epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Кандрату Крапіве

 

 

Плывуць даўнейшыя гады,

Старое казкі склад.

Гудуць увечары дзяды

На прызбах каля хат.

 

Дзед-земляроб, і дзед-сталяр,

І трэці дзед — каваль.

А мы глядзім ім проста ў твар,

Не дыхаем амаль.

 

Старыя ўмеюць расказаць,

Каб зналі блазнюкі,

Як гебель у руцэ трымаць,

Наварваць сашнікі.

 

Былі гады, прайшлі гады,

І зараз, акурат,

Гудуць увечары дзяды,—

Змяніўся толькі склад.

 

Тлумачым, як трымаць пяро,

Пакурваем, сядзім,—

І дзед Кандрат, і дзед Пятро

І я ўжо дзед — Максім.

 

Як прамільгнуў няўмольны час!

Юнацтва, дзе ж яно?

Нібы на свет я толькі раз

Зірнуў цераз акно.

 

І не магу пазнаць дзяўчат,

А мы ж міргалі ім —

Крыху Пятро, крыху Кандрат,

Міргаў і я — Максім.

 

На змену стаў каля дзвярэй

Дзядоў магутны стан:

Дзед Анатоль, і дзед Андрэй

І тройчы дзед Іван.

 

А час махне крыламі зор,—

Пачне хадзіць з клюкой

Клінабароды дзед Рыгор

З бабулькаю Вярбой.

 

Дзяды! Нам травы ў росце чуць

І першы спеў вясны,

Дык паспрабуем не сапсуць

І новай баразны.

 

 

19.3.56-7.10.69


19.03.1956; 07.10.1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан