epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Каменны сплаў

Таварышы!

Хто ўласнымі вачмі,

Калі ў агні даходзілі руіны,

Ліпнёвай раніцай пабачыў горад Мінск,—

Збяромся і адзначым гадавіну.

 

Каторую?

А гэта ўсё адно —

Дзесятую або саракавую,

Для нас яна ў наступнае —

акно,

Прасека ў час, які людзей гартуе.

 

Не сумны дзень прыгадак пра бяду,

Хоць мы не так і мала гаравалі.

Я на бяседу хлопцаў прывяду —

Смерць прынялі

і зноў насмерць стаялі.

 

І вось яны:

як быў хто — на пасту,

Ды толькі ў рудах, глыбах камянёвых.

Прыпала мне іх вызваліць адтуль,

Даць уздыхнуць і крок ступіць са сховаў.

 

Каменны сплаў! Цвярдзейшы за метал.

Алмазам не дарадзіш гэтай крушні.

Як ажывіць?

Хоць лазерам прастай,

Інакш не вырвеш постаці з-пад стружкі.

 

Мне б да накалу слова давясці,

Каб падняло, злучыла іх з жывымі.

А не,— дык расчынюся ў пачуцці

І ацвярдзею ў камень разам з імі.

 

1970


1970