epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Лявоніха

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
*


 

1

 

Няўцешнаю гадзінай

На твой ступіў я шлях,

Бацькоў маіх радзіма,

Палеская зямля.

 

Мурожны і лясісты

Ласкавых сэрцаў край,

Ды рос там непамысны

Нішчымны ураджай.

 

А скрозь глядзелі хаты

У люстра поўных рэк,

Патупваў хітраваты,

Спаважны чалавек.

 

Зімой дзічка ўпалюе,

Б’е рыбу ў ледастаў.

Не скажа:

«Я мяркую!»

А ўсё:

«Як той казаў».

 

Не то каб меў за сорам

У вока праўдай тнуць,

Ён так навучан горам,

Калі не мог дыхнуць,

 

Калі пятой жандара

Яго прыціснуў пан,

Калі ён гаспадарыў

Ад сошкі і цапа.

 

І толькі знаў дакуку,

Чуць што:

«Спускай штаны!»

Упісвалі навуку

Яму ніжэй спіны.

 

У пошуках ратунку

Ад гэтых злых прыгод

Сваю святую думку

Валіў ён на «таго»:

 

Як той казаў, аконам

Сыцей за воўка жыў;

Як той казаў, законам

Хоць пень падперажы.

 

А хто ён, «той»? У свеце

Спаткай ці дажані,

Калі дагоніш вецер

Сярод пажатых ніў.

 

Прыдумка скіне шоры

І рынецца ў аблёт,

Увесь яе паўторыць

Ваколічны народ.

 

І так, абавязкова,

Па коле прыйдзе зноў,

Пастукаецца слова,

Адкуль пайшло, дамоў.

 

І хтось, нібы не ведаў,

Як бы не сам складаў,

Штурхне пад бок суседа:

«Ці чуў, як «той» казаў?»

 

Прыложыць, прымудруе

І рад — чаго яшчэ! —

Ён выкпіў долю злую,

Нібы прагнаў з вачэй.

 

Хоць гнуўся з панскай ласкі

І часта еў кару,

А песняю і казкай

Багаты беларус.

 

З высокіх ганкаў дома,

З гары, дзе мы стаім,

Шчаслівы мой патомак,—

Схіліся перад ім.

 

Ён з граматы агорваў

«Тры крыжыкі» навек,

Не злыдзень, не аторва,

Цярплівы чалавек.

 

Лічыў за гонар працу,

Як пух, араў папар,

Здаралася, знянацку

Нажне снапок з выгар.

 

Але бяды не сходаў,

Бо вочы выеў дым.

Ён жыў даўно, твой продак,

Схіліся ж перад ім.

 

Яго ў старых выданнях

Размалявалі ўсмак,

Цянётамі паданняў

Заблытвалі ўсяляк.

 

Ману пагналі хваляй

Пра люльку з капшуком

І голаў забрыталі

Злавесным каўтуном.

 

Балотнай трасцай білі,

Загнюшвалі душу,

А зверху начапілі

Мянушку:

«Паляшук».

 

Ды не зламала трасца

Яго ў глухім жыцці:

Пачаў угору брацца,

Вышэй бароў расці.

 

Ён развітаўся з горам

І перад светам стаў,

Прыдбаўшы сталы гонар

Умельца слаўных спраў.

 

 

2

 

Там кожны добра ведаў

Дамок ля ветрака,

Гудца, па ўзросце дзеда,

Ды трохі дзівака.

 

Дамочак — тры на восем —

Як быццам зазываў:

Хлябок падзелім з госцем,

Крыніца дасць пітва.

 

Зямлі — з жабрачы вузел,

Ды ў дзеда на страсе

Чырванадзюбы бусел

Спаў на адной назе.

 

Было з дзесятак клетак

Са спеўнай птушыной,

Цвіло ці мала кветак

Пад вокнамі вясной.

 

Збірала лета ў соты

З пахучай ліпы мёд,

Дарыла і ўмалотам,

Няхай не кожны год.

 

Як жнівень мэндлі звозіў,

Уцёршы пот з пакош,

Па садзе несла восень

Буйных антонаў кош.

 

Выспельвала ігрушы,

Як медныя званы,

Збіраючы ў папушы

Буйныя тытуны.

 

Каб доле пасадзілі,

Дык і дзіця расло б:

Ніколі на сядзібе

Не зводзіўся прыплод.

 

Была з удачай хата,

Трымаўся добры лад:

Прыводзіла багата

Жывёліна блізнят.

 

А на пацеху ўнучкам,

Хоць і бурчыць стары,

Не астанецца сучка:

Прываліць пар са тры.

 

І кожная тварына

Маленькага двара

На мове гаварыла

Свайго гаспадара.

 

Як выйдзе раніцою,

Ускінуўшы кажух,—

Авечай мітуснёю

Акажацца катух.

 

Як быццам бы пад швайкай,

Падсвінак вераскне,

Перажаваўшы жвайку,

Падласая ўздыхне.

 

Вачыма сонна лыпне,

І, быццам незнарок,

Падняўшы мызу, мыкне

Лабаты бугаёк.

 

Няпэўнымі нагамі

Падыдуць да рукі,

Варушачы губамі,

Два лысых стрыгункі.

 

І раптам дасць у трубы,

Задраўшы галаву,

Высокі, белагруды,

Як жораў, галагут.

 

Аж рэха страпянецца

Ад стрэшкі да сцяны,

А дзед сабе смяецца:

— Адкуль гэта бярэцца

У дробнай птушыны?

Тут і мярцвяк ускочыць

Ад пеўневай трубы!

 

Пад свірнам забуркочуць

Сівыя галубы,

Хвастамі завіляе

Сабачая сям’я.

 

Дзед весела гукае:

— Капэлія мая!

 

Зарохкае, забрэша,

Замыкае хляўчук...

А гаспадар усцешан:

— Мацней, зялёны сук!

 

 

3

 

Дзівіліся па вёсках

І, меркаваўшы ўсяк,

Пусцілі пагалоску,

Нібыта дзед — вядзьмак.

 

Што ён, травы на пойме

Сабраўшы ля ракі,

Як дасць карове ў пойле,

Дык зразу блізнюкі.

 

Каб выпытаць сакрэты

Пра тыя спарышы,

Старому шмат за гэта

Стаўлялі барышы.

 

Перакуліўшы чарку,

Ён важна прамаўляў,

Што трэба гаспадарку

Трымаць, як той казаў.

 

Бо кожнае ж стварэнне

Шануе догляд твой:

Падбай у час аб сене,

А ў холад цёплым пой.

 

Ён ведаў трохі лекаў,

На зёлках разумеў,

У болю чалавеку

Ён пасабіць умеў.

 

Патрэбныя прыкметы

У памяці збярог,

Якое будзе лета,

Сказаць зімою мог.

 

А сілаю замоваў

Ніколі не ўладаў,

Хоць пра вядзьмарства мову

Не лішне адкідаў.

 

Была з таго пашана

І чарка на стале.

Хадзіў ён на Івана,

Як бы на чары, ў лес.

 

А ў пушчы грыбам пахне,

Жывіцай баравой.

Ні чараў тых, ні страхаў

У цішыні начной.

 

Там, каля хвояў гонкіх

Прыстояўшы адзін,

Паслухае гамонкі

Шумлівых верхавін.

 

Далоняю пагладзіць

Смалістыя камлі

Ды сам сабе парадзіць:

— Эх, дошчачкі былі б!

 

І дрэў, як у люстэрку,

Жыццё яму відно.

Пускаў святло сякеркай

У дом цераз акно.

 

Пяе на гэблі стружка,

З-пад майстравай рукі,

Як шлюбная істужка,

Злятае на бакі.

 

Ён вырабляў драбіны —

Цяпер такіх няма:

Да лёстачкі — з кляніны,

Хоць зараз на кірмаш,

 

А ў снежныя павевы,

На радасць хлапчанят,

Малым выточваў з дрэва

Звяроў і птушанят.

 

Па лыжцы ўсім знаёмым

Спрэзэнтаваць любіў,

Адно труны нікому

Ніколі не зрабіў.

 

— Я, бачыш, не аматар,—

Казаў на просьбы ён,—

Стаўляць глухія хаты,

Без печы, без акон.—

 

Было ў сталярцы чыста,

Уцешна для душы

І крышачку ўрачыста,

Як колісь на імшы.

 

Кавалкаў восем грабу

Ён вяліў там з вясны,

Камлі чырвоных яблынь,

Бярозы і сасны.

 

Здаецца, ажывалі

Застыглыя брусы

І формы набывалі

Высокае красы,

 

Каб стаць дзесяткам рэчаў,

Цабэркаў і дайніц,

Начыннем чалавечай

Штодзённай сумятні.

 

І ў марах уздымаўся

Іх лёсаў уладар,

Маленькі, сівы майстар,

Што ўсім жыццё ім даў.

 

. . . . . . . . . . .

 

Пагаманіўшы з голлем,

Дамоў прастуе дзед,

Мяркуючы павольна,

Як складна зроблен свет.

 

І сінія прасторы,

І бору галасы,

І ў ясным небе зоры,

І ў полі каласы.

 

Здавалася ў спакоі

Зарошаных палян

Разумнаю, жывою

Істотаю зямля.

 

Ды толькі крыўды многа,

Няроўна дзеліць бог.

Палаяць бы старога —

Ён, пэўна б, лепей мог.

 

І год ужо багата!

Дзед ціхенька ўздыхне,

Што мае ўсё пачатак

І мае ўсё канец.

 

 

4

 

Былі вачам на ўцеху

У дзеда тры сыны:

Старэйшы не прыехаў

З японскае вайны;

 

Сярэдні на германскай

З-пад Буга не прыйшоў,

А меншы ў грамадзянскай

Спачыў за Іртышом.

 

Застаўся сціхатою

Адзін старадзяроў

З малых дзяцей капою

І паўкапою ўдоў.

 

Раслі яны як трэба,

Дзяўчаткі і хлапцы.

Дай хлеба і да хлеба,

Спрабуй стачыць канцы!

 

У лапціках хадзілі —

Лазы такі было! —

Іх сцюжы халадзілі,

Іх лашчыла цяпло.

 

Са столярскай работы,

Шкадуючы малых,

Зрабіў ім пару ботаў,

Але адну на ўсіх.

 

Каб добра ўмелі хлопцы

Дайсці да зерня спраў,

Па цэлай сямігодцы

Ім дзед асвету даў.

 

— А дзеўка без вучэння

Падчэпіць жанішка,

Абы,— казаў,— хаценне

Хадзіць каля гаршка.—

 

І хоць варыла ў дзеда

Сівая галава,

Ды тут наконта ведаў

Ён моцна пудлаваў.

 

Не тыя ўжо навукі

Ступалі па раллі...

Сталелі ў дзеда ўнукі

І праўнукі раслі.

 

І час растоптваць шырай

Ім сцежкі загадаў,

Ляцець у дальні вырай

Ад роднага гнязда.

 

Адзін птушынай фермай

Удала кіраваў,

А той зямлю размерваў,

А той старшыняваў.

 

Унучкі — хто даярка,

Руплівая пра ўдой,

Хто лепшая свінарка

У вобласці сваёй.

 

І кожнае нядзелі

Сястрыцы і браты

За абавязак мелі

Да дзеда слаць лісты.

 

Заўсёды віншавалі

З вясёлым днём каляд

І грошай падкідалі

На чарчыну да свят.

 

Мог жыць ён і без працы,

Дастаў пашаны дзед —

Каб зажадаў катацца,

Увесь бы з’ездзіў свет.

 

Пакуль такое шчасце

Зірнула на парог,

Зазнаў ён шмат напасці —

Цароў не менш як трох.

 

А колькі змусаў, чыншаў

За век свой праглынуў,

Што нетрывалы іншы

І капыты б згарнуў.

 

А ён рабіў, не гнуўся,

З радна прыждаў відна.

І паклякотваў бусел,

Вартуючы гумна.

 

Часамі, цёплым ранкам,

На росныя шляхі

Стары глядзеў з прыганка,

А бусел са страхі.

 

І дзед махаў рукою:

— Зусім бацян сапсеў!

А бусел думаў тое ж,

Але сказаць не ўмеў.

 

 

5

 

Як хлопцы талакою

Пайшлі на ўласны хлеб,

Застаўся дзед з адною

Унучкаю ў сяле.

 

Ці то спалохаў морак,

Калі была ўцяжку,—

Нявестухна заморак

Радзіла нацямку.

 

Прыхворвала малая,

Тулялася маўчком.

Ляны яе не лаяў,

Не сцёбаў паўразом.

 

І ад уласнай маці

У шэрых дзён хадзе

Жыцця не мела ў хаце,

Пакуль не ўзяўся дзед:

 

— Так можна з чалавека

І нелюдзя зрабіць! —

Ён даў малой апеку

На зёлкі, на грыбы.

 

Тады ў яе на лекі,

Што вынайшаў народ,

Расплюшчыліся вейкі,

Каб несці з роду ў род.

 

І неяк неўзаметку

Дараджваць пачала,

Што трэба, каб улетку

Раілася пчала.

 

Як падысці да раны,

Як боль дурны суняць,

Як шчаўем шаткаваным

Зняць наедзі ў каня.

 

Тут ад свайго закону

Дзед адступаць пачаў:

Зімы чатыры ў школу

Дзяўчынку пасылаў.

 

Пасля займеў ён скруху:

Расце, цвіце дзяўчо!

Такую шчабятуху

Бяры пад сем ключоў.

 

Паперадзе усюды —

На ржышчы і ў танку.

Валодаць гэтак склюдам

Не брыдка мужыку.

 

І ў будні дзень, і ў свята

Значна паміж людзей —

З касою аж па пяты,

З азёрцамі вачэй.

 

Красу такую ўпотай

Дарэмна не хавай,

І дзеду ад залётаў

Хоць браму падпірай.

 

Уславілася гэтак,

Што, як на цуд які,

З пятнаццаці паветаў

Кацілі жаніхі.

 

І хоць часамі ўнучка

Знаходзіла пад густ,

Сватам уласнаручна

Дзед падкладаў «гарбуз».

 

Не мог знайсці абранца,

Каб мець душы спакой,

Ніяк не мог расстацца

З адзінкаю сваёй.

 

Не аддаваў, хоць рэжце,

Паўсвету абшукаў,

Ды мусіў-ткі нарэшце

Прыняць ёй прымака.

 

І дуж, і ў працы здацен,

Прыгож быў з твару ён,

Адно ўсяго багацця,

Што меў імя — Лявон.

 

З малым пасагам скрыня,

Але — такой бяды!

І стала Кацярына

Лявоніхай тады.

 

Гарой падушкі ўзбіты,

І выбелена столь,

Засланы дамавіта

Настольніцаю стол.

 

І хоць была замужкай

Спаважнаю ў жыцці,

Яна любіла стужку

У косы заплясці.

 

Ды ў часе шэрых змрокаў

Крадком туды міргнуць,

Дзе з выганаў далёкіх

Начлежнікі пяюць.

 

Румяная, як вішня,

Убёры зіхацяць.

Як толькі з хаты выйшла

Пяе наўкол прасцяг.

 

Пяе пра той вяночак,

Што ў полі начаваў,

Пра тое, як Лявончык

У губкі цалаваў.

 

Як некалі кахала,

Дзяўчынаю была —

Сымону вышывала,

Лявону аддала

 

Кашулю з васількамі

На восем каляроў,

З дубовымі лістамі

І з парай галубоў.

 

Ці ж мала іх бывае

На свеце, розных дзіў:

Лявон яе не лаяў,

А як яшчэ любіў.

 

Ды толькі ў добрай ласцы

Не шмат яны жылі:

Тады з вайной чапляцца

Суседзі пачалі.

 

На тую пагалоску,

Што стала ля акон,

Сабраўся хутка ў войска

Зімовым днём Лявон.

 

А цераз месяц з Мінска

Паперу дзед дастаў,

Што без весці на фінскай

Зямлі

Лявон прапаў.

 

У вёсцы стала ціха,

Няведама адкуль

Прыблыталася ліха .

У дом пры ветраку.

 

А гора над жанчынай

Звінела аваднём,

Ваду слязьмі гарчыла,

Ляцела ўслед грунём.

 

Ды смутак, сцяўшы грудзі,

Хоць боль душу вымаў,

Не паказала людзям,

Адужвала сама.

 

Жыла сабе ўдавою,

У працы — ад відна,

Дзявочаю красою

Свяцілася яна.

 

Ёй кожны пасміхнецца —

І прэч турбот раі,

Бо ведала, як сэрца

У часе падгаіць.

 

Ці прыказкай, ці складкай,

От гэтак, акурат,

Як некалі прабабка

Сто год таму назад.

 

Дык нездарма гавораць:

Лягчэй таму знайсці

Шлях да людскога гора,

Хто меў сваё ў жыцці.

 

 

6

 

Сцвярджаць не падручуся,

Але, як сведчыць дзед,

У кожным беларусе

Жыве крыху паэт.

 

З усіх найлепшых згадак

Любіў згадаць сівы,

Як ён рабіў парадак,

Вярнуўшыся з Масквы.

 

На ўтаймаванне сварак,

Каб згодай дыхаў дом,

Падаўся ён на старасць

Ад вёскі хадаком.

 

Хацеў узяць да ладу,

Ці будзе так сяло

За сённяшняй уладай

Жыць, як даўней жыло.

 

Ці доўга брыў, ці мала,

Дамогся ж без прыгод,

Ён, чалавек бывалы,

Інтэрасу свайго.

 

Пасля расказваў многа,

Як у Маскве жывуць,

I пра сваю дарогу

Ды ўжо ж і пра Маскву.

 

І добра там, і чыста,

І ўсё ў сваёй пары,

І можаш асабіста

З кім хочаш гаварыць.

 

Быў госцем ён паўднёўку

У саменькім Крамлі:

Аддзячылі вандроўку,

Адказ на ўсё далі.

 

На сходах і ў размовах

Дзед стаў як старшыня:

Абы прамовіў слова —

Адразу цішыня.

 

Казаў:

— У гаспадарцы

Мы з вамі — галава.

Сам Ленін кухаварцы

Даў права кіраваць.

 

Смяхоцце з нашых нівак!

Уперак ляжа пёс —

Дык на маёй — загрывак,

А на суседскай — хвост.

 

Што возьмеш з гэткіх шматаў?

Ары, гнайком аблі,

Глядзіш — а коп нажата,

Як грыўняў у рублі.

 

Дык што?

Пара загоны

Вылузваць з-пад мяжы,

Па новаму закону

Давайце, людзі, жыць.

 

Той верыць, той не верыць...

Як рушыць даўні ўток?

Зямлю супольна мераць

Не важыцца ніхто.

 

Арцельна?

Штось не смачна —

Усё ў адзін прыпол...

А як жа гусь і качка,

А як жа конь і вол?

 

Расказваць казку — хутка,

Рабіць — куды цяжэй.

А тут благая чутка

Бянтэжыла людзей.

 

Паблізу злоснік сноўдаў.

Паднёс і ён брыды

Наконт агульных коўдраў

Ды іншай лабуды.

 

Не даў бы рады больцы

Наш дзед, адзін, як ліст,

Калі б не камсамольцы

Ды стэльмах-камуніст.

 

Няхай і маладзенькі,

А ўпорчывы гурток:

У вёскі памаленьку

З вачэй сагналі змрок.

 

Што людзі робяць кружна,

На месца ставіць час.

І там пачаў адужваць,

Пачаў сталець калгас.

 

Чаго не надта мелі —

Дадасць наступны год...

А дзед стаў у арцелі

Сталяр і пчалавод.

 

За гаспадыню ў дзеда,

Застаўшыся змала,

Вясёлая кабета,

Лявоніха, была.

 

Яму за ўпраўнай гэткай

Не жытка — любата!

Ён клікаў бога ў сведкі,

Што будзе жыць да ста.

 

 

7

 

Як доўга вее вецер

З паўночнай стараны,

Дык па старой прыкмеце —

Чакай тады на свеце

Вялікае вайны.

 

І выйшла так на справе,

Што ў гэты год якраз

Адтуль усенькі травень

Вятруга дзьмуў да нас.

 

Адходзілі салдаты,

Ад іх пачуў стары,

Што Мінск ужо заняты,

Як ёсць агнём гарыць.

 

І стала шэра, мгліста,

Маркота навакол:

Калі ўжо там фашысты —

Чакай сюды за стол.

 

Якраз у вазавіцу

Удаўся дзень-парун,

Услед за бліскавіцай

Раз-пораз біў пярун.

 

Дзесь гупалі зеніткі,

Як прайнік па ставу,

Нягода ўвачавідкі

Дыхнула ў твар сялу.

 

І вось — на самаходах,

Як бралася на ноч,

Нямецкая пяхота

Заспела ў Белабоч.

 

А ў дзеда — хата з краю.

Зайшлі — нішто куток!

І афіцэр пытае:

— Ну, як жывём, дзядок?

 

— Жывём, гасцей не клічам

І ў госці не паўзём,

Няпрошаных па лычу

Частуем таўкачом.—

 

Адказ, як кажуць, трапны —

І той незалюбіў,

Схапіўся за гарапнік,

Аднак не зачапіў.

 

— Што ж, ёсць вада і паша,

Дык станем на папас.

Гарэлка сёння наша,

Цягні на стол прыпас.

 

— А з чым жа піць гарэлку? —

Стары яму сказаў,—

Пайшла цыбуля ў стрэлкі,

Увесь гарод збуяў.

 

— Абы хапіла солі —

Цыбулю сам з’ясі,

А мы і кілбасою

Не дурні закусіць.

 

— На баранову лытку

Шукайце іншы дом,

А ў нас вада з малітвай,

Скарынка з часнаком.

 

— Дык вось што! Значыць, васпан,

Мы трапілі ў калгас?

— Калгас сабе калгасам,

А страва — не для вас.—

 

Кіпіць, бялее немец,

Як шума з малака,

І дзеду ў грудзі стрэліць

Хапаецца рука.

 

Бягом, на мову тую,

Лявоніха да іх:

— Я вам усё згатую,

Не слухайце старых! —

 

Крыху перапрасіла,

Зняў з кабура далонь:

— Памыцца прынясі нам

Ды запалі агонь.—

 

А дзед як не падскочыць,

Не можа памаўчаць.

І кпіны сыпле ў вочы,

Як пылам з дзеркача:

 

— У нас такія справы,

Што лямпы не гараць,

Хіба гасцям паставіць

Пад вока ліхтара.—

 

Жанчына — да старога:

— Суціш душу сваю!

Тут кпіны ні да чога —

Што стрэмка бугаю...

 

— А ты ўжо рада госцю,

Мяркечаш, як каза...

Ніхто ж сабе ад злосці

Язык не адгрызаў.

 

— Лепш нашчапаў бы трэсак

Камінак распаліць...—

І стала пеўняў рэзаць,

На сала яйкі біць.

 

Заложна глушыць скваркі

Нямецкі целяпень.

Пасля чацвёртай чаркі

Крыху асалапеў.

 

Разявіў зяпу насцеж,

І зубы — напаверх,

Стаў вельмі выхваляцца,

Што храбры афіцэр.

 

Пачаць спрабуе гулі

І валіць напрасцяк:

— Не баба — проста куля,

Які дасі ёй брак!

 

Само жывое срэбра,

Хоць жменю падстаўляй!

Дамовімся, як трэба,—

Яшчэ па чарцы дай.

 

— Ага, ў мяне схавана

Ёсць пляшачка адна,

Калі паслаў бог пана,

Мы ў ёй дастанем дна.

 

Яна прынесла блёкат,

Траву, што горне ў сон,

Лінула шчодра соку —

Глыні, калі жадзён.

 

— Са мною хочаш сесці?

— Ды дзе мне там сядаць!

Ці ж толькі пану есці —

Хай вып’е і салдат.—

 

Смяюцца, рады немцы:

Удачу лёс паслаў!

Жанчына ім у сенцы

Нясе ўсялякіх страў.

 

Ды сочыць, каб нікому

З іх крыўда не была,

І соку вартавому

Перш-наперш наліла.

 

Пакуль яна хадзіла,

Сп’янелы афіцэр

Хваліўся, плёў пра дзівы

Са шклянкаю ў руцэ.

 

— Праз месяц мы Расію

Падтопчам, быццам гаць...

— Жывому не пад сілу,

А мёртвым не падняць.

 

— Мы ў свеце многа важым

Што ёсць на свеце — я?

— Хай не крыўдуе вашаць,

Вось прыказка мая:

 

Кабыла цягне сані,

Фурман кабылу б’е,

А хто на возе, пане,

Цяжару дадае.—

 

— Як бачу, ты заядлы,

З заразаю ў крыві,

Хоць стараваты, падла,

Ды, мусіць, бальшавік.

 

Не казырыся надта,

Міргну — і з ног далоў.

Ты бачыў, ці багата

Тут войска іх прайшло?

 

— Ідзі сабе за вёску,

Налева завярні,

Пабачыш тры бярозкі

І тры дубовых пні.

 

Ударышся з разгону

Аб крайні галавой —

І сцежку да чырвоных

Пабачыш, пане мой.

 

— Даволі вёрз, нахаба! —

У грудзі даў штурхель.—

Ну, ты са мною, баба,

Рыхтуйся грэць пасцель.—

 

І тут жа, хоць не слаўся,

Падаўся спаць пад стол,

Пра ўсё, што дамагаўся,

Забыў — і п’ян, і квол.

 

Паснулі ў хатах немцы.

— Ну што ж — рабем канец!

І хату, і гуменца

Падпальвае Гудзец.

 

У пушчу шлях завіўся,

Глядзіць сяло здалёк,

Як, ціхенькі, з’явіўся

З падстрэшша аганёк.

 

І тут жа занялося!

Пайшло шугаць: насхло.

Крык.

Стрэлы.

Разгалоссе.

І ўсё — пад памяло.

 

 

8

 

«Тут ходзіць варажбітка,—

Гудуць палешукі,—

А з ёю кот-мармытка

І хлопчык без рукі».

 

Ёй, гаварылі ў вёсках,

Чуваць усё кругом,

Бо мае вуха з лёсткай

І вока з ліхтаром.

 

— Адкуль ты? — хто спытае.

— Здалёк я... З вёскі «той».

Сама завуся «тая»,

Хлапец завецца «той».

 

Калісьці, ў дні былыя,

Дзяўблі:

«Як той казаў...»

Дык зноў мы сталі «тыя» —

Ні спраў няма, ні праў.—

 

Над хлопчыкам нялёгкі

Учынены быў здзек:

Фашыст па самы локаць

Руку яму адсек.

 

Дзе хлопцы маладыя —

Кіўне ён галавой

І дагары падыме

Пустое рукаво:

 

— І ты не партызаніш,

І ты не на вайне?

Вось што зрабіў германец —

Адпомсці за мяне! —

 

Ідуць праз бор, праз верас,

А з’явяцца куды —

Псуецца ўвесь інтэрас,

У немцаў нелады.

 

Паставілі, халеры,

Каб змацаваць прымус,

У местачковым скверы

Свайго Адольфа бюст.

 

І вось з усіх ваколіц

Бягуць сабакі выць:

Паселі густа доле,

Аж не відаць травы.

 

Падпёршы лапай морду

Канцэрт як завялі,—

Тут немец, сэрцам цвёрды,

І той бы слёзы ліў.

 

А потым талакою

Зямлю скрапілі так,

Што ў лужыне з сям’ёю

Паплыў стары гусак.

 

Ці ж гэтак выць ахвочы,

Ці фюрар не пад густ?

Не, проста салам воўчым

Абмазаў нехта бюст.

 

Ну, а ў сабакі з воўкам

Рахункаў — на сувой.

Народ пусціў памоўку,

А «той» намазаў лой.

 

Ідзе ў пару начную

Лявоніха з малым,

Што бачыць, што прачуе —

Усё вядома «тым».

 

На гуце пахла крахам,

Усё наўкос ішло,

Паганае і з бракам,

Але варылі шкло.

 

Там здраднік і зараза

За майстра быў — шклавар.

Прыйшлі яны —

                                                  адразу

Ператварыўся ў пар.

 

Казалі: мусіць, з чаду

У шкле гарачым сеў,

Не мог падняць азадак

І к богу паляцеў.

 

А гута знежывела —

Ці бог, ці «той» памог...

І зноў пра ўчынак смелы

Чуваць з другіх дарог.

 

Выходзяць людзі з лесу —

Працэсія, з папом.

Нясуць крыжы, пратэсы,

Нясуць ахвяр прыпол.

 

Нясуць абраз ад рана,

Нібы ў другі прыход...

А гэта ж партызаны —

Ужо грыміць налёт.

 

І выбухаюць міны,

І рвуцца правады.

...Ідзе з малым жанчына,

Падняўшы сцяг бяды.

 

 

9

 

На лісці грае мосендз,

Конь у нарог звініць...

Лявоніха праз восень

Прадзе дарогі ніць.

 

Не змусяць беларуску

Ліхія чужакі

На ростані Езуску

Падвязваць хвартушкі.

 

І вось па вузкай сценцы

Прыходзіць у сяло,

Якое з ласкі немцаў

Распустай заплыло.

 

Каля чужое міскі,

Ну, рыхтык, ліхтары,

Параз’ядаўшы пыскі,

Спявалі жаўняры:

 

«— Катрынхен, майн лібхен,

Вас костэт пар шу?

— Айн талер, цвай грошы

Унд кюсхен да цу»1

 

Яна цікуе: мабыць,

Стаіць у вёсцы штаб,

Бо густа ходзяць бабы,

А што ж за штаб без баб!

 

Жаночых і кабечых

Таўчэцца шмат гурткоў,

— Дай бог вам ціхі вечар

І добрых мужыкоў.

 

— Адкуль ты, маладзіца,

Куды, чаго брыдзеш?

— Без роду я, ўдавіца,

Хаджу, як шлях вядзе.

 

Не грэбую работай,

Ажно смыліць рука.

Магла б вам у ахвоту

І шыць, і кросны ткаць.

 

— Саткаць мы ўмеем самі,

А шыць якраз пара...

Абы за мужыкамі

Не стала прыўдараць.

 

— Авой! Мужчыны вашы

Хіба вас не глядзяць?

— Сабакам сена важаць,

Ды ты нам не суддзя.

 

— Што я? Хіба я ў сіле

Перамануць дуду?

А вось каб падкармілі,

Дык песню завяду.—

 

Знайшоўся ў крайняй хатцы

Куточак на дваіх,

Змагла атаўбавацца

Таксама ва ўдавы.

 

У сэрцы ж у малога

Гула жуда яшчэ:

Начы, густой, як дзёгаць,

Разбой душу пячэ.

 

Зарваўся ў леснічоўку

Злых карнікаў атрад.

Ваяка, горш за воўка,

Нявечыў жыхара.

 

З бацькамі — цуглі ў роце! —

Ганялі за канём

І хлопчыка ў аброці

Усё грунём, грунём.

 

Калі ж у чорнай ропе

Усіх сапхнулі ў роў,

Паварушыўся хлопец

І з губ адплюнуў кроў.

 

Хлапчыну з гнойнай ранай

Лявоніха знайшла,

Лячыла ў партызанаў,

Сюды вось прывяла.

 

Пайшла шукаць па хатах

Работу на пачын.

...Праз нейкіх дзён дзесятак,

Паменшала мужчын.

 

Вядома, не адразу:

Па два, па тры,

Цішком,

Каб не трымаць адказу,

Знікалі ў хвойны дом.

 

Так іх сарамаціла,

Да чырвані ўпякла

Кабеціна з хаціны,

Што на канцы сяла.

 

Там з выгляду майстэрня

Сукенак і спадніц,

А беляць там ці чэрняць,

Што зверху, што пад ніз?!

 

Жанчына кроіць, шые,

Работы повен стол.

Туды байцы лясныя

Падносяць ноччу тол.

 

Каб вораг на сялібу

Грымотаў не правёз.

...І грымнуў першы выбух

Пад першы паравоз.

 

 

1 — Кацярынка, мая мілая, колькі каштуе пара чаравікаў? — Адзін талер, два грошы і пацалунак у прыдачу.

10

 

У цяжкія часіны,

Як даўняй болькі сверб,

Брыдота з каляіны

Шугнула напаверх.

 

Усе, каму пры сценцы

Даўно пара стаяць,

Займелі ласку ў немца,

Пашаны ж — удвая.

 

I ў губу кожны мае,

Па рангу кумпякі:

Пасней — для паліцая,

Тлусцей — ядуць панкі.

 

Рабілі ўсё не здуру,

А свой трымалі план:

Не пераб’еш натуры —

Сабаку трэба пан.

 

Яны зракліся роду,

Радзімы і радні...

З такога ж быў заводу,

От з гэткае гайні

 

Бургомістр Зэшка Бегай,

Каму, хоць стаў ён мэр,

Ніхто зімою снегу

Не даў бы напавер.

 

Наняты быў з-пад Глуска,

З тамтэйшынскіх бадзяк,

Не дурань да закускі,

Да выпіўкі мацак.

 

Ён быў прычынен нават

Да навуковых спраў —

Пра нейкае там права

Цыдулу напісаў.

 

Каб ведала акруга,

Што з гэтае пары

Сабе такога друга

Прыдбалі жыхары,—

 

Напыжыўшы аблічча,

Сказаў прамову ён,

Што ўводзіць даўні звычай

І ўвесь стары закон.

 

Не баючыся, кожны

З ваколічных сялян

Падаць даведку можа

Пра лагер партызан,

 

Пагаварыць удосыць

І прапанову даць.

Калі ж чаго папросіць,

Дык можа атрымаць.

 

І не лухту якую —

Запалкі або шкло,

А хоць бы маладую

Жаробку на прыплод.

 

А хто свайго да часу

Шнура не паарэ —

Дастане столькі чосу,

Што ў губу не ўбярэ.

 

З такім удалым лёсам

І дурань жыць дапне:

Паветра перад носам,

Вада ў Беразіне.

 

Усюды: ў небе сінім

І доле, акурат

Як быццам у Берліне,—

Нямецкі строгі лад.

 

Што сэрцу болей трэба?

Устань сабе з расой,

Кладзі паклоны небу

І будзеш мець усё.

 

Хай кожны долю хваліць:

Ці так было калісь?

Дзяды таго не зналі,

Гібелі — не жылі.

 

Калі бургомістр спрытна

Закон паставіў свой,

З прыстойным апетытам

Узяўся за пітво.

 

Заморскіх він і старак

У склеп назвозіў ён,

І цэлы дзень ад чарак

Стаяў у доме звон.

 

А пры ўваходзе ў горад

Сказаў намаляваць:

«Прашу вас як бургомістр

У госці заязджаць».

 

Паказваў чорнай стрэлкай

Бярозавы кругляк

Аматарам гарэлкі

Беспамылковы шлях.

 

 

11

 

Як сонца шызы ранак

Па небе павалок,

Бургомістру на ганак

Народу шмат найшло.

 

Але на ўсё аднакі

З адмовай быў адказ:

Па добрасці ў сабакі

Не ўкусіш кумпяка!

 

На вулках паліцаі,

Са стрэльбамі, ў сукне,

За здраду проста маюць,

Калі дзе хто ўздыхне.

 

Прыслужнік цераз дзверы

Натоўп адспавядаў:

— Цішэй вы там, блюзнеры,

Прастуе сам спадар! —

 

Заліты вочы гарай,

Здавалася, ішоў

Свінячы сыты карак

На двойцы капытоў.

 

А лой як не вылазіць

У пана праз жывот,

Хапіла б колы мазаць

Сялу на цэлы год.

 

Прайшоўшыся па садзе,

Пратрос ён трохі здор:

— Чаму гэта пазаддзе

Набілася на двор? —

 

Тады з-пад сонных шчэлак

Ён глянуў на людзей:

— Сягоння панядзелак —

Прыйсці па серадзе.—

 

З жалобаю на ўбранні

Пад брамныя слупы

Ішла такая пані,

Хоць вочы засляпі.

 

Ён быў цяжкі да скокаў,

А да прыгожых лас,

Не прамінаў навокал

Ні куста, ні сцябла.

 

«А што, калі падстрэлім

Такую дзічыну?» —

Зірнуў ціхом пад вэлюм

І горача дыхнуў.

 

А вочы ж! Як у жыце

Валошкі зіхацяць...

— А вы мне раскажыце!

— А што вам расказаць? —

 

Цяжкімі з перапою

Павёў вачыма ён:

— Прашу вас да пакояў,

А іншых — проша вон.

 

Як так, што вы ў жалобе? —

У доме зноў пачаў:

— А што ж кабета зробіць,

Калі мужык прапаў?

 

— А-ей, якая страта,

Які бязмерны жах...

А можа наш салдат ён —

Дык вернецца ў крыжах.

 

— Не, тыя не прыходзяць,

Чый шлях у мерцвякі...

У лагеры, па ўсходзе,

Згубілі басякі.—

 

І хустачку да твару:

— Даруйце, млосна мне...—

Як быццам на пажары,

Затросся кабінет.

 

Бургомістр зразу ў клопат —

Даць рады ад бяды:

Шукае ў шафцы кропель,

Стараецца вады.

 

Саджае на канапу

І лекі ўжо нясе,

Ды так і суне лапу

На станік пакрысе.

 

Туды, дзе спакушаюць

Тугія камякі,

Дзе ў хованку гуляюць

Два белых блізнюкі.

 

Але сама ўжо неяк

Мінае тая млосць.

Глядзіць яна з-пад веек:

— Даруйце, ваша мосць!

 

Адгэтуль недалёчка

Я маю паплавец,

Жыву сабе дамочкам,

Як трэба удаве.

 

Ды ці ўсяго дагледзіш

У гэтакі разор,

Калі вакол суседзі —

Бандыты на падбор.

 

Ігрушы з голлем ломяць,

Латошаць гарбузы...—

І бачыць зноў бургомістр,

Што блізка да слязы.

 

— Я ў госці б вас пазвала,

Калі б маглі вы быць...

— Я рад размове з вамі!

А разам закусіць...

 

Тады ўтрасём, вядома,

Мы гэты амбарас...

Ажно бярэ аскома,

Абы зірнуў на вас.—

 

Як быццам бы нясмела,

Яна сказала:

— Во-ох!

Няўжо ж я не даспела,

Няхай даруе бог!

 

— Адно прашу — сакрэту...

— І я...

— Хай будзе так...—

Бургомістр ад імпэту

Ледзь столі не дастаў.

 

— Але хацеў бы ведаць —

Калі?

Я вас прашу...

— Увечар да катэдры

Прыйду я на імшу.

 

— Прышлю вам пару коней,

Звяругі на бягу...

— Ох, нешта неспакойна...

Так раптам...

Не магу...

 

— Ды што вы? Пані стрэне

Спакой і супачын.

Вось, каб патруль не стрэліў,

Нарваўшыся ўначы,

 

Трымайце цэтлік — белы! —

Праходзіць можна з ім,

Як і са мною, смела,

Па горадзе маім.—

 

Бярэ паперку дама,

Ён цмокнуў у руку

І, вывеўшы за браму,

Стаяў на халадку.

 

 

12

 

Хоць я змяніў убранне,

А твару не ўтаю:

Чытач пазнаў у пані

Знаёмую сваю.

 

Вядома ж, не на жарты

Рабіўся той заход:

Не ведалі, дзе варта,

Дзе выхад, дзе ўваход.

 

Лявоніха ж удала,

Ударыўшыся ў млосць,

І вокны, і завалы

Агледзела як ёсць.

 

А Зэшка ў новых сподніх

Пад нос заводзіў спеў:

Спаткання ждаў залётнік

І жданкі ўсе паеў.

 

Ды сонца, як гамоняць,

Ад рання — на валах,

Пасля паўдня — на конях,

А ўвечар — на зайцах.

 

Нарэшце — шорхат колаў,

У браме стаў вазок,

Праз момант ля касцёла

Спыняюць коні скок.

 

Бургомістр ходзіць поруч.

Гудзе стары арган.

Вось пані, ў тых жа ўборах,

Сядае на рыдван.

 

За горадам на грудзе,

Адкуль маячыў лес,

Халодна ўпёрся ў грудзі

Бургомістру абрэз.

 

— Хоць ты не вельмі порсткі,

Хутчэй, ядрона мыш,

Скідай пінжак і порткі —

І голы павісіш! —

 

Натужваў ён залозы,

Ліў грозьбы са слязьмі.

Бяроза — не пагроза,

Калі ўжо не шуміць.

 

На конях бургамістра,

У панскім пінжаку,

Рвануўся хлопец быстры

І лёгкі на руку.

 

Да Зэшкавай кватэры

Ён з форсам падкаціў,

Пабраў з шуфляд паперы

І грошы прыхапіў.

 

Назад!

Аж ветрам гнула

Кустоўе да зямлі... ...

Раскормленае шула

Матлялася ў пятлі.

 

Трымаў жа ягамосця

Той самы белы слуп,

Што шлях паказваў госцю,

Каму бургомістр люб.

 

На стрэлцы папісалі:

«Глядзіце:

Вось Зыдор,

Які заместа сала

Збываў сабачы здор».

 

 

13

 

Бярэзіны спляліся

У сіняй глыбіні,

Пад імі летапісец

Штось крэмзае на пні.

 

Хлапчына — год пятнаццаць,

  Ці больш, ці можа менш.

Ёсць зорачка на шапцы,

Каб гэткі ж і рамень!

 

Раўня яго — ў разведцы,

Таксама ж хлапчукі!

А ён вось, як ні рвецца,—

Няшчаснік, без рукі.

 

У лагеры праз гэта

Цягні турбот цяжар:

Ён тут — насценгазета,

Глаўпіс і санітар.

 

З крывулькаю-расошкай

Прыходзіць дзед Гудзец.

— Як пішацца?

— Патрошку...

— Старайся, маладзец.

 

— Дзед, ты не бачыў «Мамы»?

— Шукай адно сляды,

Казала, пойдзе ў краму —

Ты ж ведаеш — куды...

 

— У краму?

Знацца, ў горад,

У пашчу тым ваўкам?

— Такі ўжо, хлопча, нораў,

Дый нешта ж робіць там.

 

Калі б пашанцавала,

Зноў мецьмуць немцы пай...

Я пакуру памалу,

А ты мне пачытай.—

 

На пальчыках — сасонкі,

Дзед пыхкае ў цішы.

Хлапчына басам ломкім

Чытае ад душы:

 

«Пачынаем байку-складку,

Што за справы і выпадкі

Наша ўславілі сяло.

Якаво ж яно было?

 

Назвы мы сказаць не можам

Не таму, што непрыгожа,—

Прыгажэйшай за яе

Я не чуў ні аднае.

 

Не таму, што гэтай назвы

І не вымавіць за раз вам,

Але звычай ёсць у нас:

Кожнай гутарцы свой час.

 

Добры той зямлі кавалак,

На якім сяло стаяла,

А цяпер там у двары

Чорны пыл мятуць вятры.

 

Новы дах мы маем — неба,

За падлогу служыць глеба,

Сцены хаты — лес густы

Ды ядловец і кусты.

 

Між гушчарніку ў зямлянках

Партызаны, партызанкі:

Ёсць паважныя дзядзькі,

Ёсць салодкіх год жанкі,

І дзяўчаты, і хлапчыны

Маюць зброю чын па чыну.

Проста ў вока б’е блазніца,

Што тут з фрыцамі дражніцца.

 

Біць-то б’ём, ды фрыцаў многа,

Так і шныраць па разлогах.

Калі знаеш, дзе наш край,

Языком не целяпай.

 

Праўда, ў пушчах Беларусі

Нас, такіх, не злічыш, мусіць:

Дзе ні глянеш — партызаны,

Пакажы, дзе іх няма!

Налятаем нечакана,

Згінь, фашысцкая чума!

 

Як жа наш атрад узнік?

Камандзір наш — бальшавік,

Быў, калі жылі мы дома,

Старшынёй райвыканкома.

Дзядзька з Балтыкі — начштаб,

У яго на шапцы краб.

 

Дзед Гудзец — дарадчык штаба,

А паколькі піша слаба,

Мне загадана пры ім

Быць глаўпісам баявым.

Што ж датычыцца разведкі,

Мы не пішам рэчаў гэткіх.

 

Толькі ўспомнім аб адной.

А завуць яе Удавой,

Але можна зваць таксама

І Лявоніха, і Мама.

 

Дзе находзіць, дзе пабудзе,

Нібы звон людзей абудзіць,

І пад кожнаю страхою

Звоніць зброя,

Звоніць зброя!»

 

 

14

 

На шолах за плячамі

Гудзец падняў брыво.

Хлапец чытаць канчае —

Лось жывіцца травой!

 

Як без лістоў галіна,

Паблісквае ражок,

Даверліва, нявінна

Глядзіць на іх бычок.

 

Скубе, нібы тут неруш,

Пры самым будане...

— Жывёла людзям верыць,

А людзі людзям — не.

 

— А я ўжо думаў — Мама,—

Падзьмуў у люльку дзед.—

Няўжо якая пляма

Пабрудзіла ёй след?

 

— А як няўдача раптам? —

Трывожыцца хлапец.

— Ну, быстрай вошы трапіць

Лягчэй на грабянец.

 

— Ці ж быстры той паскробак?

— Ды, пэўна ж, не цяля:

Уласнаю асобай

Дапытваў і страляў.

 

Прыцёгся, не гукалі,

Няпрошаны гасцёк.

Хто з доўгімі рукамі,

Садзіся пад касцёл,

А то — на мох!

І кропка...—

 

Зірнулі:

Да грудка

Прастуюць нетаропка

З адведзін гарадка.

 

І той, хто з паняй ехаў,

Хто быў за фурмана...

І пані...

Кпіць,

Са смехам

Пытаецца яна:

 

— Чаго вы ўсе пакіслі,

Як рыба без лускі?

— Ды вось, благая мысля

Разломвала мазгі...

 

— Ай, ты гаворыш, дзеду,

Нібы ў лапцях язык.

Прасі за стол бяседу,

Налі якой «слязы».

 

— А як вам у паходзе,

Ці ёсць жа клёк які?

— Ды тыя не прыходзяць,

Чый шлях у мерцвякі.—

 

І зноў смяецца Мама:

— Які хацеў ты клёк?

А мы яго не ў яму,

А так — на вецярок.

 

— Тады — па поўнай чарцы!

З удачай,

Малайцы!

Гэй, кухар, дзе мачанка?

Цягні сюды блінцы!

 

Пасля нямецкіх трактаў

Каб добра з’елі ўсе...

Як кажуць,

Конь — не трактар,

Працуе на аўсе.—

 

І дзед ізноў пра тое:

— Якоў ён?

— Мех таўсты...

Нябожаю расою

Адно крапіў кусты..

 

— Ну, волас-то адменны

Панок адгадаваў,

Як голае калена,

Блішчала галава.—

 

Як ветрам жарты дзьмула:

Сябры, усе свае.

Лявоніха міргнула

І следам дадае:

 

— Панок на розум слабкі,

Усё адно звягаў:

Каровы нашай бабкі

Дзядуля быў бугай.

 

Даводзіў: ён не з лыка,

Гадзіцца немцу ў знаць.

Хоць бог і невялікі,

Але ж Міколам зваць.

 

І хоць пільнуе дому

Гусак на ланцугу,

А гонару, вядома,

Пад самую дугу.—

 

Хто больш да слова спрыцен,

На выдумку васцёр,

Пайшлі званіць:

Як Зміцер

З вады ўпаліў касцёр.

 

Як дзядзька, што з-пад Шацка,

Здаецца, не дурны! —

Казаў на цыцку цацка,

Бо дзеці ёй жадны.

 

І неяк пры мачанні

Ён так упіўся быў,

Што люльку з’еў дазвання,

А пернікі скурыў.

 

Майстры прыдумваць штукі!..

...На ўлонні баравым

Лявоніха з бязрукім,

З вандроўнікам сваім.

 

— Што робіш?

— Смешнавата...

Пішу...

Пра лес, пра снасць...

— Габлюй, сынок, а тата

Сякерай глянцу дасць.

 

Не марна рвуцца рэйкі,

Расце лясны наш дом.

Заважыць і капейка,

Калі прыбіць рублём.—

 

Як маці-парадзіха,

Суцешыла душу...

— Нам, хлопча, трэба ціха

Рабіць вялікі шум.

 

У верасні над вухам

Не звоняць камары,

Наглее ўвосень муха,

Не згоніш, хоць пары.

 

І вораг перад сконам

Мудрэй пачаў наглець.

Дык што?

Яшчэ дагонім

І зноў падсмалім шчэць.

 

 

15

 

Там пашумець пад хаты

Збіраліся садкі...

А ў тых садках — дзяўчаты!

А ў тых дамках — жанкі!

 

Як пройдзе ды як гляне,

А павядзе брывом:

Змярканне стане раннем

І ноч здаецца днём.

 

Адразу сэрца ўсушыць —

Загінуў чалавек,

Заблытаўшыся ў пушчах

Разбойніцкіх павек.

 

А ўбёраў быццам скупа —

Анучы не ў часці,

Бо замуж можа ступа,

Прыбраўшыся, пайсці.

 

Хоць хата не багата,

Ды міла паглядзець.

Яны умеюць святам

Зрабіць звычайны дзень,

 

Валошкаю

                              галоўку

Чарнявую

                              прыбраць

І залатое слоўка

На вуха пашаптаць.

 

А хто палезе ў губы,

Адразу — па руках:

— Ты большага, мой любы,

У жонкі пашукай.—

 

Вось гэтак на Палессі

Кабеціна адна

Жыла

                        і стала песняй,

Што аж дасюль чутна.

 

Як жонкаю вясёлай

Лявоніха была,

Ды раптам хлеба-солі

Лявону не дала.

 

Ні маладых, ні сталых

На месцы не ўтрымаць,

Як пырсне на цымбалах

«Лявоніху» струна.

 

А ўжо не згледзіш часаў,

Адкуль

                                  цераз прыгон,

Праз войнаў перагасы

Дайшлі Яна і Ён.

 

Калі гібееш горка,

Як муха на смале,

Вясёлая гаворка

Нам сілы дадае.

 

Народ быў у краіне

Ні гаспадар ні госць,

Тады ў адной жанчыне

З’яднаў ён весялосць.

 

З якога хочаш краю

Зайдзі ў маю зямлю:

Тут кожны гай хавае

Лявоніху сваю.

 

І ўсе па-свойску мілы,

Па-свойму цешаць зрок...

А ім бы ветру ў крылы,

Ляцелі б да аблок!

 

І каб не знаў жывую —

У часе злых нягод

Лявоніху такую

Прыдумаў бы народ.

 

Руплівы і вясёлы,

Блукае вольны дух

На акрыянне кволым,

На радасць тым, хто дуж.

 

 

 

*

 

 

Чытач,

Мой знаўца тонкі!

Наш у палове шлях.

Перагарні старонку

І сам складай працяг.

 

Яшчэ не ў страх дарога,

Лянота ні пры чым,

Не, трэба часу многа

Стаць зноўку маладым.

 

Ды склаўся твор выпадкам

Як «Кніга пра байца»,

Што выйшла без пачатку

І нават без канца.

 

Я гэту эстафету

З аслабшых рук прыняў.

 

...Ідзе па Мінску лета,

Дажджы звіняць, звіняць.

 

Згусае кроў у горле.

Праз сілу кажа друг:

— Я не паспею... Хвор я...

А гэта трэба ў друк.

 

Пад сэрцам рупіць тэма,

Дарую ад душы:

Раман або паэму,

Што ўхопіш, напішы,

 

На маладым развілку

Такі вось запавет

Даў мне Ўладзімір Жылка,

Вандроўнік і паэт.

Праз лёсаву памылку

Пакінуў рана свет.

 

...Рабіў, што мог, сумленна,

Дый мой век пры канцы,

І я гукаю змену:

— Бярыцеся, хлапцы!

 

Разгортвайце палотны,

Прабіў грымотны час:

Шмат Ціляў несмяротных

Не ў Фландрыі, а ў нас.

 

Ламаў навалы крыгі,

Крышыў варожы стан,

Мудрэй, як Уленшпігель,

Айчынны партызан.

 

І фландрскаму герою,

Што ўсім краям сваяк,

Даводзіцца сястрою

Лявоніха мая.

 

1943-1974

 

 


1943-1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан