epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Лісты Харужай

 

 

Летні прыцемак у Варшаве. Літаратурны вечар закончыўся, а гаворка плыве сабе паціху. Падышлі муж і жонка, старыя польскія камуністы, яны бачылі наш фільм «Чырвонае лісце». Упадабалі, але не з усім пагадзіліся і зараз па-добраму трывожацца: зноў стужка пра Заходнюю Беларусь, пра падпольшчыкаў? Цікава! І Вера Харужая ўзята за прататып? Тады яны ахвотна падзеляцца ўсім, што ведаюць.

...Яна з’явілася ў іх як быццам адразу ўсюды: у Вільні, у Гродне, у Беластоку. Там і сустрэчы былі. Слухалі яе, «агітатара з божай ласкі», набіраліся духу маладосці. Куды ні трапіць, скрозь свая. Сапраўды! Збіраўся патайна камсамольскі камітэт. Людзі сноўдаліся па ўскраіне лесу, не знаходзілі месца. Вера глянула з-пад брывей: «Чаго вы топчацеся, як старыя дзяды? А ну, згуляем у гарэлкі!» І ўсе адчулі: ім жа толькі — каму семнаццаць, каму — васемнаццаць... На якое ліха натапырваць пер’е сталасці!

Весялосць весялосцю, а калі трэба, Вера ўмела цвяроза разважыць: што сказаць, дзе выбраць надзейную кватэру, як адчапіцца ад пільнага вока шпіцляў. Размаўляла ў краме, як прыроджаная варшавянка, з бляскам, а купляла толькі кавалак хлеба — усяго тых грошай было.

Чаго-чаго ні траплялася! Небяспекі — куды ні ступі, гора сёрбалі ці раз, але ж і радасць зачэрпвалася ў жменю...

...Мы ўжо гаворым даволі вялікім гуртом, слухаю і ледзь упраўляюся адказваць на пытанні.

Хто будзе іграць Веру? Што беларуская актрыса, дык і мовы няма; хацелася б, каб з вёскі была родам: Вера хоць і гараджанка, але больш цягне на беларуску вясковага тыпу. А якая яна ростам? Характар — добры? Трэба такая, каб узгаралася ад самай малой іскаркі, а ўжо як стане на сваім, дык без вагі не зрушыш. Што ведае актрыса, апрача свайго мастацтва? О, ёй трэба шмат ведаць! Вера гаварыла і чытала на чатырох мовах, і размаўляй з ёю — пра што хочаш.

Распытвалі ў мяне, пэўна, не ў такім парадку, гаворка ішла сціслей і вастрэй, але маім суразмоўнікам рупіла дазнацца менавіта гэта. На заўвагу, што таленавіты акцёр стварае за жыццё дзесятак, а то і болей вобразаў, хоць і не надзелены ўсімі іх уласцівасцямі,— яны адгукнуліся з поўным разуменнем. Не, ніхто і не думае збіваць на залішні дакументалізм, смешна! Але ж стварыць вобраз Леніна дадзена не кожнаму: патрэбен духоўны зарад вялікай сілы.

Таксама і з Верай. Помніце, Крупская? Пачытала кніжачку лістоў Харужай — і што напісала?

Я помніў тое выказванне вельмі добра і зараз перакажу дакладна:

«Гэтыя лісты робяць моцнае ўражанне. Яны перадаюць турэмныя перажыванні маладой камсамолкі... Напісаны яны проста, шчыра. Але з кожнага радка глядзіць на вас чалавек моцнай волі, перакананы рэвалюцыянер, змагар за рабочую справу... І столькі жыцця, маладосці, энергіі ў гэтых лістах...»

Далей ідзе самае галоўнае, услухайцеся як мага уважлівей:

«Міжволі ўспамінаецца Ільіч у турме. Бадзёрасцю дыхаў кожны яго ліст да таварышаў, колькі было невычарпальнай энергіі ў кожным з яго лістоў, колькі цёплага клопату ў адносінах да сямейных і цікавасць да справы, клопат пра наладжванне яе, што прэваліравалі над усім».

На такое збліжэнне з Леніным любой асобы, якой буйнасці яна ні была б, адважыцца цяжка, на гэта мела права адна хіба Надзея Канстанцінаўна, і яна ўбачыла ў беларускай дзяўчыне-падпольшчыцы духоўнае сваяцтва з тым, каго кахала, чыя думка абабягала кантыненты, парадкуючы свет на карысць працоўнаму чалавеку.

Тут — вялікая праўда: сапраўдныя рэвалюцыянеры не могуць не мець агульных рысаў, да гэтага іх абавязвае такая засяроджанасць жыцця на адной мэце, такая адданасць адной ідэі, што ўсё іншае саступае дарогу, адыходзіць убок. Да таго ж, Ленін — самы высокі ўзор чалавека і рэвалюцыянера, і хто з энтузіястаў рэвалюцыйнай справы не таіў мары быць падобным да яго? Прагнула гэтага, вядома, і Харужая, выхоўваючы ў характары, у паводзінах, нарэшце, у самым галоўным — у практыцы барацьбы — якасці дзеяча ленінскага тыпу.

І вось сяброўка Харужай, таксама былая падпольшчыца, гаворыць на адвітанне:

— Вера прыйшла да нас — чысты агонь! Моцны, як толькі трывала чалавечая абалонька, яна ж кволая была. Але тут сагрэе, там пасвеціць, а то шугне і спапяліць. Часамі, праўда, запальвалася шумнавата, раскідаючыся, не заўсёды ўгадваючы, калі і на што рынуцца. У падполлі адбылося ўтаймаванне. Стыхійны агонь ператварыўся ў лазерны прамень: сіла неабмежаваная і накіравана дакладна — Вера стала адукаваным марксістам.

Назаўтра ў гасцініцы мне перадалі падарунак ад новых знаёмых, зборнік «Вера Харужая» з іх прадмовай і заўвагамі.

Як жа яны гучаць, так добра знаёмыя старонкі, па-польску? Пачаў гартаць і зачытаўся — каторы ўжо раз на сваім вяку! Беларускі тэкст ніколі не сыходзіў з невялікай палічкі маіх улюбёных кніг, а на рускай мове «Лісты на волю» прыйшлі да мяне ў трыццатыя гады.

Успомніліся людзі і абставіны гэтага першага чытання, усплыў воблік самой Харужай. І міжволі пачало думацца пра гераічнае, яго прыроду. Што ж гэта такое ў жыцці і ў мастацтве?

 

Усё на свеце павінна спраўджваць сваё прызначэнне. Вось сонца і дае — як і чаму, мы больш-менш ведаем — святло і цеплыню, расліна ператварае іх — не настолькі высветленым шляхам, каб мы маглі паўтарыць ператварэнне,— у жывую тканку. А чалавек? Тут справа і куды складанейшая, і куды прасцейшая. Чалавек — найбольш даследаваная частка жывой прыроды, ён не пашкадаваў на самога сябе ні сродкаў навукі, ні сродкаў мастацтва.

Каб спраўдзіць сваё прызначэнне, чалавек робіць учынкі, а ўчынкі у сваю чаргу, твораць чалавека. Без учынкаў — чалавека няма, вось яны і паўстаюць перад намі: высакародныя і нізкія, наўздзіў смелыя, чутныя на шырокім прасторы і амаль бязгучныя, цішэй за мітусню мурашак у сваім дамку, нарэшце, зіхатлівыя па навізне і банальныя да агіднасці.

Мастацтва адбірае ўчынкі не самі па сабе, а толькі тыя ці толькі тое ў іх, што дазваляе выявіць гераічнае, смешнае, драматычнае, а таксама дакрануцца да прыроды гэтых катэгорый.

Тым не менш адзін твор уз’ядноўвае нас з героікай, выклікаючы сузіральнае захапленне подзвігам, другі — дзейнічае актыўна, змушае прыняць гэту героіку на ўзбраенне, і не толькі прыняць, а і адшукаць, выклікаць або выхаваць штосьці падобнае ў сабе.

Можна запярэчыць: розныя людзі — розныя ўспрыманні. Тут ёсць праўда, яе не вельмі проста абмінуць ці адкінуць. Успомнім фадзееўскіх маладагвардзейцаў. Маладыя падпольшчыкі знаходзілі ў кнігах, бачылі ў рэчаіснасці многа вартага захаплення. Але ж бралі ў свой абыходак, прасцей кажучы, у сябе, толькі з разборам. Няхай рабілі гэта падсвядома, ды не проста з налёту: адно — прэч, другое — да сэрца.

Да сэрца гарнулася тое, што задавольвала прагу ў гераічным, набліжала да яго, дапамагала зачапіцца за такую ж струнку ў сваёй душы і даць ёй магчымасць загучаць калі не раўназначна, дык хоць суладна.

І ўсё ж душэўная настройка чытача — адно, а эмацыянальныя магчымасці і рэзервы мастацкага твора — нешта іншае. Калі імкненні, закладзеныя ў ім, не парываюць на уздым, а зыбаюцца дзесьці на сярэднім ўзроўні, калі хваляванне пачуццяў не абуджае сустрэчнага хвалявання, калі не спалучана ісціна ўзнёслых мар; праўда штодзённай явы — як ні намагайся, нічога гераічнага для душы не здабудзеш.

Часам па творах літаратуры, хоць у аснову іх і пакладзены лёсы вялікіх людзей мінулага ці выдатных нашых сучаснікаў, нельга ўявіць і ўразумець, дзе ж мяжа паміж будзённым і гераічным. Магчыма, такой граніцы няма, не існуе, але я, чытач, хачу і павінен ведаць, як, чаму, праз што звычайная істота набрала столькі адменных сокаў, што раптам дала наквеці і пырснула шчодрым цветам. Прасцей і празаічней кажучы, мне важна дазнацца, як даспеў чалавек да ваеннага подзвігу або да наўздзіўнага выніку працы і тым самым зрабіўся ўзорам, вяршыняй, светачам.

Што ж за яно гэта гераічнае? Уласцівасць абраных, ці кожны чалавек у пэўных абставінах можа стаць героем? Нарэшце, дзе яно прытойваецца і калі выходзіць на свет? Пра ўсё гэта я пытаюся і шукаю адказаў у мастацкіх творах.

Чым паўней і прасцей, не аздабляючы надаеднай мішурой і не захінаючы покрывамі таямніцы, раскрывае твор сутнасць высакародства, глыбіню адданасці ідэі, меру самаахвярнасці, увесь рух і рост асобы да найбольшага свайго ўчынку, тым трывалей умацоўваецца перакананне: гераічнае лунае над галавой кожнага чалавека, падобна таму, як маршальскі жэзл ляжыць у ранцы кожнага салдата.

Дык ці трэба паўтараць, што мастацкі твор, паглынаючы біяграфію героя, высвечвае факты духоўнага вырастання яго і дарастання да піку, дзе збяруцца ўсе ягоныя сілы і намаганні, каб ажыццявіць можа адну, але галоўную справу жыцця.

А як з іншымі падрабязнасцямі біяграфіі? Проста адкідаць, не лічыцца?

Скажам, зняволенне, вядома, не за крадзеж і фальшывыя грошы або штосьці падобнае. Гэта заўсёды — выпрабаванне на мужнасць, трываласць, высакародства. Але можна адбыць некалькі тэрмінаў у некалькіх турмах — такія выпадкі знаходзіш не шукаючы ў рэвалюцыйных біяграфіях,— заслужыць праз гэта павагу, здабыць аўтарытэт і ўсё ж не стаць героем.

Або возьмем іншы, калі не процілеглы першаму, прыклад. У жанчыны з бездакорнай рэпутацыяй рэвалюцыянеркі ніяк не парадкуецца сямейнае жыццё, і яна, у пошуках сапраўднага шчасця, дакладней — у пошуках чалавека, створанага для сябе ў сваім уяўленні, некалькі разоў ідзе на шлюб.

З жыццёпісу не выкасуеш! А ці да месца такі штрых у біяграфіі гераічнай, прызначанай для многіх тысяч вачэй, у наследаванне многім тысячам сэрцаў?

Чаму ж не! Абы не застуецца, не адпіхаецца ў цень нічога з таго, што стаўляе дадзенага чалавека на дарогу галоўнай справы свайго жыцця, галоўнага свайго ўчынку. Іначай сам гэты ўчынак застанецца на такой жа адлегласці ад героікі, як звычайная мнагамужка ад годнасці маці-гераіні.

Пара зноў вымавіць імя той, чый вобраз не адступаецца з відавоку. Бачыць яе, на вялікае засмучэнне, давялося толькі раз, але яна на ўсё жыццё пакінула мяне перад сабой на каленях. Гэта не юнацкі экстаз і не малітоўнае захапленне, я думаю з пашапотным здзіўленнем пра Веру Харужую, героя, на чыё ўшанаванне не шкада ні многіх тысяч метраў кінаплёнкі, ні глыбін адменнага мармуру.

У жыццёпісе яе, на першы погляд, больш горкіх, чым уцешных старонак. Хапала адседак па суду і без суда, апошняя — самая кароткая і страшная — у фашысцкай катавальні: магчыма і ў дол жывую засыпалі, відавочцы казалі, што на месцы расстрэлу варушылася зямля...

А былі ж і звычайныя чалавецкія засмучэнні: не заўсёды ўдавалася ступіць як належала, сушыў гады маладосці астрог, не адразу прыходзіла справядлівасць, не спраўджвалі спадзяванняў сябры.

 

Дык спытаем самі ў сябе: трэба ўсё гэта ў кнізе ці на экране? Мусіць, трэба, але не абавязкова і не ўсё. Значыць, ухіляцца ад праўды, утойваць яе? Наадварот, набліжацца да праўды, весці апавяданне ці паказ, каб і на хвіліну не страціць асноўнага: што, да чаго і ў імя чаго парывае чалавека на подзвіг.

А як і якія справы рабіць герою — на гэта ёсць густ і пачуццё меры мастака. Няхай перад ім на момант узнікне крыху ўмоўная задача: выбраны герой, паважаны, вядомы народу абаронца яго інтарэсаў, змагар супроць тыраніі, раптам згадзіўся публічна, тры дні запар, запальваць ліхтар пашаны над помнікам тырану, магільшчыку народных надзей.

Пляміць гэта героя? Як быццам пляміць. Траціць ён давер і любоў усіх, што ведалі яго ў іншай постаці? Ды як быццам і апраўдання няма.

А як зрабіць, калі другога спосабу няма, менавіта толькі так можна падаць сігнал паўстанцам у гарах, салдатам у далёкіх гарнізонах, узброеным рабочым на ўскраінах: час пачынаць! Выходзьце на вызваленчае паўстанне зараз жа, усе, усюды!

Вось чаму ідзе да помніка герой, вось чаму ў яго руках ліхтар запальваецца, гасне і зноў запальваецца. Што гэта значыць, ведаюць толькі тыя, што чакаюць умоўнага знаку. Хто гэта робіць, невядома нават ім, а ў імя чаго дзеецца усё, хіба ж можна тлумачыць для ўсеагульнага ведама!

Пераможа паўстанне ці не ўдасца, усё роўна пляма на гонары героя будзе толькі ўяўная, рана ці позна ад яе не застанецца і следу.

Можна было б прыгадаць іншае, бліжэйшае да нас, што і без таго ва ўсіх на воку. Нашы людзі, самыя адданыя салдаты партыі і самыя верныя сыны народу, прымалі абліччы ворагаў яго і прабіраліся ў варожы стан, каб дапамагчы Радзіме, каб мацней і надзейней рыхтавала яна перамогу.

Самі сабой вымаўляюцца некалькі бліскавічных імён, яны вядомы ўсім, але ж невядомы і не названы многія тысячы нашых людзей-невідзімак, якія штодзень невідочна падрывалі фашысцкія штабы і тылы ў імя той самай мэты.

Мера подзвігу першых і другіх розная, але мяжу дазволенага ў сабе ўсе яны пераступалі адну і тую: насупар свайму духоўнаму строю, ладу жыцця, атачэнню, ідучы насустрач спачатку неразуменню, а следам — пагардзе і знявазе блізкіх, яны прымалі аблічча, не толькі не ўласцівае ім, а выразна супрацьлеглае.

Вера Харужая, ідучы ў падполле, прымала аблічча невідзімкі, не пераступаючы названай мяжы, але можна мець пэўнасць — каб адчула канечную патрэбу, перайшла б, пераступіла б!

Што ж застаецца рабіць мастаку, творцу гераічнага вобраза? Быць смелым, весці героя на горы, апускаць у нізіны, абы была ва ўсім гэтым звышмэта, звышзадача, або чулася, як набіраецца разгон да яе. А пераносу ў твор, ды яшчэ кропка ў кропку, усіх перыпетый і акалічнасцей у паводзінах і ў абставінах жыцця — вось гэтага якраз не даруе ні жыццё, ні мастацтва.

Герой не можа існаваць без гераічнага пачатку, узнёслага складу думак, без асяроддзя, адкуль ён убірае сокі гераізму.

Роздум мастака аб героі заўсёды будзе роздумам аб часе. Час выхоўвае і падымае героя, у сваю чаргу, дзейнасцю героя вызначаецца змест таго ці іншага часу, менавіта па гэтай дзейнасці мяркуюць аб часе.

Якія б велічныя карціны ні раскрываліся перад намі з апісанняў гістарычных падзей, са сведчанняў сучаснікаў, яны пачнуць жыць і дыхаць толькі будучы звязаны вобразамі людзей, пераважна гераічнымі.

Вось чаму дзейнасць мастака ўяўляецца пошукам і знаходжаннем героя, які б увасабляў поўна і выразна рысы ўзгадаваных Кастрычнікам пакаленняў.

Відавочцы і знаўцы падзей і людзей часта ўпарцяцца: вось гэтага ў творы няма, а так было. Аддадзім належнае іхняму веданню і спрактыкаванасці, але ўстрымаемся, не дапусцім героя да посных казаняў, не дазволім яму ператварацца ў істоту бясплотную, не будзем ствараць німб вакол галавы, дарма што, магчыма, нешта «так і было», хоць бы і знайшлося штосьці падобнае ў побыце і абыходку.

Гэтаму пярэчыць вобраз Веры Харужай, нездарма ж ніці духоўнага сваяцтва яе працягваюцца да першавобраза герояў і рэвалюцыянераў — Леніна.

Яна мела ўласцівасць не падбаўляць жыўлення сваім асабістым болям і смуткам, не таму, што яны не балелі,— балелі, і часам вельмі моцна, але ж не маглі засланіць адкрытага яе вачам далягляду.

Страта дарагога чалавека ў першым баі з фашыстамі, як цяжка гэта ні было, не заглушыла прагай помсты святога абавязку вызваляць ад захопнікаў родную зямлю.

З мукай адарвала яна дзіця ад грудзей, а не пахіснулася ў намеры ісці за лінію фронту, біцца з ворагам у яго тыле, бо «за ўсіх дзяцей на свеце адказвае камуністка»!

А большанькай дзяўчынцы, тая ўсё не магла зразумець, як гэта мама, жывучы так далёка, чуе «крыкі і стогны нашай Беларусі», растлумачыла: «Калі будзеш моцна любіць свой народ, тады пачуеш, не вухам, дачушка, а сэрцам».

І вось у перспектыве часу самі абсыпаюцца прыпісачныя аздабленні і дробныя падрабязнасці: усё жыццё Веры Харужай узнікае перад намі як адзін суцэльны галоўны ўчынак.

Якія межы ў яго? Самыя шырокія: ад пятнаццацігадовай настаўніцы і адначасна парабчанкі ў кулака да байца з атрада асобага прызначэння, ад легальнага прапагандыста першай камсамольскай камуны ў Мінску да сакратара ЦК камсамола Заходняй Беларусі ў падполлі.

Вера Харужая паўстае ў многіх іпастасях, але ўсе яны бадай аб’ядноўваюцца ў адну — камуніст. Рэвалюцыянер у самым узнёслым, першаісным разуменні; жывое ўвасабленне адданасці народу і партыі; узор нязломнай веры ў сваю справу, у людзей, у сілу прынятых на ўзбраенне ідэй; чулая, сардэчная маці; нястомны прапагандыст і няўлоўны падпольшчык; страсны жыццялюб, абаяльная, шырокіх кругаглядаў асоба; верны таварыш, вясёлай душы чалавек.

Гэта не проста больш-менш гладка падагнаныя адно да аднаго азначэнні, кожнае з іх угрунтавана пэўным адрэзкам жыццёвага шляху Харужай, умацавана яе душэўным вопытам.

Жыццё без барацьбы нічога не важыла для яе, а жыццё народу пад няволяй было знявагай уласнай чалавечай годнасці. Духоўны стан заўсёднай зрыхтаванасці змагацца за народнае шчасце быў натуральным для яе станам, іначай жыць яна не магла. Пасля геройскай смерці мужа словы Далорэс Ібаруры: «Лепей быць удавой героя, чым жонкай баязліўца»,— загучалі для яе іначай: «Я зразумела, што ты, Беларусь мая, даражэй за самае дарагое, што, цябе любячы, можна ўласнае сэрца кроіць на кавалкі, быць мацней за самога сябе».

У нашай Радзіме бачыла яна надзею народаў, прыклад — краінам, жаданы дом волі і шчасця — сабе.

 

«Быць мацней за самога сябе»— у гэтых словах ключ да разумення подзвігу Харужай дый гераічнага наогул.

Вернасць слову і дружбе была для яе святы запавет. Да сябравання Харужай я вярнуся яшчэ, каб расказаць адну гісторыю, цяпер гэта, відаць, вядома толькі мне аднаму. Зараз жа — пра жыццялюбства і трываласць.

Харужая арыштавана, асуджана пілсудчыкамі, кінута ў турму. І за кратамі вакол яе ўскіпае грамадскае, палітычнае, асабістае жыццё зняволеных. Яна вучыцца і вучыць, наладжвае галадоўкі, сустракае песняй рэвалюцыйныя святы. Яна захоўвае сілу і дзіцячую непасрэднасць, цешыцца з кавалка сіняга неба, удалага верша, прыемнай навіны, пачутай ад сяброўкі. Радуецца сама і пасылае зарады бадзёрасці, паводле выразу яе самой. З турмы — на волю! Тым, хто замаркоціўся ці змарыўся. І не толькі на заняволеныя абшары Заходняй, а і праз калючы дрот, цераз мяжу, сябрам і знаёмым у Савецкай Беларусі.

Светлы чалавек, які шмат ведае і разумее, аб усім дбае і турбуецца, размаўляе з намі ў лістах на волю. І з кожнага слова, памкнення, намеру, дзеі відзён камуніст. Крыштальны, нібыта акурат для яе створана гэтае слова,— самай чыстай чысціні. Мець і несці гэту годнасць, дзе сплаўлены ўсе пачуцці, усе якасці, усе ступені, на якія можа ўзняцца чалавек,— сапраўднае прызначэнне Веры Харужай. Яна ўяўляецца ў гераічнай цэласнасці адзінага чалавечага вобліку — нішто чалавечае не чужое ёй і ўсё чалавечае ўзвышаецца праз яе, паўстае ў святле высокай духоўнай красы, пралітай на ўсе яе ўчынкі.

Харужая — герой народны, нацыянальны, з таго самага велічнага шэрагу, дзе Каліноўскі, Заслонаў, Мінай.

Такі вобраз ставіць на калені і друга і ворага, але, як ні шкада, існуе больш ва ўяўленні, узнікае са скупых яе лістоў і запісаў ды яшчэ з таксама не дужа шчодрых успамінаў таварышаў, з кім працавала яна ў падполлі, на камсамольскай і партыйнай рабоце.

А як перадаць у пластычнай форме ці перанесці на паперу абагульнены мастацкі вобраз, надзелены такім багаццем цвёрдай, як алмаз, волі, чулай і пяшчотнай душы, смелага і вясёлага сэрца? Не адважышся, а калі паспрабуеш — не дадуць веры: хіба змесціць у сабе столькі добрага нехта адзін?

Некалі ў маладым захапленні я пісаў юнацкую сваю рэч «Галасы гарадоў». Там ёсць раздзел «Таварыш Вера».

Падштурхнуў мне руку, падахвоціў размовамі той, каго Харужая называла адным «з самых дарагіх, самых блізкіх». Гэта быў Анатоль Вольны — востры на слова і выдумку, яркі, на жаль — не сабраны талент. Калі мы сталі таварышаваць, ён амаль не пісаў вершаў, за паэтам Вольным грымела слава фельетаніста Алёшы. Пад гэтым псеўданімам ён друкаваў шчодрыя на гумар невялічкія рэчы. З экранаў не сыходзілі фільмы па яго сцэнарыях, гэта здалося павабным: у пачатку 30-х гадоў я рабіў першыя сцэнарныя нарыхтоўкі і нават збіраўся набываць кінематаграфічную адукацыю.

Як і калі пачаліся ў нас з Вольным размовы па шчырасці? Не ўспамяну, не хачу абражаць памяць таварыша недакладнай перадачай. Адносіны складаліся сардэчна, нам захацелася нават разам папрацаваць. Дамовіліся пісаць аповесць. Каб ніхто не замінаў, пастанавілі ўцячы на бераг Чорнага мора, балазе стаяла ранняя вясна, было холадна, і гэта не абяцала вялікага тлуму на поўдні.

Сакавіковы адвячорак 1931 года з дробнай крупкай у твар. Сядаем у цягнік на Харкаў, куды пераведзены аванс пад будучую аповесць.

Як вядзецца на безграшоўі, перавод затрымаўся, мы прыехалі раней. Паглядзелі горад — Харкаў тады быў сталіцай і хораша будаваўся,— наведаліся ў тэатр. Вольны адшукаў сяброў, пачаліся сустрэчы. Найбольш прыемная і памятная — з Уладзімірам Сасюрам. Ён быў нашым госцем у Мінску і ветліва спаткаў нас у пісьменніцкім клубе. Праўда, настрой у гаспадара быў не з лепшых: не дагадзіў кніжкай крытыцы. Гэта замінала пісаць, і паэт збіраўся ў калгас — перабыць благую пару з мілымі яму людзьмі.

Праз колькі дзён справы нашы наладзіліся, можна было рушыць далей. Але вось тут і высветлілася непрадбачанае і нечаканае: у Вольнага не зроблены і рупіць добры дзесятак самых пільных спраў у Мінску. Усе доказы — маўляў, недарэчна варочацца з палавіны дарогі, дый умова з выдавецтвам страшыць недалёкім тэрмінам здачы рукапісу — усё гэта адскоквала ад непрабіўной упартасці майго спадарожніка. Контрдоказы выстаўляліся не менш пераканаўчыя: а на ліха так далёка ехаць? Вясна і ў нас добрая, схавацца ад вачэй і пісаць можна бліжэй і лепш.

Змарнаваўшы ва ўзаемных пераконваннях з паўдня, мы разрагаталіся і купілі білеты назад. Дарогай змовіліся: на ўсе роспыткі, чаму вярнуліся, адказваць — забылі зубную шчотку.

Невясёлы гэты жарт належаў не мне. Я не ведаў тады, што сарвала майго таварыша з гэтай дарогі, як і з многіх іншых, даўняе і горкае каханне. Прымроілася яму з адлегласці ласкавая ўсмешка прыгожай і вельмі нешчаслівай жанчыны. Паверылася ў радасць, і стрымгалоў рынуўся здабываць дараванне, выслужваць прабачэнне, бо, як прызнаўся потым, выязджаў ён з Мінску пасля цяжкай размовы, поўнага разрыву.

Аповесць мы ўсё ж такі напісалі, выехаўшы неўзабаве ў Чэрвень, дзе адзін з адказных работнікаў даў нам пакой з дзвюма канапамі ў сваёй установе. Лёс нашага твора, які гучна называўся «Смерць БНР», быў незайздросны: Вольны, маючы прывычку даваць у друк напісанае адным прыхваткам, лічыў, што рэч закончана, хоць яна ледзь-ледзь цягнула на першы чарнавік. Далей публікацыі аднаго ці двух урыўкаў справа не пайшла...

Але не пра гэта я сабраўся расказваць.

Аднаго разу пасля доўгай гаворкі я пачаў адвітвацца. Вольны падняў чырвоныя ад бяссонніцы вочы:

— Перабудзь са мной да раніцы.

Відаць, яму цяжка было застацца аднаму ў непрытульным нумары гасцініцы на Камсамольскай. Памаўчаў, угадваючы маю нязгоду, і сказаў:

— Або давай паедзем да маіх.

Гэта была навіна. Ніхто з нас не ведаў, што ў яго ў Мінску ёсць сваякі. Мы прыехалі на рамізніку ў раён, вядомы як паселішча мясцовых чыгуначнікаў.

Дом стаяў у глыбіні двара, проста да вокан працягваў азяблыя лапы чырванаваты вішняк. Яшчэ ў сенечках дыхнула ўтулкам: пахла вышараваная падлога, прыемна трашчалі смалякі з распаленай грубкі, на стале спяваў самавар.

Анатоль адтаваў у цяпле хатняга клопату. Мы елі свайго вырабу каўбасу, хрумсталі свежыя каржы, смакавалі хатнюю вішнёўку. І пасля паснулі бесклапотным сном маладых людзей аж да заўтрашняга паўдня.

З абуджэннем душэўная раўнавага аднаго з нас прыкметна парушылася. Майму сябру, відаць, зноў пачаў дапякаць боль у сэрцы. Ён пакрысе падгаворваўся да гаспадыні перад снеданнем: маўляў, сухая лыжка рот дзярэ. Але тут устала нечаканая і даволі рашучая перашкода ў выглядзе румянай чарнавокай студэнткі тэхнікума; здаецца, яны былі з Анатолем свае ў другой стрэчы.

Дзяўчына з бескампраміснасцю і просталінейнасцю камсамолак таго часу абвясціла, што ніякіх «чарак» у сваёй прысутнасці не дазволіць. Раніцай трэба працаваць, а потым, наогул, гэта брыдка. Яна надзьмулася і ад усведамлення важнасці свае місіі — паставіць на троп дзве душы хісткіх, так і сказала, паводзін,— як быццам падрасла, хоць, праўда, стала падобная да ката ў чобатах — так называлася пашыранае тады апавяданне.

Давялося падпарадкавацца. Паснедалі і вырашылі нікуды не хадзіць: падумаем, якой рады даваць нашай аповесці.

Пакуль гаварылі і спрачаліся, крэслілі і дадавалі, дзяўчына пісала поруч за столікам. Час ад часу паглядала ў наш бок ці то недаверліва, ці то са здзіўленнем: няўжо яе паслухалі-такі і ўзяліся за справу.

Нашы намаганні глыбей увайсці ў работу хутка вычарпаліся: Анатоль відавочна думаў пра нешта іншае. Ці паводзіны дзяўчыны нагадалі яму штосьці, ці проста прыйшла пара ўспамянуць добрае сяброўства, падзяліцца прыгадкаю.

Ён дастаў з кішэні паліто кніжачку:

— Бачыў?

Узяўшы ў рукі тоненькую, як сшытак, брашурку, я прачытаў уголас пачатковыя радкі і апомніўся толькі праз некалькі гадзін, калі загарнуў апошнюю старонку.

Наша студэнтка, выслухаўшы ўсё прачытанае, крадком уцерла вочы і пабегла на вячорныя заняткі, а Вольны пачаў расказваць.

Цяжка, з доўгімі паўзамі, з бясконцым прыпальваннем усё новых і новых папярос. Але ён трапіў на такую хвалю шчырасці, калі спыніцца не выспавядаўшыся было нельга, калі чалавек плыве ва ўспамінах нібыта за шпаркай плынню. Павярнуць на бераг сілы няма, і ён трывожна сочыць, як міма ідуць і едуць людзі і ніхто там, на зямлі, не чуе яго, не заўважае ягонай адзіноты.

Сядзелі ў паўзмроку. Папяроса, раскурваючыся, на момант паказвала, як перасмыкаецца аблічча, як бязлітасныя пальцы прымінаюць да цемя пакучараўленыя валасы.

Тая, што пісала сабраныя ў кніжачку лісты ад імя польскай камсамолкі, была добра вядомая мне па прозвішчу беларуская дзяўчына, і не хто іншы, як Вера Харужая.

Дык вось чаму мне не маглі ці не хацелі казаць, куды яна знікла.

А ведалі ж людзі! Як гэты мой сябар, ды што там — мой! Яе сябар, ён жа не проста бачыў Веру, а і таварышаваў, сустракаўся кожны дзень на рабоце, бачыўся вольным адвячоркам, хадзіў у кіно, на сходы, на дэманстрацыі...

Пра ўсё гэта Вольны расказаў. Заставалася самае цяжкае. І ён перасіліў сябе, адважыўся. Паказаў мясціны з лістоў, поўныя клопату, любасці, дружбы і невыказнай горычы. Словы, адрасаваныя яму.

Па маладосці я вычытваў адтуль зусім не тое, што хацела сказаць Харужая. Падумалася, нібыта яна кахае Анатоля і моцна тужыць, дазнаўшыся пра яго цяперашняе нешчаслівае захапленне. Вось адкуль, лічыў я, Верына гаркота ў развагах пра ператварэнне сяброў.

Стала дзіўна, чаму ж раптам так змізарнеў на вачах ён, той чалавек, што сядзіць з апушчанай галавой, на каго некалі ўпаў промень такога кахання?

Я не ведаў, калі і як апынуўся Вольны па-за шэрагамі камсамола, і не мог зразумець, што менавіта гэту духоўную страту ён балюча перажывае зноў.

Вера Харужая як быццам прыйшла ў наш пакой і патрабавала адказу і не адступалася: не ўстояў, а павінен быў устояць!

Пакуль Анатоль нанова перачуваў увесь цяжар перажытага, цягнулася маўчанне, і я зусім заблытаўся ў адвольных здагадках і развагах. Нарэшце ён сабраў сілу вярнуцца да слова.

— І чаму яе няма тут? Усё магло быць зусім іначай. Каб яна і Колька...

Так упершыню Вольны вымавіў імя Мікалая Арэхвы, першага важака камсамольскай моладзі ў Беларусі. Разам з Харужай яны працавалі ў Цэнтральным Камітэце камсамола, у адзін час прыкладна пачалі торыць шляхі ў заходнебеларускім падполлі.

І гэтыя словы таварыша мне давялося зразумець многа пазней. Яны значылі вось што: у цяжкую хвіліну каля Вольнага не было двух найбліжэйшых яму людзей. Ён, відаць, зрабіў няпэўны крок. Магчыма, таму, што быў адзін, жыў толькі сваім адумам. Выйшаў за нейкую рысу, і гэта наглуха адгарадзіла яго ад звыклага асяроддзя, і ў першую чаргу — ад камсамольскіх сяброў.

Мусіць, не так і шмат неставала яму, каб утрымацца ў іх коле: крыху веры, пляча падтрымкі, кроплі дружбацкай спагады. Тады не страшна ніякага ўшчунку, ён прыняў бы яго з падзякай, ператрываў бы самае цяжкае пакаранне.

Цяпер позна дашуквацца, што і як было парушана, але Харужай стала вельмі горка, і яна не замарудзіла асудзіць першага з сяброў, аб кім выказвала самы гарачы клопат з-за астрожных крат. Магчыма, яго віна куды глыбейшая, чым уяўляецца мне зараз з паўвекавой адлегласці. І ўсё ж, думаецца, бяда тая, хутчэй — няшчасце, здарылася з ім праз маладую гарачнасць, непераборлівасць у знаёмствах, прыманне чужых поглядаў на веру, не разважыўшы, чые яны, што за імі магло таіцца. Да таго ж, снаваў павуцінне нэп, і трывалейшыя збіваліся з тропу, завабліваліся ў багему і засільваліся.

Да часу нашага таварышавання Вольны паслужыў добраахвотнікам у Чырвонай Арміі, пабыў на адказнай камсамольскай рабоце. Ён здаваўся больш за іншых літаратараў спрактыкаваным, узмужнелым у светапоглядзе.

Не скажу, што я мог узяць за прыклад усё ў маім старэйшым таварышы, аднак у чыстаце адносін да рэчаіснасці, у яснасці позірку на заўтрашняе ніхто не здолеў бы кінуць яму ніякага дакору.

Яго слову можна было верыць, як свайму: спраўдзіць, зробіць, калі паабяцаў, і гэта не толькі ў адносінах да тых, з кім таварышаваў.

Лёгка ўгадваў, у каго за знадворнай добрапрыстойнасцю прыхоўвалася патайнае донца. Гэты гатунак ненавідзеў люта, дзе толькі мог, выкрываў і выкпіваў, ахватней — проста у вочы, ды яшчэ так, каб чалавек, апынуўшыся ў смешным становішчы, траціў раўнавагу і міжволі паказваў сябе без абарончай пафарбоўкі.

Затое заўсёды вадзіўся Вольны з кім-небудзь з малодшых літаратараў, любоўна апекаваўся, рэкамендуючы і выхваляючы свайго падапечнага як найдаражэйшую для чалавецтва знаходку.

Сказаць праўду, такое апекаванне было больш неабходна самому Вольнаму, складала ўласцівасць яго адкрытай насустрач людзям душы. Ніхто далікатней і танчэй не мог папытаць: ці ёсць у цябе на абед, ці маеш свежую кашулю, ці не пасміхнулася з вітрыны новая кніга. Удасца ўдружыць хоць што — ходзіць, як быццам зямлі не дакранаецца, хоць сам дабрачынца не мае пэўнасці, за што будзе палуднаваць заўтра. Выручаць таварышы, ведае, па няпісанаму закону дружбы камсамольцаў дваццатых гадоў.

Яны стаялі над побытам, пераймаючы гэту навуку ад старэйшых камуністаў. Н. К. Крупская пісала, што не можа ўспомніць выпадку, каб у іх дома гаварылі пра ежу і вопратку, а ў эміграцыі жылося ім — куды як скрутна!

Вось і камсамольцы першага закліку, бачачы, як нялёгка краіне выбаўляцца з векавой адсталасці, абмяжоўваліся самым сціплым, канечне неабходным для асабістых патрэб. Яны гадавалі здаровую пагарду да мешчаніна і нэпмана з іх проданнем дрыжыкаў над сваімі гняздзечкамі, напханымі безліччу рэчаў.

Магчыма, касаваротка ці юнгштурмаўка і сандалі на босую нагу —нешта кшталтам камсамольскай уніформы — патыхалі крыху аскетызмам, а гальштук і капялюш дарма абвяшчаліся атрыбутамі мяшчанства, затое, лічылі маладыя людзі, нішто не звязвае рук, нішто не замінае вачам углядацца у асветленыя нязгаснымі ідэаламі блізкія далечы.

Так і мусіла быць, каб чалавек, здольны на самаабмежаванне, нават на самавыраканне, таварыскі, праўдзівы — да таго ж — паэт! — стаў другам Веры Харужай. Такой веры трымалася яна сама.

На жаль, у некаторых з моладзі самаабмежаванне перарастала ў нядбайства да ўсіх і ўся, у адмаўленне элементарных жыццёвых умоў. Пакрысе і Вольны ператварыўся ў бесхацінца. Жыў на колах, часцей за ўсё паміж Ленінградам, дзе змяшчалася наша кінастудыя, і Мінскам, дый тут туляўся па гасцініцах і падначоўваў у таварышаў. Гэта няўладжанасць вынікала яшчэ і з беспрытульнасці душэўнай — я ўжо ўспамінаў аб дзіўнай і трагічнай гісторыі яго кахання.

Пералётнае жыццё не абяцала разгарнення здольнасцям. Вольны кінуўся шукаць ратунку ў сям’і — шлюб аказаўся не больш удалы і не менш цяжкі, чым нешчаслівае каханне, ад якога ён збіраўся такім чынам уцячы.

Напачатку зламаліся як таленты, пасля крыўдна рана скончылі чалавецкае існаванне ўсе трое: чорнавалосы прыгажун, гучнай у той час славы паэт, выключнай паставы актрыса з антычным абліччам і ён, невысокі з добрымі светлымі вачамі пад кранутымі цікам павекамі, мой сябар.

Калі і як пісаў Вольны, уявіць цяжка; відаць, усюды, дзе здаралася на гадзіну прысесці, і абавязкова за адзін раз — у гэтым я меў магчымасць упэўніцца. Але ж яны з’яўляліся, вершы, гумарэскі, аповесці. І ў кожнай рэчы — зерне свайго, непасрэднага, будзь гэта смех, лірычная споведзь ці позірк у мінулае народу. Аднак адчувалася: пачуцця і думак — цераз край, а дысцыпліны для даводкі, для канчатковай адліўкі ў форму — што ні крок, то больш не хапае.

Прыходзіла іншая вядомасць — у вусным жанры: вядомасць апавядальніка за сталом; хоць вострыя слоўцы яго і перадаваліся потым па горадзе, гэта было сумна. Ён так і не зазнаў спакою. Выстараўся свайго даху, перавёў туды сваю выгараваную абранніцу, але запозна.

А на якім уздыме, бліскуча, іначай не скажаш, пачыналася гэта жыццё, адбываўся ўваход у літаратуру! Першы пленум і з’езд «Маладняка». Вольны ў першай тройцы імён, робіць справаздачу па арганізацыйных пытаннях, выступае з прапановамі камуністычнай фракцыі.

Дзе ні з’явіцца — радасная ўзрушанасць і ажыўленне: яго любілі аднагодкі, старэйшыя і маладзейшыя. Быў ён у абыходку з людзьмі — лёгкі, суразмоўнік — цікавы і вясёлы. Любіў і ўмеў пажартаваць і востра і дабрадушліва: не пакрыўдзішся, каб і хацеў.

Насустрач Вольнаму ўсміхаўся Янка Купала, яго прывячалі, абдымалі за плечы партыйныя дзеячы, заснавальнікі нашай дзяржавы, пры ім мякчэў і хіліўся ў сантымент роўны і стрыманы Міхась Зарэцкі, аж свяціўся заўсёды нечым узрушаны Валеры Маракоў.

Дык вось «Маладняк». Вольны карыстаўся павагай там па заслугах. Тэмпераменту і энергіі ў яго — хоць пазыч каму, працаваў, што называецца, з душою, закасаўшы рукавы. Дый, апрача ўсяго іншага, быў адзін з арганізатараў аб’яднання, удзельнік, калі не сказаць ініцыятар, славутага сходу шасцярых, які празваніў пачатак літаратурнага жыцця ў рэспубліцы.

Гэта апісана і даўно стала здабыткам гісторыі літаратуры. На маю долю прыпадае дадаць пачутае ад самога Вольнага, недаказанае ў свой час у друку і такім чынам вывесці з незаслужанага забыцця яшчэ адну асобу, каму абавязаны сваім нараджэннем «Маладняк».

Справа ў тым, што на пасяджэнні ў клубе КІМ на Камсамольскай вуліцы ў Мінску было не шэсць, а сем чалавек, сёмы, праўда, прысутнічаў невідочна.

Быў гэта добры прыяцель усіх, што сабраліся закладаць падмуркі новай літаратуры, чалавек, каму паэзія заўсёды жывіла сэрца і пры патрэбе служыла зброяй. Дый па рабоце блізкая да літаратурных спраў асоба: рэдактар «Маладога аратага» (не часопіса, а газеты на рускай мове), член рэдкалегіі «Полымя», адказны камсамольскі работнік.

Словам, менавіта Вера Харужая першая падала добрую думку маладым пісьменнікам. Спачатку Чароту і Вольнаму, а пасля і другім:

— Што вы, хлопцы, ходзіце самапасам? Бачылі, што ў Маскве робіцца? Арганізуйцеся і вы, закладайце літаратурную групу. Камсамольскую, вядома ж...

Якім бы значным ні здавалася наша цяперашняе рэчышча, сягонняшні літаратурны рух з нязменнай пашанай глядзіць на свае далёкія вытокі. Большасць заснавальнікаў групы — бясспрэчныя і немалыя таленты — засталася жыць у літаратуры. А хто, пачытаўшы яе лісты, адмовіць у таленце Веры Харужай!

Могуць сказаць: гэта талент сэрца.

Паболей бы нам такога!

 

...Мінск вітае нядаўніх вязняў, выхапленых з санацыйных астрогаў. Польскія камуністы і паслы Заходняй Беларусі ў польскі сейм ступілі на савецкую зямлю.

Гэта было ў Негарэлым, я не трапіў туды, і хто прыехаў — дакладна не ведаў. Нічога, праз нейкую гадзіну ўбачымся!

Вуліцы нашай даваеннай сталіцы сталі вузкімі яшчэ з ночы, калі прыйшоў цягнік з дарагімі сябрамі. Натоўпы выплёскваюцца з ускраін, заліваюць плошчы і галоўныя магістралі: зірнуць, хоць бы здалёк!

Міліцыя, конна і пеша, трымае нешырокі праход да кіно «Культура» (цяпер Рускі тэатр). Нарэшце праціскаемся ў дзверы, і тут — Вольны, яго не пазнаць, так адухоўлены твар радасцю і хваляваннем.

— Давай за сцэну! Я не магу адзін, а ты ўсё ведаеш...

Цягне за руку, спяшаецца.

— Хто прыехаў? Зараз, зараз!

За кулісамі Анатоль ужо бяжыць і кідаецца, не бачачы нікога і нічога, да невысокай жанчыны, худзенькай, зусім дзяўчынкі:

— Вера!

Ён спыняецца, не дабегшы: ці пярэйдзе парог нядаўняга адчужэння колішняя дружба, ці будзе дарована яму?..

— Толя!

Харужая абдымае яго першая, яны глядзяць адно на аднаго, адступаюцца на крок і зноў глядзяць.

Гляджу і я. Гэта вось і быў той адзіны выпадак, калі давялося ўбачыць яе.

Бялявыя ў рыжынку валасы, крыху пазападаўшыя вочы, нос з кірпацінкай над шыракаватым разрэзам губ і вуглаватыя, як у падлетка, рухі. Акурат селавая настаўніца: выбралася на першыя заняткі, паднядзелілася трошкі, апранула белую, у беларускі ўзор вышыванку.

Добрае, мілае, больш чым простае аблічча! І праз гэтую прастату, дзе затоены рысы мадон, што падгледзеў некалі ў вясковых дзяўчат Максім Багдановіч, я гатоў прысягнуць: ніколі, нідзе ад той пары не сустракаў я нікога прыгажэйшага, так мякка, нібы вячорным сонцам, была асветлена яна ўся някідкім хараством душы.

— Што ж ты маўчыш, Толя?

Яны зноў абдымаюцца, і ўжо ўсім, хто тут ёсць, відно: сябры засталіся сябрамі, усё вальней і лягчэй робіцца ім, паплакаўшы пасля доўгай ростані.

Не ведаю, куды падзець сябе, на сцэне аказваецца поўным-поўна знаёмых і незнаёмых. Уцякаць — не выпадае, не лепш і стаяць тут, як быццам у ролі выпадковага назіральніка. Але я не быў такім і не надта паказваў вочы на святло.

— А з кім ты прыйшоў, Толя? Ну, мы то мы, а чаго ты румзаеш? — Харужая ўжо смяецца, звяртаючыся да мяне.— Ведаю, ведаю! — Яна перапытвае маё прозвішча і падыходзіць бліжэй: — Я твае вершы дзяўчатам чытала. Ну, дзе ж яшчэ? У турме.

Дарагая вестка цешыць і аглушае — маўчу. Харужая на момант прыхінаецца галавою да пляча:

— Дык і ты рыжаваты? Значыць, павінен быць заядлы. Будзем дружыць...

На сцэну выплывае Купала з неадменным кійком на рукаве. Вітаецца з людзьмі і, расцягваючы склады, здалёк гукае:

— Ве-рач-ка!

Зноў абдымкі, пацалункі і мокрыя ва ўсіх вочы.

А найбольш — яшчэ ў аднаго з блізкіх Верыных сяброў. Таго самага «таварыша С.», каму так адрасаваліся частыя лісты са зняволення. Ён — Сёмка, па-камсамольску,— працаваў тады ў ЦК МОПР пад пільным і патрабавальным вокам А. Д. Стасавай. Дазнаўся, што Вера прыязджае, і ўзгарэўся. Хоць бы на дзень які злётаць у Мінск, прывітаць таварышку на роднай зямлі. Аднак усе спробы пачаць гаворку пра гэта перад начальствам цярпелі няўдачу.

Давялося пастукацца да чалавека, якому ніхто і ні ў чым не мог адмовіць. Надзея Канстанцінаўна выслухала ўсё, уздыхнула і напісала на карталюшцы: «Дарагая Алена Дзмітраўна, у мяне да Вас вялікая просьба: адпусціце тав. Кэмрада на пару дзён сустрэць на мяжы т. Харужую, якая праседзела 7 гадоў у польскай турме. Яны блізкія таварышы. Прыедзе — паднацісне на работу. Трэба ж у іх скуру ўлезці. Будзьце добранькая, гэта мая асабістая просьба. Моцна цісну руку. Н. Крупская».

Непрабіўны мур пахіснуўся, дазвол быў дадзены. І хлопец тут. Стаіць поруч з Верай, як быццам і не было таго расстання.

 

І вось я ўжо гляджу і слухаю з залы.

Неяк асабліва хораша і ўрачыста гучыць сёння беларуская мова. І ў старшыні сходу, чорнабародага сакратара акруговага камітэта партыі, і ў былых зняволеных, цяпер роўных з намі ўсімі грамадзян, і, нарэшце, у вуснах доўгачаканай Веры.

Так і крыкнула на сотні галасоў зала:

— Вера! Вера!

Усе падхваціліся з месцаў, моладзь рынулася ў праходы, вось-вось падхопіць на рукі сваю ўлюбёнку і панясе яе, як несла ўначы на вакзале.

Харужая доўга стаяла перад трыбункай моўчкі і, калі б нават хутчэй утаймаваліся несціханыя воплескі і воклічы, напэўна, не знайшла б сілы абазвацца адразу.

Падняла абедзве рукі, просячы цішыні, пасміхнулася.

І загаварыла, зрушыла такую патоку згаладалых па волі, па роднай зямлі і ўжо раскаваных пачуццяў, што боязна было дыхнуць, узлятаючы за ёю з грэбеня адной хвалі на яшчэ вышэйшую.

Як пераказаць пачутае? Хіба ж пераказваюцца словамі: полымя, гром, паводка?

Стан збялелага ад радасці і хвалявання чалавека на трыбуне, напал узрушанай да апошняга аўдыторыі — дапамагчы ўявіць усё гэта можа сама Харужая, адзін з яе лістоў:

«...Мне заўсёды хочацца пісаць Воля з вялікай літары. Ёсць яшчэ некалькі такіх слоў...»

Вось так і гаварыла яна ў той вечар: толькі словы з вялікай літары, самыя дарагія.

А потым мы ўсе спявалі, як часта рабілі ў тыя гады: перад пачаткам сходаў і абавязкова ў канцы, а здаралася — і ў сярэдзіне.

— Паўстань, пракляццем катаваны! — узляцеў пад столь неўміручае сілы заклік.

— Паўстань! — вымавілі другі раз яшчэ званчэй і гучней людзі розных нацый, камуністы і беспартыйныя, камсамольцы з румянцам на ўсю шчаку і сівагаловыя ветэраны трох рэвалюцый.

Пяе Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў, пяе Вера, варушыць вуснамі натхнёны перакладчык гімна камуністаў Янка Купала.

Пяём, амаль навобмацак адчуваючы непарыўную сувязь пакаленняў, непарыўныя повязі рэвалюцыйнага руху.

Пяём; сталыя і маладыя, шчаслівыя стаяць разам у шэрагах, прычыніцца да бессмяротнага пачатку першага, ленінскага хрышчэння бальшавікоў.

Пяём. І сцены будынка, здаецца не мне аднаму, расступаюцца, і поруч з урадам рэспублікі пяюць не толькі вырваныя ў капіталу вязні, ужо людзі аднае з намі сям’і,— пяе ўся яна, змёўшы межы, зламаўшы паняволенне, наша спрадвеку заходняя зямля, уз’яднаўшыся пад найлепшым у свеце сцягам сярпа і молата.

Пяём, нібы прадчуваючы, што наша мара зусім блізка ад ганкаў, гатова стукнуць у дзверы, і, каб стаць явай, ёй застаецца ступіць з гэтага верасня ў вызваленчы менш за дзесятак крокаў-гадоў.

1973

 


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан