epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Малады месяц

Хоць мы былі не альпіністы,

А, ўзяўшы лёгкія кійкі,

Пайшлі па сцежках камяністых

Да гор аснежных напрасткі.

 

Не прыкмячалі, ці высока

Яны хрыбты свае нясуць,

Пакуль не ўздумалі аблокі

Чапляцца за тваю касу.

 

Я адчапіў адно і кінуў,

Яно знікала пакрысе,

І ў тую ж самую хвіліну

З хмарыны выпаў тонкі серп.

 

Мы ўспомнілі, што гэта месяц,

Які сярпом калісьці быў;

Яго зрабіў каваль з Палесся,

А назубіць — не назубіў.

 

Цвярды!

Шпурнуў ён серп, і жонцы

Умомант адкаваў другі,

А той паплыў сабе за сонцам

Чарціць кругі...

 

Не як багі,

За іх вышэй хацелі людзі

быць і ў казцы прыманіць,

Не знаючы, што гэтак будзе,

Што ў каркаломнай вышыні,

Над мітуснёй і куламесай

Хваткіх ваўкоў, дурных авец,

Заззяе маладзенькі месяц,

Мой чалавечы пасланец.

 

28.VI. 1958