epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Лебедзь

Нейкія цуды ў чэрвені!

Нібы

Засыпаны снегам блішчыць курган,

Ці кінуў разьбяр лабрадорскую глыбу,

Ці белай пены нагнаў акіян.

 

На мураве, у квяцістых маках,

Для ўцехі прыезджых і гараджан,

Галаву пад крыло, да ўсіх абыякавы,

Вялізны лебедзь на ўгрэве ляжаў.

 

Дзеці смяяліся з абібока,

Падыходзілі блізка зусім, а ён

Чорна-чырвоны каменьчык вока

Ледзь паварочваў — і зноў у сон.

 

Нарэшце ўстаў — дапякло разявацтва!

Ногі клыпалі, а не ішлі,

Славуты кароль вадзянога птаства

Нязграбны і смешны быў на зямлі.

 

На хвалю ступіў і зрабіўся горды,

На шыі ўзнеслася галава,

Набраў вады, прапалоскваў горла,

Як быццам намерваўся заспяваць.

 

Усе гаварылі, што ён — няздара,

Не ахайваў снежнай кашулі свае,

Бо на гэтым возеры жыў без пары,

А хто ж без пары песні пяе?

 

Толькі старым стогадовым дрэвам

Было зразумела, што ён маўчаў,

Да краю поўны тым страшным спевам,

Якім сустрэне астатні час.

 

26.VI.1958