epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Касьба

Яшчэ не абуджваліся гараджане,

Светлай ускраіны грамадзяне,

Дзе мы, змарыўшыся, заначавалі,

Дзе свежым півам нас частавалі,

І мякка слалі, і цёпла ўкрылі,

І блаславілі чэшкі старыя.

 

Я прахапіўся на самым золку,

Мусіць, пастух падзьмуў у свісцёлку:

Быў галасок асаблівы нейкі,

Нібыта ў скрыпкі ці то ў жалейкі.

 

Ляпіўся лес, узбягаў на горы,

Кашлаты хмель завіваў пячоры,

І ззялі травы красы такое,

Што не адважышся стаць нагою.

 

А гук не гаснуў, працяжны, тонкі,

Які я ведаў яшчэ дзіцёнкам:

На лугавіне ў рамонках белых

Каса спявала, каса звінела!

 

І хоць няўмела махаў падлетак,

І быў асаджан лучок не гэтак,

А пад мянташкай трымцела джала:

Каса звінела, каса спявала!

 

Здавён вядзецца такая любасць

Да вострых кос і да спрытных склюдаў.

Як толькі бралі іх нашы продкі,

Адразу трэсла двары дрыготка:

Куды апусцяць? На луг скарбовы

Ці зложаць княжацкія галовы?

 

На працу ганьбы няма ў народзе,

Аднак мінаеш, калі скародзяць,

А толькі згледзіш — хто-небудзь косіць,

І рукі самі касу папросяць.

 

Касьба!

Ці ёсць весялей работа:

Адбіць касу, намятаншыць, потым

Прайсці пракос і назад вярнуцца,

Напіцца квасу і размахнуцца!

 

Каб стаць сапраўдашнымі касцамі,

Здавала моладзь спярша экзамен:

У хлопца ззаду дзядзька заўзяты

Касіў, пакрыкваў: «Падрэжу пяты!»

Папаганяўшы гэтак паўднёўку,

Капшук развязваў і па-сяброўску

Даваў тытуню:

— Закуры, хлапчына,

Бо не юнак ты, а ўжо мужчына.—

Тады казалі дзяды старыя:

— Касіць мажэ ён, прымайце ў прымы.—

 

І я, абвеяны цёплым промнем,

Свае маладосці навуку ўспомніў.

Ну, што ж! Паглядзім, чаго мы варты.

Абы лязо датрымала гарту,

Абы не хруснула коссе ў далоні,

Абы хапіла травы на ўлонні!

 

Я ўзяў касу і сумеўся раптам:

Касіў то дома, ці тут патраплю?

Але ўзышоўшы, на постаць стаўшы,

Касіў за жывых і касіў за паўшых,

Касіў, як на Случчыне ў нас касілі

Груды мурожныя ў спелай сіле.

 

І след выціскаецца на пакошы,

І дзень грыміць у блакітнай раскошы!

 

Калі злажыў я паўсенажаці,

Прынеслі квасу чэшскія маці

І слова даўняе паўтарылі:

— Касіць умееш, застанься ў прымы!

 

— Дзякуй за ласку вам, за гасціны —

Сягоння косіць мая краіна!

 

9—10.VIІ.1958