epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

На кургане Віткаў

У надвячорнай цішыні,

За шмат вякоў не знаўшы зморы,

Жалезны Жыжка на кані

З кургана азірае горад.

 

Сто вежаў Прагі залатой,

Каменных дзіў яго радзімы,

Апаясаў фабрычны строй

З узвіхранай чупрынай дыму.

 

І слепата ад даўніх ран

Не мучыць волата, знікае:

Відушчым стаў з Трацнова Ян

І ў новае жыццё ступае.

 

З ягоным іменем раслі

Атрады смелых партызанаў.

Натхняў іх Готвальд на баі —

Ён спіць пад гэтым жа курганам.

 

Сабе, наступніку свайму

Куецца лёс, куецца шчасце,

А будзе трэба: ёсць каму

Дарогу перасеч напасці.

 

Я не забуду ні на міг

Абліччы рыцараў свабоды.

Вартуе там старэйшы з іх

Спакой малодшага заўсёды.

 

1955


1955