epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Матчына крыло

 

 

Наша дачная суседка Гэля з вясны спазнілася пасадзіць хоць адну квактуху на рэшата. Думала — абыдзецца. Але старыя куры Жаўтуха і Скочка, а следам за імі і маладзейшая нясушка Зінка ніяк не хацелі пагадзіцца з цяжкаю доляю адзіноцтва. Яны без упынку квакталі, хадзілі вялізныя, як копы, з нашатыраным пер’ем, злыя, не беручы піць і есці.

Гэля паехала ў горад і купіла дванаццацера куранят. Яны былі зусім кволыя — камячкі пуху: добра падзьмі — і апынуцца немаведама дзе.

— Наце вам дзяцей! Вадзіцеся! — сказала Гэля і падсадзіла кожнай квактусе па дзве пары ціўкуноў.

Выгадаваныя без матчынага назірку і голасу, пад роўным святлом, у роўнай штучнай цеплыні інкубатара, кураняты баяліся вялікіх курэй і ўцякалі ад іх. Скочка з Зінкаю самі не прынялі такіх дзяцей і неўзабаве забыліся на свае сямейныя прэтэнзіі. Уся плойма перайшла да Жаўтухі, як найбольш спрактыкаванай у справах выхавання і наймацней ахопленай прагаю мацярынства.

Не сказаць каб сёлетнія піскляняты былі вельмі ўжо даспадобы Жаўтусе. Яна прыдбала іх без усялякага клопату. Не паспела нават усохнуць за тры тыдні сядзення на гняздзе, калі п’ецца і есца вобмаль, бо сыходзіць адтуль надоўга страшна, не дазваляе вялікая рупнасць. І яшчэ адно, самае галоўнае: Жаўтуха не чула таго слабога — яшчэ ў шкарлупцы — ціўкання, што з’яўляецца нібы першым зваротам да яе як да маці і сцвярджае матчыны правы і кроўныя сувязі з дзецьмі. Не дапамагала яна ім вызваляцца з цёмнай абалонкі, не вучыла ўпершыню клюнуць крошку гэтых, як быццам сваіх і нейкіх не сваіх, куранят. Ды ўсе яны былі аднолькавыя, спрэс беленькія. Ну хоць бы дзе шэрая ці чорная пярынка!

Але нічога не зробіш: дзеці ёсць дзеці, і Жаўтуха ўзялася карміць іх, выхоўваць і спадарожнічаць на ўсіх іх малечых сцежках. А бегалі кураняты за мошкамі і абзываліся адно да аднаго гэтаксама, як некалі ўласныя, выгратыя яе цяплом пад зацішкам мяккага крыла.

Адно было кепска. Малыя зусім не пільнаваліся свае прыёмнай маці. Яны рассыпаліся па двары, залазілі між штыкецін у садок, забягалі нават да лугавіны перад рэчкай. Паспрабуй пазбірай ды прывядзі іх начаваць дадому: колькі трэба нерваў і турботы! Кураняты не слухалі ні ласкавага «квох-квох!», ні запрашальнага «ко-ко-ко!», якімі куры склікаюць дзяцей на пачастунак, знайшоўшы муху ці чарвяка.

Жаўтуху засмучала таксама, што малыя не туліліся да яе з надыходам прыцемку і спалі, паўтульваўшы галоўкі, асобна, хто дзе прыпёрся.

Не карыстаўся павагай у куранят і гаспадар мясцовае курасадні, вялізны, у жоўтым бліскучым пер’і, нібы ўвесь абліты золатам, певень Даніла. Ён вадзіў свой гарэм ужо трэці год, быў надзвычай ветлівы і галантны кавалер. Даніла ніколі нічога не з’ядаў сам. Убачыўшы якую-небудзь спажыўную крупінку, ён тонкім голасам абзываўся да сваіх сябровак, прапануючы ім пакаштаваць ласунку. Чым ён жыў і якім чынам падтрымліваў свой магутны голас — а спяваў Даніла чыста і звонка,— невядома. Ён дазваляў сабе дзюбнуць пару разоў, калі Гэля насыпала многа ячменю ці варанай бульбы. Нават кавалачкі хлеба, што давалі яму дзеці, асцярожна браў з рук і зараз жа нёс курам.

Даніла не быў безудзельны да маладых насельнікаў двара. Ён спрабаваў карміць іх, вельмі стараўся і праз неасцярожнасць клюнуў чмяля.

— Ратуйце! — закрычаў на ўвесь двор Даніла.

Чмель паспеў джгнуць яго за язык. Неўзабаве язык распух, і бедны певень паўдня не мог стуліць дзюбу.

А кураняты нават не звярнулі ўвагі на такую страшэнную бяду. Яны пабеглі на выган. Жаўтуха падалася ўслед, сварачыся на даручаных ёй белых бязбацькавічаў за легкадумнасць.

Раніца была пагодная, нішто не паказвала на благое. Але раптам найшлі чорныя хмары, ускруціўся моцны вецер, задзьмуў пад рэдкія крыльцы куранятам: вось-вось падхопіць, і яны распырхнуцца па ўсім лузе.

Жаўтуха стала грудзьмі супраць ветру і выгукнула ваяўнічае «ко-о-о!». Вецер і не думаў сунімацца. Напалоханыя, па адным да квактухі пачалі збягацца кураняты. Яна патапталася на месцы і села, растапырыўшы крылы, у разгрэбеную краціную норку.

Хутка Жаўтуха ўзвышалася на паплаўцы, як купіна, у вянку белых куранячых хвастоў — усе галовы былі схаваны ў яе пад крыламі. Здалёк курыцу можна было палічыць за вялізны рамонак: жоўтая сярэдзіна і вакол белыя пялёсткі.

Тым часам дождж нават і не пакрапіў, і кураняты зноў разбегліся па лузе. Але з гэтага выпадку пачалі прызнаваць Жаўтуху за сапраўдную маці. Яны не адыходзілі далёка, а вечарам абкружалі яе колам, зашываліся, хто як мог, у пер’е і так засыналі.

Гэтак цягнулася і калі кураняты ніштавата павырасталі: у пеўнікаў паадскоквалі грабянцы, і яны сталі смешна кукарэкаць — не на поўную певунову ноту, а як дзеці, заціснуўшы шырокую травіну ў далонях.

Да самай восені ўся курыная сям’я збіралася разам: Жаўтуха пасярэдзіне, а кураняты наўкол, мерачыся хоць на якую хвіліну затуліць галаву ў родным цяпле. Як тады, упершыню знайшоўшы ўратоўчае матчына крыло ў час навальніцы.

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан