epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

На сцежцы Пушкіна

А за ракой — падаць рукою —

Прыкметная з усіх дарог

Алея Пушкіна,

якою

Ні разу ён прайсці не змог.

 

Па-чэшску гэта будзе — сцежка,

Такое слова ёсць і ў нас,

І я смялей пытаю ў чэшкі

З надзеяй зразумець адказ:

 

— Ці не вядомы вам Бухтэля? —

Яна гаворыць нараспеў:

— А вы б каторага хацелі?

— Таго, што майстар...

Ён умеў

Рабіць сталы і крэслы ўдала.

— Нашто ён вам? —

Я адказаў:

— Тут да вайны ў яго Купала,

Таксама майстар, пражываў.

 

— О! «Партызаны, партызаны!»

Хіба ж то майстар — то паэт...

Але няма Бухтэлі Яна,

Стары падаўся недзе ў свет.

 

А ваш паэт?

— Яго не стала

Тады, ў ваенныя часы...

— А вы хто будзеце Купалу?

— Лічыце, што малодшы сын.

 

— Дзе жыў Бухтэля? — зноў пытаю.

— Дом ці згарэў, ці сам ён збыў

І майстраваць пайшоў па краі,

А дзе рабіў, там еў і піў.

 

— Ёсць сваякі ў яго?

— Наўдачу!

Расшуквайце, Бухтэляў шмат.—

 

Пайшла.

А я Купалу бачу:

Вось ён мінуў зарэчны сад,

Такі, як сэрца колісь знала,

Высокі, малады зусім...

 

На сцежцы Пушкіна — Купала.

Ідзе...

І нам смялей за ім!

 

14.VI.1957