epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Канцэрт

Р. Р. Шырму

Пагашаны агні... Адны пражэктары —

То скочыць жоўты зайчык, то зялёны.

Зал перайшоў на шэпт.

Што мае падарыць,

Чым здзівіць нас падняты край заслоны?

 

Час да пачатку дзеі, слаўны час,

Ён часта больш хвалюе, чым паказ!

Вось так чакаеш ранішняй парой:

Зары настой прыгубіць твой настрой

І — ўдалячынь!

На пошукі ізноў

Нязнойдзеных краін, нястрэнутых сяброў.

 

...На пальчыках прабег

спазнёны нейчы крок,

Заслона папалам. Знаёмы халадок

Абвеяў твар.

Ужо нішто не грукне.

Харысткі выплылі у белых сукнях,

У чорным — спевакі...

Гук падае з рукі

Празрыстай кропляй.

І — ўзляцелі рукі

Угору ўладна.

І трапечуць гукі,

 

Змяняюць колеры,

цвітуць,

гараць,

згасаюць,

Разводдзямі шумяць,

вятрыскамі гайсаюць,

Гавораць да людзей

лацінай, рускай, польскай

І нашай роднаю, а больш надмоўнай мовай,

Калі сугуччы замяняюць словы.

А зал, як карабель, плыве па хвалі коўзкай:

Столь расступілася, сышлі і зніклі сцены,

Абняў мяне прастор, вагу згубіла цела,

Хаджу па хмарах, месяц залачу,

Вясёлкі рву, вяжу ў снапы тугія,

Дажджом ліюся, рэхам рагачу,

Маланкай бліскаю, б’ю морам берагі я,

Смяюся з дзіцем, плачу з удавіцай

І раны хвой зацягваю жывіцай.

 

Падняў мяне ў разлог

Нятоптаных дарог

Магутны чалавек, а можа, трохі бог,

Не сівенькі дзядок, стары хвалько біблейскі,

А свойскі, наш, з-пад Брэста ці з Вілейкі.

 

1966


1966