epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Краіна без усмешкі

За штатам штат...

Гляджу ў людзей,

Гляджу і сам сябе пытаю:

Ці то лятункаў, ці надзей,

Чаго ў іх тварах не хапае?

 

Бягуць патокі гарадоў,

Бяжыць жыццё — арол і рэшка! —

Бягуць шляхі і пагатоў

Бягуць натоўпы —

без усмешкі.

 

Напэўна, скрут машынных зграй

Яе змахнуў,

як пыл з асфальту,

З жаночых губ, з газетных шпальтаў,

Аж пырхнула за небакрай.

 

Зноў дзень у дзень гляджу ў людзей,

Свідрую нетры, можа, цудам,

Пласты прабіўшы пацвярдзей,

Я госцю мілую здабуду.

 

Хаця б адну!

На ўвесь абшар,

Дзе з марай я вандрую пешкі,

Дзе над усім — змарнелы твар

Краіны беднай, без усмешкі.

 

Не здыхаецца...

Пакрысе

На луг бы ёй сысці, разуцца,

Прысесці ў цень і —

па расе!

А можа, ўдасца пасміхнуцца.

 

1968


1968