epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Лёс пісьменніка і твора

Перад самым Новым, 1963 годам на мой стол трапілі дзве кнігі. Лёс іх, як і лёс іхніх аўтараў, цяжкі і складаны, да таго ж і падобны ва ўсім, аж да заўчаснай смерці. Але кнігі, павыцвітаўшы і пакарабаціўшыся ў схованках, ажылі...

Аўтар першай з гэтых кніг — «Виленский Совет Рабочих Депутатов», выпушчанай у 1920 годзе за № 10 пад грыфам і ў выдавецтве ЦК Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі,— ніхто іншы, як старэйшы літоўскі камуніст, старшыня Савета, аб якім напісана брашура, 3. Алекса-Ангарэціс (Антановіч). Адначасна ён з’яўляецца героем другой кнігі, прысвечанай той самай рэвалюцыйнай падзеі, рамана «Віленскія камунары», які належыць пяру аднаго з пачынальнікаў нашай літаратуры, буйнога майстра прозы Максіма Гарэцкага.

Дзіўны лёс сустракае чалавека ў яго падарожжы па прасторы часу! Сягоння даводзіцца рэкамендаваць чытачу таго, хто сам многа гадоў выконваў нялёгкі абавязак — знаёміць усіх з літаратурай і літаратарамі беларускай зямлі. А менавіта Максім Гарэцкі першы давёў, што наш народ мае літаратуру, а ў гэтай літаратуры ёсць немаленькая гісторыя.

Гэта бясспрэчная заслуга Максіма Гарэцкага, тым большая, што рабіў ён сваю работу па цаліне: сам расшукваў з’явы і сам жа сістэматызаваў, асэнсоўваў і, нарэшце, ацэньваў іх. Яго «Гісторыя беларускай літаратуры» вытрымала чатыры выданні і блізка дзесяцігоддзя не сыходзіла з школьных лавак і студэнцкіх сталоў. Напэўна ж, у кнізе не ўсё так, як хацелася б, як бачыцца нам зараз. Не будзем крыўдаваць на гэта і пастараемся паглядзець на рэчы гістарычна. Хіба ж меў даследчык, працуючы больш за сорак год назад, сучасны, створаны савецкай навукай інструментарый, прыёмы і метады даследавання? Асноўны касцяк кнігі фармаваўся ў той час, калі Гарэцкі быў адарваны ад савецкай рэчаіснасці, перажываў цяжкасці ва ўсталяванні светапогляду, што не магло не адгукнуцца ў некаторых меркаваннях і ацэнках, а таксама і ў мастацкай практыцы пісьменніка. Што ж датычыць дакладнасці дат, біяграфічных і бібліяграфічных дадзеных, магчымай на той час паўнаты ахопу з’яў і фактаў, дык «Гісторыя...» Гарэцкага — вельмі сур’ёзная, вартая даверу крыніца.

І яшчэ адна акалічнасць вылучае згаданую работу: яна напісана вельмі проста — прачытаў старонку і адразу ж запомніў.

Гэта ўжо заслуга Гарэцкага-пісьменніка, ён умеў падаваць думку лаканічна і даходліва, меў невычэрпны лексічны матэрыял і па-майстэрску валодаў народнай фразеалогіяй. Як ні шкада, але бесстаронні твар гісторыка засланіў ад многіх з нас жывое, своеасаблівае, багатае на адценні аблічча мастака.

Першыя празаічныя спробы Гарэцкага прыкмеціў і паставіўся да іх з надзеяй вялікі паэт, крытык бездакорнага густу, Максім Багдановіч (Творы, т. ІІ. Мінск, 1928, стар. 34). Я. Ф. Карскі знаходзіў у творах маладога Гарэцкага «ўсе дадзеныя, каб з аўтара з часам развіўся добры пісьменнік з самародным талентам» (Беларусы, т. ІІІ, в. З, стар. 373). Са здзіўленнем сталага мастака прыглядаўся Якуб Колас да майстэрства пісьменніка рабіць пры апісанні з’явы і рэчы як бы адчувальнымі навобмацак («Полымя», 1962, № 12, стар. 135).

Тры такія сведчанні — важаць больш за прызнанне. Таму цяжка паверыць, што зусім нядаўна аб Гарэцкім пісалася так пагардліва і паблажліва: «Аднак некаторыя яго апавяданні маюць пазнавальнае значэнне і ўяўляюць пэўную цікавасць».

Чаго тут больш: знявагі да нашай добрай спадчыны ці глухаты, хочацца думаць — выпадковай, да мастацкага слова? Можна было б не закранаць гэты артыкул, але, на жаль, ён з’яўляецца прадмовай, а прадмовы, як вядома, прыкладаюцца да кніг (М. Гарэцкі. Выбранае. Мінск, 1960).

Можа быць, яшчэ рана вымагаць сталых і пэўных меркаванняў аб творчасці Максіма Гарэцкага. Біяграфія яго пакуль што яшчэ не напісана. Спадчына пісьменніка сабрана далёка не поўнасцю, вывучана не настолькі, каб можна было ажыццявіць больш-менш саліднае выданне з прыстойнымі каментарыямі па тэксту, мове і фразеалогіі, выданне, ачышчанае ад напластавання друкарскіх і рэдактарскіх памылак. Словам, трэба прызнацца ў гэтым шчыра, мы, у першую чаргу літаратары, літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, як след яшчэ не прачыталі Гарэцкага. А пара б! Пара ўзбагаціць літаратуру і саміх сябе ды перадаць яго творы чытачу са справядлівай ацэнкай іх, фактаў літаратуры, цвяроза суаднесеных да часу стварэння і часу новага прачытання1.

Максім Гарэцкі — мастак вялікага і «самароднага таленту» (Карскі), не падобнага ні на чый іншы ў беларускай літаратуры, становіцца на сваё заслужанае, але так і не здабытае пры жыцці месца. Відаць, больш дакладна: не становіцца на сваё месца, а вяртаецца на яго, дый здабыта гэта месца ўсё ж ім самім, пры жыцці, толькі што не ўдалося аўтару пацешыцца з плёну, розгаласу, з прызнання свае работы.

Наогул жа гаворка пра месца мае на ўвазе не абавязковае ўпамінанне слаўнага імені ў залатой пяцёрцы заснавальнікаў. Гарэцкі ніколі не выключаўся з яе, хоць і засланяўся на большы ці меншы час неспрыяльнымі акалічнасцямі. Справа ідзе пра пашырэнне творчасці мастака са здабытку адзінак на шырокія чалавецкія абсягі, бо Гарэцкі адкрыў свайго суайчынніка і духоўны скарб, што ў беларусе ёсць, з новай, не пачэпанай нікім роўніцы, скарб такі, з чым не толькі не сорамна, а, наадварот, належыць выходзіць на вочы ўсялюдскія. Бо пасля прылучэння да сябе людскіх постацей, залітых роўным і скупым святлом магілёўскіх прастораў, людзей, сціплых па стану і велічных па духу, высакародству і шчыраванні ў працы, гэтым усялюдскім вачам будзе бачыцца далей і шырэй, багацей і паўней будзе адчувацца і ўсялюдскай душы.

Вядома, збліжэнне культур і ўзаемнае ўзбагачэнне іх магчыма толькі праз з’явы самабытныя і непаўторныя, і калі беларус прынясе ў агульны ўжытак немалую ношку, дык добрая доля ў ёй будзе Максіма Гарэцкага.

Такім чынам, калі ўжываць абвыклую ў крытыцы тэрміналогію, можна сцвярджаць, што Гарэцкі стала і сур’ёзна працаваў над стварэннем нацыянальнага характару ў літаратуры, далучыў да галерэі такіх характараў постаці адменныя і да яго невядомыя.

Сталася гэта таму, што жыццё пісьменніка, усё да астатку, было не аддадзена і не прысвечана літаратуры, як гэта часта гаворыцца і пішацца, а паглынута ёю, карацей — літаратура сама была яго жыццём, а безлічы іншых работ, што яму даводзілася выконваць, у большай ці ў меншай ступені, калі не стаўлялі перашкоды, дык, відаць, і не спрыялі прызванню.

Нехта ўспамінаў пра Ахматаву. Быццам ёй нельга было пашкодзіць у пісанні — патрэба вызваліцца ад пачуцця, ператварыць яго ў слова, была вышэйшая і мацнейшая за ўсё і перамагала, як бы пераходзіла на іншых, падпарадкоўвала іх, прымушала змаўкаць шумных і выпадковых знаёмых, і ў цесных і непрытульных закутках, дзе гасцявала паэтэса і бралася часам за пяро, стаяла суровая цішыня антычных храмаў, панаваў блізкі да малітоўнасці настрой.

Так і ў Гарэцкага. Прахадныя пакойчыкі, брак паперы і газы, празмерная знябытасць ад работы не на фізічныя магчымасці перанёсшага цяжкое раненне і хваробы — гэта ў горшыя часы, а ў лепшыя — выкладанне, падрыхтоўка да лекцый, супрацоўніцтва ў навуковых установах, складанне слоўнікаў і падручнікаў,— усё пералічанае і непералічанае тут адцягвала, зморвала, адбірала залатыя гадзінкі. Але не магло пашкодзіць, хоць па крысе, па старонцы, рушыць наперад стрыжнявую, адзіна неабходную справу душы, без чаго няма патрэбы пераводзіць хлеб, глуміць алоўкі, дыхаць паветрам.

Магчыма, асяродкавасць і стрыжнёвасць гэтай справы не заўсёды, не ўсюды пісьменнік усведамляў і асэнсоўваў цалкам, і Гарэцкі ўслед за сваім героем здзіўляемся з зацятасці свае ў ажыццяўленні мэты — «адкуля ўсё і што яно?». Але мэты — паказаць глыбіннасць, таленавітасць, жыццёвасць, цярплівасць, трываласць і, нарэшце, усмешлівасць свайго народу — не пакідаў. Не мог пакінуць, гэта было над яго сілу, як бы горка ні абыходзіўся з ім лёс.

А можа... А можа, каб не ўзнікала ўсіх згаданых завад, загат, перашкод на прамываным ім рэчышчы, бяднейшы быў бы духоўны вопыт, меншая трываласць была б у самога пісьменніка і сёння мы не мелі б магчымасці ісці ў вандроўку за ім і ягонымі героямі па ўзвышшах і далінах чалавечага думання і быцця.

Вось чаму падаецца канечне патрэбным зазірнуць на колькі хвілін у біяграфію пісьменніка. Хоць бы ў элементарны пераказ падзей, паездак, работ ад нараджэння да смерці, знаёмстваў, адносін са сваякамі і сябрамі, а найбольш — у складаны механізм пераадольвання нягод і няўдач, барацьбы за дах над галавою і, літаральна, за кавалак хлеба. І ўсё ў імя яе вялікасці, мэты свае — стварэння летапісаў новага часу2, якую здзяйсняў, не застагнаўшы ад беспараднасці, не паскардзіўшыся на знясіленасць, не пакрыўдзіўшыся на несправядлівае. Наадварот, яшчэ падтрымліваў, як мог, блізкіх лістамі: «...жыву і радуюся. Радуйцеся і вы».

Ідучы вось так праз жыццяпіс пісьменніка, лягчэй уявіць вагу і цану добрага і значнага, што падараваў ён нам на доўгае карыстанне, і як паспеў зрабіць гэтулькі за свой нялёгкі, крыўдна кароткі шлях.

Сялянская сям’я Гарэцкіх жыла на Магілёўшчыне, у беларускай вёсачцы, далёка не багатай, хоць і называлася яна — Малая Багацькаўка. Там і нарадзіўся Максім Іванавіч 6 лютага (па старым стылі) 1893 года.

Сыноў у сям’і было чацвёра,— як тут пражыць усім на лапінцы бацькавай зямлі! Няхай Максім — вырашылі бацькі — падвучыцца і выбіваецца ў людзі, ідзе на свой хлеб. Хлопчыка аддалі ў школу граматы суседняй вёскі, таксама Багацькаўкі, але Вялікай. Пасля Гарэцкі скончыў двухкласную Альшанскую школу ў Аршанскім павеце. Гэта давала права ўжо самому выкладаць у школе граматы. Але «настаўнік» быў яшчэ малы: давялося станавіцца за плуг і барану.

Трывожылі, не адступаліся думкі: што далей? Хацелася вучыцца, і, урваўшы вольную хвіліну, ён чытаў кнігі, рыхтаваўся працягваць навучанне.

Следам за некаторымі з вяскоўцаў Гарэцкі паступае ў даступнае на тыя часы сялянству каморніцка-агранамічнае вучылішча ў Горках. Гады навучання тут (1909—1913) не толькі далі спецыяльнасць, але і адкрылі магчымасць прылучыцца да літаратуры.

Пачытаўшы, прыгледзеўшыся да работы майстроў слова, юнак бярэцца за пяро. Пачынае звычайным тропам, з самага сціплага: пасылае карэспандэнцыі пра сялянскае і студэнцкае бытаванне-гараванне, ў «Нашу ніву», адзіную ў той час газету, выдаваную беларускай моваю. На яе палосах знайшло месца і першае апавяданне Максіма Гарэцкага «У лазні» (1913).

У Віленскай землеўпарадчай камісіі, куды быў накіраваны на работу Гарэцкі пасля заканчэння вучылішча, ён затрымліваецца ненадоўга, неўзабаве — прызвы ў армію: потым пачалася першая сусветная вайна.

Аднак, і за нейкі год у Вільні шмат удалося зрабіць: імя яго замацоўваецца ў друку і ў памяці чытача. Гарэцкі знаёміцца з беларускімі літаратарамі, ён ужо — сталы аўтар «Нашай нівы». Жыццё ў вялікім горадзе, звязаныя з работай раз’езды дазваляюць назбірваць уражанні і матэрыялы, пісьменніцкі яго почырк робіцца цвярдзейшы і больш пэўны. Усё часцей з’яўляюцца апавяданні Гарэцкага ў той жа газеце, з іх склалася першая кніга «Рунь».

Восень 1914 года, фронт, баі ў Прусіі і 25 кастрычніка — цяжкое раненне. Лекаванне па шпіталях цягнулася доўга, не маглі даць рады з асколкам. Пажыў пасля адужання некаторы час дома, у роднай вёсцы.

Следам амаль імгненнае навучанне ў Петраградскай школе прапаршчыкаў: тагачасная прымаўка злавесна ўсміхалася: «Прапараў пякуць адзін дзень, прапары жывуць адзін дзень».

І зноў — фронт. На гэты раз Гарэцкі атрымлівае прызначэнне на Піншчыну, у балацяны край. Праз цяжкую хворасць — зноў шпіталь, цэлае лета ў Маскве — пасылка на акрыянне ў Жалезнаводск.

Нарэшце, у канцы 1917 года, даюць так званы «белы білет» — вызваленне ад ваеннай службы. Можа, цяпер удасца павучыцца па-сапраўднаму! Гарэцкі адчыняе дзверы ў Смаленскі археалагічны інстытут. Галоўнае — тут можна працягваць і літаратурную работу. Ён піша, у «Известиях Смоленского Совета» з’яўляецца супрацоўнік «дзед Кузьма». Псеўданім не хадзіў шукаць далёка, узяў імя дзеда па бацьку. Апрача допісаў і артыкулаў па заданню публікуе і свае творы («Сука магната», «За что?», «Легенда о богатыре»).

Дасведчанасць у газетнай рабоце, рэпутацыя добрага публіцыста прыцягваюць да Гарэцкага ўвагу, ім цікавіцца рэдакцыя газеты «Звезда». Неўзабаве — пераезд у Мінск і работа ў гэтай бальшавіцкай газеце.

1919 год. Агалашаецца Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі, на парадку дня — хуткае зліццё яе з Савецкай Літвою. «Звезда» пачынае выходзіць у Вільні, сталіцы новаўтворанай Літоўска-Беларускай дзяржавы. Гарэцкі працуе ў рэдакцыі да красавіка 1919 года і праз раптоўную акупацыю горада белапольскімі легіёнамі не паспявае выбрацца ў Мінск.

Тады вось і пачынаюцца яны, блуканні і цяжкія нястачы. Гарэцкі — выкладчык Віленскай беларускай гімназіі — друкуецца ў прагрэсіўных беларускіх выданнях, але мала, час ад часу: роднае слова жыве пад бізуном. Чуць што, газеты закрываюцца ці канфіскуюцца акупацыйнымі ўладамі.

Ноч на 20 студзеня 1922 года. Раптоўны арышт і зняволенне ў славутай праз свой катаржны рэжым турме. Не лягчэйшае і абвінавачанне: антыдзяржаўная дзейнасць. За гэта па артыкулах 100,1 125, 129 Карнага кодэкса прадугледжваецца ні больш ні менш як пакаранне смерцю.

Змайстраваць працэс аднак не ўдалося. У лютым, зноў жа ноччу, Гарэцкага прывезлі да сям’і: развітацца і ўзяць што цяплейшае з адзежы. На большае ў дачыненні да невінаватага гуманнасці не хапіла. Разам з іншымі, накіраванымі на высылку, яго даставілі на літоўскую граніцу: жывіце, калі ахвоту маеце, тут, гэтыя мясціны Літвы яшчэ не акупіравалі пілсудчыкі.

Спачатку прыблукаўся ў Коўна, але не заманулася заставацца там — няма да чаго рукі прыкласці. Рушыў да суседзяў у латвійскі горад Даўгаўпілс. Павыкладаў крыху беларускую мову на курсах, пасля яму ўдаецца атрымаць дазвол жыць у Вільні, але не проста — пад наглядам паліцыі.

Так і давялося зноў выкладаць у беларускай гімназіі, рэдагаваць газету... А перш за ўсё быў нялёгкі ва ўмовах рэжыму пілсудчыны клопат — арганізацыя беларускіх школ для працоўнага насельніцтва Заходняй Беларусі.

Літаратурная работа — толькі прыхваткамі. І ўсё ж у гэты найцяжэйшы перыяд жыцця пісьменніка была выпушчана кніга, якая прынесла Гарэцкаму заслужаную вядомасць гісторыка беларускай літаратуры. Невялікая аповесць «Дзве душы», напісаная ў тыя гады, апавядае пра блуканні і разгубленасць збянтэжанага інтэлігента. Твор гэты яшчэ недасканалы ў мастацкіх адносінах і несвабодны ад няпэўнасці з ідэйнага боку. Тады ж, што стала вядома пазней напісана больш за 30 апавяданняў і драматычных абразкоў, значная частка іх увайшла ў двухтомнік.

Максім Гарэцкі ўвесь час парываецца душою ў Савецкую Беларусь, прадчуваючы, як буйна ідзе ў рост маладая літаратура, усё лепш жывуць людзі, развінае крылле культура народу. У 1923 годзе ўдалося прычакаць даўно жаданага: пісьменнік вяртаецца ў Мінск і працуе, як гаворыцца, не даючы спачыну рукам. Выходзіць зборнік апавяданняў «Досвіткі» і следам дакументальныя запіскі «На імперыялістычнай вайне», а пазней аповесць «Ціхая плынь». Ён перапрацоўвае і дапаўняе сваю ранейшую работу «Гісторыя беларускай літаратуры».

Літаратурнай дзейнасці ўвесь час спадарожнічае навуковая — у Інстытуце беларускай культуры, у Акадэміі навук БССР —; і педагагічная — выкладанне ў Камвузе, Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, на рабфаку Мінскага універсітэта.

Не адзін і не два з маладых літаратараў рэспублікі пачулі бацькоўскія парады Гарэцкага датычна першых спроб у пісанні, запомнілі адкрытыя душэўныя гаворкі з ім, а ў далейшым атрымалі і дакладныя характарыстыкі сваіх работ у артыкулах і кнігах («Маладняк» за пяць гадоў»).

Пісьменнік памёр 20 сакавіка 1939 года. Дзе спыніла яго хаду крывязліццё ў мозг, загсаўская даведка не паведамляе.

Не дажыў хаця б да пяцьдзесяткі, не паспеў, не здолеў сказаць усё, да чаго яго абавязваў, на што быў багаты такі шматбаковы талент. На шчасце, апошнія творы: раман «Віленскія камунары» і «Камароўская хроніка» дайшлі да нас. Хай сабе рукапісы не ўсюды і не так давершаны, як таго вымагаў і намерваўся майстар. Аднак і пакінутае нам значна ў такой ступені, што не адзін даследчык будзе адкрываць у ім усё новае — рысы чалавека, сэнс падзей, вытокі жыцця, навуку любіць і ненавідзець, адзнакі ўмельства маляваць словам і звяртацца з ім,— дадаючы цаны і так неацэннаму.

Пакуль што, для пачатку, зараз скажацца ўсяго колькі слоў пра згаданыя вышэй творы. Першым чытачам іх, яшчэ да апублікавання, стала адразу відна неабходнасць, неадрыўна ад асобы аўтара — чалавека-сем’яніна, мастака-гісторыка, камбінацкага чарцёжніка, нарэшце,— паставіць гэтыя творы ў кола шырокага абыходку нашага сучасніка, чалавека іншай пары.

Бо і з «Віленскіх камунараў» і з «Камароўскай хронікі» перакідаюцца невідочныя, але надзейныя рыштаванні, трывалыя настолькі, каб вытрымаць думку і накірунак твора ў іх найтанчэйшых, найпрасцейшых і найадкрыцейшых гуманістычных выяўленнях, калі гэта думка звяртаецца да нашага сучасніка, пачынае пераходзіць да яго, мацуе сувязі паміж ім і сабою.

Магчыма, гэта здасца спрэчным і не будзе тут належным чынам даведзена, але Гарэцкі, пачынаючы ад запісак «На імперыялістычнай вайне», якія пэўным чынам прадвызначылі з’яўленне і характар апошніх твораў і з’яўляліся часткай задуманага летапісу, знаходзіцца ў полі цікавасці сучаснага чалавека з яго эстэтыкай, з абвостраным памкненнем атрымліваць у літаратуры праўду. Хай не дужа кідкую на пагляд і не вельмі прыемную, але праўду — тое, што было, што перажыта, а не толькі пачута або выдумана.

У гэтым сэнсе, можна сказаць, амаль не адчуваецца прасторавай і часавай мяжы паміж арыентаванай на дакумент, на сапраўднасць апісанага, сучаснай літаратурай і Гарэцкім, нават раннім. З яго бунтам супраць сацыяльнага прыгнёту, бо праз гэта зневажаецца або зусім касуецца чалавечая асоба; з яго абурэннем супраць вайны, што зноў-такі разбурае, нішчыць, адмаўляе асобу; з яго абнажваннем спружын, якія падпіраюць учынкі ў акалічнасцях, самых складаных, бязлітасна выкрываўчых для герояў.

Прынамсі, калі і адчуецца каму такая мяжа, дык больш умоўна, хутчэй не ў стылістычных і жанравых адносінах — запіскі, размова ад першай асобы, дзённік, усё гэта зараз у цане,— а ў сутыкненнях лёсаў і падзей, не кажучы пра сутыкненні і разбежкі паміж светамі герояў, тагдышніх і цяперашніх, набытым імі дасведчаннем тады і цяпер.

Пачаўшы абцяжвацца параўнаннямі, цытатамі, спасылкамі на прозвішчы, напэўна, можна прывесці гэта ўражанне ад прачытвання Гарэцкага са стану меркавання, здагадкі ў стан даведзенага палажэння. Аднак прасцейшая і больш сціплая задача бачыцца зараз: звярнуць увагу на тое, што вынікае з першых назіранняў. Пракінуцца яшчэ ў каго падобныя погляды, значыць, здагадка ўгрунтоўваецца, набывае правы існавання, а не — дык не!

Аднак, колькі думак пра названыя творы выказаць усё ж яшчэ давядзецца. Але перш узнікае патрэба — ці не сыграе нам у руку? — прачытаць уголас хоць бы ўрыўкі з лістоў Максіма Гарэцкага. Гэта — таксама творы, толькі больш бязлітасныя ў сэнсе пранікнення ў сябе і раскрыцця сябе — тут ужо за героя не схаваешся! — абнажванне поўнае, самая што ні на ёсць чыстая праўда. Да таго ж ёсць магчымасць пачуць з першых вуснаў гісторыю «Віленскіх камунараў» і «Камароўскай хронікі»3.

Лісты гэтыя пісаліся да жонкі, пісьменніцы Л. У. Чарняўскай-Гарэцкай і да дзяцей — Галіны і Леаніда (загінуў на фронце ў час Вялікай Айчыннай вайны)4.

10. IV 1931 г.

Я здароў, чуюся добра. Клапачу толькі, што вам і бацьком цяжкавата жыць, але за сэрца мяне гэта ўжо не хапае,— так што і вы плаціце мне тым самым і патрошку сцюдзянейце да мяне... Цалую ўсіх яшчэ мацней, чым заўсёды, бо даўно ўжо не цалаваў.

20.VІІ 1931 г. (бацьку, Івану Кузьмічу).

Добры дзень усім! Як здаровы? Як маецеся? Я здароў. З учарашняга дня перайшоў ужо на пастаянную кватэру. Пакойчык хоць прахадны, але чысценькі, светлы, вясёлы. І ў камхозскім доме, дык недарагі. Суседзі — людзі добрыя, прыветныя. Цяпер пачну ўжо хадзіць на пастаянную работу, змагу трошкі і вам дапамагчы.

Старайцеся, каб у калгасе жыць з усімі дружна і ласкава, каб калгас добра развіваўся, тады ўсім будзе добра.

Спярша, можа, будзе цяжкавата, а далей — усё лепей. Галоўнае — згода і агульны інтарэс, а не свой, індывідуальны.

У Вятцы многа фабрык і заводаў, кругом калгасы. Горад — вялікі на шырокай судаходнай рацэ Вятцы. Цераз Вятку дарога ідзе на Котлас. Улетку цёпла, як у нас, а ўзімку троху халадней.

16.VІІІ 1931 г.

...Учора ў газеце была абвестка, што патрэбны чырцёжнікі ў ФУП (фабр. учебн. пособий). Дык я да сённяшняга дня зноў хадзіў на пабудову лазні, перавёз сотні тры з паловаю (тачак? — М. Л.) пяску, скончыў учора і пастанавіў пакуль што спыніць там работу: пахадзіць наконт службы, каб больш мець часу і фізічнае магчымасці для пісання.

18.VІІІ 1931 г.

...А ў мяне прыемная навіна. З учарашняга дня ўзялі мяне на чырцёжную работу ў ФУП (фабр. учебн. пособ.), у аддзел капітальнага будаўніцтва.

...У Вяткамстроі атрымаў 43 рублі. Пяску налічылі на 30 кубам., ды капаў канаву.

23. VIII 1931 г.

Цяпер я рысую план трэцяга паверха новага фабрычнага будынка (здымаю копію) і паказваю, дзе вентыляцыя, апальванне, дзе паставіць варштаты і г. д. (тут ужо трэба канструяваць)... Праца якраз па мне. Пісанне маё пасоўваецца марудна... І мне бывае часамі сумна...

24.ІХ 1931 г.

...Я спрабую пісаць, але пісанне маё мне не дужа ўдаецца. Думаю кінуць гэта, што пішу, і ўзяцца за што другое,— можа, пойдзе лягчэй... Ці вярнулі ў партфелі «Сямейную хроніку»?

16.Х 1931 г. Вятка.

...Як будзеш мець час, Лёля, вышлі мне бандэроллю мае нататкі пра «Віленскіх камунараў», калі іх табе вярнулі з усімі рукапісамі; можа, я іх тут апрацую да друку (а напішу і па-руску і па-беларуску — дзе-небудзь прымуць).

10.ХІ 1931 г.

...Увечары чытаю, пішу. Толькі — збіўся з тропу ў гэтым чытанні-пісанні — не ведаю, за што хапіцца: ці за механіку, ці за гісторыю.

20.ХІ 1931 г.

...«Камунараў» атрымаў, пра што паведамляў ужо табе. Там частка рукапісу засталася ў цябе, дык няхай сабе, абыдуся без яе. Што пішу? Усё патроху. Цяпер якраз прыводжу да ладу рукапіс «Камунараў». Яшчэ канчаткова не ведаю, у якім плане напішу. Ці гэта будзе нешта падобнае да нарыса ці нейкае сыраватае повесці з розных абразкоў і сцэнак.

Сёння ў мяне выхадны. Хадзіў па газу. Газы мне хапае, хоць і доўга можна сядзець увечары.

28.ХІ 1931 г.

У нас ужо зіма. Учора было 20 градусаў, а сёння, мусіць, яшчэ болей. Я здароў. Працую над «Камунарамі», пішу ў форме нарыса.

10.ХІІ 1931 г.

Канчаю апрацоўваць «Камунараў». Цяжка мне іх пісаць для друку, баюся ўсё, каб не зрабіць якое памылкі ў асвятленні.

16.ХІІ 1931 г.

Добры вечар! Заўчора атрымаў заказную бандэроль з рэштаю рукапісу «Віленскіх камунараў», а ўчора твой і Лёнеў ліст з яго малюнкамі... «Калгас» намалёван нішто, а «Горад» — незвычайна добра. Ты, Лёня, мусіць, і цяпер увесь вольны час праседжваеш над малюнкамі? Раю табе болей гуляць, яшчэ паспееш наўчыцца маляваць. Ліст твой напісан добра і цікава. Толькі дужа кароценькі. Пішы мне болей пра ўсё. Пішы, як умееш. Як думаеш і гаворыш, так і пішы,— і будзе добра. Але не прымушай сябе, а як захочаш — напішы.

Ты, Галя, таксама напішы мне пра сваё жыццё хоць трошку. А таксама прашу цябе напісаць кароценька ў Багацькаўку, дзеду і бабе... Яны будуць надта рады твайму лісту...

...Цяпер я раблю прадольны і пяць папярочных профіляў дрэваапрацоўчага цэха. Работы многа. А ўвечары чытаю «Гісторыю цывілізацыі ў Англіі» Бокля і канчаю апрацоўваць «Віленскіх камунараў». Нічога выйшаў нарыс, але папрацую яшчэ.

А больш навін у мяне няма. Вось сяджу, пішу вам, а прымус мой шуміць, толькі ціхавата.

27.ХІІ 1931 г.

«Камунараў» напісаў, але нешта нездаволены ўжо. Хай паляжыць...

4.1. 1932 г.

...Дзякуй табе, Лёня, што пацешыў мяне сваімі лістамі і малюнкамі, а цяпер дзякую і табе, Галінка. Я быў дужа рад, што і ты адгукнулася. Маладзец, што пасабляеш маме і насіла заказную бандэроль. Гэта, мусіць, другую, што я ўжо атрымаў. Я па тых рукапісах напісаў цікавую гісторыю, калі-небудзь прачытаеце. Там пра Вільню, дзе вы радзіліся, і пра віленскіх камунараў. Вам будзе прыемна, бо вы ж піянеры ўжо і шмат што разумееце.

А якія ж ты кніжкі бярэш, Галя, у школьнай бібліятэцы? І якія ты, Лёнечка, чытаеш? — таксама напішы, як будзеш мець вольны час і захочацца напісаць.

14. 1. 1932 г.

«Неяк яно будзе»,— казаў ці думаў «Жартаўлівы Пісарэвіч». Даруйце, што ў адрасе вуліцу напісаў не так і паправіў. І хоць бы ж п’ян быў. Цалую моцна. Ма.

19. 1. 1932 г. (Галі Гарэцкай).

...Ты пытаешся, як я працую? Звычайна... Іду ў чырцёжную і чырчу там ад 9-й да 4?г розныя чырцяжы. Надоечы быў на пабудове. Гэта за горадам з вярсту ці болей. Бачыў «цеплякі»: абгароджана дошкамі, і печы бляшаныя, і можна мур класці, і бетон заліваць, калі і мароз.

Дрэваапрацоўчы цэх будзе гатоў ужо ўлетку. А потым — металаапрацоўчы.

...Гора маё, што не ўмею хутка напісаць, а то прыслаў бы вам [пісьмо] пра Задумекуса. (Мадыфікацыя прозвішча Лявона Задумы, новы «псеўданім», пад якім М. Гарэцкі вёў свой дзённік у новым часе і ўмовах.— М. Л.).

25 І. 1932 г. (Лёні Гарэцкаму).

...У Ленінскі дзень мы працавалі і заробак за гэты дзень аддалі на школы...

Я пісаў пра Задумекуса, ды пакуль што адлажыў, бо не пішацца так, як хочацца... Малюначак твой на адкрытцы харош.

30. І. 1932 г.

...Жыву ціха, спакойна. Дружу з сваім вечаровым столікам. Шаную і дагаджаю свайму дзённаму століку, які я называю сваім фаховым5 тронікам...

...Ну, Лёнечка, віншую цябе з першымі доўгімі штанамі.

...Удалося мне сёння купіць 10 сшыткаў па 10 капеек штука. Буду што-небудзь пісаць.

3.ІІ 1932 г.

...У мяне маршы, маршы і маршы лесвічнае клеткі... швэлеры і таўровыя бэлькі, ступені жалезабетонныя і металёвыя, і поручні і пярылы...

Гэтыя маршы — да новага жыцця, гэтыя ступені — для новых ног...

9. ІІ. 1932 г.

Калі будзеш мець час, Лёля, вышлі мне заказною бандэроллю мой сшытак «Хронікі», што да 15-га года. Хоць я яго троху спарадкую.

Не ведаю, ці вярнулі табе мае рукапісы з успамінамі пра дзіцячыя гады, вучэнне ў Крушні і Норках... Усё гэта я пісаў там. І гэта ўсё цяпер бы спатрэбілася. Але нічога: калі няма, дык я напішу ізноў. Там яшчэ было: плытагонская тэрміналогія, розныя запісы, «Мяшчанскае каханне», «Джаліта», «Маруся», «Вяселле» і інш.

14. ІІ. 1932 г.

...Не цешся дужа з майго пісання: вынік пакуль што мізэрны, хоць планую, мяркую, накідваю тое-сёе...

26.ІІ. 1932 г.

Добры дзень, ці праўдзівей — ноч, бо першая гадзіна ночы з 25 на 26. Запісаўся «Хронікаю». Атрымаў бандэроль, надта вам дзякую. Як быццам роднае нешта маё прыйшло да мяне ў хату. І хоць усімі сіламі хачу скараціцца, каб хутчэй, і хапаюся, але прыемна мне, і радуюся, што на лад пісанне маё патрошку пайшло. Калі ласка, прышлі, Лёля, яшчэ матэрыялы за 1913 і 1914 гады. Іх, праўда, вельмі мала, але прышлі. Яны ўкладзены, здаецца, за 1913 год — да выпраўленага друку «У чым яго крыўда?», а за 1914 год — да выпраўленых і друкаваных на машынцы запісак «На імперыялістычнай вайне»...

...Атрымаў, пэўна, усё: тры сшыткі, першы за 1913 год, другі —1915 год і трэці —1916. Хоць апошніх і не прасіў, але добра, што здагадалася...

...Пра ўсё, пра ўсё (гэта — зварот Гарэцкага да дзяцей.— М. Л.) маме расказвайце. Не бойцеся і не саромцеся, мама заўсёды зразумее вас і зробіць тое, што трэба для вас, для вашага добрага ўзгадавання...

4. ІІІ 1932 г. (Лёні Гарэцкаму).

Дзед піша, што ён даўно напісаў бы мне, каб сам умеў...

Шмат працую і цяпер не толькі чырчу, але маю справу і з рознымі вылічэннямі... Увечары пішу «Хроніку» і напісаў да 1903 г. Усё добра.

Перадай прывітанне Галі... І ў дзень яе нарадзін будзь з ёю ўвесь дзень асабліва ласкавы, і ў гэты дзень сыграй ёй што-небудзь на гармоніку, калі нікому не будзеш перашкаджаць.

29.І V 1932 г.

Можа, прыйдзецца бавіць час у Вятцы ці яшчэ дзе далёка, аж пакуль не адчыніцца простая дарога да Вільні. Туды б я таксама паехаў. Але, ізноў жа, калі тая дарога будзе?.. І клапоціць мяне, што трывога пануе ў свеце. Хто ведае, куды трапіш... Але нічога. Усё нічога. Усё добра будзе... Каб толькі мне напісаць гэтую сваю «Хроніку». Гэта была б рэч, што на працягу пэўнага часу нейкую цану мае.

8. V 1932 г.

Добры дзень, жонка і дзеткі! Атрымаў вашы першамайскія лісты. Ну, дзякую вам вельмі... Так, сёлетні май быў лепшы, чым леташні, хоць і не былі мы разам, як і летась. Ну, можа, хутка будзем.

...Мне за маю работу далі І-ю катэгорыю (па забеспячэнню.— М. Л.)... Праўда, працаваць прыходзіцца здорава. А я таму і рад. Толькі што малавата застаецца часу на пісанне. Але тое-сёе раблю і з сваёю «Хронікаю». Упарадкаваў «1915 год»...

...Сеюць. Дрэўцы ўчора, пасля дожджыку, зазелянеліся...

14.V 1932 г.

...А ці маеш ты мой артыкул [1928 г.?] у «Маладняку» (агляд белар. літар. пасля «Наш[ай] н[івы]»)? Там, у раздзеле аб польскай акупацыі, я характарызую польскую шляхту. У падполлі (маецца на ўвазе віленскі перыяд.— М. Л.) выдана кніжачка майго перакладу: «Хто такія камуністы?». [Мініна, здаецца],— з даручэння Міцк[евіча] Капсук[аса].

І жыццём сваім здаволены, адно што не хапае часу пісаць.

22. V 1932 г.

...Ходзім ужо на пабудову. Гадзіну йду туды, гадзіну назад. Працы многа. Але нічога. Жыву, радуюся. Гэтыя дні стаяў холад. Троху пацяплела, але яшчэ не надта. Між іншым, і тут сяляне кажуць: надта, абутак, лонісь, дапамагчы, прыйдзеш, ідзеце і да т. п. Тут іншы год бывае «азі-міца» — у маі, калі зацвітае бэз: часам вываліць снег у паўметра. А сёлета нічога, толькі халаднавата, як у нас у маі бывае. Гэта таму, што я тут.

...Што ж дзеткі мае, галубяткі мае парабляюць? І бацькі мае ці пішуць?

27. V 1932 г.

...А гэтыя дні замардаваў мяне інжынер складаннем генеральнага каштарысу на будаўніцтва. А ўсё нічога: жыву і радуюся. І вы радуйцеся.

Было б недаравальна прымаць гэтыя радкі толькі для меркаванняў пра творчы працэс, як сведчанне аўтара датычна работы над творам. Тут — увесь Гарэцкі з яго незвычайнай прастатою і сціпласцю, працавітасцю і выключнай праўдзівасцю, так уласцівымі людзям вялікай душы і сапраўднага таленту. Светла і моцна дыхае тут вера ў патрэбнасць работы за сваім «вечаровым столікам», з якім ён дружыць, пішучы раман, і тое, што выконваецца за «дзённым столікам», які пісьменнік «шануе» і якому «дагаджае», вычэрчваючы будаўнічую дакументацыю прадпрыемства.

Можна мець пэўнасць, што падзел «сябе» на два столікі гэта не «дзве душы» і не звычайнае размеркаванне часу паміж улюбёнай работай і «фаховай», бо і яна для пісьменніка — не адбыванне службовых гадзін, а змест жыцця душы, жыўленне з яе сокаў, хоць ведаў і сам: размаўляць з будучыняй яму наканавана пры дапамозе звычайнага пяра, а не рэйсфедэра.

Такая ўжо моцная ўладала ім любоў да рэчаіснасці, да будучых пакаленняў, што меў за высокі абавязак сумленна, як найтрывалей, разлічваць «маршы і ступені», бо яны павядуць «да новага жыцця», паслужаць «для новых ног».

Дый не ўмеў гэты чалавек нічога рабіць напаўсілы, не тая была натура. Дарма, што пракідаецца ў Гарэцкага клопат пра лягчэйшую работу — яшчэ да магчымасці працаваць на двух століках,— клопат той не мае нічога агульнага з памкненнем, як казалі: «жыць сыцей і рабіць лягчэй». Тут — сфера запаветнага, маральны абавязак не змарнаваць здольнасці, агаласіць відочны яму і перачуты ім духоўны набытак народа за многія вякі хады свае па разняволенне і тое, што творыць народ, стаўшы вольным.

Што ён мае зрабіць, пісьменнік ведаў дасканала: «Каб толькі мне дапісаць гэтую сваю «Хроніку». Гэта была б рэч, што на працягу пэўнага часу нейкую цану мае».

Калі ўжо гэты больш чым сціплы і больш чым патрабавальны да сябе майстар адважыўся вымавіць такое ўголас, значыць, быў упэўнены ў трываласці задумы і ў надзейнасці выканання.

Вялікая задума вяла і ўздымала пісьменніка. Змушала не зважаць, што трэба важыць у пальцах кожную капейчыну, каб не адабраць яе ў дзяцей, пакуль знойдзецца хоць якая работа, дый потым ашчаджаць на газу і на сшыткі — хочацца ж пасядзець лішнюю гадзінку над раманам,— дый на мілую бульбу, відаць, і яна была не вельмі частай госцяй — купля яе ўспамінаецца ў лістах як падзея, ледзь не нароўні са скрылікам сала з радзімы, якім яго аднойчы пачаставалі.

Жывучы ў нястачах, пішучы, калі за плячыма хадзіла свая і чужая сям’я, хай сабе і «прыветныя людзі», але ж заміналі вывесці задуму на бальшак, не дапусціў, аднак, каб укалола крыўда, сціснулася горла нараканнем, асела на сэрца хоць бы якая адзнака ачарсцвення.

Гэта ён ад душэўнай дабраты і мяккасці ўгаворвае сямейнікаў, што ачарсцвеў ужо і цяжкое іхняе становішча яго «...за сэрца ўжо не хапае». Тут — так званая святая мана «ў імя ўратавання», каб менш турбаваліся пра яго блізкія, бо ва ўгаворах вялікі боль чуцён: «...і вы плаціце мне тым самым і патрошку сцюдзянейце да мяне».

Гэтае «сцюдзянейце», як пісаг лязом па сэрцы! Колькі ні чытай, усё роўна кожны раз скаланешся. Бо ціхі, змаркочаны голас падзвіжніка вылузвае з-пад паверхні ліста самае цяжкое для сябе і для сваякоў: вы там прывыкайце пакрысе без мяне, калі яшчэ ўбачымся ды ці давядзецца ўбачыцца... «Сцюдзянейце»...

Цяжка сказаць, што гэта — прарвалася слабасць, калі было не ўтрываць, ці зноў выказалася душэўная сіла: глядзі вока ў вока лёсу смела, не міргаючы, рабі, што прызначыў сабе, колькі зробіцца, не забываючы ніколі на гэтую сваю рупасць.

А рупіць яму ці мала... І перад усім: «трывога, што пануе ў свеце». Пісьменнік бачыў: набывае моцы фашызм, на межах краіны, асабліва на Далёкім Усходзе,— правакацыі: можа раздзьмуцца ваенны пажар. А пачніся новае пабоіска, колькі гэта будзе каштаваць людзям? І, напэўна, няхутка скасуецца мяжа ў яго родным краі, няхутка прылучацца да роднай сям’і адрэзаныя кардонамі прасторы Заходняй Беларусі, або словамі ліста, ці «адчыніцца простая дарога да Вільні»?

Радзіма дбае, каб нічога благога не здарылася, рыхтуецца, яна павінна быць гатова да нечаканасцей. І гэта бачыць Гарэцкі: «Па абедзе на пляцу — вайсковыя практыкаванні (як відаць, авіяхімаўскія вучэнні, наладжаныя ў процівагу велікодным царкоўным цырымоніям.— М. Л.). Ну, самая праўдзівая вайна: грукат, страляніна, агонь, дым, газы, выбухі. Лявон [Лявон Задума — герой з твора «На імперыялістычнай вайне», дакладней — асоба, ад якое гаворыць аўтар ці «псеўданім» яго] ніколі нічога падобнага на практычных занятках не спадзяваўся ўбачыць і стаяў доўга, успамінаў свой 1914 год. Сёння ён шыў, варыў бульбу, сушыў сухары»... (З ліста жонцы. 2. V 1932 г.)

Пэўна ж, поруч з усведамленнем моцы нашай абароны ўзнікалі і трывожныя думкі: калі так сур’ёзна абстаўляюцца вучэнні, дык чаго можна чакаць у сапраўднасці? І той жа «свой 1914 год» быў крывавы і страшны...

Не магло не рупіць яшчэ і тое, што тутэйшая царква «бітма пабіта». Ён жа, як і Задума ягоны, веру страціў, дый у беларускай вёсцы, асабліва ў яе казцы і прымаўцы, на бога і ягоных служак глядзяць паблажліва, а то і зусім іранічна. І Колас, «аўтар той повесці пра Ядвісю», не мог памыліцца, малюючы сваіх палешукоў не асаблівымі ахвотнікамі хадзіць у царкву. А тут — вялікі горад, і вось табе маеш: «ува ўсіх свечачкі ў руках».

Што гэта значыць? Думкі зноў варочаюцца да трывогі ў свеце. Пад абарону найвышэйшай сілы звычайна хінуцца ў цяжкія часы: у прадчуванні вайны або ў вайну. А так жа і тут не павінна быць асаблівай пашаноты да бога. «Гром не ўдарыць, салдат не перахрысціцца» — не пра адно нядбайства гаворыць гэтая руская прымаўка.

Так-то яно так, але супраць убачанага на свае вочы не запярэчыш — значыць, не выходзіць з чалавечых мазгоў ачмурэнне. Значыць, трэба прыкладаць і да гэтай справы рукі, можа, улічыць пры сваім пісанні.

І зноў адна немалая рупасць. За клопатам пра ўзгадаванне сваіх малых у лістах Гарэцкага чуецца клопат невымерна большы — дзеці ўсяе краіны. І ён гаворыць пра нормы паводзін дзіцяці, пра падручнікі. А шырэйшая навука ў тым, як пераконвае нашчадкаў слухаць маму, дзякуе ім, што дапамагаюць маме, просіць, каб не забываліся пісаць бацьку.

Але, як просіць! «Як думаеш і гаворыш, так і пішы, і будзе добра. Але не прымушай сябе, а як захочаш — напішы».

Вось якава яна, далікатнасць,— трагічная! — на мяжы з поўным самавыраканнем. Бацька баіцца хоць на момант навязаць сябе, нібыта раіць нават: можа, ты забываеш мяне, дык выбачай за напамін, рабі сабе, як хочацца...

Навучанне далікатнасці, калі гэтае слова пасуе, каб вызначыць усю душэўную тонкасць, глыбіню і самаахвярнасць бацькі-настаўніка, ідзе далей. Бацька просіць сына, малога зусім хлапчука, у гадавіну нараджэння сястрычкі: «Будзь з ёю ўвесь дзень асабліва ласкавы, і ў гэты дзень сыграй ёй што-небудзь на гармоніку»...

Аднак і тут ёсць перадумова, чуллівая, нават страшнаватая: іграць можна толькі «...калі нікому не будзеш перашкаджаць». Значыць, перацярпі, устрымайся ад таго, што жадаецца, вырачыся ад поцягу падурэць, расцягнуць мяхі гармоніка на ўсю сваю дзіцячую моц і патрэбу.

Мала хто, відаць, утрымаецца, каб не ўцерці вочы ад такое далікатнасці. Але ж мы ведаем праз самога Гарэцкага: страшныя песні бываюць у музыкі.

Можа, акцэнтыроўка на падрабязнасцях — цяжкая для сябе і не патрэбная для іншых работа: тлумачыш, пабіваешся ад стараннасці, а яно і так усім зразумела. Але як іначай, знайшоўшы нешта дарагое, зробіш яго дарагім і чалавеку поплеч? Пакажы, тады яно стане двойчы і тройчы даражэйшым, на колькі вачэй ні трапіць, настолькі і падаражэе.

Таму спыніцеся яшчэ на адной акалічнасці. Пакладзіце поруч лісты: да жонкі, да дзяцей і да бацькі. Як адрозніваюцца яны адзін ад аднаго. Асабліва да бацькі: інтанацыя павагі да чалавека, які даў жыццё, мяжуе з сур’ёзнасцю размовы адукаванай асобы, каму давялося больш зазнаць і ўведаць, з парадай наладжваць калгасныя справы — «жыць з усімі дружна і ласкава, каб калгас добра развіваўся», «галоўнае — згода і агульны інтарэс, а не свой індывідуальны». І пазнавальны момант ёсць у лісце (апісанне горада) і агітацыйна-прапагандысцкі («У Вятцы многа фабрык і заводаў, кругом — калгасы»), дый выкладаецца ўсё проста, даступна для разумення адрасата.

Гэта ліст-твор, разлічаны на аднаго чытача, не на чые-небудзь староннія вочы, і тут выказалася прыроджаная здольнасць мастака гаварыць з кожным чалавекам як з раўнёю, не прыніжаючыся і не падладжваючыся, а сваёю заўсёднаю мовай.

Гэта якасць найлепшым чынам і выявілася ў прозе Гарэцкага, стаўшы яе неад’емнай і адменнай вартасцю.

У паперах Максіма Гарэцкага застаўся запіс, што рукапіс «Віленскіх камунараў» быў адасланы ў Мінск, у выдавецтва ў жніўні 1934 года. Відаць, гэта і ёсць той самы твор, аб страце якога шкадаваў Якуб Колас у сваім выказванні, што ўспаміналася раней. Застаецца парадавацца — раман не згубіўся, не быў знішчаны ў ваенным пажары, не трапіў на благое вока, перахаваўся ад злое рукі.

«Віленскія камунары» — суровая, можна сказаць, летапісная праўда пра тое, як беларускі і літоўскі народ змагаліся за Кастрычнік. І ў той жа час гэта не нарыс і не хроніка, хоць аўтар праз сціпласць і для надання большае верагоднасці сваёй рабоце стаўляе пад загалоўкам і такія азначэнні. Гэта самы сапраўдны мастацкі твор, які прыкоўвае да сябе ад першых жа бядот героевага дзядулі да драматычнага эпізоду расправы з членамі і абаронцамі Віленскага савета і нават да заключэння, дзе — праўда, крыху паспешліва — даецца завяршэнне ўсіх хваляваўшых нас чалавечых лёсаў. Проста не верыцца, што могуць існаваць творы, пабудаваныя толькі з аднае чыстай праўды: падзеі адбываюцца ў тыя ж дні і гадзіны, як было ў сапраўднасці, а героі дзейнічаюць пад сваімі імёнамі без прыдуманых прозвішчаў, за якімі можна ўгадваць далёкія правобразы.

Аўтар смела мог бы сярод шматлікіх эпіграфаў да раздзелаў кнігі паставіць і словы Чарнышэўскага: «Я пішу не дзеля здабыцця сабе мастацкае рэпутацыі, а як гэта было ў сапраўднасці».

У праўдзівасці апісанага Гарэцкім пераконвае неацэнны дакумент, які выйшаў з-пад пяра героя кнігі, старэйшага літоўскага камуніста, старшыні Віленскага савета 3. Алекса-Ангарэціса, які выступаў тады пад прозвішчам Антановіч. Невядома, ці траплялася Гарэцкаму названая яшчэ ў пачатку брашура, але з ёю супадае гістарычная канва старонак, што расказваюць пра Віленскі савет.

Так, сапраўды, у канцы 1918 года на скрыжаванні нямецкай і польскай акупацыі ў неверагодна цяжкіх умовах арганізаваўся ў Вільнюсе Савет рабочых дэпутатаў. Так бальшавікі змагаліся за свой уплыў у масах, выкрываючы згодніцтва і здрадніцтва бундаўцаў, эсэраў, «сацыял-патрыётаў», хрысціянскіх дэмакратаў, літоўскай тарыбы. Так рабіла першыя крокі Савецкая ўлада, падмацаваная магутнай рабочай забастоўкай, так, нарэшце, былі разгромлены абаронцы новай улады, калі ў горад варваліся белапалякі, як сведчыць З. Ангарэціс, «на чатыры дні і дзве гадзіны».

Дакладнасць апісання Максімам Гарэцкім гераічных і трагічных падзеій рэвалюцыі пацвярджае і А. І. Якшэвіч, літоўскі камуніст, сведка і ўдзельнік барацьбы за Савецкую ўладу ў тыя часы, ён дае высокую ацэнку раману ў сваім лісце ў рэдакцыю часопіса «Полымя». А відавочцы чытаюць творы, перш за ўсё шукаючы ў іх вядомай, бачанай праўды.

У тым жа лісце адзначаюцца і недакладнасці. Напрыклад, наконт сказа ў рамане: «У верасні з’ехалася першая агульналітоўская камуністычная канферэнцыя» робіцца заўвага: «Відаць, аўтар мае на ўвазе І з’езд Кампартыі Літвы і Беларусі, які адбываўся не ў верасні, а —3 кастрычніка 1918 г.». Гэта ж сцвярджае і БСЭ (т. 8, стар. 70). З. Ангарэціс таксама зазначае, што Прэзідыум Віленскага савета ўжо ў снежні 1918 года дзейнічаў па дырэктывах ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі.

Тым часам, у 25 томе БСЭ (стар. 257) гаворыцца, што 1—3 кастрычніка 1918 года працаваў першы нелегальны з’езд Кампартыі Літвы. Пазнейшыя крыніцы называюць датай аб’яднаўчага з’езда Кампартыі Беларусі і Літвы 4—6 сакавіка 1919 года.

Хутчэй за ўсё Гарэцкі называе канферэнцыяй нараду прадстаўнікоў с.-д. арганізацыі Літвы і Заходняй Беларусі ў жніўні 1918 года. Была б большая бяда, каб аўтар адхіліўся ад правільнага разумення падзей. А іменна ў гэтым разуменні ён увесь час трымаецца на належнай для сучасніка вышыні.

Максім Гарэцкі не быў відавочцам узнікнення і барацьбы Віленскага савета. У Вільню ён пераехаў, як ужо ўспаміналася, на пачатку 1919 года разам з рэдакцыяй «Звезды», дзе працаваў загадчыкам аддзела. Факт немалаважны для біяграфіі пісьменніка. «Гісторыя «Звезды»,— пісаў А. Мяснікоў,— гэта гісторыя нашай партыі ў Заходняй вобласці і на Заходнім фронце» 6.

Чуццё супрацоўніка бальшавіцкай газеты, які прыйшоў у горад па гарачых слядах трагедыі, не пакідала Максіма Гарэцкага ні пры зборы, ні пры апрацоўцы матэрыялу.

Можна дашукацца і недакладнасцей у часе і ў апісанні падзей, але нельга не сцвярджаць, што Гарэцкі ўбачыў галоўнае — волю народа да перамогі ў барацьбе за сацыялістычную рэвалюцыю. У гэтым дзейсная, нязгасная сіла рамана.

Віленскія камунары — рабочыя, камуністы, падпольшчыкі, людзі розных нацыянальнасцей — рускія, літоўцы, яўрэі, палякі і, галоўным чынам, беларусы. Яны не проста праходзяць перад вачыма, а пакутуюць і радуюцца, кахаюць і шукаюць, змагаюцца і паміраюць. І кожны з герояў нясе ў сабе калі не характар, дык жывыя рысы яго, не апісваецца, а выяўляецца ва ўчынках, у дзеянні.

Мацей, галоўная дзеючая асоба рамана, мае зусім неважнецкае прозвішча — Мышка. А адкуль узяць імя больш гучнае, калі ягоны род са спрадвечных часаў быў загнаны і забіты! Мацей жа — нашчадак прыгонных пана Хвастуноўскага (прозвішча, відавочна, ад дзеяслова — хвастаць). Бунтарства перайшло да Мацея ў спадчыну. Ягоны прадзед, «грубіян», на злосць пану засіліўся на асіне — не здолеў, не знайшоў спосабу ўзбунтавацца іначай. Дзед — стыхійны бунтар, суровы чалавек, аднойчы толькі давялося пачуць Мацею, як ён засмяяўся. Дзед апынуўся ў Сібіры, туды ж трапіў бацька, удзельнік падпольнай арганізацыі ў 1905 годзе.

А Мацей — шавецкі чаляднік, рабочы на лесапільні — ужо ўзброены абаронца Савецкай улады. Нездарма вестка пра кастрычніцкі пераварот выклікала ў яго жаданне «плакаць і смяяцца». Вось яна, воля, якое так доўга чакалі продкі! Прыйшла!

Тры пакаленні — дзед, бацька, сын — розныя часы, розныя лёсы. Але па іх без намагання прасочваецца шлях народа ў рэвалюцыю. Гісторыя роду Мышак тыповая не толькі для Беларусі, пад ігам бяспраўнасці і заняволення гібелі ўсе народы, якія насялялі Расію пры самаўладстве. Тыповая і гісторыя самога Мацея.

Тут варта зазірнуць у папярэднія кнігі Гарэцкага. Шмат якія з яго твораў бяруць выток у часе прыгону.

Страшны свет паўстае перад сучаснікам, дзе... «песняры-музыкі нашага народа, у тым чорным часе болем свайго сэрца ігралі страшныя песні паняволеных прарокаў волі» («Досвіткі»). Гэта былі песні пра тое, як маці, пахаваўшы дзіцёнка, корміць грудзьмі панскіх шчанюкоў («Панская сучка»), як лупцавалі гарапнікамі мужыкоў за тое, што хавалі беглых, як ашуквалі іх служыцелі царквы («Прысяга»), як гібеў і знябываўся ад паднявольнае працы працавіты, разумны і добры просты чалавек. Ён яшчэ не ўмеў змагацца і схіляў галаву або сунуў яе ў пятлю.

Нават героі, узятыя Гарэцкім з больш позняга часу, як быццам спыняліся на паўдарозе, не знаходзілі выйсця ў барацьбу супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Не таму, што так хацелася аўтару, проста тыя героі яшчэ не мелі належнай спеласці і сталасці. З аднаго боку, над імі вісеў нядаўна пазбыты прыгон, дый у вёсцы было яшчэ голадна, холадна, цёмна, чорна. Так цёмна, што бацька гаварыў з пагардай, паказваў як на найвышэйшую ступень раздуранасці і разбэшчанасці сына: «Рукі мые па самыя локці» («Сасна»). З другога боку, героі Гарэцкага ўжо так ці іначай вырываліся з гэтага асяроддзя, хоць многа ў чым, паводле прыказкі, «ад зямлі адарваліся, а неба не дасталі». Але яны думалі, і разам з імі разважаў пісьменнік. Вось абваліўся прыгон, мінула пара, калі паны засякалі да смерці розгамі, ездзілі на людзях верхам, гвалцілі, няволілі, калечылі душу і цела чалавечае. Гэтага забыць нельга. Але ўнукі, праўнукі засечаных, заезджаных, паняволеных ішлі ў навуку, рабіліся інтэлігентамі, пісалі і гаварылі на роднай мове, абуджалі народ, пачыналі фармаванне нацыі.

Гэты працэс і займаў уяўленне Гарэцкага на пачатку літаратурнай работы, успрымаўся ім як доўгачаканае дзіва, а не як заканамернасць.

Маладыя людзі, героі яго аповесцей і апавяданняў, мучыліся ад так званых праклятых пытанняў, як і ўсе іх аднагодкі, літаратурныя папярэднікі, маладыя людзі ўсяго свету. Яны хацелі, па ўзору гётаўскіх герояў, пазнаць: «адкуля ўсё і што яно?» («Роднае карэнне»). Яны былі схільны мудрагеліста паразважаць, часам паторгаць спакусны кручок самагубства: «быць ці не быць!» Канчатковых мэт, ідэалаў свабоды не толькі для сябе, а для ўсіх, для народа гэтыя асобы, з нахілам да думання больш менш крытычнага, яшчэ не бачылі і не ўсведамлялі. Таму мы і сказалі вышэй: спыняліся на паўдарозе.

Нават менш як на паўдарозе. У Хомкі, вартага спагады і чуласці падлетка з «Ціхай плыні», былі вялікія засмучэнні і непрыкметныя радасці. За сваё кароткае жыццё ён паспеў адчуць, якое паніжэнне і здзек выпадае на долю беднага чалавека. Бацьку, калі на яго ўпала падазрэнне ў крадзяжы, абшукваюць груба, зняважліва, толькі таму, што ён бедны. Самому Хомку на вясёлым кірмашы няма весялосці, няма ласкавага слова — ён кепска апрануты, усім відно — беднякоў сын. З тае ж прычыны Хомка трапляе ў армію «раней на два наборы» і гіне ў першым жа баі, не дазнаўшыся, якім павінна быць сапраўднае жыццё.

Дый Лявон Задума ў нечым падобны да Хомкі, хоць ён мае асвету і таму ваюе вольнапісаным, а не радавым. Вядома, Лявон стаіць на колькі ступеней вышэй. Хомка нават не ведае, з якога ён роду-племені, хоча сказаць, што «магілёўскі», ды не адважваецца і гіне, не паспеўшы як належыць спалохацца вайны і скону. Лявон — увесь у развагах пра жыццё і смерць, навакольны бруд, мукі, ашуканства. Ён баіцца смерці, але ў першую чаргу таму, што перарвецца ягонае запісванне і не скажа ўсяго наканаванага яму, да чаго мае неадольную схільнасць і ўважае за адзіна вартасную мэту. Герою такім чынам перададзены асноўны накірунак жыцця аўтара, што, вядома, набліжае запіскі «На імперыялістычнай вайне» да прозы, якая зараз прыняла імя дакументальнай.

Нам невядома, як рушыў бы і дзейнічаў далей Лявон Задума, з лістоў Гарэцкага відаць, што было намяркована герою месца ў «Камароўскай хроніцы». Значыць, невядома, ці не застаўся б і ён на паўдарозе.

Мацей Мышка прайшоў шлях цалкам. Мала асветы выпала на яго долю, затое здабыў ён хараство і шырыню душы, засвоіў навуку барацьбы і прыдбаў пачуццё рабочай салідарнасці, якое вядзе яго са зброяй у руках адстойваць правы рабочага чалавека, сваю савецкую ўладу.

Магчыма, Гарэцкі сёння перагледзеў бы некаторыя старонкі свайго рамана. Пакінуў бы радзей смакаванне ежы, убачыў бы, што эпізоды лоўлі гракоў і пацукоў вымагаюць ад чытача нервовай сістэмы павышанай трываласці. Паставіў бы больш надзейную мяжу паміж дзейнасцю буржуазных нацыяналістаў і выяўленнем нацыянальнага пачуцця хлопцаў і дзяўчат, якія збіраліся на вечарыны паспяваць родныя з маленства песні, схадзіць у мілыя душы танцы. Магчыма, не ўсюды ўсцярогся аўтар ад шаржу пры абмалёўцы варожага лагеру, хоць, наогул кажучы, вобразам ворагаў рэвалюцыі не адмовіш у пераканальнасці.

Кампазіцыя рамана, з выгляду хранікальная, у сапраўднасці — драматургічная, абумоўлена развіццём характараў і нарастаннем падзей. Апавяданне, што вядзецца ад галоўнага героя, успрымаецца не як расказванне, а як гаворка, да якое далучаецца і чытач. Аўтар не дазваляе сабе павышаць голас нават у мясцінах асабліва драматычных.

Гэта размоўная інтанацыя вельмі своеасаблівая, здаецца, што падчас чытання недзе далёка гучыць музыка. Нескладаная, адна-дзве фразы. Такая ж музычная, на наш погляд, і «Ціхая плынь». Успамяніце першае знаёмства з Хомкам і цудоўнае аўтарскае адступленне пра песню.

Прыгледзьцеся да гушчыні фарбаў і пачуйце іх смутную музыку ў гэтай карціне:

«Пакутна ападае ручка, брудненькая і худзенькая, на якой толькі трошку-трошку цьмяна-жоўтай дзіцячай пухласці... Адылі сціскаецца ў кулачок, падносіцца да воч — і зноў бясконцае, роўнае, ужо аплаканае за доўгі дзень, галосіць гора:

— Гу-гу-гу... Ма-ма!

...Гэта ўжо не плач — гэта песня роспачы.

І наўчаюцца той песні ў забытым краі яшчэ пад сэрцам матак... Яе шумяць тут панскія дубровы, гудзяць пяскі ў мужыцкім полі, жабы кумкаюць вясну і лета ў выгарах-балотах. Яе тут шэпчуць гнілыя стрэхі вясковых хат, скуголяць свінні ўзімку ў дзіравым хляве, рыкаюць вясною галодныя каровы. Яе крычыць тут кожны бацька, калі цягнецца з карчмы дахаты па каляінах ніколі непаладжанай дарогі, сярод абы-як, абы-толькі, абы з рук уробленых палёў...

І гэтую песню бацькоў сваіх выплаквае тут перад вамі герой наш Хомка».

Чытаеш, і прыходзіць амаль фізічнае адчуванне болю і безвыходнасці. Так поўна і горка малюецца бедная вёска, няшчаснае дзіцянё, так бездакорна служыць мастаку слова і слухаецца яго, перадаючы ўсё, як яно бачыцца, уяўляецца.

Наогул жа спадчына Максіма Гарэцкага пашырае магчымасці нашай мовы лексічна і, галоўнае, у будове сказа. Услухайцеся ў гэтыя цудоўныя словы: нямыцька, подзіў, акенныя асады, ухарашэнне! І ў сакаўныя, быццам толькі з вуснаў выхапленыя звароты: мала не досмерці, маючы на ўспаміне, начытаная ў святых кнігах, на імя Васіль.

Максім Гарэцкі выключны стыліст, тонкі знаўца народнай і адзін з творцаў нашай літаратурнай мовы. Апошні раман яго яшчэ больш умацоўвае і памнажае гэтыя якасці, вартасці, набыткі пісьменніка.

«Віленскія камунары» — твор, як прынята гаварыць, пасмертны, галоўны, але не ім завершваецца творчы шлях пісьменніка. Ёсць яшчэ «Камароўская хроніка», гэта рэч, праўда, недакончаная, патрабуе асобнага даследавання.

Трэба думаць, што на двух названых творах тэма прыгону для Гарэцкага вычэрпвалася. Змрочны перыяд гісторыі народа адбіты, замацаваны ў мастацкіх вобразах. Чалавек стаў гаспадаром свайго лёсу, перад ім адкрыта пуцявіна ў будучыню.

Са з’яўленнем «Віленскіх камунараў» абсягі беларускай прозы значна пашырыліся — вось яно, доўгачаканае, вялікае і шырокае гістарычнае палатно. Стрыманасць, нават суровасць рэалістычнага паказу — аўтар не грашыў на стылёвыя аздобы — адрозніваюць, вылучаюць, калі хочаце, падымаюць твор. Хай сабе дзе-якія старонкі здадуцца напачатку сухаватымі, такое ўражанне хутка мінецца, стане ясна, што гэта — стыль, манера пісання, дакладна выбраная для перадачы задуманага, убачанага духоўным зрокам. Усюды адчуваецца ўнутраная ўсхваляванасць аўтара, і яна міжволі перадаецца нам.

Мы ўдыхаем паветра эпохі, уваходзім у атмасферу рэвалюцыйных баёў і як быццам жывём з тымі людзьмі, прымаючы на сябе іх турботы, удзельнічаючы ў іхніх поспехах. Кола вядомых і блізкіх нам герояў тае грознай пары вырастае, і да яго прылучаюцца віленскія камунары — людзі працы, рабочыя, камуністы, якія сціпла чыняць свой рэвалюцыйны подзвіг.

У час першай публікацыі рамана споўнілася 70 год з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. Думаецца, што гэта дата новага нараджэння пісьменніка для літаратуры, для народа.

Студзень 1963,

красавік 1966

*

Пытаюцца, чаму не пішу ўспамінаў пра Максіма Гарэцкага. Вельмі хацелася б, але на гэта трэба мець права. Я павек удзячны яму, добрай душы чалавеку. Ён ніводнага разу не прайшоў паўз мяне, хлапчука, па вуліцы ці абы-дзе сустрэўшыся. Абавязкова спыніцца хоць на хвілінку: распытацца, пагаварыць, закінуць думку пра новы твор.

Так дасюль і гляджу на яго, як хлапчук на настаўніка. Але не гэты дзіцячы піятэт, а канечная патрэба змушала брацца за пяро, каб сказаць аб ім колькі слоў. Максім Гарэцкі для людзей майго пакалення — першаадкрывальнік творчых каштоўнасцей нацыі. І Купала з Коласам, відаць, не загучалі б так шырока і поўна, а галоўнае — хутка, не пачуйся спакойны і роўны голас, з-пад якога вырывалася радасць і захапленне: глядзіце, слухайце, шануйце, людзі! Вось яно, тое запаветнае, з чым выходзіць у свет беларус, і яму не сорамна ад свае дзялянкі ў гэтым свеце.

1973

1 Не так і шмат мінула часу ад напісання гэтага арты­кула і друкаваныя не цалкам, праўда, а часопіснага ва­рыянта ў выглядзе прадмовы да «Віленскіх камунараў» («Лёс пісьменніка і твора». «Полымя», 1963, № 3), да рус­кага («Виленские коммунары». Москва, 1966) і да літоўскага (Vilniaus komunarai. Vilnius, 1965) перакладаў. А выданне і вывучэнне спадчыны — гэтае слова не надта пасуе да жы­вой і сёння і надоўга пазней творчасці Гарэцкага — намнога і сур’ёзна зрушылася. Двухтомнік празаічных і драматыч­ных твораў пісьменніка (Мінск, 1973) дбала складзены і адрэдагаваны і, няўпрыклад шматтомным зборам, грунтоўна арыентуе чытача каментарыем і прадмоваю Д. Бугаёва, пяру гэтага ж аўтара належыць і манаграфічная работа пра М. Гарэцкага.

2 Дарэчы, «нарысаваць у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народу»... меўся і К. Чорны (гл.: «Вачыма часу». Мн., 1964, стар. 113—152, а таксама ў гэтай кнізе артыкул «Кузьма Чорны»).

3 Пра тое, як задумвалася і фармавалася «Камароўская хроніка» і чым павінен быў стаць гэты твор у літаратуры, расказана ў артыкуле Алеся Адамовіча «...Браму скарбаў сваіх адчыняю» («Полымя», 1975, №№ 8—Н). Там выкарыстаны цікавыя ўспаміны дачкі пісьменніка і наогул зроблена пэўная спроба зразумець і ацаніць, што гэта за з’ява — Максім Гарэцкі.

4 Тэксты лістоў у свой час былі прысланы аўтару артыкула Г. М. Гарэцкай — дзякуй ёй! Прыводзіліся ў часопісе «Полымя» (1963, № 3), у кнізе «Максим Горецкий. «Виленские коммунары» (Москва, 1966) і ў перакладзе тво­ра на літоўскую мову (Вильнюс, 1965).

5 Прафесійным, ад fach (польск.) — прафесія.

6 Октябрьские дни и их подготовка в Западной области. Мінск, 1919, стар. 5.


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан