epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

На лёдзе Ірына Радніна

Як на праросце вострая травінка

Рыхтуецца лязом прабіць снягоў скарынку —

І раптам выблісне!

Не знаючы калі,

Не ведаючы, як здарылася дзіва:

Зялёная насельніца зямлі

Ледзь прарасла — і стала ўсім шчасліва.

 

Як толькі рух абудзіцца ў Ірыне,

Абвал пачуццяў стоўпіцца і рыне

За далягляд...

Пакінеш ты істоту,

Сябе самога.

Вызвалішся з сотаў

Зямнога бытавання...

І — ў паветра!

Ляціш за музыкай з ледзянага паркета.

 

Нашто цягацца мне па лёдзе ў Гетэборгах,

У Інсбруку чакаць запаленай паходні,

Я Нарач размяту сярод пагоркаў,

Каток, як шкло,— хоць кіламетраў сотню.

 

Вы ступіце — пачнуць трубіць крыніцы,

Вятры натрудзяць крылы ад авацый,

Усім пачуецца,

як чыста гімну ліцца,

Як лёгка сцягу нашаму ўзвівацца.

 

Я кланяюся Вам! Вы ў непрыветных далях

Наш гімн і сцяг над светам выклікалі.

 

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан