epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Кузьма Чорны

Невычэрпны талент
Пошукі будучыні


Невычэрпны талент

Гэтыя радкі не бяруць на сябе смеласці даць жыццёвы ці творчы партрэт пісьменніка. Гэта было б надмернай задачай для асобных занатовак, якія ўзніклі пры нядаўнім перачытванні кніг Кузьмы Чорнага. Там, неадлучна ад герояў, жыве для сучаснікаў, якія ведалі і любілі пісьменніка, вобраз яго самога: нястомнага апавядальніка, безупыннага назіральніка і шукальніка.

 

Перадзімкам 1925 г. у рэдакцыі «Звязды» мелася быць чытанне новых твораў. У сярэдняй велічыні пакоі, які быў адбіты ад калідора фанернай пераборкаю са шклом, нізка звісала са столі нямоцная лямпачка пад бляшанай эмаліраванай талеркаю. Было цемнавата і цеснавата. Уражанне цеснаты павялічвалася ад убезладзь панастаўляных шырозных сталоў. Пры іх, па адным, па два, сядзела чалавек дзесяць. Супрацоўнікі рэдакцыі, маладыя літаратары, студэнты універсітэта. Следам за Трусам я праціснуўся ў цямнейшы куток, дзе мы і ўладзіліся з Паўлюком на ўвесь вечар, пацеючы ў сваіх жоўтых паўкажушках, якія былі ў той час нейкай своеасаблівай студэнцкай уніформай.

Кузьма Чорны сядзеў на крэсле паміж двума сталамі, спінаю да акна, што выходзіла ў двор, адкуль далятаў грукат друкарскіх машын. Аб прачытаным не гаварыў, толькі раз ці два хутка пахіліўся да суседзяў па другі бок стала і нешта заўважыў, мусібыць, смешнае, бо яны зарагаталі. Сам жа ён захоўваў непарушную сур’ёзнасць, і калі, нарэшце, усміхнуўся, дык, відаць, не свайму жарту, а проста з весялосці суразмоўнікаў.

Мусіць, пачуццё гумару, на які ён быў такі багаты ў жыцці і ў творчасці, і штурхнула К. Чорнага падкрэсліць іранічную неадпаведнасць паміж сваім грозным прозвішчам і спакойным знешнім воблікам. Па першых апавяданнях, так ці іначай звязаных з ваеннай тэмай, і па псеўданіму пісьменнік уяўляўся высокім, шыракаплечым здараўцом, з гучным голасам, у скураной куртцы і пакрыжаваных рыпучых рамянях. І, вядома, даводзілася расчароўвацца, убачыўшы ціхага бялявага чалавека ў міншвееўскім мышастым бобрыку. Маладое, занадта белае, нібы крыху хваравітае аблічча з рэзка акрэсленай губою і раздвоеным падбароддзем. Здавалася б, нічога асаблівага! Але пад густою капою светлых хвалістых валасоў, надаючы ўсяму твару выраз задумення, узвышаўся цудоўны высокі лоб, па якім беспамылкова пазнаюцца людзі глыбокага розуму.

Чытаць Кузьме Чорнаму давялося апошнім, пасля бясконцых спрэчак, заўваг аб выслуханым раней.

Перш за ўсё ўражаў склад мовы, настолькі простай, што яна, бадай, не адрознівалася ад звычайнае гутаркі. У разгортванні апавядання было штосьці ад плюскатання ручаіны: вось яна, закруціўшыся на завароце, ударылася ў бераг; вось струмень пабег павальней, выбіўшыся на сярэдзіну; вось, здаецца, зусім сунялася плынь, разліўшыся люстрам над глыбокай мясцінаю. Да таго ж і расказвалася аб рэчах знаёмых, шмат разоў бачаных, такіх, што безуважна абміналіся, як занадта звычайныя і таму, здавалася б, нецікавыя. Аж не! Усё было нова, свежа і ярка. Прыйшоў талент, зірнуў наўкола вострым вокам, нагнуўся, падняў нешта з зямлі, абцёр пыл, і ўжо не шэры палявы каменьчык перад табою, а празрысты самацвет, багаты пераліўчатай ігрою граней.

Відаць, апавяданне гэтае засталося ненадрукаваным ці, магчыма, было перапрацавана. Можа, і зусім не мела яно вагі сярод большых і значнейшых твораў пісьменніка, але ў той вечар раптам папрастарнела ў цеснаватым рэдакцыйным пакойчыку. Пачулася жывая гаворка людзей, паплыў пах леташняй атавы на паплавах, дыхнула вясна. А Чорны чытаў спяшаючыся, не зусім выразна, без усякіх намаганняў падкрэсліць, «падаць» эфектны момант, часта паўтараючы адно і тое ж слова. Здавалася, яму хочацца хутчэй скончыць, выйсці на паветра, уздыхнуць на поўныя грудзі і ўзяцца зноў за рупіўшую, на кароткі час і супраць жадання адкладзеную работу. Аўтар як быццам быў зусім безудзельны да таго, што чытаў, што ажыло пад яго пяром, прайшоўшы праз думку і пачуццё. Пастава і твар яго нібыта гаварылі: «Гэта яшчэ не ўсё, браткі, што я ведаю і ўмею».

Ці то праз абегласць вымаўлення, ці праз адсутнасць розных модных на той час літаратурных штукарстваў, апавяданне не зрабіла ўражання на прысутных. Затое заўвагі, справядлівыя і несправядлівыя, пасыпаліся з новай сілай. І, на ўсеагульнае здзіўленне, Чорны, не ў прыклад іншым аўтарам, нічому не пярэчыў. Ён згарнуў рукапіс і, прамовіўшы нешта накшталт: «Трэба раздумацца», пачаў апранацца.

Тады не вытрымаў Трус і ў дзвярах сказаў яму:

— Ну і дзівак! Тваё ж апавяданне — самае лепшае! А ты маўчаў!

Чорны ледзь прыкметна пасміхнуўся.

— Пакуль будзеш бараніцца, можна новае напісаць. Яшчэ ж уся ноч наперадзе.

І, зварухнуўшы плячамі,— гэты шматзначны рух застаўся ў яго і надалей,— ён развітаўся з намі і хутка пайшоў уніз.

 

Гады праз паўтара, на адным з падобных літаратурных сходаў, мне ўжо давялося чытаць самому. Седзячы ў першым радзе, супраць трыбункі, Чорны цярпліва выслухоўваў усю тую звышвобразную і перапоўненую недарэчнымі наватворамі вершаваную прадукцыю, якую ўдала ахрысцілі «бурапенаю». Гэта быў ужо сталы празаік з уласнымі кнігамі, выпушчанымі ў недасяжным тады для маладых аўтараў Дзяржаўным выдавецтве. Творчая манера была бадай акрэслена, Чорны стаяў напярэдадні ажыццяўлення шырокіх задум: рыхтаваўся пісаць раман «Зямля».

У гэты вечар некалькі разоў ён збіраўся пакінуць залу, пазіраў у акно, аглядаўся на дзверы і ўздыхаў.

Надышла мая чарга. У адным з прачытаных вершаў былі радкі, дзе гаварылася, што я чую пад нагою кожны камень і нават шуршэнне пяску. Гэтыя словы не прэтэндавалі ні на якія абагульненні і былі выкліканы выключна катастрафічным станам маіх студэнцкіх падноскаў.

Аднак Чорнаму штосьці ўпадабалася ці, можа, проста захацелася згладзіць уражанне ад няўдалага выступлення. Ён пасадзіў мяне поруч і нязвыкла доўга гаварыў пра паэзію, пра вучобу. Потым запытаўся:

— А ты не хворы?

Я сумеўся.

— А чаму ты як ідзеш, дык нагамі соваеш?

Праклятыя падноскі! Я сапраўды баяўся падымаць ногі, каб не паказаць пратоптаных да вусцілкі падэшваў.

Чорны зірнуў на мяне і адразу ж здагадаўся.

— Заходзь да мяне ў «Вёску». І вершаў захапі, каб да жніва падышлі. Па-мойму, добра робіш, што прасцей пісаць стараешся. А чаравікі — купіш,— нечакана заключыў ён, паціскаючы руку.

Выпадак гэты Чорны запомніў надоўга. Ад таго часу пры сустрэчы ён, трымаючы маю руку ў сваёй, крыху адступаўся, уважна аглядаў мой абутак, круціў галавою, і мы дружна рагаталі. Такі спосаб прывітання, хоць і незразумелы для іншых асоб, вельмі добра замяняў звычайныя і абавязковыя словы: «Як маешся? Як жывеш?»

Пасля запрашэння заходзіць у рэдакцыю я стаў даволі часта наведвацца ў «Беларускую вёску», друкаваўся ў самой газеце і ў літаратурным дадатку «Чырвоны сейбіт».

 

На работу Чорны прыходзіў вельмі рана, здаваў паложаную колькасць радкоў у нумар і больш не затрымліваўся. Працаваў ён, як помніцца, загадчыкам рэдакцыі, а па сучаснай наменклатуры — адказным сакратаром. У пакойчыку — толькі два сталы і два крэслы пры іх. Больш не ўмяшчалася. На вольным кавалку падлогі магло стаць два-тры чалавекі, дый то пры ўмове, што яны не будуць размахваць рукамі.

А людзей гарнулася да Чорнага шмат. Найчасцей я заставаў прыезджых аўтараў з вершамі і апавяданнямі. Заходзіў Янка Купала, прыносіў казкі для «Сейбіта» Якуб Колас, амаль штодня бывалі П. Трус і мы з С. Дарожным.

Вершаў прыходзіла шмат. Два разы на дзень пажылы паштальён узносіў на апошні паверх некалькі скруткаў з лістамі.

Абціраючы ўзмакрэлую лысіну, ён глядзеў, як прымалі і парадкавалі карэспандэнцыю, і кожны раз гаварыў:

— І як гэта, разумееце, усё ўмяшчаецца ў адной газеце?

Чорны ўжо чакаў гэтай прывычнай заўвагі і адказваў таксама адным і тым жа:

— Іга! І яшчэ столькі ўлезе.

Тым часам, сапраўды, літаратурны матэрыял не змяшчаўся на чатырох паласах, і ў Чорнага ўзнікла думка аб выданні дадатку да газеты. Так нарадзіўся «Чырвоны сейбіт». Чорнаму прыбавілася клопату, але клопат гэты быў па-сапраўднаму творчы і таму няцяжкі. З любоўю ён складаў чарговыя нумары маленькага часопіса, адбіраў вершы. Асабліва быў усцешаны, калі сярод прысланага ўдавалася знайсці добрае апавяданне ці хоць бы такое, што паказвала на здольнасці аўтара.

Свежаму нумару «Сейбіта» Чорны вельмі радаваўся і па некалькі разоў паўтараў:

— Паглядзі, тры новыя прозвішчы выцягнулі.

Парады празаікам, заўвагі аб мове ён пісаў для «Чырвонага сейбіта» сам, у сілу ўнутранага абавязку дапамагчы маладому аўтару, дбаючы пра агульны ўзрост культуры. Апекаванне Чорнага ў адносінах да пачынаючых не было нудным і прыдзірлівым і не выяўлялася ў парадковай праўцы. Правіў ён матэрыялы тых, каго нельга было выклікаць у рэдакцыю. Найбольш жа любіў пагаварыць, асабіста, даваў агульны накірунак для пераробкі рэчаў і быў здаволены, калі заўвагу разумелі з паўслова. Вось чаму, праходзячы паўз рэдакцыйны будынак на тагачаснай Савецкай, цяжка было ўтрымацца, каб не зайсці да Чорнага. Гэта быў куток, дзе ўладарыла творчасць, атмасферу якое заўсёды ствараў, можа і непрыкметна для самога сябе, Кузьма Чорны.

Там рыхтаваліся новыя нумары «Вёскі» і «Сейбіта», узгараліся гарачыя спрэчкі, абмяркоўваліся, а часам і пісаліся на хаду вершы.

Паўлюк Трус друкаваў у газеце прыгоды селяніна Ціта. Гэтая рэч з саленаватым гумарам карысталася добрай папулярнасцю. А пісаў ён найчасцей на лекцыях або, адкруціўшыся ад заняткаў, у рэдакцыі. Паколькі месца ў пакоі Чорнага не хапала, Трус выходзіў на сходцы, спускаўся на адзін марш, клаўся на шырокае падваконне і пісаў. Праз некалькі хвілін мы ўжо чулі яго гучны залівісты рогат. Гэта азначала, што паэту ўдалося нешта смешнае і ён чытае новыя радкі каму-небудзь.

— Выходзіць,— падміргваў у такіх выпадках Чорны. -

Калі на сходцах было ціха, ён прасіў паглядзець, што там адбываецца, або пытаўся ў першага, хто заходзіў:

— Не бачыў, Паўлюк піша? А то хутка нумар здаваць.

Часамі ў пакой набівалася людзей звыш нормы, папяросны дым вісеў густа, як пара ў лазні, не тое каб працаваць, не хапала змогі і сядзець.

Чорны некаторы час цярпеў, пасля дэманстратыўна ўзлазіў на крэсла і, пазіраючы мнагазначна на курцоў, адчыняў фортку ў высокім акне. Гэта не заўсёды памагала, тады ўжываўся іншы прыём.

— Хлопцы! — з нявінным выглядам прасіў Чорны.— Ці не зірнулі б вы, што Паўлюк на сходцах робіць? Можа, заснуў?

Калі сярод прысутных быў і сам Трус, Чорны, нібы збянтэжыўшыся, звяртаўся да яго:

— Дык ты тутака? А я думаў, ты пішаш?

Трусу вельмі падабаўся гэты спосаб выпасаджвання, як ён казаў, не вельмі сціплых наведвальнікаў. Паўлюк весяліўся кожны раз, нібы пачуўшы жарт упершыню. А часамі і сам гаварыў перад адыходам з рэдакцыі:

— Пайшлі, хлопцы! Зірнём, што там Паўлюк робіць.

Гадзін у дванаццаць, калі здача ў набор канчалася, з двара чуліся гукі катрынкі.

— Хлопцы, прыйшла вясельная музыка! — гукаў Чорны.

Аднак праз хвіліну мелодыя спынялася. Катрыншчык стаяў і, задраўшы галаву, пазіраў на знаёмае акно.

— Не хоча дарам рукі біць, ён жа ў мяне на пенсіі,— гаварыў Чорны і паказваўся ў акне.

Катрыншчык супакоена ківаў галавою, і музыка зараз жа пачыналася зноў.

Чорны ўвесь ператвараўся ў слых. Спачатку ігралася «Разлука», потым нейкі стары вальс, «Ойра» і нарэшце просценькі марш, які ўмелі ўсе вясковыя музыканты і ігралі яго на разыход моладзі з вячорак.

Катрыншчык пакідаў круціць ручку і зноў падымаў галаву. Усе прысутныя выбіралі з кішэняў дробязь, яна загортвалася ў паперу і ляцела праз фортачку проста ў шапку старому. Дробныя грошы былі заўсёды ў Чорнага напагатове, ён турбаваўся аб гэтым з раніцы, ідучы на работу, або спецыяльна хадзіў у буфет купляць папяросы. Калі ж чаму-небудзь здаралася затрымка з «выплатай пенсіі», стары браўся за ручку і напамінаў аб сабе, зноў праігрываючы адну ці дзве п’есы.

Пасля адыходу яго пачыналася самае цікавае. Музычная праграма на гэты раз паўтаралася самім Чорным. Ён дакладна і вельмі смешна перадражніваў галасы хрыпатых дудак інструмента.

— От, як быццам у Цімкавічах пабыў,— са здавальненнем казаў ён, беручыся за работу.

Асаблівай асалодай было — участаваць музыкай, як гаварыў Чорны, свежага чалавека. Калі ў рэдакцыю заходзіў хто-небудзь такі, каму ў навіну былі ўлюбёныя музычныя працэдуры, Кузьма здаволена націраў рукі:

— То зараз, ягамосць, у ваш гонар будзе зайграна адмысловая кавалерская полька. А калі ў саміх рука не скупая, то і яшчэ што-кольвек.

З гэтым, падрабляючыся пад мову засцянковай шляхты, ён станавіўся пры акне і паказваў катрыншчыку на мігі: іграй да канца, а потым яшчэ раз усё спачатку! Музыкант, нібы перапытваючы, паўтараў тыя самыя рухі і, атрымаўшы пацвярджэнне, што зразумеў правільна, выконваў заказ.

— Значыцца, маем падвойную порцыю музыкі,— хітранька гаварыў Чорны.— Хацеў бы я зараз зірнуць на нейчую храпу.

Ён таямніча паказваў вачыма на падлогу, а прысутныя і найболей Трус давалі волю рогату.

Усе ведалі, што на паверх ніжэй, акурат пад пакоем Чорнага, змяшчаўся кабінет аднаго адміністрацыйнага работніка. А ён, не заўсёды аб’ектыўны ў сваіх сімпатыях і антыпатыях і праз гэта не вельмі абдораны пашанай літаратурнай моладзі, ён цярпець не мог катрынкі! І спрабаваў змагацца з ёю грозьбаю, пасылаў сказаць, каб музыка выбіраўся вон...

Але катрынка давала добрую розрыўку ўсім, хто працаваў пад тым дахам. На некалькі хвілін адсоўваліся ўбок рукапісы, людзі памешвалі лыжачкамі ў шклянках, пілі чай, перакідваліся думкамі, смяяліся. Таму за вандроўнага дзядзьку дружна заступаліся рабочыя друкарні, супрацоўнікі рэдакцый і жыхары двара.

З чыйго боку ішла найбольшая падтрымка, сакрэту ні для кога не было. Завершваючы дзень у піўніцы, якая належала арцелі інвалідаў і таму называлася інваліднай, катрыншчык дакараў сваіх скупаватых слухачоў:

— Ну, што вы сунеце мне па капейцы! Пэўна, вы нічога не пілі, бо хто ж гэтак адарае музыку? Можа, я адзін на ўвесь Мінск! А ніхто не разумее. Ёсць, праўда, чалавек. Гэты, калі дасць, дык дасць! Усю маю камерцыю трымае. А каб ён ды яшчэ піў, я тады б азалаціўся! Зваць яго Кузьма. Мусіць, высокі начальнік. У друкаваным доме, на самым версе сядзіць...

П’янаваты катрыншчык не пазнаў свайго «мецэната» ў цемнаватай зальцы. А Чорны слухаў і ўсміхаўся з-за суседняга століка. Вяртаючыся з прагулкі, ён любіў пасядзець у гэтым шумным, аблюбаваным мінскімі ўскраінамі кутку, сярод нязмушаных размоў з выпадковымі знаёмымі, што прыходзілі проста пасля работы перакусіць і развеяцца.

Захопленую тыраду ў свой гонар Чорны запомніў і заўтра ж пераказаў сябрам, не без пэўнай «літаратурнай апрацоўкі» і аўтарскіх дадаткаў. Тое-сёе нават засталося надоўга ў яго абыходку. Ідучы на работу ў будынак, дзе змяшчаліся рэдакцыі і друкарня, ён так і адказваў на запытанні знаёмых:

— Выбраўся, каб вы ведалі, у друкаваны дом.

Я там ёсць вялікі начальнік, бо сяджу на самым версе і маю ўласную музыку.

Чуткі і гаворкі аб усім гэтым не маглі не дайсці да таго, каму гэта музыка стаяла ўпоперак горла. Праўда, чалавек той крыху абцерпеўся, абабіўся, але «падвойныя порцыі» катрынкі для новых аўтараў нязменна выклікалі яго нездавальненне. Аднойчы, пасля чарговага «музычнага моманту», ён пераняў нас у рэдакцыйным калідоры. Абмінуўшы Труса і мяне, сунуў Чорнаму кароткапалую моцную руку:

— Здароў! А не чуваў ты, хто мне такое кепства робіць?

Чорны зрабіў нявіннае аблічча, нібыта і не здагадваючыся, куды хіліцца гаворка.

— З гэтаю... катрынкаю,— даверліва ўдакладніў суразмоўнік.

— А што, перастала іграць? — спагадліва спытаў Чорны.— То, можа, сапсавалася ці, барані божа, майстар захварэў?

Тут ужо нельга было не адчуць выкпівання. Прысадзістая постаць рушыла прэч, прабубніўшы на адыходзе:

— Глупствам людзі займаюцца! Хай бы гэтыя! — Абураны позірк спыніўся на нас з Трусам.— А то ж як быццам чалавек сур’ёзны... Прозу піша...

— Дзівак! — засмяяўся ўслед Чорны.— Не ведае, з якога боку ўзяцца. Я плачу катрыншчыку за тое, што іграе, а ён павінен даць столькі, каб перастаў. Не пашкадуй дзесяткі, і ўсё — канец музыцы.

Мы зайшлі ў рэстаран пры гасцініцы «Еўропа», поблізу ад плошчы Волі. Чакаючы абеду, Чорны расказаў жартоўную навелу «Памінкі».

Вялікі гарадскі двор. Раніца. Раптам усе вокны ў дамах адчыняюцца. Жанчыны, дзяўчаты, дзядзькі, бабулькі летуценна слухаюць катрыншчыка. Да ног яго, на брук, падаюць манеты. Музычная скрынка абкружана дзецьмі. Іх вабіць марская свінка — пярэсты грызунок у клетцы, якая прымацавана на катрынцы. Свінка выцягвае ахвотнікам білецікі, дзе ўгадваецца твой лёс, твая ўдача, тваё шчасце!

Асабліва любяць старога музыку два яго прыхільнікі. Аднаго завуць Паўлюк... Чорны загадкава паказвае на сябе. Трус адразу ж падхоплівае: «А другога — Кузьма» і тыцкае пальцам у свае грудзі. Яны абодва, працягвае Чорны, кучаравыя, невысокага росту, толькі адзін чорны, а другі — бялявы. Надворны выгляд хлопцаў супадае з апавядальнікам і яго смяшлівым слухачом. Бялявы піша вершы — Чорны стукае ў грудзі сабе, а чарнявы — прозу — палец пераносіцца на Труса. Гэта вельмі развясельвае Паўлюка, ён ціхенька падраготвае, цёхкае, як ахрысціў гэты смех Чорны.

Апавяданне пасоўваецца далей.

Ні чарнявага, ні бялявага не хоча друкаваць нейкі Цэнтразыхер. Ён не толькі не любіць вершаў і прозы, а і страшэнна ненавідзіць музыку... У хлопцаў бываюць сутычкі з Цэнтразыхерам за катрыншчыка.

Паўлюкова «цёхканне» пачынае галаснець. Чорны грозіць яму рукою і налівае шклянку піва.

Катрыншчык старэе, яму ўсё цяжэй зарабляць на хлеб іграючы, трэба многа хадзіць па горадзе. Ён рашае разыграць катрынку ў латарэю і паехаць за гэтыя грошы да дачкі.

Нядзеля. Двор, дзе звычайна іграе катрыншчык. Тут жывуць Паўлюк, Кузьма і Цэнтразыхер. Распрадаюцца білеты. Музыка перад тым, як расстацца з сваім інструментам, выконвае ўсю праграму цалкам.

З акна высоўваецца галава здаволенага Цэнтразыхера: «Круці, круці! Усё роўна астатні раз». Катрыншчык заўважае свайго непрыяцеля, кланяецца: «Засталося ўсяго тры білеты, вазьміце! Можаце набыць асалоду на ўсё жыццё». «Давай адзін»,— кажа Цэнтразыхер і кідае рубель. Яму перадаюць білет. Два апошнія білеты забралі Паўлюк і Кузьма.

Розыгрыш. Свінка выцягвае білецікі, хлопчык раскручвае і абвяшчае нумары. Стаяць, хвалюючыся, Паўлюк і Кузьма, яны накупілі шмат білетаў на ўсе свае грошы. Каб не трапіла ў благія рукі катрынка, і — хто ведае! — можа, прыйдзецца пайсці з ёю ў заработкі. Калі агалошваецца чарговы нумар, хлопцы мармычуць «пусты» і дзяруць стаўшую непатрэбнай паперчыну.

Вось разгорнут яшчэ адзін білет, агалошана лічба і запаветнае слова — шэйнакатрынка.

— Выйграў! — крычыць Цэнтразыхер. Смутнее стары ўласнік катрынкі, стаяць нерухома Паўлюк і Кузьма. Цэнтразыхер цягне дадому выйгрыш. Каб пакрасавацца сваёй велікадушнасцю, запрашае на вячэру музыку і абодвух хлапцоў.

Цэнтразыхер радзенькі — вызваліўся ад музыкі! — частуе гасцей. Яны п’юць многа, але яшчэ больш змрачнеюць. Каб крыху разважыць засмучаных, гаспадар просіць катрыншчыка зайграць. І тут усе агледзеліся: няма марское свінкі. Пачынаюцца пошукі. У кухні на калодцы ляжыць пярэсценькая скурка.

Жонка Цэнтразыхера прызнаецца, што пусціла свінку ў падпечак да трусоў. Не разгледзеўшыся, і яе закалолі на закуску.

Усе плачуць. Асабліва несуцешны Цэнтразыхер. Яго каменнае сэрца адвільжала, падабрэла. Ён нічога не робіць, толькі слухае катрынку і плача. Пакінуты жонкай, зволены з пасады Цэнтразыхер спродвае на гарэлку апошнія рэчы з хаты. Але ў яго знайшліся добрыя сябры: катрыншчык і Кузьма з Паўлюком.

Усе ўчатырох ідуць яны ў раздабыткі. На кірмашах, каля цэркваў круціць катрынку Цэнтразыхер, падспеўваюць Паўлюк і Кузьма, а катрыншчык абыходзіць слухачоў з шапкаю. Крыху зарабіўшы, наладжваюць памінкі па загубленым звярку...

І ўжо не ўяўныя героі, а Паўлюк і Кузьма зноў доўга і міла смяюцца, цешачыся з свае ўласнае выдумкі.

 

Невялікі перапынак у рэдакцыйнай працы, каб паслухаць катрынку, рабіўся і не зусім проста. Пад музыку Чорны на нейкую хвіліну задумваўся, адсутнічаў у пакоі, пераносячыся, відаць, у родныя мясціны, дзе яму і давялося пачуць упершыню ўсе гэтыя нескладаныя матывы. Абуджаўся настрой, а ён быў патрэбен трывалы, надоўга, калі садзіўся пісьменнік на ўсю ноч за рукапіс.

Для чыстага адпачынку служыла іншае. Выходзячы пасля работы з рэдакцыі, Чорны вешаў загнуты кіёк на балясіну сходаў. Грукочучы акутым канцом па прыступках, кій ляцеў уніз, а Чорны наўздзіў хутка і спрытна тупаў услед і заўжды паспяваў падхапіць яго ў апошнім пралёце.

Гэта не ўдавалася нават маладзейшым.

— Цельпухі, бегаць не можаце! — казаў Чорны.

Аднойчы, уваходзячы з П. Трусам у рэдакцыйны будынак, мы ўбачылі, што на ніжняй прыступцы, прытуліўшыся да сцяны, стаіць паважнага выгляду чалавек і са страхам і здзіўленнем глядзіць, як зверху, проста на яго, шпарка ссоўваецца з шумам і грукатам добра знаёмы нам кіёк. Уласніка не было. Прыхаваўшы бездаглядны кій у цёмны куток, мы пачалі падымацца. Чорны на наступнай пляцоўцы вітаўся з тым самым чалавекам.

— Не бачылі, хлопцы, не праязджаў тутака мой кій? — заклапочана спытаў ён.

Мы адракліся.

— Дык гэта ваш? — здзівіўся незнаёмы, і мне здалося, што павага, з якою ён трос руку Чорнаму, адразу ж знікла з саліднага твару.

— Гімнастыку раблю,— растлумачыў Чорны.

— Пры вашай рабоце гэта неабходна, але ці не лепш бы гантэлі набыць.

Незнаёмы меў дачыненне да медыцыны і даў некалькі карысных парад. Наогул жа і такога віду гімнастыкі ён не адмаўляў, аднак на развітанне не без іроніі пашкадаваў, што ў гэтай будыніне малавата паверхаў.

 

Праца ў рэдакцыі займала першую палавіну дня. Калі часамі даводзілася разам з Чорным пераходзіць і ў другую, можна было заўважыць, як пакрысе сур’ёзнеў ён, рабіўся негаваркі, усё больш паглыбляючыся ў сябе. Кароткая пасляабедзенная праходка ўжо не павінна была парушацца размовамі. Сустрэўшы ў гэты час каго-небудзь знаёмага, Чорны ішоў разам толькі да першага скрыжавання вуліц, адразу ж пытаўся: «А табе ў каторы бок?» — і, у залежнасці ад адказу, накіроўваўся сам у процілеглы.

Далей — пачыналася праца за сталом бездакорнай чыстаты з дзвюма кіпамі вялікіх аркушаў добрай белай паперы. Злева ляжалі ўнізаныя роўнымі неразборлівымі радкамі вельмі тонкіх, нібыта вязаных, літар, а перад сабою — яшчэ чыстыя.

Да строгага парадку на стале пасавалі і вельмі акуратныя кніжныя паліцы і наогул уся абстаноўка пакоя, дзе кожная рэч мела сваё месца і прызначэнне.

Так прынамсі выглядаў кабінет Чорнага на Беларускай вуліцы, а пазней на Чырванасцяжнай.

Чорны часцяком зазываў туды малодшых, менш спрактыкаваных, «пагаварыць». Даваў кнігі, абавязкова па сваім выбары, раіў паглядзець той ці іншы фільм, пабыць у канцэрце або на спектаклі. Гэтак непрыкметна для таварыша, а можа, і для сябе самога, памагаў фармавацца густу.

Сам ён чытаў, калі можна так сказаць, і многа і мала. Найбольш тое, што давала веды — іх бракавала, асабліва сістэматычных. У другую чаргу чыталіся навінкі мастацкай прозы, рэчы, выключныя па думцы, бездакорнасці майстэрства. Пад час работы за чытанне не браўся, хіба што шукаючы штуршок для афармлення настрою. Так, пішучы «Вялікі дзень», разы са два прасіў мяне: «Прынясі што-небудзь з добрых стылістаў, французаў, можа, але каб нятоўстае». Я даставаў яму Рэнье, тоненькія томікі вярталіся хутчэй, чым іх можна было прачытаць.

У хатніх гаворках найчасцей бедаваў, што ў нас мала прозы. Таму, мусіць, і не пакідаў без увагі ніводнага, нават самага нясмелага празаічнага кроку.

Ведаю гэта і па сабе. Калі мне здарылася надрукаваць апавяданне «Багун», адразу прыкмеціў, пахваліў і падарыў сваю кніжку «Хвоі гавораць» з надпісам «...бо ты аўтар «Багуна», як быццам тая спроба была сапраўды чаго-небудзь вартаю. З таго часу пачаў «пераманьваць» мяне на прозу, не сказаць каб падказваў тэмы, але стараўся заахвоціць, абудзіць настрой да пісання.

— Ёсць інтэрас! — казаў ён у такіх выпадках са змоўніцкім выглядам.— Трэба апавяданне ў нумар. Праз тыдзень дай. Так каб са сняжком было, каб коні беглі, людзі рукі грэлі.

Калі што-небудзь падобнае ўдавалася, адразу цягнуў дахаты. Пытаў, што думаеш пісаць новага і, вядома ж, перахвальваў зробленае. І гэта было як невялічкае свята, грэла душу, змушала аддзякаваць за ўвагу работаю, бо ён жа адкладаў убок сваё, траціў час, парушаў абвыклы распарадак.

Звычайных, абы памянціць языком, наведванняў Чорны не любіў і, не саромеючыся, бараніўся ад іх. Здаралася, што пасярод чытання свае або чые-небудзь новае рэчы ён пачынаў напяваць «Брадзяга Байкал пераходзіць». Гэта азначала, што ў брамку ўсоўваўся які-небудзь непажаданы госць. Слова «брадзяга», вядома, замянялася прозвішчам.

Калі такі чалавек пераседжваў пару і шкодзіў рабоце ці размове, пачынаўся іранічны, з востранькімі шпількамі допыт:

— А вы самі пішаце ўдзень ці ўночы? Уночы, кажаце? А я акурат гэтаю парою, удзень.

Аднак, хоць слоўца і дапякала, на Чорнага чамусьці ніхто не крыўдзіўся.

 

Мне не даводзілася бачыць памарак на рукапісах Чорнага, шматлікіх чарнавікоў, пакрэсленых і паблытаных шматкоў паперы, што больш-менш характэрна для кожнай пісьменніцкай гаспадаркі. Магчыма, ён перапісваў услед, не дапускаючы непарадку і запуску, а можа, многае пісаў адразу, падобна таму, як пра гэта расказана ў пісьмах А. П. Чэхава.

Спачатку мне здавалася, што магутнаму будаўнічаму працэсу пісьменніка не папярэднічала ніякая падрыхтоўчая работа — проста садзіўся і пачынаў пісаць. Бо такім багатым было яго ўнутраное напаўненне, так многа ўбачыў і ўведаў ён, што хапіла б расказваць у многіх тамах, да паважнага ўзросту, і то б не вычарпалася ўсё.

У сапраўднасці было іначай. Кузьма Чорны ніколі не выключаўся з творчага працэсу. Гэта заўважалася і на сходах, і пры гаворках, і нават у шумных бяседах. Чорны шчыра весяліўся, успамінаў і выдумляў смешныя гісторыі, рагатаў і гукаў сваім крыху глухаватым голасам. Здавалася, весялейшага і самазабыўнейшага чалавека і няма сярод прысутных. Але варта было зірнуць яму ў вочы, і яны выкрывалі ўсё. Вочы паблісквалі і няўтомна ўбіралі ў сябе позы і рухі суразмоўнікаў, іх вопратку, прыход новых асоб, узоры па сценах, лямпачкі пад столлю, мокрыя галіны за акном. І сапраўды, назаўтра пры сустрэчы Чорны расказваў пра ўчарашняе так, як быццам цябе там і не было. І ты са здзіўленнем адзначаў, што, не зважаючы на тваю прысутнасць у тым ці іншым месцы, ты адсутнічаў там, бо толькі прымаў удзел. А ён рупліва назіраў. Ды не толькі заўважыў і запомніў галоўнае, характэрнае, але прыкмеціў і ўсё смешнае і дробнае. Калі перад табой узнікала намаляваная Чорным карціна з усімі дробязямі і адценнямі, дык рабілася ясна: па тым, што гаварылі і рабілі людзі, высвятлялася, чаму яны так размаўлялі і дзейнічалі, што яны думалі ці павінны былі думаць і як будуць паводзіцца ў далейшым.

Гэта дзівосная здольнасць — не мінаць нічога, што траплялася на дарозе,— не мела нічога агульнага з натуралістычным плюшкінствам назірання ў некаторых пісьменнікаў, у выніку якога ў творах з’яўляюцца сфатаграфаваныя постаці знаёмых з больш ці менш удала змененымі прозвішчамі.

 

Кузьма Чорны ўмеў і любіў расказваць. Апавядальнік ён быў сапраўды невычэрпны. Часамі хацелася нават прытрымаць яго за руку: «Пачакай, што ты робіш! Гэта ж сюжэт, гатовая старонка твора».

Колькі найцікавейшых кніг можна было б скласці з вусных апавяданняў Чорнага! Карціны белапольскай і нямецкай акупацыі на Случчыне, здарэнні з жыцця роднага мястэчка, бытавыя нягоды гаспадароў кватэр, дзе ён жыў, выпадкі з суседзямі па вуліцы, нарэшце, ледзь не цалкам прыдуманы вусны раман пра вандраванне цімкаўцоў па краіне! Але ніхто з яго слухачоў не можа прыгадаць выпадку, калі б расказанае пісьменнікам, заўсёды такое трапнае і цікавае, механічна пераносілася ў апавяданне ці раман.

Назіранне праходзіла ў Чорнага доўгі працэс ператварэння і перайначання і паўставала ў зусім адменным выглядзе. Правільней кажучы, для пісьменніка было важна тое, што ён заўважыў у жыцці якую-небудзь з’яву. Такім чынам ствараўся грунт, на якім вырастала зусім новая, але неадменна праўдзівая сітуацыя. А расказы для сяброў былі ў Чорнага лішкамі вытворчасці, хоць і хавалі ў сабе безумоўна творчы момант: назіранне падавалася апрацаваным, дадаваліся словы ў гутарку, выпуклялася самае характэрнае ў падзеі.

Здаралася так, што, прачытаўшы раздзел новай рэчы, Чорны знаёміў з тым, што павінна адбыцца далей. А потым, калі твор быў надрукаваны, слухачы заўважалі: нічога падобнага да калісьці расказанага ў ім няма. Усё перайначыў, усё зрабіў нанова! І не таму, што першая задума была благая. Расказаў, значыць ужо стварыў, ужо нецікава ісці далей па выснаванай канве. Дый навошта гэта рабіць, калі думка даганяе думку, адкрываючы невядомыя і самому сабе прасторы.

Ніколі не падумаеш, што, па сутнасці, усе творы Чорнага невідочнымі сувязямі прымацаваны да аднаго месца, іменна да месца нараджэння пісьменніка. Героі ў пераважнай большасці сваёй паходзяць адтуль, растуць на адной глебе.

Дзіву даешся, як можна было на маленькай Случчыне ўзяць столькі, каб хапіла на ўсе кнігі, на ўсё жыццё. Але справа не ў колькасці матэрыялаў, а ў ператваральнай здольнасці пісьменніка. З аднаго і таго кола назіранняў выйшлі «Бацькаўшчына» і «Трыццаць год». За маленькім гарадком, апісаным у абодвух творах, угадваецца Нясвіж; бясспрэчна духоўная роднасць цяжкога маленства ў маладога рэвалюцыянера Адася Гушкі і камісара Валодзі Кастрыцкага; пражэрлівае заграбацтва кулака Сурвілы блізка да ненаеднага драпежніцтва свінячага перакупшчыка Хурса. Але ж непадобны і кнігі, і людзі ў іх іншыя, бо кожнаму ўдыхнуў пісьменнік сваё адменнае жыццё, і нябёсы не гэткія, бо афарбоўваюцца яны ў колеры пад настрой герояў, не той і каржакаваты хвойнічак, які то роўна шуміць вершалінамі, то змаўкае, калі маўчаць вандроўнікі ў ім.

Ва ўсім гэтым выяўляецца дзівоснае ўмельства Чорнага браць з навакольнага ўсё і выбіраць самае патрэбнае, а потым ператвараць тое, што ўбачылася і запомнілася, у сплаў новай якасці, у сплаў, дзе ўжо не адрозніш факта і вымыслу, над якім, паводле Пушкіна, абліваешся слязамі.

Ад таго, што Чорны заўсёды імкнуўся глядзець на рэчы сваімі вачыма, у «звычайным», вядомым, знаходзіў «незвычайнае», незаўважанае, новыя якасці,— верагоднасць канфліктаў, палажэнняў, учынкаў у лепшых, найбольш сталых яго творах не выклікае сумненняў.

Пісьменніку не здраджвае пачуццё меры ў стварэнні сітуацыі. Гэта пе значыць, што пяро занатавала ўбачанае дакладна так, як яно было. Ідучы гэтым шляхам, пісьменнік не пазбегнуў бы натуралізму і не ўзняўся б да абагульненняў. Чорны старанна ахоўваў сваіх герояў ад такіх учынкаў, якія яны маглі ці павінны былі б рабіць па загадзя вызначанай схеме. Гэта б давала чытачу магчымасць камбінаваць уласныя варыянты паводзін героя ў тым ці іншым выпадку, не паверыўшы, зразумела, у запрапанаваныя аўтарам.

Такая няпэўнасць, а таксама і схема рашуча адкідаліся пісьменнікам, бо не мелі нічога агульнага з мастацтвам. Учынак героя павінен натуральна і лагічна выцякаць з папярэдняга разгортвання падзей, калі пэўныя характары сталі ў пэўныя супярэчнасці, з унутраных якасцей самога чалавека, з абставін, у якіх ён дзейнічае. Жыццёва праўдзівы і мастацкі варыянт учынкаў тут можа быць толькі адзін. І на прыкладзе К. Чорнага мы бачым, як праўдзівасць вобраза, жыццёвасць героя абумоўліваюцца сталасцю светапогляду пісьменніка, яго ідэйнай узброенасцю ў пэўным перыядзе творчасці, глыбінёй пранікнення ў рэчаіснасць.

 

У першых творах трапляліся і прагляды. Але вось Юры Гарэйка ўцякае з астрога, выламаўшы жалезныя краты. Пісьменнік мог знайсці лягчэйшы і таму больш верагодны спосаб, скажам уцёкі з допыту ці ад канвойнага. І, аднак, не зрабіў гэтага, а выбраў герою самы цяжкі шлях, прымусіўшы нас паверыць, што голы, акрываўлены чалавек знайшоў у сабе сілу вырваць надзейныя ўмацаванні ў акне і бегчы полем і лесам па марозе. Але ж мы ўжо адчулі вялікую жыццёвую сілу Гарэйкі, усю нянавісць яго да панства, упартасць, з якою ён, знясілены, будучы недалёка ад дому, не зайшоў туды, а даганяў і дагнаў сваю часць. І таму мы паверылі ў яго ўцёкі з астрога.

Міхал Тварыцкі знайшоў пачак грошай і не толькі не аддаў іх дзяржаве, а яшчэ і кінуўся з сякераю на жонку. Гэта падрыхтавана і абумоўлена ўсім развіццём вобраза, затаўраванага праклёнам дробнаўласніцтва. Ад прысваення грошай да свядомай працы на будоўлі, да разліку з ненавісным Скуратовічам, чый кулацкі побыт атручваў свядомасць Тварыцкага, герой праходзіць доўгі шлях пераробкі. І тут пісьменнік нідзе не паграшыў супраць праўды, хоць, можа, жыццёвае здарэнне, пакладзенае ў аснову твора, было і не гэткім.

Першыя апавяданні яшчэ не мелі ў сабе тугой пружыны сюжэта, а часта складаліся з новых і свежых апісанняў, якія павінны былі быць цікавымі самі па сабе.

«У Слаўкі Чужахвала конь — проста нялюдская справа, лапавухі, вастразады, худы, як дошка, пад касматай скурай рэбры тырчаць, як частакол. Дай яму сена, а ў яго і пажаваць няма чым, сцебані яго пугаю,— а ён возьме і ляжа там, дзе стаяў» («Забойства»).

Цераз пяць год у «Бацькаўшчыне» для такога апісання старой закіданай жывёліны пісьменніку спатрэбіўся толькі адзін сказ:

«Конь гэты адбрыкаў сваю маладосць і адрабіў сваю сілу ў Сурвілы...»

І даволі, і зусім ясна, якога каня мог прадаць прагавіты кулак і што за худобіну мог купіць за свае мізэрныя грошы Леапольд Гушка.

Чорнаму было з чаго выбіраць, бо браць матэрыял ён умеў, як ніхто. Ён не адпачываў у часе сваіх неадменных падарожжаў па вуліцах. І за нейкую гадзіну паспяваў назбіраць дзесяткі карцін, і ў кожнай таілася зерне будучага твора.

Дзве жанчыны сварыліся каля вадакачкі. Памяць занатоўвала, як яны размахвалі рукамі, у што былі апрануты, узровень і колер вады ў вёдрах, асобныя пачутыя словы. А ўяўленне дамалёўвала: дамы, дзе яны жывуць, якія ў іх мужы, дзе працуюць, ці згодна жывуць.

З расчыненага акна чуўся плач дзіцяці. І адразу ўяўлялася: радасць маці, якая купае свайго немаўлёнка, ці гора яе пры пасцельцы занядужаўшага.

У брамцы дзяўчына махнула рукою на адыход маладому чалавеку. Яна ўсміхалася, усміхнуўся і хлопец, азірнуўшыся, і пайшоў павольна, як не сваімі нагамі. А! — заўважаў падарожнік,— ім не хочацца разлучацца, яны ў самым шчасці сваім.

І многа іншых апавяданняў даводзілася чуць ад Чорнага, калі варочаўся ён дамоў. Усё гэта прыдавалася да вялікіх задум, якія, чаргуючыся, а часамі выціскаючы адна адну, паўставалі перад ім. Ён не паспяваў упраўляцца, заносіў пачаткі твораў на паперу і складаў у папкі, па чаргу.

Часамі добры пачатак перабіваў работу. Калі ён быў яскравейшы і вёў задуму, напісанае раней адкладалася ўбок.

Для гэтага чалавека было б найвялікшай радасцю, каб дзень працягваўся гадзін шэсцьдзесят, а на змену змораным вачам і руцэ былі свежыя. О, тады б ён усё паспеў!

І паспеў нямала.

Чорны — праўдзівы летапісец чалавечага лёсу ў трох вялікіх войнах, пад час Кастрычніцкай рэвалюцыі і ў далейшым, у пару перабудовы вёскі на сацыялістычных пачатках.

Калі грабежніцкая вайна 1914 г. выклікала ў салдата толькі стыхійнае пачуццё нездавальнення і пратэсту (Пятро Тадаровіч), дык у грамадзянскай такі чалавек усведамляе, чаму ён бароніць заваёвы Кастрычніка (Валодзя Кастрыцкі). Героі Чорнага з твораў перыяду Айчыннай вайны — гэта ўжо свядомыя змагары (Лукашэвіч, Катлубовіч, Татарынчык), у сэрцах якіх гарыць вялікая любоў да свайго народнага жыцця. У цяжкіх баях яны адстойваюць права на светлую будучыню, імкнуцца хутчэй наблізіць яе разам з партыяй, з усім савецкім народам.

І тым больш жыццёвымі і праўдзівымі паўстаюць гэтыя героі перад намі, што станаўленне іх і выпростванне на ўвесь горды чалавецкі рост адбываецца паступова, проста і натуральна, не праз дэкларацыю, а праз канкрэтныя ўчынкі.

Асабліва цёпла і любоўна малюе Чорны моладзь, падлеткаў і дзяцей — для іх дбаем мы пра будучыню, яны павінны з’явіцца творцамі яе. І яшчэ больш: дасягнуўшы сталасці думкі і хараства пачуццяў, самі стануць будучыняй.

Дзеці павінны былі стаць у цэнтры новага твора Кузьмы Чорнага — п’есы, якую ён называў трагедыяй.

 

Мы сустрэліся ў Маскве, калі я на пэўны час вярнуўся з фронту. К. Чорны працаваў надзвычай настойліва і плённа. Шматлікімі артыкуламі, сатырычнымі фельетонамі, выступленнямі ваяваў ён за вызваленне роднай зямлі, за перамогу савецкага народа. У той жа час пісаліся новыя творы і ўпарта, хоць па старонцы ў дзень, аднаўляліся страчаныя, згарэўшыя ў Мінску рукапісы. У гасцінічным нумары не спынялася напружаная творчая работа. Пісаў Чорны раніцаю і не любіў парушаць гэты распарадак. Але аднойчы ён запрасіў мяне прыйсці якраз на гэтыя гадзіны. Я зразумеў, што гаворка будзе сур’ёзная, і не адмаўляўся. Тады ўпершыню раскрыліся задумы «Пошукаў будучыні» і «Млечнага Шляху».

— А закончу гэта,— сказаў Чорны,— і тады за новае,— і прачытаў цудоўны накід першага раздзела «Скіп’ёўскага лесу».

Я выйшаў, глыбока ўзрушаны шырынёю планаў, веліччу подзвігу, які прымаў на сябе пісьменнік, беручыся за адлюстраванне найвялікшых падзей у жыцці народа. Высокія і чыстыя імкненні савецкага патрыёта, гранічна выразнае ўсведамленне сваіх абавязкаў кіравалі ім, даючы сілу для здзяйснення задуманага і ў час, як быў ужо хворы, а ўсё ж не выпускаў пяра, насуперак дакторскім забаронам.

А тою раніцаю гаварыў Чорны доўга, час ад часу паглядаючы на малаажыўлены Ахотны рад. І нязвыкла было пачуць ад яго, чалавека, які не ўмеў і не хацеў паказваць глыбіннае пачуццё:

— Каб хутчэй, хоць на хвіліну хутчэй згнясці Адоліка (гэтую мянушку ён даў Гітлеру), я адразу ж рынуўся б дзе-небудзь з хлопцамі ў слуцкія лясы. Хай бы сабе і не вярнуўся. Душа рвецца.— І каб не паказаць завільгатнеўшых вачэй, пастаяў каля акна. Адвярнуўся, дадаў:

— Няпраўда, такі дажывём свайго.

І радасці, калі кожны дзень збіраўся ў вызвалены Мінск і нарэшце прыехаў у горад, не было канца.

— Хоць у зямлянку, абы столік прыперці льга было,— разважаў Чорны, калі яго прабавалі ўгаварыць часова ўстрымацца ад пераезду.

 

У апошні для яго 1944 год мы жылі на вуліцы Берсана ў суседніх пакоях. Вечарамі ён прыходзіў піць чай у мой пакой (там былі разетка і чайнік), і абавязкова з сваім кавалачкам цукру, хоць мы ўжо выходзілі з нястачы.

Працаваць яму было забаронена, думаць, каб не хвалявацца,— таксама. Для розрыўкі гулялі «ў дурня», з азартам, як і ўсё, што рабілася ім. Аднак гаварылі, і найчасцей пра будучую работу. Новы раман, вялікі, аркушаў на дзесяць, нарыс пра «Новую зямлю» Я. Коласа — вось што было ў яго на чарзе. Чорны набыў сшытак, нейкую квітанцыйную кніжку, пісаў сабе там заданні, вёў крыху дзённік. Кожны вечар ён патрабаваў ад мяне справаздачы — новых радкоў паэмы, якая пісалася тады. Калі іх не было, Чорны дакорліва ківаў галавою, і рабілася брыдка за марна страчаны дзень.

Аднойчы перад сном ён сказаў, паказваючы на галаву:

— Усе колы закруціліся,— будзе трагедыя.

Усю ноч я чуў за сцяною яго крокі. Рана пастукаў у дзверы, паголены, уважліва апрануты.

Тады ён расказаў змест новай п’есы, па актах, з прозвішчамі герояў і цікавымі падрабязнасцямі. У вайну жанчына страціла дзіця, дзяўчынка расла ў акупацыі, потым трапіла за мяжу. І вось — спатканне: родная маці і дарослая дачка сустрэліся чужымі. Яны ўваходзяць у супярэчнасці, не ведаючы пра сваё сваяцтва, і ў той жа час адчуваюць, што нешта збліжае, яднае іх. Маці любіць дзяўчыну і з тым большай страсцю змагаецца з адмоўным у яе паводзінах і ўчынках. Нарэшце, напярэдадні поўнага перавыхавання, дачка гіне, а для маці высвятляецца, хто яна. І тут ва ўсёй велічы вырастала постаць савецкай жанчыны — маці, якая ахоплена жалем па загінуўшай і ў той жа час ведае, што рабіла ўсё ў дачыненні да яе, так як гаварыла чыстае сэрца.

Задума, здаецца, так і засталася незапісанай, не давялося нам пабачыць новы твор.

А як многа чакалася яшчэ! Узрастала майстэрства, пашыраліся далягляды, сталела думка, цвярдзела рука.

 

Калі думаеш аб гэтым непаўторным таленце, дык адразу ж прыходзіць імя яму — невычэрпнасць. Не тая крыніца, што, выцягваючыся ў тонкую срэбную нітку, спакойна выгінаецца па нізінах, а нястрымны паток, які выбіваецца напаверх спраміж скальнага грунту, кіпіць і шумуе, утварае вялікія рэкі і азёры, доўгія гады поячы людзей.

1954

 

Пошукі будучыні

Як быццам і не было раптоўнага расстання, дзесьці зусім поруч робіць, здаецца, сваю добрую работу чалавек, да якога захоўваецца яшчэ маладая пашана за працавітасць і падзяка за навуку.

Кузьма Чорны ўмеў таварышаваць з людзьмі. Ён дапускаў іх у сэрца свабодна, праўда, крыху эгаістычна: толькі чым-небудзь цікавых яму. Не скажу, каб свядома рабілася гэта, хутчэй у сілу нявызначанай адборчай здольнасці, якая дапамагае распазнаць чалавека па першым уражанні, беспамылкова адвеяць мякіну з пачуццяў і ўспрыяццяў.

Тыя, што аднойчы ўвайшлі ў свет пісьменніка, трымаліся ўчэпіста, часамі назаўжды заставаліся там. Перш за ўсё, гэта былі людзі, якія, сваім часам, у маленстве або юнацтве ўбачыліся яму, скажам, каля вясельнага стала, на ворных палетках мілых сэрцу Цімкавіч ці поблізу іх, сустрэліся на гразкіх дарогах Случчыны — адны босыя і ў лапцях, другія — на параконных пашарпаных ужо фаэтончыках між прысад, што значылі шлях да іх здрабнелых маёнткаў.

Усімі імі як было не даражыцца! У цішыні па-дакторску чыстага пісьменнікавага пакойчыка яны пачыналі новае жыццё: пераходзілі з уяўлення на паперу, надзеленыя шчодрасцю або сквапнасцю, адвагай ці баязлівасцю. Але, як справа ўласных нерваў і рук, былі заўсёды блізкімі яго сэрцу.

Сябравацца з Чорным было лёгка: ён ні да чога не абавязваў, не даваў адчуць перавагі свайго ведання, дакладней сказаць — пранікнення. Не намагаўся ашаламіць і вастрынёй бачання, а галоўнае, не прыніжаючы сябе і не надужаючыся, станавіўся на ўзровень суразмоўніка: чым дыхаеш ты, тым і я.

Як ні дзіўна, у гэтым не было робленасці, падладжвання пад чый-небудзь густ. Чорны заўсёды трымаўся натуральна, і гэта ішло ад здольнасці і ўмельства разумець чалавека, пэўней, зразумець яго: учуць, што табе цікава і патрэбна, і раздзяліць тваю патрэбу і цікавасць.

Аб тым, што Чорны пасябраваў з вамі, можна было меркаваць па адной бясспрэчнай акалічнасці: вы раптоўна трацілі адчуванне часу. Слухалі яго або расказвалі самі далёка за поўнач, не робячы ніякіх высілкаў утрымаць сківіцы ад не дужа далікатнага выяўлення нуды. Сядзелася вольна і проста.

У кожным чалавеку Чорны бачыў асноўнае, тое, што складае гэтага чалавека як асобу, з’яўляецца яго духоўным стрыжнем. Праз гэта ён неўзаметку знаходзіў шлях да пераходу на шчырасць, закранаў у істоце недаступнае і недазволенае старонняму дотыку, абуджаў патайныя галаснікі душы.

Гэта ўносіла ў сустрэчы своеасаблівую інтымнасць, незалежна ад таго, стаяў хто з ім плячо ў плячо цэлыя дзесяцігоддзі ці разгаварыўся ўпершыню. Нават у такой, самай першай, размове Чорны мог раскрыцца настолькі глыбока, што ўзнікала адчуванне: ён убачыў у вас найлепшага і прытым адзінага сябра.

Імкненне вызнаваць у чалавеку запаветнае было, бясспрэчна, перад усім патрэбаю мастака: не прапусціць нічога незаўважаным, хоць дробнай кропляю жыццёвага клёку пажывіцца для работы ўяўлення, усё роўна ад каго, сябра ці выпадковага сустрэчнага.

Не назіраць Чорны не мог. Што ж тычыцца таварышавання, дык мы паспрабавалі разабрацца вышэй. Напэўна, сэрца пісьменніка было настроена так, каб распазнаваць схільныя да яго сэрцы і адгукацца на іх голас. І гэта, хочацца думаць, ад уласцівасці больш шырокай — сугучнасці з сэрцам народа.

Перагортваючы чарнавікі і накіды, я натрапіў на адно не малой цікавасці выказванне і напачатку быў палічыў яго за Коласава. Аднак склад мовы, манера будаваць сказ хутка выкрылі сапраўднага аўтара, а затым напамянулі час і месца, дзе былі сказаны гэтыя словы:

«Я — проста няўмека. От, каб я столькі ўмеў, колькі сэрцам ведаю. А што нашы творы прыкметны, дык у гэтым час вінаваты. Ён — вялікі і з добрымі вачыма, усё заўважае».

Гэта гаварылася, калі мы дзяліліся задумамі і чыталі пачатыя творы напярэдадні пераезду Чорнага ў доўгачаканую і, як на страшэнны жыллёвы сціск першай пасляваеннай восені, добрую кватэру, адкуль ён, толькі што перабраўшыся, не выйшаў сам.

Я дзівіўся з гушчыні фарбаў, пакладзеных мастаком на побыт Скіп’ёўскага Пераброддзя. Ад вачэй не адступаліся малюнкі і людзі. Тодзік Рамашка затрымлівае поўны аўтобус людзей, пакуль не выйдзе ўпадабаная «студэнтачка». Ягоны бацька, Сабастыян, у каго «не залежваліся на языку словы», прыехаў да Прыбыткоўскіх нібыта каб нараіць сродак «ад захалоду і падвяроду». Не адразу выкрылася сапраўдная мэта: засватаць за сына Ганну, дачку Прыбыткоўскіх. І сядзіць Сабастыян, не кажучы самага патрэбнага, паволі расказвае, як настойваць на мурашках спірт, як чалавек уратаваўся гэтым сродкам ад раматусу, але прывык лячыўшыся выпіваць, і перад тым, як націраць тою настойкай хворую нагу, клаў каля сябе закуску. Аднак і «ад магнасці» да такога пітва ёсць рада: трэба напаіць ласунчыка вадою з гарэлкай, «у якой шэсць тыдняў мок нежывы крот».

Усе гэтыя вясёлыя, падобныя да праўды выдумкі расказваліся, каб схіліць сэрцы прысутных — Ганніных бацькоў, Марціна і Магдалены, Мікалая з дзіўнаватым прозвішчам Разважнік і ўсяго застолля — не так да прыезджага, як да яго сына.

І заключныя радкі раздзела! Скупыя, нешматлікія, але вартыя многіх старонак. Празрыста і поўна нясуць яны смутак і весялосць, значаць няўлоўную мяжу між імі.

«Усё Скіп’ёўскае Пераброддзе і палавіна Якубавіч гуляла на вяселлі. Як толькі ў музык з аркестра якубаўскай пажарнай дружыны цэлыя асталіся шчокі? Два дні бесперастанку яны дзьмулі ў дудкі і трубы. На трэці дзень музыкі сталі ў браме і зайгралі марша. У Прыбыткоўскіх у хаце стала ціха».

Гэта ўжо рука не абы-якога майстра! А ён сам ані не прыбядняючыся, ні трохі не падрызыкоўваючы скромнасцю, называў сябе «няўмекам»!

Усё гэта прыгадалася пры чытанні раздзелаў адной работы пра творчасць пісьменніка. Я быў накідаў уражанні, потым перагаварыў з аўтарам асабіста, а ліст застаўся недапісаны, неадасланы. Вось урыўкі з яго...

 

Прачытаў рукапіс. Нязгоды з Вашымі палажэннямі — гэта не значыць, што я адмаўляю вартасць напісанага,— больш, чым згоды.

За Чорнага схопяцца — і не раз! — і літаратары, і даследчыкі, і чытачы. Зараз яго работа даследуецца недаравальна мала. Здабытае пісьменнікам як майстрам амаль не выкарыстоўваецца ў творчай практыцы, калі не лічыць мовы, дый гэта робіцца некрытычна, адзінкамі, не заўсёды да месца і не заўсёды тымі, хто мог бы прадоўжыць добрую традыцыю.

Да гэтага часу літаратурная крытыка не раскрыла надзвычайна багаты падтэкст творчасці Чорнага, не ўслухалася ў тое, «аб чым ён не гаворыць, аб чым толькі думае» («Хвоі гавораць»). Адсюль дакоры, колькі іх! Невыразнасць светапогляду, натуралізм, біялагізм, пасівізм!

Усе смяротныя грахі навешваюцца на Чорнага ці, хутчэй, паўтараюцца навешаныя вульгарызатарамі ў 20-я гады.

Натуральна, светапогляд мастака складаўся не за адзін дзень. Ідэйна-мастацкі рост пісьменніка непасрэдна выказваўся ў шырыні задум, выбары больш значных тэм, у стварэнні ўсё больш глыбокіх вобразаў, у праўдзівасці матывіровак іхніх паводзін, нарэшце, у сталасці аўтарскай ацэнкі падзей.

Мусіць, з высвятлення ўсяго гэтага і трэба было пачынаць крытыцы. Аднак дасюль чуецца найбольш распаўсюджаны дакор — апяванне адзінокага лёсу, ізаляванасць героя ад навакольнага асяроддзя. Тым часам, той герой, каго ні вазьмі, дзядзьку Язэпа з «Хвоі гавораць», Гушку ці нават Бушмара, кожны з іх унутрана звязаны з большым за ягоны светам, і ўсе дзеянні героя абумоўлены гэтай сувяззю.

Некаторыя крытыкі з зайздроснай прастадушнасцю паўтараюць: у Чорнага няма батальных сцэн. Як быццам ад гэтага што-небудзь страцілася ў паўнаце і яркасці адлюстравання чалавека.

Вось чым мы займаемся пакрысе. А чаму ж бы не асэнсаваць, што Кузьма Чорны — першая старонка, пачатак сталасці ў беларускай прозе, а ў агульналітаратурным значэнні — з’ява першага парадку.

Вы турбуецеся аб такім асэнсаванні зараз. Гэтак і трэба. Чорны — у найвышэйшай ступені сучасная тэма для літаратуразнаўцы. Ад яе дастойнай распрацоўкі залежыць — і не абы-як — узровень і далейшы накірунак беларускай прозы, а таксама паўната адпаведнага раздзела літаратурнай навукі. Асобныя Вашы вывады здаюцца некалькі паспешнымі, не падмацаванымі як след доказамі. А можа, і не ў доказах справа, проста часамі аўтар бунтуецца, не жадае ўкладацца на падрыхтаваную пасцель, нібы адчувае ў ёй Пракрустава ложа. Прасцей кажучы, не ўсё, што сцвярджаецца Вамі, вынікае з напісанага ў К. Чорнага.

Каб праверыць і Вас і сябе, звярнуўся да аўтара, гэтага незраўнанага майстра замаруджваць дзеянне, выпукляць другараднае, загрувашчваць рэчы ўстаўнымі навеламі (а ў кожнай па зародку новага рамана!) і наогул ужываць усе магчымыя сродкі адпудзіць ад сябе чытача. Перагарнуў аповесць «Люба Лук’янская» і зноў ашаламоніўся бляскам, важкасцю, невымернасцю гэтага таленту, якому да геніяльнасці не хапіла, можа, толькі набітай рукі каго-небудзь з вынаходлівых і прабітных літаратурных рамеснікаў.

Акурат аб гэтым пісаў Н. Страхаў Дастаеўскаму (прозвішча вымавілася не выпадкова, мы яшчэ не раз успамянём яго ў далейшай размове):

«Спрытны француз або немец, май ён дзесятую долю вашага зместу, праславіўся б на абедзве паўкулі і ўвайшоў бы першаступенным свяцілам у гісторыю сусветнай літаратуры. І ўвесь сакрэт, мне здаецца, у тым, каб аслабіць творчасць, панізіць тонкасць аналізу, замест дваццаці вобразаў і сотні сцэн спыніцца на адным вобразе і дзесятку сцэн».

Тады ўсё, што распірала істоту нашага вялікага «няўмекі», што вылівалася паўз яго волю, стыхійна, хвалююча і, вельмі часта, пачварна, набыло б стройнасць закончанай будовы, якая, з прыступкі на прыступку раскрываючыся перад чытачом, на апошнім паверсе дзівіць непаўторнымі даляглядамі і ўзорамі дасканаласці.

Вы разумееце, чаму я ўслед за Чорным паўтарыў «няўмеку»? У тых яго словах гучала нават не спроба дыягназу, а хутчэй горкае прызнанне агульнай бяды нашай прозы. Праз недахоп умельства яна хадзіла і пэўны час будзе хадзіць вобмацкам, пакуль не стане сапраўды прафесійнай. З кожнага з цяперашніх раманаў, якія часта чытаюцца не праз цікавасць да напісанага, а праз любоў і пашану да літаратуры наогул ці да таго, пра што размова, можна выкраіць дзве-тры цікавыя рэчы (з раманаў Чорнага выйдзе і па добрым дзесятку).

Я чытаў новы рукапіс маладога аўтара. Цікавы. І вельмі баяўся: стане яму матэрыялу на чарговую рэч? Першы твор яго ўсцешыў веданнем асяроддзя і самастойнасцю назіранняў у нашым часе. А зараз пісьменнік ўзяўся ўспамінаць юнацтва. Для літаратара да сарака гадоў гэта небяспечна: у такім узросце ён — лабараторыя больш для ўспрымання і рэалізацыі здабытага ў рэчаіснасці, чым для паўторнай перапрацоўкі назапашанага ў складах памяці.

Няўжо, думалася мне, у гэтага таленавітага чалавека пяро стала сухое, не можа зачэрпаць вільгаці з навакольнага, не здольна абагрэць душэўным цяплом успрынятае і хапаецца за агеньчык, які мігціць і здаецца павабным праз юнацкую аддаленасць?

Адчуваю, Вы зараз жа ўдарыце цяжкай артылерыяй прыкладаў з класікі, якія даводзяць адваротнае. Добра, згодзен. Вядома ж, Талстой напісаў «Маленства», будучы зусім маладым. І тым не менш з’явілася «Вайна і мір».

Аднак, я маю чым адбівацца. Па-першае, каб рабіць падобныя рэчы, трэба ўсяго толькі быць Талстым. Па-другое, мая боязь, дзякуй богу, не спраўдзілася: пасля твора аб юнацтве той малады аўтар выступіў з новым, цікавейшым за ўсе папярэднія. Але гэта зусім не значыць, нібы ў яго не было ніякіх крызісных з’яў, проста іх удалося перабыць, перамагчы. У гэтага дый у таго-сяго з іншых нашых празаікаў бяда, відаць, не тая, што прыроджаная здольнасць не настолькі развіта працай і адшліфавана культурай, каб можна было саўладаць з якою ні возьмешся тэмай. Наша проза не атрымала ў спадчыну ўгноенай пакаленнямі глебы, па якой бы, без клопату, абапіраючыся на моцныя традыцыі, падымаўся ўгору гарманічна развіты талент.

Чорнаму было яшчэ цяжэй. Ён прыйшоў, калі не на голае месца, дык у кожным разе на нераскарчаванае, недагледжанае. І замест таго, каб ствараць рэчы мастацтва, быў змушан хапацца за сякеру, церабіць хмызы, выварочваць пні, хадзіць па палосе з сошкаю, а не ездзіць на трактары. Карацей — пісьменніку даводзілася сцвярджаць нясцверджанае, брацца за нязробленае ці недавершанае папярэднікамі, аглядацца назад, класці масты перш за сабою — у створаную чалавецтвам культуру, а пасля і перад сабою — у літаратуру сённяшнюю і заўтрашнюю.

Спадзяюся, Вы не падумалі, быццам я адмаўляю грунт, які паклалі ў прозе Колас, Гартны, Гарэцкі, Бядуля. Але ў той час, калі Чорны ўзяўся за пяро, буйныя творы гэтых майстроў — раманы — былі яшчэ не напісаны.

Вось чаму і адкуль вынікла перад Чорным задача: «Нарысаваць у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа за часы ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён...».

Чорны не быў гістарычным пісьменнікам, не гісторыя вабіла яго, ва ўсякім разе не часы Вітаўта ці Скарыны. Ён не мог трываць правалу, прабелу ў жыццеапісанні, мастацкай біяграфіі народа, не хацеў дапускаць месцаў неасветленых, прагнуў замацаваць адышоўшыя карціны жудаснай рэчаіснасці ў творах мастацтва. Навошта? Ды хоць бы ў сілу таго, што гэта перажыў яго народ. Бо як жа стане зразумелай постаць таго чалавека, які пачаў будаваць жыццё па праўдзе сярпа і молата і пабудаваў яго? Што ён, з неба зваліўся адразу такі чалавек? Не. Ён хадзіў на паўстанне з Каліноўскім, збіраў збожжа ў панскія свірны, але ж і паліў яго, баставаў на чыгунках і броварах у 1905 годзе, рэвалюцыянізаваўся ў імперыялістычную вайну, моцна трымаў зброю ў Кастрычніку і гнаў ёю акупантаў пад час грамадзянскай і Айчыннай.

Вобразы такіх людзей не адступаліся ад Чорнага, пэўней, адзін вобраз — народа на самым складаным і цяжкім кавалку гістарычнага шляху.

Пастаўленую сабе задачу Чорны ўспрымаў як сучаснік. Многа яшчэ няволі ў свеце і многа прыгнёту на плячах у працоўнага чалавека. Вызваленне беларускага народа з царскіх і панскіх ярэм — яшчэ адна прыступка ў будыніне канчатковай свабоды чалавецтва. Значыць, трэба занатаваць навечна, як і кім быў зроблены такі крок, ад чаго і ад каго ўратаваўся беларускі чалавек, якою зброяю ён ваяваў і на які прастор выйшаў пасля канчатковай перамогі.

Кузьма Чорны сек дрэва па сабе. Была для гэтага і дасведчанасць відавочца. Хай мала, а бачыў пісьменнік царскі лад і народ пад няволяй, ведаў і людзей, якія пакаштавалі прыгону. Не напіша пра іх ён, хто ж яшчэ здолее зрабіць гэта?

І Чорны выпраўляў гістарычны пашпарт свайму герою, стаўляў на гэтым дакуменце візы пакут і барацьбы, яны дазвалялі безагаворачны ўезд у сягонняшні дзень. Трэба было па-мастацку давесці, што любімы герой заўсёды быў разумны і духоўна прыгожы, што ўладалі ім ва ўсе часы найвышэйшыя і найтанчэйшыя пачуцці, хоць яму і адмаўлялі ў праве звацца чалавекам і што-небудзь адчуваць.

Справіцца з такой задачай і стварыць эпас пачуццяў — можна толькі з дапамогай гнуткай і выразнай мовы. І ў праве на мову адмаўлялі герою, ён здабыў гэта права. Заставалася здабыць яго пісьменніку, бо лічылася ж не на жарт, што наша мова прыдатна толькі для прымітыву, для апавяданніцаў і вершыкаў «з народнага быту» кшталтам пісаніны забытага па заслугах Пшчолкі.

І Чорны стварыў эпічную мову, натуральную ў вуснах кожнага чалавека: малое Ірынкі, хутаранца Бушмара, Міхала Тварыцкага (парабчука і дарослага), Кандрата Назарэўскага, ткача Гушкі.

Выявілася, што нашай мовай можна выразіць душэўны стан чалавека і рух вайсковых часцей, і баі, і пошум ветру, і думку, якая ператвараецца ў намер, а пасля ў дзею.

Здабыўшы такі інструмент, Чорны пачаў працаваць заложна. Перад ім была неаглядная неруш. Араць не пераараць! Вочы разбягаюцца! Што ні зробіш,— усё ў навіну, а самае горшае — усё добра, бо лепей ніхто з равеснікаў не ўмеў у нас.

Чорны, спяшаючыся, пачынае ствараць вобразы: хто не ведае, што сіла прозы — у яркасці і каларытнасці тыпаў. Пісьменнік высякае вобразы з каменю, лепіць з цімкавіцкіх глін, вычэсвае з дрэва, робіць бясконцыя пралікі ў выбары матэрыялу і зусім не турбуецца прывесці створаную ім галерэю ва ўзаемадзеянне. Адна задума выціскае другую, адкладаецца недапісанае, друкуецца недавершанае.

Здаецца, нястомны скульптар працуе ў накрытай небам майстэрні: растуць фігуры, эскізы, твары, сям-там з’яўляюцца групы. А хітры майстар ходзіць каля сваіх стварэнняў і пасміхаецца: «Многа вас? Будзе яшчэ больш. Сядзіце пакуль ціха. Я ведаю, якую пружыну націснуць, за які шпагат пацягнуць, каб вы пачалі гаварыць, спрачацца, любіць ці забіваць адзін аднаго. Я вывеў вас з небыцця, і ўжо відно, хто вы, адкуль узяліся. Пачакайце крыху, неўзабаве я дазволю вам паказаць, на што вы здатны».

І пажыві Чорны хоць бы і не гэтулькі, як паложана Мафусаілам літаратуры, ён бы давёў да ладу сваю гаспадарку. Даў бы рады ўсім задумам, напісаў бы завяршальны твор, куды б змясціўся і ўвесь вопыт вока і сэрца і ўся практыка папярэдняй літаратурнай работы. А тады прайшоўся б алоўкам па зробленым раней, надаў бы рух спыненым на паўкроку постацям, развязаў бы хаду іх праз жыццё.

Цяпер жа, як ні крыўдна, у яго творчасці шмат ад намеру.

Кажучы так, я сумысля завышаю крытэрыі, набліжаючы іх да аўтарскага, укладзенага ў слова «няўмека». Ды, уласна кажучы, адна мера і павінна быць для ўсяго, што называюць творамі літаратуры: мастацтва і не мастацтва. Гэтага спосабу ацэнкі прытрымліваўся і Чорны — для свае работы і ўсіх, хто працаваў поплеч. Але не будзем забывацца: намеры і задумы Чорнага каштоўныя самі па сабе і важаць больш за многія здзяйсненні.

Мая прадмова відавочна зацягнулася. Але майце цярплівасць! Вы ж, мусіць, адчулі, што я ўвесь час, гаворачы аб Чорным рэчы агульнага парадку, употай спрачаюся з Вамі. Ваша катэгарычнасць у меркаваннях аб пісьменніку як аб з’яве закончанай — паверце, праверце і не крыўдуйце! — мяжуе з міжвольным звужэннем маштабаў гэтай з’явы і, зразумела, Вашай задачы. Не лавіце мяне на слове, быццам узводжу ў канон недавершанасць. Гэта — ваш грэх: усё ў творах К. Чорнага, у сілу замілаванасці да іх, так патрэбнай даследчыку нароўні з цвярозым розумам, здаецца Вам аднолькавым па значнасці. Нават у недагаворанасці, нявыпісанасці і ў відавочных прамашках тыпізацыі Вы схільны вышукваць нейкі глыбока схаваны пісьменнікам сэнс.

Вось чаму пафас Вашых ацэнак і меркаванняў пра аповесць «Люба Лук’янская» мог быць, вядома, зніжаны. Праўда, у далейшым пачынаецца гаворка... аб схематызме ў паказе галоўных герояў рэчы.

«Люба Лук’янская» куды слабей за іншыя творы Чорнага, хоць і прылічаў ён сам аповесць да лепшых і змест яе ў памятнай запісцы аб сваіх творах вызначаў больш чым дзіўна: «Беларуская простая жанчына робіцца інтэлігенткай».

Наколькі гэтае азначэнне не пасуе да твора, будзе відаць пазней. Спярша пра некалькі момантаў кампазіцыі рэчы, вобразы і мастацкія сродкі.

Тут пісьменніку нават здраджвае такая выпрабаваная ім зброя, як гумар.

Калі ўзяць «Мураваны скляпок» — апавяданне прыкладна таго самага часу напісання,— колькі ў ім звонкага народнага гумару! І незраўнаныя слоўцы кшталтам «стаўбуней у дзеўках», і смешнавата-трагічная постаць Тоні Базылькевіча, задражненага чалавека, што нарэшце распрастаўся і зазнаў добрае пачуццё. Гэта ж ён сослепу прывітаўся са сваім белым канём, назваўшы яго імем любімай жанчыны («Здарова, Насця!»).

Выпісак лепш не працягваць! Чорны абавязкова прымусіць пасмакаваць аблюбаванае ім слоўца і пацешыцца формаю сказаў, і тады пісаніны не абярэшся. А сатыру і гумар яго ўсё роўна давядзецца каму-небудзь разглядаць асобна.

У «Любе Лук’янскай» толькі сям-там пракінецца іскрынка гумару, дый то грубаватая або выкарыстаная раней ці не прымацаваная ў гэтым творы і таму перанесеная ў пазнейшыя (апісанне хворасці Стафанковіча перайшло ў «Скіп’ёўскі лес»).

Аповесць без намаганняў расчляняецца на дзве. Першая — жыццё Любы ад бытавання яе ў млынара да нараджэння дзіцяці, дакладней — да ўзнікнення матчынага пачуцця, калі яна кажа: «Хлопчык мой, у тую ноч я хацела, каб ты радзіўся нежывы». Другая аповесць — пра Валю Іваноўскую, праўду сказаўшы, вобраз, як быццам задуманы не для гэтага твора, а прызначаны для пераводу ў адзін з серыі будучых раманаў.

Паспрабуйце паставіць поруч Валю і Любу і падумайце аб іх. Тады не цяжка будзе пераканацца ва ўсім, што кагадзе гаварылася. Абедзве гераіні, няма чаго казаць, намечаны вельмі цікава, але ў што яны вырастаюць? На нашых вачах адбываецца дзіўная архаізацыя пачуццяў. Валя — калі не вырасшы ў тып, дык ва ўсякім разе вельмі выразна акрэслены прадстаўнік моладзі, якая выходзіла на савецкія дарогі жыцця ў 20-я гады нашага стагоддзя. Галаднаватыя, змушаныя ўмовамі нэпа абіваць парогі бірж працы, маладыя людзі жылі непагаснаю вераю ў справу бацькоў і рабілі яе. А перабіваліся абы-як: насілі сандалі з драўляных дошчачак, хапаліся за першую, што траплялася, работу. Як Валя: арганізавала школу і знайшла для яе вучняў, каб толькі спраўдзіць мару, стаць настаўніцай і мець ад жаданай работы кавалак хлеба.

Варта ж было ёй сысціся з Сашкам Стафанковічам, як усе гэтыя чыстыя якасці душы, не сказаць, каб зніклі, але ж адышлі, саступіўшы месца нечаканаму.

Мы чытаем, што Любу «цягнула на споведзь перад многімі». За ёю і Валя пачынае адчуваць жаданне ці, як казаў Дастаеўскі, «патрэбу папакутаваць». Вось што ён пісаў, відаць, хочучы падсумаваць душэўны вопыт і абагуліць духоўны воблік сваіх герояў, а можа і пэўным чынам знайці тлумачэнне ці апраўданне іхнім паводзінам:

«...самая галоўная, самая карэнная патрэба рускага народа,— гэта патрэба пакуты, заўсёднай і няўтольнай, усюды і ва ўсім. Гэтай прагаю пакуты ён, здаецца, заражаны спакон веку. Пакутніцкі струмень праходзіць праз усю яго гісторыю, не ад надворных толькі няшчасцяў і бядот, а б’е крыніцай з самага сэрца».

Валя, грамадска актыўны чалавек, неўзаметку трапляе пад «пакутніцкі струмень». Мучыцца ад нездаволенага, натуральнага, але, на жаль, толькі аднаго жадання і жыццёвай мэты — мець дзіця. І трэба ж надысці жаданай хвіліне акурат тады, калі высвятляецца, што бацька будучага дзіцяці — нікчэмнасць, фальшывы герой, які да таго ж ашукаў і Любу, і не толькі не пацікавіўся лёсам ашуканай, а старанна ўнікаў сустрэчы, шкадуючы даць капейчыну на дзіця і баючыся, каб гэта як не пашкодзіла яго кар’еры.

Дзве звязаныя сяброўствам жанчыны звязваюцца да таго ж ніцямі няшчасця: маюць дзяцей ад аднаго і таго ж нягодніка, іх аднолькава ашукалі і ашукваюць.

Дзе ўжо знойдзецца шырэйшы прастор для пакуты! А калі яна «б’е крыніцай з самага сэрца», дык ператвараецца ў своеасаблівую асалоду, чалавек пачынае шукаць выпадку лішні раз «папакутаваць» і абавязкова на людзях.

Гэтак і Валя. Ведаючы ўсё пра Сашку, адпакутаваўшы ўжо сваё ў выкрываўчай гаворцы з Любаю, Валя ўсё ж вядзе яго пазнаваць фрэнч на руінах сяброўчынай хаты. І гэтага не хапае! Цягне мужа да Любы, стараючыся ні на момант не замарудзіць, каб трапіць на самы пачатак сустрэчы. Валі хочацца, «каб там народ які-небудзь быў, каб як агнём цябе пеканула». Ці трэба тлумачыць гэтае помслівае жаданне: балела мне, хай пабаліць і табе! Валя трымаецца так, што ў чытача расце пэўнасць — яна разарве з Сашкам. Праўда, Валя, намнажаючы пакуты, нібыта клапоціцца, «каб стаў чалавекам» Сашка. Але гэтая сучасная думка прыходзіць да жанчыны запозна, пасля ўсіх выпрабаванняў пакутай, якія яна ўжывае да мужа. І, самае галоўнае, Валіны намаганні не дасягаюць мэты: ён і не думае мучыцца і хвалявацца, яго палохае толькі выкрыццё, а значыць, страта дабрабыту і пасады.

Спадзяюся, Вы не будзеце пярэчыць, што пачуцці Валі, нашай з Вамі сучасніцы, не вельмі сучасныя. Яны архаізуюцца неправамерна, не праз якія-небудзь жыццёвыя падставы, а ў сілу прымацаванасці да літаратурнай крыніцы. Вышэй мы назвалі яе.

У гэтым галоўнае засмучэнне ад рэчы і немалая крыўда за Чорнага. Пісьменнік з амаль неверагодным запасам зачэрпанага ў жыцці матэрыялу спакусіўся знойдзеным, ступіў на сляды, хай сабе і бязмерна вялікага таленту. Ды хоць бы павёў далей ці пашырыў не ім прабітую сцежку, а то ўкалупнуў чужога пірага і не наеўся, а паграшыўся — на губах засталіся крошкі.

Пачатковыя раманы («Сястра», «Ідзі, ідзі») даносілі подых Дастаеўскага, як быццам успрынятага Чорным праз ранняга Ляонава. На гэты раз пісьменнік чэрпаў з аблюбаванай і ўпадабанай ім студні непасрэдна.

Хіба ж не ўспамінаецца Вам славутая гісторыя пра Лізавету Смярдзяшчую і яе спакушальніка? Ці не тыя ж гэта рызманы, закінутасць, адзінота? Нарэшце, выпадковая цяжарнасць і нараджэнне сына.

Дый не адну Любіну забітасць паказвае Чорны, ён прыпісвае гераіні і разумовую непаўнацэннасць гераіні Дастаеўскага, маці Смердзякова, аднаго з братоў Карамазавых.

«Адкуль жа ты сюды прыбілася?» — пытаецца Сашка і чуе: «З дарогі, што за лесам».

Прыдуркаватасць гучыць скрозь у Любіных словах на першай пары нашага знаёмства з ёю, выклікаючы непажаданыя прыгадкі аб раней створаным вобразе.

Каб скончыць гэту размову, спашлемся яшчэ раз на фінальную сцэну. Хіба гэта не жывы і не беспасрэдны водгук страсцей і пакут, якія кіпелі на кватэры ў Настассі Філіпаўны, калі ўсе патайныя закавулкі душ абнажваліся перад камінам, дзе вось-вось павінен быў загарэцца стотысячны пачак асігнацый, прывезены Рагожыным. І ў Любіным пакоі адбываецца раскрыццё пачуццяў, у форме, дарэчы, больш уласцівай людзям мінулага веку.

Паслухайце толькі!

Вось Любін бацька: «...плячыма да дзвярэй стаяў чалавек у вайсковым адзенні. Выцягнуўшы перад сабою рукі (!), ён трымаў у іх Любіну галаву... вайсковец дастаў з кішэні кавалак нейкай матэрыі.— Ты тады, Люба, не ўзяла была з сабою гэтага кафтаніка... А вазон твой тады так і высах... Па гэтым кафтаніку было відно, якія ў цябе тады былі вострыя плечы».

Бачыце, як элементарна нясціпла і непраўдзіва. Нібы падменена пісьменніцкая рука і піша гэта вельмі пасрэдны з сентыменталістаў.

А вось які Сашкаў бацька: «Стафанковіч стаяў, як распяты на сцяне... У гэтую хвіліну ён адчуваў сябе тут так, быццам гэтыя ўсе людзі маюць дачыненне да яго душы, якую ён і мае права тут перад імі выварочваць».

І ў гэтай сцэне прысутнічае своеасаблівы «пачак грошай» — футра, якое прынёс стары Стафанковіч. Аўтар занадта часта звяртаецца да рызманоў. Колькі разоў са смакам апісваюцца брудныя анучы, што служылі Любе за вопратку, аж пакуль яна не памылася і, астатні раз «папакутаваўшы» над смярдзючым рыззём, пераапранаецца.

Схільнасць перабіраць анучы можна дараваць беднай Любе, старому Стафанковічу. Але наколькі чужы гэты занятак Валі Іваноўскай і тым больш Лук’янскаму, які, праўда, намёкамі, але ўсё ж малюецца як палкаводзец. Тым не менш, Валі суджана праз сатлелы фрэнч дазнацца пра сапраўднае аблічча Сашкі, яна турбуецца аб лёсе старога Стафанковіча і яго футра, а «грозны камандзір» заўсёды носіць у кішэні дзіцячы кафтанік Любы!

Можна было б назваць гэта непатрэбным сантыментам, каб не аказваўся і тут успамінаны крыху вышэй «пакутніцкі струмень». Бацька страціў дачку, яму горна, а кавалак анучыны штохвіліны нагадвае пра страту, прымушае «пакутаваць».

Зрэшты, даволі. Я зусім не збіраюся ўстанаўліваць унутраное або знешняе падабенства фінальнага эпізоду аповесці з творам Дастаеўскага. Гаворка ідзе аб агульным вобразе сцэны ў Чорнага, аб контурах і рамках, у якіх яна адбываецца. І тут памылкі не можа быць: хто б ні разгарнуў тыя старонкі, міжволі адчуе прысутнасць вялікага ценю.

Адбыўся выпадак, які можна назваць стратай уласнай формы і, быць пэўне ж, зместу. Вы не здзівіцеся, успомніўшы Гегеля: форма ў адзін і той жа час і змяшчаецца ў самім змесце і ўяўляе сабою штосьці знешняе да яго. Даруйце, цытую на памяць!

Чорны звярнуўся да Дастаеўскага па форму, аднак геній класіка перасіліў талент сучасніка. Дастаеўскі павёў пісьменніка новай пары, перад усім, за сваім зместам, а ў залежнасці ад гэтага прадыктаваў і адбор мастацкіх дэталяў і манеру пісання.

Цяпер можна перайсці да асноўнага пункту мае нязгоды з Вамі.

Галоўныя вобразы — Люба, Валя — не зараджаны жыццёвым матэрыялам так, каб развіцца ў поўную сілу, па тым пункціры, які дадзены ў іх пачатковых характарыстыках. Адсюль і слушна заўважаны Вамі схематызм. З такой немалаважнай акалічнасці, гэта значыць, пры непаўнаце рэалістычнага паказу і непаўнацэннасці тыпізацыі, пачынаюцца заўсёды гаворкі аб інакшсказаннях, сімвалах і сімволіцы.

Не мінулі гэтага лёсу і Вы. Адсюль Ваша спроба разглядаць Любу як рэалістычны вобраз-сімвал.

Сіраціну, якой выпала горкая доля, давялося перацярпець здзек і ашуканства, а потым зазнаць радасць асветы, шчасце знойдзенай сям’і, можна, вядома, атоежсаміць, як робіце Вы, з краінай, што перамерала нялёгкія шляхі да сапраўднага святла і свабоды. Можна, але ці лагічна гэта і ці патрэбна?

Вобраз-сімвал, тым больш рэалістычны, не ўзнікае адзін, ён існуе ў асяроддзі сабе падобных. Хто ж тады ў пераводзе на мову сімволікі будуць Вэня і Сашка, якія адразу рынуліся да Любы, калі яна скінула рызманы і паказалася вартаснай на мужчынскае вока істотай? А што за яны — млынар і стары Стафанковіч? Якім чынам растлумачыць у плане сімволікі з’яўленне дзіцяці ад нягодніка? Каго, нарэшце, загадаеце разумець пад Валяй Іваноўскай з яе так падобным да Любінага лёсам?

Настроіўшы сябе на расшыфроўку гэтых уяўных сімвалаў, лёгка ад схем пісьменніцкіх прыйсці да схем крытычных.

Ваша праўда, Чорны тут — схематычны. Трэба думаць, на гэты раз ён паспяшаўся пісаць, не будучы гатовым, унутрана сабраным.

Шырыня задумы пісьменніка патрабавала той сталасці таленту, якая прыйшла да яго пазней, з «Пошукамі будучыні» і «Скіп’ёўскім лесам». Сапраўдная філасофія твора куды шырэйшая за наўмысную падстаноўку сімвалаў пад рэальныя асобы і абставіны. І Кузьма Чорны з першай жа старонкі пастараўся паразумецца з чытачом. Асяроддзе, якое ён найбольш ненавідзеў, акрэслілася ў свядомасці, а значыць, і ў аповесці, адным словам — Камароўка. Некалі гэта быў брудны і душны, заселены мяшчанамі прыгарад дарэвалюцыйнага Мінска.

«Само паветра, якое тут стаяла,— піша Чорны,— спрыяла таму, што чалавечая душа абгортвалася карой фальшу і дробнай хітрасці. У тых людзей, якія тут жылі, і ў тых, што тут бывалі, размах жыцця быў вераб’іны. Такая была і хітрасць... часамі і пад вераб’інай хітрасцю камянела гадаўскае сэрца, якое магло абязвечыць свайго, скажам, блізкага навек».

Пісьменніка нельга ўпікнуць у скупасці фарбаў. Ён нават не адрознівае тых, што складалі мяшчанскае кодла, ад тых, хто так ці іначай датыкаўся да гэтага асяроддзя, бачачы ў адных і ў другіх аднолькава ненавісны «вераб’іны размах» жыцця і «гадаўскае сэрца» пад «вераб’інай хітрасцю». Як мастак Чорны мяркуе: хто ўваходзіць у дачыненні з дробнымі людзьмі, сам не з буйных або неўзабаве здрабнее сэрцам. Але яшчэ большы выклік чуецца за вайной, абвешчанай Чорным мяшчанству, як саслоўю, з усёй яго грамадскай бясформеннасцю, кансерватыўнасцю і варожасцю дробнага ўласніка да новага і нязвыклага. Тут нельга не заўважыць, як моцна паўплывала на пісьменніка ленінскае абурэнне «Сухараўкай», такой жа Камароўкай, але незраўнана большага памеру і маштабу.

Мастак замахнуўся на тую, калі можна так сказаць «агульначалавечую» катэгорыю мяшчанства духу, мяшчанства справы, што аніяк не можа звесціся, а прыжываецца на чужым соку, як амяла, і каростай успадае на арганізмы больш трывалых сацыяльных груп.

Камароўка ў аповесці — толькі пункт, адкуль зручна адштурхнуцца. Потым можна ўдарыць святлом мастацкага абагульнення па ўсіх нязмеценых рэвалюцыяй мурашніках у краіне, выкрыць шматлікія дробненькія «Камароўкі» ў чалавечай істоце і, нарэшце, збунтаваць добра ўстоеную, застыглую пад бросняй дрыгву вялізнай «Камароўкі» там на Захадзе, за недалёкай у час напісання аповесці мяжой, дзе ўжо разлягаўся іншы свет.

Мяшчанства калечыць жыццё рознымі спосабамі адносін да чалавека, у першую чаргу абыякавасцю, хамствам, падманам. Яно глухое да гора і зайздрослівае да радасці, здзекуецца і кпіць з усяго недаступнага дробнаму ўразуменню: з велікадушнасці, адвагі, самаахвярнасці, высакародства. Яно душыцца за падвойнымі рамамі свайго берлагу, але наглуха замуроўвае форткі ад паветра. Яно схільна адчуваць сябе «воссю зямлі», ганарыцца ўдаванымі заслугамі, дарма што на староннія вочы няма ў ім ніякай вагі і значнасці. Яно засмечвае зямлю сквапнасцю, хцівасцю, скупасцю і гатова наталіць гэтыя тры клячы пана Багацця цаной свайго ці чужога жыцця. Нарэшце, мяшчанства зашываецца ў нару пры першым павеве небяспекі, сцелецца лістам перад мацнейшымі за сябе і не мінае выпадку патаптацца на тых, мацнейшых, калі яны выпадкам прыстануць ці аслабнуць.

Многа ёсць яшчэ іншых адзнак, па чым пазнаецца мяшчанства, як бы яно ні ўбіралася. Пэўна ж ведаў іх Кузьма Чорны, пачынаючы сваю аповесць. Але ўвагу яго прыцягнула не філістэрства, з якога так весела і злосна здзекаваўся Гейнэ, а сканцэнтраваны вобраз мяшчанства на айчыннай глебе. Такім здаўся пісьменніку ў Дастаеўскага стары Карамазаў. Не пана ўбачыў у ім Чорны, а мешчаніна, паўзучае і памаўзлівае стварэннейка, здольнае на любую подласць, здольнае раскрыцца ва ўсёй абнажанасці тых якасцей, што мы паспрабавалі пералічыць крыху раней. І трэба аддаць справядлівасць мастаку: знайшоў у мешчаніне новыя, сучасныя выкрывальніку рысы. І знайшоў сваю, чорнаўскую, нават больш — нацыянальную — мерку для мяшчанства: вераб’іны размах і гадаўскае сэрца. Знайшлося і азначэнне — Камароўка, аднолькава трапнае, незалежна ад таго, прыкладаецца яно да мяшчанства ў местачковай ці ў сусветнай роўніцы.

І тут выказалася яшчэ адно творчае памкненне Чорнага: узбуйняць маштабы з’яў, падзей, чалавечых учынкаў. Іншымі словамі, праз тыпізацыю рассоўваць рамкі нацыянальнага, каб быць зразуметым шырэй і размаўляць з усімі моваю страсцей і дзеянняў пра сваё, самім мастаком на сваіх прасторах убачанае, вылучанае ў рад незвычайнага і ўзведзенае на ступень тыповага.

Аднак вайна з мяшчанствам, у тых памерах, як яна была задумана і абвешчана Чорным, патрабавала большых рэзерваў і больш дасканалага ўзбраення, чым меў тады пісьменнік. Ён відавочна перабольшваў незвычайную сілу, магію, ці што, слова.

Люба прачытала адрас на лісце і знайшла старога Стафанковіча. Дапамагло слова! Дык чаму ж гэтым словам не паспрабаваць вярнуць чалавечае аблічча сяброўчынаму мужу, Сашку, які быў «не работнікам, а чынам». І сапраўды, Люба гаворыць да Валі: «Заходзь з ім да мяне. Я яму раскажу сваю гісторыю, пакажу свайго сына, пакажу тое, што пра мяне пісалі, а я ж ніякай славы не дамагалася, я толькі працавала».

Гэта гучыць трагічна — Сашка ж бацька Любінага сына! — і падкрэслівае Любіну высакароднасць. Але ў дачыненні да мяшчанства трэба было ставіць мастацкаму слову задачу бязлітаснага выкрыцця.

Напэўна, слова справілася б з такою функцыяй, але будучы падпёртым сталай думкай, шырокай і прасторнай, каб мяшчанства як ненавісная і падлеглая вынішчэнню з’ява, абагульненая ў найбольш прыкметных і агідных рысах, было выстаўлена на ўсялюдскае ганьбаванне.

Задума рэчы была значная і ўладала аўтарам моцна. Але, відаць, Чорны пачаў аповесць яшчэ не ведаючы, як і куды пакіруе лёс герояў і паслядоўнасць падзей. І хацеў хутчэй вызваліць вобразы, хоць контурна, з паглынаўшай яго думкі, каб дазволіць ім развівацца і дзейнічаць паводле закладзенага ў кожным зародку тых ці іншых духоўных якасцей.

Як дасягнуць гэтага? Кінуўся па дапамогу да Дастаеўскага, паспрабаваў звярнуцца да моцы слова і ўсё ж задума не разгортвалася, як хацелася б, як вымагала звычайная патрабавальнасць. А калі ўбачылася па-свойму сцэна абеду ў доктара, Вэневага супрацоўніка, і ўсё ажыло: атрымалася сапраўднае развянчанне абодвух герояў. Далей пацягнулася думка, каб Сашка ў глушы ўзяўся «за сапраўдную працу». Стала ўсё непраўдзіва і літаратурна, а галоўнае, узнікла супярэчнасць з задумай. Гушчыня фарбаў на пачатку аповесці, далейшая абмалёўка Сашкі — падлюгі і кар’ерыста — не дазволяць паверыць у яго перайначанне: у чытача ніколі не ўзнікне сімпатыі да маладога Стафанковіча.

Твор дзесьці ў сярэдзіне прагнуўся, на адну сюжэтную лінію налажылася другая — з’явілася Валя, закасавала Любу: хоць ты называй аповесць — «Валя Іваноўская».

Нарабіўшы буйнейшых пралікаў, пісьменнік не зважаў на дробныя, не правіў нават відавочных недапісак. Глядзіце: у творы няма ніводнай сустрэчы, якая вынікала б з сюжэтнай неабходнасці. Ланцуг выпадковасцей цягнецца ад экспазіцыі: сустрэча Вэні і Стафанковічаў, заезд Вэні да млынара дый багата чаго.

А які няўважлівы тут Чорны да дэталей і падрабязнасцей, што дапамагаюць захаваць элементарную верагоднасць.

Сіняк у Любы на плячы набег, калі трымала падлогу ў млыне, а не сыходзіць ледзь не гады і пасля пераезду гераіні ў Мінск. У розных месцах па-рознаму Люба тлумачыць, як трапіла да млынара:

«Я выйшла разам з усімі з вагона, і ўсе пайшлі хто куды мог» (стар. 28).

«Маці памерла ў вагоне, я выйшла яе хаваць, а далей ішла пешшу па дарозе» (стар. 37).

Сашка Стафанковіч сказаў, што едзе ў «горад такі самы, як і Мінск» (стар. 80). І раптам гэта «глухі раённы гарадок» (стар. 102).

Больш таго, Чорны ўжывае ў аповесці прыём, якога ён не прымаў у З. Бядулі і лічыў забароненым для сябе, а менавіта — спісваць адмоўныя персанажы са знаёмых, тых, на каго злаваў ці меў крыўду. У «Салаўі» пад прозвішчам ксяндза Курачкевіча ўгадваўся адзін выкладчык літаратуры. У «Любе Лук’янскай» Сашка Стафанковіч амаль не тоячыся спісаны з даволі «папулярнага немаведама за што» літаратара, які пакінуў ашуканую дзяўчыну на мяжы самагубства. Каб не было ў чытача памылкі, у каго ён цаляе, Чорны зрабіў сугучнымі прозвішчы прататыпа і героя і надзяліў апошняга некалькімі вельмі ж адметнымі рысамі.

Гэта — «крык аб уласных заслугах» і неадольная «прагнасць да таго, каб мець славу, але лёгкую», быць заўсёды на відавоку, «...у першым радзе тэатральных крэслаў, або за плячыма каго-небудзь большага за яго, чыім аўтарытэтам ён быў асвечан у хвіліны, калі стаяў тут поблізу».

Што казаць, гэтыя дробязі можна было б і абмінуць. Аднак такія недагляды ў пісьменніка патрабавальнага і нават прыдзірлівага сведчаць: не проста яму пісалася, аб нечым большым ён думаў і дбаў, калі нават адступіўся ад пачатковай задумы. І гэта большае — прыход новага чалавека, ператварэнне Любы ў разгарнуўшую крылле асобу, немагчымае па-за межамі савецкай рэчаіснасці. Гэты працэс паказан у значнай меры праўдзіва, тут не трэба папракаць Чорнага як мастака.

Шкада толькі вось чаго. Гісторыя Любы ўражае, хоць і вельмі знаёмая яна, калі агаліць сюжэтны касцяк; кулакова наймічка, ашуканая чалавекам без сумлення, прыйшла ў горад, навучылася грамаце, выгадавала дзіця, стала добрым і прыкметным чалавекам. Аднак гэта гісторыя магла б узляцець на ўзровень наддарожных зорак літаратуры, набудзь станоўчы вобраз такую яркасць, стань ён настолькі дзейсным, каб не толькі скінуць з дарогі Вэню і Стафанковіча і тым самым мяшчанства, якое яны ўвасабляюць, а ператварыцца ў вобраз часу, калі хочаце, у сімвал непераможнасці яго.

Глядзіце! Млынар і Вэня, здаецца, выхаплены з самай гушчы тагачаснага жыцця, так яны пераканаўча гавораць і робяць усё па загаду іх «гадаўскага сэрца», што — дазволь толькі! — устануць са старонкі і пачнуць сварыцца грубымі сіплымі галасамі.

А Люба і тым больш Валя? Ці паводзіны і ўчынкі гераінь прымушаюць іх так выразна паўставаць перад нашым зрокам? Ці высвятляе іх характары ўкладзеная ў іхнія вусны мова?

Сапраўды, была-была Валя добрай дзяўчынай з пачатковай пары савецкага ладу, а сустрэлася выпрабаванне — пачала дзейнічаць і адчуваць — «пакутаваць», як яе прабабкі, да таго ж апісаныя ў іншых творах.

 

Вось наша размова і пры канцы...

У памятнай запісцы Чорны назваў апавяданне «Хвоі гавораць» гімнам маладосці. Чаму іменна гэту рэч, дзе як быццам невідочна пануе ўлада смерці?

Услухаемся ў Чорнага.

Дзядзька Язэп маўчыць, «бунт у ім схаваны ў глыбіні». Перш за ўсё гэта бунт супраць смерці як крыўднай недарэчнасці, якая адабрала ў яго сына. Язэпаў бунт паджыўляюць дзяўчаты, якія «заліваюцца слаўным срабрыстым смехам», і камсамольцы, якія моцна спяваюць, каб падражніць папа, у чыім доме зараз клуб. Там хлопцы чытаюць Дарвіна, і галасы іх абуджаюць думкі: «Гэта прэлюдыі да будучай індустрыяльнай вайны з прыродай» (можа і не прароцтва, але нядрэнна зірнута з 20-х гадоў у наш час).

Але Язэп прыгнечан смерцю блізкага чалавека і настроен філасафічна. Раўнівае пачуццё апавядальніка не згаджаецца, што стары абыякава ставіцца да шэптаў пары на недалёкай прызбе, «...як бы гэта Дося яму не дачка, а студэнт не малады хлопец, а якая-небудзь танная істужка, што выпадкова і без ніякіх слядоў пасля сябе абнімае Досіну шыю».

І як быццам знарок, каб паглыбіць смутак Язэпа, прыходзіць сусед з просьбай зрабіць яго жонцы труну.

Назаўтра майстры, габлюючы дошкі, выпіваюць па кроплі і ядуць, што там мог падкінуць на пачастунак заўдавеўшы гаспадар. Гэта не паўтор славутага апавядання, дзе расказваецца, як сялянка, пахаваўшы сына, есць капусту, бо яна «пасоленая». Там праз подых страшэннай беднасці чуецца пакора перад смерцю, тут — жыве жыццесцвярджэнне і бунт супраць адвечнай неабходнасці.

Яны ўсе — моцныя жыццялюбы, гэтыя майстры, у тым ліку і дзядзька Язэп. Майструючы чалавеку бязвокную «хату», драўляны кажух, як гаварыў Якуб Колас, пры гэтай самай цяжкой, не фізічна, вядома, рабоце, сталяры не толькі праводзяць адышоўшага чалавека чаркай, а яшчэ і пяюць яму ў апошнюю дарогу:

 

А там беглі-грукацелі

Залатыя-вараныя...

 

Мы не раз слухалі, як над дарагім нам нябожчыкам спявалі рэквіем і арыі ці песні з тых, што найбольш падабаў ён жывучы. І ўсё ж не адразу паверылі ў праўду кінематографа, пачуўшы, як спевы ўварваліся да смяротнага ложа маладога Балконскага.

Праўдзе літаратуры ў гэтым выпадку верыш без ваганняў. Дарма, што песня гучыць не ў жалобна-ўрачыстай зале, а ў халаднаватым гумне, дзе поўна стружак, на тварах у людзей пілавінне і рукі ў іх запэцканы смалою. Яны робяць работу, смутную і горкую, але работу, без яе немагчыма далейшае жыццё. Пры рабоце заўсёды пяюць: лягчэй працуецца дый сэрцу лягчэй, не так апаноўваюць благія думкі. А што спяваюць не дыпламаваныя выканаўцы на падмостках, а звычайныя сяляне, стоячы босымі нагамі на гліняным таку, гэта толькі сведчыць аб тонкасці іхніх душ і глыбіні перажыванняў.

Тут Чорны намацвае грунт, дзе ўзрасталі народныя трагедыі, узор якіх нам падараваў Шаўчэнка ў «Гайдамаках». Там, відаць упершыню ў сусветнай літаратуры, пахаванне трактуецца як работа. Гэта трагічна, але яшчэ ў большай меры жыццесцвярджальна.

Гора дзядзькі Язэпа пасля надтруннай песні сталяроў знайшло выхад у слязах, і ён ужо суцяшае апавядальніка, які кахае Досю, іранічна зазначаючы: «колькі яе ёсць, гэтай дзяўчыны». Язэп мае сілу на жарт і на параду, як быць з гэтым каханнем, як адсунуць убок студэнта: «адсадзі яго к чорту — і справе канец».

Вось, па-мойму, у чым сэнс заўвагі пісьменніка пра адно з сваіх пачатковых апавяданняў: гімн маладосці. Я дадаў бы: маладосці душы і чалавеку. Адсюль жа пачынаецца няспынная хада ў будучае, шуканне яго для сваіх герояў і для сябе.

У гэтым непадуладная зменам часу каштоўнасць твораў Чорнага.

1963-1964


1963-1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан