epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Мехалупы

Каля станцыі Мехалупы

Два дзядзькі прадавалі крупы,

Былі грэцкія, былі ячныя,

Людзі бралі, казалі — смачныя!

 

А сядзелі дзядзькі на возе.

Кошык, выплецены з вербалоззя,

Добрай гунькаю быў накрыты,

Канюшынаю быў набіты.

 

«Канюшына — то каню сіла»,—

Праўду прыказка гаварыла:

Пад рагатымі хамутамі,

Бляхай набэдрыкаў пазвоньваючы,

Пара коней стрыгла вушамі,

Быццам вылітая з бронзы сонечнае.

Вочы самі за іх чапляліся,

Ногі самі пры іх спыняліся.

Прыпыніўшыся, кожны стрэчны

Смехам-жартам заводзіў спрэчкі:

— Натаргуеце торбу грошай,

Накупляеце жонкам прошваў,

Азалоціцеся на грэчцы,—

З Мехалупамі вам бы стрэцца! —

 

Вось праз гэта і пачалося:

Не праз крупы, праз Мехалупы...

 

Па іржэўніку ходзіць восень,

Шчотку ножнамі падстрыгае.

У натоўпе, за клёнаў купай,

Складна казка гучыць старая.

 

...Край быў некалі пад баронам:

Гроб дабро ён з бедных загонаў,

Падмяце, бывала, засекі,

Не пакіне нават на лекі

Ды абложыць падаткам печы,

Конскі хвост і крок чалавечы.

Здзёршы грошы, за многа міляў

Іх барону дамоў вазілі

На стаенніках чорных, порсткіх

З вартай наймітаў кормных, жорсткіх.

 

Беглі хлопцы услед пагоняй,

За аброці хапалі коней,

Варту цэпам па храпах лупілі,

Торбы з золатам трыбушылі,

А ў мяхі насыпалі крупы —

Малайцы былі Мехалупы!

 

Як ні стрыг барон, усё роўна

Адрастала на хлопах воўна!

Зерня ў свірне вядзецца жменя,

Грошы бразгаюць у кішэні:

Аддавалі назад сялянам

Тыя хлопцы ўвесь скарб забраны —

Не разбойнікі, не грабежнікі,

А з вакольных вёсак начлежнікі!

 

...Каля станцыі Мехалупы

Двое чэхаў хвалілі крупы:

 

— Мы іх дзёрлі ў сваёй арцелі,

Каб вы кашу крутую елі,

За цаною стаяць не будзем,

Разбірайце, добрыя людзі!

 

25.VI.1958