epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Мараўская песня

Барабан, дзве скрыпкі і цымбалы,

Невялік аркестр, а выгляд сталы.

 

Капялюх у кожнага ва ўзорах,

Звонкія падкоўкі на падборах,

 

Паясы раменныя на стане,

Ручнікі вісяць паўзверх убрання.

 

Трохі дзіўна: дзецюкі з вусамі,

А чамусь прыкрыты хвартухамі.

 

Запявала скінуў шапку з кантам:

— Хлопцы, дайма чосу музыкантам! —

 

Спевакі становяцца насупраць,

Дружбакам глядзяць у вочы рупна:

 

«Ты чаму, цымбаліст, сакалочку шэранькі,

Выцінаеш, нібы не вячэраўшы?»

 

Адказалі працяжна смыкі і цымбалы,

Што яды і пітва ім уволю хапала.

 

«Дык чаго ж вы марудзіце, рук не вярэдзіце,

Заіграйце на доле седзячы!»

 

Музыканты сядаюць і смутна іграюць,

А ў паветры лунае прыпеўка другая:

 

«Гэй, не так, дарагія! Вы цягнеце кволенька,

Заіграйце, стаўшы на коленкі».

 

На калені тады музыканты пасталі

І тужлівей, маркотней яшчэ заігралі.

 

«Плакаць хочацца, слухаўшы вас, галубочкі,

Заіграйце нам лепей моўчкі!»

 

Ні струны, ні смыка не кранаюцца рукі,

А, здаецца, спяваюць музыкавы рухі.

 

Запявала адзін нездаволены толькі:

«Ці не час перайсці да мараўскае «полькі»?

 

Каб усё загуло, дык вы, часу не трацячы,

Заіграйце, музыканты, скачучы».

 

Цымбаліст і скрыпач прыпусціліся ў скокі,

Закружыўся між іх барабан меднабокі.

 

Вось, здаецца, «Лявоніху» грукне Палессе...

І мяне падымае мараўская песня.

 

1955


1955