і крыж:

Ідзіце, хлопчыкі, ў пяхоту.

 

Так і жылі...

Вадзе жадна,

Узлезшы на сухое гала,

Сяліба наша сумавала,

А вёрст за сорак —

да акна

Паводка хаты залівала.

 

16. Казачны варыянт утварэння рэк

Там прасціраўся іншы край,

Замглёны казкаю злавеснай:

У пекла дзірка, крыкі зграй,

Нячыстых духаў куламеса...

Не толькі мне, усім, бадай,

Так малявалася Палессе.

 

Дзе неба з туманом балот

Злівалася на даляглядзе,

Быў, гаварылі, пераход,

Каб апынуцца ў райскім садзе.

Туды хадзіў не без прыгод

Хто і чаго —

далей паглядзім.

 

Тут казка помніць валуны,

Пяскі па пояс, а балоты

Нядаўна сталі, і яны

Свае, палескае, работы.

 

Калісь і тут гарэла суш,

Куды рабіць — і дыхаць цяжка!

Расло пагана: руш ні руш —

Жалезны глей, як грабу плашка.

 

Дык вось, праз гэтую бяду

Нейк паляшук у рай цягаўся:

Яго паслалі па ваду,

Далі паказ: «Глядзі, не баўся,

Не ашукай, брат, грамаду,

Ды каб халоднай расстараўся!

 

Прасі Іллю, ён робіць дождж,

Каб ліў, не цыркаў.

Потым рэчку

Купі ці ўкрадзь ды заадно ж

Спытай, як ураджай на грэчку».

 

Узяў той дзядзька торбу, нож

І богу, як цапільна, свечку.

Дайшоў, у зорку цвік убіў,

Развесіў пасушыць анучы,

Але па вуху засвяціў

Яму хтось гнеўны і бліскучы.

 

Мужык прывычны — і не лыс,

Падаўся нашчыпаць арэхаў,

Ды, мусіць, божы каштарыс

Не дапускаў такіх агрэхаў:

Паддалі ногцам, і на ніз

На ўласных палазах прыехаў.

 

«Брысці дамоў,— ён думаў,— смех,

Ад жартаў век не абяруся,

У лесе страхі, дрэнь-начлег!

Няхай хоць што, я ў рай прарвуся».

 

Пачаў шукаць другіх дзвярэй,

Шлях выбіраючы па сонцы.

Ідзе, а неба ўсё вышэй,

Нібы хто цягне на вяроўцы.

 

Наперад ступіць — неба скок!

Назад адыдзе — зноў на месцы.

Да вушак лапці збіў і змок —

Дастаць аблокі не ўдаецца.

 

Змарыўся, разламаў праснак,

Прысеў на пень каля выгары.

Глядзіць: аж гонкая сасна

Шуміць вяршалінаю ў хмары.

 

Палез... Крыху не дастае!

Вяршок разгойдаў ды як скочыць...

Чуць транты пазбіраў свае

Ад раніцы да позняй ночы.

 

Хадзіў-хадзіў, блукаў-блукаў,

Упрэў і, ўспёршыся на дрэўца,

Упарты паляшук сказаў:

«Хоць не дагнаў, але нагрэўся.

 

Ці вы чарты, ці вы багі,—

Палескі гаварыў блюзнерца,—

Каб вы былі, дык памаглі б

Мне прачыніць да раю дзверцы.

 

Не пхаў мяне адтуль ніхто,

І вуха не баліць ні кроплі.

Так, прывярзлося пад кустом,

Бо пераеў камоў з картоплі».

 

Стаіць. Сплывае пот цурком,

Давай жа выкручу кашулю,

Крутнуў і бачыць: ручайком

Ягоны пот бяжыць, бушуе.

 

І дзе хадзіў ён шмат разоў,

Шугнуць збіраючыся ў высі,

Па рэчышчы яго слядоў

Павольна хвалі разліліся.

 

Стаход — ён першай даў імя,

Другую ж, затаіўшы горыч,

Што замарочваўся дарма,

Адзначыў кплівай назвай Морач.

 

І радаваўся ручаям,

Празрыстым, поўным з берагамі,

У іх ён адбіваўся сам,

Ляжала неба пад нагамі.

 

Сюды, дзе кветкі і трава,

Яно ўзіралася зайздросна.

І скеміў дзядзька: без пітва

Там, каля сонца, пэўна, млосна.

 

— Эгей,— гукнуў ён,— малайцы!

Мікола ці які свяціцель?

Я маю люстра, паглядзіце:

На небе гразь у вас, хлапцы,

Памыйце хоць Марыю з дзіцем,

А можа, елі селядцы,

Дык пабрашыце на вадзіцу.

Цяпер абыдземся без вас,

Я сам здабыў сабе багацце! —

 

І па адбітку кіем — раз!

І наступіў на неба лапцем.

 

Надзелен сілаю дзіўной,

Ён не драмаў, чаго марудзіць!

Ішоў, куды прасілі людзі,

Кранецца мокраю нагой —

І ўжо сяло жыве з ракой,

Лясы выростаюць на грудзе.

 

Пра гэта мне ў начной цішы

Расказвалі...

І сэрца млее,

І дзядзька з цёмнае глушы

Здаецца ледзь не Праметэем.

 

Ён дужаўся з святым Пятром!

Разліў ваду яму, і пырскі

Цяпер на дол ляцяць дажджом,

Нябёсы ж, выгнуўшыся нізка,

Зачэрпаць хочуць сіняй міскай

Хоць на маленькі вадаём.

 

Я верыў, што ў сваім баку

Ён вільгаць даў сухім прасторам,

Я кожную лічыў раку

Яго разбэрсанай аборай.

 

Я наракаў на дрэнны лёс

За тое, што да нашых земляў

Той дзядзька рэчкі не данёс,—

Упіўся, ўчаставалі вельмі.

 

Праспаўся, выйшаў за парог,

Адчуў: няма былое сілы!

Размножваць рэк ужо не мог,

Аднак быў слаўны да магілы.

 

Яго назвалі бацькам хваль...

Ды прабачайце, калі ласка,

Я турбаваў сівую даль

Па летапісным абавязку.

Паданне, праўдзе месца дай,

Ужо закончылася казка.

 

17. Хвалі ідуць да чалавека

Няхай у казцы ўсё мана,

А праўда дзе? У тым, што продак

Хацеў ад першага відна

Прыроды скарбам авалодаць.

 

І гэта любасць да вады,

Вось гэта спрэчка са стыхіяй

У даўніх часах гарады

На хвалі вынесла рачныя.

 

Калішняга будаўніка

Не мерай сённяшняю меркай,

Бо што магла яго рука

З жалезняком, з тупой сякеркай?

 

Гразілі хвалі:

— Не падходзь!

Іх потым крышку падвучылі,

Дзе пілаваць, а дзе малоць,

Насіць плыты за міляй мілю,

Ды не даваліся ў аброць,

Да чалавека не хадзілі.

 

Калі ж ішлі,— ішлі з благім:

Паводкі ладзілі ігрышча,

І не курыўся доўга дым

Над гарадзьбой і гарадзішчам.

 

А чалавек, сабраўшы хлам

Сваіх паселішч пазмываных,

Абводзіўся мяжою дамб

І сцен, з камення мураваных.

 

Служылі воды для патрэб

Ды працавалі як папала,

А вырваць з іх

і рух і хлеб

Ніяк рука не даставала.

Стаяў і смагнуў голы стэп,

Палессе наша падплывала.

 

Мы спраўдзілі ў сваёй хадзе

Лятункі, што жылі спрадвеку:

Не чалавек да хваль ідзе,

Яны бягуць за чалавекам.

 

*

Хмяліла мора, як віно,

Было ласкавым і навальным,

Ужо імкнулася яно

У сець каналаў абвадняльных.

 

Упершыню тады раса

У стэпе выпала з дасвецця,

Падзьмуў у маладых лясах

Упершыню вільготны вецер.

 

Як прыварожаны, стаю:

Не зрушыцца, не адысціся!

Будзіла шэптам цішыню

Скрозь, развінаючыся, лісце.

 

Яно смялела.

Дзе-нідзе,

Праклюнуўшыся ў цёплай ваце,

Раскрыты пупішак глядзеў,

Як жоўты дзюблік птушаняці.

 

— Каб мне яшчэ крыху дажджу,

Лісток шасцеў, рвучы лупіну,—

Я ў сіле буду,

Я дажду,

Я вылужуся...—

Праз хвіліну

Ён, трапяткі, ужо стаяў

На тонкай ножцы і, здзіўлёны,

Трымаўся за галінку клёна,

Як гэта выйшла, сам не знаў!

А вецер бег і раздзімаў

Сям’ю агеньчыкаў зялёных.

 

І неба сіняю парчой

Паслалася на цёплай хвалі.

Будаўнікі, плячо ў плячо,

Са змен да мора прыбывалі.

 

Кудлаціць ветрык валасы,

У сэрцы свежасць і слаўнота:

Вось гэта вадзяная сінь

Ручной, уласнае работы!

 

Супроць пустынь,

супроць вятруг

Ужо ў паход ізноў гатовы.

Апаясаць зямлю наўкруг

Зялёнай стужкай мораў новых

Іх клікаў неўтаймоўны дух.

 

І добры сябар мой прыціх.

Адчулі мы:

і ў нас абодвух,

Як і ва ўсіх у гэты міг,

Душа ўздымаецца на подзвіг.

 

Я прасвятлеўшымі вачмі

Зірнуў на стэп, на лес і насып,

Дзе я з надзейнымі людзьмі

Выходзіў у вялікі наступ.

 

18. Гідролаг пад Сталінградам

Па гэтым стэпе дзень пры дні

У верасні сорак другога

На фронт вяла ў гарачыні

Мяне вайсковая дарога.

 

Жывое слова Ільіча

Мы чулі ў баявых загадах.

Наш полк спяшаў з-пад Калача

На подступы да Сталінграда.

 

Наўсцяж пазначаны быў шлях

«Кацюш» гаручымі зубамі.

За часцю часць ішла, ішла

У катлавіну Катлубані.

 

Яны так шчыльна занялі

Яры, кюветы, ўзгоркі, тропы,

Што вольнай лапіны зямлі

Палку, здавалася, не хопіць.

 

Трапляў праціўнік у абруч,

Абруч сталёвы акружэння.

Завязвалі мы каля круч

Баі мясцовага значэння.

 

Яны ўначы і раніцой

Не аціхалі і аднойчы

Перараслі ў рашучы бой,

А ён са славаю закончан!

 

...Мы выйшлі на пярэдні край,

Пусцілі коней без аброцей.

Пакуль зацішна — пачынай,

Пара ўмацоўвацца пяхоце.

 

І вось пасля шматлікіх спроб,

За нейкім бадыллём разгатым,

У гліне выгрызла акоп

Мая паходная лапата.

 

Тады ў камандным складзе быў

Высокі выпускнік-гідролаг,

Які заўжды гарэў і жыў

Сваёй прафесіяй вясёлай.

 

Адным лятункам дыхаў ён:

У стэп на доследы з рыдлёўкай.

Была ў яго на Волга-Дон

Доўгачаканая пуцёўка.

 

Ды не ўдалося, як хацеў,

Навала планы збунтавала,

І зразумела, па хрыбце

За гэта Гітлеру ўлятала.

 

Мой хлопец лаяўся:

— Злаўлю,

Рукамі задаўлю заразу.

Дай толькі вызваліць зямлю,

Дык я ў гідролагі адразу.—

 

Пад вечар сыдземся мы з ім,

З нізіны патыхае гарай,

Шынель падсцелем, а другім

Накрыемся... І доўга марым.

 

Зацяжка. Слабым аганьком

Ледзь-ледзь асветліцца аблічча,

А мы будуем з дружбаком

Страі плацін і перамычак.

 

Патрапіў полк пад артналёт,

Са строю выйшаў наш гідролаг:

Патрушчыў косць і навылёт

Прабіў бядро яму асколак.

 

Зубамі рыпнуў, закурыў,

Сказаў:

— Скалечылі, паскуды!

Шкада, я — не баец, сябры,

Але гідролагам то буду! —

 

Неспадзяваны той адказ

Перасмыкнуў марозам плечы,

Аж здрыгануўся кожны з нас

Ад гэтай сілы чалавечай.

 

А слова паляцела ў свет...

Радзіўшыся ў сям’і паходнай,

Яно дасюль яшчэ жыве

У мудрай памяці народнай.

 

Бо кожны ранены салдат

Не толькі ў нас, на фронце ўсюды

Казаў:

— Адваяваў, шкада,

Ну, а гідролагам то буду.—

 

Я гэта чуў і ад сяброў,

Як навіну перадавалі,

Калі, вярнуўшыся з баёў,

Мы перамогу святкавалі.

 

Але таго, хто абагрэў

Жывою сілай гэта слова,

Дасюль чамусьці не сустрэў,

А мусіў стрэць абавязкова.

 

Ў натоўпе бляск яго вачэй,

У воклічах ягоны голас

Мне чуўся, калі ўсё хутчэй

Дон плыў да Волгі, а наўкола...

 

19. Заручыны Волгі

Адступілі машыны,

Адкрыта дарога:

Сустракаюцца зараз

Дзве слаўных ракі.

 

Дон пад рукі вялі,

Як вядуць маладога,

Паабапал канала

Будаўнікі.

 

Вельмі густа ішлі

Самазвальшчыкі і матарысты,

Казыркі над вачыма

Натоўп накрывалі, як дах,

Падапрануты хлопцы,

Дзяўчаты ўсе чыста

У шумлівых, як лісце,

Вясновых шаўках.

 

Перш нясмелым струменьчыкам

Нібыта мацаў нагою,

Ці трывалае дно,—

Выкіроўваўся Дон.

Потым, сілу пачуўшы,

Адчуўшы прастор прад сабою,

Наравіцца пачаў,

Заупарціўся ён.

 

Грымнуў хваляю ў бераг —

Збудован надоўга!

У другі —

адкаціўся:

Мацунку стае.

Вось вароты,

Будзь ласкаў,

Там дыхае Волга.

Утаймованы сценамі,

Дон ідзе да яе.

 

Пачала яна зрання

На стрэчу збірацца,

Волга стала

Яшчэ прыгажэй, чым была:

У граніт,

Зеляніну

Паспела прыбрацца,

Усміхнулася ў люстра сабе

І пайшла.

 

Паплыла.

 

У зялёныя косы

Дон выносіць ёй

Белыя хваль грабянцы.

Будаўнік на ўсю шчырасць

Абняўся з матросам,

Шапкі ўгору кідаюць

Валгары і данцы.

 

А паперадзе ўсіх

Бег па броўцы канала

Так, што ногі амаль

Не краналі зямлі,

Белатвары хлапчук,

Быццам толькі яго неставала,

Каб злучаліся рэкі

І плылі караблі.

 

*

Стэп да вады прыпаў:

Прыйшла!

Дубкі варушаць голлямі.

Зямля піла,

піла,

піла

І ўцёрлася...

Здаволена!

 

Нясмела бліснула тады

З нябёс зара світальная,

І ёй зачэрпалі вады

Каналы арашальныя.

 

Зара, абняўшыся з вадой,

Плыве у светлай велічы,

Ужо махаюць ёй рукой

Далёкія паселішчы.

 

Прэч, сухавей,

Ляці на звод!

Тут болей не папарышся.

Глядзі: вада!

І без грымот,

І без дажджоў, таварышы!

 

Сама пайшла нядаўна ў рух,

А ўжо турбіны рухае.

Ідзі ўгару!

Ідзе ўгару.

Уніз! — таксама слухае.

 

Агульнай сілай,

не ўраздроб,

Усё зрабілі разам мы!

І людзі ў думках важаць сноп,

Цяжкі, натуга звязаны.

 

*

Прыпынім, дружа, наш палёт.

Зірні ў прастор, адкрыты насцеж,

Адчуй, што перажыў народ,

Пакуль не авалодаў шчасцем.

 

Тут дзве магутныя ракі

Жылі здаўна, амаль што поруч.

Цягнулі баркі бурлакі

Цераз адмелі проста ў мора.

 

З крывавай лямкай на грудзях

Ішлі, пракляўшы ўсё па свеце,

Як парус, зрэб’е апранах

Ім раздзімаў паўстання вецер.

 

І стогн далёка быў чуцён,

Што песняю калісьці зваўся,

Ён, скалануўшы ціхі Дон,

Па ўсёй Расіі разлягаўся.

 

Даволі есці горкі хлеб,—

Ссякай баярскія галовы!

І дыхаў воляй дзікі стэп

Пры Разіне, пры Пугачове.

 

Завабліваў сюды людзей

Прасцяг бяскрайні, грунт багаты.

Яны ляпілі пры вадзе

Свае пабеленыя хаты.

 

Асемянялі тлусты глей,

А навіну сцяблінак кволых

Складаў упокат сухавей,

І зноў за горла ціснуў голад.

 

Соль выступала паміж плеч,

За працу браліся адчайна:

«Зямля ўрадлівая, але

Год, бачыш, выпаў неўраджайны».

 

За часам час на ўлонні рэк,

Не расцвітаючы, знікалі,

Ды распрастаўся чалавек —

Знайшоў управу і на хвалі.

 

Разбіў кадэтаў на Дану,

На Волзе разграміў фашыстаў

І чорных стэпаў цаліну

Ён поіць вільгаццю празрыстай.

 

*

На ўсходзе сонца праз абшар,

Як плынь няшпаркага метала,

Вада, прыняўшы колер хмар,

Лілася і не астывала.

 

Пасля, як разгуляўся дзень

І неба ўпала па глыбіні,

Мы ўбачылі, што судна йдзе

Па сіняй шоўкавай тканіне.

 

А можа, гэтак і было б,

Ды вецер хвалю патрывожыў,

І за бартамі паплыло,

Гайдаючыся, поле збожжа.

 

Так ад відна і да відна,

Хвіліны не згуляўшы марна,

Іграла ў берагах вада

І паўставала ў новых фарбах.

 

І зразумелі мы тады

Размовы каляровай хвалі,

Яна ўжо стала сапраўды

Пшаніцай, шоўкам, добрай сталлю.

 

Аб гэтым сведчылі слупы

Высакавольтнай перадачы,

Казалі свежыя тарпы,

Гудок сцвярджаў пераканаўча,

І сведчу я.

Я гэта бачыў.

 

20. Пад родны дах

Хутчэй спяшай у той прастор,

Адкуль ты пачалася, песня,

Ідзі, працуй ад зор да зор,

Ператвараючы Палессе.

 

Дняпро!

Ты стрэчы прычакаў

З сваёй вялікаю сястрою,—

Усенародная рака

З усенароднаю ракою.

 

Плыві,

Рабі дужэй зямлю!

Каб ведаў ты,

З якой ахвотай

Табе ўсю вільгаць перальюць

Мае палескія балоты.

 

Вазьмі ўсю безліч рэк, азёр,

Злучы ў адзіным вадазборы,

Ты будзеш мець такі прастор —

Не мора, хай сабе паўмора!

 

А поруч стане мора траў,

Лугоў, палёў, далін дзівосных,

Нібыта ў гэты сціплы край

З усіх краёў сышліся вёсны.

 

Дарма,

Што гэтага няма,

Няўжо ж пісаць і марыць рана?

Ці ж мала самых смелых мар

Падтрымліваў разлік Дзяржплана!

 

Так будзе! І Палессе ў нас

Акрыецца багатым плёнам.

Я бачу гэты шчодры час

І веру, як у сцяг чырвоны.

 

*

Прад намі ранішні праспект

Свяціўся ў свежай зеляніне,

Нібы разьбяр яго прасек

У глыбе мармуру.

Ад ліній

Паветраных і ў той жа час

І дасканалых і трывалых

Высокай веліччу на нас,

Цяплом сардэчным павявала.

 

Дзень каляровасцю страёў

Спрачаўся з афарбоўкай кветак,

А іх на радасць жыхароў

Нагадавала шчодра лета.

 

Нас абкружала безліч з’яў

І спраў уздымных і гарачых.

Мы йшлі, і кожны адчуваў,

Як быццам гэта добра знаў,

Як быццам першы раз пабачыў.

 

І гэтак радасна было

Дужэць самім з узмахам дужым,

Святлець самім з тваім святлом,

Таварыш Мінск,

наш добры дружа!

 

Я мімаволі паглядзеў

У час, калі грымотным раннем

На бедным скверыку сядзеў

Ў табе, спустошаным дазвання.

 

Прахожага самотны крок

За тры кварталы разлягаўся...

Прыйшоўшы з баявых дарог,

Падняць цябе я прысягаўся.

 

І ўзняўся ты ў такой красе,

Што нам падзякуе патомства,

Шчаслівы свет, куды мы ўсе

Сям’ёй адзінаю збяромся.

 

Выконваюць партыйны доўг

Твой муляр, токар і ліцейшчык,

Каб ты ад галавы да ног

Штодня рабіўся прыгажэйшы.

 

І праца спорна йдзе наўздзіў.

Дом на рагу... Калі ж ты скончан?

Пакуль я Волгу заручыў,

Ты не падрос, ты, брат, падскочыў.

 

Пераступіўшы катлаван,

Ты быў падмуркам ці сцяною

І ўсё падцягваўся пад кран,

Што зверху зваў, махаў рукою.

 

Прыйшоўся дах табе якраз,

Зручней глядзець на голле сквера,

Ты ўжо мяне, як жыхара,

Чакаеш, расчыніўшы дзверы.

 

Даруй!

Над намі не грыміць,

Дадому нельга апазніцца.

Мне гэтак хочацца пабыць

На кожнай вуліцы сталіцы.

 

Каб ахапіць, адчуць ярчэй

Усё, што разам здабылі мы,

Мне хочацца пабыць яшчэ

У кожным горадзе Радзімы.

 

У тых, што ўжо даўно стаяць,

У тых, што беляць твар цагляны,—

Усюды праца ёсць мая,

Часцінка сэрца ўбудавана.

 

Хіба адлучыш ты яе?

Спрабуй між хваль у моры грозным

Пазнаць, каторая з Дняпра,

Знайсці, каторая з Бярозы!

 

*

Мы не падлічвалі гадзін,

Вярнуўшыся з аэрадрома.

І раптам Свіслач з-пад вярбін

Нам зашумела па-марскому.

 

Пад тым павевам трапяткім

Шырэй разлісціліся кроны,

Уздзьмуўся вымпелам марскім

Спартыўны сцяг над стадыёнам.

 

А ён аціхне, зноў дыхне,

У дом загляне вецер хмельны,—

І ўжо фіранка на акне

Ляціць, як ветразь карабельны.

 

Пасля зірнулі з вышыні,

За дзень змаркоціўшыся, зоры,

Пасля пачаў гасіць агні,

За дзень натупаўшыся, горад,

А мы ўсё чулі ў цішыні,

Нібыта гальку гоніць мора.

 

Навек запомніў гэта слых.

То дыхаў век наш працавіты,

На справы і на нас усіх

Свой накладаючы адбітак.

 

Цяпер ужо, як дзень, так ноч,

Прыходзіць тое задуменне,

Калі ты пе змыкаеш воч

Ад захаплення і здзіўлення.

 

І дух займаецца, калі

Імкнуся хваляванне наша

Патомку ў душу пераліць,

Не зрушыўшы, не распляскаўшы.

 

21. Бальшакі да сонца

*

Калі агорне часам жаль

Па ўсплёску акіянскіх хваль,

Па ўсім, што не магло змясціць

Людское вока пры жыцці,

Не пакідай, мой друг, імкнуцца,

Знайдзі яе, узваж, узвысь —

З імглы бязладнае пачуццяў

Нагую, трапяткую мысль.

 

Каб не дрыжала, дай адзенне,

Дай слова ёй, само пасля

Яно праб’ецца, стане дзеяй,

І ўжо не спыніцца зямля.

 

Тут не прыдумка, не дзівацтва,

На гэтых трох кітах стаяць

Уся навука і мастацтва,

Уся гісторыя твая.

 

Зірні ў гады: ўсё больш яскрава

Ідуць да сонца бальшакі,

Якія

думкай,

словам,

справай

Мы пракладалі напрасткі.

 

Яшчэ адзначыў адмыслова

Пісец нязнаны даўніх кніг,

Сказаў:

было спачатку слова,

А потым бог са слова ўзнік.

 

Прыдумаў бога не дурнейшы,

Каб слухаў і не чхаў сусед,

Каб спасылацца на вышэйшы,

Чым маеш сам, аўтарытэт.

 

Я паўтарыўся?

Крытыкуйце,

Бунтуйце мне радкоў страі,

Але вытокі ў кожным кульце

Адны...

Я зараз не пра іх.

 

Я слаўлю мысль!

Яе раджае

Жывая кропелька крыві,

Яна магутней, хоць малая,

За міжпланетны рухавік.

 

Я слаўлю слова!

Ім спынялі

На небе сонца, ім заўжды

Дзень пачыналі, спусташалі

І засялялі гарады.

 

Я слаўлю справу, слаўлю працу!

Не злічыш высілкі мае,

Я ім не дам ператварацца

У зброю, што мяне заб’е.

 

Нашто мне свет — нямая пустка,

Дзе ты — прыдатак да машын?

Мне трэба соль і хлеба луста,

Прастор патрэбен для душы.

 

Я слаўлю мару, слаўлю шчасце

Сягаць вачмі за далягляд

І прабівацца праз напасці,

Куды б ні скіраваў пагляд.

 

Мой друг, малодшы мой таварыш,

І ты пагодзішся, бадай:

Не праўдзяць мары — кепска марыш;

Захочаш мець — мацней жадай!

 

Заўсёды так, і не іначай!

Заўваж: у ранішняй імгле

Хто моцна прагнуў, той пабачыў,

Што з іскры полымя шугне.

 

*

Хутчэй на восеньскія пожні

Перад халоднаю зімой

Ідзі, спяшай, мой твор апошні,

Лятунак мой і клопат мой.

 

Ты быў маім, пакуль складаўся,

Ад сэрца я цябе паіў,

Каб у сябрах ты абазваўся,

Каб імі стаў, як мною быў.

 

Ізноў у руху несціханым,

І не крыніцай, не ракой,

Народ мой, стаўшы акіянам,

Перада мной і нада мной.

 

А колькі лёсаў, колькі доляў

Навек хаваў, зноў нараджаў,

Пакуль такою неадольнай,

Усемагутнай сілай стаў!

 

*

Час падзяліў зямлю няроўна,

І вырасталі ў мужыка

Дзе вінаград, а дзе бавоўна,

А дзе драсён ды асака.

 

Адны жылі пад цёплым сонцам,

Аралі пульхны чарназём,

А мы па даўняй завядзёнцы —

Што ні ўварвём — усё гарбом.

 

Кавалак лугу — ад балота,

Зямлі кавалак — ад лясоў.

Дубеюць каптаны ад поту,

Смыліць далонь ад мазалёў.

 

За тую працу, тую долю

Хапала мукі, не мукі:

Кіёў на спіны мелі ўволю

І жалудоў на праснакі.

 

Не паспявалі бараніцца,

Не разбярэш,

дзе горш прыпар:

Цішэў татарын, пёрся рыцар,

Спіхаўся князь, таптаўся цар.

 

На нашым полі, нашым целе

Чынілі гвалт, гацілі гаць;

Мы гаварыць і то не смелі,

А ўмелі ж песні пачынаць.

 

Хоць адбаўляй было прастору,

Ды ўсё куп’ёўнік ды пясок,

І мара горкая пра мора —

Ну, хоць бы вузкі паясок!

 

Яго трымаў драпежны кіпець

Арла, што ўзбіўся на сцягі,

Нібы адзін мог мора выпіць

І паспытаць не даць другім.

 

А што рабіць было народу?

Ён не ахвотнік да арлоў!

Злаўчыўся, падсачыў нагоду

І абваліў арла далоў.

 

За ўсё сказаўшы дзякуй продку,

Я плынню стаў, не ручаём,

Прыняў адказнасць за паводку,

Якою свет мы скаланём.

 

*

Як у далёкай маладосці,

Падціснуўшы вандроўны пас,

Ізноў я мору пазайздросціў —

Каторы раз, каторы раз!

 

Калісь, дарваўшыся да мора,

Адчуў, як быццам жыў дасюль

У беспаветранай прасторы —

Падземны вязень ці хатуль.

 

А тут быў свет жывы, віхурны,

Абшар сінечы наліўной,

З яго ласкавасцю прадбурнай,

З неабазнанай глыбінёй.

 

І людзі — племя капітанаў,

Што ветрам з палуб не садзьмеш,

Што не прыстыла, не прыстала

Да нізкіх стрэх, да вузкіх меж.

 

Я не насіў пярсцёнкаў зроду,

Адзін-адненькі, залаты,

З рукі, праз нейкую нагоду,

Марская глыб, забрала ты!

 

А можа сам я хвалі кінуў

І ў тым вянчальным абручы

Сваю бязводную краіну

Навекі з морам заручыў.

 

Тады з юнацкім захапленнем —

У вершах, праўда, не ўсур’ёз —

Вады марское на насенне

З сабой узяў, дамоў прывёз.

 

За гэта мне быў гром з маланкай —

Маўляў, захопніцкі імпэт...

Як ні ўсыпалі дратаванкай,

Але імпэт усплыў на свет.

 

Пасля вайны, пры самым Мінску,

Мы спраўдзілі ўсё акурат —

Пад мора занялі нізінку...

Малое?

Я такому рад.

 

Вядома, болей мае Волга,

Жывуць уцешней масквічы,

Стварыць на Волзе — там нядоўга,

Вось паспрабуйце на Пцічы!

 

А гэта рэчка ледзь прыкметна

Віецца ў даўніх берагах,

Высозных, з часаў пракаветных,

Дзе плынь вірыла — проста жах.

 

І вось бліскучаю падковай

Нам свеціць люстра пры шашы,

І цешаць душу рыбакову —

Няхай не сцерлядзі — яршы.

 

Ды гэта мора ў нас другое,

Лічы, і трэцяе ў руках:

Яго на Мінскае узгор’е

Ліе з крыніц Вілля-рака.

 

Вялікі горад сухапутны,

Паўней ён дыхае, свяжэй,

А там, глядзіш, падыме судны

Мой Мінск, сталіца трох марэй.

 

Я перабыў былое гора,

І той дзіцячы жаль не ў жаль:

Паказвае людское мора

І шторм,

і ціш,

і глыб,

і даль.

 

22. Тры абразкі на ваш прысуд

*

На добры лад сябе настрою,

А тут — чыя ці нічыя —

У хвілі добрага настрою

Надакучае печая.

 

Часамі зганяць пракураты

Найдаражэйшае ў табе,

І ты прызнаў, што вінаваты,

Што лепш спявае верабей.

 

А ён глядзіць сабе пад ножкі,

Якое б гора ні раўло —

Дарма,

абы не ўтраціць крошкі,

Каб дзе пагрэбціся было.

 

І звычку ведаю другую:

Крычаць, нібы ўсяго дабраў,

Задзерці нос, як патрабуе

Звышсарамлівая мараль.

 

Няёмка, бачыце, прызнацца:

Яшчэ таму-сяму жадны,

Сірот, руін і абадранцаў

Назаставалася з вайны.

 

Гарэніць праўда?

Ліпкі меляс

Ці сахарын падлі ў цытвар

І сам сябе хвалі за смеласць

Сказаць уголас двойчы два.

 

Хай на цябе сыходзіць ззянне,

Якое здольны вылучаць

Добрапрыстойныя мяшчане,—

Каб ад пляча і да пляча.

 

Лягчэй — на верш, гусцей — на прозу

Кладуць прыемны пахкі грым,

На манумент раўняюць позу,

Рыхтуюць лысіны пад німб.

 

Як не сама літаратура,

Дык час ёй зробіць добры лад,

І для халтуры на хаўтуры

Не паскупіцца на разрад.

 

Бо як ты соладка ні тромкай,

Лепш не выжыльвайся дарма:

Ёсць слава продкаў і патомкаў;

Пакуль ты жыў, твае няма.

 

Здабудзь:

узлётна ці паходна,

Як хочаш, а сваю здабудзь,

Няхай пакуль бацькоў паходня

Твой земны асвятляе пуць —

Тваёй руцэ даецца сіла,

Дайдзі да жылы залатой,

Каб нашых нашчадкаў будзіла

Святло, здабытае табой.

 

Хай іншы дбае аб парадзе!

Старайся, каб сышоў з пяра

Увесь запал, што ў нас закладзен,

Сумлення,

праўды і дабра.

 

Усё! Цяпер падымем справы,

Калі і кім настрой прыпсут:

Тры абразкі аб трох праявах —

На ваш прагляд, на ваш прысуд.

 

Выпадак першы

Няйначай, першая асоба

На ўсёй разлегласці лугоў,

Махнаты чмель здымае пробу —

У чабароў мядок гатоў.

 

Гудзе, нібы гуляка хмельны,

Ад раніцы нападпітку,

Крыху марудны, важны вельмі —

Лепш не трапляйся пад руку.

 

Хоць стаў яго царом у птушак!

Ужо здалёку страшаць нас

І аксамітны паўкажушак

І гэткі ж аксамітны бас.

 

Куды нектар такому несці

З тых лугавых дармовых крам!

Ён п’е на месцы, хай не дзвесце,

А грам з суседам папалам.

 

Ды вось хлапчук:

сарваў рамонак,

Хоп — і прыціснуў спевака!

І дзе той бас? Стаў голас тонак,

Як плач дзіцяці ў паўгадка.

 

Бездапаможна сучаць лапкі,

Такі рахманенькі ў бядзе,

А толькі вырвецца з-пад шапкі —

Зноў задавака, зноў гудзе.

 

Не смешкі тут, а, сама меней,

Карэц гаркоты да краёў...

Ці бачыў хто ператварэнне

Істот вышэйшых у чмялёў?

 

*

Не з глебы плоднае эпохі,

А з плесні, як вясной смаржкі,

Дзе густавата, дзе патрохі

Сям-там выскаквалі бажкі.

 

Яно, вядома, век смаржковы

Канчае пугаю пастух,

Ды год міне, у дзень вясновы

Зірнеш пад куст — ізноў растуць!

 

Вы ўспамінаеце знаёмых,

Што наганяць любілі страх:

Хадзілі ў фрэнчыках зялёных,

Трымалі фаечкі ў зубах.

 

На дзвюх пасадах кіраўнічых,

А то й на трох!

Ну, чым не бог:

Пакажа яснае аблічча,

Як месяц маладзенькі рог.

 

Пры старшых —

хоць яго расскварвай,

Пры меншых — ідал.

Прад сабой

Глядзіць і не паверне карак,

Сядзіць, а ты ў дзвярах пастой.

 

Павольны рух, таемны выгляд,

Нібы яму адкрыта больш

І бачыць ён цябе навылет,

Хоць і ўпірае вочы ў столь.

 

За паўгадзіны слова скажа

Адно.

Як быццам творыць цуд.

Адчуй, персона колькі важыць,

І слова — сама меней! — пуд.

 

На працы ўсіх разносіць бурна,

А вырваўшы білет на матч,

Такі выходзіць на трыбуны —

Вяроўкі ві, на хлеб намаж.

 

Там за шырэйшымі плячыма

Стаіць і сочыць, не зміргне,

У ладкі плясне — малайчына! —

За тым, хто старшы, не раней.

 

Абы-чаго не ляпне здуру,

Падкоціцца пад густ пад ваш

І ўскочыць у наменклатуру,

Адтуль не зрушыш, хоць падваж.

 

З адной пасады — на другую,

Заваліць што — вучыцца шлём,

Адбудзе школу, зноў шуруе:

Мы кадры моцна беражом.

 

І зноў дзяўбе, як тыя галкі,

Папраўдзе ўсё — пра ўздым і рост,

Ды хоць бы слова без шпаргалкі,

А ад душы і без пагроз.

 

Ён дакладаць — здароў майстрыска!

Насыпле доказаў з папер...

І падкрадалася прыпіска,

На мяккіх лапах шумны звер.

 

Жніво не скончыць напалову,

А зводка трубіць пра пасеў.

Завод яшчэ не дабудован,

Затое рапарт пашумеў.

 

І вылічаўся год за годам,

Усё вышэй зажытак рос

Ад недавершаных заводаў

І з недасеяных палос.

 

Паперак — страх! З усіх інстанцый

Вір віраваў — угору, ўніз.

Расплоджваліся марнатраўцы,

Майстры маніць...

Каму маніць?

 

Каму, нашто?

Ці тут няслава

Прызнаць нястачы і даўгі?

Мы ж паднялі такую справу —

Няхай падыме хто другі.

 

Калі прамовы з тым, што робіш,

Не разыходзяцца нідзе,

І без надворнае аздобы

Мы маем ласку ад людзей.

 

Не знойдзеш горай паніжэння

За бытаваўшае суздром,

Дзіўное, крыўднае схіленне

Перад пасадай і пастом.

 

Нібы хапала нам падказу,

Каб непрыкметны хлебаед

Разумны, добры стаў адразу,

Заняўшы пэўны кабінет.

 

Не дай жа бог табе паверыць,

Што ты такі.

Ты стань такі.

Ёсць і узор, і ўчынкаў мера —

Старэйшыя бальшавікі.

 

То з іхняй славы, з іх узлёту

І на цябе сышоў прамень,

Дык аплаці аванс работай,

Жыві прасцей, хадзі прамей.

 

Не кроч на сцежкі бакавыя —

Ямчэй сказаць, паменш зрабіць,—

Бяры адказ сабе на шыю,

Не на сяброўскія гарбы.

 

Які б ні быў ён недасяжны,

Пост не затым, каб пастаяць,

А рупіцца, а быць адважным,

А быць чысцейшым удвая.

 

Ужо дарэшты культ пазбаўлен

Былое сілы і красы,

Але ж лягчэй рвануць з падвалін,

Куды цяжэй — не ўваскрасіць.

 

Сёй-той аж енчыў — так развенчваў,

А сам, паскрэбак,— не дзівак:

Паклаў у дуст зялёны фрэнчык,

Не перашыўшы на пінжак.

 

Рашыў: бывае ўсё на свеце,

Не трапячыся, не спяшай,

А ну падзьме інакшы вецер —

Тады назад перашывай.

 

У гэтым прызнавацца сорам,

А прызвычаіцца любы:

Калі па нырках мажуць здорам,

Прыемна!..

Чалавек слабы...

 

Другому б не паверыў можа —

Сяргей Прытыцкі расказаў,

Як пачынаўся кожны божы

Дзень у раённага туза.

 

Перад люстэркам слупам стане,

Сабе ўсміхнецца з-пад рукі

І ў грудзі ляпне:

«Жысць не тая,

Не тыя ўжо кіраўнікі».

 

Каб сёння шмоткі з нафталіну

Дастаў такі, шумнём:

— Адлезь!

Даўно не тая ўжо краіна,

Не тыя людзі на чале.

 

Хто чым увенчан, тым развенчан,

Фальшывы бляск у дол зляцеў,

І ценем стаў зялёны фрэнчык,

Ды ён жывучы, гэты цень.

 

Пачне вучыць даіць каровы,

Не навучыўшыся даіць,

Ці павязе дарыць кароны,

Правоў не маючы дарыць.

 

Недачуваў мужчына ў сіле

І пакідаць не думаў пост,

Яго мы дружна папрасілі:

Час адпачыць, старэчы ўзрост.

 

А можа, гэта ўсё — нічога,

Дарма ўздымаецца рука

На адстаўнога, на старога,

А, як-ніяк, працаўніка?

 

Ён не прыбавіў нам здароўя,

Зярнят не ўсыпаў у засек,

А што датычыць мнагаслоўя,

Дык быў магутны чалавек.

 

Загуста сеяў абяцанні,

А справа рупіла ў людзей.

Казаў, а нашы спадзяванні

Былі вышэй, куды вышэй!

 

І не дарос да праўды нашай,

Да маладых, хто стаў за пульт,

Да нас, вайну праваяваўшых,

Насыпаўшых мучыцы куль.

 

А вецер той, гаючы, свежы,

Што нёс у свет імён зварот,

Ён цэлай партыі належаў,

Не ад чыіх малых турбот.

 

Выпадак другі

Нам бюракраты дуг нагнулі,

Маглі скляпаць адным кідком

Глаўк для забеспячэння вуліц

У галалёд

рачным пяском.

 

Чаму рачным, а не кар’ерным?

Чарнільны дух усё расклаў,

Усё давёў, усё прымераў:

Што від пяску, то новы глаўк.

 

Сказаўшы праўду, без вагання

Я б ім стварыў патрэбны глаўк:

Для пакаяння, бічавання

І пасыпання пеплам глаў.

 

...Дык вось, адседзеўшы ў прыёмнай

Ажно па саменькі абед,

Дапушчан ты, нарэшце, ў скромны,

Сярэдняй службы кабінет.

 

А там —

і коўзкі бляск паркетны,

І два бліскучыя сталы...

Само падказвае паветра,

Што ты і клопат твой —

малы!

 

Яшчэ цябе не прыкмячаюць,

Хоць ручку сунулі — сядай!

Са ўздыхам нумар набіраюць:

Заўваж — турбот хоць адбаўляй.

 

І трубцы не дае таварыш

Астыць, прылегчы на рычаг:

Ледзь адзваніўся, зноўку шпарыць,

Б’е, як гавораць, па мазгах.

 

Здаецца, даў усім прыпарку,

Аж не!

З начосам залатым

Красуню кліча, сакратарку:

— Злучыце шпарка з тым і з тым! —

 

Нарэшце да цябе звяртае

Крывой ухмылачкі прамень:

— Ну, што рабіць? Народ чакае...—

 

Народ? А я, па-твойму, пень?

Перада мной жа ты да спазмаў

Манежыўся — і так, і сяк,

Каму ж ты іншаму паказваў

Свае саноўнасці спектакль?

 

Чаму я слухаць быў павінен

Перамаўленні без канца,

Па сутнасці, пра шалупінне

Ад вераб’інага яйца?

 

Ноч лезе ў шыбы з панадворку,

Тады табе, не ў апарат,

Ён кажа:

— Дык пра што гаворка?

Давайце — позняя пара.—

 

І жаліцца:

— Знябыўся страх як!

Дзяцей не бачыш, не з’ясі...

Ах, гэта шапка Манамаха!

Надзелі, значыцца, насі...—

 

Ён вочы плюшчыць — так зняможан!

Нагу заложыць за нагу,

Крыху паслухае:

— Паможам!

Дзе праўда ёсць, я памагу.—

 

Ты ўсё забыўся, ты паверыў,

Расчулен: колькі ў ім душы!

Ужо кладзеш на стол паперу:

Вось, калі ласка, падпішы!

 

Бярэ аловак... Даў званочак,

І глаўк той перайшоў на рысь:

З усіх бакоў дарадцы крочаць —

Бухгалтар, планавік, юрыст.

 

З паўруху зразумець гатовы,

Хіліць куды, ў каторы бок:

На валаводу, на адмову,

Ці даць надзеі валасок.

 

Жуюць, жуюць і зрэшты раяць,

Сцяною стаўшы пры стале,

Не так, як вымагае справа,

А так, як зірк яго вялеў.

 

Ён — вочы ў столь:

— Не ў нашай сіле!

Я гаварыў — дапамагу,

Усё зраблю, што б ні прасілі,

А тут — законы... Не ў дугу...—

 

Басок — на ніжнія рэгістры:

— Не засмучайся з драбязы! —

А ўвойдзе, скажам, намміністра —

І гаварун глынуў язык.

 

У міг спружыніла паходка,

Басок змяніўся на фальцэт,

Усё ўпадскочку, з падраготкай,

Мяце чупрынай кабінет.

 

Не чай агністая красуня —

Сябе на сподачку нясе...

Памкнешся ўстаць...

Ён крэсла суне:

— Сядзь, можа, ўладзім пакрысе! —

 

І выкладае перад госцем

Твой клопат...

— Як тут пасабіць?

Можна штосьці?

Прыму адказнасць, так і быць.—

 

Глядзі, як лоўка! Справу справіў,

Якую сам пусціў на дно:

Рашыў пры старшым — хата з краю!

Замёў сляды, і не значно.

 

Лепш не спяшаць, каб не прамазаць.

Ног не купляе чалавек,

Хай прыйдзе зноў...

За трэцім разам

Паставім подпіс, як на чэк.

 

Так адчыніўся без адмычкі

Той драбязговы амбарас:

Ён адмаўляў паводле звычкі

Нічога не рашаць за раз.

 

Не ўтойваю перад сябрамі,

Падумаў я: а важны госць

Таксама справы разбірае,

Калі важнейшы збоку ёсць?

 

Няўжо?! Мінае год за годам,

Народ выходзіць да суток.

Ён і ў пагоду і ў нягоду

Меў той жа голас, той жа крок.

 

Дзяжурны голас для выпадку

Нам не пад гонар, не пад стаць!

Маліцца тонкім на аладку,

Грубейшым к чорту пасылаць.

 

Адзін — для ўсіх! — я голас знаю:

Не мець за скрыпку чапляю.

Лятаю — значыцца, лятаю,

Пяю — дык, значыцца, пяю!

 

Я норму гэткую прымаю

І вызнаю яе адну:

Дарма нікога не чапаю,

А як чапну, то ўжо чапну!

 

Выпадак трэці

Здараецца ў лясных вандроўках —

Лісток апалы зашуршыць.

Зірнеш — зякратая галоўка

З нары ўздымаецца, сычыць.

 

Няйнакш, з табой сустрэчы рада,

Угору цягнецца, расце...

Змяя! Гатова да нападу,

Стаіць, як кажуць, на хвасце.

 

Успомні даўнюю навуку,

Якую чуў ты ад дзядоў:

Не выпускай жывой гадзюку,

І сто грахоў — з плячэй далоў.

Так і зрабі. Прыстукні друкам,

Тады ідзі далей здароў.

 

Грахі! З іх прыказка смяецца:

Сапхай, гаворыць, грэх у мех,

Правер, ці завязка на месцы,—

Кійком па боку і пабег.

 

Не верыў казаням з амбону

Народ.

А сам ён — смех то смех! —

Трымаўся іншага закону:

Не знічшыць гада — цяжкі грэх.

Вялікі грэх перад радзімай,

Перад людзьмі, перад сабой...

 

...Глянь у вайну, у час, калі мы

Яшчэ не выйгравалі бой.

 

Хоць не жыла зямля ў пакоры,

Ды гнёў фашыст.

І колькі з нор

Палезла іх!

На нашым горы

Завязваць лой, нагульваць здор,

 

На выгляд мякенькіх нібыта —

Падзьмі, да раны прылажы,

Нераспазнаных, недабітых,

Забытых спехам у лаўжы.

 

Успомніў? Хопіць успамінаў,

Яны, быць пэўна, варты груз,

Ды прашуміць сучассе міма,

Калі ты ў прошласці загруз.

 

*

Ішло аднойчы пасяджэнне,

Хлапца высватвалі на пост,

Але за момант да рашэння

Адзін з прысутных стаў на хвост.

 

Пачаў з усмешачкай, а вусны

Крывіў, нібы ад палыну,

Хваліў хлапца і ўслед падкусваў,

Казаў — жыві, а думаў — лусні,

Вітаў, а біў цвікі ў труну.

 

Што слова — шып.

Знаёмым гукам

Я быў працяты...

Божа мой!

Няўжо я слаба ўцэліў друкам

Дзесь на сцяжыне махавой?

 

Галовы паўгінаўшы ў плечы,

Пераглядаліся маўчком:

Ніхто не ўстаў, не запярэчыў,

Ніхто не грукнуў кулаком.

 

Лічылі так — няхай не кожны! —

Лепш галавы не вытыкаць,

Бо запярэч неасцярожна —

Жыгне самога спадцішка.

 

Звяў, як ад вару, хлопец слаўны:

Як быць? Не жартачкі, паклёп!

Удзень, нахабна, беспадстаўна,

Паміж вачэй — кляймо на лоб.

 

І ён — адзін.

Зніякавелі

Той сход і нават старшыня,

Ды хоць бы плёў Макіявелі,

А то з карчэўя гадзяня!

 

Перамаргалі ўсё дазвання,

І верх узяў нячысты спрыт:

Замест паста далі спагнанне,

Ледзь не ўпісалі ў кандуіт.

 

А злоснік ззяў, у нутрах недзе

Ён з баязліўцаў рагатаў...

 

...Было глядзець мне, не дагледзеў,

І вось ажыў ён, здыхата!

 

Ці той?

Сцвярджаць не рызыкую,

Аднак жа, падабенства ёсць.

I чалавечынка існуе,

Зрабіў сваім заняткам злосць.

 

Пакруціць носам, быццам рупіць,

Што дзесь мялее дзён ручво,

І там, дзе і не пахне струпам,

Хутчэй становіцца на хвост.

 

Грахі высмоктвае з нічога:

У доме зарыпеў паркет,

Дзяўчына выйшла за старога —

Цвіце зласлівенькі нябога:

Злаўчыўся ўкалупнуць благога —

Дуй выкрыванне, жар памфлет.

 

Нібы засмучан з гэтых болек,

Нібы яму найбольш баліць,

А хвошча да сардэчных колік —

Маўляў, баліць, ды мусіць біць.

 

Усё цікуе і ў будынку,

У маладым маім жыцці,

Ці парушынку, ці смяцінку,

Ці хоць падрапінку знайсці.

 

І пляскадумцы, пляскагубцы,

Каго на вуду забрытаў,

З яго зрабілі праўдалюбца,

Ад чысціні барацьбіта.

 

А ён дрыжаў! З людзьмі сутычкі

Гасіў, як мог: там падгадзіў,

Там насмяшыў такой жа звычкай,

Якою слаўны кракадзіл.

 

Граў на слабінцы беларускай —

Паплач, і будзеш мець сяброў,—

Ды кракадзіл перад закускай,

А гэты — перад чаркай роў.

 

Як толькі стопкі наліваюць,

Сядзіць, смутнее, сам не свой,

Але над першай зарыдае

І зноў «на хвост» перад другой.

 

Я не кажу, што невыгойна

Парода гэта, мусіць, не,

А думаецца аб падвойным,

Патайным чалавечым дне:

Наверсе думак палавіна,

А палавіна — пад зямлёй...

 

Дзе станеш, як праб’е гадзіна,

Развяжацца астатні бой,—

Дзе апынешся ты, мужчына,

Пузаценькі равеснік мой?

 

Азызлы твар, пустыя вочы,

Гатовы скочыць, як гюрза.

На свет зубамі так скрыгоча,

Амаль да дзясен пазгрызаў.

 

А ціхалапы, белабрысы,

З насення дробных хутаркоў.

Які з душы, такі ж і з пысы.

Што больш?

Партрэт амаль гатоў.

 

Цяпер вам памыліцца цяжка,

Вядома ўсё: адкуль і чый.

І я ўжо сам не дам прамашкі,

Каб толькі не зламаўся кій.

 

23. Ткалля шкла

 

Сустракаю цёплым ранкам

Я вясёнку на плыту,

І ківае палачанка:

— Падвяслуй на Палату!

 

Прысяганні, абяцанні

Да душы не прыгарну...

Выбачайце, палачане,

Адплываю на Дзвіну.

 

 

*

Шумеў і ўспляскваў на змярканні

Далоняў зыркі вадаспад,

Нібы, вяслуючы рукамі,

Зялёны адплываў тэатр.

 

Ён плыў у блізкі і далёкі

Край памяці — у нас саміх,

Дзе легкадумныя аблокі

Застылі ў зрэнках нежывых

Сяброў,

што сняць, не звёўшы вока,

Сярод палеткаў франтавых.

 

І плыў далей...

Па новым фронце,

Па наквецях, па каласах,

Да межаў, за якімі стронцый

Губляе смертаносны жах;

Да ўсіх нябытых, а знаёмых,

Душой разведаных планет,

У край, дзе ты як быццам дома,

А з дому адчуваеш свет,

У край, дзе за слязой дзіцёнка

Гарлівай маці сум чуцён,

Дзе зліты скрыпкі голас тонкі

З фанфарай пераможных дзён,

А наша ўчора, наша сёння

І заўтра — знітаваны так,

Як можа знітаваць бяссонны,

Неперавершаны мастак.

 

Народ — імя яму...

З прычалаў

Свае пары, свае зямлі

Усе, што напаўнялі залу,

У край паэзіі плылі.

 

*

Быў вечар дружбы:

Ленінградцы,

Смаляне,

Мы і масквічы

У слаўным горадзе, па-брацку,

Чыталі вершы да начы.

 

Паднятыя прыхільным тлумам,

Мы падрасталі на вачах:

У творах прыбывала думак,

Глухі радок ямчэй гучаў...

 

Я шлю цяпер паклонаў клунак

Цярплівым нашым слухачам.

 

Маглі сказаць:

«Даволі, годзе,

Звадзіце слова на манеж!

Наш горад не адно стагоддзе

Жыў —

на муляж не падманеш.

 

Калі пра час зайшла гаворка,

Лепш прамаўчаць

ці так сказаць,

Каб стала соладка і горка,

Як сказ пра Ігараву раць».

 

А ў нас, калі не вельмі хаяць,—

Быў недалёт і пералёт,

Ды, мусіць, іскарка жывая,

Чым змалку надарыў народ,

Паспела раптам перадацца

У сэрцы хлопцаў і дзяўчат...

 

Пад столь зялёнага палаца

Грымеў далоняў вадаспад.

З нас кожны пачуваўся кропляй

Шчаслівай тым, што акіян

На свеце ёсць,

і быў захоплен,

Да краю ўзрушан, як і я.

 

І вір прадонны, вір бунтоўны

Быў рады і шпурляў прыбой,

Адразу стаўшы поўным-поўны

З апошняй кропляю —

са мной.

 

*

Дзяўчына выйшла.

Па ступенях

На сцэну дзве касы плывуць,

Без той зачоскі, што на венік

Падобнай робіць галаву.

 

Зірнула, стала:

— Выбачайце...

Не, не хачу перапрашаць!

Наш вечар доўга не канчаўся —

Ушчуньце вы сябе спярша.

 

Вы добрай славаю сагрэты,

І мы таксама не ў цяню,

Але пачуць жывых паэтаў,

Дальбог, прыйшлося ўпершыню.

 

Гасця, гавораць, грэх няволіць,

Ды часам трэба забрытаць.

Паўзмены лішняй, сама болей,

Вам давялося адчытаць.

 

Сказаць бы дзякуй,

ды паспею...

А сапраўды, чыя віна?

Хто апазніўся, плоціць пеню —

Ганіце, госцікі, спаўна! —

 

На лаўках смешкі, падраготкі:

Дае сяброўка прыкурыць!

Падсып ім перчыку ў ахвотку,

Хай чухаюцца песняры.

 

І тая сыпле:

— За спазненне

Наложым лёгкі штраф зусім:

Яшчэ паўзмены, сама меней,

Нам адчытайце і — па ўсім.

 

Куды там змену ці паўзмены! —

Чыталі мы да певуноў.

Дзяўчына тая ж з той жа сцэны

Гаворку пачынае зноў:

 

— Мы любім песні-весялухі,

А бачымся гады ў рады.

Хоць кінься ў чары для прысухі,

Каб вас прыцягвала сюды.

 

Каб хто дарогі не паблытаў,

Напрасцякі трапляў якраз,

Вазьміце,

вось клубочак нітак,

Ён будзе ў вас, а хвост — у нас.

 

Тузнём — вы ведайце:

чакаем!

Кідайце ўсё і — за клубком,

Бо мы ўжо чаркі наліваем

І пірагі на стол нясём.—

 

Дзіўное штосьці...

Стала смешна:

Адкуль ёй віцца, дзе тут піць?

Малая галачка, з чарэшню,

Качалася на далані.

 

Але сусед прамовіў ціха,

Што падарунак падала

Тканін вядомая майстрыха,

Не баваўняных, а са шкла.

 

А гэта галачка — з сакрэтам!

Такі клубочак разматай —

Дзесятак добры кіламетраў

Дастанеш нітак...

Дзіўната!

 

*

Хаджу ў гарачаватым цэху,

Рыхтуецца да дзіва зрок,

А тут на шпульку, як для смеху,

Пабег ледзь бачны валасок.

 

Дзяўчо смяецца:

— Не парвецца,

Як ні студзіла б, ні пякло,

Яно ў нядбалых баб таўчэцца,

А ў нас нядрэнна тчэцца шкло.—

 

Уток шкляны, са шкла аснова,

А выраб?

— Гэлька, разгарні! —

 

Сувой развіўся адмысловай,

Неверагоднай чысціні,

Ласкавы, быццам шаль пуховы,

Хоць ты душу ім ахіні!

 

Я цуды бачыў, як з драўніны

Спрадаўся магілёўскі шоўк,

Лягчэй за воблака тканіны

Вазіў з усходніх кірмашоў,

 

А ўпершыню трымаў такую —

І па цане куды схадней,

І ў сэрца не дапусціць кулю,

Цяпла не выпусціць з дзвярэй.

 

Лічыў усё падманам вока:

Вось толькі ж крохкае было,

Таго ж гатунку, як у вокнах,

А зараз — шкло і ўжо не шкло.

 

*

Цудоўнае ператварэнне,

Да новых станаў пераход,

Перагартоўкай пакаленняў

Здалося мне,

людскіх парод.

 

Не так даўно і ў нашым лёсе,

Датуль няўдзячным і глухім,

Падобна вельмі адбылося:

Хто быў нічым, той стаў усім.

 

Не вал на плодны бераг вынес:

— Жыві і цешся, навасёл! —

Сам лёсы вырасціў і вырас,

Магу, раблю:

з нічога — ўсё!

 

Ды хто б на іншае згадзіўся,

Калі адчуць аднойчы змог

Сваё і ўсіхнае адзінства —

Памкненняў,

клопатаў,

дарог.

 

Я з ім хадзіў, не нахадзіўся

І з ім прыйду на стык эпох.

 

Я чую, нітка не парвецца,

Як ні студзіла б, ні пякло.

Няхай у ворагаў таўчэцца,

А ў нас і далей тчэцца шкло.

 

*

Калі часамі засмуткую,

Пітва і стравы не схачу,

Дастану галачку шкляную

І без дарогі пакачу.

 

Па-над зямлёю паспяшаю

На слаўнай рэчкі берагі,

Куды так шчыра запрашалі,

Дзе абяцалі пірагі.

 

Цераз азёры і даліны

Знайду дарогу і ўначы

Да той насмешлівай дзяўчыны,

Што ўмее жартам дапячы.

 

Не клікне — абзавуся першы:

Вось так і так, з’явіўся зноў,

Калі ахвота слухаць вершы,

Дык я гатоў без пірагоў.

 

24. Хвіліна развагі перад футболам

*

Дзе рады ўзяць? Няма адбою

Ад беднай рупасці зямной:

Калі не буду я сабою,

Хто стане поруч і за мной?

 

Хто скажа ўсё, што вока бачыць,

Не змоўчыць, калі ўсе маўчаць,

І пройдзе словам праз няўдачы,

За далягляд намосціць гаць?

 

Цяпер паэзіі будынак

Кладзём,

як цэглу хто прыткнуў,—

Маўляў, ён прыйдзе, муляр з глінай,

І ў момант выправіць сцяну.

 

Хоць чуем, як мы рапаруем,

Што там не фарба, проста клей,

А далікатненька даруем

Адзін другому:

— Маж таўсцей!

 

Дык вось і сыплецца тынкоўка

Паспешных вершаў і паэм.

Не псуй жа слоўка, ты нялоўка

Чапнеш, і верш твой глух і нем.

 

Калі б зайшоў дахаты мамант,

Наўрад ці хто б сказаў: «Прысядзь!»

І стаў пытаць пра тату з мамай,

Яму анкету выпраўляць.

 

Я разумею — эра шортаў! —

Каб мамант сесці захацеў,

Патрэбна паўпалаца спорту

І крэсла з паўдзесятка дрэў.

 

І ўсё ж ткі рад, што ў сябра поруч,

Не кожны год, не з-пад нагі,

Але выходзяць часам творы

Слановай косці і вагі.

 

А мушка — крыльцамі махае,

Аднак не хваліць, не грызе:

Не заўважае, бо малая,

Бо села ў твора пры назе.

 

Лепш распісаць такую ж муху —

Яна відней.

Яно зручней —

Турботы меней, меней руху,

А ўзлёты крытыка значней!

 

Ён пакрысе жыруе ў друку!

А гэта справа не сабес —

Літаратура ёсць навука

Глядзець і быць шырэй сябе.

 

Хай пыляць вершы бітым трактам

Пра трактары на цаліне,

За гэта ім таварыш трактар

І з выхлапной не чыхане.

 

Мой твор, калі ён ад мастацтва,

Жыве — хачу ці не хачу!

Было б дарэмным задавацтвам

Сябе падсватваць чытачу.

 

Чым быў,

Чым стаў,

Чым застануся

На скрыжаванні дзвюх эпох?

Памножу працу Беларусі —

Пераступлю вышэй парог.

 

Мне свеціць заўтра — цвет маёвы,

Мы з ім гаворым і пяём:

Плыве ракою наша мова,

Яе не зробіш ручаём.

 

Чым стаў, я тым і ганаруся —

Што ў свеце лепш? —

Самім сабой:

Рабочы слова з Беларусі,

Не акадэмік, не герой,

 

Не мараход, на жаль,

не цесля,

А, як і ты, сучаснік мой,

Я веку радавы равеснік,

Душа з відушчаю душой.

 

*

Пагодны вечар, і на славу

Паразмаўлялі б мы з табой,

Ды вось: хвароба ці забава,

Ну, гэты, як яго?..

Футбол.

 

А ўстаўшы раненька на рыбу,

Падчэпіш сонца на кручок,

І цуд, які завецца грыбам,

Падорыць хвойны халадок.

 

Але на гэтую прынаду

Адразу, брат, не падманеш!

Вандроўных душ ляснога складу

На жаль вялікі, менш і менш.

 

Капай чарвей, і пад сурдзінку

Збірайся ў Стоўбцы, пад Лагойск,

Ды прыхавай на палавінку

Ад палавіны дарагой.

 

А покуль рыбіна ў вантробу,

Не раз яшчэ змакрэе шчэць:

Ты будзеш з бою браць аўтобус,

У золкім тамбуры дрыжэць.

 

Яно ямчэй і нават міла —

Аддаў рубель і тупачы,

Свішчы, крычы: «Суддзю на мыла!»

Таўчы суседа па плячы.

 

Я не супроць, што нехта ў майцы,

Хоць мы далёка не сябры,

Ганяе мячык па мураўцы, —

Што ж, і на гэта трэба спрыт.

 

Гуляйце, мілыя, качайце!

Хай спачувальнік пакрычыць,

Прыбыўшы на вясельнай «Чайцы»

Ці на пракатным «Масквічы».

 

Аднак жа, колькі ні ганяюць,

Як ні крычаць, ніводзін з іх

Яшчэ не завязаўся ў завязь

Высокіх думак, добрых кніг.

 

Ды не за нейкіх сотню глотак,

Што не зыначыш, хоць ты плач,

Скажу, каб не ўзнікала плётак:

Я больш турбуюся за мяч.

 

Калі б праз тых, што мяч качалі,

І тых, хто за гульцоў хварэў,

Свет выкаціўся з бурнай хвалі,

На бал адзін паспакайнеў!

 

Я ўсё аддаў бы, станься гэта,

Каб адхіліць балесны спазм

Безабароннае планеты

З гняздоўямі ракетных баз.

 

Зямлі насельнік бесклапотны,

Ідзе даўно глабальны матч:

То атамны, то вадародны

Мяч у гульні — жахлівы мяч!

 

Усё часцей мігціць пад сонцам

Той грозны шар.

Каля варот

Хоць не слабенькі абаронца,

Атак жа шмат, мацней штогод.

 

На міг вазьмі паслаб клапоты,

Прарвецца нехта, жахне ён —

Го-ол!

І на тры мільярды глотак

Як заравеш ты, стадыён.

 

Лясы і людзі — ўсё пад корань,

Абнежывее ўвесь прастор,

На месца мора стануць горы,

Затопіць мора пікі гор.

 

Той, хто на бога меў надзею

І плюшчыў вочы на пажар,

Перахрысціцца не паспее,

Як ператворыцца у пар.

 

Не стане спратам для магнатаў

Усеахоўны той метал,

Што свету злое гвалтам сватаў,

А непакору прэч змятаў.

 

Навошта мерацца кішэняй —

Чыя глыбей, чыя званчэй?

Я, можа, маю грошай меней,

А праўды больш.

Яна з вачэй,

Яна з душы мае шугае,

Знаходзіць блізкіх, сваякоў,

Хто ў нас узор і троп шукае

Пазбыцца залатых акоў.

 

Як толькі разам станем дружна,

Збяром у гурт мацерыкі,

Нідзе шляхоў не знойдуць кружных

Звышядзерныя ігракі,

 

Хто выграбаў з бядачай кайстры,

Хто атлусцеў на барышы,

Хто блытаў свет ігрой шахрайскай,

Хто зарабляў на шантажы.

 

Дык вось, шаноўныя спартсмены,—

Пара спачынак даць мячу.

Калі вас высадзім з арэны,

Яго я з дзецьмі пакачу.

 

25. Качаня і лебедзь

*

Уся зямля — мая жылплошча,

І, як вандроўнік, маю жаль:

Культура даўняя — галёшы —

Ужо на звод сышла амаль.

 

У Кіеў ехаў ці ў Лынтупы

Бязвусы госць ці барада,

Каб на падлозе не натупаць,

Галёшы ў сенцах пакідаў.

 

— Што за адскок да старадаўніх? —

Мне закідаюць.— Што за тон?

Як быццам чэхаўскі настаўнік

Нам развінае парасон.

 

Ды вось — абмены і турысты...

Вядома, вопыт — дарагі,

Але мы дом рабілі чысты

Не дзеля кожнае нагі.

 

Той-сёй за ноч адну пакіне

Адкідаў — конь бы не павёз!

Хто не шануе гаспадыні,

Хай паважае пыласос.

 

Адно дзьмухне — і тым струменем

Прадзьме, дастане з-за мяжы...

Ну, словам, едзеш — май сумленне

І ўсім дзесятым закажы.

 

Я не вучу, не лезу ў спрэчку,

Каб адшукаць якісьці звіх,

А сам сабе раблю засечку:

Шануй сябе, шануй другіх.

 

Хоць думак слушных і не чэзлых

Табе стае, ды свет вялік,

Мой друг! Пільнуйся ў часе ездак,

Бо распяражацца язык.

 

І навыносіш смецця з хаты

За акіян і за Ламанш.

Пастаў мядзведзя дыпламатам,

Ён столькі б дроў не наламаў.

 

Вось дзеля гэтае нагоды

Пачнём, таварышы, здалёк

І паспытаем для заходу

Палескай хронікі скрылёк.

 

*

У чалавека ёсць дзве рэчы

Патрэбных —

печ і пасталы.

Калі ён не ляжыць на печы,

То ў пасталах пасе валы.

 

«А каб яшчэ свяціла пляшка,—

Казаў палескі ціхаход,—

Дык што — жыццё? Яно — не цяжка,

Магу пражыць хоць дзвесце год».

 

Спраўляў нядзелю без работы —

Такога дня папашукаць:

Ні панядзелак, ні субота,

Дзень, як гавораць, сама спаць.

 

Паспіць і кліча:

— Не чувалі?

Што гэта робіцца, сусед!

Каб дзе Кузьмою бабу звалі —

На няманіц1 сыходзіць свет.—

 

Сусед угрэў сяннік з саломы

І сам угрэўся пад радном:

— Ланцуг уцёк, сабака дома —

Такога брэху не чутно.—

 

Напхаўшы ў люлькі самасаду,

Ідуць напару бусла біць:

Цягае, падла, дзеці з градаў,

Але не носіць чым карміць.

 

А потым зложацца на сотку

І разгаворацца дзядзькі...

...Трымай расол рукамі, цётка,

Бо паўцякаюць агуркі!

 

Пайшло тады! За дзівам дзіва,

То забабон, то чысты зман,

Як адрасла ў цялушкі грыва,

Як заспяваў папом баран.

 

Як месяц зробіцца старэнькі,

Рассыплецца на статкі зор,

А вецер іх садзьме ў сявеньку,

І месяц ходзіць, зноў дабёр.

 

Як нехта быў на частаванні,

Паклалі спаць на тапчане:

«Спачні, браток, тады ўжо ўстанеш,

Калі гадзіннік біць пачне».

 

Ну, думае, дастаўся ў госці!

Няхай бы дома ела вош,

Там грэлі ў косці, ды за штосьці,

А гэты дасць... Але за што ж?

 

За што? Не будуць біць нядбайку —

Здалося неяк жарабку,

Калі яздок сваю нагайку

Перакладаў з рукі ў руку.

 

Плыве гаворка з перакуркай,

Хоць «кроплі» болей не купіць,

Дзядзькі ахвочы зняць ашуркі,

Іначай кажучы, пакпіць.

 

Смяюцца, быццам бы за светам

Ад збожжа ломіцца страха.

— Э! Ў вузкіх портках клін прыкметны,

Што хочаш можна прыбрахаць! —

 

Успомняць святы і вяселлі,

Дзе ім здаралася гуляць,

Як задзірацца ёмка ўмелі,

Не адступалі ні на пядзь.

 

— Іх пяцёра? І нас — пяць!

Пойдзем, дзеўкі, сена жаць! —

 

І так з усмешкай, без упынку

Гудзе старэчая журба:

— Куды нам цеперся ў абдымку,

Нам толькі назіркам хіба!

 

*

Даруйце мне на кплівым слове

Браткі мае, палешукі!

Падслухаў я ўсю вашу споведзь

У тыя цяжкія гадкі.

 

Вы ў доме вокны прасякалі:

Мо грукне шчасцейка ўначы?

Але дзвярэй не замыкалі —

А ну спатрэбіцца ўцячы!

 

Правы?

Пытаўся лоб у сценак,

Якоў мацунак галавы.

Ударыў, выхвараў...

А змены?

Падзякуй богу, ты жывы.

 

Не паддаваўся цёмны прадзед,

Замоцна ў глебе ён асеў,

Не меў адзежы з тонкіх прадзіў,

З бярозы кашу часта еў.

 

Еў без відэльца клёцкі з вымем

На «ўсіх святых» і дзічкі грыз.

«Рабі, бо з вымем душу вымем»,—

Багі гразілі з чорных рыз.

 

Тады было і ў жніўні коўзка —

Снапа не возьмеш з-пад сярпа,

То гроб тутэйшы, то літоўскі,

То польскі пан.

А пан ёсць пан!

 

Ішла бяда, другая — следам,

І мы — наперад, як-ніяк! —

Ішлі пад бедамі, па бедах

І паміралі на кіях.

 

Зямля, як брацкая магіла —

Бацькі не ўстануць з халадку! —

Каго магла, таго радзіла —

Якія дзеці на пяску!

 

Ды з качаняці вырас лебедзь,

І ў Новы свет кладзе вянец

Хлапец з тых самых трускіх грэбель,

Канструктар часу і тварэц.

 

1 Няманіц — паходзіць ад спалучэння слова няма з польскім nic (нічога); сустракаецца на Палессі ў сэнсе — чорт ведае што, дарэшты, дазвання.

26. Размова з Нью-Йоркам

Пасля кароткае прадмовы

Магу прызнацца, дружбакі,

Калі я ў свет збіраўся новы

І як прыехаў і ў які.

 

Каб не было недагаворак,

На месца стаўлю ўсё як след:

Я маю свет

чырваназоры,

Свет — у наступнае пікет,

Свет, што ўзнікаў пад стрэл «Аўроры»

Пяршынец светаў — Новы свет.

 

А той — чаму і кім празваны,

Наважся, ладу дабяры!

Напрыклад, я праз акіяны

Прыехаў з Новага ў стары.

 

Старым-стары — без задавацтва! —

Старэй за свет палешука.

Спрабуйце лічбіну 13

У гэтым свеце адшукаць.

 

— Няма! — гавораць...— На паверку

Нясе няшчасці, лепш мінём! —

І вось без гэтага паверху

Расце стопавярховы дом.

 

Як не ўсплысці слаўцу грубому!

Замнога чэсці — «новы свет»

Краіну зваць за забабоны

І пах прыемны цыгарэт.

 

Ды, быўшы госцем, даць па пысе —

Заход не лепшы для пяра.

Будзь шчодры: сам не паскупіся

І за дабро чакай дабра.

 

*

Вада і неба — ў колер бэзу,

А сіняга — хаця б на корх!

Гук пілаванага жалеза,

І гэта — ўсё.

Здароў, Нью-Йорк!

 

Было ж яму сяліцца ў прорвах

На схілах стромкіх берагоў,

З граніту слізкага каторых

Ледзь паслізнешся і — гатоў!

 

Направа ступіш — у Іст-Рывер,

Ступі налева — у Гудзон.

І вось, як з мясарубкі лівер,

Стаў выпірацца ўгору ён.

 

Убезладзь вылепіў будынкі,

Рабро ў рабро адзін з другім,

Нібы кубы з дзіцячай скрынкі,

І я заблытаўся зусім:

Збудован ён ці зруйнаваны?

Сцяна — праём, сцяна — праём,

Замест акон — шкляныя раны,

І дом як быццам, і не дом.

 

Калі Манхэтэн меру пешкі,

Шукаю лісту ці сцябла,

Дыхнуць збягаюцца на сцежку

Цяпла, што ўзяў з сабой, святла.

 

І небаскробы, як ні мерай,

Дарогу мне даюць без чэрг:

Састаў на іх паўста Амерык,

А я — вышэй, хоць на паверх.

 

Я вырастаю з небакраю,

І — трэба ведаць, чорт вазьмі! —

Мяне Радзіма падпірае

Барамі, вышкамі, людзьмі.

 

Аднак Нью-Йорк, пры ўсіх заганах,

Прыстойны быў бы гарадок,

Ды крок людскі тут важыць танна,

Лягчэй за вераб’іны скок.

 

*

Вязуць шаўкі, вязуць і зрэб’е,

А тут хапае і свайго:

Краіне болей не патрэбна

А ні таго, а ні таго.

 

Марыхуана ў брудных пральнях,

Зраканне дому самахоць,

З аб’явай ветлай парк Цэнтральны:

«Сюды, як змеркла, не заходзь!»

 

І распрануць, і вырвуць грошы,

І накладуць яшчэ ў каршэнь.

Пачні ўпірацца — прыкакошаць

Не толькі ноччу, ў белы дзень.

 

Пакуль дэмографы на тарку

Шаткуюць лічбы аб жытле,

Стакгольмец у сталічным парку

Каторы год жыве ў дупле.

 

Ці там бяспечней, страху меней,

Ці то нядзельны анекдот,

А можа моднае імкненне,

У аскетызм высокі ўзлёт?

 

Не тое тут і не другое,

У шведа проста справы швах.

Няма за што наняць пакоя,

І пад такі палезеш дах!

 

Жыве сабе, на працу ходзіць,

Не горш апранут за людзей,

Адно што жонкі не заводзіць —

Няма дзе калыхаць дзяцей.

 

Ныо-йоркцам гэтак жа няўлежна —

Зірніце з Пятай авеню:

На лаўцы не адзін начлежнік

Спіць без надзеі на меню.

 

А негрыцянскія красуні

Крычаць адна перад адной:

«Як на мяне ніхто не клюне,

Мяне прыб’е каханак мой!»

 

Не злічыць нават самы ўпраўны:

Чым ты гарчэй за ўсё агорк,

Усё, чым ты на свеце слаўны,

На што галодны ты, Нью-Йорк.

 

Над акіянскаю вадою

Стаіць, зыбаецца ля стром,

Перанаселены жудою,

На стрэл гатовы і на ўзлом.

 

І небаскробам студзіць плечы

Золь ветранай высачыні.

Якраз бы ім на доўгі вечар

Хаця б хвіліну цеплыні!

 

Не абяцаю, што такую

Удачу хутка прыімчу,

А, калі хочаш, паспрабую...

І горад выдыхнуў:

— Хачу!

 

27. За акіянам

*

Я плыў адкрыць адну з Амерык,

На ўласны спыт, на ўласны грош,

І да яе ступіў на бераг

Добрапрыстойна, без галёш.

 

У гэтым не было памылкі,

Хоць не без бруду гарады,

Страх як падобны да парылкі,

Дзе пах саляркі і руды.

 

Ды я шукаў другую вартасць —

На адкрыццё душа жадна,

І намі ў душах і на картах

Адкрыта выспа не адна.

 

Адкрыў не надта я...

Магчыма,

Не даў чыноўніцкі капыт,

Або не ўсё праняў вачыма,

Як я казаў, на ўласны спыт.

 

Вандроўкі!

Мала ў іх ці многа

Здабудзецца? Абы разгон!

І я — заўжды перад дарогай,

Хоць і не еду — сон не ў сон.

 

Адзін мой сябар маладзейшы

З імпэтам юнага сцягна,

Здалёк на ферму паглядзеўшы,

Хацеў Амерыку дагнаць.

 

Не распірай задзёрам рэбры,

Абгонам лыткі не трудзі:

Мы ўжо наперадзе,

не трэба!

А вось на вывучку схадзі.

 

У доме тым хапае з’явішч,

Заквашаных на палыне,

Але стаіць, плячом не зваліш,

Адной рукой не скаланеш.

 

І ўмей я, пэўна б, пазайздросціў

Не спрыту дыпламацкіх ляс —

Дакладнасці, майстроўскай злосці:

Працуй, каб адчуваўся клас.

 

Аднак, вярнуўшыся з дарогі,

Рабіў нядрэнна паляшук:

Ён перш за ўсё абметаў ногі,

Не шкадаваў вады для рук.

 

Расказваў, дзверы браў на просвы,

Казаў: «Здарожыўся, пасплю».

А нацямку — не спаў без проспы!

Ён браўся даглядаць зямлю.

 

Здзівіла недзе чымсьці поле —

Шукаў такога і ў свайго.

Ён ведаў:

ніва помніць догляд

І дзякуй скажа за яго.

 

*

Я ўспамінаў не для абмовы,

А як пацешны камуфлет,

Што неяк выязджаў у новы,

Але ў стары прыехаў свет.

 

Пачатак быў праз каравелы,

Якія гнаў туды Калумб,

І па загаду каралевы

Іспанскі бот наводзіў глум.

 

І мы пра гэты свет пачулі,

Што сала з салам там ядуць,

Касі далары, проста з вуліц

Атава лезе... Не марудзь!

 

Для ўсіх бяздольнікаў прытулак,

Магнэс няспраўджаных надзей —

І мяккі хлеб, і ўслон не мулак,

Прастора ёсць расці шырэй.

 

Бяда адна — далекавата!

Вадою тыдні тры язды.

А як не робіць, з нашым братам

Не саўладаць...

Давай яды!

 

Але ж дарвёмся да Чыкагі —

Што гэта: ён або яно? —

Гарэлку будзем піць з біклагі,

Паапранаемся ў сукно.

 

Так чуткі край размалявалі,

Што з ласкі нашых толькі хат

Там гарадзішчы падрасталі

За год на тысяч пяцьдзесят.

 

Палезлі лазма галадранцы,

Не забаяўшыся вады,

З-пад Капыля амерыканцы

І аж з-пад саменькай Узды.

 

І прускі бег амерыканец,

Але не з Прусіі, а з Прус,

Калі не знаў там здабывання

Калійнай солі беларус.

 

Тлумнейшы за сярэдні горад,

Ідзе, вандроўнік дальніх вод,

Да труб напакаваны горам

Трансакіянскі параход.

 

Вылазіць гэткі дзядзька ў зрэбным:

Да крам вядуць святла слупы,

Загроб бы ўсё, усё патрэбна —

Няма купіла, не ўкупіць.

 

І прагу да таго купіла

Ужо з крывёй не аддзярэш —

За сэрца змалку ўкалупіла,

У дзверы гоніць ад дзвярэй.

 

Шукай тлусцейшы заработак,

Зямлі, дзе золата драбы.

Пакуль слязіна сыдзе потам,

Вясновым жоравам трубі.

 

І рай не ў рай ужо нібыта...

Дарма ты думаў, Клім ці Ўлас:

Саскочыш з борта і — ў зажытак,

І ў малацэ па горла ўграз.

 

Сагніся ў крук, ідзі ў злачынства,

Туды грашовы шлях вядзе,

Але хоць што прыдбаць злаўчыся

Да сівай пасмы ў барадзе.

 

Здабудзь хаціну з жоўтай цэглы,

Хай вочы цешацца здалёк,

Бо там не цэгла ў сцены легла,

Нахабны пластык іх аблёг.

 

Ускочыць мяса на патэльню,

Ды колькі тут ні пражывеш —

Ты — не тутэйшы, ты — прысельнік,

Нібыта ў прымах пры ўдаве.

 

Дамоў!

Няхай — труна, бальніца,

Але дамоў,

дзе палавець

Жыта збіраюцца...

І ніцма

На збіты ўпаў бы паплавец:

Вады б глынуць, свае напіцца,

І крошку хлеба... І канец...

 

Не вырвешся. Ты — кольца,

з горна

Запрасаванае на вось,

Дзе поруч з белым — жоўты з чорным,

І ў руху ўсё што ні на ёсць.

 

Шпарчэй крутнешся — цэнтам болей,

Запознішся — пад плот, у золь.

І густа верне дух няволі

З падмазаных манлівых воль.

 

Ты ўспомніш...

...Лепш няма расліны,

Няма смачнейшае яды,

«У мундзірах» і без лупіны,

За нашу бульбу, што дзяды

Бяззубыя

ядуць і хваляць,

Малыя ўзавідкі плятуць,

Калі «з душою» клёцкі звараць,

Або дзярбонікі спякуць.

 

Хоць не была цвілой і горкай,

А век назад, ніяк не менш,

Прыйшла да нас і стала ў горле:

Ні сюд, ні туд, не праглынеш!

 

Пачаўся крык: маўляў, не любім,

Ганьбуем гэткі дар нябёс!

Але мужык мог есці лубін,

Адно сілком не пхайце ў нос.

 

А тут — з нагайкамі, пры варце:

— Саджайце, сукіны сыны! —

Крычаць, не дбаючы, што ў гвалце

Бунт спее, хай і бульбяны.

 

Калі грабежнік мыліў лейцы,

Абсеўшы гэты шчодры край,

Разлёгся страшны крык індзейца:

— Я не хачу сілком у рай! —

 

Ён горка галасіў:

— Манхэтэн! —

Ці, мякка скажам, падвялі —

Падашукалі і на гэтым,

За дробязь клін зямлі ўзялі.

 

Ён, гаспадар былы, радзее,

Драбнее, зводзіцца, як леў.

Па рэзервацыях індзеец

Таймуе ў віскі боль і гнеў.

 

І не ўгарэўшыся, згарае...

Грымоты б’юць, няма дажджу.

Цішэй за дрэва памірае —

Дабра і ўнукі не прыждуць.

 

А негры з прагаю няўтольнай

Свабоду мець

ідуць на рынг

І над крыжамі пішуць:

«Вольны

Нарэшце».

Так, як патэр Кінг.

 

Правы іх — бубны ў джазе хрыплым:

Спявай ці забаўляй сцягном...

Як ні пілуй, не грае скрыпка,

Бо струны ў гора пад смыком.

 

Вось — новы свет, стары — Еўропа.

І той і той даўно адкрыт:

На вуснах крывяная ропа,

Нажывы дыхавічны спрыт.

 

Крыху кіўнуць, крыху падгодзяць:

Маўляў, перад усім — народ.

А хто ж там дбае аб народзе?

Крычаць —

Народ! —

каб лез на дрот.

 

*

За гэтым словам, горкім смехам,

Яснейшы стане камуфлет,

Чаму я ў свет стары прыехаў,

Хоць выязджаў у новы свет.

 

Век землятрусаў, перападаў

Глушыў нас залпамі навін:

Жылі краіны без урадаў,

Былі і ўрады без краін.

 

Прапёрты з дому за граніцу,

Чарговы віўся прэзідэнт

Пры хлебадайных прадстаўніцтвах,

Нібы асва на рэзедзе.

 

Напаўкаліф на паўгадзіны,

Напаўаблічча, напаўмасць,

За паўулады паўрадзімы

Напаўаддасць, напаўпрадасць.

 

Падтрымку мае кол належных,

У іх цяньку і з іхніх слоў

Ён дакляруе незалежнасць,

Што прынясе з сабой дамоў.

 

Хоць гэта, каб не дбаў аб хлебе,

Не набіваў сабе цану,

Як супрамат казлу, патрэбна,

Як кібернетыка слану...

 

І тут — афёра, скажам проста,

Як спроба хілага дзядка,

Каб ажаніцца ў дзевяноста

І ад сынка прыждаць сынка.

 

Ці ў жабурынні знойдзеш косткі,

Ці камень вырасце ў спарыш?

Ён — незалежны ў лапах кошкі:

То пусціць мыш, то ўхопіць мыш.

 

Тут можа быць гульня даўгая,

Калі ж ім страціцца вага,

Нікога больш не ашукае —

Тады ў нябыт яму чарга.

 

Па апытанні паштановым

Складуць магнаты прыгавор:

«Ён так памрэ, як пастановім,

Хаця б на справе і не ўмёр».

 

Хай бесхацінцам быў нябога,

Ва ўсім — ні два, ні паўтара,

Кананізуюць у святога —

За незалежнасць змагара.

 

У закавулках дэмакратый

Паназіраць я мог усмак,

Як выпякаюць кандыдатаў

І як іх пляжаць, небарак.

 

Як, не шкадуючы прэзентаў,

Сінкліт — па золаце раўня —

Сабе да густу прэзідэнта

Старгуе, як цыган каня.

 

Ён б’е паклоны кожнай браме,

Абы заможны быў куток,

На пост прызначаны абраннік.

Хто выбіраў яго? Ніхто.

 

Аднак былі ж і бюлетэні,

Кабіны, урны — ўсё было,

Што служыць для замарачэння

Наіўных сэрцаў і галоў.

 

Усім — цянёк пад райскім дрэвам

І мноства розных барышоў...

Хільне направа ці налева,

А проста — хоць бы раз прайшоў.

 

Чым чалавецтва дасканалей,

Гульцы павінны быць спрытней.

Сам нейкі ўрадзік не сканае,

Дык нехта ў прорву шпіргане.

 

А пойдзе хто па іншым румбе —

І змова выхапіць кастэт

На Аліендэ, на Лумумбу,

На ўсіх,

хто гляне ў Новы свет.

 

28. Пошукі дарады

*

Высокі дом. Пад гэтай столлю

Хацелі б выправіць свой лёс

Не сто краін, а многа болей,

Ды ўткнецца бос — ні з месца воз!

 

Сяджу пад купалам зялёным,

Ён — сіні, а здаецца мне —

Марскою хваляю замглёны,

У хвалю слоўную нырне.

 

Напэўна, так: цяжэй спыніцца,

Чым разышоўшыся дыбаць.

Ды перастаньце гаварыць вы,

У вас жа рукі забаляць!

 

Пад стук машынак у будынку

За дзень пабачыш столькі дзіў —

Каб разгарнуць тут кіназдымку,

Без ліку б фільмаў накруціў.

 

Па кожнай справе ёсць сцэнарый,

І цвёрда вызначана ў ім,

Каго — ў дуэт, каго — без пары,

І хто за што, і хто за кім.

 

Сваіх адрокшыся аселіц,

Чужыя хваляць,

а набаў,

Яны падпальшчыка абеляць,

Асудзяць тых, хто біў набат.

 

Што мной пазбыта, перажыта —

Уцехі ўдачы, горыч хіб,—

На ўзроўні ўласнага карыта

Штодня жуюць і шыляць хіб.

 

Трасуць запененай губою,

Як бы выконваюць зарок...

Не ведаеш, перад табою

Ці чалавек, ці што знарок.

 

І думаеш, каб нейкім цудам

Такі дзяркач ды ў поўсць адзець,

Пужлівы ўмлее з перапуду:

«Бяда,— падыме крык,— мядзведзь!

 

Вось так на пасце назаляе

І духата, і мухата.

Чаго-чаго ні выдумляюць,

Таго б і чорт не нашаптаў.

 

Калі ж бывае неўгаворна

Або з нагі саб’ецца хват,

Распачынаюць мардабор’е,

Ці мнагабор’е, вінават!

 

Сёй-той пра шпілечкі падбае,

Другі — з-за вуха дзеўбане,

Тут не чапаецца зубамі

Адзін хіба што грабянец.

 

Усе з малітвай гнуць каленцы,

З вярбы ігрушкі рвуцца спрэс,

Сенсацыі для канферэнцый.

Як лепш назваць іх: прэс- ці трэск-?

 

Пакуль яго не разбрахалі,

Сакрэт, прабачце, не сакрэт...

Хадзіць тут коўзка, хоць не хвалі,

Ды пад нагой і не паркет.

 

Як быць — няхітрая навука —

Вачэй у рукі не бяры:

Дзе на стале дармовы цукар,

Там і салодкія сябры.

 

Каб жыць у ласцы, бесклапотна,

Як ні пяюць — трымай фасон,

Сачы, нібы глядзіш у ноты,

За дырыжоравым крысом.

 

Але ж заходзіцца начамі

Каменным плачам Парфенон,

Гвалт над сінайскімі пяскамі

Палае чадным бервяном.

 

І я б адкінуў кплівы смутак,

І ў свету прыбылі б гады,

Калі б асела каламута

Маны глабальнай назаўжды.

 

Яна расце, ідзе на нераст,

Плыве з драпежных пашч і глюг,

Людзей бунтуе недаверам,

А ім давер — найлепшы друг!

 

Хачу палепшання адносін

І мог бы выкласці праект...

Чакаць?

Пакорна перапросім:

На ганку дваццаць першы век.

 

Чакаць?

Каб над марской магілай

Людзей,

Стагоддзяў,

Гордых мар

Сляпая вечнасць запаліла

На маяку сляпы ліхтар?

 

Ці не замах на лад дзяржавы? —

Я чую смех: — цвярды арэх!

...Чапаць унутраныя справы,

Вядома, смех і нават грэх.

 

Хай будзе там усё на месцы,

А тэле, радыё, кіно

Мне даручыце, хоць на месяц,

А калі не — на дзень і ноч.

 

І цеплыня краін бязмежных

Насустрач рынецца, наўзлёт,

На сонцы ветлівых усмешак

Растане ў сэрцах штучны лёд.

 

Паціснем рукі, ў вочы глянем,

Дзе зло было, змяцём ушчэнт,

І ўжо ж дапытвацца не станем,

Што там сенат і прэзідэнт!

 

Як ні кракталі б недарэкі,

Што ёрмы — радасць на гарбе,

Прапіша для здароўя лекі

Амерыканец сам сабе.

 

Да тых часоў, відаць, далёка,

Ды ўжо дазнаўся ён бліжэй,

Як дружбакоў знаходзіць лёгка

І пазбаўляцца — не цяжэй.

 

Хіснуўся долар. І прыспела

Па кругу

шапку ці берэт

Пусціць на раптам пастарэлы

На новы свет, стары як свет.

 

І ўсе, каго, як лістам, слала,

Былі гатовы — дружбакі! —

Не даць,

рвануць сабе кавалак

Або зашыцца ў хмызнякі.

 

Як расказаць, што гэта значыць:

Паўворагі ці паўсябры?

Калі іх кормяць, міла крачуць,

А не — дык дзюбу дагары!

 

Жыццё — ў патрэбах чалавечых,

Людзей разгледзіш праз людзей,

Дык зразумей прыроду рэчаў

І смела дзейнічаць умей.

 

Каб цераз плаўку і даробку

Метал, які без руху спаў,

Зрабіўся перадач каробкай,

Ажыў, загадваць рухам стаў.

 

*

Так...

За суботаю нядзеля

Павінна ўсё ж такі прыйсці.

Я маю пэўную надзею

На нешта лепшае ў жыцці.

 

Чым нейкай трасцай выскаляцца,

Што цэлы свет ператрасе,—

Растопім зімы на Алясцы,

Зямлю ацеплім пакрысе.

 

Прамовы з доказам напалму

Абвергнуў мужнасцю В’етнам.

Хай свеціць сонца і на пальмы,

І ў хвойны занямонскі храм.

 

Не супермены мы.

Мы — людзі,

У маразах былі, ў агні,

Мы толькі ў свеце праўду будзім,

След пракладаем для лыжні.

 

А пачалі — аднойчы ўвосень,

Яе кастрычніцкі зарад

Мы з ветрам веку пераносім

Да міжпланетных эстакад.

 

29. Месца пад сонцам

*

Як быць з адной крытычнай звычкай?

У працы зыркага паўдня

Часамі чуеш вокліч зычны:

Пара эпоху даганяць!

 

А што, хіба яна ўцякае?

Куды ўцякае, ад каго?

Адкуль пужлівая такая,

Ці ж мы не з цеста аднаго?

 

Каго, каго? Дагнаць эпоху?

Калі сышла, дык я лічу,

Што не да густу я ёй трохі

Ці сам не гэткае хачу.

 

Відаць, паблытаўшы расклады,

Не ў тыя селі цягнікі

І, рады мы або не рады,

Паўзём у розныя бакі.

 

Эпоха — віхар па аблоні,

Не стой насупраць — зваліць з ног.

Багата хто пісаўся ў коні.

Але дагнаць ніхто не мог.

 

Праз тую горкую памылку,

Праз непапраўную бяду,

Што стаў адкідваць на цадзілку

Яе крынічную ваду.

 

І схамянуўся, як з-за горкі

Зрабіла ручкаю: «Бывай!»

Што ж, прыпускайся наўздагонкі,

На ўсе лапаткі націскай.

 

Як быццам — справа неблагая,

Але з усмешкай сочыць лёс,

Хто перад часам забягае,

А хто папраўдзе цягне воз.

 

Ды ці дагоніш ветра ў полі,

Як ні скачы перад канём!

Яна ідзе — ідзі ступою,

Прыбавіць крок — і ты грунём.

 

Вось тут шумяць твае сасонкі,

Вунь там жыве твая сям’я...

Нашто нам тыя перагонкі:

Мая эпоха — гэта я!

 

Іду я з ёю роўным крокам,

Ем хлеб адзін і п’ю ваду.

А залячу наперад вокам —

Эпоха-маці, не крыўдуй!

 

Ты, як належыць быць эпосе,

Мне далягляд разгарадзі,

Ды не хвалі за дробны поспех

І за памылку не судзі.

 

Іду ў нятоптаных прасторах

Да самых вострых перапраў.

...Не той памёр, хто ўпаў ад зморы,

А хто, як слуп, на полі стаў.

 

*

Ліюць дажджы, віхуры злеюць,

У ліпень рвуцца халады,

Лістоў зялёная завея

Шуміць, калоцячы сады.

 

Багам, ці што, намыліць холку,

Каб не псавалі ураджай?

На свеце золка, вельмі золка,

Вятры чырвоняць небакрай.

 

Ты мерзнеш, дыхаеш, як рыба,

І паўтараеш забабон,

Нібы парушыў недзе выбух

Здароўе, клімат і загон.

 

Шнуры людзей, кварталы злакаў

Напагатове сцерці час...

Дык што рабіць? Пісаць ці плакаць

Перад абліччам перагас?

 

Сядай, пішы. Не ўтойвай смутак,

Калі часамі ахіне.

Мой твор — мой боль, мая пакута —

Ён трывалейшы за мяне.

 

Хай устае, расправіць грудзі,

Прыслухаецца, дзе грыміць,

І крыкне:

— Людзі, што ж вы, людзі!

Ды заставайцеся ж людзьмі.—

 

Калі не схопімся спачатку,

Пасля — малі ці не малі! —

Ляжыць жа тон па сто ўзрыўчаткі

Пад кожным з жыхароў зямлі.

 

І так штодня ў надземных светах

Свяціл канчаецца жыццё...

Нашто ж самім спяшацца гэтак,

Стаяць чаргой у небыццё?

 

Як, сапраўды, знайсці палёгкі?

Падпальшчыкаў — хоць гаць гаці!

Надзьмецца нейкі недалёкі

І згубу выштурхне: ляці!

 

Да паўсялюдскага знішчэння

Ад Хірасімы ўецца шлях...

І вось я думаю аб змене,

Аб тых, што ў нас прымаюць сцяг.

 

Я чую, бачу дужых, кемных,

Хай разумнее іх рука.

Хай не пагодзяцца на цемры,

Як Байран колісь прадракаў.

 

У гэта верыць мне панадна,

Унук і я — адной крыві,

Ён зробіць больш, я ўжо не ўладны

Усё стрымаць, што ажывіў.

 

Знайшоў прычыны: што, адкуль там,

Паўней засыпаў наш засек

І замяніць сябе за пультам

Машынам даў я, чалавек.

 

Яны, мае прыняўшы звычкі,

Мне цэляць пстрычку даць...

Дарма

Бяруцца ў сілу. Я не клічу

Ні іх спыняць, ні іх ламаць.

 

Дарыце ім спрытнейшы розум,

Хай жнуць і сеюць, вараць сталь,

На свеце шмат заняткаў розных,

Дзе не заменіць нас метал.

 

Між імі, выбачце траха мне,

Але дазвольце падказаць:

Абняць за стан сваё каханне,

На вуха вершык пашаптаць.

 

І колькі б моладзь ні ўзлятала

У светы з сіняю луской,

Без Пушкіна і без Купалы

Не пражыве патомак мой.

 

І для другога пакалення,

Для новых тубыльцаў зямлі

Я пакідаю пацяпленне,

Яго мы ўсё ж ткі здабылі.

 

Таго цяпла глядзіце, хлопцы,

Як ні дажджыла б, ні ліло,

Жывіце так, каб добра цёпла

На цэлым свеце ўсім было.

 

30. У дарогу нашчадкам

*

«Таварыш Ленін, спі спакойна!»

На канце першай цагліны

Так напісалі Фамянковы,

Стары і тры яго сыны,

 

Майстры з-пад Гомеля,

хаўрусам

Яны складалі Маўзалей.

Не зганьбіш працы беларусаў,

Ды ё н не там, ё н між людзей.

 

Жывым жыве, пытае пытам,

Жадом жадае, п’е нагбом,

Што і м адкрыта, мной здабыта,

Табой прынесена ў наш дом.

 

На карту браўся новы горад,

Раджалася між гор шаша,

У стэпах шумавала мора —

Ён тут! —

падказвала душа.

 

І вось, у працы неўціханай,

Як і ў юнацкія гады,

Я не прыстану:

Скрозь, як гляну,

Яго сляды.

 

Зямля мая, з вякоў пустая,

Зярнят патроіла пуды,

І на дарогах ураджаю

Яго сляды.

 

Дзе ні запальваюць народы

Свабоды промень малады,

На верны троп вядуць з усходу

Яго сляды.

 

Калі на з’ездах урачыстых,

Шчыльней мацуючы рады,

У наступ рушаць камуністы —

Усім відны Яго сляды.

 

Ідзём, ідзём за далягляды

Людзей,

Падзей,

Дзяржаў,

Планет,

І кожны ведае дакладна,

Куды той след:

У Новы Свет.

 

*

Дарогі, мары, ўдача, слава,

Дзе сціплы крок, дзе шумны ўзлёт

Ужо штодзённай сталі явай

З майго сучасніка турбот.

 

Наш дзень у хуткасці патроен.

Выходжу ў свет — жыву з раўнёй.

І спраў не злічыш, і герояў

Хаця б у Рэчыцы адной.

 

Так спрасавала гора з ветрам

Зямліцу нашу век-вяком,

Што як схавала скарбы ў нетры,

Дык і трымала пад замком.

 

Баялася:

не ў тыя рукі

Аддасць і ўсё — на глум дабро!

Хай паляжыць, быць можа, ўнукі

Яго не пусцяць ураздроб.

 

І толькі Ісерні ды Рудні

Праз кожны кіламетр, бадай,

Пра скарб нагадвалі падспудны:

Капаць вучыся і ўладай.

 

Умець то ўмелі, ды рыдлёўку,

Адно нацэліўшыся ўглыб,

Змянялі тут жа на вінтоўку,

Каб не аддаць на здзек сяліб.

 

Вайна раўла, яна швыргала

На пожні столькі жалязяк,

Што імі ўсыпанае гала

Не браў ніводзін жалязняк.

 

І дзень яшчэ быў не ўладкован,

І хлеб, праз нейкі недалік,—

Жыхар, па сутнасці, вясковы,—

Быў са сталоў у вёсцы знік.

 

Усяк было...

Пражыўшы сорак,

Мы на-гара паднялі соль,

Пасля рванулі ў глебе корак,

І нафта рынула пад столь.

 

Тады знайшоў азербайджанец,

Спрактыкаваны нафтавік,

Сяброў да веку, да сканання,

У хлопцах нашых селавых.

 

Радзей шашлык, часцей мачанку —

Па-беларуску — смачна есць,

Бо жонка — Ганка, хлопчык — Янка

І ён, Алі, ўжо стаў Алесь.

 

У імя дружбы — хай не ціхне! —

Па трубах нафту павялі

З благаславення парадзіхі,

Паласкавеўшае зямлі.

 

Хоць не спяшала разрадзіцца,

Але падсыпала даброт:

І тут струмень, і тут крыніца,

А там і цэлы нафтамёт.

 

Бо ад каго ж цяпер хавацца?

І маці ўсё дарыла нам:

Свае металы, крэйды, сланцы —

Сынам, ужо гаспадарам.

 

Майстры палёў на грунце глейкім

Здымалі крушні, дзірваны,

Што ціснулі зямлі на вейкі,

І ёй вярнулі зрок сыны.

 

Як па дажджы дзяўчыне ў вокны,

У вочы матчыны без слёз

Сад зазірнуў, вясёлы, мокры,

І загрымеў вясёлчын мост.

 

Азёры золак затрубілі,

Забушавалі ручаі.

Сыходзь у плодныя глыбіні,

Выводзь пароды з глыбіні!

 

Ты ўбачыш, як на многа міляў

Спляліся ў глебе карані,

Якія свет праз нас жывілі,

З якіх пайшлі не мы адны.

Успамяні...

І не крані.

 

*

Магчыма, нашчадкаў дарога

Не адаб’е мой сціплы след,

Ну што ж, мне хопіць і малога —

Дайсці б з усімі ў Новы Свет.

 

Усё зазнаць нам давялося,

Здабыць зямлю і шыр нябёс.

Мільёны нас. Мільёны лёсаў.

І ў кожным —

мой упарты лёс.

 

1957—1973 гг.